«культура» Настасся панкратава



Дата канвертавання30.06.2016
Памер32.25 Kb.
18.09.2010. «СПЕКТАКЛЬ ДЕВА И СМЕРТЬ»: «КШЫШТАФ ЗАНУСI I ЯГО CREDO»
«КУЛЬТУРА»

Настасся ПАНКРАТАВА
Шчаслівы выпадак звёў актрысу Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Таццяну Баўкалаву з мэтрам сучаснага сусветнага кінематографа Кшыштафам Занусі. Некалькі дзён супрацоўніцтва ў журы аднаго з буйных фестываляў раптам нарадзілі нечаканую прапанову: пан Кшыштаф прынёс беларускай актрысе некалькі п'ес для сумеснай работы. Тэатральны праект адразу набраў абароты, і ўжо 21 верасня на сцэне Рускага тэатра чакаецца прэм'ерны паказ спектакля "Дзева і смерць" чылійскага драматурга Арыеля Дорфмана ў пастаноўцы знакамітага польскага кінарэжысёра.

Карэспандэнты "К" заспелі творцу акурат пад час рэпетыцыі... Пан Кшыштаф крыху спазніўся, але з яго прыходам закуліснае жыццё адразу завіравала. Кіраўнік мастацка-пастановачнай часткі Наталля Грамыка дапамагала падбіраць адпаведны стол для інтэр'ера кватэры маленькай сям'і, у якой разгортваецца найвялікшая трагедыя. Манціроўшчыкі па некалькі разоў перасоўвалі бутафорскія дрэвы, імкнучыся як мага рэалістычней перадаць атмасферу далёкай краіны, а мастак па асвятленні Віктар Кудзінаў асабіста забіраўся ў ложы, пераносіў пражэктары, мяняў каляровыя фільтры – некалькі гадзін карпатлівай працы, каб надаць адной-адзінай сцэне аповеду шчымлівую нотку.

Такое скрупулёзнае стаўленне Кшыштафа Занусі да дэталей вядома прыхільнікам яго творчасці па фільмах майстра. Менавіта знарочыстая ашчаднасць у выбары колеру, беднасць фону, канцэнтрацыя на кантрастах дапамагала рэжысёру абвастрыць этычную дылему, раскрыць бездань маральнага канфлікту. Гэтую ж па-кінематаграфічнаму стрыманую сцэнаграфію мінскаму тэатру прапанавала польскі сцэнограф, легенда еўрапейскага тэатра і аднадумца пана Кшыштафа Эва Старавейска.

Але ў Мінску ўзнікла іншая праблема: камернасць дэкарацый амаль патанула на велічнай сцэне Горкаўскага тэатра. Не дзіва, што пан Кшыштаф столькі часу прысвяціў менавіта тэхнічным прагонам, шматкроць эксперыментаваў з варыянтамі асвятлення, нястомна шукаў магчымасць увасобіць ілюзію адбіткаў крон дрэў на падмостках... Усё гэта рабілася дзеля стварэння ў вялікай зале натуральнага пачуцця інтымнасці дзеі, што адбываецца.

А вось лягчэй за астатніх на апошніх перадпрэм'ерных рэпетыцыях адчувалі сябе, як ні дзіўна, акцёры. Справа ў тым, што асноўная работа з Таццянай Баўкалавай, Аляксандрам Ждановічам і Валерыем Шушкевічам праходзіла цягам жніўня... у варшаўскім доме Занусі!
- Мы такім чынам спрабавалі ўзгадаць старажытную традыцыю XVIII стагоддзя, калі тэатр быў сямейным прадпрыемствам. Мы разам жылі, рэпеціравалі, гатавалі ежу, гулялі з сабакамі і гаварылі, гаварылі, гаварылі, – прыгадвае сумесную працу з беларускімі творцамі пан Кшыштаф.

- Гэта быў незвычайны творчы вопыт,- дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Ждановіч. – У гэтым унікальным доме – асобая атмасфера: там заўсёды віруе творчая думка, пастаянна прыходзяць неардынарныя асобы, змяняюць адзін аднаго студэнты з усіх краін свету! Такое бурлівае жыццё творцы дапамагае лепей зразумець яго рэжысёрскія задумы.

Аб незвычайных рэпетыцыях з трымценнем узгадвае і Таццяна Баўкалава:

- Мы займаліся ў атрыуме. За сценамі- сонца, чутны гуллівая размова пані Занусі з хатнімі жывёламі, да нас пастаянна забягаюць з тузін гаспадарскіх сабак, а я павінна іграць самаразбуральную трагедыю! Гэта было жудаснае пераадоленне сябе, аднак у такіх незвычайных умовах нараджаецца сапраўднае ўсведамленне вастрыні болю гераіні, з якім яна павінна ісці па простым і радасным, на думку тых, хто побач, жыцці.



Дарэчы, Кшыштаф Занусі не лічыць, што рэжысёрскае "Я" павінна стаяць вышэй асобы акцёра. Як зазначыў мэтр, толькі ў акцёрскай імправізацыі нараджаецца сапраўды арыгінальны малюнак ролі, які робіць спектакль непаўторным, адзіным у свеце.

- П'есу Арыеля Дорфмана я некалі ставіў у Германіі. Працуючы з вашымі акцёрамі, бачу, як памяць іх былых ролей, нацыянальны менталітэт узнімае вядомы мне да апошняга радка тэкст на новую вышыню, – падкрэсліў польскі пастаноўшчык. – Прэм'ерны спектакль нясе ўніверсальнае пасланне: ад віны няма сыходу. Аб гэтым мы павінны нагадваць кожнаму новаму пакаленню. Галоўны акцэнт мінскай пастаноўкі- канфлікт справядлівасці і міласэрнасці. Каб атрымаць прабачэнне, трэба набрацца сілы і папрасіць яго. Вось у гэтым парадоксе крыецца ключ для разумення пастаноўкі. На мой погляд, узняць падобную тэму проста неабходна ў нашу эпоху, калі чалавек замыкаецца ў перамовах на адлегласці і патроху губляе разуменне каштоўнасці сапраўдных зносін. Мы перастаём чуць адзін аднаго і тэхніцы давяраем болей, чым таму, хто побач. Але кожны прагне спачування, любові, падтрымкі – усё гэта можа даць менавіта тэатр як жывы духоўны прадукт. І такія шматнацыянальныя праекты, як сённяшні ў вашай краіне, дапамагаюць аб'ядноўваць людзей, даюць ім магчымасць зразумець сябе і сваіх блізкіх. Шчыра скажу, што я выступаю за тое, каб тэатр у глабальным сваім разуменні быў міжнародным. Мінская прэм'ера стане яшчэ адным крокам у бок сусветнага аб'яднання тэатра.
: images -> doc
doc -> Інфармацыйна бібліяграфічны аддзел
doc -> Новае ў атэстацыі педагагічных работнікаў: Гарантыі пашыраны, нормы ўдакладнены
doc -> Аналітычная запіска pp#02/2011BY, 17 January, 2011
doc -> Шэраг пытанняў атэстацыі педагагічных работнікаў урэгуляваны
doc -> Інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел
doc -> Святлана Берасцень «Смех класіка і Дзень смеху»
doc -> Шляхціц завальня, або беларусь у фантастычных апавяданнях
doc -> Янка Купала і Якуб Колас – два шчырыя сябры, два волаты беларускай літаратуры, яе гордасць і слава. Іх вялікая дружба пачалася ў бурныя гады рэвалюцыі 1905 года, калі яны, маладыя і мужныя, упершыню выйшлі на літаратурную арэну
doc -> Памятка Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.І. Герцэна




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка