Л. А. Антанюк Б. А. Плотнікаў Беларуская мова: прафесійная лексіка



старонка9/30
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.88 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   30

Лічэбнік


Часціна мовы, якая абазначае пэўную або няпэўную колькасць, мае катэгорыю склону, а таксама менш выразна граматычныя катэгорыі роду і ліку. Лічэбнікі могуць ужывацца ў якасці самастойных слоў, што абазначаюць адцягнены лік, і несамастойна ў спалучэнні з субстантывамі. Колькасць лічэбнікаў у беларускай мове, як і ў іншых мовах свету, служыць закрытым мноствам (гл. ЧЕЙФ 1975, 261), але іх камбінацыямі (спалучэннямі асобных лічэбнікаў) можна выразіць бясконцы лік розных адзінак. З семантычнага пункту гледжання лічэбнікі падзяляюцца на пэўна-колькасныя, што фіксуюць дакладны лік чаго-небудзь (параўн.: сем, дваццаць, сто і інш.) і няпэўна-колькасныя (гл.: ВЯРХОЎ 1961, 4, 21), якія выражаюць недакладны лік адзінак (параўн.: многа, мала, шмат, некалькі і інш.).

Сярод пэўна-колькасных лічэбнікаў выдзяляюцца зборныя, што абазначаюць колькасць як адно цэлае, адзінства (параўн.: сямёра, пяцёра і інш.), дробавыя, што абазначаюць часткі цэлага (параўн.: адна пятая, тры сёмых і інш.) або цэлае і яго часткі (параўн.: шэсць цэлых восем дзевятых і інш.), прычым могуць выражаць і незлічоныя прадметы, адцягненыя паняцці, матэрыяльныя рэчывы (параўн.: тры пятых аб’ёму вады, дзве трэціх насельніцтва і інш.). Зборныя назоўнікі часцей за ўсё спалучаюцца з назвамі маладых істот (параўн.: трое ягнят, пяцёра парасят і інш.), асобамі мужчынскага полу (параўн.: двое салдат, чацвёра вучняў і інш.), субстантываванымі прыметнікамі, асабовымі займеннікамі, множналікавымі назоўнікамі (параўн.: двое незнаёмых, нас трое, чацвёра саней і інш.), пры набыцці імі сэнсу прыслоўяў тыпу ўдвух (гл.: ЧЕРНЫШЕВ 1970, 542). Зборныя лічэбнікі не маюць роду і ліку, утвараюцца звычайна ад колькасных лічэбнікаў у межах ад двух да дзесяці, натуральна робяцца субстантывамі (параўн.:Сямёра аднаго не чакаюць і інш.), рэдка выкарыстоўваюцца ў навуковым і ў афіцыйна-дзелавым стылях. Зборны лічэбнік абодва (мужчынскі і ніякі род) у жаночым родзе мае форму абедзве, а пры спалучэнні з назоўнікамі, што абазначаюць асоб мужчынскага і жаночага роду, ужываецца форма абое (гл.: СУЧАСНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ МОВА 1997, 116–117).

Як і дробавыя лічэбнікі, няпэўныя спалучаюцца з назоўнікамі, што абазначаюць матэрыяльныя рэчывы, абстракт-ныя рэаліі (параўн.: шмат снегу, мала розуму і інш.).



Лічэбнікі з’яўляюцца тыповымі не граматычнымі, а лексіка-граматычнымі разрадамі слоў, бо выражанае імі паняцце мае найперш семантычную прыроду (гл.:СУПРУН 1969, 4), у той час як марфалагічныя катэгорыі прадстаўлены ў іх непаслядоўна і менш выразна (гл.: РЕФОРМАТСКИЙ 1987, 77–81), таму што адны лічэбнікі надзелены граматычнымі характарыстыкамі назоўнікаў (словы тыпу тысяча, мільён і інш.), другія – прыметнікаў (парадкавыя лічэбнікі), трэція маюць не зусім вызначаны граматычны статус (словы тыпу шмат, некалькі і інш.). У матэматыцы лічэбнікі выступаюць як абазначэнні абстрактных велічынь і могуць функцыянаваць самастойна, без спалучэння з назоўнікамі (параўн.: Тры плюс тры будзе шэсць і да т.п.). У адрозненне ад слоў іншых часцін мовы многія лічэбнікі могуць дубліравацца на пісьме лічбамі, і арабскімі, і лацінскімі, якія ўжываюцца часта ў пісьмовым тэксце побач і ў спалучэнні з вербальнымі сродкамі (параўн.: у 1999 годзе, 2/3 атрыманай сумы і інш.).

Па сваёй граматычнай структуры лічэбнікі падзяляюцца на простыя, складаюцца з аднаго кораня (параўн.: два, тры, пяць і інш.), складаныя, маюць як мінімум дзве асновы (параўн.: пяцьдзесят, пятнаццаць і інш.), састаўныя, утвараюцца з двух і болей лічэбнікаў-слоў (параўн.: трыццаць тры, пяцьсот семдзесят шэсць і інш.). Асноўнай граматычнай прыкметай лічэбнікаў служыць катэгорыя склону, бо ўсе яны, акрамя паўтара, паўтары, дзевяноста, мала, шмат, многа, нямала, скланяюцца. Па родах і ліках змяняецца толькі колькасны лічэбнік адзін, а толькі па родах – паўтара, паўтары, абодва, абедзве, два, дзве. Астатнія колькасныя лічэбнікі не маюць катэгорый роду і ліку, апрача тых, што належаць па сваіх граматычных прыкметах да назоўнікаў (словы тыпу більён, мільярд і інш.). У склад назоўнікаў уключаюцца ўтвораныя ад лічэбнікаў словы накшталт тройка, сотня, дзесятак і інш., якія маюць родавыя адрозненні, спалучаюцца з лічэбнікамі і прыметнікамі (параўн.: адна пяцёрка, цудоўная дзесятка і інш.) і акрамя ліку выражаюць прадметнасць. Пэўныя колькасныя лічэбнікі пры постпазіцыйным ужыванні выражаюць прыблізную колькасць (параўн.: сем чалавек і чалавек сем і інш.). Катэгорыю адушаўлёнасці маюць толькі лічэбнікі адзін, два, тры, чатыры. Асобную невялікую групу лічэбнікаў складаюць займеннікавыя, што ўключаюць у свой склад словы колькі, некалькі, столькі, гэтулькі і інш. Дадзеныя словы выступаюць як адносныя і пытальныя займеннікі, у спалучэнні з дзеясловамі як прыслоўі, а таксама ўжываюцца для абазначэння няпэўнай колькасці
(гл.: ЧАБЯРУК 1977, 8). У апошнім выпадку гэтыя словы звычайна спалучаюцца з назоўнікамі ў родным склоне (параўн.: столькі радасці, колькі хваляванняў і інш.) і скланяюцца як прыметнікі множнага ліку.

Парадкавыя лічэбнікі па сваёй семантыцы адносяцца да лічэбнікаў, а па граматычных уласцівасцях – да прыметнікаў. У першым выпадку яны суадносяцца з пэўнымі колькаснымі паняццямі, маюць сваё вызначанае месца пры лічэнні, могуць выражацца на пісьме лічбамі (параўн.: 11- ы паверх, 2000-ы год і інш.). Марфалагічныя катэгорыі роду, ліку, склону ў парадкавых лічэбніках прадстаўлены як і ў граматычна зменных прыметнікаў. У састаўных лічэбніках пры гэтым скланяецца толькі апошняя слова (параўн.: у тысяча дзевяцьсот дзевяноста дзевятым годзе і інш.).

Граматычнай асаблівасцю дробавых лічэбнікаў служыць тое, што яны ўтвараюцца з колькасных лічэбнікаў (у лічніку) і парадкавых (у назоўніку); параўн.: адна трэцяя, тры пятых і інш. Пры спалучэнні дробавых лічэбнікаў з назоўнікамі, апошнія ўжываюцца ў родным склоне (параўн.: адна чацвёртая кілаграма і інш.). Да дробавых лічэбнікаў адносяцца словы паўтара (ужываецца ў спалучэнні з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду) і паўтары (выкарыстоўваецца ў спалучэнні з назоўнікамі жаночага роду). Колькасныя лічэбнікі адзін, два, тры, чатыры дапасуюцца да назоўнікаў, а лічэбнікі ад пяці і вышэй граматычна кіруюць назоўнікамі.



Скланенне лічэбнікаў адбываецца па розных узорах. Лічэбнікі адзін, адна, адно скланяюцца як прыметнікі, лічэбнікі пяць – дзесяць, адзінаццаць – дваццаць, трыццаць скланяюцца па ўзору скланення назоўнікаў жаночага роду тыпу радасць. Лічэбнікі сорак, сто маюць толькі дзве склонавыя формы (назоўны і вінавальны – сорак, сто, астатнія склоны – сарака, ста). Зборныя лічэбнікі скланяюцца як займеннікі твае, свае. У дробавых і састаўных лічэбнікаў скланяюцца ўсе кампаненты-словы, у складаных лічэбнікаў дзвесцедзевяцьсот скланяюцца абедзве часткі, якія маюць канчаткі назоўнікаў ніякага роду множнага ліку.

: dfiles
dfiles -> Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Слонімскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Аддзел ідэалагічнай работы бераставіцкага райвыканкама аддзел культуры бераставіцкага райвыканкама раённая арганізацыя таварыства “веды”
dfiles -> Значимые мероприятия – 2015 года Библиотечная система
dfiles -> Загс паведамляе: 2014 год у лічбах І фактах
dfiles -> Бібліятэкі-юбіляры Мар’інагорская гарадская бібліятэка (1993) – 20 гадоў
dfiles -> Адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца Міністэрствам энергетыкі Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян
dfiles -> «а калі не спяваць аб радзіме, дык навошта наогул спяваць»


1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   30


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка