М. Рудкоўскі Вялікае перасяленне уродаў



старонка1/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.65 Mb.
  1   2   3   4
М.Рудкоўскі

Вялікае перасяленне уродаў
Кругласутачная камедыя

Пралог. На індыйскім вакзале.
Зала вакзала. Ноч. Як звычайна ноччу ў такіх месцах, на падлозе адно каля аднаго ляжаць людзі ў белай адзежы. Дзве турысткі з вялікімі цяжкімі заплечнікамі, асцярожна пераступаючы праз спячых людзей, усё ж час ад часу, наступаюць на каго-небудзь.
Першая. Я так больш не магу. Я нікуды больш не паеду. Я хачу вярнуцца у гатэль…

Другая. Глядзі пад ногі! Не наступі. Галава! Галава чалавека!

Першая. Калі я зараз жа не памыю галаву…

Другая. У нас усё ідзе, як планавалі… рука!..ехаць засталося толькі пару гадзін.

Першая. Не і не. Ні гадзіны, ні паўгадзіны. Ой, соррі. Я хачу памыцца, выцягнуць ногі. Адкуль так многа людзей? Чаму ім не сядзіцца дома? Усё едуць, едуць некуды… Ой! Соррі! Соррі!... Я больш не вынесу гэтай мурзатай галавы, гэтых смуродлівых вагонаў, гэтыя тукі-тукі, гэтых уродаў, іх пахі…

Другая. Калі тут заначуем – мы выб’емся з графіку.

Першая. І нічога з таго не будзе. Я хачу памыцца і чыстай легчы ў пасцель. А заўтра, куды хочаш. Ой! Сорри.
З другога боку ў залу парывіста ўбягае заплаканая трэцяя турыстка. Пераскокваючы праз спячых людзей, падбягае на дзяўчат і нешта кажа ім па-французску. Дзяўчаты яе не разумеюць.
Трэцяя. Парле лё франсэ?

Другая. Інгліш.

Трэцяя. Но!Но! (Пераскаквае праз людзей і ляціць на перон).

Першая. (следам). Як можна з адным французскім па свеце ездзіць! Што яна сабе думала? (Глядзіць на спячых). Я не магу на гэта глядзець. (Глядзіць на гэта).

Другая. Гэта Індыя. Гэта нармальна.

Першая. (наступіўшы на нейчыя нагі). Ой! Соррі! Гэта нармальна?

Другая. Толькі калі вернешся дадому – зразумееш, якое гэта шчасце…

Першая. Вярнуцца дадому? Ой!

Другая. Ты зразумееш, якая ты шчаслівая ў параўнанні з імі, і якая няшчасная ў параўнанні з імі.

Першая. Гэтыя ўроды шчаслівейшыя за мяне?..Ой!

Другая. Яны шчаслівыя. Яны іншыя. Соррі. Яны ва ўсім бачаць шчасце. А мы ўсюды бачым толькі адны праблемы і дробязі. На працы, дома. Соррі. Мы не выносім адно аднаго, раздражняемся за кожным разам. А яны не.

Першая. Ой! Соррі.

Другая. Паглядзі ім ў вочы. Тут апошні небарака шчаслівы. У гэтым шчасці яны і ад голаду пухнуць, і кахаюць адно аднаго, сварацца таксама ў шчасці, плачуць ад шчасця…соррі… ў шчасці рыхтуюцца да смерці!

Першая. Ты ў эйфарыі!

Другая. Ты сама пасля будзеш глядзець другімі вачыма. Соррі.

Першая. Ага, як высплюся і памыюся. Закарэлымі вачыма добра й не ўбачыш…

Другая. І ты ўбачыш іх вочы, іх чысціню, радасць, ззянне… Соррі.

Першая. Не ляскаці пустога. Ніколі не паверу..

Другая. Пасля ты ўзгадаеш мае словы.

Першая. Стой. (Здымае з шыі фотаапарат і працягвае яго сяброўцы).

Другая. Што?

Першая. Зфоткай мяне з імі.

Другая. Неяк без дазволу няёмка.

Першая. Хутчэй. (Пазіруе).

Другая. Іх не відаць у кадры. Прысядзь ніжэй.
Першая спрабуе прыладкавацца каля ляжачых.
Другая. Так лепей. Зрабі шчаслівыя вочы.
Першая робіць шчаслівыя вочы. Другая фатаграфуе шчаслівыя вочы.
Першая. Давай так яшчэ паспрабую. (Мяняе позу). Ну як? Нешта шчаслівае ў гэтым ёсць?

Другая. Нешта ёсць…
Калі турысткі сыходзяць, людзі на падлозе прачынаюцца, спяваюць песні пра шчасце і запальваюць духмянасці. Вострыя пахі яшчэ больш іх заводзяць. Нехта пачынае танцаваць. У зал ўваходзіць заплаканая трэцяя турыстка. Шчаслівыя танцуючыя людзі зацягваюць яе ў свой шчаслівы танец.

1. На беларускай кухні.
Звычайная беларуская кухня. Амаль як ва ўсіх: няма за што зачапіцца воку, але ж усе прызвычаіліся. Дзякуй Богу ці Прэзідэнту, што ўсё неабходнае ёсць, а прусакоў няма. Каля акна стаіць Віктар і смачна курыць. З пустымі салатніцамі ўваходзіць яго маці.
Маці. Такое шчасце, што мы зноў усе разам. А ты ніяк не накурышся. Нешта здарылася?

Віктар. Усё добра.

Маці. Паўтары гады не бачыліся, і ня можаш пасядзець з усімі.

Віктар. Так жа сяджу. Зараз падыйду.

Маці. І не злуй.

Віктар. І не злую.

Маці. А як сябе адчуваеш?

Віктар. Выдатна я сябе адчуваю. Увесь вечар толькі ад вас і чую “як ты сябе адчуваеш?”.

Маці. Проста цікава.

Віктар. Так ведайце: я шчаслівы!

Маці. І ў нас жа такое шчасце: бацьку пенсію прыбавілі.

Віктар. Супер! Намнога?

Маці. На 100 тысяч.

Віктар. Гэта сума!

Маці. І мне зарплату абяцалі падняць.

Віктар. Таксама на 100?

Маці. На 50! І гэта за шчасце!

Віктар. Ага! 50 тысяч на дарозе не валяюцца.

Маці. Так.

Віктар. Пра якое яшчэ шчасце раскажаш?

Маці. Іна цяжарная.

Віктар. Ведаю ўжо. І нашто?

Маці. Што нашто?

Віктар. Нашто ёй такое шчасце?

Маці. Другое дзіця – гэта ж шчасце.

Віктар. Так і першае – шчасце. Але ж яго пракарміць трэба.

Маці. Ой, ці многа ім трэба ў такім ўзросце? Галоўнае, што ўнукі ёсць! Брат на тры гады маладзейшы, а ўжо двое дзяцей зараз будзе.

Віктар. Што ж – пашанцавала. І работа нейкая ёсць, і жонка нейкая ёсць…
Уваходзіць Іна. Маці бярэцца за вялікую каструлю.
Маці. Пайшлі садзіцца, гарачае нясу.

Віктар. Зараз. Дакуру.
Маці сыходзіць. Іна працягвае да Віктара руку за цыгарэтай.
Віктар. Табе можна?

Іна. Ай.
Віктар шукае цыгарэту ў сваёй куртцы, якая вісіць на стуле, знайшоўшы, падае яе Іне. Іна закурвае.
Віктар. Што раскажаш, аднакласніца? Як нашы?

Іна.Ай.

Віктар. Як на рабоце?

Іна. Ай.

Віктар. Коля нармальна з табой?
Іна выпускае дым.
Іна. Ай-яй.

Віктар. Зразумела.
Віктар, патушыўшы недакурак, сыходзіць. Іна выпускаючы дым, шнарыць па кішэнях курткі Віктара, знаходзіць там грошы, адну купюру забірае сабе. Заходзіць Коля.
Коля. Спыталася?

Іна. Ай.

Коля. Толькі айкаць, авечка, і можаш.

Іна. Нах.

Коля. І нахаць. Не зацягвай з размовай. Пасля другой бутэлькі, можа і паслаць.

Іна. Ай.

Коля. Мне няёмка з братам пра тое, табе больш зручна, усё ж за адной партай сядзелі.

Іна. Ай, нах.
Коля лашчыць яе ўжо намеціўшыся жывоцік.
Коля. Уцю-цю-цю.
Рука апускаецца ніжэй. З вялікага пакою чуваць плач дзіцяці.
Коля. Што там такое?
Іна аддае недакурак Коле і ідзе ў пакой. Коля дакурвае. Вяртаецца ўжо з пустой каструляй маці.
Коля. Што з Насцяй?

Маці. Нічога. Віктара зусім забылася за паўтара гады. Ведае яго толькі па фотках маладога, з доўгімі валасамі – ай, лысее Віця! Прачнулася, выйшла, як ўтаропіцца ў яго. Я кажу:”Гэта дзядзя Віця”. А скуль ёй зразумець, што ейны дзядзька неўзабаве стрыжаны і са шчаціннем…Ай-яй, лысее Віця… Яна і заплакала.

Коля. Іна пакуль з ім не гаварыла.

Маці. Не гаварыла – і не трэба. Вы браты. Гэта ваша кватэра. Мы з бацькам вам ўсё пакідаем, а далей самі думайце, як падзяліць. Вашы справы.

Коля. Ёсць яшчэ завяшчанне і даравальная.

Маці. Ёсць яшчэ і крэдыты.

Коля. Якія крэдыты?!

Маці. Цішэй! Маладая сям’я, дзяцей малых двое …

Коля. Якая сям’я? Якія крэдыты?

Маці. Што ты ад мяне хочаш? Думаеш, я не хачу каб ён жыў асобна? Кожны тыдзень латарэі купляю. А раптам пашанцуе!..Ай!

Коля. Ён сюды ўсё роўна ніколі не вернецца.

Маці. Але жыць яму недзе трэба? Не тут, так там.

Коля. З’ехаў – няхай там і жыве.

Маці. Сціхні.
Уваходзіць Віктар з цёцяй Валяй.
Валя. І дзе ж імянінніца? Усе зачакаліся. За цябе без цябе п’юць.

Маці. Іду! Бягу! (Уцякае).

Валя. Ну, як, хлопцы, справы?

Коля. А ці, цётка, не ведаеш?
Віктар зноў закурвае.
Валя. О! І хто ж вінаваты. Трэба было табе, за братам, ехаць у сталіцу, вучыцца, а то, скараспелы, кінуўся на старой жаніцца.

Коля. Яна не старая.

Віктар. Мая аднагодка.

Валя. Ага! Амаль падлетак.

Віктар. Дзякуй, цёця Валя.
Віктар адвярнуўшыся курыць. Цёця Валя ціха ківае Коле, каб ён пайшоў. Коля сходзіць.
Валя. Віктар, у цябе як…ну справы…там?

Віктар. Нармальна.

Валя (расцягваючы словы). Ага…Галава… не баліць?

Віктар. А павінна? (Паварочваецца да цёткі). А што гэта вы так дзіўна гаворыце?

Валя. Ты галоўнае не хвалюйся.

Віктар. А трэба?

Валя. Ды не. Але ж…

Віктар. Я і не хвалююся.

Валя. Ага. Я ўсё разумею. Не салодка ТАМ быць. Я ўсё ведаю. Галоўнае, сачыць за сабой, не хвалявацца, каб без рэцыдыву.

Віктар. Якога рэцыдыву?

Валя. З галавой? Сэрцам?

Віктар. Што ты гародзіш?

Валя. Ага…Пасля бальніцы… ўсё добра…рэцыдываў ніякіх?

Віктар. Якой бальніцы?

Валя. Мы ўжо ўсё ведаем.

Віктар. Што ўсё?

Валя. Што ты ляжаў ў псіхушцы.

Віктар. У якой псіхушцы?

Валя. Мы ўсё ведаем.

Віктар. Што за лухта? (Смяецца). Я не ляжаў ў псіхушцы.

Валя. А дзе ты быў столькі часу?

Віктар. Ага, а другіх варыянтаў не было? Калі больш за год не паяўляешся, то адразу ў дурку прапісваеце? Ну-ну!

Валя. Так ты не адтуль?

Віктар. Вядома, не.

Валя. Ага…Ну і ладна.

Віктар. Ну і ладна.
Віктар адвярнуўшыся курыць далей. Заходзіць яго бацька.
Бацька. Валька, табе што, няма другога месца падыхаць?

Валя. Іду-іду. Ужо і з маладымі не патусіць.

Бацька.З табой як патусісся, так пасля ў Маскве твой брэх чуваць будзе.

Валя. Ага!

Бацька. Ага-ага.
Цётка Валя сыходзіць.
Бацька. Ну што, курэц-маладзец? Як сябе адчуваеш?

Віктар. Выдатна я сябе адчуваю. Выдатна!

Бацька. Ды і ў нас усё выдатна! Як там сталіца? Стаіць?

Віктар. Стаіць. І ў сталіцы ўсё выдатна.

Бацька. Зараз, аднак, у нас скрозь па краіне – выдатна.

Віктар. Гэта так.

Бацька. Зараз усё добра.

Віктар. Выдатна!

Бацька. Ну да… Зараз добра…Крызіс мінуў. Магазіны набітыя. Пенсіі паднялі.

Віктар. А цэны?

Бацька. Нармальныя.

Віктар. Хапае?

Бацька. Для нашага шчасця – хапае.

Віктар. А для поўнага шчасця?

Бацька. А для поўнага яшчэ будзе! Ты тэлевізар глядзіш?

Віктар. Не.

Бацька. Газеты чытаеш?

Віктар. Не.

Бацька. Хм-хм… Так ведай. Усё будзе добра! Ты зноў здаровы, да нас прыехаў – і гэта шчасце! Вось ў маці юбілей – і гэта шчасце! УсЁ ёсць! УсЕ ёсць! Усё добра!

Віктар. А колькі яшчэ наперадзе!

Бацька. Так. Зноў пялёнкі - распашонкі… Ты таго… Скажы ім… маці, брату… я ўжо замарыўся ім нешта даказваць. (Заўважае жыроўку, якая ляжыць на лядоўні). Яны падурнелі! Паставілі лічыльнікі, каб эканоміць, а тут за кожным разам ўсё больш і больш! Колькі яны будуць мыцца? Яны і з ранку і з вечару. Цнатлівыя такія! А машынку каб пасціраць – кожны тыдзень круцяць! Дзе яны што збіраюць за тыдзень! А гэта трында з пузам столькі часу скрабецца, быццам на ёй агульныя фалды! А я ж за іх плачу! Што там мыць? Бацькі нашы толькі раз ў тыдзень ў баню хадзілі. Па суботах. Недзе чытаў, каб ніякая халера не чаплялася, трэба правільна пацець, а мыла толькі змывае тыя потавыя залозы. Я гэтай трындзе так і кажу. А яна ўсё “ай, ай”. Айкала прычмокнутая!

Віктар. І колькі за месяц вады выцекла?

Бацька. 15 000! Уяўляеш?

Віктар. Усяго?
Бацька з тугой кладзе жыроўку на месца, падцягвае трыко на жываце.
Бацька. Гэта для вас ТАМ – “усяго”. А для мяне 15 тысяч – гэта грошы.
Віктар шукае ў кішэні грошы.
Бацька. Ды не трэба мне тваіх капеек. Не вазьму! Ты толькі скажы ім, каб радзей крыху машынку круцілі і мыліся.

Віктар. Скажу.

Бацька. Толькі ў іх адных усё так як павінна быць. Цьфу, аж сківіцу зводзіць!
Бацька сыходзіць. Віктар пералічвае свае грошы.
Віктар. Здаецца больш было…
Заходзіць Мікалай.
Коля. Ну што ты! Пайшлі за стол!

Віктар. Чакай. Ты ведаў, што тут ўсе думаюць, што я з псіхушкі?

Коля. Ну, ведаў. Няхай балбочуць.

Віктар. І ты так думаеш?

Коля. А што тут думаць? Ты ж часцяком звоніш, значыцца, не з дуркі. А яны – няхай ляскаюць.

Віктар. Хто яны?

Коля. Ды баб’ё гэта. Што іх слухаць? Яны толькі пілікаць могуць ды гэта…смурод разводзіць. Табе нічым не смярдзіць?

Віктар. Што?

Коля. Ніякага смуроду?

Віктар. Ды не.

Коля. І я кажу, што не. А маці ў галаву ўцяміла, што ў хаце чужыя пахі. І гэта з-за Іны. Я адбрэхваўся, а ў мінулую суботу прыйшоў ноччу ад сяброў, ну як звычайна, піва пiлi каля другога пад’езду, Косцік, Саня… Прыходжу. Іна голая спіць, коўдра спаўзла. Ну… Я і надумаў тамака яе пацалаваць. Нахіліўся, а яна са сну, ды газы як паддасць мне ў твар… Як які тхор! Вось такія яны, бабы…Так я пасля таго і сам пачаў прынюхвацца да ўсяго. Можа я ўжо прызвычаіўся? Я не чую яе пахаў. І ты таксама не чуеш. Але ж вы разам вучыліся. Можа і ў цябе звычка ўжо. Толькі маме не кажы, добра?

Віктар. Ды не буду я ёй пра твае газы расказваць. Хапbла мне з бацькам пра ваду пагаварыць.

Коля. А Іне непрыемна.

Віктар. Вядома ж!

Коля. Пойдзем?

Віктар. Чакай. Я коратка. Я ў Польшчу еду.

Коля. Ну і добра.

Віктар. Надоўга. Спадзяюся, што назаўсёды. Толькі маці не кажы.

Коля. А калі запытаецца?

Віктар. Я ўсё тамака. У дурдоме, як звычайна. Так, нават, і лепей.

Коля. І што ты там забыўся? Тут жа нармальна.

Віктар. Ага… нармальна. Файна. Але ж ненармальнага хацелася б. Часам.

Коля. Не разумею.

Віктар. Не хапае мне ў жыцці цяжкасцей. Усё неяк салодка, прытарна… А пры зімовым сонцу толькі ў ложку салодка ляжаць.

Коля. Не разумею.

Віктар. І не трэба.

Коля. Не разумею. Польшча? Чаму менавіта Польшча?

Віктар.(паціскаючы плячыма). Першай папалася.
Уваходзіць маці.
Маці. Дзеці! За маму піць будзем?

Коля. А то! (сыходзіць).

Маці. Што стаіш? Усё нармальна?

Віктар. Зноў завялася! Мам, ты ведала тыя размовы пра псіхушку?

Маці. Вядома, ведала. І што з таго?

Віктар. А чаму мне не сказала?

Маці. А што тут казаць? Няхай брэшуць! Людзям трэба пра нешта языкамі малоць, цябе вунь колькі часу не было. Трэба часцей дадому прыязджаць.

Віктар. Я зараз гады тры тут дакладна не буду.

Маці. Ой! Глядзіш, тады, нават, і закапаюць.

Віктар. Так! І ад каго пайшло?

Маці. Любка! Ёй не хрэн рабіць, так яна забаўляецца.

Віктар. Скажы ёй, што я яе язык на плот наматаю і…

Маці. Так ты сам ёй пазвані і скажы. Можа галёкаць меней будзе.

Віктар. Які нумар?

Маці. Хатні 523773.

Віктар. Званю. 523773?

Маці. Так. Звані, звані.
Віктар выходзіць. Маці дастае з кішэні халата мабільны, набірае.
Маці. (ціха). Люба! Гэта я. Мой Віцька ўсё ведае! Злосны, як чорт! Зараз пайшоў табе званіць! Не падымай! Не хатні, не сотавы. І сядзі сёння дома. І заўтра да абеду. Калі пападзешся, то ён табе навешае піз… Усё. Вырубайся, сядзі, не кашляй.
Кідае тэлефон у кішэню, дастае з лядоўні дзве бутэлькі гарэлкі. Уваходзіць Віктар.
Маці. Ну што? Паддаў ёй?

Віктар. Няма ў хаце.

Маці. Пасля вячэры набярэш. Пойдзем. За мамку вып’ем.

Забягае бацька.

Бацька. Віця! У Польшчу паедзеш, ведай – тамака прыгажунь “уродамі” называюць! (смяецца).

Віктар. Ведаю.

Маці. Ты едзеш ў Польшчу?

Віктар. Экскурсія. Кракаў-Вялічка-Варшава.

Маці. Ой, і мы ж некалі з Валяй тавар вазілі ў Польшчу. І з бацькам тваім таксама адзін раз… Ой! У Варшаве, нават, на стадыёне гандлявала!

Бацька. Прыкрылі тую лавачку. Яны зараз да футболу рыхтуюцца. Еўра 2012.

Маці. Чаго там толькі не наглядзеліся! Вальцы скажу! (Крычыць). Валя!!! Валя!!! (Сыходзіць з кухні).

Бацька. Урода! Уяўляеш? Так што, калі цябе, сын, уродам назавуць, можаш радавацца.

Віктар. Урода… Я радуюся!

Бацька. А за паддачай будзеш ў склеп бегаць! За гэта трэба выпіць! Маці!!! (Выходзіць).
Віктар закурвае. Прыходзяць Коля і Іна.
Коля. Выбачай, братка. Я Інке толькі сказаў. А яна, боўдзіла, за сталом ляпнула.
Іна адводзіць рукой Мікалая.
Коля (з-за спіны Іны). Але я ёй не сказаў, што назаўсёды. (Уходзіць)

Віктар. Гэта ўжо як атрымаецца.

Іна. Уязджаеш?

Паўза.

Іна. Дакладна вырашыў?

Віктар. Дакладна.

Іна.Ну ты і урод.

Віктар. Ага. Файны ўрод.
З залы чуваць радасныя выкрыкі.
Віктар. Што зноў тамака?
Забягае маці і цётка Валя.
Валя. Ой! Азаранка чэмпіёнка! Азаранка – першая ракетка ў свеце!

Маці. Шчасце жа якое! Шчасце жа якое!

Валя. Грэх не выпіць! Пайшлі, дзеці!

Маці. За перамогу!

Валя. За нашу Беларусь! За прэзідэнта!

Маці. Шчасце жа якое!
У радасным натхненні ўсе хапаюць Віктара і валакуць з кухні за святочны стол.

2. У польскім пакоі.
Даволі прасторная спальня. Аднак, магчыма, гэта толькі здаецца, таму што ў пакоі, акрамя вялікага ложка, больш нічога няма. Але і шырокі ложак выглядае дзіўна, быццам і не ложак зусім. На ім ляжыць куча ануч.

Звоняць у дзверы. Цішыня.

Звоняць у дзверы настойліва. Цішыня.

Звоняць у дзверы баязлiва. Цішыня.

Чуваць, як дзверы адчынілі. Недзе нечыя крокі. У спальню ўваходзіць старая кабета, кідае кароткі позірк на ложак.
Кабета. Мар’я, яе тут няма.
Старая жанчына выходзіць. Недзе крокі. Уваходзіць другая старая, якую завуць Мар’я. Падышоўшы да ложка, уважліва яго разглядае і, ў адрозненні ад сяброўкі, пачынае рукой мацаць тую груду ануч.
Мар’я. Яна тут! Зоф’я!
У пакой вяртаецца першая жанчына якую завуць Зоф’я, за ёй мужчына, гадоў за 30. Гэта Міхал. Мар’я паціху сцягвае тканіну, пад якой відаць голае жаночае цела.
Міхал. Гэта Агнэшка?

Мар’я. Так.

Міхал. Жыва?
Мар’я не рухаецца. Зоф’я падыходзіць бліжэй да цела, схіляецца над ім.
Зоф’я. Спіць.

Міхал. Трэба будзіць яе.
Зоф’я трасе дзяўчыну. Мар’я выходзіць. Міхал лупіць Агнэшку па шчоках.
Міхал. Агнэшка, прачынайся!
Вяртаецца Мар’я з кубкам. Набірае поўны рот вады і пырскае на Агнэшку. Тая стогне.
Міхал. Паветра!
Зоф’я адчыняе акно.
Міхал. Таблетак няма. Шпрыца няма. Няма нічога. Што з ёй?

Зоф’я. Можа ціск?

Мар’я. Так моцна спаць пры ціску?

Зоф’я. Моладзь зараз хілая.

Міхал. Тут нічога наогул няма. Дзе адзежа?

Мар’я. Не ведаю. Неяк дзён шэсць таму яна мне запасны ключ пакідала, больш я яе і не бачыла ні ў адзежы, ні без.

Міхал. Ну а нешта ж яна есць?

Мар’я. Зараз пагляджу.
Мар’я ставіць на падлогу кубак і выходзіць.Міхал б’е Агнэшку па шчоках, спрабуючы яе разбудзіць. Зоф’я азіраецца на акно.
Зоф’я. Можна акно зачыніць? Дуе ў паясніцу.

Міхал. Не. Альбо ідзіце, альбо што-небудзь накіньце.

Зоф’я. Куды ж гэта мне ісці? Мала лі што тут спатрэбіцца? А накінуць няма чаго…
Зоф’я разглядае груду ануч на ложку. Вяртаецца Мар’я.
Мар’я. Халадзільнік, хвала Марыі, поўны. Прадаўшчыца яна і ёсць прадаўшчыца. Толькі суп нейкі падазроны. Паставіла перакіпяціць.

Зоф’я. Трэба было выліць.

Мар’я. Нашто? Можа яна, як класціся спаць, яго варыла. Зараз прачнецца, гарачага пасёрбае.

Міхал. А які суп?

Мар’я. Шчаўевы.

Міхал. А смятана ёсць?

Мар’я. Не ведаю. Зараз пагляджу.
Мар’я выходзіць. Зоф’я масіруе паясніцу і шукае месца, дзе не дуе.

Міхал з усёй моцы падымае Агнэшку і валачэ яе да акна. Каля акна ён трасе яе. Зоф’я разглядае анучы.
Зоф’я. Нейкія дзіўныя прасціны…На сцягі падобны… Ага! Польскі ёсць!

Міхал. Мабыць, да чэмпіянату Еўропы рыхтавалася.

Зоф’я. Другіх я і не ведаю. Адзін на наш падобны. Ёсць паласатыя.

Міхал. Пакажыце паласатыя.
Зоф’я падымае ірландскі флаг.
Міхал. Ірландыя! Дакладна. Яна павінна ведаць. Агнэшка! Агнэшка!
Міхал моцна трасе Агнэшку, тая стогне. Уваходзіць Мар’я.
Мар’я. Смятаны няма, але ёсць ёгурт натуральны, маянэз і кетчуп.

Зоф’я. Я шчаўевы суп без смятаны ем.

Мар’я. А я яго зусім не ем. Атрута для пячонкі. (Міхалу). А нашто вам смятана?

Міхал. Я яшчэ не абедаў.

Мар’я. Суп будзіце?

Міхал. З ёгуртам. Калі ён нармальны.

Мар’я. Сюды прынесці?

Міхал. Ага.
Мар’я сыходзіць. Міхал кладзе Агнэшку ў ложак, разглядае з Зоф’яй флагі.
Міхал. Тут яшчэ і беларускі ёсць.

Зоф’я. Каторы?



  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка