Культура сьмецьця” і “сьмецьце культуры”



Дата канвертавання11.06.2016
Памер185.32 Kb.
http://knihi.com/frahmenty/7zhbankow.htm

Максім Жбанкоў

Культура сьмецьця” і “сьмецьце культуры”

Сытуацыя канца стагодзьдзя ёсьць наўпрост сымбалічнай. Тры нулі пасьля двойкі можна чытаць як вяртаньне лічыльніка “стужкі культуры” на нулявую рыску. Культура, дубаль два. Але гульня зь лічбамі тут адно спосаб пазначыць абсалютна відавочную вычарпанасьць эўрыстычнага патэнцыялу таго, што мы ўспрымаем як культурныя вартасьці. “Усё больш паперы, усё менш рысу”, — як прамовіў Восіп Бродзкі ў іншы час і з нагоды іншай культуры.

Па-за тым, якую лінію прасоўваньня ў прасторы сучаснай культуры мы выбіраем – паблажліва-адчужанай гульні з маскультам, захопленага засваеньня маргінальных адкрыцьцяў Гурджыева ды Кастанэды альбо безнадзейна-рамантычнага пошуку “страчанай духоўнасьці”, — сама магчымасьць рушэньня-зруху-уцёкаў гаворыць аб распадзе звыклай гіерархіі культурных узораў. Пісьмо магчымае альбо калі аркуш чысты, альбо калі ягоная актуальная запоўненасьць для нас ня мае сэнсу. Прасоўваньне ў культуры — палімпсэст, пісьмо паверх напісанага іншымі.

Культурныя каноны, паміраючы, застаюцца ў прасторы культуры як хлуд, сьмецьце, trash. Нулявы ўзровень культуры — пласт адчужаных культурных прадуктаў пры адсутнасьці іх сыстэмнай арганізацыі. Жыцьцё пад аскепкамі ідэялёгіяў, жыцьцё на сьметні. Напэўна, менавіта гэта завецца крызай. Неба маўчыць. Там таксама крыза.

Мы можам суцяшаць сябе, што ўвесь сьвет хворы й цытаваць Джыма Морысана: “I woke up this morning and found myself dead...” Да нас зноў прыедуць эўрапейскія госьці й распавядуць, як трэба ратаваць духоўнасьць. Звыкла адмяжоўваючыся ад сьвету словамі, так лёгка забыць, што культурная крыза — гэта, перш за ўсё, распад устойлівых формаў самаідэнтыфікацыі ў культуры. Крыза — гэта калі мы ня ведаем, што рабіць з культурай, і не разумеем, што яна робіць з намі.

Пералік ягоных асноўных складнікаў дастаткова відавочны:

1. Руйнаваньне натуральнага цыклю культурнай дынамікі, якое выяўляецца ў разрыве ранейшых сувязяў між практычным, вартасьцёва-нарматыўным ды сьветаглядным узроўнямі культуры. Прасоўваньне новых ідэяў ад маргінальных экспэрымэнтаў да ўсталяваньня іх у якасьці культурных узораў у сфэры элітарнай культуры, і далейшага пераўтварэньня (у спрошчаным варыянце) ў канон масавай сьвядомасьці парушанае, бо галоўнай задачай “вялікай” культуры стаецца самазахаваньне.

2. Прыпыненьне працэса зьмены генэрацыяў культурнай эліты. Пашырэньне ўплываў эліты канфармістаў ды пэнсыянераў.

3. Татальная міталягізацыя культурнага асяродзьдзя. Адсутнасьць прытоку сьвежых ідэяў і арыгінальных культурных тэкстаў кампэнсуецца інтэнсыўна-гістэрычнай апалягетыкай існага парадку альбо нагэтулькі ж эмацыйнай ягонай крытыкай. Адбываецца афармленьне “анамальнае знакавае прасторы”, што творыць скрыўленую, фантомную ўяву дуальнай рэальнасьці. Рух такой культуры ёсьць пашыраным самаўзнаўленьнем канкуруючых мітаў.

4. Стыхійныя зрухі ў нізавай, “прафаннай” культуры, што паўстаюць як рэакцыя на параліч “вялікай” культуры. Спантанны пошук новых моваў культуры, новых формаў быцьця-ў-культуры.

Крыза культуры існуе, калі мы з гэтым згодныя. Праблемы паўстаюць, калі мы пераконваем сябе, што “сьмецьцевая культура” паталягічная. У гэткім выпадку інтэлектуальная праца непазьбежна набывае рысы гуманітарнай акцыі па выратаваньню згубленага раю. Але, ня ўсё так трагічна.

Паводле нашага разуменьня, тэрмін “сьмецьце культуры” альбо “сьмецьцевая культура” ня мае ў сабе нэгатыўнай ацэнкі тых альбо іншых культурных тэкстаў. Гаворка ідзе адно аб двух прынцыповых асаблівасьцях: незапатрабаванасьці масавым спажыўцом альбо выключанасьці са сфэры спажываньня, а таксама пра адсутнасьць дакладных прынцыпаў сыстэматызацыі дадзенага матэрыяла. Што, у выніку, прадугледжвае бясконцую колькасьць магчымых “сьмецьцевых” камбінацыяў. Таму тэрыторыя “сьмецьцевай культуры” ёсьць полем свабоднай гульні з аксыялягічна ачышчаным культурным матэрыялам. Можна без асаблівых высілкаў атрымаць доступ да набору “іншых” культурных стратэгіяў і жыцьцёвых практыкаў разнастайных краінаў ды эпохаў: ад першабытнага шамана да лацінаамэрыканскага партызана, ад інсургэнта Каліноўскага да лёнданскага панка. “Сьмецьце” — апрычоны набор чыстых магчымасьцяў, палітра культуратворчасьці. Гэткі архіў стварае ўмовы для ролявых культурных экспэрымэнтаў, выбудовы ўласнага культурнага асяродзь-


дзя з пазычанага матэрыялу. Гэта — стратэгія старызьніка.

Але “сьмецьцевая культура” ня ёсьць сынонімам маскульту альбо “дзяшоўкі”. “Сьмецьце” заўсёды па-за межамі грамадзкае цікавасьці, маскульт жа паводле вызначэньня ў цэнтры ўвагі “простага чалавека”. Тыражуючы пасрэдныя культурныя прадукты, сучасны рынак культуры закідвае нас хлудам, запаўняе нашае жыцьцё псэўда-істотнымі аб’ектамі. Ва ўзрослай агрэсыўнай плыні “шумоў культуры” (Ст. Лем) сьвядомасьць спажыўца пачынае працаваць у рэжыме пэйджэра, які пры атрыманьні пэўнай колькасьці паведамленьняў пачынае аўтаматычна сьціраць самыя першыя. Інтэнсыўнае засваеньне ўвесь час новых прадуктаў маскульта запускае ў дзеяньне механізмы выцясьненьня з сьвядомасьці адрасата несумеснай альбо проста састарэлай інфармацыі. Такім чынам, рост захлуджанасьці культурнага асяродзьдзя спрыяе пераходу ўсё большай колькасьці культурных прадуктаў ў стан “сьмецьця”. І тут паўстае прынцыповае адрозьненьне: хлуд ёсьць актуальнай псэўда-вартасьцю, “сьмецьце” — ужо адпрацаваны матэрыял, вынік спажывецкага цыклю. Ягоны статус маргінальны, бо сьмецьце адначасова і прысутнічае ў культуры, і знаходзіцца па-за межамі наяўнай сыстэмы вартасьцяў.

Пры гэтым зацемім, што жорсткі падзел “вартасьці — сьмецьце”, прапанаваны Барысам Гройсам ў тэксьце “Стратэгіі інавацыі”, можа быць прыняты адно для прыватнага выпадка мона-культуры аўтарытарнага тыпу. Узрослая “мазаічнасьць” глябальнай культуры постіндустрыйнага грамадзтва прадугледжвае прынцыповы плюралізм субкультурных супольнасьцяў, разнастайнасьць іхных каштоўнасных настановаў, і, як вынік, скрайнюю размытасьць і зьменлівасьць таго, што ў кожным канкрэтным выпадку можна назваць “сьмецьцем”. Таму варта ўдакладніць нашую трактоўку “культурнага сьмецьця”: “сьмецьцевы” статус ў кожнай канкрэтнай сытуацыі атрымоўваюць культурныя аб’екты з цалкам згубленай аксыялягічнай значнасьцю, незалежна ад іхнага паходжаньня, зьместу і ступені складанасьці. Аднак дэвальваваныя культурныя вартасьці не зьнікаюць, гэтаксама як пустое сэнсава прамаўленьне ня ёсьць маўчаньнем. “Сьмецьцевыя” культурныя праграмы па-ранейшаму працягваюць самаўзнаўляцца ды прысутныя ў культуры як “шумавы фон” сацыяльна значных тэкстаў. Гэта значыць, што які-колечы адрасаваны нам message прарываецца да адрасата праз плынь “сьмецьцевых” псэўда-тэкстаў. Культура працуе ў рэжыме глушыльніка, і тым больш агрэсыўна, чым больш яркі ды арыгінальны голас аўтара. Чытаньне ў гэтым выпадку прадугледжвае працу дэшыфроўшчыка і рэстаўратара, паколькі сэнс пасланьня заўсёды перакручаны шумам культуры. Яно непазьбежна “заплямлена” іншымі. У скрайнім выпадку да нас даходзіць пустая капэрта з шмат разоў перапраўленай адрэсай. Так савецкія школьнікі шасьцідзесятых пад партамі абменьваліся мутнымі фота даўгавалосых хлопцаў: “Ды што ты, гэта ж Бітлз!”. Хаця гэта цалкам маглі быць “Кінкс” альбо нават “Пінк Флойд”.

Раней мы адзначылі, што ўсялякая навацыя ў культуры ёсьць пісьмом паверж чужых тэкстаў. Гэтак сама і адваротнае: нашыя ўласныя пісьмёны ўвесь час засыпае чужым сьмецьцем. Адзіны спосаб быць пачутым: ўвесь час мяняць хвалі перадачы ды фарсіраваць гук. Жыцьцё “in trash” — гэта рок-н-рол.

Каб адчуць смак “сьмецьця”, дастаткова прачнуцца ў цягніку пад Алёну Апіну, безнадзейна пашукаць у Менскім шапіку “Newsweek” альбо польскую “Polityka”, а ў краме “На Нямізе” — дыск Джона Зорна альбо “Сьвяты вечар — 2000”. Каб адчуць “сьмецьцем” самога сябе, дастаткова пабачыць рэакцыю ў адказ. Албо проста атрымаць дзяржзаробак. Тое, што завецца “контркультура”, пачынаецца як бунт “сьмецьця” супроць “хлуду”.

Контркультурны выбух немагчыма заплянаваць. Ён нараджаецца з натуральнае хады падзеяў. І галоўны архітэктар перабудовы “сьмецьця” ў альтэрнатыву — культура афіцыйная, якая сьлепа адкідвае “непрымальныя” формы пашырэньня сваёй прасторы. Аўтарытарная культура імкнецца да ўзорнага інфармацыйнага парадку. Яе ідэал — лінейнасьць, празрыстасьць, кананічнасьць ды ўпарадкаванасьць культурнае прасторы. Асноўная функцыя – масавая вытворчасьць ідэалягічнага міту, прынцыповае адрозьненьне якога ад мітаў аткрытага грама-


дзтва ў тым, што тут ня можа быць рознагалосьсяў альбо канкурэнцыі. Тыповы прыклад — клясычная формула “адзін народ, адна партыя, адзіны райх!” У ступені набліжэньня да такога культурнага канона ўзрастае банальнасьць і поўная прадказальнасьць культурных узораў, што маніпулююць базавымі архэтыпамі “прафаннай” сьвядомасьці. Кожны індывід альбо субкультурная група, якія ня схільныя дэманстраваць лаяльнасьць рэжыму, патрапляюць пры гэтым у шэраг “недатыкальных”.

Культурная палітыка ды ідэялёгія ў гэткай сытуацыі стаюцца непарыўна зьвязанымі. Творчы экспэрымэнт аўтаматычна прачытваецца як пасягальніцтва на асновы грамадзтва альбо лятэнтная форма сабатажу, адмова ад выкананьня сацыяльнае замовы. Выцясьняючы ў “маргіналы” усіх тых, хто ня здатны сьлепа сьледаваць за Вялікім Канонам афіцыйнай культуры, кіроўчая эліта сваімі рукамі стварае разьлеглы культурны андэграўнд, — рэальную аснову контркультуры. Пры гэтым колькасьць “альтэрнатыўнага” расьце прама прапарцыйна агрэсыўнасьці й бяздарнасьці афіцыйнай культурнай палітыкі.

Шмат хто з “новых маргіналаў” стаецца “контркультуршчыкамі” не з сваёй волі. Сыстэма папросту адцінае ім усе афіцыйныя шляхі да рэалізацыі свайго права на творчасьць. Той жа самвыдат — адказ на неразваротлівасьць ды ідэалягічную зашуганасьць дзяржаўных выдавецтваў, дэградацыю ды пужлівасьць дзяржаўных СМІ. Жыцьцёвая ды творчая адысея Славаміра Адамовіча — тыповы прыклад “выгнаньня ў андэграўнд”. Улада сама (паводле дакладнай заўвагі Ахматавай) робіць біяграфію тым, у кім бачыць для сябе небясьпеку. Пры зьменах сацыяльна-палітычнай сытуацыі ў бок нармальнасьці сёньняшні самвыдат зьнікне ў агульнай плюральнай карціне культуры.

Верхам абсурду ёсьць тое, што ў нашай краіне статус маргінальнай, гнанай і перасьледаванай мае нацыянальная беларуская ідэя! Беларуская мова ў зносінах амаль што напэўна выклікае агрэсыўную рэакцыю ў навакольнага асяродзьдзя ды пільную ўвагу праваахоўных ворганаў. Ціхае пахаваньне беларускамоўнае адукацыі — факт з таго ж шэрагу.

Парадокс у тым, што аўтарытарная культура адначасова й збыт інфарматыўная (яна імкнецца запоўніць сабой ўсю даступную культурную прастору) і скрайне міталягічная, г.зн. пустая, “сьмецьцевая”. Чалавек “закрытага грамадзтва”, ейны вымушаны спажывец, скрайне далёкі ад разуменьня рэальных падзеяў і ў той жа час мае ілюзыю поўнай інфармаванасьці. Ён існуе ў прасторы калектыўнай “ідэалягічна правільнай” галюцынацыі. Паўстае анамальная знакавая прастора, паколькі сапраўды “сьмецьцевым” у гэтым выпадку ёсьць само ядро культуры, яе вядучыя прынцыпы і вартасьці. Такая “сьмецьцевая культура uber alles” абсалютна самадастатковая і скрайне абсурдная, паколькі ня ў стане прыняць сваю “прафаннасьць”, свой “сьмецьцевы” статус. Працуючы па інэрцыі, абласканыя ўладай інжынеры масавага энтузіязму працягваюць штампаваць “бедныя міты” (Ралян Барт), у шчырым перакананьні, што ствараюць безумоўныя вартасьці для ўдзячнага чалавецтва. Такім чынам, у “закрытым грамадзтве” прыналежнасьць да контркультуры — характарыстыка збольшага не зьмястоўная, а функцыянальная, што фіксуе “сьмецьцевы” статус дадзенай формы культуратворчасьці ў сыстэме актуальнай “вялікай” культуры. “Сьмецьевы” статус значыць поўнае адпрэчваньне ад усіх афіцыйных механізмаў вытворчасьці, тыражаваньня, захоўваньня і рэалізацыі культурнага прадукта. І як вынік – фармаваньне пэўнага тыпа “падпольнае” субкультурнае самасьвядомасьці ды афармленьне альтэрнатыўнай сыстэмы спажываньня культурнага прадукта (самвыдат, кватэрныя канцэрты і выставы, вулічныя пэрфомэнсы, клюбныя акцыі й г.д.). Аналізуючы досьвед найноўшай гісторыі, можна пазначыць наступныя сцэнары разгортваньня контркультурных ініцыятываў:

Трансфармацыя ў “вялікую культуру” (радыкал-бальшавізм як улада Краіны Саветаў, нацыянал-сацыялізм як ідэалёгія “усяго нямецкага народу”) — “утопія пры ўладзе”;

Трансфармацыя ў ціхую субкультуру чыста дэкаратыўна-стыльнага тыпу (хіпі — авангард контркультуры 60-х ды панкі – вулічныя тэрарысты “прыстойных” 70-х даўна ўжо нікога не пужаюць, ператварыўшыся ў звыклы элемэнт вулічнага жыцьця);

Поўнае распушчаньне ў “вялікай культуры”, якая адаптуе радыкальныя культурныя інавацыі да патрэбаў масавага спажыўца (мода на містыцызм і дзэн-будызм, шырокае распаўсю-


джваньне лёгкіх наркотыкаў, паслабленьне традыцыйнай мадэлі сям’і як вынік “сэксуальнай рэвалюцыі”, пабытовы антыкамунізм як мяккая форма дысыдэнцтва).

У кожным выпадку адбываецца своеасаблівы перадзел культурных прадуктаў, зрухі межаў прафаннага і сакральнага. Як вынік паўстае чарговы “выпраўлены” культурны канон і новыя гета для “сьмецьцевай культуры”.

Для Беларусі, дзе увесь час адбываецца выбар культурнага супрацьстаяньня замест дыялёгу, праблема інтэлектуальнага выжываньня ў “сьмецьцевай культуры” мае асаблівы сэнс. Апарат адміністратыўна-бюракратычнага кіраваньня культурай застаўся практычна тым самым ад савецкіх часоў, працягваючы працаваць ад імя ды ў інтарэсах інэртнае большасьці насельніцтва. Таму беларускі варыянт разьвіцьця конрткультуры, з аднаго боку, адбівае ўсеагульныя заканамернасьці, г.зн. паўстае на зломе культурных эпохаў як выяўленьне спантаннага пошуку новых арыентыраў, з другога — мае шэраг апрычоных асаблівасьцяў. Сярод іх мы можам пазначыць наступныя:

Гістарычна паўсталы статут Беларусі як своеасаблівага скрыжаваньня культураў, на працягу ўсяго свайго існаваньня падлеглага моцным ўплывам ці то з Захаду, ці то з Усходу. Расейска-польскія культурныя вэктары ўвесь час ствараюць сытуацыю “меньшага суседа”, які ўспрымае сябе адно з пункту гледжаньня суаднесенасьці зь вялікімі культурамі сумежных народаў. Менавіта “размытая”, недааформленая нацыянальная самасьвядомасьць ёсьць адной з аб’ектыўных перашкодаў развіцьцю контркультурных (у нашым выпадку арыгінальных беларускіх) культурных праектаў. Зь іншага боку, менавіта беларуская контркультура ёсьць на сёньня адзінай сапраўднай магчымасьцю для культурнай самаідэнтыфікацыі беларусаў.

“Перабудовачны штыль”, дзесяць год сацыяльнай прабуксоўкі ды масавай апатыі. Адсутнасьць рэальнай сацыяльнай дынамікі, якая (адсутнасьць) пераўтварыла Беларусь у заказьнік Саўка, затрымала на старце ня толькі палітычныя ды эканамічныя, але й культурныя працэсы. Сытуацыя практычна не зьмянілася ад брэжнеўскіх часоў: наверсе “гэнэралы ад культуры”, геніі кан’юнктуры ды кабінетных інтрыгаў; унізе — людзі, што ўласнай творчасьцю пасоўваюць культуру наперад, — выштурхнутыя за межы эліты. Паміж першымі ды другімі – пасыўна-канфармісцкая большасьць “дзяржслужбоўцаў” культурнага фронту, цалкам і напоўніцу залежныя ад капрызаў улады. Перабудоўчыя рамантыкі так і не сталіся новай культурнай элітай, звыкліся да жыцьця ў апазыцыі, завіснуўшы ў контркультурнай прасторы.

Адсутнасьць традыцыяў незалежных грамадзянскіх ініцыятываў, натуральных для адкрытага грамадзтва заходняга тыпу. Большасьць беларусаў жыве дасюль у звыклай залежнасьці ад дзяржавы, якой яны далі магчымасьць вырашаць усё: дзе жыць, дзе працаваць, які мець заробак і чым харчавацца. Па-ранейшаму моцная псыхалягічная інэрцыя савецкай сыстэмы, у якой галоўнай каштоўнасьцю абвяшчаліся калектывізм і “нярушымае адзінства”. Масавая сьвядомасьць інэртная і шаблонная, і застаецца ў сутнасьці глыбока правінцыйнай ды патрыярхальнай. Для яе характэрна насьцярожана-адчужанае стаўленьне да якіх-колечы нязвыклых альбо несанкцыянаваных уладай культурных акцыяў. “Контркультурнасьць” у гэткай сытуацыі мае ў сабе ад пачатку кляймо другаснасьці ды неістотнасьці. Няспынны ціск дзяржавы на прыватны бізнэс ды слабасьць трэцяга сэктару — галоўная прычына адсутнасьці рэальных магчымасьцяў як для пабудовы эфэктыўных формаў тыражаваньня і распаўсюджваньня альтэрнатыўнай культурнай прадукцыі, так і для пашырэньня кола яе спажыўцоў.

Заўсёдная прысутнасьць Ценю Вялікага Брата. Няздольнасьць і нежаданьне на афіцыйным узроўні падтрымаць вы-
творчасьць “канвэртаванага” беларускага прадукта, адсутнасьць яснай нацыянальна арыентаванай культурнай палітыкі, радаснае паглынаньне масамі другасортавай расейскай папсы на шматлікіх “Базарах” і таннага чытва, высокая СМІ залежнасьць ад расейскае інфармацыйнае прасторы, “узьнёслыя” памкненьні “назад у СССР” пад сьцягамі інтэграцыі. У нашым культурным ляндшафце пераважаюць артадаксальна-настальгічныя арыентацыі, што прапануюць ў якасьці вышэйшага ўзору культуры каманду ветэранаў Саўдэпу з “Залатога шлягеру”.

Адсюль і відавочныя вынікі: прынцыповая другаснасьць культурнага прадукта, слабасьць ды фрагмэнтаванасьць контр-культурнага асяродзьдзя, адсутнасьць у яго сродкаў рэальнага ўплыву на масавую сьвядомасьць, захопленасьць нутранымі разборкамі (барацьба за гранты ды выгодныя замежныя кантракты; бясконцыя дыскусіі “хто галоўны”; дзяльба прадстаў-


нічых паўнамоцтваў у міжнародных структурах — у апазыцыйных палітычных колах; “чырвоныя” скінхэды супроць “чорных”, панкі супроць нацы, нацы супроць хіпі – у маладзёвых тусоўках), скрайняя сьветаглядная пярэстасьць ды расплывістасьць межаў (які заўгодна самвыдатаўскі аркуш паперы ў наяўных умовах набывае “альтэрнатыўны” статус).

Пры ўсёй разнастайнасьці ды зьменлівасьці карціны беларускай контркультуры, уяўляецца магчымым выдзеліць наступныя найбольш масавыя ды заўважныя плыні:

Радыкальныя палітычныя аб’яднаньні. Сюды ўваходзяць як уласна палітычныя групы (кшталту менскае філіі РНЕ), так і групы палітычнага пэрфомансу (як вызначаў С. Адамовіч ідэю арганізацыі “Правы рэванш”), а таксама “заклапочаныя” палітыкай маладзёвыя ды сацыяльныя слаі (чырвоныя ды чорныя скінхэды, фан-тусоўка групы “Красныя зьвёзды”). Прыклад сацыяльных “праектаў” – самвыдат газэта “АК-47”, заяўленая як газэта “рабочай моладзі”, якая аб’ядноўвае на сваіх старонках памфлет супроць БПСМ і “акулаў бізнэсу” адначасова, а таксама фэнтэзі ў стылі “Цяжка быць богам” і заклікі “стварыць сваю палітычную сілу, якая апусьціць кожнага, хто рызыкне паперці супроць рабочага люду”. Іншы прыклад — газэта “Беларускі партызан”, што прапаноўвае кроніку “партызанскіх франтоў” палітрадыкалаў усяго сьвету. Такія ўтварэньні — інструмэнт вулічнай палітыкі ды “вулічнае палітпрасьветы” малаадукаваных сацыяльных групаў у духу “Курса маладога байца”. Па сутнасьці і духу — клюбы жаўнераў.

·Незалежныя сацыяльныя ініцыятывы. Часьцей за ўсё — спроба пераносу на айчынную глебу аналягічных заходніх рухаў. У адрозьненьне ад бяскрыўдных прадстаўнікоў трэцяга сэктару кшталту “Асацыяцыі клюбаў Юнэска”, яны здольныя на рашучыя крокі ды рызыкоўныя акцыі. Найбольш яскравы прыклад — экалягічныя групы кшталту “Захавальнікаў вясёлкі” ці “Экасупраціўленьня Беларусі” з характэрнымі лёзунгамі “лепш быць актыўным сёньня, чым радыёактыўным заўтра”. Займаючыся арганізацыяй пікетаў, пэрфомансаў і дэманстрацыяў у “гарачых” экалягічных кропках Беларусі, гэтыя “экаанархісты” ёсьць “партызанамі грамадзянскай супольнасьці”, што выбралі адчайную дэманстратыўна-правакацыйную тактыку дзеля звароту ўвагі да істотных праблемаў, якія знаходзяцца па-за ўвагай мясцовых ды цэнтральных уладаў.

Незалежныя творчыя аб’яднаньні. Па сутнасьці, — клюбы “выбраных” аднадумцаў, хатнія арт-кавярні, захавальнікі мастацкага мікраасяродзьдзя, што узнаўляюць пэўны набор мастацкіх практыкаў. Звычайна далёкія ад непасрэдных палітычных вызначэньняў і адзнакаў, даюць перавагу віртуальнаму падключэньню ў эўрапейскую культурную прастору і дэманстратыўнаму эстэцтву. Найбольш вядомы “Бум-Бам-Літ”, які вызначае сябе як “адзін з эстэтычных дыскурсаў постмадэрнае прасторы”. Іншыя прыклады — кола аўтараў “Нашай Нівы” ды “Arche”, група “Соты”.

Субкультурныя супольнасьці маргінальнага тыпу (хіпі, панкі, рэйвэры, кіберпанкі, скінхэды). Займаюцца ўзнаўленьнем пэўнага тыпу сацыяльных паводзінаў. Цэльнае канцэптуальнае асновы няма ва ўсіх выпадках. Сыстэма вартасьцяў зьмяняецца разам з лякальнай модай. “Артысты жыцьця”, што рэалізуюць сябе на дарэфлексіўным узроўні, адрозьніваюцца характэрным візуальным іміджам ды пазнавальнай плястыкай рухаў. Варыянты апрычонай “калектыўнай сацыялізацыі”, што фармуе камфортнае “абшчыннае асяродзьдзе” для моладзі, што шукае аптымальную культурную нішу.

Усе пералічаныя зьявы, пры ўсёй іхнай разнастайнасьці, маюць за агульнае прынцыповую несумеснасьць з актуальным адмі-
ністратыўна-калгасным тыпам афіцыйнай культуры ды адсутнасьць якіх-колечы каналаў камунікацыі зь ёй. Спэктар іхных рэакцыяў на афіцыёз — ад поўнае абыякавасьці да актыўнага адпрэчваньня. Іх яднае таксама агульнае культурнае поле — маргінальная прастора неафіцыйнай культуры, што пераўтварае межы між названымі
контркультурнымі рухамі ў чыстую ўмоўнасьць (самі межы паўстаюць стыхійна, яны адкрытыя і ня маюць жорсткага статусу). Апрача гэтага, усе формы беларускай контркультуры існуюць у сёньняшнім скрайне палітызаваным мясцовым клімаце. Палітыка і беларуская мова — вось два вырашальных на сёньня крытэры ацэнкі канкрэтнай акцыі альбо культурнага праекту.

Дэфініцыя беларускага культурнага мэйнстрыма як “сьмецьцевай культуры” прадуктыўная з некалькіх парамэтраў. Перш за ўсё, яна прыводзіць да разуменьня вычарпанасьці адміністратыўна-сэрвільнай мадэлі культуры, якая сфармавалася ў савецкія часы. Мы паходзім адтуль і маем схільнасьць да настальгіі па ранейшай яснасьці, па стабільнасьці культурнае прасторы, дзе аднолькава абжытыя і камфортныя былі і афіцыйны і альтэрнатыўны пласты (“Капітал” на заліку, “Архіпэляг Гулаг” пад падушкай), дзе існаваў акрэсьлены падзел функцыяў (“Ты бяжыш, я даганяю”) і гарантаваная будучыня (таксама дуальная — дзяржпэнсія альбо ганаровая высылка ў Парыж). Усё гэта мела сэнс у грамадзтве, у якім былі грошы на танную гарэлку, на падкормку творчых саюзаў, а таксама на гульню ў вольнадумства (Еўтушэнка ў Ню-Ёрку). Немагчыма мець нешта такое ў грамадзтве, што завісла на стадыі пераходу ад камандна-адміністратыўнай да рыначнай мадэлі жыцьця соцыюму. І тым больш гэта будзе немагчыма, калі зрухі ўсё ж такі адбудуцца. Мэйнстрым ёсьць сьмецьцем, бо ён сьпявае калыханку і ня бачыць, што дзіцё ўжо вырасла. Гэта культура Ўчорашняга, якая страціла шанец стацца культурай Сёньня. Істотна зразумець, што яна мёртвая. І самы час ад яе сыйсьці.

Гэта значыць, што падыходзіць пара пахаваць ўласных нябожчыкаў. Эпоха “гатовых” ідэяў і заўсёдных аглядак на традыцыю, здаецца, прамінула назаўсёды. І старыя багі ня маюць што нам сказаць сёньня. Але, ці магчымыя ўцёкі? Мы – закладнікі культурнае прасторы, у якой нарадзіліся і якую лічым сваім натуральным асяродзьдзем. Мы залежныя ад мовы, якой валодаем ці не валодаем, ад культурнага досьведу і стыля жыцьця. З культуры ў прынцыпе ўцякчы немагчыма. Але цалкам рэальна знайсьці іншы тып прысутнасьці ў ёй. І тут зноў паўстае ідэя “сьмецьцевай культуры”, паколькі яна патрабуе адмовы ня толькі ад звыклай веры ў існаваньне нейкага эталёну культурнасьці, да якога мы мусім імкнуцца, альбо гэткай жа эфэмэрнай тугі па страчанай духоўнасьці.

Захопленасьць фантомнымі ідэалягічнымі праектамі — беларуская нацыянальная хвароба. І ня мае аніякага значэньня, як завецца праект: “Русабелія”, “БНР” альбо “Эўропа”. У кожным выпадку мы схільныя кіравацца чарговым мітам, пераносячы свае рамантычныя чаканьні на абсалютна абыякавую да іх рэчаіснасьць. Адзначым іншае: рост “захлуджанасьці” культуры сыгналізуе момант яе радыкальных пераўтварэньняў. Пры гэтым “сьмецьце”, неўпарадкаваная плынь абясцэненых культурных картасьцяў і жыцьцёвых стратэгіяў арганічна несумесна з якім-колечы сцэнарам і прынцыпова не паддаецца кіраваньню. У ёй няма вядучых сілаў і яўных прыярытэтаў. Дамовіцца з хаосам немагчыма. Але можна навучыцца карыстаць зь ягонай энэргіі.

І, нарэшце, “сьмецьцевае” асяродзьдзе патрабуе адпаведных формаў прысутнасьці ў ім. Некаторыя стратэгіі паводзінаў фармуюцца самім асяродзьдзем, некаторыя патрабуюць мэтанакіраваных высілкаў.

Да натуральных формаў жыцьця ў “сьмецьцевай культуры” можна залічыць дзьве магчымасьці, умоўна пазначаныя як Сьмяцяр і Клашар. Сьмяцяр — гэта той, хто пераўтварае культурныя прадукты ў сьмецьце, ён уласна ёсьць аўтарам “сьмецьця”. Сюды можна залічыць вытворцаў “сьмецьцевага прадукту” (як у маскульце, так і ў альтэрнатыўным асяродзьдзі), потым тым, хто клясыфікуе культурны прадукт і рэгулюе запаўняльнасьць сьметні (улада, цэнзура, рынак), і, нарэшце, масы спажыўцоў. Клашар – натуральны жыхар “сьмецьцевага асяродзьдзя, носьбіт альтэрнатыўных культурных кодаў, — проста з таго, што яны вызначаны ягоным жыцьцёвым досьведам. Клашар — жыхар субкультурнага гета, які не імкнецца да зьменаў у сваёй долі. Але, менавіта праз яго паўстае магчымасьць ўзнаўленьня ды трансляцыі “сьмецьцевых тэкстаў”, выцесьненых з “вялікай культуры”.

Крыза культуры ламае звыклую гіерархію культурных вартасьцяў, і часам мяняе Сьмецяроў і Клашараў мейсцамі. Варта зацеміць, што ў гэтым выпадку адбываюцца нечаканыя мутацыі, якія нараджаюць альбо “пралетарскую культуру”, альбо “культурную рэвалюцыю” паводле кітайскага ўзору, альбо рамантычны зыход у палітыку перабудовачнай інтэлігенцыі. Але простая перамена складнікаў ня ў стане забясьпечыць рост культуры. Культурнае будаўніцтва на “нулявым” цыкле росту новай культуры прадугледжвае мэтанакіраваную працу з цалкам страціўшым культурную значнасьць “сьмецьцевым” матэрыялам. Паўстае патрэба ў мантажніках ды зборшчыках новых культурных тэкстаў з аскепкаў мёртвых моваў культуры. Новая жыцьцёвая ды творчая стратэгія можа быць пазначаная як Калекцыянэр сьмецьця, ці, скарыстаўшы выраз Браяна Іно, “bottom cleaner” — чысьцільшчык дна, зьбіральнік адкідаў.

Рух у прасторы “сьмецьцевай культуры” магчымы перш за ўсё як сьвядомы адбор элемэнтаў для пабудовы мазаічнай індывідуальнай культуры. Гэта культура па росту, культура па выбару. Мы можам выбіраць, бо унівэрсальных вартасьцяў няма. Усё вырашае ўласны выбар ды ўплывы асяродзьдзя. Мы можам выбіраць, бо наш натуральны культурны асяродак баналізаваны. Бо мы адмаўляемся “прызнаваць” свой адбітак у плыні сьвядомасьці палітычных альбо інфармацыйных “аўтарытэтаў”. У такой культуры сапраўды “мяне няма” (В. Акудовіч). Ляндшафт штодзённасьці да краёў запоўнены чужым. Для культуры-2000 пунктам выйсьця мусіць стаць усьведамленьне культурнага асяродзьдзя як прафаннага, хаатычнага калажу бязвартасных культурных прадуктаў, у якім адначасова прысутныя і інфармацыйная перапоўненасьць і скрайняе крывамоўства паміраючых на нашых вачах культурных канонаў.

У мартыралёгу найноўшых мітаў нашага часу — “перабудова”, “адраджэньне” і “славянскае адзінства”. Сюды ж, відавочна, можна зьмясьціць і міт “контркультуры”. У сваёй сутнасьці “контркультура” – натуральны прадукт цывілізацыі заходняга тыпу, у якой асьвета разумеецца як неабходная “калянізацыя” наіўнай сьвядомасьці грамадзянаў, а культура — як вежа з слановай косткі, ўвесь час у аблозе барбараў-намадаў. У такім разуменьні, цалкам Дарвінавым, культура ёсьць барацьбой. Барацьбой “вялікай” культуры за панаваньне над грамадзкай сьвядомасьцю і, адпаведна, барацьбой “малых” культураў за выжываньне.

Парадокс контркультуры палягае на тым, што яна ёсьць уварваньнем нутраных барбараў, культурнай апазыцыяй, што паўстае з сярэдзіны сыстэмы. Культурны андэграўнд запалены энэргетыкай супраціву Вялікаму Канону і мае сэнс адно ў ягонай прысутнасьці. Мы ў апазыцыі — значыць мы супроць і на другім мейсцы. Таму ўсялякая апазыцыя (і культурная – не выключэньне) марыць пра ўладу. Контркультура — закладнік сваёй эпохі, двайнік абсурду таталітарнай утопіі, яны жывуць разам і паміраюць таксама разам.

Разьвітая культура натуральным чынам набывае мазаічны характар, пераўтвараючыся ў адзінства разнастайнага, у калаж субкультураў. Шматлікасьць субкультураў — адбітак розных тыпаў сацыяльных практыкаў і адпаведных тыпаў сьветагляду. У мазаічнай культуры постсучаснасьці няма стабільнага цэнтра, — і адпаведна няма й маргінальных ускраінаў. Таму найлепшая пэрспэктыва для беларускай контркультуры, яе творцаў і прыхільнікаў — выйсьці з культурнага падпольля, стацца натуральнай часткай нелінейнага ды паліфанічнага працэса культурнай дынамікі адкрытага грамадзтва.

Змагары стаміліся ад барыкадаў. На зьмену “партызанскім” культурным стратэгіям ужо цяпер прыходзяць рэчы, здольныя пазначыць беларускую прысутнасьць у эўрапейскай культурнай прасторы. І гэта не ўцёкі ад Вялікага Брата, а звычайны прафэсыйны дыялёг на аскепках ідэалягічных фантомаў. Але распрацоўка тактыкі працы “у сьмецьці” — толькі першы крок для калекцыянэраў сьмецьця. Наступным можа стацца праца па выбудове культурных тэкстаў, што маглі б данесьці разуменьне новай культурнай сытуацыі да масавай аўдыторыі. Гэта можна назваць выбудовай “масавай культуры сьмецьця” альбо “trash folk culture”. Ня варта палохацца тэрмінаў: сутнасьць у тым, каб данесьці да масавай аўдыторыі дзьве ключавыя ідэі:

·У сучаснай культуры стварэньне і спажываньне культурных прадуктаў базуецца на адначасовым выкарыстаньні розных моваў культуры, роўным дыялёгу “элітарнага” і “простага”, архаікі і высокіх тэхналёгіяў, Усходу ды Захаду.

·Менавіта засваеньне такога калажнага падыходу да культурнага матэрыяла (аналяг прынцыпу дадатковасьці ў неклясычнай фізыцы) ёсьць рэальнай умовай вызваленьня ад “настальгіі па сапраўднаму”. Яно дапамагае выбудове індывідуальнага культурнага гарызонта і фармаваньню жывых сцэнараў, якія вольныя ад уварваньня дэманаў калектыўнага неўсьвядомленага ад маўклівай большасьці.



Такім чынам, два прынцыпы Калекцыянэра Сьмецьця: 1. Пабудова індывідуальнай сыстэмы крыніцаў культурных тэкстаў ды сьвядомая ізаляцыя ад крыніцаў шуму. 2. Фільтрацыя інфармацыі ды выбар з “хлуду” актуальна істотных паведамленьняў. Ён ведае: пашырэньне інфармацыйных плыняў значыць, што “сьмецьця” з кожным годам будзе ўсё больш. Але тое, што прыводзіць у жах прафана, выклікае ў яго прафэсыйную цікавасьць. Калекцыянэр ня шукае аўтарытэту й не чакае цудаў. Ад пошуку вартасьцяў ён дае перавагу нутраной свабодзе. У яго ёсьць толькі адна будучыня — тая, якую ён будуе ўласнымі рукамі. І калі са-
праўды прыйшоў Канец Эўрапейскай Культуры, дык ён неяк пра гэта ня ведае. Але хто ж тады будзе змагацца за ідэі ды ратаваць краіну? Тыя, якія не навучыліся чамусьці іншаму. Калекцыянэр дае перавагу прагматыцы і хоча будаваць адкрытае грамадзтва. Але на сваёй асабістай тэрыторыі.

“Вялікая культура” увесь час імкнецца стварыць лёгка кіраванае грамадзтва канфармістаў, контркультура марыць пра татальную партызанку духа. Message “сьмецьцявай культуры” зусім іншы: “Адыйдзіце ад майго кампутара. Рэшту я зраблю сам”.
: media -> library
library -> Жанчына як “іншае” ў дыскурсе беларускай дэмакратыі
library -> Вал. Акудовіч Улада і мова
library -> Ігнат Абдзіраловіч
library -> Democracy and the ethical life
library -> Традыцыяналісцкі пагляд на традыцыю: „прэзумпцыя аўтахтоннасьці”
library -> Аляксандр К’ёсэў
library -> Тацяна Чыжова. Статус суб’екта сацыяльна-гістарычнага працэса ў філасофіі К. Маркса
library -> Валянцін Акудовіч мяне няма: роздумы на руінах чалавека
library -> «Беларусь – краіна, выклятая геаграфіяй ды гісторыяй» The New York Times, 31 жніўня 1996, стар. А19
library -> Праблематыка і парадак дня савецкай эліты канца 1980х — пачатку 1990х гадоў




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка