Л. М. Гамеза (Мінск)



Дата канвертавання01.07.2016
Памер64.72 Kb.

Л. М. Гамеза (Мінск)



КОМПЛЕКСНЫЯ МЕТАДЫЧНЫЯ СРОДКІ ПАПАЎНЕННЯ СЛОЎНІКАВАГА ЗАПАСУ ВУЧНЯЎ: ДЫЯХРАНІЧНЫ АСПЕКТ І СУЧАСНЫ СТАН
Узбагачэнне (пашырэнне, папаўненне) слоўнікавага запасу школьнікаў – адна з важных задач навучання мове, ад вырашэння якой залежыць узровень маўленчай культуры вучняў. Канцэпцыя моўнай адукацыі ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь і распрацаваныя на яе аснове адукацыйны стандарт і праграма па беларускай мове арыентуюць на фарміраванне маўленчай культуры школьнікаў, авалоданне ведамі і практычнымі ўменнямі, якія забяспечваюць эфектыўную маўленчую дзейнасць у тыповых сітуацыях камунікацыі. Аднак у апошнія гады адзначаецца ўплыў на іх маўленчую практыку неўнармаванай размоўнай лексікі, прастамоўяў, жарганізмаў, запазычаных слоў. Акрамя таго, школьнікі з дастаткова высокім узроўнем лінгвістычных ведаў сутыкаюцца з цяжкасцямі пры стварэнні ўласных выказванняў. Гэта тлумачыцца ў першую чаргу адсутнасцю ў іх належнага слоўнікавага запасу для выкарыстання ў розных відах маўленчай дзейнасці.

У метадычнай навуцы да 70-х гадоў ХХ стагоддзя ўзбагачэнне слоўнікавага запасу школьнікаў разглядалася як слоўнікавая работа, якая праводзілася выключна на практычнай аснове пры падрыхтоўцы да напісання пераказаў і сачыненняў (П. А. Афанасьеў, В. А. Дабрамыслаў, М. А. Рыбнікава).

У 70 – 80-я гады ў сувязі з уключэннем у праграмы па беларускай і рускай мовах для вывучэння ў V класе новага раздзела "Лексіка. Фразеалогія" работа па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу школьнікаў пашырылася за кошт тэарэтычнай асновы – засваення вучнямі сістэмных сувязей лексіка-семантычнага ўзроўню: тэматычных груп слоў, сінанімічных радоў, антанімічных пар (М. Т. Баранаў, В. І. Капінос, А. Ю. Купалава, А. В. Пруднікава).

Праблему ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў у аспекце развіцця маўлення і фарміравання лексічных уменняў даследавалі і беларускія вучоныя (Г. М. Валочка, В. П. Красней, В. А. Ляшчынская, Ф. М. Літвінка, Л. А. Мурына, Г. І. Нікалаенка, І. І. Паўлоўскі, В. У. Протчанка, М. Г. Яленскі). Адзначым, што ў даследаваннях беларускіх вучоных-лінгвадыдактаў узбагачэнне слоўнікавага запасу школьнікаў суадносілася таксама з навучаннем лексіцы і падрыхтоўкай да напісання творчых відаў работ.

Пачынаючы з 90-х гадоў ХХ стагоддзя аб’ектамі моўнай адукацыі ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца мова і маўленне. У працэсе засваення ведаў аб сістэме мовы і функцыянаванні моўных адзінак у маўленні вучні авалодваюць моўнымі паняццямі (моўны напрамак); пры засваенні маўленчай тэорыі – маўленча-камунікатыўнымі паняццямі (маўленча-камунікатыўны напрамак). Кожны напрамак мае сваю сістэму паняццяў і тэрмінаў, якія павінны складаць тэарэтычныя асновы і сродкі ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў. Акрамя таго, да тэарэтычных асноў узбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў павінны адносіцца сістэмныя аб’яднанні слоў розных часцін мовы і вобразна-выяўленчыя сродкі мовы для выкарыстання іх у розных відах маўленчай дзейнасці. Вылучаныя тэарэтычныя асновы ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў: 1) моўныя паняцці ўсіх узроўняў моўнай сістэмы; 2) маўленча-камунікатыўныя паняцці, неабходныя для фарміравання ўменняў карыстацца мовай у розных відах маўленчай дзейнасці; 3) сістэмныя аб’яднанні слоў розных часцін мовы; 4) семантычны сегмент усіх лінгвістычных з’яў (артыкуляцыйна-вымаўленчыя, фанетыка-стылістычныя характарыстыкі слоў, лексічныя значэнні слоў, лексічныя вобразна-выяўленчыя сродкі мовы, семантычная прырода словаўтваральных марфем, сэнсавыя і маўленчыя характарыстыкі марфалагічных формаў) – з’яўляюцца сукупнасцю моўных і маўленча-камунікатыўных з’яў, паняццяў, якія знаходзяцца ва ўзаемасувязі і з’яўляюцца сродкамі навучання і ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў.

У працэсе аналізу школьных праграм і падручнікаў па беларускай мове выяўлены сродкі ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў: моўныя і маўленча-камунікатыўныя паняцці.



Моўныя паняцці: 1) фанетыка-арфаэпічныя: галосныя, зычныя, звонкія, глухія, няпарныя звонкія, фанетычнае падаўжэнне і інш.; 2) лексіка-фразеалагічныя: агульнаўжывальныя словы і словы абмежаванага ўжытку, адназначныя і мнагазначныя словы, прамое і пераноснае значэнне слова, сінонімы, антонімы і амонімы, фразеалагізмы і інш.; 3) марфемна-словаўтваральныя: аднакаранёвыя словы, словы з эмацыянальна-ацэначнымі суфіксамі, корань, прыстаўка, суфікс, вытворная аснова і інш.; 4) марфалагічныя: агульныя і ўласныя, канкрэтныя і абстрактныя, адушаўлёныя і неадушаўлёныя, асабовыя, зборныя, рэчыўныя назоўнікі, род, лік назоўнікаў; зваротныя / незваротныя дзеясловы, трыванне, час, лад, асоба дзеяслова; якасныя, адносныя, прыналежныя прыметнікі, ступені параўнання якасных прыметнікаў; колькасныя, парадкавыя, зборныя, дробавыя лічэбнікі; групы займеннікаў паводле значэнняў; дзеепрыметнікі як асобыя формы дзеяслова, дзеепрыметныя звароты, дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану; дзеепрыслоўі як асобыя формы дзеяслова, дзеепрыслоўі незакончанага і закончанага трывання; групы прыслоўяў па значэнні, ступені параўнання прыслоўяў; прыназоўнік як службовая часціна мовы; злучальныя і падпарадкавальныя злучнікі; часціца як службовая часціна мовы і інш.

У праграме па беларускай мове ўказаны маўленча-камунікатыўныя паняцці, якімі павінны авалодаць вучні: маналагічнае, дыялагічнае маўленне; вуснае, пісьмовае маўленне; гутарковы, навуковы, публіцыстычны, афіцыйны, мастацкі стылі маўлення; тэма, асноўная думка тэксту; часткі тэксту, абзац; прыметы тэксту (тэматычнае адзінства, спосаб (тып) выкладу думкі, сэнсавая і структурная завершанасць і інш.). Дадзеныя паняцці складаюць маўленча-камунікатыўную аснову ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў.



Метадычныя сродкі ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў з’яўляюцца комплекснымі, паколькі прадугледжваюць работу над словам у комплексе яго характарыстык з улікам існуючых сувязей паміж узроўнямі моўнай сістэмы (наяўнасць аднаго націску ў слове, фанетычная аформленасць і немагчымасць уставак і змен унутры слова, аднесенасць слова да пэўнай часціны мовы і яго граматычная аформленасць, наяўнасць значэння і асаблівасцей ужывання слова ў маўленні) і фарміраванне ўменняў асэнсаванага выкарыстання моўных, маўленча-камунікатыўных паняццяў, сродкаў мастацкай выразнасці ў тэкстах розных тыпаў, стыляў, жанраў на аснове распрацаванай трохузроўневай сістэмы вербальна-семантычных, тэзаўрусных, прагматычных практыкаванняў, што з’яўляецца канцэптуальна новым вырашэннем адной з галоўных праблем у сучаснай методыцы.

Моўнае і маўленча-камунікатыўнае развіццё вучняў мае наступныя ўзроўні: 1) вербальна-семантычны (актыўны слоўнік вучняў); 2) лінгвакагнітыўны (тэзаўрус вучняў); 3) прагматычны, або матывацыйны (камунікатыўна-дзейнасныя патрэбнасці вучняў). Адсюль вынікае, што ў працэсе авалодання словам умоўна вылучаюцца: вербальна-семантычны ўзровень, які накіраваны на авалоданне моўнымі і маўленча-камунікатыўнымі паняццямі (сінонімамі, антонімамі, амонімамі, мнагазначнасцю, аднакаранёвымі словамі, сродкамі сувязі слоў у сказах і інш.); тэзаўрусны ўзровень, накіраваны на навучанне практычнаму выкарыстанню гэтых паняццяў на ўсіх моўных узроўнях для стварэння звязных выказванняў (складанню сінанімічных радоў, антанімічных пар, лексіка-семантычных, лексіка-граматычных і тэматычных груп слоў, асэнсаванню сістэмных сувязей лексіка-семантычнага, лексіка-граматычнага ўзроўняў, ужыванню слоў у словазлучэннях, сказах); прагматычны ўзровень, накіраваны на забеспячэнне маўленча-камунікатыўных патрэб школьнікаў, фарміраванне маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі – стварэнне тэкстаў розных тыпаў, стыляў, вызначэнне сітуацыі маўлення: адрасата, месца, мэты; адбор адпаведнай лексікі, моўных сродкаў для той ці іншай сітуацыі маўлення, параўнанне сітуацый маўлення, тыпаў, стыляў, вызначэнне моўных адрозненняў.

Для рэалізацыі вышэйазначаных задач узбагачэння слоўнікавага запасу на аснове сучасных падыходаў да навучання неабходна сістэма практыкаванняў, якая на вербальна-семантычным узроўні прадугледжвае знаёмства з моўнымі, маўленча-камунікатыўнымі паняццямі, выяўленне семантыкі незразумелых слоў, выбар прыёму семантызацыі слова, фарміраванне фанетычна правільнага вымаўлення, правільнага напісання, засваенне арфаэпічных, інтанацыйных і арфаграфічных нормаў беларускай літаратурнай мовы; на тэзаўрусным узроўні прадугледжвае заданні на падбор сінонімаў, антонімаў, амонімаў да слова, стварэнне лексіка-семантычных, лексіка-граматычных і тэматычных груп слоў, словаўтваральных тыпаў слоў, ужыванне слоў у словазлучэннях, сказах; на прагматычным узроўні ўключае практыкаванні на мэтанакіраванае выкарыстанне і аналіз лексічных, лексіка-граматычных сродкаў у тэкстах розных стыляў і тыпаў.

Матэрыялам для практыкаванняў вербальна-семантычнага ўзроўню з’яўляюцца сінонімы, антонімы, амонімы, прафесіяналізмы, аднакаранёвыя словы, марфемы, часціны мовы і інш., ілюстрацыйны моўны матэрыял пры вывучэнні гэтых паняццяў. Матэрыялам для практыкаванняў тэзаўруснага ўзроўню служаць сістэмныя лексіка-семантычныя, лексіка-тэматычныя, лексіка-граматычныя групы слоў, якія дазваляюць адабраць для выказвання пэўнага тыпу, стылю адпаведную лексіку. Матэрыялам для практыкаванняў прагматычнага характару служаць функцыянуючыя ў маўленні словы, адпаведныя лексічныя, лексіка-граматычныя сродкі маўлення, якія абапіраюцца на моўныя веды школьнікаў, набытыя ў працэсе навучання раздзелам школьнага курса беларускай мовы і накіраваныя на фарміраванне індывідуальна-кантэкстных уменняў выяўлення функцыі слова, трапнага ўжывання слова ў адпаведнасці з тыпам, стылем, жанрам маўлення, мэтанакіраванай замены слова блізкім або супрацьлеглым па значэнні і інш.



Трэба адзначыць, што ў практыцы работы практыкаванні ўсіх узроўняў мэтазгодна выкарыстоўваць у адзінстве.
Літаратура


  1. Гамеза, Л.М. Лінгваметадычная сістэма ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў V – VII класаў / Л.М. Гамеза. – Мінск: БДУ, 2002. – 134 с.

: bitstream -> 123456789 -> 106325
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка