Конкурс вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па беларускай мове для X-XI класаў гімназій І ліцэяў



Дата канвертавання22.05.2016
Памер111.01 Kb.


РЫХТУЕМСЯ ДА АЛІМПІЯДЫ

ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ:

ЛІНГВІСТЫЧНЫ КОНКУРС
ВУЧЭБНАЯ ПРАГРАМА ФАКУЛЬТАТЫЎНЫХ ЗАНЯТКАЎ

ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

ДЛЯ X–XI КЛАСАЎ ГІМНАЗІЙ І ЛІЦЭЯЎ

(70 гадзін)


ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Факультатыўныя заняткі «Рыхтуемся да алімпіяды па беларускай мове: лінгвістычны конкурс» арыентаваны на вучняў X–XI класаў філалагічнага напрамку ліцэяў і гімназій, а таксама могуць быць выкарыстаны старшакласнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія плануюць удзельнічаць у алімпіядах па беларускай мове.

Алімпіяды па беларускай мове дазваляюць выявіць якасць падрыхтоўкі вучняў па прадмеце, іх здольнасць дакладна і выразна выказваць свае думкі ў вуснай і пісьмовай формах. Моўныя спаборніцтвы актывізуюць і паглыбляюць працэс вывучэння роднай мовы, абуджаюць цікавасць школьнікаў да заканамернасцей моўнай сістэмы, даюць магчымасць пераканацца ў багацці і непаўторнасці нашай мовы.

Мэта факультатыўных заняткаў – падрыхтоўка вучняў да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе.

Задачамі факультатыўных заняткаў з’яўляюцца:


      • паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў па ўсіх раздзелах мовазнаўства (фанетыцы, арфаэпіі, арфаграфіі, лексікалогіі, фразеалогіі, словаўтварэнні, марфалогіі, сінтаксісе, стылістыцы);

      • развіваць моўную кампетэнцыю вучняў;

      • удасканальваць уменні і навыкі выканання нестандартных заданняў;

      • развіваць аналітычныя ўменні;

      • актывізаваць лінгвістычную цікаўнасць, творчую мэтанакіраванасць, самастойнасць пры выкананні заданняў;

      • развіваць пазнавальную актыўнасць і інтэлектуальныя здольнасці вучняў.

Праграма факультатыўных заняткаў абапіраецца на вучэбную праграму па беларускай мове і ахоплівае ўвесь курс мовы, пры гэтым асаблівая ўвага засяроджваецца на больш складаных пытаннях і моўных з’явах.

Паглыбленне і назапашванне новых ведаў адбываецца падчас лекцыйных заняткаў, самастойнай вучнёўскай працы са слоўнікамі (тлумачальнымі, арфаграфічнымі, фразеалагічнымі, марфемнымі, словаўтваральнымі, этымалагічнымі), знаёмства з навукова-папулярнай лінгвістычнай літаратурай і вучэбнымі дапаможнікамі, разлічанымі на студэнтаў ВНУ. Дзякуючы гэтаму развіваюцца лінгвістычнае мысленне вучняў, аналітычныя ўменні, уменне аргументавана рабіць вывады, прыводзіць выразныя слоўныя ілюстрацыі.

Сістэматызацыя і ўдасканаленне ведаў прадугледжваюць выкананне разнастайных заданняў па ўсіх раздзелах мовазнаўства, а таксама ўсіх моўных разбораў. Такі падыход дае магчымасць замацаваць атрыманыя веды і вучыць карыстацца імі на практыцы. Пры сістэматызацыі ведаў прапануецца выкарыстоўваць рэйтынгавыя алімпіяды, што дазваляе сачыць за ўзроўнем ведаў вучняў на розных этапах падрыхтоўкі да алімпіяды.

Пры выкананні нестандартных заданняў развіваюцца творчая мэтанакіраванасць, пазнавальная актыўнасць вучняў, іх інтэлектуальныя здольнасці.

З улікам вопыту папярэдніх лінгвістычных конкурсаў, дзе часта сустракаліся заданні па падборы адпаведнікаў да рускіх слоў, фразеалагізмаў, словазлучэнняў, перакладзе рускіх тэкстаў на беларускую мову, у праграму факультатыўных заняткаў уключаны тэмы «Спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай», «Асаблівасці перакладу мнагазначных слоў», «Спецыфіка перакладу ўстойлівых спалучэнняў», «Несупадзенне формаў роду назоўнікаў у беларускай і рускай мовах», «Несупадзенне формаў ліку назоўнікаў у беларускай і рускай мовах», «Спецыфіка перакладу прыназоўнікавых словазлучэнняў з рускай мовы на беларускую». Гэта дазваляе засяродзіць увагу вучняў на адметнасцях беларускай мовы і беларускага маўлення.

Вывучэнне тэм «Нацыянальная адметнасць беларускай лексікі», «Безэквівалентная лексіка», «Адлюстраванне этнічных паняццяў (назвы святаў, народных страў, членаў сям’і, вопраткі, прадметаў побыту) у лексікалогіі і фразеалогіі» будзе садзейнічаць выяўленню самабытнасці беларускага народа, паспрыяе жаданню вучняў пазнаць таямніцы роднай мовы, дасць магчымасць паспяхова выкарыстаць набытыя веды пры выкананні алімпіядных заданняў.

У сувязі з уступленнем у сілу з 1 верасня 2010 г. Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» актуальным з’яўляецца разгляд тэм «Сучасны стан арфаграфіі», «Змены і ўдакладненні некаторых правапісных нормаў сучаснай беларускай мовы».

У рамках факультатыўных заняткаў вучням прапануецца мэтанакіравана вывучаць тыя пытанні беларускай лінгвістыкі, якія могуць спатрэбіцца для ўдзелу ў алімпіядах. Сістэматычнае выкладанне матэрыялу ў дадзеным курсе будзе садзейнічаць далейшаму паспяховаму вывучэнню беларускай мовы ў вышэйшых навучальных установах.



ЗМЕСТ ПРАГРАМЫ

  1. Уводзіны (2 г)

Азнаямленне вучняў са зместам праграмы факультатыўных заняткаў. Правядзенне дыягностыкі з мэтай выяўлення ўзроўню падрыхтаванасці і сфарміраванасці моўнай кампетэнцыі вучняў.

  1. Агульныя звесткі аб беларускай мове (5 г)

Месца беларускай мовы на лінгвістычнай карце свету. Этапы развіцця беларускай мовы. Месца і роля беларускіх мовазнаўцаў (Я.Карскі, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, М.Байкоў, С.Некрашэвіч і інш.) у развіцці беларускай мовы. Беларуская мова сярод славянскіх моў. Спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай.

  1. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка (7 г)

Класіфікацыя гукаў. Пазіцыйныя і гістарычныя чаргаванні. Фанетычныя законы беларускай мовы. Склад. Складападзел. Націск. Фанетычная транскрыпцыя. Фанетычны разбор. Асаблівасці вымаўлення гукаў і спалучэнняў гукаў. Паняцце графікі. Графічныя сродкі. Графічныя сістэмы, якія былі распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі (кірыліца, лацінка, арабскае пісьмо). Прынцыпы і асаблівасці беларускай графікі. Алфавіт.

Рэйтынгавая алімпіяда

  1. Арфаграфія (6 г)

З гісторыі беларускай арфаграфіі. Роля Б.А.Тарашкевіча ў развіцці беларускай літаратурнай мовы. Сучасны стан арфаграфіі. Змены і ўдакладненні некаторых правапісных нормаў сучаснай беларускай мовы. Прынцыпы беларускага правапісу. Напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе. Напісанні, заснаваныя на марфалагічным прынцыпе. Традыцыйныя напісанні. Дыферэнцыйныя напісанні.

  1. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія (12 г)

Аманімія і полісемія. Шляхі размежавання амонімаў і мнагазначных слоў. Асаблівасці перакладу мнагазначных слоў. Сінонімы, антонімы, паронімы. Стылістычныя фігуры, створаныя на аснове сінаніміі, антаніміі, параніміі, і іх роля ў мастацкім тэксце. Устарэлыя словы. Новыя словы беларускай мовы. Запазычаная лексіка. Фразеалагічнае багацце беларускай мовы. Спецыфіка перакладу ўстойлівых спалучэнняў. Сінанімічныя і антанімічныя фразеалагізмы. Прыказкі, прымаўкі, перыфразы, афарызмы. Нацыянальная адметнасць беларускай лексікі. Безэквівалентная лексіка. Адлюстраванне этнічных паняццяў (назвы святаў, народных страў, членаў сям’і, вопраткі, прадметаў побыту) у лексікалогіі і фразеалогіі. З гісторыі лексікаграфіі. Класіфікацыя слоўнікаў. Слоўнікавы артыкул.

Рэйтынгавая алімпіяда

  1. Стылістыка і культура маўлення (6 г)

Стылістычная афарбоўка слова. Стылістычныя пласты лексікі. Функцыянальныя стылі беларускай мовы: асноўныя прыметы, жанры, сферы выкарыстання. Літаратурныя нормы. Стылістычныя памылкі і іх прадухіленне.

  1. Марфемная будова слова. Словаўтварэнне (5 г)

Марфемы, іх характарыстыка і функцыі. Марфемны разбор. Тыпы і спосабы словаўтварэння. Слоўтваральныя мадэлі. Слоўтваральны разбор. Правапіс складаных слоў.

Рэйтынгавая алімпіяда

  1. Марфалогія (15 г)

Класіфікацыя часцін мовы. Пераходныя з’явы. Назоўнік. Род назоўнікаў. Варыянтныя формы. Несупадзенне формаў роду назоўнікаў у беларускай і рускай мовах. Лік назоўнікаў. Адзіночналікавыя і множналікавыя назоўнікі. Формы ліку і лексічнае значэнне слова. Несупадзенне формаў ліку назоўнікаў у беларускай і рускай мовах. Скланенне. Тыпы скланення. Правапіс канчаткаў назоўнікаў. Прыметнік. Поўныя і кароткія формы прыметнікаў. Ступені параўнання прыметнікаў. Формы ацэнкі і меры. Лічэбнік. Асаблівасці скланення і спалучэння з назоўнікамі. Няпэўна-колькасныя словы. Займеннік. Разрады займеннікаў. Скланенне займеннікаў. Дзеяслоў. Формы дзеяслова. Лексіка-граматычныя катэгорыі дзеясловаў. Правапіс суфіксаў і асабовых канчаткаў дзеясловаў. Дзеепрыметнік. Утварэнне і ўжыванне дзеепрыметнікаў. Асаблівасці перакладу формаў дзеепрыметнікаў з рускай мовы на беларускую. Дзеепрыслоўе. Утварэнне дзеепрыслоўяў. Правілы ўжывання дзеепрыслоўяў. Прыслоўе. Правапіс прыслоўяў і блізказначных спалучэнняў слоў. Прэдыкатыўныя прыслоўі. Службовыя часціны мовы. Асаблівасці ўжывання прыназоўнікаў у беларускай мове. Спецыфіка перакладу прыназоўнікавых словазлучэнняў з рускай мовы на беларускую. Размежаванне злучнікаў і злучальных слоў. Разрады і функцыі часціц. Ужыванне і правапіс часціц не (ня) і ні. Марфалагічны разбор часцін мовы. Выклічнікі і гукапераймальныя словы.

Рэйтынгавая алімпіяда

  1. Сінтаксіс і пунктуацыя (10 г)

Словазлучэнне. Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове. Сказ. Просты сказ. Галоўныя члены сказа. Тыпы дзейніка і выказніка. Каардынацыя дзейніка і выказніка. Даданыя члены сказа. Ускладнены сказ. Аднародныя і неаднародныя азначэнні. Адасобленыя члены сказа і знакі прыпынку пры іх. Пабочныя словы, словазлучэнні, сказы і знакі прыпынку пры іх. Устаўныя канструкцыі і знакі прыпынку пры іх. Аднасастаўныя сказы. Тыпы аднасастаўных сказаў. Непадзельныя сказы. Няпоўныя сказы. Парадак слоў у сказе. Функцыі парадку слоў. Сінтаксічны разбор простага сказа. Складаны сказ. Тыпы складаных сказаў. Віды даданых частак складаназалежнага сказа. Пунктуацыя ў складаным сказе. Сінтаксічны разбор складаных сказаў. Спосабы перадачы чужой мовы: простая мова, ускосная мова, няўласна-простая мова, цытаты. Тэкст як сінтаксічная адзінка. Тыпы тэксту. Сродкі тэкставай сувязі. Спосабы сувязі сказаў у тэксце.

Аналіз заданняў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды

  1. Падагульненне вывучанага (2 г)

Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага матэрыялу.
Прагназуемыя вынікі

У выніку засваення праграмы факультатыўных заняткаў «Рыхтуемся да алімпіяды па беларускай мове: лінгвістычны конкурс» вучні павінны



ведаць:

  • асноўныя тэрміны і паняцці ўсіх раздзелаў мовазнаўства;

  • этапы развіцця беларускай мовы, дзейнасць вядомых беларускіх лінгвістаў;

  • класіфікацыю гукаў, фанетычныя законы беларускай мовы, асаблівасці вымаўлення гукаў і спалучэнняў гукаў:

  • прынцыпы і асаблівасці беларускай графікі;

  • прынцыпы беларускага правапісу, змены і ўдакладненні некаторых правапісных нормаў сучаснай беларускай мовы;

  • шляхі размежавання амонімаў і мнагазначных слоў;

  • класіфікацыю слоўнікаў, лінгвістычныя слоўнікі і даведнікі;

  • функцыянальныя стылі беларускай мовы;

  • літаратурныя нормы;

  • спосабы словаўтварэння;

  • класіфікацыю часцін мовы, марфалагічныя прыметы пэўнай часціны мовы, сэнсавую і сінтаксічную ролю ў словазлучэнні, сказе, пераходныя з’явы ў межах часцін мовы;

  • сінтаксічныя адзінкі і іх тыпы, сродкі сувязі частак сказа, сродкі і віды сувязі сказаў у тэксце;

  • сістэму правілаў беларускай пунктуацыі, функцыі знакаў прыпынку;

умець:

    • выконваць заданні рознага ўзроўню цяжкасці, у тым ліку нестандартныя заданні;

    • выконваць усе віды моўных разбораў;

    • карыстацца слоўнікамі і даведнікамі;

    • складаць слоўнікавыя артыкулы;

    • выяўляць спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай на розных моўных узроўнях (фанетычным, арфаэпічным, лексічным, граматычным);

    • перакладаць з рускай мовы тэксты, словазлучэнні, мнагазначныя словы, устойлівыя спалучэнні, захоўваючы спецыфіку беларускіх варыянтаў;

    • вызначаць стылі, тыпы, жанры тэкстаў, асноўныя стылявыя рысы;

    • выяўляць стылістычныя памылкі і прадухіляць іх у сваім маўленні;

    • вызначаць і аналізаваць характэрныя граматычныя асаблівасці часцін мовы;

    • выкарыстоўваць тэкстаўтваральныя і вобразна-выяўленчыя сродкі марфалагічнага ўзроўню ў аўтарскіх тэкстах розных тыпаў, стыляў, жанраў;

    • захоўваць граматычныя нормы пры пабудове словазлучэнняў і сказаў;

    • размяжоўваць сказы па мэце выказвання, мадальнасці, структуры, саставе, ускладненасці;

    • вызначаць віды даданых частак і віды адносін паміж часткамі ў складаных сказах;

    • перадаваць чужую мову рознымі спосабамі;

    • ствараць уласныя тэксты розных тыпаў, стыляў, жанраў;

валодаць:

    • арфаэпічнымі, акцэнталагічнымі, арфаграфічнымі, граматычнымі, лексічнымі, стылістычнымі і пунктуацыйнымі нормамі беларускай літаратурнай мовы.


ЛІТАРАТУРА

  1. Абабурка, М.В. Культура беларускай мовы / М.В.Абабурка. – Мінск: Выш. шк., 1994.

  2. Беларуская мова: энцыклапедыя / пад рэд. А.Я.Міхневіча. – Мінск, 1994.

  3. Іўчанкаў, В.І. Беларуская арфаграфія: апавяданні і гісторыі / В.І.Іўчанкаў. – Мінск: Пач. шк., 2010, 2011.

  4. Іўчанкаў, В.І. Беларускі правапіс у апорных схемах: Паводле новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» / В.І.Іўчанкаў. – Мінск: Пачатковая школа, 2010, 2011.

  5. Кароткая граматыка беларускай мовы: у 2 ч. / навук. рэд. А.А.Лукашанец. – Мінск: Беларус. навука, 2007. – Ч. 1.

  6. Кароткая граматыка беларускай мовы: у 2 ч. / навук. рэд. А.А.Лукашанец. – Мінск: Беларус. навука, 2009. – Ч. 2.

  7. Куліковіч, У.І. Алімпіяды па беларускай мове / У.І.Куліковіч. – Мінск: Аверсэв, 2007.

  8. Лепешаў, І.Я. Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні: дапам. / І.Я.Лепешаў. – Гродна: ГрДУ, 2002.

  9. Міхневіч, А.Я. Слоўка за слоўкам: алфавітны даведнік па культуры беларускай мовы для ўсіх / А.Я.Міхневіч, Л.П.Кунцэвіч, Ю.У.Назаранка. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2006.

  10. Пішам па-беларуску: даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі / З.І.Бадзевіч [і інш.]. – Мінск: Аверсэв, 2010.

  11. Плотнікаў, Б.А. Беларуская мова: лінгвістычны кампендыум / Б.А.Плотнікаў, Л.А.Антанюк. – Мінск: Інтэрпрэссервіс. Кніжны дом, 2003.

  12. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мінск: Нац. цэнтр прававой інфарм. Рэсп. Беларусь, 2008.

  13. Сіўковіч, В.М. Беларуская мова ў пытаннях і адказах: дапам. для вучняў старэйшых класаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. і рус. мовамі навучання / В.М.Сіўковіч. – Мінск: УніверсалПрэс, 2005.

  14. Сямешка, Л.І. Курс беларускай мовы / Л.І.Сямешка, І.Р.Шкраба, З.І.Бадзевіч. – Мінск: Універсітэцкае, 1996.

  15. Сцяцко, П. Культура мовы / П.Сцяцко. – Мінск: Тэхналогія, 2002.


Слоўнікі

  1. Бардовіч, А.М. Школьны марфемны слоўнік беларускай мовы / А.М.Бардовіч. – Мінск, 2006.

  2. Бардовіч, А.М. Марфемны слоўнік беларускай мовы / А.М. Бардовіч, Л.М. Шакун. – Мінск, 1989.

  3. Бардовіч, А.М. Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы / А.М. Бардовіч, М.М. Круталевіч, А.А. Лукашанец. – Мінск, 2000.

  4. Беларускі арфаграфічны слоўнік / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад.: Л.П. Кунцэвіч, І.У. Кандраценя; пад рэд. А.А. Лукашанца. – Мінск: Беларус. навука, 2009.

  5. Беларуска-рускі слоўнік: у 2 т. – Мінск, 1988–1989.

  6. Булыка, А.М. Беларуска-рускі слоўнік для школьнікаў / А.М.Булыка. – Мінск, 1999–2004.

  7. Булыка, А.М. Руска-беларускі слоўнік для школьнікаў / А.М.Булыка. – Мінск, 2001–2003, 2005.

  8. Гаўрош, Н.В. Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы / Н.В. Гаўрош. – Мінск, 1998.

  9. Грабчыкаў, С.М. Слоўнік паронімаў беларускай мовы / С.М.Грабчыкаў. – Мінск, 1994.

  10. Капылоў І.Л. Беларуска-рускі слоўнік / І.Л.Капылоў. – Мінск, 2011.

  11. Клышка, М.К. Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў / М.К. Клышка. – Мінск, 1993.

  12. Лепешаў, І.Я. Слоўнік беларускай мовы / І.Я.Лепешаў. – Мінск, 2008.

  13. Лепешаў, І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў / І.Я. Лепешаў. – Мінск, 1993.

  14. Лепешаў, І.Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І.Я. Лепешаў, М.А. Якалцэвіч. – Мінск, 2006.

  15. Малажай, Г.М. Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы / Г.М. Малажай. – Мінск, 2007.

  16. Русско-белоруский словарь: в 3 т. – Минск, 1993.

  17. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. – Мінск: БелСЭ, 1978–1984.

  18. Уласевіч, В.І. Слоўнік новых слоў беларускай мовы / В.І. Уласевіч, Н.М. Даўгулевіч. – Мінск: ТэтраСістэмс, 2009.


Н.Я.Вайніловіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта




: wp-content -> uploads -> 2015 -> umodos -> fakult1
fakult1 -> Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
fakult1 -> Мiнiстэрства адукацыi рэспублкi беларусь фiзiчная падрыхтоўка будучага абаронцы айчыны вучэбная праграма факультатыўных заняткаў
umodos -> Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па вучэбным прадмеце «Беларуская мова»
fakult1 -> Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
fakult1 -> Геаграфія культуры беларусі
fakult1 -> Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі»
fakult1 -> Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
fakult1 -> Рыхтуемся да алімпіяды: водгук, вуснае выказванне




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка