Людміла Буката “Мой родны кут, як ты мне мілы! або Навеянае творчасцю Песняра беларускай зямлі”



Дата канвертавання30.06.2016
Памер49.14 Kb.
Людміла Буката

Мой родны кут, як ты мне мілы!.. або Навеянае творчасцю Песняра беларускай зямлі”

Творчая дзейнасць Якуба Коласа, так як і яго калегі па слову Янкі Купалы, у свядомасці ўсіх беларусаў назаўжды зафіксавана ў якасці выбітнага прыклада выключнай таленавітасці асобных прадстаўнікоў беларускага народа. “Мой родны кут, як ты мне мілы!..” – гэтыя словы знаёмыя кожнаму з самага маленства. Амаль што кожны беларус памятае не толькі пачатак урыўку, які вывучаў у школе, але і яго канцоўку “Аж покі ў Нёман не ўцякалі”. І, на жаль, толькі некаторыя з нас, тых, хто пакінуў школьныя парты за сваімі плячыма дзесяць і больш год таму, змогуць цалкам прадэкламаваць радкі, якімі апісваецца лесніковая пасада ў паэме “Новая зямля” Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча.



З кожным годам першыя радкі гэтага цудоўнага твора набываюць для кожнага з нас новае гучанне, пакоі асабістага жылля разыходзяцца – і ў якасці “кута” мы ўжо разглядаем не толькі мясцовасць нараджэння, але цалкам усю краіну. Варочаючыся з замежжа, мы з сумам адзначаем, што недастаткова дбаем пра тую частку на палітычнай карце свету, што была нам прызначана для жыцця, што мы ўжо прымірыліся з жыццём напалову і што самае жудаснае, не паступова, а няўяўна хутка мы забываем сваю гісторыю. Уявіце сябе ў вагоне цягніка, які ўжо набраў ходу, за акном мільгаюць карцінкі, мы нават не бачым іх, толькі слабыя абрысы, якія не застаюцца надоўга ў нашай памяці. Куды ідзе гэты цягнік, хто кіруе ім, што робім усе мы – невядома, нічога не чуваць, не магчыма нічога ўбачыць. Здаецца, што ўсе мы – беларусы – у гэтым цягніку, сядзім у цішыні, застылі ў невядомасці, а між тым цягнік усе больш і больш набірае хуткасць… Ці можна так гнаць?!.

Беларусы адвеку стагоддзяў славіліся сваімі трапяткімі адносінамі да сваёй гісторыі, да таго месца, у якім нарадзіліся, да прыроды і людзей, да сваёй сям’і. Менавіта за гэтыя каштоўнасці яны змагаліся з ворагам, імкнуліся зберагчы і памножыць унутранае дабро. Дбанне аб душы, а не вонкавай яе абалонцы, беражлівасць, адносіны с глыбокай любоўю да ўсяго жывога – усё гэта абумоўлівала кожную хвіліну жыцця нашых продкаў. Чаму мы ігнаруем гэта? І чаму сёння мы больш клапоцімся пра камфорт, дастатак і зусім не звяртаем увагі на тое, што ў карані такога значнага, спрадвечна беларускага слова “дабрабыт” няма нічога ад выразу “матэрыяльная забяспечанасць і стабільнасць”? Чаму мы амаль не чытаем, тым больш, на роднай мове, не наведваем нашы цудоўныя музеі і гістарычные помнікі? Напэўна, калі ў вялікай аўдыторыі, у якой ніхто непасрэдна не звязаны з паглыбленым вывучэннем беларускай літаратуры, запытацца, колькі чалавек наведалі музей Якуба Коласа ў Мінску, ледзьве ўздымуцца некалькі рук. Між тым, мы амаль што ўздоўж і ўпоперак прайшлі найбольш вядомыя музеі блізкага і далёкага замежжа, наведалі шматлікія гістарычныя помнікі замежных краін. Ды што хаваць, часам нават творчасць замежных пісьменнікаў і паэтаў, рэпертуар замежных тэатраў і кіно мы ведаем лепш. Хтосьці можа ў дадзеным кантэксце нагадаць радкі вядомай песні, аўтары якой спрабуюць упэўніць нас у тым, што для таго, каб любіць нашу мілую Беларусь, трэба пабываць у розных краях. Ведаеце, не магчыма зразумець, чаму каб любіць абавязкова неабходна параўноўваць? Дзіця любіць маці і бацьку без прычыны, проста так, жонка любіць мужа без ніякіх умоў, часам, нават, наперакор усяму, бацькам, каб любіць сваё дзіця, не трэба спачатку параўнаць сваё дзіця з дзіцём іншых бацькоў. У такім разе, чым адрозніваецца любоў да роднага краю? Здаецца, што нічым. Бясспрэчна, што любоў да краіны не залежыць ад нашага перамяшчэння па свету, але, ведаеце, пабываць за мяжой усё ж такі трэба. Кожнаму беларусу неабходна самому адчуць тое, аб чым яшчэ на пачатку XX стагоддзя ў аповесці “У палескай глушы” пісаў Якуб Колас, адчуць і зрабіць выснову для змянення. Канстанцін Міхайлавіч пісаў: “Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я – англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, расеец і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы – беларусы”. Геніальны беларускі Пясняр у гэтых радках выказаў тое, што ў карані адрознівае нас ад жыхароў іншых дзяржаў. Пачуццё годнасці, пачуццё глыбокай павагі і любові да сваёй краіны, любові, не абумоўленай ніякімі палітычнымі рэжымамі ці эканамічнымі праблемамі, розным узроўнем жыцця, а цяжкасці ёсць усюды. Гэта любоў адчуваецца кожнаму, хто наведвае замежныя краіны, яна ўсюды, яна ў сэрцы кожнага жыхара. На жаль, у нас такога няма. Нягледзячы на тое, што фактычна між намі і імі няма ніякай розніцы – усё ж такі мы, як і яны, толькі людзі і эмацыйны свет у нас аднолькавы – сярод нас усё часцей і часцей гучаць словы незадаволенасці ў дачыненні да сваёй краіны. Сапраўды малаверагодна, што той, хто вымушаны кожны дзень змагацца з надзённымі праблемамі, пераадольваць цяжкасці, перш за ўсё матэрыяльнага характару, каб падтрымліваць годнае існаванне, будзе ў поўнай меры атрымоўваць асалоду ад сузірання красот прыроды, але многія беларусы адчуваюць і выказваюць непакой за будучыню сваёй дзяржавы яшчэ і ў сувязі с іншым: у апошні час нашу краіну ўсё больш суадносяць з Расіяй, сцвярджаюць, што ў нас адна гісторыя, а, такім чынам, павінны быць адзіны шлях развіцця. Невядома, чаму мы раптам збіліся са свайго ўласнага гістарычнага шляху… І зноў звяртаючыся да творчасці Якуба Коласа знаходзім радкі ў адзначанай вышэй аповесці, якія і сёння гучаць актуальна ў дачыненні да гэтай сітуацыі. “У нас столькі прыгоства, столькі багацця форм і фарбаў, і край наш вялікі і разнастайны, а мы не бачым, не хочам гэтага бачыць. Аб нашым краі злажыўся погляд як аб краі бедным, заняпалым. І нідзе ты ў падручніках геаграфіі не знойдзеш больш-менш сталага апісання Беларусі. Што такое наша Беларусь? А гэта, бачыш, заходняя акраіна Расеі. Чым яна слаўная? Нічым. <…> І мы з гэтым легкадумна згаджаемся, мы ўсё гэта прымаем на веру, бо <…> над намі пануе шаблон, шаблон пустых слоў, пустыя выразы, чужыя формы думак і чужы змест іх. Выходзячы з гэтага, мы адварочваемся ад свайго роднага, не шануем яго, мы стыдаемся яго!”.

Мы не толькі прызвычаіліся шукаць апраўданні сваёй абумоўленай любові да роднага краю, мы страцілі пачуццё патрыятызму і ў адносінах да сваіх зямлякоў: часцей за ўсё менавіта мы першымі пачынаем не толькі крытыкаваць сваіх, родненькіх, за пралікі, але і адкрыта зневажаць, забываючы, што мы адзіны народ і пачуццё еднасці першая ўмова моцнай дзяржавы. Вынікам нашай абыякавасці з’яўляецца непавага да беларускага народа і Беларусі іншых народаў і замежных краін. Шкадуючы, коласаўскімі радкамі сведчым, што на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару”.

Дык ці не павінны мы пачаць рух у бок перамен? Безумоўна, мы павінны змяніць становішча рэчаў, гэта ў сілах кожнага, пачаць з сябе. Найперш, з разумення таго, што мы – адно цэлае, адна беларуская суполка ў межах найпрыгажэйшай дзяржавы ў цэнтры Еўропы, а потым – з адраджэння ў сваім сэрцы любові да нашай роднай Беларусі, да нашага народа. Любові, не абумоўленай ніякімі цяжкасцямі і перашкодамі, любові, падобнай да любові маці да свайго дзіцяці – ахвярнай і чыстай.

Я не ведаю, як змяніць усё навокал, як вярнуць беларусам пачуццё годнасці, беларускую свядомасць, але зноў звяртаюся да Якуба Коласа. Многа год таму ён выказаў сваю жыццёвую максіму і даў кожнаму з нас наказ, які ніколі не страціць сваёй значнасці. “Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога – я прыйшоў дзеля Вас. Калі Вам будзе добра, калі Вы (я тут разумею ўвесь комплекс жыцця) пойдзеце па праўдзівай дарозе жыцця, калі Вы будзеце мець на ўвазе не толькі сябе, але і народ, які Вас пусціў у жыццё і калі Вы будзеце жыць народам дзеля народа, тады я скажу: няхай жа будзе шчасліва Ваша дарога!”.



І сёння я пачынаю з сябе, я іду купляць чарговую кніжку беларускага пісьменніка, каб хоць такім чынам падтрымаць свою актыўную надзею на адраджэнне.
: pub
pub -> Індывідуальныя ўдзельнікі вочнага тура Беларускай юрыдычнай студэнцкай алімпіяды-2012
pub -> Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды – 2008 Намінацыя: Сутнасць прававой інфарматызацыі
pub -> Да ўдзелу ў завочным камандным туры Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды 2009 дапушчаны наступныя каманды
pub -> Навучальная установа (факультэт) Колькасць каманд, назвы каманд
pub -> Зводны пратакол камандны залік
pub -> Зводны пратакол індывідуальны залік
pub -> Статыстычная табліца ўдзельнікаў завочнага індывідуальнага тура Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды 2008
pub -> Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды – 2008 Намінацыя: Колькасць балаў за завочны тур
pub -> Агееў А. Р. Спіс Навукова-метадычныя работы І публікацыі
pub -> Асноўныя публікацыі: Манаграфіі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка