Лекцыя 14 Грамадскія традыцыі беларусаў



Дата канвертавання04.07.2016
Памер118.89 Kb.
Лекцыя 14 Грамадскія традыцыі беларусаў
1 Сельская абшчына. Абшчынныя звычаі.

2 Традыцыйныя каляндарныя абрады беларусаў.


1 Сельская абшчына. Абшчынныя звычаі. Абшчына - адна з форм сацыяльнай арганізацыі людзей. Узнікла ў першабытным грамадстве - сначатку складалася з кроўных родзічаў і характарызавалася калектыўнымі вытворчасцю і ўласнасцю на сродкі вытворчасці, поўнай роўнасцю яе членаў. Развіццё вытворчых адносін, павелічэнне прадукцыйнасці працы ў выніку грамадскага раздзялення працоўнай дзейнасці, узнікненне класаў і дзяржавы прывяло да паступовага распаду родавай абшчыны. У класавых дакапіталістычных грамадствах абшчына была адной з ніжэйшых сацыяльных ячэек, арганізаваных паводле саслоўнага і тэрытарыяльнага прынцыпу з поўным ці частковым самакіраваннем і калектыўным валоданнем некаторымі сродкамі вытворчасці, напрыклад, зямлёй. У сярэднія вякі суседская (тэрытарыяльная) абшчына аб'ядноўвала галоўным чынам сялянскае насельніцтва і была характэрнай для многіх еўрапейскіх краін.

На Беларусі суседская абшчына называлася грамадой. Складалася з аднаго або некалькіх сельскіх пасяленняў, валодала ворнай зямлёй, пашамі, ляснымі ўгоддзямі і інш. Мела органы самакіравання (сельскі сход), выбарных асоб (стараста, лаўнікі, дзесяцкія); існаваў абшчынны суд. У межах абшчыны рэгуляваліся адносіны паміж сялянамі, размяркоўваліся цяглавыя павіннасці, назапашвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне сацыяльна значная інфармацыя, каштоўныя традыцыі і г. д. Адносіны ў сялянскай Абшчына рэгламентаваліся грамадскай думкай і звычаёвым правам, якое часта падмацоўвалася дзяржаўным правам. Характэрнымі рысамі грамадскага побыту абшчыны былі каляндарныя святы і звычаі (каляды, купалле, талака, вячоркі, масавыя ігрышчы і інш.). Абшчына ўплывала і на побыт сялянскай сям'і, яе звычаі і абрады. Развіццё феадалізму, якое суправаджалася ўзмацненнем прыгоннай сістэмы і знішчэннем калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, вяло да зніжэння сацыяльнай значымасці сялянскіх абшчын, і яны паступова ператварыліся ў бяспраўныя прыдаткі дзяржаўнага апарату. Гэты працэс на Беларусі паскорыўся пасля аграрных і адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэформ 16 ст. Разам з тым у перыяд позняга феадалізму (17 - 18 ст.) абшчынныя формы адносін захаваліся ў арганізацыі валасцей (на Усходзе Беларусі), копных сходаў і судоў, сельскіх грамад, дворышчаў і інш. З пранікненнем у сельскую гаспадарку капіталістычных форм вытворчасці (19 ст.) пачалося канчатковае разбурэнне абшчынных адносін і арганізацый.сАбшчынныя звычаі: талака, бонда, сябрына.



Талака - даўні народны звычай калектыўнай дапамогі ў гаспадарчых работах у беларусаў і інш. славянскіх народаў. Звычайна на адзін дзень запрашалі сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў для тэрміновай ці працаёмкай работы, якая вымагала многа работнікаў і цягла: зрубіць хату, скасіць сена, зжаць жыта, выбраць бульбу, вывезці лес, гной на поле і інш. Памагалі найперш пагарэльцам, удовам, салдаткам, бясконным. Талака звычайна заканчвалася застоллем, спяваннем талочных песень. У гэтым звычаі выяўляюцца рысы старажытнага калектывізму і рэшткі абшчыннага побыту. У час прыгону паны выкарыстоўвалі народны звычай і ўводзілі прымусовыя талокі для выканання тэрміновых сельскагаспадарчых работ звыш абавязковых сялянскіх павіннасцей, т. зв. згоны, гвалты.

Бонда - беларускі народны звычай частавання блізкіх і аднавяскоўцаў свежыной, а таксама хлебам, садавінай, агароднінай новага ўраджаю. Дзяліліся мясам дамашняй і забітай у час палявання дзікай жывёлы, рыбай, мёдам (у час яго выбірання з вулляў). Звычай сведчыць пра існаванне ў старажытнасці калектыўнай (абшчыннай) гаспадаркі і грамадскай уласнасці. У наш час страціў сваю назву, але па-ранейшаму захоўваецца як народная традыцыя калектыўных узаемаадносін.

Сябрына - народны звычай сумеснага карыстання сенажаццю, пашай, пчоламі, падоранай жывёлай і г. д. Саўладальнікаў маёмасці называлі сябрамі. Характэрнымі рысамі адносін паміж імі была дружба і ўзаемадапамога. Звычай сябрына, як і бонда, патранімічнага паходжання. Была найболып пашырана ў 14-16 ст. на поўдні Беларусі. Рэшткі сябрыны захаваліся да пачатку 20 ст.

2 Традыцыйныя каляндарныя абрады. Традыцыйная каляндарная абраднасць беларусаў мае аграрную аснову, звязана з народным каляндаром. У каляндарнай абраднасці вылучаюць чатыры цыклы: веснавы, летні, восеньскі і зімовы. Ахарактарызуем некаторыя каляндарныя абрады.



Каляды – народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. У гадавым крузе народных аграрных абрадаў і святкаванняў храналагічна займала першае месца. Царква прымеркавала да старажытных каляд рэлігій-ныя святы нараджэння Хрыста і вадохрышча, таму за калядамі замацаваўся час з 24 снежня па 6 студзеня (с. ст.) уключна. Для абраднасці каляд характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад першым днём свята, багатая (тоўстая, шчодрая, мясная) перад Новым годам і посная (галодная, вадзяная) перад вадохрышчам. Абавязковай стравай была ўласна куцця — ячная каша. У час каляд наладжвалі калядаванне, варажбу, шматлікія забавы, гульні, спявалі калядныя песні, у якіх віншавалі гаспадароў хаты, жадалі ім дабра і заможнасці, услаўлялі іх працавітасць і шчодрасць, дабрадушна кпілі з малалеткаў, дзеда ці старой.

Калядаванне - народны традыцыйны звычай хаджэння каляднікаў па хатах на каляды з выкананнем велічальных калядных песень, тэатралізава-ных сцэнак, пераапрананнем у «казу», «мядзведзя», «кабылу», «жорава». За гэта каляднікам давалі дарункі (сала, каўбасы). У аснове калядавання - старажытная аграрная абраднасць, агульным прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле нар. выразу «ад каляд сонца паварочвала на лета») і забеспячэнне добрага ўраджаю ў новым гаспадарчым годзе пры дапамозе магічных дзеянняў. Як рэшткі зімовых язычніцкіх святкаванняў калядаванне забаранялася царквой. 3 цягам часу яно набыло характар забавы. У калядныя дні, у вечар перад Новым годам (с. ст., на другую куццю, якая ў народзе называлася багатай, шчодрай, тоўстай, мясной), адбывалася шчадраванне: дзяўчаты хадзілі па хатах са «шчодрай» (прыгожай дзяўчынай, якую апраналі ў святочнае адзенне, а на галаву надзявалі папяровы вянок з разнаколернымі стужкамі) і выконвалі шчадроўскія песні (вельмі блізкія да калядных песень), якія ўслаўляюць гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей.

Масленіца - старажытнае перадвеснавое свята ў славянскіх народаў, звязанае з культам прыроды (адраджэннем пладаносных сіл зямлі). Лакальная назва масленка, сырніца. Асноўная накіраванасць абраднасці масленіцы — провады зімы, паскарэнне прыходу вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю і дастатку ў хаце. Святкавалі масленіцу некалькі дзён. У вёсцы яна звычайна пачыналася ў чацвер. Царква прымеркавала масленіцу на нядзелю перад вялікім постам. На масленічным тыдні ў дзень т. зв. святога Уласа ў некаторых мясцінах Беларусі аб'язджалі маладых коней і валоў. У гэты ж дзень моладзь наладжвала гушканне на арэлях (магічны сэнс гушканняў - каб лён доўгім рос), каталася на санках, спявала масленічныя песні. Тэматыка іх працоўна-земляробчая, а таксама жартоўна-бытавая і гарэзліва-любоўная. На Беларусі на масленіцу адведвалі бабку-павітуху. Існаваў звычай цягання хлопцамі «калодкі» па сяле з абавязковым заходам у хату, дзе была сталая дзяўчына; яна павінна была пачаставаць іх. Не прыпыніцца з «калодкаю» перад хатаю дзяўчыны лічылася знявагай для яе. Вядомы і іншыя звычаі. У панядзелак на масленічным тыдні збіраліся жанчыны, прывязвалі да «калодкі» адзін канец папружкі ці пояса, а другі канец - да халастога хлопца, які сустрэўся ім, як бы ў пакаранне за тое, што ён не ажаніўся за мінулы мясаед (перыяд пасля каляд). Калі хлопец не хацеў цягаць «калодку» за сабою ўвесь дзень, ён мусіў адкупіцца. Тое ж адбывалася і з дзяўчатамі. Заканчвалася масленіца «запускамі» («запустамі») на малочнае. У нядзелю, калі арганізоўваліся «запускі», на вячэру гатавалі толькі малочныя стравы, сярод якіх важную ролю адыгрывалі сыр, масла, тварог з малаком. На масленіцу абавязкова пяклі бліны. Традыцыі масленіцы захаваліся ў святкаванні провадаў зімы.

Гуканне вясны - старажытны язычніцкі абрад; першае па часе веснавое свята. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысціян-скае свята Аўдакеі), усюды - з 25 сакавіка на благавешчанне). Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца (горку, бераг ракі, возера, куды звычайна збі-ралася моладзь), раскладалі вогнішчы (на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце - ачышчалі зямлю, на Гомелыпчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ - водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю («Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). У свята гуканне вясны пранік і культ расліннасці: ушанаванне бярозы (звычай кідаць на бярозу кастрыцу і інш.). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся і ў печыве, якое рабілі ў выглядзе птушак (жаўрукоў, буслоў). 3 хлебам звязаны і звычай закопваць у зямлю гаршчок кашы - своеасаблівая ахвяра зямлі. Сярод іншых дзеянняў абрадавага характару - гушканне на арэлях, звычай «заскоквання», «затанцоўвання» вясны (на Салігоршчыне), абход двароў. Паступова абрад гукання вясны ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.

Камаедзіца - старадаўняе свята, якое спраўлялі ў пачатку вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі. Ёсць сведчанне, што ў 19 ст. яно адбывалася ў сакавіку перад хрысціянскім святам благавешчання. На камаедзіцу гатавалі і елі гарохавую кашу - т. зв. камы (адсюль назва), сушаны рэпнік, аўсяны кісель. Гэтыя стравы лічыліся любімай ежай мядзведзя і былі абрадавымі стравамі святочнага абеду, пасля якога сяляне клаліся на палаці і пёраварочваліся з боку на бок, імітуючы звычкі мядзведзя. Свята камаедзіца дахрысціянскага паходжання. Яго вытокі звязаны з татэмізмам. Камаедзіца - водгалас пакланення мядзведзю, яго шанавання. Абрадавымі дзеяннямі імкнуліся ўлагодзіць, задобрыць звера. Свята камаедзіца зафіксавана на Бягомлынчыне, дзе былі вялікія лясы, у якіх вялося многа мядзведзяў, і яны часам шкодзілі свойскай жывёле, выклікалі страх у людзей. У 19 ст. свята страціла ранейшы сэнс, стала традыцыйнай забавай. У апошняй чвэрці 19 ст. яно зусім знікла з побыту.

Валачобніцтва. Валачобнікі - асобы, якія выконвалі абрады валачобнага свята. Лакальныя назвы валачоннікі, лалоўнікі. У даўні час свята адзначалі перад пачаткам веснавых земляробчых работ, а ў больш далёкім мінулым ім пачынаўся новы год. Для выканання абрадаў ствараўся валачобны гурт. Галоўным у гурце быў пачынальнік (запявала). Ён пачынаў святочную валачобную песню і спяваў усе яе радкі. Пачынальнікам выбіралі добрага гаспадара, спевака, які дасканала ведаў святочныя абрады, валачобныя песні, віншавальныя арацыі. Важным чынам у гурце быў музыка. Ён суправаджаў спяванне ігрой на скрыпцы (часам было два музыкі: адзін іграў на скрыпцы, другі - на дудзе). Асобны чын - механоша. Ён насіў «валачобнае» - святочныя дарункі гурту. Астатнія валачобнікі называліся падхватнікамі. Іх абавязак - спяванне хорам пасля кожнага радка валачобнай песні, прапетага пачынальнікам, яе прыпеву (рэфрэна). Звычайна рзфрэн спяваўся гучна, узнёсла, надаючы песні радасны, святочны характар. Колькасць падхватнікаў вызначала велічыню гурту, у склад яго часам уваходзіла да 20 чалавек. У пачатку свята гурт абыходзіў усе сялянскія двары па парадку, станавіўся пакругам перад акном хаты і спяваў. Гурт велічаў і славіў гаспадара, яго працу, зычыў плёну на ніве, прыплоду ў статку, шчасця ўсёй сям'і. Большасць песень адрасавалася гаспадару, у іх услаўлялася яго руплівасць, дбайнасць. Велічалі і ўслаўлялі таксама гаспадыню як мудрую мужаву дарадчыцу і памочніцу, незамужнюю дачку, нежанатага сына. Валачобныя песні адлюстроўвалі ўсе этапы гаспадарчых заняткаў, паэтызавалі сялянскі двор, ніву. Валачобныя песні - адзін з самых высокамастацкіх жанраў беларускай народнай паэзіі земляробчага календара. Праспяваўшы звернутыя да членаў сям'і песні, валачобнікі гаварылі імправізаваныя віншаванні. Пасля гэтага гаспадар або гаспадыня адчынялі акно, дзякавалі і давалі ім абрадавы дарунак - валачобнае (яйкі, сыр, каўбасы). Кароткай песняй або некалькімі словамі гурт дзякаваў за дар і жадаў сям'і ўсялякіх даброт. Пасля абходу ўсіх двароў валачобнае дзялілі паміж удзельнікамі гурту. Валачобным абрадам у мінулым надавалася важнае значэнне. Лічылі, што яны спрыяюць ураджаю, дабрабыту сям'і, засцерагаюць ад розных нягод. Аб земляробчым характары валачобнага свята і абрадаў сведчыць і змест песень і тое, што валачобнікаў часам называлі ралёшнікамі (ад слова ралля). Назва паходзіць ад старажытнага тэрміна «валачоба», што значыла «баранаванне». Іншы раз валачобнікаў называлі кукольнікамі (кукобнікамі). Гэтыя валачобнікі насілі шырокую нізкую скрыню з векам, у дне якой былі калочкі з насаджанымі на іх фігуркамі конікаў, абшытымі сукном рознага колеру. У час выканання валачобных песень скрыню рухалі наперад і назад, і фігуркі круціліся. У некаторых выпадках музыку ў гурце называлі скамарохам.

Старажытнае валачобнае свята пачало знікаць з побыту ўсходнеславянскіх народаў у познім сярэднявеччы ў сувязі з узмацненнем хрысціянскай царквы і зменамі ў календары (пераносам пачатку новага года з вясны на зіму). Як старажытнае святкаванне яно захоўвалася пераважна на Беларусі, асабліва на яе Поўначы і ў цэнтральнай частцы. Пад уплывам царквы валачобнае святкаванне было прымеркавана да хрысціянскага свята вялікадня і атрымала яго назву, але старажытныя найменні даўніх святочных абрадаў, песень, іх выканаўцаў і святочнага дарунка асталіся ранейшыя, дахрысціянскія. Адначасова з новай назвай валачобнага святкавання ў ім адбыліся і змены. Сялянскія двары сталі абыходзіць у межах царкоўнага прыходу, спраўляць абрады ў пачатку вялікадня. У валачобныя песні ўвайшлі элементы хрысціянскай міфалогіі. Змяніўся і полаўзроставы склад валачобнага гурту. Раней валачобнікамі былі толькі мужчыны, пазней абрады сталі выконваць і жанчыны, а ў канцы 19 - пачатку 20 ст. нават дзеці. У гэты час сувязь валачобных абрадаў з хрысціянскай рэлігіяй аслабляецца, змяняецца змест валачобных песень, змяншаецца роля і значэнне ў іх хрысціянскіх элементаў. Валачобныя абрады і песні пачалі траціць рэлігійныя рысы. Далейшыя змены ў валачобніцтве адбыліся ў савецкі час. У многіх мясцовасцях яно знікае, а там, дзе яшчэ захоўваецца, абрады спраўляюць звычайна малымі групамі. Традыцыйны падзел абрадавых роляў у гурце ўжо неабавязковы. Валачобнікі абыходзяць толькі двары сваёй вёскі ці вуліцы або свайго канца вёскі. Валачобніцтва страціла рэлігійныя рысы і захоўваецца ў сучасным побыце некаторых вёсак як вясновая гульня-забава.



Юр’я, Юрай - старадаўняе гадавое свята земляробчага календара. Адзначалася 23 красавіка с. ст. ў гонар заступніка жывёлы і гаспадаркі Юр'я. Да Юр'евага дня прымяркоўваўся першы выган статка ў поле, «на юр'еву расу», якой у народных вераваннях надавалася цудадзейная моц. Вечарам напярэдадні Юр’я ўпершыню выводзілі на начлег коней: лічылася, што Юр’я замыкае ваўкам раты і конскі статак з гэтага дня не рызыкуе стаць ахвярай драпежнікаў.

На Юр’ю здзяйсняўся абрадавы абход палёў, варажылі пра будучы ўраджай; з Ю’ям звязвалася шмат атрапейных (ахоўных) і прадуцыравальных абрадаў. Магічнымі захадамі суправаджаўся раніцай 23 красавіка выган статка ў поле. Гаспадар тройчы абходзіў статак з запаленай грамнічнай свечкай. Гаспадыня абкурвала «жывоцінку» святаянскімі зёлкамі. Пастух лёгка сцёбаў кожную жывёліну асвечапай на вербніцу вярбінкай. На Магілёўшчыне тройчы абходзілі вакол коміна з лустай хлеба, прыгаворваючы: «Як печ стаіць на месцы, так штоб і скацінка хадзіла на места!» Затым хлеб скармлівалі жывёле. На Гродзеншчыне, выганяючы жывёлу ў поле, у падваротні хлява клалі ў вывернуты кажух яйка і лусту хлеба з тым, каб жывёла абавязкова пераступіла іх: спадзяваліся, што коні, каровы і авечкі будуць ад гэтага такія сытыя і гладкія, як яйка. На падвор'і пад уязную браму, праз якую праганялі жывёлу, клалі замкнутыя замком ніты ці замок. Паводле народных вераванняў, такая засцярога рабілася з мэтай замкнуць ваўкам зубы, зберагчы жывёлу ад звяроў. Стараліся, каб статак прайшоў праз руннае поле, пры гэтым акраплялі кароў юр'евай расой, спадзеючыся, што гэта засцеражэ іх ад падкопаў ведзьмаў, паспрыяе большаму малаку.

Не менш урачыста і заклапочана здзяйсняўся і абрад агледзін нівы. Для гэтага пяклі спецыяльны каравай. Гаспадар загортваў яго ў абрус, клаў у сплсцены з бяросты кош і, найчасцей, усёй сям'ёй выпраўляліся на поле. Гаспадар абходзіў з караваем усе свае палі. На жытнім загоне клалі каравай сярод руні. Калі каравай хаваўся ў ёй, чакалі ў гэтым годзе добрага ўраджаю. Прыпадалі да зямлі, слухалі, як расце жыта. Маладзіца, якая мінулай зімой выйшла замуж, пакрывала рунь кавалкам палатна. Вярнуўшыся дахаты, дзялілі каравай, спажывалі за святочным сталом з надзеяй добрага плёну на ніве. У зах. рэгіёне да жыта ішлі старэйшыя і моладзь пад вечар. Там частаваліся, танцавалі пад дуду або скрыпку, спявалі юраўскія песні. У выпадку агледзін нівы і абрадавага частавання гаспадар закопваў на канцах жытняга поля рэшткі ежы ад велікоднага стала (косці ад мяса, яечную шкарлупіну) дзеля засцярогі ад грому, сыпаў попел ад рэшткаў абрадавых страў на ніву, спадзеючыся пазбыцца пустазелля на ёй. Па надвор'і 23 красавіка меркавалі пра поспех у гаспадарцы. Калі на Юр’ю ішоў густы дождж, то лічылі: жыта ўрадзіцца густое, буйное. Калі ж дождж толькі «крапіць», то будуць увесь год кароў даіць, бо лета выдасца багатае на траву. Калі вада ў рэчцы прыбывае да Юр'евага дня, то лета будзе гарачае, з дажджамі неўпару. Калі на Юр’я не будзе ні снегу, ні дажджу, то лета выдасца сухое, неўраджайнае. За колькі дзён да Юр’я зацвітуць сады (вішні), за столькі дзён да Пятра пойдуць жаць жыта. Многія гэтыя гаспадарчыя прыкметы былі заснаваны на шматгадовай практыцы.

Юр’я лічылася святам пастухоў. Яны збіралі ў гэты дзень багата закусак ад гаспадароў і ладзілі на пашы пачастунак. Меў ён абрадавае значэнне. Пастухі гатавалі яешню і а ёю тройчы абходзілі статак, пры гэтым рабілі розныя захады, каб засцерагчы статак ад упаду і мору. На Юр’я пастухі не бралі з сабой пугаў, што сведчыла пра гуманістычны характар народнага светаўспрымання. На Гродзеншчыне дзяўчаты на Юр’я хадзілі з песнямі па вёсцы, рабілі абрадавы абход двароў, як на вялікдзень.



Куст - старажытны веснавы (познавеснавы) абрад. Называўся таксама ваджэнне куста. Прымяркоўваўся да другога дня сёмухі. Найбольш пашыраны на Піншчыне, захаваўся ў жывым бытаванні. Выконвалі дзяўчаты. Самую юную, прыгожую прыбіралі кустом: кляновымі, ліпавымі ці бярозавымі галінкамі верхам уніз, звязанымі ў аснове; на галаву надзявалі вянок. «Дзявочае войска» на чале з кустом па дзве ў рад (спачатку старэйшыя, потым падлеткі) абходзілі двары, спявалі куставыя песні. У іх велічалі куст, гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей, жадалі добрага ўраджаю, здароўя. За песні атрымлівалі падарункі. Пасля заканчэння абраду разрывалі куст, галінкі і лісце бралі з сабой, сушылі. Лічылася, што лісцем куста можна лячыць скулы. Ваджэнне куста заканчвалася калектыўным застоллем і танцамі. Абрад куста генетычна звязаны з культам продкаў і культам раслін. У аснове яго - міфалагічнае ўяўленне пра плёнаабуджальную сілу куста. Да яго звярталіся з просьбай, заклінаннямі паспрыяць дабрабыту ў гаспадарцы, каб радзілі «жыта, пшаніца і ўсякая пашніца». Верылі ў магічную сілу куста ўплываць на жаданы шлюб (знайшло адбітак у песні «Каля куста сачавічанька густа»). Абрад блізкі да калядавання і валачобнага абраду, аднак уступае ім у багацці і пышнасці рытуалу, асабліва каляднага, і песеннага суправаджэння.
: DocLib5 -> %D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20(%D0%BE%D1%82%D0%B5%D1%87%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B2%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D0%B0%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%B2%D1%81%D0%B5%D0%BE%D0%B1%D1%89%D0%B0%D1%8F) -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> %D0%AD%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D1%8D%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D1%8F%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Асаблівасці летапісання XVII – хviiiст у Беларусі. Баркулабаўскі летапіс. Магілёўская хроніка Т. Сурты І Трубніцкіх
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Гістарычная крыніца. Аб’ект і прадмет крыніцазнаўства. Класіфікацыя і сістэматызацыя крыніц. Асноўныя этапы крыніцазнаўчага аналіза
%D0%AD%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D1%8D%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D1%8F%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Лекцыя 6 Сям’я і сямейныя традыцыі беларусаў
%D0%AD%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D1%8D%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D1%8F%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Лекцыя 17 Гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі
%D0%AD%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D1%8D%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D1%8F%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Лекцыя 16 Традыцыйная духоўная культура беларусаў
%D0%AD%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D1%8D%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D1%8F%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Лекцыя 12 Гісторыя этнаграфічнага вывучэння Беларусі
%D0%AD%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D1%8D%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D1%8F%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Лекцыя 13 Беларусы: агульная характарыстыка
%D0%AD%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D1%8D%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D1%8F%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Лекцыя 18 Этнічныя групы і міжэтнічныя адносіны на Беларусі
%D0%AD%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D1%8D%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D1%8F%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Лекцыя 15 Сям’я і сямейныя традыцыі беларусаў




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка