Л. А. Антанюк Б. А. Плотнікаў Беларуская мова: прафесійная лексіка



старонка14/30
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.88 Mb.
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   30

Часціцы і мадальныя словы


Часціцы – дапаможныя словы, якія надаюць дадатковыя кантэкстуальныя сэнсавыя адценні словам, словазлучэнням, сказам, актуалізуюць іх семантычны патэнцыял. У адрозненне ад такіх непаўназначных слоў, як прыназоўнікі, злучнікі, што выконваюць пераважна сінтаксічныя функцыі, часціцы адыгрываюць роль своеасаблівага семантычнага каментатара іншых знамянальных моўных адзінак. У адпаведнасці з гэтай роляй яны падзяляюцца на тры асноўныя сэнсавыя групы, унутры якіх звычайна вылучаюць больш дэталёвыя падгрупы. Гэтыя групы ўключаюць, па-першае, часціцы, што выражаюць дадатковыя семантычныя адценні, па-другое, часціцы, якія выражаюць мадальныя адценні, па-трэцяе, часціцы, што абазначаюць эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні (гл.: КИСЕЛЕВ 1976).

Сярод часціц з дадатковым семантычным адценнем выдзяляюцца ўказальныя (вось, вунь, гэта), азначальна-ўдакладняльныя (амаль, акурат, іменна, проста, прыблізна, чыста, сапраўды, якраз), вылучальна-абмежавальныя (выключна, толькі, усяго, хаця, хіба і інш.). Сярод мадальных часціц адрозніваюць сцвярджальныя (так, але і інш.), адмоўныя (не, ні, ані), пытальныя (а, ну, няўжо, ці, хіба і інш.), параўнальныя (быццам, нібы і інш.), пабуджальныя (давай, няхай, ану і інш.). Эмацыянальна-экспрэсіўныя часціцы падзяляюцца на клічныя (вось, як, ну і інш.) і ўзмацняльныя (аж, і нават, дык ні, так і інш.). Некаторыя з пералічаных канкрэтных часціц з’яўляюцца полісемічнымі, ужываюцца ў розных выдзеленых падгрупах (параўн.: так, вось, ні і інш.). Некаторыя ж часціцы даволі шырока выкарыстоўваюцца ў значэнні слоў іншых граматычных класаў (часцін мовы), у прыватнасці, злучнікаў (параўн.: і, ні, але, ды, хаця і г.д.) і могуць лічыцца граматычнымі амонімамі. Значная колькасць часціц ужываецца як словаўтваральны і сінтаксічнаўтваральны сродак для пабудовы іншых лексем і граматычных канструкцый. Такімі часціцамі-кампанентамі ў беларускай мове служаць абы-, ані-, не-, ні-, -небудзь, -сьці (параўн.: абы-куды, аніхто, нехта, нішто, што-небудзь, хтосьці і інш.). Для ўтварэння аналітычных загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў ужываюцца часціцы давай, няхай, бы і інш. (параўн.: давай вырашаць, няхай прынясе, пайшоў бы і інш.). Асобныя часціцы выкарыстоўваюцца для выражэння сінтаксічных адносін у складаных сказах, г. зн. адыгрываюць, як ужо зазначалась, ролю злучнікаў, і для выканання марфалагічных функцый пры ўжыванні ў якасці прыставак (параўн.: не надта прыгожы і непрыгожы, ні які і ніякі, не было нікога ані і не было анікога і інш.). Прычым некаторыя былыя часціцы цалкам перайшлі ў разрад словаўтваральных афіксаў (параўн.: -ка, -небудзь, -сьці, -сь, -ся, -сьці, -та і інш. у словах дай-ка, калі-небудзь, хтосьці, штось, як-та і інш.).

Па свайму паходжанню часціцы падзяляюцца на невытворныя (параўн.: і, а, але, вунь, жа, не і інш.) і вытворныя, якія суадносяцца з адпаведнымі паўназначнымі словамі, а таксама з выклічнікамі (параўн.: выключна, гэта, давай, ах, ну, так і інш.). Праз спалучэнні дзвюх і болей аднаслоўных часціц утвараюцца састаўныя часціцы, што надаюць, як правіла, выказванню павышаную экспрэсію (параўн.: дык вось, абы толькі, куды там і інш.).

Да мадальных слоў у беларускай мове адносяцца нязменныя лексічныя адзінкі, якія выражаюць адносіны прамоўцы да рэчаіснасці ці да выказанага паведамлення. Мадальнасць з’яўляецца глабальнай семантыка-граматычнай катэгорыяй (гл.:MODALITÄT UND MODUS 1994), якая можа выражацца граматычнымі формамі (катэгорыя ладу), дзеясловамі, часціцамі. Мадальныя словы ўключаюць у свой склад нязменныя моўныя адзінкі тыпу безумоўна, бясспрэчна, відавочна, мабыць, напэўна, сапраўды і інш., з дапамогай якіх перадаюцца разнастайныя значэні даверу / недаверу, пэўнасці / няпэўнасці, магчымасці / немагчымасці і г.д. Большасць мадальных слоў паходзіць ад слоў іншых часцін мовы, але практычна страціла іх зыходнае лексічнае значэнне, зрабілася, па сутнасці, іх амонімамі (параўн., напрыклад: назоўнікі праўда, факт і інш., кароткія прыметнікі вядома, магчыма і інш., прыслоўі зразумела, відавочна і інш., дзеясловы здаецца, мусіць і інш. і суадносныя з гэтымі рознымі часцінамі мовы адпаведныя мадальныя словы). Пры пераходзе лексем згаданага тыпу да мадальных слоў страчваецца іх граматычная зменнасць, мадальныя словы замацоўваюцца ў мове адной якой-небудзь формай. У якасці мадальных могуць ужывацца ўстойлівыя словазлучэнні тыпу па ўсёй верагоднасці, можа быць і інш. У сказе мадальныя словы сінтаксічна не звязваюцца з іншымі членамі сказа, што падмацоўваецца іх выдзяленне на пісьме знакамі прыпынку, а ў вусным маўленні – адпаведнай інтанацыяй.


Выклічнікі і гукапераймальныя словы


У разрад выклічнікаў адносяцца нязменныя словы, якія непасрэдна выражаюць розныя эмоцыі, пачуцці, пабуджэнні, заклікі і да т.п. Выклічнікі не ўваходзяць у сінтаксічную структуру сказа, але звязаны з яго зместам, выдзяляюцца на пісьме знакамі прыпынку, маюць адметную, залежную ад сітуацыі маўлення інтанацыю і экспрэсію.

Па свайму сэнсу выклічнікі падзяляюцца на эмацыянальныя (параўн.: а! эх! эй! ой! ах! фу! браво ! і інш.) і імператыўныя (параўн.: алё! кыш! марш! но! стоп! Цыц! і інш.). Па паходжаню сярод выклічнікаў вылучаюцца невытворныя (тыпу ах! ого! і інш.) і вытворныя (гл.: БЕЛАРУСКАЯ МОВА 1987, 414–415), што суадносяцца са словамі іншых часцін мовы (параўн.: божа! чорт! годзе! і інш.). Выклічнікі могуць субстантывавацца, пераходзіць у часціцы, служыць базай для ўтварэння дзеясловаў з дапамогай адпаведных афіксаў (параўн.: ахаць, охаць, нукаць, ойкаць і інш.). Асобны разрад выклічнікаў складаюць этыкетныя словы тыпу добры дзень! калі ласка! дзякуй! і інш. Выклічнікі займаюць спецыфічнае месца сярод іншых часцін мовы, не ўваходзяць ні ў склад знамянальных, ні ў склад службовых, незнамянальных слоў.



Гукапераймальнымі словамі імітуюцца разнастайныя гукі жывой і нежывой прыроды (параўн.: ку-ку, дзын-дзын і да т.п.). Часцей за ўсё гукаперайманні перадаюцца на пісьме паўторамі, у якіх умоўна і прыблізна адлюстроўваецца падабенства гукаў, суадносных са словамі. Гукапераймальныя словы могуць субстантывавацца, ужывацца ў ролі практычна як любога члена сказа, так і самога сказа, служаць словаўтваральнай асновай для ўзнікнення дзеясловаў (параўн.: татакаць, мяўкаць і інш.). У некаторых граматычных апісаннях беларускай мовы (гл.: КУРС 1957, 290) гукапераймальныя словы разглядаюцца як асобны разрад выклічнікаў.

Кантрольныя пытанні да лекцыі №3


  1. Дайце азначэнне зборных назоўнікаў.

  2. Назавіце тыпы асноў назоўнікаў.

  3. Назавіце канчаткі назоўнікаў I скланення ў Д і М склонах у залежнасці ад тыпаў асноў.

  4. Пералічыце групы назоўнікаў мужчынскага роду з чыстай асновай, якія маюць канчатак у ў родным склоне.

  5. Дайце азначэнне адносных прыметнікаў.

  6. Ахарактарызуйце спецыфіку спалучэння лічэбнікаў два, тры, чатыры з назоўнікамі мужчынскага роду адзіночнага ліку з чыстай асновай.

  7. Сфармулюйце правіла скланення састаўных колькасных лічэбнікаў.

  8. Дайце азначэнне катэгорыі стану дзеяслова.

  9. Назавіце адметныя рысы дзеепрыметнікаў у параўнанні з прыметнікамі.

: dfiles
dfiles -> Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Слонімскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Аддзел ідэалагічнай работы бераставіцкага райвыканкама аддзел культуры бераставіцкага райвыканкама раённая арганізацыя таварыства “веды”
dfiles -> Значимые мероприятия – 2015 года Библиотечная система
dfiles -> Загс паведамляе: 2014 год у лічбах І фактах
dfiles -> Бібліятэкі-юбіляры Мар’інагорская гарадская бібліятэка (1993) – 20 гадоў
dfiles -> Адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца Міністэрствам энергетыкі Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян
dfiles -> «а калі не спяваць аб радзіме, дык навошта наогул спяваць»


1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   30


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка