Краязнаўца, рэдактар І выдавец газеты “Гоман Барысаўшчыны”, выкладчык філіяла бнту “Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж”



Дата канвертавання15.05.2016
Памер58.99 Kb.

М. А. Мацельскі,

краязнаўца, рэдактар і выдавец газеты “Гоман Барысаўшчыны”,

выкладчык філіяла БНТУ “Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж”

Вайна 1812 года ў народнай памяці жыхароў Барысаўшчыны


У гісторыі Барысаўшчыны было некалькі падзеяў, якія пакінулі глыбокі след у народнай памяці. Іх адгалоскі захоўваліся (і захоўваюцца) у паданнях на працягу некалькі стагоддзяў. Да іх найперш можна аднесці паходы праз край Вітаўта канца ХІV – пачатку ХV стагоддзяў, Шведскую вайну пачатку ХVІІІ стагоддзя і вайну 1812 года.

Паспрабуем прааналізаваць, якія ўспаміны пра вайну 1812 года дайшлі ў памяці тутэйшых жыхароў на Барысаўшчыне праз тыя з іх, якія запісаны ў наш час або запісаны сучаснікамі і ўпершыню абнародаваны ў апошнія гады. Прычым зробім гэта для месцаў, якія былі па-за асноўнымі тагачаснымі падзеямі (без уліку Студзёнкі, Брылёў і Барысава).

Успаміны, паданні, якія народная памяць звязвае з вайной 1812 года, з аднаго боку, ужо шмат дзе страчаны, з іншага – можна сустрэць практычна ва ўсіх частках Барысаўшчыны. Нярэдка з-за забыцця першапачатковага паходжання тэрмін “французскі” прыпісваецца да больш старажытных аб’ектаў, якія створаны чалавекам. Найбольш часта ён прыпісваецца да курганоў. У прыватнасці, французскімі называюць мясцовая жыхары курганы ля Майсееўшчыны, Новай Уцехі і ў іншых месцах. Цікава адзначыць, што курганы ля Новай Уцехі былі знішчаны амаль 60 год таму. Тым не менш пра іх памятаюць і называюць не інакш як французскімі.

У наваколлях вёскі Леванова існуе насып, які мясцовыя жыхары называюць французскім [1, с. 5]. Згодна іх меркавання – гэта шлях да падманнай пераправы праз Бярэзіну, у якую Напалеон хацеў прымусіць паверыць рускіх.

У вёсцы Мужанка ля Лошніцы людзі кажуць, што апошняя вайна з немцамі была вельмі страшнай. Але ранейшая вайна з французамі была яшчэ больш жудаснай [2, с. 6]. Тамтэйшыя старажылы са спасылкай на сваіх продкаў сцвярджаюць, што ў наваколлях вёскі ў той час былі страшэнныя баі з удзелам кавалерыі. Распавядаюць, што шмат французаў знайшлі сабе вечны спакой у былых навакольных балотах. Мясцовыя жыхары нават паходжанне назвы сваёй вёскі звязваюць са словам “мужны” ад глыбокага следу, які пакінула вайна 1812 года ў свядомасці тамтэйшых жыхароў. Хаця такое тлумачэнне паходжання назвы гэтай вёскі з’яўляецца вельмі спрэчным (вёска знаходзіцца на рацэ Мужанцы), але варта нагадаць, што яна была створана ў першыя дзесяцігоддзі другой паловы ХІХ стагоддзя, калі памяць пра вайну 1812 года была яшчэ вельмі моцная.

Памятаюць пра тыя падзеі і ў Лошніцы. Па сённяшні час жыхары паказваюць месца, дзе стаяў дом, у якім спыняўся на ноч Напалеон, распавядаюць пэўныя падрабязнасці яго прабывання.

Захаваліся ўспаміны пра Напалеона і ў Зембіне. З імі можна азнаёміцца ў кнізе Джэфа Шыфрына “To Gershn. Tales of People of Zjembin” (Да Гершына. Расповеды людзей з Зембіна), якая была выдадзена ў Йаханэсбургу (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка) у 1995 г. [3, с. 5-19, 4, с. 6-7]. Згодна іх 28 лістапада 1812 года Напалеон прыбыў у той дзень у Зембін каля поўдня на белым кані ў суправаджэнні конніцы імператарскай аховы. Яны марудна ехалі ўніз па Рачной вуліцы па дарозе на Вільню (зараз вуліца Пралетарская). Імператар увесь час нервова аглядаўся назад, адкуль пастаянна чуліся стрэлы мушкетаў. Напалеон быў апрануты ў шэрае паліто з футравай падкладкай. На ім была цёмна-чырвоная аксамітная кепка з лісіным футрам. Яго шлях праходзіў ля дома сям’і Шыфрыных. Аўром Шыфрын (яму было тады чатыры гады) у гэты час быў на руках маці. Яны з дзвярнога праёму назіралі за тым, што адбывалася. Ля іх дома Напалеон прыпыніўся, сказаў штосьці аднаму са сваіх афіцэраў і ўказаў на дом. У гэты ж час конь Імператара пачаў гучна фыркаць, што напалохала малога Аўрому, які заплакаў. Напалеон заўважыў гэта, пахмурным поглядам зірнуў на яго і сказаў яму нешта па-французску. Аўром у адказ заплакаў яшчэ больш гучна. Яго маці спалохалася і схавалася глыбей у доме. Напалеон паехаў далей.

Ва ўспамінах, якія прыведзены ў кнізе, таксама маюцца цікавыя ўспаміны пра тое, як паводзілі сабе зембінцы пры набліжэнні французскай арміі, што было пасля яе прыходу і наступствы вайны для мясцовых жыхароў. Не мог аўтар абысці ўвагай і ўспаміны, якія звязаны з так званымі скарбамі Напалеона і іх пошукамі.

Тэма скарбаў Напалеона і яго залатой карэты вельмі “папулярная” ва ўспамінах жыхароў краю. Так, мясцовыя жыхары распавядаюць пра хаванне французамі скарбаў і іх пошукі на старых могілках у Жыцькаве [5, с. 6], ля крыніцы ва ўрочышчы Ельнік ля Мужанкі [2, с. 5] і шмат дзе яшчэ. Кажуць пра тое, што карэта Напалеона закапана ў наваколлях вёскі ў Майсееўшчыне, Леванова і інш. Прычым адзін са старажылаў вёскі Леванова паведаміў (ён у свой час пра гэта даведаўся ад свайго дзеда 1850 года нараджэння) пра тое, што ў мясцовых жыхароў раней існавала трывалае меркаванне, што карэта Напалеона знаходзіцца менавіта ў тых мясцінах.

Вельмі цікавую гісторыю (нават з падрабязным згадваннем усіх імёнаў), якая звязана са скарбамі Напалеона, запісаў у Вяляцічах Дзмітрый Касценіч [6, с. 5]. Пачуў ён яе ад былога дырэктара мясцовага дзіцячага дома Дзмітрыя Чыстап’янава. Яму ж гэта распавяла жанчына (звалі яе Маша), якой на той момант было каля ста год. Яна ж даведалася пра гэта ад свайго дзеда Максім Іллюшонка, які ў сваю чаргу пачуў гэта ад свайго дзядзькі Афанса.

Сэнс гэтай гісторыі заключаецца ў наступным. Брат Афанса Апанас (іх брат Максім – бацька жанчыны Машы) у час, калі французы адступалі, займаўся тым, што нападаў з рагацінай на французаў і рабаваў іх. Але аднойчы ён пайшоў вечарам ва ўрочышча Перавоз (дзе спыніліся французы) і не вярнуўся... Сын Мікіты Максім, як і яго продкі, займаліся тым, што ганялі плыты да Кіева. Неяк гадоў праз трыццаць пасля вайны ў Кіеве (у ім тады праводзіўся кірмаш) да яго падышоў немалады чалавек і паведаміў, што Максім вельмі падобны на яго брата Мікіту з Вяляцічаў... Гэта быў Апанас.

Высветлілася, што ў тую ноч, калі ён прапаў, французы ля Перавоза закопвалі нейкае дабро. Пасля чаго яго як сведку забралі ў Францыю. З аднаго боку каб ён не змог нікому ўказаць пра скарб, з іншага – каб з яго дапамогаю потым адшукаць схаваныя багацці. Аднак у хуткім часе два французы, якія звезлі яго, паміраюць. Апанас доўгі час бадзяўся па Францыі, пакуль не стаў вінаробам у Шампані. Ён меў намер прыехаць з Кіева ў Вяляцічы, але хвароба прымусіла вярнуцца яго назад у Францыю.

Свайму пляменніку Максіму Апанас ён паведамляе пра месца, дзе закапаны скарб. Аднак Максім так і не здолеў яго адшукаць. Ні ў кога гэта не атрымалася зрабіць і ў далейшыя часы. Відавочна, што дадзены расповед грунтуецца на пэўных рэальных падзеях.

Захавалася да нашага часу цікавае і вартае ўвагі паданне пра заснаванне вёскі Святое [7, с. 6]. Згодна яму восенню 1812 года праз гэтыя мясціны прабіраліся дадому на захад пяцёра братоў – жаўнераў французскай арміі. Адзін з іх быў паранены, таму браты вымушаны былі яго несці. Гэта рабіла значна больш цяжкім і небяспечным іх шлях і амаль немагчымым пераход мяжы. Таму, каб не перашкаджаць выратавацца братам, паранены вырашыў застацца ў гэтых вельмі ціхіх, “забытых Богам” мясцінах.

Ён падлячыўся, ажаніўся, раскарчаваў лес і пачаў жыць. З сям’і былога жаўнера і распачалася вёска. Ад яго нашчадкаў пайшлі ўсе жыхары Святога. А паколькі ўсё ў яго пасля падзеяў вайны 1812 года завяршылася так добра, яго як былога салдата варожай арміі ніхто тут не адшукаў, ён пачаў лічыць гэта месца святым. Адсюль і ўтварылася назва вёскі – Святое.

На вялікі жаль, да нашага часу не захаваліся дакументы, якія б непасрэдна сведчылі пра ўмовы стварэння дадзенага пасялення. Аднак усе ўскосныя сведчанні гавораць пра тое, што гэта з’яўляецца вельмі верагодным. Тым жаўнерам, напрыклад, маглі быць салдаты польскіх падраздзяленняў або падраздзяленняў Вялікага Княства Літоўскага.

Відавочна, што шмат якія са звестак, якія захаваліся ў народнай памяці тутэйшых жыхароў і звязаны з падзеямі вайны 1812 года, вартыя ўвагі даследчыкаў тых падзеяў. Асобныя з іх змаглі б дапоўніць наша ўяўленне пра іх.

Варта адзначыць, што ў большасці выпадках мясцовыя жыхары, калі кажуць пра тое, што ў народнай памяці звязана з падзеямі вайны 1812 года выкарыстоўваюць словы “раней казалі...”, “існавала меркаванне” і т.п. Калі дадаць сюды хуткае скарачэнне тутэйшага вясковага насельніцтва і знікненне шмат якіх пасяленняў наогул, то становіцца відавочным тое, што падобныя звесткі ў значнай ступені могуць досыць хутка знікнуць. Таму іх збор і захаванне з’яўляецца актуальнай задачай для тых, хто займаецца вывучэннем таго, што адбывалася ў 1812 годзе ў краі.


Літаратура
1. Мацельскі,М. Леванова / М. Мацельскі // Гоман Барысаўшчыны. – 2004. – № 4. – С. 5.

2. Мацельскі,М. Мужанка: вёска, у якой змянілі “наваколлі” / М. Мацельскі // Гоман Барысаўшчыны. – 2009. – № 2. – С. 6-7.

3. Sifrin,G. To Gershn. Tales of People of Zjembin / G. Sifrin. – Johannesburg, 1995. – P. 303.

4. Мацельскі,М. Па старонках кнігі “To Gershn. Tales of People of Zjembin” / М. Мацельскі // Гоман Барысаўшчыны – 2005. – № 9. - С. 6-8.

5. Мацельскі,М. Жыцькава ад слова Жыць / М. Мацельскі, Г. Касінская, І. Белы // Гоман Барысаўшчыны. – 2001. – № 9. – С. 6-7.

6. Касценіч,Д. Паданне пра скарб Напалеона / Д. Касценіч // Гоман Барысаўшчыны. – 2009. – № 12. – С. 5.



7. Мацельскі,М. Святое – тутэйшая вёска незвычайнага паходжання / М. Мацельскі // Гоман Барысаўшчыны. – 2007. – № 11. – С. 6-7.
: docs
docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
docs -> “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю
docs -> Іван Штэйнер Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…
docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка