Кушнарова К. В



Дата канвертавання17.06.2016
Памер141.09 Kb.
УДК 821.161.3 – 312.1.09

Кушнарова К.В.

аспірант,

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны

Каханне і час у творах сучасных беларускіх пісьменнікаў
Час з’яўляецца неад’емнай часткай карціны свету і таму належыць да ліку катэгорый, распрацоўка якіх мае вялікае значэнне для навукі, мастацтва і чалавечай культуры ўвогуле. Найважнейшымі пытаннямі, якія маюць дачыненне да часу, з’яўляюцца пытанні аб сутнасці дадзенай катэгорыі, аб аб’ектыўнасці прасторава-часавых адносін і заканамернасцей. На цяперашнім этапе развіцця навукі ў сувязі з тэндэнцыямі сінтэзу чалавечых ведаў час аналізуецца на матэрыяле разнастайных навук. Новыя інтэрпрэтацыі дадзенай катэгорыі дэманструе практыка сінэргетыкаў і постмадэрністаў. У постмадэрне час мяркуецца ў якасці канструкцыі, найважнейшым сродкам яго інтэрпрэтацыі выступае магчымасць маральнага вытлумачэння.

Разнастайныя ўяўленні філосафаў аб сутнасці часу знайшлі сваё выяўленне ў літаратурных творах. Своеасаблівай праекцыяй часу як феномену культуры з’яўляецца катэгорыя часу ў мастацтве. Працэс мастацкай творчасці пачынаецца з асаблівага ўспрыняцця свету мастаком, дзе перцэптуальныя і канцэптуальныя моманты арганічна сплаўленыя з каштоўнаснымі, ідэйна-эмацыянальнымі момантамі. Гэта абумоўлівае і своеасаблівае бачанне часавых аспектаў прыроднага і сацыяльнага быцця у іх арганічнай сувязі і суаднесенасці з чалавечым быццём.

Істотна тое, што катэгорыя часу існуе не толькі у мастацка-вобразнай форме, але і ва ўнутраным змесце мастацкага твора. У 40-я – 50 –я гады ХХ ст. літаратуразнаўцамі распачалося вывучэнне поглядаў таго ці іншага мастака на прастору і час. Пачатак аналізу прасторавых і часавых структур мастацкага свету паклала праца Дз. Ліхачова “Паэтыка старажытнарускай літаратуры” [6], дзе амаль палову аб’ёму склалі главы “Паэтыка мастацкага часу” і “Паэтыка мастацкай прасторы”. Даследчык адзначаў такія ўласцівасці сюжэтнага часу, як здольнасць змяняць хуткасць (запавольвацца (удых) або наадварот (выдых). У рабоце адзначаецца і звязаная з часам праблема адлюстравання адвечнага і пазачасавага, выяўлення пісьменнікам пачуцця гісторыі.

У другой палове 60-х прастора і час падрабязна вывучаюцца тартуска-маскоўскай літаратуразнаўчай школай. М. Сцеблін-Каменскі даволі падрабязна спыняецца на часава-прасторавых каардынатах міфаў у раздзеле “Прастора і час у эдычных міфах” [12]. Даследчык адзначае цікавую ўласцівасць міфічнага часу: з аднаго боку міфы рэпрэзентуюць цыклічны час, з другога – час у іх мае завяршэнне, бо меў пачатак (быў створаны багамі), мінулае тут мае пазачасавы характар, як бы супадаючы з цяперашнім. Сувязь паміж падзеямі пераважна прычынна-выніковая, бо падзеі у міфах ніяк не лакалізаваныя ў часе.

Адной з найбольш значных літаратуразнаўчых прац па тэорыі часу і прасторы з’явілася даследаванне М. Бахціна “Пытанні літаратуры і эстэтыкі. Даследаванні розных гадоў” [3]. Дзе ў раздзеле “Формы часу і хранатопу ў рамане” на аб’ёмным матэрыяле ад грэчаскага рамана да рамана ХІХ ст. пераканаўча даводзіцца сэнсаўтваральная каштоўнасць хранатопаў, праз браму якіх адбываецца “усялякае ўступленне ў сферу сэнсаў” [3, с.406]. На цяперашнім этапе развіцця літаратуразнаўства практычна ніводнае грунтоўнае даследаванне паэтыкі твора не абыходзіцца без аналізу яго прасторава-часавых каардынат.

Па заўвазе Ф. Фёдарава, аўтара манаграфіі “Рамантычны мастацкі свет: прастора і час” [13] час і прастора змяшчаюць у сабе не толькі лінгвістычныя, але і філасофска-культуралагічныя праблемы, звязаныя з мастацкім тэкстам.

Выяўленне прасторы і часу, як абавязковых чыннікаў мастацкага свету твора, у тэкстах апошняга часу ўскладняецца, дэманструючы індывідуальнае бачанне мастаком пазначаных катэгорый і арыгінальнасцю яго канцэпцыі свету. У той жа час існуюць пэўныя тыпалагічныя мадэлі, якія ўяўляюць з сябе “змястоўныя формы”, якімі кожны асобны пісьменнік карыстаецца, па заўвазе Б. Есіна, як “гатовымі” [5]. Побач з гэтым мала разглядаецца такі аспект мастацкага часу, у якім ён выступае як “структурныя сувязі, якія ўсталёўваюцца аўтарам паміж падзеямі ствараемага ім мастацкага свету” [5, 66]. У гэтым ракурсе тэмпаральныя кампаненты з’яўляюцца неад’емнай часткай фабулы разам з прасторавымі і дынамічнымі.

І. Чарота, у манаграфіі “Пошук спрадвечнай існасці” [14] заўважае, што маюцца прычыны шукаць прыкметы асаблівага беларускага хранатопу ў матывах мяжы і пераходнасці, семантыка якіх, на думку даследчыка, уласцівая такім распаўсюджаным у літаратуры і фальклоры вобразам, як “крыніца і курган, маладзік і знічка, груша-дзічка і шыпшына, кажан і зубр, а таксама васілёк, жалейка, хмаркі, рунь” [14, с.104]. Далей у рабоце адзначаецца: “Рух часу ў беларускім светаадлюстраванні таксама набывае своеасаблівыя акцэнты на стадыях пераходу” [14, с.105]. Сярод такіх акцэнтаў даследчык вылучае: вясну, пярэдадзень, конадзень, Купалле (дзе асаблівае значэнне маюць змярканне, поўнач, досвітак), пярэдадзень. Таксама адзначаецца асаблівая ўвага да раніцы і вечара як часу сутак.

Роля тэмпаральнага кампанента ў стварэнні сюжэта мастацкага твора пакуль не вылучалася літаратуразнаўцамі як асобная тэарэтычная праблема. У артыкуле робіцца спроба даследаваць сюжэтаўтваральную ролю катэгорыі часу ў сувязі з матывам кахання на прыкладзе канкрэтных тэкстаў.

Мэтай дадзенай работы з’яўляецца выяўленне спецыфікі матыву кахання ў сувязі з катэгорыяй часу ў мастацкім тэксце. У артыкуле ставяцца і вырашаюцца наступныя задачы: характарыстыка сюжэтнай арганізацыі твораў праз узаемадачыненне асобных матываў у іх развіцці; паказ своеасаблівасці рэалізацыі матыву кахання ў розных мастацкіх тэкстах.

Раман у апавяданнях Я.Сіпакова “Зубрэвічкая сага” [11] складаецца з твораў, сюжэтным каракасам якіх з’яўляюцца гісторыі кахання, часта ўключаных у любоўны трохкутнік, якія развіваюцца на фоне гістарычнага (дагістарычнага) часу і з’яўляюцца адным са звёнкаў у ланцугу пакаленняў, сцвярджаючы ідэю пераемнасці і няспыннасці жыцця, часткай якога з’яўляецца каханне. Шаснаццаць адрозных у тэматычным, жанравым і стылёвым плане аповедаў, якія складаюць твор, аб’ядноўваюцца ў адну гісторыю па прынцыпе нанізвання на адзін ланцужок.

Вяршыняй любоўнага трохкутніка, як правіла, з’яўляецца жанчына, за каханне якой змагаюцца мужчыны. Але жаночыя вобразы не з’яўляюцца пасіўнымі сведкамі падзей, яны могуць выратаваць жыццё свайму каханаму, калі таму пагражае небяспека (“Хуткія ногі”), цярпець здзекі з-за каханка (“Вяселле”), без ваганняў адправіцца насустрач лёсу (“Поплеч з царамі”), самастойна гадаваць сына ад каханага.

Асаблівасцю рамана ў апавяданнях з’яўляецца ўключэнне прыватных гісторый кахання ў шырокі гістарычны кантэкст, дзе фантазія аўтара не парушае дакладнасці гістарычных падзей, а ўзбагачае іх новымі падрабязнасцямі, тым ці іншым чынам прывязанымі да вёскі Зубрэвічы праз яе насельнікаў.

У цэнтры кожнага з апавяданняў знаходзіцца асоба аўтара-наратара, якая аб’ядноўвае творы ў адзін ланцуг. Большасць фрагментаў твора мае своеасаблівы зачын, дзе змяшчаецца інфармацыя пра крыніцу паведамлення (успамін некага з родзічаў, або напаўфальклорныя звесткі пра пэўную падзею з жыцця вёскі, уласнае ўяўленне аўтара, якое мадэлюе яркую рэальнасць даўніх часоў) і фінал, у якім расказваецца пра наступствы падзей і утрымліваюцца звесткі пра нашчадкаў, якія пайшлі ад прашчураў-герояў гісторый. Такая кампазіцыя апавяданняў звязвае іх у адну нізку ідэяй бясконцага працягу жыцця, дзе мінулае з’яўляецца неад’емным кампанентам сучаснасці, з’ядноўваючыся з ёю трывалымі сувязямі.

Абавязковая прысутнасць любоўнага трохкутніка (чатырохкутніка) у сюжэце твораў характарызуе творчую манеру Л.Рублеўскай. Вяршыняй такіх шматкутнікаў заўсёды з’яўляецца дзяўчына/жанчына, якая ёсць галоўнай гераіняй большасці твораў пісьменніцы. Наяўнасць дэтэктыўна-прыгодніцкіх элементаў і іранічная манера аповеду надае займальнасці любоўным стасункам герояў, якія часта пачынаюцца з непрыязні, або агіды і нянавісці.

У рамане “Сутарэнні Ромула” [10] большая частка дзеяння адбываецца ў двух часавых пластах: сучаснасці і пачатку дваццатага стагоддзя. Жаданне спазнаць нешта новае, адрознае ад штодзённага існавання штурхае гераіню насустрач прыгодам. Арганізуючая роля ў творы належыць матыву сустрэчы герояў, які лагічна завяршаецца шалёным парывам, што кідае прадстаўнікоў варагуючых родаў у абдымкі адзін да аднаго. Непасрэдна звязаны з названым матывам і іспыт вернасці каханню, які праходзіць Арсенія, калі смерць Корб-Варановіча пад завалам царквы амаль не выклікае сумненняў. Цудоўнае ўратаванне героя ад непазбежнай смерці, калі зняможаны Даніла выбіраецца па падземным ходзе,таксама цалкам укладваецца ў схему авантурнага часу.

У рамане “Скокі смерці” [9] суіснуюць стылістычныя практыкаванні на тэму дэтэктыўнага і любоўнага рамана, прычым, ні тая, ні другая мадэль не вытрымліваецца да канца. У творы маюцца дзве любоўнай гісторыі: у XVст. Анэта Ляскевічанка і Баляслаў Радчыц, у сучаснай частцы рамана – Анэта Барэцкая і Юры Дамагурскі. Абедзве гісторыі пазбаўленыя шчаслівага фіналу. Анэта Ляскевічанка робіцца манашкай і дае абет маўчання, каб не выдаць тайну гадзіннікаў, яе каханы прымае каталіцкую веру і ператвараецца ў Радчынскага (магчымага продка Вінцэся Рашчынскага, героя папярэдняга рамана Л.Рублеўскай “Золата забытых магіл”), ён памірае ад ран у жаночым манастыры, так і не здолеўшы прабачыць былой каханцы тое, што яна адштурхнула яго ў вежы, даведаўшыся, што той прывёў з сабой на дапамогу чужынцаў-русічаў.

Гісторыя кахання Барэцкай і Дамагурскага таксама заканчваецца няўдала, негледзячы на тое, што ўсе перашкоды, здавалася б, скасаваныя: памірае ад перадазіроўкі наркотыкаў жонка Дамагурскага Стэла, хаўруснікі злавеснага магната Калыванава таньчаць у смяротным карагодзе, пачуцці бяруць верх, але хэппі-энд усё роўна абмінае пару. Юры Дамагускі знікае недзе ў вечаровым тумане. Барэцкая працягвае яго чакаць, а пакуль піша літаратурныя творы і працуе журналісткай у другарадным выданні.

Сюжэтная схема, якая выкарыстоўваецца ў раманах пісьменніцы, пераходзіць з твора ў твор амаль без змен. Абавязковымі элементамі тут з’яўляюцца: наяўнасць любоўнага трохкутніка, таямніца з мінулага, якая нібы выпадкова трапляе да галоўнай гераіні, звычайна непасрэдна перад ці адразу пасля чыёй-небудзь смерці. Важную ролю ў раскрыцці гістарычнай тайны адыгрываюць артэфакты (копія жабкі з помніка, старажытныя гадзіннікі, напаўлегендарная царква). Акрамя таго, дзеянне ў творах звычайна абмежавана ў прасторы і часе, што абумоўлена прыродай жанру дэтэктыўнага рамана.

Заўсёды прысутнічаюць ў творах Л.Рублеўскай і перашкоды, якія не дазваляюць гераіне быць побач з тым, каго яна кахае. Гэтыя перашкоды знікаюць разам з набліжэннем развязкі ў сюжэтным дзеянні. Таму канцоўка твораў, як правіла, аптымістычная. Выключэнне складае хіба толькі раман “Скокі смерці”, які мае адкрыты фінал.

У творах А.Брава цэнтральнае месца таксама належыць гераіням, большасць з якіх шукаюць выратавання ад супярэчнасцей і няўладкаванасці жыцця ў каханні да мужчын, якія часцей за ўсё выяўляюць неадпаведнасць ускладзенай на іх місіі моцнага абаронцы і вернага рыцара. Гераіні аўтара існуюць паміж полюсамі любові і нянавісці, спрабуючы пазбавіцца ад спадчыннай залежнасці, часта звязанай са страхам (фабіяй) і заслужыць (выпакутаваць) права кахаць і быць каханай, пазбавіцца ад комплексу віны і набыць свабоду ад жорстка зададзенай жыццёвай схемы.

Заяўленае на пачатку аповесці “Каменданцкі час для ластавак” [1] растанне гераіні з мужам надае апісанню іх стасункаў налёт прадвырашанасці лёсу, непазбежнасці спраўджання наканаванага. На думку аўтара, растанне паміж імі задаецца самім фактам адрознасці ў выхаванні і прыналежнасцю да розных культур, што не пераадольваецца ні агульнасцю месцазнаходжання (часовай, як пазней аказваецца), ні наяўнасцю агульнага дзіцяці, ні нават каханнем, якое для кожнага з іх значыла нешта сваё. Такім чынам, вера ў працяг жыцця, якая сцвярджаецца кожным новым пакаленнем, што прыйшло на зямлю з дапамогаю кахання, дапамагае гераіне ажыццяўляць свае бясконцыя намаганні, спрабуючы выбавіцца са спадчыннага кола, займеўшы свой уласны шлях.

У аповесці “Імя Ценю – Святло” [1] апісанні перажывання страху фізічнага падзення, што ўзнікае ў час знаходжання ў шматлюдных месцах, чаргуюцца з тымі падрабязнасцямі існавання гераіні, якія выклікалі з’яўленне фабіі, спадарожнічаюць і групуюцца вакол яе, бо ўсё жыццё жанчыны робіцца нябачнай арэнай змагання з уласным целам, што прыводзіць да катастрофы якраз у момант такой блізкай перамогі. Эфект накладання прымушае гераіню кожны раз адчуваць сябе безабароннай нялюбай дзяўчынкай, якая чуе праклён маці: “Каб ты правалілася, праклятая!” [1, с.136] Няздольнасць абараніцца ад гэтых слоў, пачутых ад блізкага чалавека, нараджае жаданне даказаць уласную вартасць і атрымаць адабрэнне, дасягнуўшы поспехаў у вучобе і кар’еры, для чаго яна вымушана насіць маску Упэўненай Пані.

Спробы ўратавацца ад бязлітаснага жыцця прыводзяць да стварэння “абарончых умацаванняў” самага рознага гатунку: напрыклад, Вікторыя пры дапамозе сціплага адзення спрабуе “заклясці страх”, бо, на яе думку, злы лёс найперш хапае яркіх і стыльных; Аэліта (Тапіць дзяўчатак тут дазволена”) прыдумвае сама сабе “магічны рытуал”, яна верыць у тое, што яе каханне да Нябеснага Хлопчыка не памрэ, пакуль жывое лімоннае дрэўца, якое вырасла з костачкі, што засталася ў кубку, з якога Ён піў перад апошнім развітаннем тры гады таму. Жанчына заклінала кволы расточак, укладваючы ў яго ўсю веру ў тое, што каханы вернецца. Выпадкова зламанае (самой жа гераіняй) дрэўца таксама з’яўляецца сімвалам, цяпер ужо злавесным, прадракаючы смерць ад СНІДу. Як не дзіўна, але прыдуманы рытуал выконвае сваю задачу – каханы вяртаецца, няхай на адну ноч, у перспектыве яго чакае хвароба і смерць, якая канчаткова павінна злучыць Нябеснага Хлопчыка і Аэліту ў адно цэлае.

Зацыкленасць на адной ідэі, прыводзіць да непазбежнай жыццёвай катастрофы гераіню рамана “Менада і яе сатыры” [2]. Узятыя ў якасці прыкладу кніжныя ўзоры, слепа перанесеныя на асабісты лёс, прыводзяць да паўтарэння адной і той жа сітуацыі з кожным новым каханым, з якім Юлія спрабуе забыцца аб нязначнасці ўласнага існавання. Трагізм жыццёвага сцэнару жанчыны заключаецца ў тым, што яна не можа зразумець – гэта раман без героя, у якім адбываюцца бясконцыя ўцёкі ад той дзяўчынкі, якую яна сама ў сабе так і не здолела палюбіць, хаваючыся за шматлікімі маскамі: Незнаёмкі, Менады, Пакінутага Дзіця, Дзяўчынкі-Дыванка-ля-Яго-Ног, Параненага Сэрца.

Адзначаны яшчэ дзіцячай свядомасцю гераіні фантан са скульптурай басаногай дзяўчыны, якая танчыць у атачэнні двух мужчын з флейтамі і глядзіць на “мужчынскую фігуру, якая адсутнічае: ад “героя” засталіся адно ніжняя палова цела ды выкручаныя ў танцы ногі” [2, с.29] з’яўляецца на старонках рамана некалькі разоў, сімвалізуючы стан рэчаў у прыватным жыцці Юліі. Вобраз Менады, якая танчыць з сатырамі, з’явіцца напрыканцы твора ў выглядзе пано з міфалагічнай сцэнкай, разглядаючы якое гераіня здагадаецца, што раман яе жыцця напісаны і блізкі да заканчэння.

Гісторыя Юлі, як і ў большасці гераінь пісьменніцы, разгортваецца ў атмасферы правінцыйнага гораду, са спецыфічным часам, дзе “кожны дзень і нават год настолькі падобны адзін да аднаго, што ў абарыгенаў міжволі ўзнікае адчуванне вязкага сну, выкараскацца з якога можна толькі пераскочыўшы ў іншы сон, – пры дапамозе алкаголю, тэлебачання або рамантычнага кахання” [2, с.25]. Гераіня абірае апошні спосаб. Да каханага яе цягне не жарсць, а “экзістэнцыяльны” голад, пустата ўнутры, якая патрабуе запаўнення.

Рухаючыся ад адной любоўнай катастрофы да наступнай, Юля не набывае “вопыт пераадолення”, а наадварот робіцца больш ранімай: “Гэта ўсё тая ж самая бездань – таму трагедыя растання з эн-плюс-першым “Ім” імгненна ўключае напоўніцу пульсуючы боль мінулага, і даўно пахаваныя шкілеты дружна з’яўляюцца перад Юляй, маршыруючы, як на першамайскай дэманстрацыі” [2, с.37]. Як і над іншымі гераінямі пісьменніцы, мінулае мае над Менадай амаль містычную ўладу. Расповед аўтара аб стварэнні гераіні рамана, узнікшай з “дзіўнага верша пра каханне”, чаргуецца з разважаннямі аб сэнсе жыцця і сутнасцю літаратурных вобразаў, у якіх літаратура і жыццё ўяўляюцца адбіткамі ў пастаўленых адно насупраць другога люстэрках.

Чытаючы творы аўтара міжволі прыходзіш да высновы – да трагічнага фіналу гераінь змушае жыццё, у якім незапатрабаваныя каханне і пяшчота, што прыводзіць да непазбыўнасці адзіноты. З самага нараджэння нялюбыя, яны так і не здолеюць палюбіць сябе такімі, якія ёсць, хаваючыся за вычварнымі маскамі і гатовымі сітуацыямі, што, аднак, не ратуе ад непазбежнага краху ілюзій.

У рамане А.Наварыча “Літоўскі воўк” [8] любоўны трохкутнік не займае цэнтральнага месца ў сюжэце твора, але яго наяўнасць уплывае на падзеі. Авантурны час твора ўзбагачаецца таксама і дэтэктыўна-прыгодніцкім сюжэтам, гістарычнымі і псеўдагістарычнымі элементамі, міфалагічнымі фрагментамі.

У прынцыпе пабудовы рамана ўвасоблены матыў замкнёнага кола, твор пачынаецца і заканчваецца адным і тым жа эпізодам. Гэта значыць, што ўсе падзеі і калізіі не маюць поўнага вырашэння. Вельмі важнай з’яўляецца першая частка першага раздзела твора – “Пагрызеная лапа, або ўсё наадварот”. Тут распавядаецца аб тым жа самым, што і ў апошняй частцы, але воўк і чалавек мяняюцца месцамі. Кола раманнага дзеяння замыкаецца і застаецца нязменным.

Ідэя неадпаведнасці (усё не так, як здаецца) закранае і любоўны трохкутнік. Урбановіч увесь час вагаецца ў пачуццях да жонкі: ад падазрэнняў у здрадзе да захаплення яе вернасці роднаму краю, за які яна гатовая аддаць жыццё. Аксана хістаецца паміж патрыятычнымі памкненнямі, вернасцю мужу і пачуццямі да Артура Буевіча, які кахае іншую. Спецыфікай гэтага трохкутніка з’яўляецца тое, што ніхто з яго ўдзельнікаў не атрымлівае адказу на сваё пачуцце.

Раман А.Бутэвіча “Каралева не здраджвала каралю” [4] прысвечаны акалічнасцям чацвёртага шлюбу польскага караля Ягайлы, які ў 70-гадовым узросце ажаніўся з 17-гадовай Соф’яй Гальшанскай. Лейтматывамі твора з’яўляецца рэўнасць Ягайлы, яго падазрэнні наконт нявернасці жонкі, на гэтым фоне падаюцца падзеі, што спадарожнічалі каранаванню Ягайлы і часткова ўзгадкі пра будучае яго сыноў.

Розніца ў гадах і паходжанне каралевы, якое не задавальняла польскіх магнатаў, спараджаюць чуткі аб здрадзе каралевы і незаконным паходжанні нашчадкаў трону. У выніку прыдворных плётак утвараецца любоўны трохкутнік: кароль, каралева і рыцар Генрык, якога нават катаваннямі не прымусілі сказаць нешта іншае за фразу: “Каралева не здраджвала каралю”. Высвятленне вернасці Соф’і ў творы робіцца не толькі прыватнай але і палітычнай справай. Аўтар пакідае чытачам загадку: Соф’я ўсё жыццё апекавалася лёсам рыцара Генрыка толькі з удзячнасці за яго непарушную вернасць або сапраўды мела месца гісторыя накшталт Трыстана і Ізольды?

Такім чынам, сучасныя аўтары ў сваіх творах часта звяртаюцца да адлюстравання любоўных трохкутнікаў, прычым апошнія не заўсёды займаюць цэнтральнае месца ў сюжэце твораў. Часам пісьменнікі ствараюць псеўда-трохкутнікі, якія разбураюцца самі па сабе ці апісваюць трохкутнікі, што з’яўляюцца эфемернымі стварэннямі недабразычлівай фантазіі. Спецыфіка сюжэтабудовы большасці такіх твораў звязана з асаблівасцямі выкарыстання катэгорыі часу.

У далейшым тэарэтычныя распрацоўкі катэгорыі часу ў мастацкім тэксце могуць быць звязаны з супастаўленнем характару мастацкага часу і адпаведных культуралагічных катэгорый, даследаваннем спецыфікі спалучэння форм часу і сюжэтных схем. У гэтым ракурсе цікава было б даследаваць адметнасці ў тэмпаральных перавагах розных народаў, іх уяўленняў аб гарманічным светаўладкаванні.



Літаратура

1.  Алена Брава Каменданцкі час для ластавак: Аповесці, апавяданні [тэкст]/ Алена Брава. – Мн.: Маст. літ., 2004. – 183 с.

2. Алена Брава Менада і яе сатыры // Маладосць, 2008, №9. С. 24-56, №10. С.14 – 49.

3.  Бахтин М. Вопросы литературы и эстетики. Исследования разных лет / М. Бахтин. – М.: “Худож. лит.”,1975. – 504 с.

4. Бутэвіч А.І. Каралева не здраджвала каралю, або Каралеўкае шлюбаванне ў Навагародку: Займальны аповед пра каханне 17-гадовай беларускай князёўны Соф’і Гальшанскай і 70-гадовага караля польскага Ягайлы: раман/ Анатоль Бутэвіч. – Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2010. – 320 с.

5. Есин, А.Б. Время и пространство // Введение в литературоведение: Основные понятия и термины: Учеб. пособие // Л.В. Чернец, В.Е. Хамцев, С.Н. Бройтман и др./ Под ред. Л.В. Чернец. – М.: Высш. шк.; Издательский центр «Академия», 1999. – 556 с., С. 47 – 62.

6.  Лихачев  Д. Поэтика древнерусской литературы. 3-е изд. / Д. Лихачев. – М.: 2-я типография издательства “Наука”, 1979. – 359 с.

7.  Михайлов Н. Теория художественного текста: учеб. пособие для студ. филол. фак. высш. учеб. заведений / Н. Михайлов. – М.: Издательский центр “Академия”, 2006. – 224 с.

8. Наварыч, А. Літоўскі воўк: гіст. раман / Алесь Наварыч. – Мн.: Маст. Літ., 2005. – 285 с.

9. Рублеўская, Л. Скокі смерці. Гатычны раман // Дзеяслоў. – 2005. – №5. С. 17 – 74, №6. С. 19 – 71.

10. Рублеўская, Л. Сутарэнні Ромула// Дзеяслоў. – 2010. – №4. С. 13 – 72, №5. С. 14 – 77, № 6. С. 16 – 70.

11. Сіпакоў, Я. Зубрэвіцкая сага: раман у апавяданнях / Янка Сіпакоў. – Мінск: Літаратура і мастацтва, 2010. – 328 с.

12. Стеблин-Каменский, М.И. Пространство и время в эддических мифах // Миф/ М.И. Стеблин-Каменский. – Ленинград: Издательство «Наука», 1976. – С. 31-58.

13. Федоров, Ф. П. Романтический художественный мир: пространство и время/ Ф.Федоров. – Рига: Зинанте, 1988. – 456 с.

14. Чарота, І. А. Пошук спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура ХХ стагоддзя ў працэсах нацыянальнага самавызначэння/ І.Чарота. – Мн.: Навука і тэхніка, 1995. – 159 с.
Аннотация

Ключевые слова:

Категория времени, сюжет произведения, любовный треугольник (многоугольник), структурные связи, мотив любви, и т.д.

Центральное место в статье занимает проблема определения места мотива любви в сюжете отдельных произведений современных белорусских писателей. Также в работе внимание уделяется комплексу проблем, связанных с любовью: измена, ревность, предательство, любовь как поклонение, безответная любовь, любовь как естественное проявление жизни и т.п. Большое внимание уделяется роли темпорального компонента в сюжетной организации произведений, что позволяет подробнее рассмотреть динамику любовного мотива в тексте. Исследование проводится на материале текстов Е.Браво, Я.Сипакова, А.Бутэвича. Л.Рублевской, А.Наварича и др.


Summary

Keywords:



The category of time, the plot structure, love triangle (polygon), structure connections, the love motive, etc.

The central idea of the article is the problem of love motive determination in a plot of some works by modern Belarusian writers. Also the author of the article pays attention to a set of problems which are connected with the category of love: treason, jealousy, betrayal, love as an adoration, unrequited love, love as a natural part of life, etc. Special attention is given to the role of temporal component in a plot structure of literary works, that helps to analyze the dynamics of love motive in details. The research is based on the material of the texts by E. Bravo, I. Sipakov, A. Butevitch, L. Rublebskaya, A. Nabaritch, etc.
: sites -> bdpu.org -> files -> konferencii
sites -> Закон рэспублікі беларусь 3 ліпеня 2008 г. №420-з аб Правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года
sites -> 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
sites -> Арганізацыя дзейнасці Лятучага ўніверсітэта як рэалізацыя місіі
sites -> Пытанні да экзамену па гісторыі Беларусі
sites -> Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»
sites -> Гарадская палітыка ў беларусі: case-study рэканструкцыі гістарычнага цэнтра гродна
konferencii -> Праблема міжасабовых адносін у сентыментальнай лірыцы ігнація быкоўскага
konferencii -> Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай інтымнай паэзіі 19 стагоддзя




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка