М. М. Забаўскі, У. М. Кадзіра, бдпу (Мінск)



Дата канвертавання15.05.2016
Памер84.72 Kb.

powerpluswatermarkobject536713


ПОЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ У ЛІТВЕ

М.М. Забаўскі, У.М. Кадзіра, БДПУ (Мінск)


Грунтоўныя даследаванні дзейнасці польскіх сацыялістаў на беларускіх землях пачынаюцца з 70-х гг. ХХ ст. з асвятлення гісторыі БСГ і ППС [1].

З таго ж часу і ў развіцці савецкай гістарыяграфіі, прысвечанай польскай праблематыцы канца ХІХ – пачатку ХХ ст., назіраюцца відавочныя зрухі. У 1980-я гг. выдадзена калектыўная праца пад рэдакцыяй А.М. Арэхава [2]. Грамадска-палітычны рух, у тым ліку літоўскіх і беларускіх палякаў, у 1864 –лютым 1917 гг. даследуе ў шматлікіх публікацыях і манаграфіях А.Ф. Смалянчук [3].

Шэраг прац прысвечаны праблемам, звязаным з асобамі Ю. Пілсудскага і Р. Дмоўскага, дзейнасці іх у дарэвалюцыйны перыяд, сувязям ППС і БСГ [4]. Ставіцца мэта вызначэння працэсу афармлення і эвалюцыі поглядаў лідэраў ППС і Ю. Пілсудскага на пытанні гісторыі і палітычнага будучага Беларусі, іх практычнай дзейнасці сярод насельніцтва Беларусі і Літвы для утварэння агульнай сацыялістычнай партыі пад кантролем палякаў.

З канца 80-х – пачатку 90-х гг. ХІХ ст. інтэрнацыянальная салідарнасць у сацыялістычным руху саступае месца нацыяналістычным ідэям, якія знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці як агульнарасійскіх, так і нацыянальных палітычных партый.

Так, у 1878 г. Б. Ліманоўскі пісаў у адным з лістоў М.П. Драгаманаву ў Жэневу аб дзяржаўнай сувязі Беларусі з Польшчай. “У гэтай справе, - адзначыў ён, - канчатковае рашэнне павінна належаць народам яны самі мусяць пастанавіць, ці хочуць раздзяляць сябе граніцамі, ці захаваць паміж сабою федэрацыю. Што да мяне, - канстатуе Б. Ліманоўскі, - дык прызнаюся, што як паляк, народжаны сярод латышскай люднасці, я дамагаўся б шчыра, каб вунія, падпісаная ў Любліне, была адноўлена ў поўнай меры народамі” [5].

У лістападзе 1892 г. у Польшчы прайшоў сход польскіх сацыялістычных арганізацый, які, па сутнасці, стаў арганізацыйным з’ездам польскай сацыялістычнай партыі (PPS). У прынятым праекце праграмы ППС важнейшай задачай у дзейнасці польскіх сацыялістаў было абвешчана вяртанне палітычнай незалежнасці. Пад уплывам Б. Ліманоўскага (які быў абраны старшынёй) ППС прыняла пункт па нацыянальным пытанні, у якім нават не нагадвалася аб праве Беларусі на самастойнасць. Яна проста уключалася ў склад федэрацыйнай Рэчы Паспалітай. У плане тактыкі ППС павінна была распаўсюдзіць сваю дзейнасць на ўсе правінцыі, звязаныя раней з Польшчай, прычым дзейнасць іншых сацыялістычных партый на тэрыторыі Беларусі (не толькі беларускіх, але яўрэйскіх і расійскіх) павінна была быць падпарадкаваная яе кантролю [6].

У 1893 г. у Варшаве была заснавана Польская партыя сацыялістычная (ППС; PolskapartiaSocjalistyczna). У гэты ж перыяд былі створаны дзве іншыя партыі сацыялістычнага лагера: Польская сацыялістычная партыя польскіх зямель пад уладай Прусіі (ППС ЗП) і Польская сацыял-дэмакратычная партыя Галіцыі і Цешынскай Сілезіі (ППСД). У Галіцыі сацыялістычны рух узначальвалі Баляслаў Ліманоўскі і Ігнацы Дашынскі; на землях, якія трапілі пад уладу Прусіі, - Марцін Каспшак, на тэрыторыях, анексіраваных Расіяй, - Юзаф Пілсудскі. Мэтай сацыялістаў была барацьба за незалежнасць аб’яднанай Польшчы (пад час усееўрапейскай сацыяльнай рэвалюцыі), дэмакратычныя правы і сацыяльныя гарантыі для рабочых.

Кіраўнікі ППС (Ю. Пілсудскі, С. Вайцэхоўскі, В. Іодка-Наркевіч і інш.), арганізуючы барацьбу супраць царызму былі адначасова супраць супрацоўніцтва з расійскім рэвалюцыйным рабочым рухам і РСДРП. Яны ўказвалі як на адзіна магчымы шлях да аднаўлення польскай дзяржавы – шлях нацыянальнага паўстання, а не антыцарскай рэвалюцыі на чале з пралетарыятам усёй Расійскай імперыі. Неабходна нагадаць, што ў 1892 г. Ю. Пілсудскі вярнуўся з сібірскай ссылкі і адразу ўключыўся ў рэвалюцыйную дзейнасць. Ён лічыў беларускія землі часткай тэрыторый, ахопленых польскай культурай. У яго свядомасці Беларусь і Літва былі неаддзельнымі ад Польшчы. Тым больш што да пачатку 90-х гг. ХІХ ст. беларускі рух яшчэ не заявіў аб сябе. Сілай, на якую разлічваў Ю. Пілсудскі ў сваіх планах, з’яўлялася польскае насельніцтва на беларускіх землях. Але ён значна перабольшваў колькасць палякаў у заходніх губернях. Высокая актыўнасць аднаго з лідэраў польскай нацыі на мяжы ХІХ – ХХ стст. была звязана з палітыкай расійскага ўрада, накіраванай на выцясненне палякаў з тэрыторыі гістарычнай Літвы, тлумачылася яго імкненнем захаваць польскасць на землях былого ВКЛ. Пачаліся пошукі саюзнікаў сярод прадстаўнікоў іншых нацый. Ю. Пілсудскі ацэньваў іх па таму, як яны ставіліся да справы адраджэння Польшчы. Расіянаў ён адносіў да захопнікоў і праваднікоў палітыкі царскага ўрада. Ён ахвотна прымаў тых яўрэяў, якія выступалі супраць расійскай улады і падтрымлівалі барацьбу палякаў [7].

Наладжваліся кантакты з украінскімі і літоўскімі сацыялістамі, якія завяршыліся ўтварэннем Літоўскай секцыі ППС (альбо Віленскай секцыі). Намаганнямі апошняй у Вільні быў праведзены І з’езд ППС.

У 1895 г. каля Вільні прайшоў ІІІ з’езд ППС. У яго пастановах сцвярджалася, што “самым надзейным сродкам ліквідацыі царызма з’яўляецца аддзяленне ад сучаснай расійскай дзяржавы прыгнечаных народаў”. Было прынята рашэнне садзейнічаць абуджэнню сепаратысцкіх настрояў сярод “апазыцыйных груп іншых нацыянальнасцей” і дапамагаць нараджэнню сацыялістычнага руху сярод народаў імперыі [8].

На з’езде быў абраны новы Цэнтральны камітэт, у які ўвайшлі Ю. Пілсудскі, А. Сулькевіч і Л. Кульчыцкі. Кіраўніцтва ППС імкнулася да дамінавання і сярод няпольскіх сацыялістычных арганізацый у барацьбе супраць царызма. Але ў 1896 г. была ўтворана Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП), а ў 1897 г. – Усерасійскі рабочы саюз (БУНД). У 1898 г. у Менску было абвяшчэнне РСДРП, а праз год утворана Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ). Такім чынам,

былі сфарміраваны асноўныя сацыялістычныя партыі і арганізацыі, якія актыўна дзейнічалі на тэрыторыі Літвы і Беларусі.

Даволі складанымі былі адносіны ППС з ЛСДП. Апошняя вяла прапаганду на польскай мове. Іх лідэры А. Дамашэвіч і А. Мараўскі выступалі за ўтварэнне “самастойнай дэмакратычнай рэспублікі”, якая складалася б з Літвы, Польшчы і іншых краёў, аб’яднаных на падставе дабраахвотнай федэрацыі.

На VI з’ездзе (чэрвень 1902 г., г. Люблін) былі ўтвораны пяць партыйных акругаў, якія карысталіся пэўнай самастойнасцю. У іх ліку была Літоўская акруга, альбо ППС на Літве. Яе буйнейшыя камітэты існавалі ў Вільні, Беластоку, Гародні. Органам друку стала газета “Walka”, галоўным рэдактарам з’яўляўся Ю. Пілсудскі. Практычная дзейнасць ППС на тэрыторыі Беларусі мела два асноўныя накірункі. Па-першае, гэта стварэнне нелегальных груп, якія ўваходзілі ў ППС як яе складовыя часткі. Па другое, супрацоўніцтва з беларускім нацыянальным рухам з мэтай утварэння саюзніка ППС у барацьбе з царызмам. Аддзелы ППС на Літве карысталіся уплывам у тых рэгіёнах Беларусі, дзе налічвалася пэўная колькасць паланізаваных беларусаў-католікаў, а незалежныя гурткі мелі цесныя сувязі з сацыялістамі ў Каралеўстве Польскім.

ЦК партыі пачалі выданне прапагандысцкай літаратуры на мясцовых мовах з мэтаю утварэння адзінай тэрытарыяльнай сацыялістычнай партыі Літвы. Аднак ні БУНД, ні РСДРП на прапановы ППС на Літве не адрэагавалі. Тады заклікі да аб’яднання былі накіраваны літоўскім і беларускім сацыялістам. У 1903 г. ППС на Літве выдала ў Лондане тры літаратурныя брашуры на беларускай мове: “Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць”, “ Што зрабіць, каб людзям стала добра на свеце”, “Хто праўдзівы прыяцель беднага народу”. Можна меркаваць, што не без уплыву ППС на Літве пачалі стварацца і першыя беларускія палітычныя арганізацыі. Калі ўзнікла Беларуская рэвалюцыйная грамада, пазней перайменаваная ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), ППС актыўна дапамагала сацыялістам у выданні прапагандысцкай літаратуры. Гэта тлумачылася хутчэй жаданнем не дапамагаць, а кантраляваць развіццё беларускага руху. Тым больш, што першая праграма БСГ, прынятая ў 1903 г., не ўтрымлівала палажэння пра будучую федэрацыю з Польшчай.

Пэўныя надзеі на магчымасць кантролю беларускага руху кіраўнікі ППС ускладалі на Сацыялістычную партыю Белай Русі ( СПБР). Аснову партыі склалі М. Ральскі, Р.Завадскі, Б. Шушкевіч і інш. Партыя мела свае арганізацыі ў Вільні, Гродна, Менску. Даследчыкі Ю.Туронак і А. Смалянчук лічаць, што задачай СПБР было наладжванне кіраўніцтва з БСГ з тым, каб узмацніць уплывы ППС на беларускіх сацыялістаў. Калі гэта не ўдалося, у канцы 1905 г. СПБР перастала існаваць.

З пачаткам першай расійскай рэвалюцыі дзейнасць польскіх сацыялістаў значна актывізавалася. ППС і БУНД у многіх гарадах і мястэчках Беларусі ўзначалілі рабочы рух і садзейнічалі стварэнню баявых арганізацый. Толькі ў Гродзенскай губерні апошняя налічвала да 70 тыс. чалавек [9].

З лютага 1906 г., пасля VIII з’езда, ППС на чале з В. Абрамовічам, К. Пяткевічам, С. Міхневічам і братамі Чарняўскімі дзейнічала на тэрыторыі Беларусі і Літвы як самастойная партыя. К гэтаму часу Ю. Пілсудскі пакінуў ЦК партыі з-за рознагалоссяў паміж “старымі” (кіраўнікі ППС, якія рыхтавалі чарговае паўстанне супраць царызму) і “маладымі” (члены ЦК, якія выступалі за супрацоўніцтва з расійскімі арганізацыямі і звязвалі надзеі з перамогай рэвалюцыі ў Расіі). У лістападзе 1906 г. на IXз’ездзе ў Львове адбылося канчатковае размежаванне. Была утворана ППС – рэвалюцыйная фракцыя, якая ў тагачасных умовах прапанавала змагацца за лад, найбольш набліжаны да незалежнасці Польшчы. Яе кіраўніком стаў Ю.Пілсудскі.

Другая частка ППС стварыла ППС-левіцу, якая выступала за звяржэнне царызма ў Расіі і вылучала лозунг аўтаноміі Каралеўства Польскага. Большасць прыхільнікаў ППС на Літве падтрымлівала Ю.Пілсудскага. Адноўленая “Walka” выступала за самастойнасць Беларуска-Літоўскага краю і скліканне парламентаў у Варшаве і Вільні. Ухіл да Вільні быў разлічаны на збліжэнне з ЛСДП, пошукам чарговых саюзнікаў і, ўрэшце, на ўтварэнне новай уплывовай у краі партыі. У пачатку 1906 г. пачаліся перамовы. Паколькі прынятая на ІІ з’езде БСГ Праграма ўтрымлівала патрабаванне аўтаноміі гістарычнай Літвы, да іх удзелу былі запрашаны і прадстаўнікі партыі (А. Уласаў, А. Луцкевіч, В. Іваноўскі). Але паразумення не было знойдзена. БСГ абвясціла сваёй канчатковай мэтай знішчэнне капіталістычнага ладу і перадачу ва ўласнаць усяго народа зямлі, сродкаў вытворчасці і камунікацый, прадастаўленне кожнаму чалавеку апрацоўваць зямлю “сваімі рукамі без карыстання з чужой працы”. Прадстаўнікі ППС на Літве не планавалі радыкальных аграрных пераўтварэнняў, а галоўнае - ліквідацыю буйнага памешчыцкага землеўладкавання.

На ІV з’езде ППС на Літве ў чэрвені 1906 г. была перайменавана у Сацыял-дэмакратычную партыю Літвы (СДПЛ). А ў лістападзе гэтага ж года адбылося аб’яднанне цэнтральных камітэтаў ЛСДП і СДПЛ (былой ППС на Літве). У новы склад ЦК ад апошняй увайшлі П.І. Шумаў, К. Пяткевіч, В. Абрамовіч і інш [10].

Неабходна нагадаць, што на мяжы ХІХ – ХХ стст. У Беларуска-Літоўскім краі найбольш моцным нацыянальным рухам быў літоўскі. Ён вылучыў новае разуменне нацыі і яе важнейшыя кампаненты: гістарычная памяць, мова, фальклор, звычаі, народная культура. Менавіта літоўскі нацыянальны рух сфармуляваў задачу этнапалітычнага падзелу гістарычнай Літвы і Польшчы. І літоўскі і беларускі нацыянальны рух актыўна падтрымлівалі краёўцы (як ліберальна-дэмакратычнага, так і кансерватыўнага накірункаў). Але праблемай былі самі ўзаемаадносіны дзеячаў нацыянальнага адраджэння беларусаў і літоўцаў з захаваннем дабрасуседскіх адносін.

Заметную ролю адыграў уплыў польскіх нацыянальных дэмакратаў на чале з Р. Дмоўскім, які патрабаваў простага ўключэння Беларусі ў польскую дзяржаву з мэтай яе поўнай паланізацыі. У выніку прапаганды польскага нацыяналізму большасць палякаў Літвы-Беларусі паступова пачала атаясамліваць сябе з тагачаснай Польшчай як у культурным, так і ў этнапалітычным сэнсе.



У сваёй дзейнасці лідэры ППС на Літве, у прыватнасці Ю. Пілсудскі, не аддзялялі мінулае Беларусі ад гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэта давала ім падставы жадаць уключэння беларускіх зямель у адну дзяржаву па падабенству І Рэчы Паспалітай. Сіла, на якую яны разлічвалі, было польскае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. У 1904-1905 гг. была прадпрынята спроба ўзяць пад кантроль беларускія нацыянальныя арганізацыі праз іх аб’яднання са сваімі філіяламі на беларускіх землях – сацыялістычнай партыяй Белай Русі і ППС на Літве. Але гэта мэта дасягнута не была. К гэтаму часу беларускі нацыянальны рух ужо заявіў аб сябе і іх лідэры мелі ўласныя погляды будучыні Беларусі. Разыходжанні, у першую чаргу, тычыліся аграрнага і нацыянальнага пытанняў.

Літаратура

  1. Гісторыя Беларускай ССР. У 5 т. / Пад рэд. К.І. Шабуні, А.М. Анфімава, Ц.Е. Саладкова. – Мн.: Навука і тэхніка. 1972. – Т. 2. – с. 312-314 і інш.

  2. Общественное движение на польских землях. Основные идейные течения и политические партии в 1864-1914 гг. / Под ред. А.М. Орехова. – М.1988. – 336 с.

  3. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях.1864-1917 гг. / Пад рэд. С. Куль-Сяльверставай. – Гродна: ГрДУ, 2001. – 332 с.; Ён жа. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864-люты 1917 г. – СПб.: Неўскі прасцяг, 2004. – 406.

  4. Черепица, В.Н. Истоки (очерки из истории русско-белорусско-польских революционных и культурных связей XIX – начала XX вв.) – Гродно. – 1991. С. 91-99.; Біч, М. Эвалюцыя рабочага руху на Гродзеншчыне ў к. ХІХ – пач. ХХ ст. // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 4. – с. 28-35.

  5. Цьвікевіч, А. “Западно-руссизм”: Нарысы з гісторыі грамадскай мыслі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ ст. / Пасляслоўе А. Ліса. 2-е выд. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993. – С. 262.

  6. Там сама. – С. 262.

  7. Кітурка, Ю.В. Беларусь у палітычных канцэпцыях Ю. Пілсудскага і Р. Дмоўскага (1892-1908 гг.) / Аўтарэферат канд. дыс. – Мінск.: 2001. – с. 16.

  8. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях.1864-1917 г. / Пад рэд. С. Куль-Сяльверставай. – Гродна: ГрДУ, 2001. – с. 131.

  9. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях.1864-1917 г. / Пад рэд. С. Куль-Сяльверставай. – Гродна: ГрДУ, 2001. – с. 135.

  10. Чаропка, У. Шумаў, П.І. ЭГБ: у 6 т. Т.6. кн.2: Бел .эн., 2003. – с. 234.



: bitstream -> doc -> 1859
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка