Літургічныя тэксты і каментарый на Пасхальны Трыдуум Імша Вячэры Пана



Дата канвертавання17.06.2016
Памер107.56 Kb.
Душпастырства Літургічнай Службы Алтара

Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі

Літургічныя тэксты і каментарый

на

Пасхальны Трыдуум
Імша Вячэры Пана

ВЕЧАРОВАЯ ІМША ВЯЧЭРЫ ПАНСКАЙ
Імша Вячэры Пана цэлебруецца ў вечаровыя гадзіны, у найбольш зручны час, пры поўным удзеле ўсёй мясцовай супольнасці; падчас гэтай Імшы ўсе святары і прыслугоўваючыя выконваюць свае непасрэдныя абавязкі. Гэтую Імшу могуць канцэлебраваць усе святары, і нават тыя, якія ўжо канцэлебравалі Імшу Хрызма, альбо павінны цэлебраваць яшчэ адну Імшу для карысці вернікаў. Там, дзе гэтага патрабуе душпастырская неабходнасць, мясцовы ардынарый можа дазволіць цэлебраваць увечары другую Імшу ў касцёлах і капліцах; у выпадку ж крайняй неабходнасці Імша цэлебруецца ў ранішні час, але толькі для вернікаў, якія не могуць удзельнічаць у вечаровай Імшы. Аднак трэба дбаць, кааб гэтая Імша не рабілася для зручнасці асобных людзей ці невялікіх асаблівых груп і адбывалася без шкоды для вечаровай Імшы.

Святую Камунію можна ўдзяляць вернікам выключна падчас Імшы, і толькі хворым дазваляецца прыносіць яе ў любы час дня.

Алтар упрыгожваецца кветкамі з такой стрыманасцю, якая адпавядае асаблівасці гэтага дня. Табэрнакулюм павінен быць пусты. Для Камуніі духавенства і вернікаў на сёння і на заўтрашні дзень на гэтай Імшы кансэкруецца дастатковая колькасць хлеба.
Каментарый

Збіраемся сёння вакол Хрыста Пана, як вучні на Апошняй Вячэры. Удзельнічаем у тых жа здарэннях. Пан Езус сам запрашае нас да супольнага стала. Ён возьме хлеб і віно і пераменіць іх у сваё Цела і Кроў, каб нас накарміць. Усё гэта Ён чыніць з любові да нас.

Перад адыходам да Айца Хрыстус пакіне нам Запавет любові, нягледзячы на ноч здрады і нявернасці, нягледзячы на блізкую муку і крыжовую смерць. Гэтым Запаветам з’яўляецца Ён сам. Езус застаўся з намі ў сакрамэнтальных знаках, асабліва ў Эўхарыстыі і Святарстве, устанаўленне якіх сёння ўспамінаем. Чыніць гэта Дух Святы, моцай якога жывём. Адыходзячы, Хрыстус абавязаў нас, аднак, да ўзаемнай любові. Гэта мы бачым на прыкладзе, калі Пан Езус мые ногі сваім вучням. Так Ён загадаў нам кіравацца ў жыцці гэтым прынцыпам любові: “Гэта Мой запавет, каб вы любілі адзін аднаго, як Я ўзлюбіў вас” (Ян 15,12).
Антыфона на ўваход пар. Гал 6,14

Нам жа належыць ганарыцца крыжам Пана нашага Езуса Хрыста, у якім нашае збаўленне, жыццё і ўваскрашэнне, праз яго мы збаўленыя і вызваленыя.

Гаворыцца “Хвала на вышынях Богу. У час, калі гучыць гімн, б'юць званы, якія пасля яго заканчэння змаўкаюць, пакуль “Хвала на вышынях Богу” ізноў не загучыць пад-час Пасхальнай вігіліі. На гэты ж час арганы і іншыя музычныя інструменты могуць выкарыстоўвацца толькі для суправаджэння спеву.
Калекта

Божа, мы ўшаноўваем Найсвяцейшую Вячэру, падчас якой Твой Адзінародны Сын перад тым, як аддаць сябе на смерць, пакінуў Касцёлу новую і вечную Ахвяру і пасілак сваёй любові; просім Цябе, * дай нам з гэтай вялікай таямніцы чэрпаць паўнату жыцця і любові. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, * Бог, праз усе вякі вечныя. Л.: Амэн.
Каментарый да І чытання

Літургія сённяшняга вечара распачынае штогадовы ўспамін святаў нашага вызвалення апісаннем спажывання пасхальнага ягняці, якім карміўся выбраны народ у ноч яго вызвалення. Гэта вызваленне было пачаткам таксама і нашага вызвалення, здзейсненага Хрыстом, Баранкам Божым, які праз сваю Кроў выбавіў нас з няволі граху і смерці.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 12, 1-8. 11-14

Наказы аб Пасхальнай вячэры
Чытанне Кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Сказаў Пан Майсею і Аарону ў зямлі егіпецкай: Месяц гэты няхай будзе ў вас пачаткам месяцаў. Ён для вас будзе першым сярод месяцаў года. Звярніцеся да ўсёй грамады Ізраэля і скажыце:

У дзесяты дзень гэтага месяца няхай возьме сабе кожны ягня для сваёй сям'і, ягня для дому. Калі ж сям'я будзе малая, каб з'есці ягня, то няхай разам з бліжэйшым да яго дому суседам возьме ягня паводле колькасці людзей. На кожнага столькі, колькі можа з'есці, разлічыце гэтае ягня.

Ягня павінна быць без заганаў, самец, аднагадовы. Выбраць можаце яго з ягнят або казлянят. I будзе яно ў вас да чатырнаццатага дня гэтага месяца. А пасля ўся грамада Ізраэля зарэжа яго на змярканні. I возьмуць ягоную кроў, і пазначаць ёй вушакі і бэльку над дзвярамі ў дамах, дзе будуць есці яго. Няхай у гэтую ноч з'ядуць мяса ягонае, спечанае на агні; будуць есці яго з праснакамі і горкімі травамі.

Так будзеце есці яго: сцёгны вашыя будуць апаясаныя, сандалі на нагах вашых і кій ваш у руках вашых. Есці будзеце паспешліва, бо гэта Пасха Пана.

У гэтую ноч Я прайду па зямлі егіпецкай і заб'ю кожнага першынца ў зямлі егіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і ўчыню суд над усімі багамі Егіпта. Я - Пан. I будзе кроў знакам на вашых дамах, дзе вы будзеце. I калі Я ўбачу кроў, абміну вас, і не будзе сярод вас згубнага мору, калі буду караць зямлю егіпецкую.

I дзень гэты будзе для вас на ўспамін, і будзеце святкаваць яго, як свята Пана праз усе пакаленні вашыя. Паводле вечнага загаду будзеце святкаваць яго.



Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 116b (115), 12-13. 15-16bс. 17-18 (Р.: пар. 1 Кар 10,16)



Рэфрэн: Келіх Запавету - гэта Кроў Збаўцы.

Чым аддзячу я Пану *

за ўсе дабрадзействы Яго для мяне?

Келіх збаўлення ўзніму *

і буду заклікаць імя Пана.

Рэфрэн:

Каштоўная ў вачах Пана *


смерць Яго святых.

Я слуга Твой, сын слугі Тваёй, *


Ты разарваў мае кайданы.

Рэфрэн:

Я прынясу Табе ахвяру хвалы *


і буду заклікаць імяПана.

Выканаю свае абяцанні для Пана *


перад усім Яго народам.

Рэфрэн:

Каментарый да ІІ чытання

Пакармам вызвалення Божага люду Новага Запавету з’яўляецца Эўхарыстыя. Святы Апостал Павел перадае нам апісанне яе ўстанаўлення. Эўхарыстычны пакарм – гэта Пасхальная Вячэра новага Баранка.
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 11, 23-26

Кожны раз, калі будзеце есці і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:


Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, у якую быў выданы, узяў хлеб, падзякаваў, паламаў і сказаў: Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць. Таксама ўзяў пасля вячэры келіх і сказаў: Гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць.

Кожны раз, калі будзеце есці гэты хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 13, 34

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Даю вам новую запаведзь,

каб любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Каментарый да Евангелля
Пастава Хрыста, які мые ногі, пастава поўная любові, з’яўляецца ўмовай плённага ўдзелу ў Эўхарыстыі. Хрыстус сёння абавязвае нас да праўдзівай любові. Пастава любові з’яўляецца найважнейшым Запаветам вучняў Хрыста. Любоў – гэта ачышчэнне і праўдзівае вызваленне ад грахоў.
ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 13, 1-15

Дарэшты палюбіў іх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсці ад гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты іх палюбіў.

I падчас вячэры, калі д'ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымона Іскарыёта, каб выдаць Яго, Езус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе, устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць папатном, якім быў падпяразаны.

Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: Пане! Ты хочаш абмыць мне ногі? Езус адказаў яму: Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля. Сказаў Яму Пётр: Не, не абмыеш ніколі маіх ног. Езус адказаў яму: Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною. Сымон Пётр кажа Яму: Пане! Не толькі ногі, але і рукі, і галаву.

Сказаў яму Езус: Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. I вы чыстыя, але не ўсе. Бо ведаў, хто выдасць Яго. Таму і сказаў: Не ўсе вы чыстыя.

А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў сеў за стол, і сказаў ім: Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам.



Гэта слова Пана.
Пасля абвяшчэння Евангелля святар прамаўляе гамілію, у якой трэба растлумачыць галоўныя таямніцы, якія ўзгадваюцца ў гэтай Імшы: устанаўленне Эўхарыстыі і святарства, а таксама наказ Хрыста аб братняй любові.
Абмыванне ног
Каментарый

Літургія сённяшняга дня называецца літургіяй любові. Бог аддае Сябе людзям у постаці хлеба, кленчыць перад імі, каб абмыць ім ногі, і выдае Сябе дабравольна на смерць. Праз хвіліну святар, па прыкладу Езуса, зніме літургічную шату і будзе абмываць ногі. Падчас гэтага абраду ўсвядомім сабе, што і мы павінны прынізіць сябе і аказваць адзін аднаму любоў.

Пасля гаміліі, калі гэта мэтазгодна з душпастырскіх меркаванняў, адбываецца абрад абмывання ног. Прыслу-гоўваючыя праводзяць выбраных мужчын да лаваў, падрыхт-аваных у зручным месцы. Святар (калі трэба, зняўшы арнат) падыходзіць да кожнага з іх, палівае вадою на стопы і выцірае іх з дапамогаю прыслугоўваючых.

У гэты час спяваецца адна з пададзеных ніжэй антыфонаў альбо іншы адпаведны спеў.

Пасля абмывання ног святар мые і выцірае рукі, ізноў ускладае арнат і вяртаецца да свайго месца, адкуль пачынае агульную малітву.

Не гаворыцца Веру.
Эўхарыстычная літургія
Каментарый

Складаем Богу на эўхарыстычную ахвяру атрыманыя ад Яго дары хлеба і віна, якія моцай Духа Святога Езус учыніць сваім Целам і Крывёю. Разам з імі прыносім нашыя сэрцы, поўныя веры і любові.
Эўхарыстычную літургію можна распачаць працэсіяй з дарамі, у якой вернікі могуць прынесці апроч хлеба і віна дары для бедных. У гэты час спяваецца адпаведны спеў.
Малітва над дарамі

Пане, наш Божа, дапамажы нам годна ўдзельнічаць у гэтых святых таямніцах, бо, калі мы складаем эўхарыстычную ахвяру, здзяйсняецца справа нашага адкуплення. Праз Хрыста, Пана нашага.

I прэфацыя пра Найсвяцейшую Эўхарыстыю (№ 41)


Пасля Камуніі на алтары застаецца пушка (цыборыюм) з хлебам для Камуніі на наступны дзень. Святар са свайго месца гаворыць малітву пасля Камуніі.
Малітва пасля Камуніі

Усемагутны Божа, учыні, каб мы, у часовым жыцці ўмацаваныя вячэраю Твайго Сына, * заслужылі стаць удзельнікамі Яго нябеснай гасціны. Які жыве і валадарыць на векі вечныя.
Перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту

Каментарый

Пасля Вячэры Езус адзін на адзін маліўся Айцу ў Аліўным Садзе. Адказваючы на любоў Бога, чалавек павінен адкрыць сваё сэрца і прысвяціць многа часу малітве і прабыванню з Богам. Цяпер адбудзецца перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту да Цямніцы. У духу ўдзячнасці, спяваючы гімн Праслаўляй язык нястомна, пойдзем у працэсіі за Езусам, каб трываць з Ім у адарацыі.

Пасля малітвы пасля Камуніі святар, стоячы, насыпае ў кадзільніцу кадзіла, благаслаўляе яго і, укленчыўшы, тройчы акаджвае Найсвяцейшы Сакрамэнт. Потым, усклаўшы на плечы вэлюм белага колеру падымаецца, бярэ ў рукі пушку і пакрывае яе краямі вэлюма.

У працэсіі са свечкамі і кадзілам Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца да месца, дзе ён будзе захоўвацца, падрыхтаванага ў іншай частцы Касцёла, альбо ў адпаведна ўпрыгожанай капліцы. Наперадзе працэсіі свецкі прыслугоў-ваючы нясе крыж, а з абодвух бакоў два іншых прыслугоўваючых нясуць свечкі. За імі ідуць усе астатнія з запаленымі свечкамі ў руках. Перад святаром, які нясе Найсвяцейшы Сакрамэнт, ідзе турыферарый з дымячай кадзільніцай. У гэты час спяваецца гімн Pange, lingua (апроч дзвюх апошніх строфаў) альбо іншы эўхарыстычны спеў. Калі працэсія прыйдзе да месца захавання Найсвяцейшага Сакрамэнту святар, пры патрэбе з дапамогаю дыякана, ставіць пушку ў табэрнакулюм, дзверка якога застаецца адчыненай. Затым ён насыпае кадзіла ў кадзільніцу і, укленчыўшы, акаджвае Найсвяцейшы Сакрамэнт. У гэты час спяваецца Tantum ergo sacramentum альбо іншы эўхарыстычны спеў Пасля гэтага дыякан альбо сам святар ізноў змяшчае Найсвяцейшы Сакрамэнту табэрнакулюм і зачыняе дзверку.

Можна памаліцца наступнай малітвай:



Пане Езу Хрыстэ, Ты ў Садзе Аліўным маліўся да Айца і навучыў нас паслухмянасці праз тое, што выцерпеў, просім Цябе з глыбокай верай і надзеяй:

Усе: Змілуйся над намі.

  • Пане, праз Тваю паслухмянасць Айцу сярод змаганняў і ўнутранага цярпення,

  • Пане, праз боязь і смутак Аліўнага Сада,

  • Пане, праз трывалую малітву да Айца,

  • Пане, праз прыняцце келіха горычы,

  • Пане, праз самотнасць сярод спячых Апосталаў,

  • Пане, праз крывавы Твой пот,

  • Езу, Суцяшыцель усіх церпячых,

  • Езу, у Садзе Аліўным здраджаны сваім вучнем,

  • Езу, Ты ў Садзе Аліўным даеш нам прыклад выканання волі Айца,

Пане Езу, дзякуем Табе за Тваю вялікую любоў, бо яна прывяла Цябе да смерці на крыжы, моц якой Ты ўкрыў для нас у Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Учыні, каб мы за Тваю бязмежную любоў адказвалі нашай любоўю да Цябе, Пане, цяпер і на векі.

Усе: Амэн.


Праз нейкі час адарацыі ў цішыні святар і прыслугоўваючыя падымаюцца з каленаў зноў укленчваюць і, падняўшыся, вяртаюцца ў сакрыстыю.

У адпаведны час алтар агаляецца і, калі гэта магчыма, з касцёла выносяцца крыжы. Крыжы, якія застаюцца ў касцёле, трэба захінуць.

Тыя, хто ўдзельнічаў у Імшы Вячэры Пана, не цэлебруюць літургічнай гадзіны Нешпараў.

Трэба заахвочваць вернікаў, каб яны ноччу ў зручны час, у залежнасці ад мясцовых умоваў, удзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля поўначы адарацыя не павінна мець урачыстага характару.



Калі ў касцёле ў наступны дзень, г.зн. у пятніцу не будзе цэлебравацца літургія на ўшанаванне Мукі Пана, Імша заканчваецца як звычайна, а Найсвяцейшы Сакрамэнт ізноў змяшчаецца ў табэрнакулюм.
Апрацавана на падставе:

Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, 2004.

Літургічная агенда, 2010.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка