«культура» Таццяна команава



Дата канвертавання01.07.2016
Памер43.04 Kb.
06.02.2010. РОСТИСЛАВ ЯНКОВСКИЙ: «МАЙСТАР ТЭАТРАЛЬНАЙ «МАТЭРЫЯЛIЗАЦЫI»

«КУЛЬТУРА»

Таццяна КОМАНАВА
5 лютага свой юбілей адзначыў народны артыст СССР Расціслаў Іванавіч Янкоўскі.

Адна з самых складаных журналісцкіх задач – пісаць «юбілейныя» артыкулы пра асоб, якія з'яўляюцца ўсенародна любімымі і пра якіх, здаецца, кожны смяротны мог бы з захапленнем расказваць гадзінамі. Бо любы, нават самы поўны, творчы партрэт наўрад ці акажацца вычарпальным. У першую чаргу таму, што акцёрская прафесія прадугледжвае непасрэдны кантакт творцы з кожным гледачом у зале. І з гэтых, так бы мовіць, асабістых стасункаў, якія з'яўляюцца штовечаровым жыццём акцёра, і складваецца ягоны творчы партрэт. Расціслаў Янкоўскі – адзін з тых, без каго сёння проста немагчыма ўявіць сабе беларускі тэатр. Народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі «За духоўнае адраджэнне», акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра, Ганаровы грамадзянін горада Мінска, заснавальнік і нязменны старшыня Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад»... Нягледзячы на ўсе пачэсныя званні, язык не паварочваецца назваць яго ні мэтрам, ні «брэндам». Бо Расціслаў Янкоўскі ў першую чаргу – Творца, для якога самая галоўная ўзнагарода – жыццё ў мастацтве і выхад на сцэну да сваіх гледачоў. Можна доўга пералічваць ролі,што сыграў гэты акцёр больш за паўстагоддзя на Горкаўскай сцэне, – сёння іх колькасць перасягнула паўтары сотні. Сярод іх – Аляксей («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Нагульнаў («Узнятая цаліна» М.Шолахава), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава), Макбет, Антоній, Клаўдзій і Цень бацькі Гамлета («Макбет», «Антоній і Клеапатра» і «Гамлет» В.Шэкспіра), Пётр І («Хрыстос і Антыхрыст» Д.Меражкоўскага), Барон і Якаў («На дне» і «Апошнія» М.Горкага), Максіміліян і Лейстэр («Браты Моор» і «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Талейран («Вячэра» Ж.К. Брысвіля) і шмат іншых, кожная з якіх – каштоўны і непаўторны падарунак нам, гледачам.

А асабіста для мяне Расціслаў Янкоўскі надзвычайны тым, што ніколі не страчвае радасці творчасці і літаральна свеціцца з кожным выхадам на сцэну, скараючы сваім магутным талентам «матэрыялізаваць» тэатральную энергію ў доўгія і прыемныя разважанні пасля спектакля, у жаданне яшчэ раз спрычыніцца да вялікай таямніцы пад назвай Тэатр. І, далучаючыся да шматлікіх віншаванняў Расціслава Іванавіча з 80-годдзем, хочацца пажадаць Акцёру новых, цікавых і яркіх, роляў і – мноства новых сустрэч са сваімі шчырымі і ўдзячнымі гледачамі, прыхільнікамі высокага таленту гэтага Майстра.

Яго жыццё ў мастацтве

Звычайна юбіляры-творцы (і акцёры ў гэтым сэнсе – не выключэнне) не любяць доўгія размовы на тэму «Маё жыццё ў мастацтве». Іх асноўны аргумент: усё, што я хацеў і мог сказаць на сцэне, увасоблена ў маіх персанажах. Гэта цалкам слушна, бо для любога тэатральнага гледача той ці іншы акцёр «складваецца» менавіта з уласных сцэнічных увасабленняў. Мы ж паспрабавалі даведацца, з чаго ж «складваецца» Расціслаў Янкоўскі для сваіх паплечнікаў па творчым цэху.

Сяргей Кавальчык, галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага:

- Не буду хаваць, я з інтарэсам чакаў пачатку працы над сваім новым спектаклем «Пане Каханку», у якім галоўную ролю іграе Расціслаў Іванавіч. Для любога рэжысёра работа з акцёрам такога ўзроўню заўсёды і прэстыжная, і адказная. Але пад час рэпетыцый у мяне адбылася пэўная пераацэнка Янкоўскага як творцы, своеасаблівае пераасэнсаванне: я ўбачыў шчырага, чуйнага акцёра, чый псіхафізічны апарат здольны лавіць, адлюстроўваць і перадаваць самыя тонкія нюансы характару свайго персанажа. Ён надзвычай уважлівы і тонкі артыст. Хаця, канешне, можа выказаць сваю нязгоду з тымі ці іншымі рэжысёрскімі прапановамі, але яна заўсёды аргументаваная і ніколі не скіравана на «супрацьстаянне», а толькі на тое, каб зрабіць героя як мага больш пераканаўчым для гледача. Яго жывы вопыт сцэнічнай працы – сапраўдны «залаты запас», каштоўнасць якога немагчыма ні дакладна падлічыць, ні пераацаніць. І яшчэ адна важная рыса Янкоўскага як прафесіянала і як чалавека, вартая самай глыбокай павагі, – вернасць творчай ідэі, сваім аднадумцам. Ён ніколі не здрадзіць, а гэта даволі рэдкая з'ява і ў сучасным жыцці, і ў мастацтве...

Барыс Луцэнка, рэжысёр:

- Пра Расціслава Янкоўскага ўжо так шмат сказана і напісана, што вельмі цяжка дадаць да яго партрэта якую-небудзь насамрэч невядомую рысачку. Для мяне ж ён найперш чалавек, улюбёны ў тэатр. Я маю на ўвазе тэатр не толькі як від мастацтва, але і як своеасаблівы жывы творчы арганізм. Тэатр для Янкоўскага – гэта не толькі дэманстрацыя спектакляў гледачам, што прыходзяць у залу, але і адмысловая скіраванасць на Чалавека. Ён нярэдка кажа, як адчувае тэатральную залу, як можа ўзаемадзейнічаць з ёю, ствараючы своеасаблівы энергетычны дыялог. І магу сказаць, што кантакт гэты – узаемны! Бо гледачам, упэўнены, падабаецца не толькі яго прывабная знешнасць, добрая ўсмешка, але і адмысловае акцёрскае ўменне кантактаваць з імі на гэтым тонкім энергетычным узроўні. І яго сцэнічныя работы даюць людзям своеасаблівы штуршок для ўнутранай рэфармацыі: хочацца «падцягнуцца», стаць хоць крышачку лепшым. Я лічу, што для беларускага мастацтва ды і для ўсёй нашай краіны ўвогуле гэта вельмі значная і знакавая фігура.

Вераніка Пляшкевіч, актрыса:



- Расціслаў Іванавіч- дзівосны, незвычайны партнёр! Нам, маладым акцёрам, у яго можна вучыцца практычна ўсяму і заўсёды. Напрыклад, таму, што з першай жа рэпетыцыі ён ведае свой тэкст, можа ўсё расказаць пра свайго героя, пра яго стасункі з іншымі персанажамі. І магутны зарад энергіі, што зыходзіць ад яго, перадаецца ўсім навакольным. А яшчэ ён- вельмі чуйны партнёр, уважлівы, заўсёды дапамагае на сцэне і ніколі не дасць «упасці». У кожным спектаклі ён свежы, жывы, не іграе загадзя выбудаваную ролю, а- жыве, чуе, бачыць цябе сённяшняга. Усё гэта- тыя вышыні класічнай акцёрскай школы, судакрануцца з якімі нам, маладым, сёння надзвычай каштоўна і важна. І я шчаслівая, што маю магчымасць сустракацца з ім на сцэне. Безумоўна, ён як чалавек, які ведае сцэну дасканала, здольны пралічыць тыя ці іншыя тэатральныя моманты і ў гэтым сэнсе быць дастаткова ўпэўненым у канчатковым выніку. Але ж Расціслаў Іванавіч не такі: ён не пагарджае рэпетыцыямі і не «бегае» ад іх, больш за тое – выкладваецца цалкам, раіцца, «правярае» свае знаходкі на нас і дае нам гэтым самым выдатны ўзор для пераймання.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка