М. У. Сільчанка паходжанне дзяржавы І права



старонка1/9
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.99 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9


М.У. Сільчанка

ПАХОДЖАННЕ

ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА

Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь

у якасці навучальнага дапаможніка для студэнтаў спецыяльнасцяў

Г 09.01. 00 «Правазнаўства» і 1- 240103 «Эканамічнае права»

Мінск


Тэсей

2005
УДК (476)(075.8)

ББК 66.1(4Би)я73

С36

Рэцэнзенты:

кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ;

праф. права, д-р гіст. навук А.Ф. Вішнеўскі

Сільчанка М.У.

С 36 Паходжанне дзяржавы і права: Навуч. дапам. / М.У. Сільчанка. – Мн.: Тэсей, 2005. – 138 с.
ISBN 985-463-154-0.
У навучальным дапаможніку на падставе найноўшых дасягненняў сучаснай юрыдычнай навукі выкладаюцца асноўныя, самыя значныя, вузлавыя моманты паходжання дзяржавы і права, якія натуральна-гістарычным шляхам вырастаюць з першабытнага грамадства, характарызуюцца сфармуляваныя раней найбольш вядомыя і пашыраныя канцэпцыі (тэорыі) аб паходжанні дзяржавы і права.

Для студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў юрыдычных навучальных устаноў.


УДК 340(476)(075.8)

ББК 66.1(4Би)я73
© Сільчанка М.У., 2005

ISBN 985-463-154-0 © Тэсей, 2005


ПРАДМОВА
У падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў вельмі важнае значэнне маюць пытанні ўзнікнення (генезіса) дзяржавы і права. У залежнасці ад адказу на гэтыя пытанні плануюцца не толькі акадэмічныя курсы па гісторыі і тэорыі дзяржавы і права, але без перабольшання і ўся сістэма навучальных планаў. Справа ў тым, што праблематыка паходжання дзяржавы і права мае міжгаліновы, комплексны характар. Яна з’яўляецца вельмі істотнай часткай фундаментальнай навучальнай дысцыпліны «Агульная тэорыя права», дзе складае своеасаблівы падмурак для высноў аб сутнасці дзяржавы і права і іх сацыяльным прызначэнні ў жыцці грамадства, а таксама навучальных курсаў па гісторыі дзяржавы і права Беларусі, гісторыі дзяржавы і права славянскіх дзяржаў, гісторыі дзяржавы і права замежных краін. Асобныя моманты паходжання дзяржавы і права, у прыватнасці, такіх яе інстытутаў, як падаткі, сацыяльныя зборы, бюджэт і іншыя, вывучаюцца і ў асобных спецыяльных юрыдычных дысцыплінах – права сацыяльнага забеспячэння, фінансавае права, падатковае права і г. д.

Разам з тым, нягледзячы на сваю значнасць, доўгі час у айчыннай юрыдычнай навуцы гэтыя пытанні разглядаліся без уліку тых дасягненняў, якія былі зроблены яшчэ ў дарэвалюцыйнай расійскай юрыдычнай навуцы, а таксама навукоўцамі іншых краін. Адпаведна, шматлікія навуковыя высновы не знаходзілі свайго адлюстравання ў навучальнай літаратуры. Усё гэта прыводзіла да таго, што праблематыка паходжання важнейшых сацыяльных інстытутаў грамадства – дзяржавы і права – асвятлялася павярхоўна, схематычна і не выходзіла за межы тых высноў, якія былі зроблены ў фундаментальных працах класікаў марксізма-ленінізма – Фрыдрыха Энгельса «Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы» і У.І. Леніна «Дзяржава і рэвалюцыя». Растлумачыць гэта можна існаваўшымі ідэалагічнымі і палітычнымі прычынамі, сутнасць якіх у тым, што пры асвятленні праблематыкі паходжання дзяржавы і права ўлічваўся і прымаўся пад увагу толькі той факталагічны і тэарэтычна асэнсаваны навуковы матэрыял, які не пярэчыў вывадам, што былі зроблены ў марксісцкай літаратуры і не перашкаджаў абгрунтоўваць выключна класавую сутнасць дзяржавы і права і магчымасць іх адмірання пры пабудове сацыялізма і камунізма.

Сітуацыя карэнным чынам памянялася ў апошнія гады. Зніклі перашкоды і забароны палітыка-ідэалагічнага кшталту. У навучальнай літаратуры пачалі змяшчацца вялікія па аб’ёму раздзелы, у якіх праблемы паходжання дзяржавы і права асвятляюцца больш глыбока і падрабязна. Пры гэтым сам працэс фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства стаў адлюстроўвацца ўсебакова, з улікам разнастайных меркаванняў, створаных раней канцэпцый і тэорый. Прыкладам тут можа быць акадэмічны курс у трох тамах «Общая теория государства и права» пад

рэдакцыяй прафесара, доктара юрыдычных навук М.Н.Марчанкі М.Н., які ўбачыў свет у 2001 годзе ў Маскве, у выдавецтве «Зерцало- М».

Сёння, ва ўмовах глабалізацыі свету і інтэграцыі дзяржаўна-прававых утварэнняў, стала больш відавочна, чым гэта было раней, што шматлікія праблемы сучаснай дзяржаўнасці і сучаснага права сваімі каранямі ўзыходзяць да далёкай мінуўшчыны. Гэта тычыцца такіх праблем, як сутнасць і прызначэнне дзяржавы ў жыцці грамадства, суадносіны агульнасацыяльнага і вузкакласавага ў дзейнасці дзяржавы, суадносіны дзяржаўнай улады і механізма дзяржавы, месца і ролі дзяржаўнай улады сярод іншых формаў сацыяльнай улады і г. д. Шматлікія пытанні функцыянавання права і яго ўздзеяння на грамадскія адносіны, як высвятляецца, таксама ўзыходзяць сваімі каранямі да тых сацыяльных нарматыўных рэгулятараў, якія існавалі ў далёкай мінуўшчыне.

Адметнай з’явай і адначасова паказчыкам пераменаў у асвятленні праблемаў паходжання дзяржавы і права з’явіўся навучальны дапаможнік Т.В. Кашанінай «Происхождение государства и права: современные трактовки и новые подходы», які быў выдадзены ў г. Маскве ў выдавецтве «Юрист» у 1999 годзе. Фактычна ўпершыню ў расійскай і беларускай юрыдычнай навуцы пытанні паходжання дзяржавы і права разгледжаны ў дадзеным навучальным дапаможніку з улікам найноўшых дасягненняў сучаснай, у тым ліку і юрыдычнай навукі. Разам з тым далёка не ўсе пытанні і праблемы асветлены і раскрыты аўтарам з дастатковай паўнатой і глыбінёй. Сустракаюцца і даволі спрэчныя палажэнні. Але галоўнае, аднак, не ў гэтым. Для даследавання, зробленага расійскім навукоўцам, цалкам натуральнай выглядае сітуацыя, калі праблематыка паходжання расійскай дзяржавы і расійскага права пераважае. Дастаткова сказаць толькі аб тым, што паходжанню расійскай дзяржавы, высвятленню яе цывілізацыйных асаблівасцяў прысвечана асноўная частка дапаможніка.

Але сёння мы добра ведаем, што беларусы маюць сваю шматвекавую дзяржаўнасць, і таму інтарэсы ўласна беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці не павінны забывацца пры вывучэнні і асвятленні праблемаў паходжання дзяржавы і права. Гэта тычыцца як выкарыстання гістарычнага і факталагічнага матэрыялу пры падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў, так і абагульненняў агульнатэарэтычнага характару. Трэба мець на ўвазе, што гісторыя нашай дзяржаўнасці, нашай прававой сістэмы павінна быць разгледжана ў кантэксце не толькі гісторыі расійскай дзяржавы, але і ў кантэксце гісторыі еўрапейскай і сусветнай супольнасці. Толькі так, паступова, крок за крокам, разглядаючы адну праблему за другой праз прызму сваіх нацыянальных інтарэсаў, мы здолеем пабудаваць сваю адметную, скіраваную на ўласныя нацыянальныя інтарэсы, гісторыю дзяржавы і права і сфармаваць уласна беларускую тэорыю дзяржавы і права.

І, нарэшце, апошняе. Пры вывучэнні пытанняў паходжання дзяржавы і права трэба мець на ўвазе наступнае. Гуманітарныя навукі навучыліся шырока выкарыстоўваць дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу, асабліва ў частцы выкарыстання новых метадаў даследавання, што дазволіла ім у ХХ стагоддзі значна пашырыць поле навуковага даследавання і зазірнуць у мінулае чалавецтва на некалькі тысячагоддзяў глыбей. У гэтай сувязі А.Б. Венгераў і Н.С. Барабашава слушна заўважылі, што ў параўнанні з ХІХ стагоддзем, калі гістарычныя веды аб развіцці грамадства ахоплівалі прыкладна 3 тысячы гадоў, а ўсё астатняе, што было да гэтага часу, азначалася як перадгісторыя (з-за адсутнасці пісьмовых і іншых надзейных крыніц), у ХХ стагоддзі гісторыя многіх рэгіёнаў стала, дзякуючы навуковым знаходкам і адкрыццям, налічваць 10-12 тысяч гадоў. Акрамя гэтага, калі для ХІХ стагоддзя характэрным быў, у асноўным, еўропацэнтрычны погляд на гісторыю, то ў ХХ стагоддзі ў арбіту навуковага асэнсавання трапіла гісторыя ўсіх рэгіёнаў зямнога шара1.

Няма ніякага сумнення ў тым, што звесткі аб гісторыі чалавецтва будуць пашырацца і папаўняцца, а таму будуць удакладняцца пэўныя высновы і пашырацца веды, у тым ліку і аб паходжанні дзяржаўна-арганізаванага грамадства і яго прававой сістэмы. А калі гэта так, то праблематыка паходжання дзяржавы і права не можа быць асветлена раз і назаўжды. З атрыманнем новых звестак з мінулага жыцця, археалагічных, антрапалагічных і этнаграфічных звестак і ведаў, мы вымушаны будзем усёй логікай развіцця навукі раз за разам вяртацца да гэтай, можна сказаць «вечнай», праблематыкі.
ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ РЫСЫ ПЕРШАБЫТНАГА

ГРАМАДСТВА
1. Эканамічны лад першабытнага грамадства. 2. Сацыяльны лад першабытнага грамадства. 3. Кіраванне, улада ў першабытным грамадстве.
Быў час, калі грамадства існавала без дзяржавы. Прычым першабытнае грамадства было самым працяглым у часе этапам развіцця чалавецтва (2,5-3 млн. гадоў) з уласцівымі яму эканамічным і сацыяльным ладам, сістэмай кіравання і ўлады, а таксама правіламі паводзінаў – нарматыўнымі рэгулятарамі. І хаця першабытнае грамадства, як вядома, не з’яўляецца ўласна прадметам даследавання юрыдычнай навукі, аднак, без вывучэння яго асноўных бакоў, такіх, як эканамічная сістэма і сацыяльны лад, без супастаўлення інстытутаў улады і нарматыўных сістэм першабытнага і дзяржаўна-арганізаванага грамадства, немагчыма ў поўнай меры зразумець сапраўдныя працэсы ўзнікнення і развіцця дзяржавы і права1.

У дадзенай главе навучальнага дапаможніка ў метадычных мэтах даецца характарыстыка толькі эканамічнай сістэмы, сацыяльнага ладу першабытнага грамадства, а таксама ўласцівых яму сістэм кіравання і ўлады. Нарматыўная ж сістэма першабытнага грамадства ва ўсёй паўнаце разглядаецца ў главе 3.


1. Эканамічны лад першабытнага грамадства.

Два моманты найбольш адметна характарызуюць эканамічную сістэму любога, у тым ліку і першабытнага грамадства – форма ўласнасці на сродкі вытворчасці і матэрыяльныя каштоўнасці, а таксама характар размеркавання і спажывання.

Пануючай формай уласнасці ва ўмовах першабытнага грамадства, асабліва на ранніх этапах яго існавання, была калектыўная («агульная») форма ўласнасці. У калектыўнай уласнасці знаходзіліся тыя сродкі вытворчасці і матэрыяльныя каштоўнасці, што: 1) стварыліся агульнымі намаганнямі супольніцтва і 2) выкарыстоўваліся агульнымі намаганнямі першабытных людзей. У калектыўнай уласнасці знаходзілася перш-наперш зямля – прамысловая тэрыторыя з усімі аб’ектамі палявання, збіральніцтва, рыбалоўства і сыравінай для вытворчасці. Да калектыўнай уласнасці належалі паляўнічыя загоны, рыбалоўныя запоры, лодкі, сеткі, жыллё, вогнішча і г. д.

Разам з тым, ва ўмовах першабытнага грамадства існавала і індывідуальная («прыватная») форма ўласнасці. Асобе належалі вырабленыя ёй індывідуальныя сродкі працы – кап’ё, лук, тапор і інш. Існаванне індывідуальнай уласнасці было

абумоўлена патрэбамі вытворчасці і адпавядала інтарэсам супольнасці. Справа ў тым, што найбольш эфектыўнае выкарыстанне азначаных сродкаў працы было магчымым толькі тады, калі яны адпавядалі індывідуальным асаблівасцям уладальніка.

Навуковыя даследаванні сведчаць аб тым, што паступова, крок за крокам, індывідуальная («прыватная») уласнасць з моманту свайго з’яўлення набывала ўсё большае значэнне ў жыцці першабытнага чалавека. Першапачаткова ў індывідуальную («прыватную») уласнасць сталі пераходзіць ежа, зброя, упрыгажэнні, у больш позні час – жанчыны, якія былі ўкрадзены ў суседзяў, затым – прыручаныя дамашнія жывёлы, жытло, зямля і, нарэшце, – рабы.

У падмурку пераходу ўсё новых і новых сродкаў вытворчасці і матэрыяльных каштоўнасцяў з калектыўнай («агульнай») у індывідуальную («прыватную») уласнасць ляжалі эканамічныя прычыны. Гэтыя працэсы садзейнічалі павышэнню вытворчых вынікаў працы, яе эфектыўнасці, што ішло на карысць як асобе, так і ўсёй супольнасці. Толькі пры такіх умовах калектыў мог згадзіцца на пераход сродкаў вытворчасці з калектыўнай («агульнай») у прыватную («індывідуальную») уласнасць.

Самым старажытным прынцыпам размеркавання ежы, які быў зафіксаваны і дэталёва апісаны даследчыкамі ў абарыгенаў Аўстраліі, бушменаў, Вогнезямельцаў і іншых прымітыўных паляўніча-рыбалоўчых плямён, быў яе раздзел паміж тымі, хто прысутнічаў, прычым кожны з паляўнічых атрымліваў не больш за іншых суродзічаў. Гэтаму парадку папярэднічала, на думку Ю.І. Сямёнава, сістэма размеркавання, заснаваная на дамінаванні, сутнасць якой зводзілася да таго, што перавагу ў размеркаванні мелі найбольш дужыя ў фізічных адносінах асобы (індывіды)1. Характар размеркавання і спажывання ва ўмовах першабытнага грамадства быў «роўназабяспечваючым». Гэта азначае, што пры размеркаванні ўлічваліся не толькі розніца ў патрэбах па полу і ўзросту, але і вышэйшыя інтарэсы калектыву цалкам. У цяжкай барацьбе з прыродай лёс супольнасцяў залежаў ад вынослівасці дарослых мужчын-паляўнічых і ў выпадках неабходнасці паляўнічыя маглі атрымаць апошнія кускі ежы2.

Узнавіць дэталёва характар размеркавання ў першабытным грамадстве складана. Сутнасць жа яго зводзіцца да таго, што ўсе індывіды мелі права на здабычу, кожны мог узяць сваю долю, але такім чынам, каб гэта не пазбаўляла іншых індывідаў магчымасці атрымаць сваю частку. Пры дастатку ежы доля кожнага вызначалася яго патрэбнасцямі, а пры яе недахопе – суадносінамі рэальных патрэбнасцяў у ежы. Адметнай рысай размеркавання было тое, што яно непасрэдна супадала са спажываннем. Гэта азначала, што «прыватызавалася» тая частка ежы,

якая засвойвалася індывідам. Тое, што не было засвоена, заставалася ў калектыўнай уласнасці. Вельмі ярка характар размеркавання ў першабытным грамадстве апісаны Р. Кіплінгам у адным з яго вершаў:

«Добыча Стаи – для Стаи; ты волен на месте поесть.

Смертная казнь нечестивцу, кто кроху посмел унесть».

Для характарыстыкі размеркавання ў першабытным грамадстве, па слушнай заўвазе Ю.І. Сямёнава, тэрмін «дзялёжка» не падыходзіць. Хутчэй за ўсё, тут можна гаварыць аб «разборцы». Ніводзін індывід не атрымліваў сваю долю ад кагосьці. Ён яе браў дзеля таго, каб тут жа яе ўжыць. Забаранялася любому індывіду адносіць сваю долю, распараджацца ёю, перашкаджаць іншым індывідам рэалізоўваць іх «права» на долю здабычы. Разам з тым, усё здабытае індывідамі знаходзілася ў поўнай ўласнасці супольнасці1. У мастацкіх вобразах працэс размеркавання вельмі ёмка і ў той жа самы час па навуковаму дакладна апісаў французскі пісьменнік Д’Эрвільі. Вось урыўкі з яго твора: «Старейшина рассказал охотникам, что обитатели пещеры без малого четыре дня почти ничего не ели, и предложил тут же раздать всем по большому куску мяса, а остальное спрятать на завтра и испечь в золе. Часть молодой оленины немедленно разделили на куски. Однако куски были неодинаковые: охотники захватили себе лучшие, а матерям и детям достались похуже. Но они и этому были рады. Получив свою долю, они уселись подальше от мужчин. Старейшина получил самый почетный и лакомый кусок – содержание оленьего желудка. Это было отвратительное пюре из полупереваренных трав, но у охотничьих племен оно и поныне считается самым изысканным блюдом»2.
2. Сацыяльны лад першабытнага грамадства.

Сацыяльная сістэма першабытнага грамадства не заставалася нязменнай. Асноўныя этапы (стадыі) развіцця: праабшчына (малая роднасная група) – родавая абшчына (мацярынская і бацькоўская) – першабытная суседская абшчына. Першабытная праабшчына ўяўляла невялікую групу людзей, якая складалася звычайна з некалькіх дзесяткаў індывідаў (20– 30 дарослых асоб). У значнай ступені адносіны ў такіх калектывах нагадвалі адносіны, якія характарызуюць звярыную зграю, адсюль і выцякае назва – першабытны чалавечы статак, якая часта ўжываецца ў навуковай літаратуры для абазначэння праабшчыны3. Магчыма, што такія праабшчыны калі-нікалі маглі аб’ядноўвацца ў больш-менш трывалыя аб’яднанні праабшчын.

Першабытныя праабшчыны вялі адносна адасоблены адна ад другой лад жыцця, былі раскіданы на вялізных тэрыторыях, трымаліся на прыгодных для

збіральніцтва і палявання тэрыторыях, прычым суадносіны збіральніцтва і палявання ў іх мяняліся ў розныя гістарычныя эпохі, у розныя сезоны, у розных геаграфічных умовах. Паляванне, аднак, было больш прагрэсіўнай галіной гаспадаркі, бо яно стымулявала арганізаванасць праабшчыны, прымушала да больш шчыльнага супрацоўніцтва індывідаў у працоўным працэсе, дэманстравала моц калектывізму. Жыццё праабшчыны, хутчэй за ўсё, было аседлым. Аб адноснай аседласці жыцця першабытнай праабшчыны сведчаць многія пячорныя стойбішчы, якія былі раскапаны археолагамі ў розных частках Еўразіі ў апошнія 60–70 гадоў1.

У юрыдычнай літаратуры было выказана спрэчнае меркаванне аб тым, што першабытная праабшчына (малая роднасная група) вяла вандроўны лад жыцця і хаатычна перамяшчалася з месца на месца2. На наш погляд, ёсць некалькі прычын, якія патрабавалі пераважна аседлага ладу жыцця старажытных людзей. Першая зводзіцца да таго, што толькі маючы добра ўмацаванае жыллё, старажытны чалавек мог гарантаваць сваю бяспеку. Ю. Ліпс слушна заўважае: «Борьба за существование «вне дома» означает нескончаемый поединок с окружающим миром. Холод, жара или дождь, влияние вещей и людей непрестанно ставят под угрозу планы, надежды и дела человека. Дома же человек чувствует себя в безопасности среди своих близких, он имеет возможность отдохнуть у своего уютного очага»3. Другая абумоўлена неабходнасцю захавання тых раслін і пладоў, ад якіх залежала існаванне чалавека. Старажытны чалавек вымушаны быў быць запаслівым і накопліваць тое харчаванне, якое збіраў у навакольным асяроддзі, бо ад гэтага залежала яго выжыванне. А захаваць і зберагчы накопленае можна было толькі маючы добрыя і сталыя збудаванні. «Собирая, перерабатывая и накапливая дикорастущие плоды, люди, – падкрэслівае Ю. Ліпс, – заботятся о своем экономическом обеспечении на будущее. Поэтому вблизи полей, где собираются зерна и плоды растений, они сооружают склады и амбары для хранения драгоценных плодов…»4. Нерэальнай выглядае карціна, каб старажытны чалавек пакінуў гэтыя склады і амбары і не ахоўваў іх ад іншых людзей і жывёл. Наадварот, ён павінен быў стала размяшчацца каля іх.

На змену першабытнай праабшчыне прыйшла больш складаная і дасканалая форма сацыяльнай арганізацыі – родавая абшчына. Род – гэта аб’яднанне першабытных людзей, якія вядуць сумесную гаспадарчую дзейнасць на грунце роднасных сувязяў. Родавая абшчына прайшла ў сваім развіцці два этапы – матрыярхат (мацярынскі род) і патрыярхат (бацькоўскі род). Пераход першабытнага грамадства ад праабшчыны да родавай арганізацыі, заснаванай на першынстве жанчыны (матрыярхата), быў абумоўлены галоўным чынам біялагічнымі фактарамі.

Адносная адасобленасць існавання першабытных праабшчын вяла да палавой іх замкнутасці, эндагаміі, г. зн. да шлюбаў унутры іх. Палавыя адносіны мелі характар групавых шлюбаў паміж усімі мужчынамі і жанчынамі першабытнай праабшчыны. Гэта вяло да кровазмяшэння, што адмоўна адбівалася на развіцці фізічнай прыроды чалавека і прыводзіла ў рэшце рэшт да вымірання.

Ня гледзячы на тое, што шэрагам знакамітых навукоўцаў у апошнія гады было выказана меркаванне аб тым, што ўстанаўленне экзагаміі – забароны шлюбаў паміж суродзічамі – было выклікана неабходнасцю захавання праабшчыны ў якасці гаспадарчай і грамадскай адзінкі, бо адсутнасць рэгулюемых шлюбаў вяло да шматлікіх сутыкненняў у праабшчыне і разбурала яе1, на наш погляд, найбольш пераканаўчымі і больш абгрунтаванымі выглядаюць вывады тых даследчыкаў гісторыі першабытнага грамадства, якія і сёння развіваюць сфармуляваны Л. Морганам і Ф. Энгельсам тэзіс, згодна з якім кровазмяшэнне адмоўна ўплывае на нашчадкаў, вядзе да выраджэння роду2 і менавіта пагэтаму першабытныя людзі вымушаны былі ўсталяваць экзгамныя забароны – на палавыя адносіны бацькоў і дзяцей, а затым братоў і сясцёр. Ф. Энгельс, разглядаючы інстытут шлюбу, які панаваў у праабшчыне, надаваў экзагамнай забароне рашаючае значэнне ў фармаванні родавай абшчыны: «С установлением запрета полового общения между братьями и сестрами, даже между самыми отдаленными родственниками боковых линий с материнской стороны, указанная группа превратилась в род, т. е. конституровалась как твердо установленный круг кровных родственников по женской линии, которые не могут вступать между собой в брак, круг, который с этих пор все более и более укрепляется другими общими общественными и религиозными учреждениями и отличается от других родов того же племени»3.

У гэтых умовах надзвычай важнай становіцца роля жанчыны. Менавіта па ёй устанаўліваюцца нашчадкі, а таму родавы лад непазбежна ўзнікае першапачаткова як мацярынскі род. І толькі пасля таго, як з палавых адносін паступова былі выключаны ўсе блізкія і больш аддаленыя суродзічы, натуральны фактар страціў рашаючую ролю ў сацыяльным развіцці. Наступныя змены ў сацыяльным ладзе сталі вынікам сацыяльна-эканамічных прычын. На першае месца ў родзе вылучаецца мужчына, ён узначальвае род, родавая абшчына становіцца бацькоўскай, на змену матрыярхату прыходзіць патрыярхат, а на змену родавай абшчыне – першабытная суседская абшчына.

На больш позніх этапах развіцця родавага ладу ўзнікаюць плямёны, якія аб’ядноўвалі некалькі блізкіх родаў, а затым і саюзы плямёнаў. Узбуйненне грамадскіх структур ішло на карысць людзям, бо яно дазваляла ім больш эфектыўна

супрацьстаяць сілам прыроды, выкарыстоўваць больш дасканалыя сродкі і прыёмы працы (напрыклад, паляванне загонам), стварыла ўмовы для спецыялізацыі ў вытворчасці і кіраванні, дазваляла больш паспяхова адбіваць напады суседзяў і самім нападаць на іх.
3. Кіраванне, улада ў першабытным грамадстве.

Патрэбай любога грамадства ёсць пэўны парадак у яго існаванні і функцыянаванні, бо без парадку разбураецца само грамадства, а ён заўсёды забяспечваўся з дапамогай улады і кіравання. Вось чаму ніколі і нідзе не існавала грамадства, якое б не ведала ўлады і магло існаваць без пэўнай сістэмы кіравання. Улада нараджаецца адначасова з грамадствам і з’яўляецца неабходнай і адной з самых істотных умоў яго існавання. Грамадства і ўладу нельга аддзяліць адно ад другога. Вельмі аўтарытэтны даследчык і тэарэтык дзяржаўнасці Л.А. Ціхаміраў падкрэсліваў: «Власть есть сила направляющая, но в то же самое время сама порождается общественными силами, то есть стало быть в известном смысле им подчинена и без их поддержки не может существовать»1.

Характэрнай асаблівасцю кіравання і ўлады ў першабытным грамадстве на ўсіх этапах яго развіцця з’яўляецца адсутнасць асобнай групы людзей, што выдзяляецца з усёй супольнасці дзеля таго, каб кіраваць, ажыццяўляць уладу. Улада, такім чынам, з’яўляючыся непазбежнай функцыяй любога грамадства, ва ўмовах першабытнага яго стану супадае з насельніцтвам, не выдзяляецца з супольнасці. Гэтая функцыя была як бы арганічна ўплецена ў іншыя праявы жыцця першабытнага чалавека, не вылучаецца з іх у адносна самастойную, не патрабуе спецыялізацыі пэўнай групы людзей на яе выкананні. Аналізуючы першабытнае грамадства і сістэму ўлады і кіравання, якая была ўласціва гэтаму грамадству, Ф. Энгельс даў ім вельмі дакладную характарыстыку: «И какая чудесная организация этого родового строя при всей его наивной простоте! Без солдат, жандармов и полицейских, без дворянства, королей, наместников, префектов или судей, без тюрем, без процессов – все идет своим установленным порядком. Всякие споры и недоразумения разрешаются коллективом тех, кого они касаются, – родом или племенем, или отдельными родами между собой… Хотя общих дел гораздо больше, чем в настоящее время, … тем не менее нет и следа нашего раздутого и сложного аппарата управления. Все вопросы решают сами заинтересованные лица и в большинстве случаев вековой обычай уже все урегулировал»2.

Разам з тым развіццё эканамічнай сістэмы першабытнага грамадства, эвалюцыя яго сацыяльнага ладу непазбежна прыводзілі да пэўных перамен у арганізацыі і ажыццяўленні кіравання і ўлады, іх удасканалення.

У першабытнай праабшчыне кіраванне было простым, можна сказаць, «прымітыўным». На чале праабшчыны стаяў важак – самая моцная ў фізічных адносінах асоба. Ён адзінаначальна вызначаў і вырашаў пытанні жыццядзейнасці першабытнай праабшчыны, спалучаў адначасова «заканадаўчыя, выканаўчыя, судовыя і культавыя» паўнамоцтвы. Страта важаком фізічнай перавагі над членамі праабшчыны прыводзіла, як правіла, да яго гібелі. Гэта быў у тых умовах, калі і не адзіна магчымы, то, мабыць, самы пашыраны «легальны» шлях абнаўлення ўлады і кіравання.

Больш дасканалым было кіраванне ў родавай абшчыне, г. зн. на больш позніх этапах развіцця першабытнага грамадства. Вішнеўскі А.Ф., Гарбаток М.А, Кучынскі У.А. справядліва падкрэсліваюць той факт, што ўнутры рода ўсе пытанні жыццядзейнасці калектыва вырашаліся на прынцыпе поўнай дэмакратыі, з удзелам як мужчын, так і жанчын1. Разам з тым, менавіта ў родавай абшчыне з’явіліся (былі створаны чалавекам спецыяльныя, можна ўмоўна сказаць, спецыялізаваныя) органы кіравання і ажыццяўлення ўлады, калі адбыўся своеасаблівы «падзел працы» паміж асобнымі органамі кіравання, правобраз, прататып будучага падзелу дзяржаўнай улады на асобныя галіны. Разгледзім гэтыя органы ўлады падрабязней.

Усе найбольш важныя пытанні жыцця роду вырашаліся на агульным сходзе ўсіх дарослых індывідаў. Да іх адносіліся пытанні аб пачатку вайны і заключэнні міра, перамене месца стойбішча, асуджэнні суродзіча, які пакінуў поле бою, і г. д. Нельга, на наш погляд, цалкам пагадзіцца з меркаваннем аб тым, што агульнаму сходу дарослых суродзічаў не належала галоўная роля сярод усіх органаў улады і кіравання ў першабытным грамадстве2.

Хутчэй за ўсё, гэта адбылося ўжо на позніх этапах развіцця першабытнага грамадства, калі значна ўскладнілася яго сацыяльная структура і калі роды напачатку аб’ядналіся ў фратрыі, а затым і ў плямёны. Гэтая абставіна прывяла да таго, што роднасныя сувязі значна аслабелі. Больш таго, калі ва ўмовах ужо ўзнікшай маёмаснай дыферэнцыяцыі ў грамадстве кіраўнікі родаў і плямёнаў набылі большы ўплыў і пачалі паступова «прыватызоўваць» кіраўнічыя функцыі шляхам навязвання сваёй волі агульнаму сходу суродзічаў ці супляменнікаў, яны і перасталі лічыцца з меркаваннямі супольнасці, думкай агульнага сходу, сталі жорстка рэгламентаваць пасяджэнні сходу і абвяшчалі сваё рашэнне, жадаючы атрымаць агульную згоду.

Плутарх, апісваючы жыццё Лікурга і характарызуючы жыццё старажытнагрэчаскага грамадства на самых ранніх этапах фармавання дзяржавы, падкрэслівае, што ў той час у народных сходах ужо ніхто не меў права выказваць сваю думку. Народ мог прымаць ці адвяргаць прапановы геронтаў і цароў. А калі

народ паспрабаваў скажаць ці скрыўляць прапановы, якія выносіліся на абмеркаванне шляхам іх скарачэння ці дапаўнення, тады цары Палідор і Цеапомп дапоўнілі законы Лікурга і пастанавілі: «Если народ постановит дурно, царям и старейшинам уйти», другими словами, они не должны были утверждать его решений, а вообще распустить собрание, объявить закрытым, так как оно приносило вред, искажая и извращая их предложения»1.

Аператыўнае кіраванне ажыццяўлялася старэйшынам. Старэйшынам выбіраўся, як правіла, самы паважаны, мудры, сталы суродзіч, чалавек з вялікім жыццёвым вопытам, які валодаў арганізацыйнымі здольнасцямі і моцнай воляй. Пасада старэйшыны не давала ніякіх пераваг перад суродзічамі, бо не вызваляла яго ад выканання ўсіх астатніх абавязкаў, што выконвалі суродзічы. Старэйшына працаваў разам з усімі і меў такую ж долю ў ежы, як і астатнія. Адначасова ён арганізоўваў жыццё роду, кіраваў паўсядзённымі справамі, разглядаў спрэчкі паміж суродзічамі і г. д.

Сёння нельга адназначна і дакладна сказаць, якім чынам праходзіла “замяшчэнне пасады” старэйшыны, як дарэчы і фарміраванне іншых органаў улады, і кіравання ў першабытнай радавой абшчыне, – адбывалася гэта ў выніку фармальнага галасавання ці нейкім іншым шляхам. Т.В. Кашаніна, напрыклад. прыйшла да высновы, што пасаду старэйшыны пэўны чалавек займаў, фактычна, пры маўклівай згодзе суродзічаў, таму што ён валодаў нейкімі асаблівымі якасцямі2.

Гэтыя якасці чалавека былі навідавоку, бо суродзічы штодня ажыцяўлялі сумесную працу і выконвалі іншыя агульныя справы, падчас якіх чалавек праяўляў усе свае здольнасці і заваёўваў пры гэтым аўтарытэт і павагу супляменнікаў. У жыцці першабытнай радавой абшчыны наступаў такі момант, калі суродзічы лічылі неабходным і мэтазгодным зрабіць пэўнага свайго супляменніка старэйшынай. Гэта магла быць натуральная ці гвалтоўная смерць папярэднягя старэйшыны, яго няздольнасць выконваць “абавязкі старэйшыны” і іншыя падставы. Адназначна можна сцвярджаць толькі наступнае: у якім бы парадку і пры якіх бы абставінах не адбывалася “заступленне на пасаду” старэйшыны – на гэту пасаду супляменнікі заўсёды вылучалі аднаго з самых лепшых сваіх прадстаўнікоў.

Падчас вайны з ліку суродзічаў выбіраўся военачальнік. Як правіла, гэта была самая дасведчаная ў вайсковых пытаннях асоба. Звычайна военачальнікамі былі людзі, якія адрозніваліся фізічнымі якасцямі, сілай, адвагай, моцнай воляй, якія маглі арганізаваць усіх суродзічаў для нападу на ворагаў ці абарону ад іх. Военачальнікі мелі вялікае значэнне ў ваяўнічых родах і плямёнах, тых, якія пражывалі на поўначы і займаліся паляваннем, а таксама качэўнікаў, якія безупынна вандравалі і вымушаны былі часта ўступаць у сутычкі з іншымі родамі і плямёнамі.

Звычайна каля военачальніка гуртавалася і ваенная дружына1. Паўнамоцтвы военачальніка звычайна спыняліся, як толькі спынялася вайна і заключаўся мір.

Пытанні культа ажыццяўляліся шаманам (жрацом, калдуном, знахарам) і г. д. Ва ўмовах першабытнага грамадства, калі жыццё чалавека вельмі моцна залежала ад прыроды і ён прыпісваў ёй божаскую сілу, святары як бы звязвалі людзей і розных багоў прыроды, яны дапамагалі «задобрыць» багоў шляхам выканання культавых абрадаў і ахвярапрынашэнняў і, такім чынам, усялялі ўпэўненасць у людзей, надаючы ім дадатковыя сілы. Акрамя гэтага, шаманы былі таксама захавальнікамі правілаў паводзінаў, па вобразнаму выказванню Т.В. Кашанінай, «… этот орган занимался… организацией сознания людзей»2.

Такім чынам, ва ўмовах першабытнага грамадства агульны сход дарослых суродзічаў быў вышэйшай уладнай інстанцыяй, таму што ён, па-першае, вырашаў самыя істотныя, самыя значныя для жыццядзейнасці першабытнага грамадства пытанні, а, па-другое, прызначаў на пасады старэйшыну, военачальніка, шамана і мог вызваліць іх ад пасады ў любы момант. З ускладненнем родавай арганізацыі грамадства, з узнікненнем племянной арганізацыі грамадства адбываюцца перамены ў арганізацыі кіравання супольнасцю. Агульнымі справамі племені кіраваў савет, у які ўваходзілі старэйшыны адпаведных родаў, а падчас вайны – і военачальнікі родаў. Савет старэйшын выбіраў кіраўніка племені. Кіраўніцтва аб’яднаннем плямёнаў ажыццяўлялася саветам кіраўнікоў плямёнаў.
Праблемныя пытанні


  1. Абгрунтуйце тэзіс, згодна з якім з’яўленне новых сродкаў і прыладаў працы аказвала значны ўплыў на вытворчыя і ўвогуле на ўсе грамадскія адносіны ў першабытным грамадстве.

  2. Чаму ў першабытным грамадстве існавала як калектыўная («агульная»), так і прыватная («індывідуальная») ўласнасць на сродкі вытворчасці?

  3. Якія сілы (прычыны) абумовілі тую з’яву ў жыцці грамадства, што зараз называецца «неалітычнай рэвалюцыяй»?

  4. Ці азначае палажэнне аб неўладкаванасці палавых адносінаў у першабытнай праабшчыне тое, што яны былі хаатычнымі? Чаму?

  5. Што было вызначальным у арганізацыі і пабудове родавага ладу: кроўныя сувязі ці супольная калектыўная праца аб’яднаных роднаснымі сувязямі людзей?

  6. Чаму роднасныя (родавыя, кроўныя) сувязі ляжалі ў падмурку вытворчасці і размеркавання ва ўмовах першабытнага грамадства?

  7. Як Вы разумееце ўжываемы ў юрыдычнай навуцы тэрмін «мацярынскае права»?

  8. Чаму племянная арганізацыя першабытнага грамадства была заканамерным наступствам развіцця родавай арганізацыі грамадства?

  9. Якія фактары абумовілі пераход першабытнага грамадства ад родава-племянной яго арганізацыі да тэрытарыяльнай суседскай абшчыны?

  10. Якія, на Вашу думку, фактары аказвалі рашаючы ўплыў на трансфармацыю сістэмы кіравання і арганізацыю ўлады ва ўмовах першабытнага грамадства?


Спіс рэкамендаванай літаратуры
1. Алексеев В.П. Становление человечества. – М.: Политиздат, 1984.

2. Алексеев В.П., Першиц А.И. История первобытного общества. – М., 1990.

3. Бутенко А.П. Государство: его вчерашние и сегодняшние трактовки // Государство и право. – 1993. – № 7.

4. Венгеров А.Б. Значение археологии и этнографии для юридической науки // Государство и право. – 1993. – № 3.

5. Венгеров В.Б., Барабашева Н.С. Нормативная система и эффективность общественного производства. – М.: Издательство МГУ, 1985. – Гл. 6.

6. Венгеров А.Б. Теория государства и права: Учебник для юридических вузов. – М.: Новый юрист, 1998.

7. Виппер Р.Ю. История древнего мира. – М., 1994.

8. Всемирная история: В 3 ч. – Ч.1. – Минск: ООО «Юнипресс», 2002.

9. Вишневский А.Ф.,Горбаток Н.А.,Кучинский В.А. Общая теория государства и права. – Минск: «ТЕСЕЙ», 1999.

10. Герасимов Н.В. Экономическая система. Генезис, структура, развитие. Минск: «Навука і тэхніка», 1991.

11. Дробязко С.Г., Козлов В.С. Общая теория права. –Минск: НО ООО «БИП –С», 2003.

12. Кашанина Т.В. Происхождение государства и права. Современные трактовки и новые подходы. – М.: Юрист, 1999.

13. Куббель С. С., Першиц А.И., Венгеров А.Б. Этнография и наука о государстве и праве // Вестник АН СССР. – 1984. – № 10.

14. Леви-Строс К. Первобытное мышление. – М., 1994.



  1. Липс Ю. История древних цивилизаций. – Санкт-Петербург-Москва: ПОЛИГОН-АСТ, 1998.

  2. Морган. История древнего общества. – М.: Госполитиздат, 1934.

  3. Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. – Минск.,1956.

18. От доклассовых обществ к раннеклассовым. – М.: Наука, 1987.

  1. Першиц А.И. Проблемы нормативной этнографии // Проблемы общей этнографии. – М.: Наука, 1979. – С. 210-240.

20. Першиц А.И., Монгайт А.Л., Алексеев В.П. История первобытного общества. – М.: Высшая школа, 1982. – С. 143–162.

21. Першиц А.И. Периодизация первобытной истории (состояние проблемы) // Вопросы истории. – 1980. – № 3.

22. Семёнов Ю.И. Как возникло человечество? – М.: Наука, 1966.

23. Семёнов Ю.И. Происхождение брака и семьи. – М.: Мысль, 1974.

24. Семёнов Ю.Н. На заре человеческой история. – М.: Мысль, 1989.

25. Тэорыя дзяржавы: навуч. дапаможнік / Пад рэд. М.У. Сільчанкі. Гродна, 1996.

26. Уайт Э., Браун Д.М. Первые люди. – М., 1978.

27. Чайлд Г. Древнейший Восток в свете новых раскопок. – М., 1956.





: bitstream -> 123456789 -> 134569
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)


  1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка