Ластоўскі Вацлаў Юстынавіч



Дата канвертавання15.05.2016
Памер31.39 Kb.
Ластоўскі Вацлаў Юстынавіч

Беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф.

Нарадзіўся 27 кастрычніка 1883 г. на хутары Калеснікі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у сям'і беззямельнай шляхты. Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу, пасля чаго непрацяглы час вывучаў лацінскую мову ў свайго дзядзькі Франца Ластоўскага. У 1896 г. з'ехаў у Вільню, дзе працаваў пасыльным ў віннай краме.

У 1902 г. ўступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. У 1904 – 1905 гг. слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. З 1906 г. пражываў у Рызе, дзе займаўся самаадукацыяй, тут далучыўся да мясцовага беларускага руху. У 1906 – 1908 гг. з'яўляўся сябрам партыі Беларуская Сацыялістычная Грамада.

З сакавіка 1909 г. Вацлаў Ластоўскі зноў апынуўся ў Вільні, дзе ў 1909 – 1914 гг. з'яўляўся рэдакцыйным сакратаром газеты «Наша Ніва». Рэдагаваў часопісы «Саха» (1912 г.), «Беларускі сцяг» (1922 г.), газету "Гоман" ( 1916 – 1917 гг.). Выступіў ініцыятарам шырокай дыскусіі пра шляхі развіцця, творчых метадах, кірунку і стылі беларускай літаратуры.

У час Першай сусветнай вайны заставаўся ў Вільні. У студзені 1915 г. сумесна з іншымі беларускімі грамадска-палітычнымі дзеячамі падпісаў зварот да нямецкіх акупацыйных улад аб выданні беларускіх газет. Кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, курыраваў выданне школьных падручнікаў, сам удзельнічаў у іх напісанні. Ластоўскі з'яўляецца адным з аўтараў «Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі», у якім адстойваў права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё. У сакавіку 1918 г. увайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (далей – БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні незалежнасці БНР. У канцы 1918 г. быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Берліне. З 1919 г. – член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (далей – БПС-Р). У снежні 1919 г. узначаліў Кабінет міністраў Народнай Рады БНР.

17 снежня 1919 г. польскія ўлады арыштавалі Вацлава Ластоўскага. З-пад варты ён быў вызвалены ў лютым 1920 г., затым пераехаў у Рыгу, а адтуль – у Каўнас. Разам з іншымі беларускімі грамадска-палітычнымі дзеячамі ўвайшоў у Камітэт замежных груп Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху. Пасля падпісання папярэдніх умоў міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай (кастрычнік 1920 г.) на мірнай канферэнцыі ў Парыжы Ластоўскі прасіў краіны Антанты аказаць дапамогу ўраду БНР. 20 кастрычніка 1920 г. на канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага быў створаны блок беларускіх партый, які выступаў за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі Камітэта замежных груп і Цэнтральнага Камітэта БПС-Р на з'ездзе партыі ў Мінску ў снежні 1920 г. выключаны з партыі беларускіх эсэраў, якія на савецкай тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі савецкую ўладу.

У 1920 – 1923 гг. Вацлаў Ластоўскі з дыпламатычнымі місіямі наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю, выступаючы за правы беларускага народа, асабліва ў Заходняй Беларусі. 20 красавіка 1923 г. падаў у адстаўку з пасады прэм'ер-міністра БНР. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў у Літве. У 1923 – 1927 гг. выдаваў часопіс «Крывіч», надрукаваў некалькі падручнікаў. Узначальваў «Камітэт 400-гадовага юбілею беларускага друку».

Пад націскам неспрыяльных абставін (адмова літоўскага ўрада фінансаваць выданне «Крывіча», палітычны пераварот 17 снежні 1926 г. ў Літве) у красавіку 1927 г. пераехаў у БССР.

Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інстытуце беларускай культуры. З 1928 г. з'яўляецца акадэмікам Беларускай Акадэміі навук. Працаваў у «Камісіі жывой беларускай мовы», уваходзіў у «Камісію па ахове помнікаў даўніны ў БССР». Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, падчас адной з якіх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.



Пастановай Савета Народных Камісараў БССР 20 лістапада 1929 г. вызвалены ад пасады сакратара Беларускай Акадэміі навук. 21 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска. У 1931 г. высланы на 5 гадоў у Саратаў, пазбаўлены звання акадэміка. Працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. 23 студзеня 1938 г. прысуджаны да расстрэлу «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988 г., па другім – 16 верасня 1958 г. Адноўлены ў званні акадэміка Акадэміі навук Беларусі ў 1990 г.

Акрамя грамадска-палітычнай дзейнасці, Ластоўскі таксама вядомы як даследчык гісторыі Беларусі. У 1910 г. у Віцебску ён выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі», у пачатку 1920-х гг. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі». Даследаваў старажытна-беларускую літаратуру, вынікам чаго стала выданне ў 1926 г. «Гісторыі беларускай (крэўскай) кнігі». Аўтар гістарычнай аповесці «Лабірынты» (1923 г.), серыі "буквароў", прызначаных для дзяцей і моладзі.
: uploads -> documents
documents -> Месца для фотакарткi
documents -> Воіны-землякі, якія загінулі ці прапалі без вестак на франтах вялікай айчыннай вайны ў 1941-1945 гг. Частка 1
documents -> Веска амельчанкі бекішаў Кірыла Аляксеевіч, н. ў 1906, рад., прапаў без вестак
documents -> Уключаных у Дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
documents -> Расоны (да вайны — мяст. Станіславова)
documents -> Веска амосенкі (былы калгас «vii з'езд Саветаў»)
documents -> Аглядная экскурсія па экспазіцыі краязнаўчага музея
documents -> Партызанскі рух на тэрыторыі Ушацкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны
documents -> Інфармацыя аб мясцовых Саветах дэпутатаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню Глыбоцкага раёна




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка