Літургічныя тэксты і каментарый на Пасхальны Трыдуум Літургія Мукі Пана



Дата канвертавання19.06.2016
Памер208.06 Kb.
Душпастырства Літургічнай Службы Алтара

Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі

Літургічныя тэксты і каментарый

на

Пасхальны Трыдуум
Літургія Мукі Пана

ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА МУКІ ПАНА
Каментарый

У цішыні збіраемся ў Вялікую Пятніцу дзеля таго, каб успомніць муку і смерць Пана нашага Езуса Хрыста. Літургія запрашае да развагі над біблійным апісаннем мукі Панскай, а потым да адарацыі і да ўшанавання святога Крыжа. Аднак, літургія ў асноўным падкрэслівае хвалу адкуплення праз крыж, чым прыніжэнне праз муку. Успамінаючы смерць Хрыста, памятаем, што яна не была для Яго паражэннем і проігрышам, не была таксама і неспадзяванай, бо не раз прадказваў яе сваім вучням. Смерць Хрыста стала перамогай і была асвечана ззяннем уваскрасення.

Набажэнства Вялікай Пятніцы распачынаецца літургіяй слова, у якой галоўнае месца займае апісанне Мукі Панскай паводле Святога Яна. Пасля гаміліі наступіць спеў урачыстай паўсюднай малітвы, у якой стараемся нікога не забыць, бо ўсіх абмыла Кроў Хрыста, пралітая на крыжы. Кульмінацыйным пунктам усёй літургіі з’яўляецца адарацыя Крыжа і супольная Святая Камунія. Паводле звычаю, на заканчэнне Эўхарыстычнае Цела Хрыста, якое назаўсёды застанецца гарантыяй нашага ўваскрашэння, а таксама вызвалення з няволі граху і смерці, будзе перанесена для адарацыі да так званага Панскага Гробу.
У гэты дзень, а таксама ў наступны, згодна са старадаўняй традыцыяй Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў акрамя пакаяння і намашчэння хворых. У гэты дзень святая Камунія ўдзяляецца вернікам толькі падчас літургіі Мукі Пана; але хворым, якія не могуць у ёй удзельнічаць, яе можна занесці ў любую гадзіну дня. Алтар пасінен быць цалкам пусты, без крыжа, падсвечнікаў і абрусаў.
Літургія на ўшанаванне Мукі Пана
У другой палове дня, а менавіта каля трэцяй гадзіны, калі толькі з душпастырскіх меркаванняў не будзе прызначаны больш позні час, цэлебруецца літургія Мукі Пана. Яна складаецца з трох частак: літургіі слова, адарацыі Крыжа і святой Камуніі. Святар і дыякан, калі апошні ёсць, апранутыя як для Імшы ў літургічныя шаты чырвонага колеру у цішыні падыходзяць да алтара і, ушанаваўшы яго, кладуцца перад ім тварам уніз альбо, згодна з абставінамі, укленчваюць і пэўны час моляцца ў цішыні. Усе іншыя кленчаць.

Потым святар з прыслугоўваючымі ідзе да свайго месца. Павярнуўшыся да народа і развёўшы рукі, ён гаворыць адну з ніжэйпададзеных малітваў прапускаючы зварот Молімся.


Малітва

Узгадай, Пане, пра Тваю міласэрнасць; асвячай і атуляй вечнаю апекаю Тваіх слугаў, дзеля якіх Твой Сын Езус Хрыстус праз кроў сваю ўстанавіў пасхальную таямніцу. Які жыве і валадарыць на векі вечныя. Н.: Амэн.
Альбо:

Божа, Ты праз Муку Хрыста, Твайго Сына, нашага Пана, знішчыў смерць, спадчыну першароднага граху, што перайшла на ўсе наступныя пакаленні; дай, каб, стаўшыся падобнымі да Хрыста і асвячаныя Тваёю ласкаю, * мы неслі ў сабе Яго нябесны вобраз, як па неабходнасці мы жылі ў вобразе зямнога чалавека. Праз Хрыста, Пана нашага. Н.: Амэн.
першая частка: літургія слова
Каментарый да І чытання

Прароцтва Ісаіі прадказвае плады мукі і цярпення Месіі, на якога Пан Бог “усклаў правіны ўсіх нас”. Цярпенне чалавека, асабліва нявіннага, заўсёды застанецца таямніцай. Адказ даў нам Хрыстус. Ён дарогу крыжа перамяніў у дарогу хвалы.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 52, 13-53, 12

Ён зранены быў за беззаконні
Чытанне Кнігі прарока Ісаі.

Вось пашчасціць слузе Майму, ён узвысіцца, узнясецца і будзе ўзвялічаны. Як многія здзіўляліся: настолькі знявечаны быў, як ні ў кога, выгляд ягоны, а постаць яго не нагадвала чалавечай. Так здзівіць ён многія народы, каралі перад ім закрыюць вусны свае, бо ўбачаць яны тое, пра што ім не было сказана, і спазнаюць тое, чаго ніколі не чулі. Хто ж паверыць таму, што мы чулі, і каму адкрылася плячо Пана?

Ён вырас, як парастак, перад намі, і як корань з сухой зямлі. Не меў ён ані хараства, ані прыгажосці, каб мы паглядзелі на яго; і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто.

Але ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе.

Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на яго ўсе нашыя правіны. Цяжка прыгнечаны, ён скарыўся і не адкрыў вуснаў сваіх. Маўчаў, як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх.

Пасля ўціску і суда яго схапілі. I хто раскажа пра ягоны род? Бо ён вырваны з зямлі жывых, за беззаконні народу майго быў замучаны да смерці. I магілу яму вызначылі разам з бязбожнымі, і пахаванне з багатым, бо не чыніў насілля і не было падману ў вуснах ягоных.

Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны.

Таму дам яму ўдзел сярод вялікіх, і з моцнымі ён будзе дзяліць здабычу за тое, што ён аддаў сябе на смерць, і быў залічаны да злачынцаў. I сам панёс грахі многіх і стаў заступнікам злачынцаў.



Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 31 (30), 2 і 6. 12-13. 15-16. 17 і 25 (Р.: Лк 23,46)
Рэфрэн: Ойча, у Твае рукі аддаю я дух мой.
У Цябе, Пане, я шукаю прыстанішча, 

няхай не буду асаромлены равекі, *

у справядлівасці Тваёй збаіў мяне.

У рукі Твае аддаю дух мой; *

Ты мяне адкупіў, Пане, Божа верны.

Рэфрэн:

Для ўсіх ворагаў маіх я стаў пасмешышчам, 

нават для суседзяў маіх, жахам для знаёмых маіх.*

Хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае ад мяне.

Забыты я ў сэрцах, як памерлы, *

я падобны да разбітага начыння.



Рэфрэн:

Спадзяюся на Цябе, Пане, *

я кажу: Ты мой Бог.

У Тваіх руках дні мае, *

вызвалі мяне з рук ворагаў маіх і ганіцеляў.

Рэфрэн:

Няхай свеціць аблічча Тваё над слугою Тваім, *

збаў мяне ў сваёй ласкавасці.

Будзьце мужнымі, няхай будзе моцным сэрца вашае, *

усе, хто спадзяецца на Пана!

Рэфрэн:
Каментарый да ІІ чытання

Чытанне ўказвае на Хрыста, адзінага і найвышэйшага Архісвятара, які стаў Збавіцелем для ўсіх, хто Яго слухае. Хрыстус – гэта наш Пасрэднік перад Айцом, таму з даверам набліжаемся да трону ласкі. Гэтым тронам ласкі для нас сёння з’яўляецца Крыж.
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Гбр 4, 14-16; 5, 7-9

Навучыўся паслухмянасці... і стаўся для ўсіх прычынаю вечнага збаўлення

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:


Маючы першасвятара вялікага, які прайшоў нябёсы, Езуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага. Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць слабасцям нашым, але такога, які, паводле падабенства, зведаў усе выпрабаванні акрамя грэху. Таму наблізімся з даверам да трону ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку для своечасовай дапамогі.

Хрыстус у дні цела свайго з моцным голасам і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы да таго, хто мог уратаваць Яго ад смерці, і быў выслуханы за сваю пакорлівасць.

Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці дзякуючы таму, што выцерпеў. I будучы дасканалым, стаўся для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення.

Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Флп 2, 8-9
Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Хрыстус прынізіў сябе,

будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай.

Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя.



Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Каментарый да Евангелля

Відавочца, адзіны вучань, які стаяў пад Крыжам, святы Ян, прадстаўляе апошні шлях Езуса Хрыста – крыжовы шлях. Ён глядзіць на свайго Настаўніка вачамі веры. Для яго і для нас укрыжаваны Езус з’яўляецца Валадаром, Святаром, Месіяй, Божым Сынам і Святлом, якое асвячае ўсіх нас, шукаючых праўды. Святы Ян паказвае нам прабітае Божае Сэрца, якое не столькі хоча нас асудзіць, колькі хоча нас збавіць.
ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 18, 1 — 19,42
Мука Пана нашага Езуса Хрыста.
Здрада і арышт Езуса

Ев. У той час выйшаў Езус з вучнямі сваімі за зімні ручэй Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя. Гэтае месца ведаў і Юда, здраднік Ягоны, бо Езус там часта збіраўся з вучнямі сваімі. Таму Юда ўзяў кагорту і прыслужнікаў ад першасвятароў, і фарысеяў і прыйшоў туды з паходнямі, ліхтарамі і зброяй. Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім:

Е. Каго шукаеце?

Ев. Яму сказалі:

Л. Езуса з Назарэту.

Ев. Кажа ім:

Е. Гэта Я.

Ев. Стаяў з імі і Юда, які выдаў Яго. I калі сказаў ім: гэта Я, яны адступілі і ўпалі на зямлю. Тады Ён зноў спытаўся ў іх:

Е. Каго шукаеце?

Ев. Яны сказалі:

Л. Езуса з Назарэту.

Ев. Езус адказаў:

Е. Я сказаў вам, што гэта Я. Калі ж Мяне шукаеце, то дазвольце ім адысці.

Ев. Сталася так, каб збылося слова, якое сказаў: 3 тых, каго Ты Мне даў, Я не згубіў нікога. Тады Сымон Пётр, які меў пры сабе меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара, і адсек яму правае вуха. Імя ж слугі было Мальхас. Але Езус сказаў Пятру:

Е. Схавай меч у ножны. Няўжо Мне не піць келіха, які даў Мне Айцец?
Езус перад першасвятаром

Ев. Тады кагорта, тысячнік і юдэйскія прыслужнікі схапілі Езуса, звязалі Яго і завялі спачатку да Анны, бо ён быў цесцем Каяфы, які быў у гэтым годзе першасвятаром. Каяфа быў тым, хто параіў юдэям, што лепш аднаму чалавеку загінуць за народ.
Адрачэнне Пятра

За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, і ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара. Пётр жа стаяў звонку перад брамаю. I вось той вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра. Служанка-брамніца кажа Пятру:



І. Ці і ты з вучняў гэтага чалавека?

Ев. Ён сказаў:

I. Не.

Ев. Нявольнікі і прыслужнікі распалілі агонь, бо было холадна, і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
Допыт Езуса першасвятаром

Першасвятар спытаў у Езуса пра вучняў Ягоных і пра вучэнне Ягонае. Езус адказаў яму:



Е. Я адкрыта казаў свету. Заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і патаемна не казаў нічога. Чаму ты пытаешся ў Мяне? Спытай тых, хто чуў, што Я казаў ім. Яны ведаюць, што Я гаварыў.

Ев. Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, які стаяў паблізу, ударыў Езуса па твары, кажучы:

I. Так адказваеш першасвятару?

Ев. Езус адказаў яму:

Е. Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б'еш Мяне?

Ев. Тады Анна паслаў Яго звязанага да першасвятара Каяфы.

Пётр адракаецца зноў

А Сымон Пётр стаяў і грэўся. I сказалі яму:



Л. Ці і ты з вучняў Ягоных?

Ев. Ён адрокся і сказаў:

I. Не.

Ев. Пэўны слуга першасвятара, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха, сказаў:

Л. Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе?

Ев. Пётр зноў адрокся. I адразу заспяваў певень.

Ад Каяфы павялі Езуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і магчы з'есці Пасху. Таму Пілат выйшаў да іх і сказаў:



I. У чым абвінавачваеце гэтага чалавека?

Ев. Яны сказалі яму ў адказ:

Л. Калі б Ён не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе.

Ев. Пілат жа сказаў ім:

I. Вазьміце Яго вы і судзіце паводле свайго закона.

Ев. Юдэі сказалі яму:

Л. Нам нікога не дазваляецца забіваць.

Ев. Так павінна было збыцца слова Езуса, у якім прадказаў, якой смерцю памрэ.

Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю і паклікаў Езуса, і сказаў Яму:



I. Ці Ты Кароль Юдэйскі?

Ев. Езус адказаў:

Е. Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?

Ев. Пілат адказаў:

I. Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што ты зрабіў? Езус адказаў:

Е. Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль.

Ев. Пілат сказаў Яму:

I. Дык Ты кароль?

Ев. Езус адказаў:

Е. Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас.

Ев. Пілат сказаў Яму:

I. Што такое праўда?
Асуджэнне на смерць Езуса

Ев. I, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да юдэяў, і гаворыць ім:

І. Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. Ёсць у вас звычай, каб я на Пасху адпускаў вам аднаго вязня. Калі хочаце, то я адпушчу вам Караля Юдэйскага?

Ев. Тады яны зноў закрычалі:

Л. Не Яго, але Бараббу!

Ев. А Барабба быў злачынцам.

Тады Пілат узяў Езуса і бічаваў Яго. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церня, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. I падыходзілі да Яго, і казалі:



Л. Вітай, Кароль Юдэйскі!

Ев. I білі Яго па твары. А Пілат зноў выйшаў і кажа ім:

I. Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны.

Ев. I выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. I кажа ім Пілат:

I. Вось чалавек.

Ев. Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, яны закрычалі:

Л. Укрыжуй, укрыжуй!

Ев. Кажа ім Пілат:

I. Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны.

Ев. Юдэі адказалі яму:

Л. Мы маем Закон, і паводле Закона Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Божым Сынам.

Ев. Калі Пілат пачуў гэтыя словы, спалохаўся яшчэ больш. I зноў увайшоў у прэторыю і спытаў Езуса:

I. Адкуль Ты?

Ев. Але Езус не адказаў яму. Тады Пілат гаворыць Яму:

I. Не размаўляеш са мною? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?

Ев. Езус адказаў:

Е. Ты не меў бы нада Мною ніякай ўлады, калі б не было дадзена табе з вышыні. Таму большы грэх на тым, хто Мяне выдаў табе.

Ев. Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі:

Л. Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара. Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара.

Ев. Калі Пілат пачуў гэтыя словы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месца, якое называлі Літастрот, па-гэбрэйску Габбата. Быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, каля шостай гадзіны. I сказаў юдэям:

I. Вось Кароль ваш!

Ев. А яны закрычалі:

Л. Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго

Ев. Пілат кажа ім:

I. Я павінен укрыжаваць вашагаКараля? Першасвятары адказалі:

Л. Не маем караля, апроч цэзара. Ев. Тады выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне.
Укрыжаванне

Ев. I ўзялі Езуса. I, несучы для сябе крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам чэрапа, па-гэбрайску — Галгота. Там укрыжавалі Яго. А з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: Езус Назаранін, Кароль Юдэйскі. Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. I напісана было па-гэбрэйску, па-лацінску і па-грэцку. Першасвятары юдэяў казалі Пілату:

Л. Не пішы: Кароль Юдэйскі, але што Ён сказаў: Я Кароль Юдэйскі.

Ев. Пілат адказаў:

I. Што напісаў, тое напісаў.

Ев. Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру пачастцы; узялі і туніку. Туніка была без швоў, уся ад верху да нізу тканая. Таму сказалі адзін аднаму:

Л. Не будзем разрываць яе, але кінем жэрабя, чыя будзе.

Ев. Каб збылося сказанае ў Пісанні: Падзялілі між сабою маю вопратку і аб адзенні маім кінулі жэрабя. Жаўнеры так і зрабілі. Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў:

Е. Жанчына, вось сын твой.

Ев. Потым сказаў вучню:

Е. Вось, Маці твая.

Ев. I з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.
Смерць Езуса

Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа:



Е. Прагну.

Ев. Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на трысціну губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў:

Е. Збылося!

Ев. I схіліўшы галаву, сканаў.
Усе становяцца на калені і некаторы час захоўваюць маўчанне
Езусу прабіваюць бок

Паколькі была пятніца, каб не заставаліся целы на крыжы ў суботу, бо гэта быў вялікі суботні дзень, юдэі папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы. I прыйшлі жаўнеры, і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо мёртвы, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада. А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. I ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі. Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: Косць Ягоная не будзе зламаная. I ў іншым месцы Пісанне кажа: Будуць глядзець на таго, каго прабілі.


Езуса кладуць у магілу

Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але ўкрываўся з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Ягонае. I Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў цела Езуса. Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў. I ўзялі яны цела Езуса, і захінулі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. На тым месцы, дзе Яго ўкрыжавалі, быў сад, а ў садзе - новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны Прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка.



Гэта слова Пана.
Пасля чытання Мукі Пана святар прамаўляе кароткую гамілію, на заканчэнве якой можа заклікаць вернікаў да кароткай малітвы.
АГУЛЬНАЯ МАЛІТВА
Каментарый да Агульнай малітвы

Стаім у духу перад Хрыстом, які вісіць на алтары Крыжа, на якім ахвяраваў сваё жыццё за ўсіх людзей. Узвышаны над зямлёй, Ён усіх прыцягнуў да сябе, таму молімся за ўсіх людзей і за ўвесь свет. Кантар абвяшчае інтэнцыю, затым усе моляцца ў цішыні, пасля чаго святар падсумоўвае малітвы сабраных спецыяльнай просьбай. Кожны адказ “амэн” павінен быць свядомым уключэннем сябе і пацверджаннем малітвы Касцёла.
Літургія слова заканчваецца агульная малітвай, якая адбываецца наступным чынам: дыякан альбо, калі яго няма, свецкі прыслугоўваючы, стоячы на амбоне, гаворыць заклік, у якім заключаецца інтэнцыя. Затым усе пэўны час моляцца ў маўчанні, а пасля гэтага святар, стоячы каля свайго месца альбо, у залежнасці ад абставінаў, каля алтара, з разведзенымі рукамі гаворыць малітву. (Малітвы ў Імшале с.309-318)
Другая частка: Адарацыя Святога Крыжа
Каментарый

Адкрыты Крыж хочам з удзячнасцю ўшанаваць. Крыж – гэта прылада смерці, якая стала знакам перамогі і нашага збаўлення. Адкрыццё Крыжа наступае ў трох этапах, за кожным разам кленчым і адказваем: “Пойдзем з паклонам”. Такім чынам выражаем удзячнасць Хрысту за труд нашага збаўлення.
Пасля агульнай малітвы адбываецца ўрачыстая адарацыя святога Крыжа.
Першая форма

Дыякан альбо іншы адпаведны прыслугоўваючы ідзе з прыслугоўваючымі ў сакрыстыю, адкуль выносіць Крыж, захінуты фіялетавай тканінай (вэлюмам) і ў працэсіі праз касцёл праносіць яго ў цэнтр прэзбітэрыя ў суправаджэнні двух прыслугоўваючых з запаленымі свечкамі. Святар, стоячы перад алтаром тварам да народа, бярэ Крыж, крыху адхінае яго покрыва ў верхняй частцы і падымае Крыж, пачынаючы спяваць: Вось дрэва Крыжа. У спеве яму дапамагаюць дыяканы альбо, пры неабходнасці, хор. Усе адказваюць: Пойдзем з паклонам, а пасля заканчэння спеву кленчаць і на працягу кароткага часу ў маўчанні ўшаноўваюць Крыж. У гэты час святар стоячы трымае ўзняты Крыж.


Спеў пры паказе святога Крыжа

Вось дрэва Крыжа, на якім памёр Збаўца свету.

Н.: Пойдзем з паклонам.
Затым святар адкрывае правае плячо Крыжа і, зноў падымаючы Крыж, пачынае спяваць: Вось дрэва Крыжа, пасля чаго ўсё адбываецца так, як апісана вышэй.

Нарэшце святар цалкам адкрывае Крыж і, падымаючы яго трэці раз, пачынае спяваць: Вось дрэва Крыжа, пасля чаго ўсё адбываецца так, як у першы раз.


Другая форма

Святар альбо дыякан ці іншы адпаведны прыслугоўваючы ідзе з прыслугоўваючымі да дзвярэй касцёла. Там ён бярэ незахінуты Крыж, а прыслугоўваючыя — запаленыя свечкі, каб ісці ў працэсіі праз касцёл да прэзбітэрыя. Каля дзвярэй, пасярэдзіне касцёла і перад уваходам у прэзбітэрый той, хто нясе Крыж, узнімае яго, спяваючы: Вось дрэва Крыжа, а ўсе спяваюць у адказ: Пойдзем з паклонам і пасля кожнага адказу кленчаць і кароткі час у маўчанні ўшаноўваюць Крыж, як апісана вышэй.


Адарацыя святога Крыжа

Потым у суправаджэнні двух прыслугоўваючых з запаленымі свечкамі святар альбо дыякан нясе Крыж да ўваходу ў прэзбітэрый альбо ў іншае адпаведнае месца і змяшчае яго там альбо перадае трымаць прыслугоўваючым. Свечкі ставяцца з абодвух бакоў ад Крыжа.

На адарацыю Крыжа першым падыходзіць адзін цэлебруючы святар, пры патрэбе зняўшы арнат і абутак. Затым у працэсіі ідуць прадстаўнікі духавенства, свецкія прыслугоўваючыя і вернікі. Усе аддаюць пашану Крыжу ўкленчваннем альбо іншым чынам, згодна з мясцовай традыцыяй, напрыклад, цалуючы Крыж.

На адарацыі можа быць толькі адзін Крыж. Калі ж з-за вялікай колькасці ўдзельнікаў літургіі не ўсе могуць падысці да Крыжа паасобку святар пасля адарацыі Крыжа часткай духавенства і вернікаў бярэ яго і, стоячы на сярэдзіне перад алтаром, коратка запрашае людзей аддаць пашану святому Крыжу. Пасля гэтага ён пэўны час трымае Крыж высока паднятым, каб вернікі маглі адараваць яго ў маўчанні.

У час адарацыі спяваецца адпаведны спеў. Тыя, хто ўжо аддаў пашану Крыжу сядаюць.
Трэцяя частка: Святая Камунія
Алтар засцілаецца абрусам, на якім змяшчаецца карпарал і імшал. Затым дыякан альбо, калі яго няма, сам святар, усклаўшы на плечы вэлюм, прыносіць Найсвяцейшы Сакрамэнт да алтара карацейшым шляхам з месца яго захавання. У гэты час усе стаяць, захоўваючы маўчанне. Два прыслугоўваючыя з запаленымі свечкамі суправаджаюць Найсвяцейшы Сакрамэнт і ставяць свечкі каля алтара альбо на алтар.

Каментарый

Ад Крыжа літургія вядзе нас да Святой Камуніі. Гэтым яна хоча сказаць, што паміж ахвярай на Крыжы і Эўхарыстыяй існуе сціслая сувязь. Мы заўсёды ўдзельнічаем у Эўхарыстычнай Вячэры Баранка, дзякуючы Яго ўкрыжаванню. Святая Камунія – гэта пакарм, які з’яўляецца плодам, сарваным з Дрэва Крыжа, з Дрэва новага і несмяротнага Жыцця.

Зараз святар пакажа нам ужо не дрэва для праслаўлення, але самога Хрыста ў Яго эўхарыстычным і праслаўленым Целе. Прымаючы Яго, мы становімся падобнымі да Яго.

Затым, звёўшы рукі, святар гучным голасам гаворыць:



Памятаючы збавенныя запаведзі, і Божым настаўленнем навучаныя, асмельваемся казаць:
Святар разводзіць рукі і разам з народам працягвае:

Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
3 разведзенымі рукамі святар адзін працягвае:

Просім Цябе, Пане, збаў нас ад усяго злога, дай ласкава супакой у дні нашыя, дапамажы нам у міласэрнасці Тваёй, каб мы былі заўсёды вольныя ад граху і, захаваныя ад усялякага неспакою, чакалі спаўнення шчаслівай надзеі і прыйсця Збаўцы нашага Езуса Хрыста.
Зводзіць рукі. Народ завяршае малітву адказваючы:

Бо Тваё валадарства і моц, і хвала навекі.
Затым святар, звёўшы рукі, ціха гаворыць:

Пане Езу Хрыстэ, няхай прыняцце Цела Твайго не будзе мне на суд і асуджэнне, але з міласэрнасці Тваёй няхай ахоўвае і аздараўляе маю душу і цела.
Святар укленчвае, пасля бярэ малую Гостыю і, трымаючы яе крыху ўзнятай над пушкай, павярнуўшыся да народа, гучным голасам гаворыць:

Вось Баранак Божы, вось той, хто бярэ на сябе грахі свету. Благаслаўлёныя пакліканыя на вячэру Ягоную.
I разам з народам дадае:

Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая.
Павярнуўшыся да алтара, святар з пашанаю прымае Цела Хрыста, ціха гаворачы: Цела Хрыста. Затым святар выходзіць, каб раздаць Камунію вернікам. Падчас Камуніі можа гучаць адпаведны спеў.

Затым святар гаворыць: Молімся. У залежнасці ад абставінаў, пэўны час можна захоўваць маўчанне, пасля чаго святар гаворыць малітву пасля Камуніі.


Малітва пасля Камуніі

Усемагутны вечны Божа, праз благаслаўлёную смерць і ўваскрасенне Хрыста Ты адрадзіў нас, захавай у нас плён сваёй міласэрнай ласкі *і дай, каб праз удзел у гэтай таямніцы мы заўсёды аддана Табе служылі. Праз Хрыста, Пана нашага. Н.: Амэн.
Калі няма працэсіі да Панскага гробу, дыякан альбо, калі яго няма, сам святар, можа звярнуцца да вернікаў: Схіліце галовы на благаслаўленне.

Затым святар, павярнуўшыся да прысутных і распасцёршы над імі рукі, гаворыць малітву над народам.


Малітва над народам

Просім Цябе, Пане, спашлі шчодрае благаслаўленне на Твой народ, які ў надзеі на сваё ўваскрашэнне ўшанаваў смерць Твайго Сына; |адпусці яму правіны, адары суцяшэннем, умацуй яго ў святой веры * і дай яму надзею на вечнае збаўленне. Праз Хрыста, Пана нашага. Н.: Амэн.
Усе кленчаць перад Крыжам і пасля гэтага ў маўчанні разыходзяцца.
Чацвёртая частка: Працэсія да гробу
Каментарый перад працэсіяй да Панскага гробу

Згодна са шматвяковай традыцыяй, на заканчэнне літургіі Вялікай Пятніцы Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца да Панскага Гробу, дзе трываем у адарацыі перад Езусам. Нашу ўвагу кіруем перадусім на выстаўлены ў манстранцыі Найсвяцейшы Сакрамэнт. Панскі Гроб перапоўнены праўдзівай прысутнасцю Хрыста. Цяпер пойдзем туды, каб, трываючы ў малітоўным чуванні і сузіраючы Муку і смерць нашага Пастыра, з верай і надзеяй чакаць радаснага дня Ягонага ўваскрасення.

Пасля малітвы пасля Камуніі Святар выстаўляе Найсвяцейшы Сакрамэнт у манстранцыі, якая накрываецца вэлюмам. Пасля акэджэння Найсвяцейшага Сакрамэнт пераносіцца ўрачыстай працэсіяй да Панскага гробу. Падчас працэсіі спяваецца песня пра муку Пана.



Пасля кароткай адарацыі ў цішані святар можа сказаць наступную малітву:

Пане Езу Хрыстэ, нашае ўваскрашэнне і жыццё,

ўзнімі нас з магілы грахоў,

наведай і напоўні духоўнай моцай.

Учыні, каб мы, угрунтаваныя ў веры, надзеі і любові

маглі зразумець з усімі святымі,

якая вялікая Твая любоў.

Ты так палюбіў нас,

што памёр для нас на крыжы,

каб ніводзін чалавек, які верыць у Цябе,

не згінуў, але меў жыццё вечнае.

Які жывеш і валадарыш на векі вечныя.

Усе: Амэн.
Пасля літургіі алтар агаляецца; на ім застаецца толькі Крыж з дзвюма альбо чатырма свечкамі.

Апрацавана на падставе:

Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, 2004.

Літургічная агенда, 2010.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка