М. В. Аляшкевіч (Мінск) жанравыя асаблівасці літаратурнай крытыкі ў благасферы



Дата канвертавання15.05.2016
Памер96.82 Kb.
М.  В. Аляшкевіч (Мінск)
ЖАНРАВЫЯ АСАБЛІВАСЦІ

ЛІТАРАТУРНАЙ КРЫТЫКІ Ў БЛАГАСФЕРЫ
Цягам апошніх гадоў беларуская літаратурная крытыка зазнае трансфармацыі, якія датычаць яе ролі і функцый у літаратурным працэсе. Адной з вонкавых прыкметаў гэтых трансфармацый з’яўляюцца змены ў жанравай сістэме. Генератарам зменаў поруч з іншымі фактарамі выступае ўзнікненне новага асароддзя існавання літаратурнай крытыкі – благасферы. Пад благасферай разумеюць супольнасць сеткавых дзённікаў (блогаў), і іх аўтараў (блогераў), а таксама блогі і іх узаемасувязі. У дадзеным выпадку гаворка пра сукупнасць сеткавых дзённікаў і супольнасцей Livejournal – самай папулярнай масавай блог-платформы кірылічнай інтэрнэт-супольнасці.

У той час як тыражы многіх папяровых выданняў падаюць, літаратурнае жыццё перамяшчаецца ў блогі. Сукупны наклад выданняў літаратурна-мастацкай тэматыкі складае каля 25 тыс., прытым частку яго ўтварае ведамасная падпіска, а частка разыходзіцца па бібліятэках – у выніку колькасць рэальных чытачоў невялікая. Прыкладам, індывідуальная падпіска часопіса “Маладосць” складае 60 чалавек [1]. На блог рэдактара аддзела паэзіі часопіса, Вікі Трэнас, падпісана каля 600 карыстальнікаў. Штотыднёвая аўдыторыя партала Livejournal.ru складае больш як 96 тыс. унікальных карыстальнікаў з Беларусі [2] – гэта людзі, якія вядуць свой блог на гэтай платформе або толькі чытаюць чужыя блогі (аднак рэгулярнае чытанне блогаў раней ці пазней прыводзіць да стварэння ўласнага блога – бо тады адсочваць абнаўленні ў цікавых чытачу дзённіках становіцца зручней). Гэтыя людзі маюць цікаўнасць да літаратурнай тэматыкі – як паказвае рэйтынг Lj.ru, колькасць карыстальнікаў і суполак, якія ў палі “цікаўнасці” пазначылі слова “кнігі”, складае каля 64 тысяч – саступае толькі колькасці людзей, якія цікавяцца “музыкай” (каля 116 тыс.). Благасфера прыцягвае літаратараў, бо там навідавоку патэнцыйныя чытачы твораў беларускай літаратуры. У звязку з такімі асаблівасцямі благасферы, як інтэрактыўнасць, гіпертэкставасць, схільнасць блогераў да рапальвання скандалаў, яна з’яўляецца ідэальным асяроддзем для ўзнікнення розгласу вакол гэтых твораў – літаратурнай крытыкі. Аднак, дзякуючы тым жа асаблівасцям благасферы, крытыка тут адрозніваецца ад той, якая з’яўляецца на старонках друкаваных выданняў і іх электронных аналагаў.

Найбольш відавочна гэтая адрознасць выяўляецца ў жанрах, якімі ў благасферы карыстаецца літаратурная крытыка. Нават вонкава яна павінна прыстасоўвацца да існавання ў блогу, асноўны змест якога складаюць запісы – посты. Посты могуць утрымліваць тэкставую інфармацыю, фота і відэа, аўдыёзапісы. Пост блогера выклікае каментары іншых блогераў. Каментары могуць выбудоўвацца ў ланцугі, могуць адхіляцца ад тэмы (некаторыя блогеры абмяжоўваюць колькасць “афтопаў”, некаторыя – не).

У артыкуле “Блогі ў сістэме сеткавых камунікацый” Д. Багданава вылучае такія асаблівасці паведамленняў у блогу, як сцісласць тэксту, вострая актуальнасць, асабістасць запісаў, выкарыстанне інтэрактыўнасці і гіпертэксту ў максімальным аб’ёме (аўтар дыскутуе з чытачамі свайго блога, спасылаецца на іншыя блогі, сайты): “Для блогаў характэрны кароткія і вельмі кароткія публікацыі, якія маюць асабісты характар” [3].

Посты фарміруюць ленту кантэнта, але аўтар блога мае магчымасць фарміраваць ленту па сваім жаданні – некаторыя запісы могуць быць замацаваныя заўжды зверху, маецца магчымасць вокамгненнай рэструктурызацыі ленты паводле тэгаў (ключавых словаў, метак, якія суправаджаюць кожны запіс і ўтвараюць сэнсава-тэматычныя палі блога). Падобныя магчымасці робяць лёгкім пошук інфармацыі пра пэўнага творцу ці кнігу, аб якіх крытык пісаў раней.

Лёгкасць і хуткасць пошуку, прапанаваная сеціўнымі рэсурсамі, прыводзіць, на думку Нікаласа Кара (Nicholas Carr), да рассейвання ўвагі, павярхоўнага ўспрыняцця і, у выніку, да змянення самога спасабу чытання і мыслення [4]. Гэтыя змены закранаюць і друкаваныя выданні – яны вымушаныя гуляць па правілах, усталяваных электроннымі медыямі. Так, у сакавіку 2008 года “The New York Times” вырашыла прысвячаць другую і трэцюю старонкі кожнага выдання анонсам артыкулаў, якія публікуюцца ў нумары. У нашых рэаліях падобную магчымасць “хуткачытання” дае “БелГазета” ў рубрыцы “Белгазета за две минуты”. Благасфера, з аднаго боку, дазваляе весці пошук новых формаў уздзеяння на чытача, з іншага – спрычыняецца да дэвальвацыі старых формаў.

Прасочым жанравыя асаблівасці крытыкі ў благасферы на прыкладзе тэкстаў самых уплывовых блогераў. Паколькі на адной старонцы адкрываецца 20 постаў блога, то для аналізу тэкстаў будзе брацца 20 самых свежых на момант аналізу запісаў кожнага аўтара.

Паводле падлікаў, праведзеных блогерам Асяй Паплаўскай у суполцы Lit_krytyka.livejournal.com, каля 85 блогаў вядуць беларусы, так ці іначай заангажаваныя літаратурнай тэматыкай. Літаратурнай крытыкай або літаратурнай журналістыкай з іх займаецца 25 чалавек.



Сярод нешматлікіх беларускіх “тысячнікаў” – блогераў, чые запісы збіраюць да тысячы і больш чытачоў, – ажно 9 асвятляюць літаратурную тэматыку. Паводле рэйтынгу 2009 года, з пяці самых папулярных ЖЖ-карыстальнікаў Беларусі чацвёра звязаны з літаратурай (Аляксандр Фядута, 1029 чытачоў – апрача ўсяго іншага, літаратуразнаўца і крытык; Ганна Кісліцына, 1011 чытачоў, літаратуразнаўца і крытык; Адам Глобус, 995 чытачоў, літаратар і выдавец; Марыйка Мартысевіч, 834 чытачы, літаратар, журналіст, перакладчык). У 2010 годзе лічбы мяняюцца, але тэндэнцыя захоўваецца – самым папулярным беларускім блогерам па версіі LjRate з’яўляецца аўтарка фэнтэзі Вольга Грамыка (4117 чытачоў – для падкрэслівання значнасці адрыву параўнаем з 1700 у празаіка і музычнага аглядальніка Таццяны Заміроўскай, 1200 у А. Глобуса і А. Фядуты, да 1100 у Г. Кісліцынай, М. Мартысевіч, А. Хадановіча і В. Куставай.

Сярод жанраў, якімі карыстаюцца беларускія літаратурныя крытыкі ў благасферы, самымі пашыранымі з’яўляюцца не рэцэнзіі і нават не міні-анатацыі, а лытдыбр, перадрук/спасылка, абвестка і скандал. Лытдыбрам называюць запіс асабістага характару (утворана ад напісання слова “дневник” у няправільнай раскладцы клавіятуры – lytdybr і транслітэрацыі [5]. Блогеры любяць утвараць уласную тэрміналогію, не зразумелую не-карыстальніку блога. Падобная тэрміналогія становіцца часткай блогавай субкультуры нароўні з мемамі ды іншым сеціўным фальклорам). У звычайным блогу такі запіс збірае мала каментароў, але ў блогу тысячніка ён можа спарадзіць хвалю спачуванняў і выклікаць разборкі. Класічны прыклад дыбра ў блогу расійскага тысячніка tema (Арцемі Лебедзеў, трывалае 3 месца ў рэйтынгах кірылічнай благасферы): “Гофпыдя, квафота-то какая! Мавенькие пуфыфтые комофьки рашшвели вовсю на увифах Мошквы. Кавдая твавь бовья радуетфя. Вефна!” – сабраў 143 каментары [6]. У блогу беларускага тысячніка, заангажаванага літаратурай, амаль кожны лытдыбр або згадвае факты літаратурнага жыцця, адштурхаецца ад іх, або сам становіцца яго фактам, літаратурай (напрыклад, хайку А. Глобуса: Праз могілкі йду… // Сметнікі і кветнікі, // аднарукі крыж… [7]). Паведамленне Г. Кісліцынай пра дзень народзінаў М. Мартысевіч з’яўляецца, з аднаго боку, лытдыбрам – бо прысвечаны такой асабістай справе, як віншаванне, з іншага боку, віншаванню “падвяргаецца” актыўны ўдзельнік літаратурнага працэсу, таму гэта літаратурны лытдыбр; паведамленне Г. Кісліцынай пра прэмію, якую атрымаў Уладзімір Арлоў, спалучае рысы лытдыбра класічнага (бо згадваюцца асабістыя абставіны), лытдыбра літаратурнага (бо герой запіса – вядомы беларускі пісьменнік) і перадруку (бо запіс змяшчае спасылку на артыкул пра ўручэнне прэміі) [8]. Cапраўдная віртуознасць з’яўляецца тады, калі крытык выкарыстоўвае форму лытдыбра, каб рэкламаваць новыя выданні – як гэта робіць Марыйка Мартысевіч: “А я ўжо думала, літаратурай мяне не расчуліш. А тут – вясна ці што? - адразу два моцныя ўзрушэньні за апошнія два дні. Першае – прэзэнтацыя кнігі "...І цуды, і страхі" Вольгі Бабковай у панядзелак. Другое – сёньня. То бок, ужо ўчора. Ніколі ня думала, што бібліяграфічны даведнік можа давесьці да экстазу! Але ж Ціхан Чарнякевіч выклаў на Прайдзісьвет бібліяграфію перакладаў у часопісе Крыніцы”. Заўважым, што абодва рэкламаваных постам выданні ў блогу выглядаюць як гіперспасылкі – запіс утрымлівае яшчэ і рысы такога папулярнага ў крытыкаў-блогераў жанру, як перадрук. Гэты тэрмін дазваляе перадаць адначасова характар інфармацыі запісу – другасны, і форму яе падачы – перадрукоўванне інфармацыі з іншай крыніцы з яе пазначэннем у гіперспасылцы альбо адрэсы, па якой карыстальнікам прапанавана пазнаёміцца з нейкай важнай, на думку аўтара блога, інфармацыяй. Прыклад суполкі, змест якой утвараюць у асноўным перадрукі – Lit_krytyka. Пашыранасць гэтага жанру запісаў выяўляе яшчэ адну асаблівасць літаратурнай крытыкі ў благасферы – дубляванне інфармацыі, павелічэнне яе колькасці за кошт простага паўтору. Крытык можа спасылацца на іншы блог, свой ці чужы, на ранейшы запіс свайго блога, на друкаваныя і недрукаваныя СМІ, у якіх працуе. Спалучэнне ўсіх гэтых магчымасцяў фарміруе ленту Г. Кісліцынай у аналізаваным перыядзе: назіранне за царкоўнымі бабулькамі ў царкве спачатку з’яўляецца ў блогу як рэфлексіўны лытдыбр, праз шэсць постаў паўтараецца ў выглядзе перадруку з сайта “Новая Еўропа”, дзе Г. Кісліцына вядзе калонку, а эпізод з царкоўнымі бабулькамі набывае шырэйшы кантэкст, у наступным жа посце гісторыя прымае скандальны паварот, калі блогер усё тым жа перадрукам змяшчае абураны каментар аднаго з сваіх фрэндаў да артыкула на “Новай Еўропе”.

Скандал як жанр літаратурнай крытыкі замацоўваецца ў благасферы, дзе камунікацыя мае сваю спецыфіку – тут губляюць сваё значэнне невербальныя сродкі зносін і цэлы шэраг бар’ераў зносін [9]. Блогер не пераймаецца з-за ўзросту або аўтарытэту сваіх апанентаў, таму што зазвычай не валодае гэтай інфармацыяй. Знікненне бар’ераў у зносінах часта спараджае праявы грубасці, агрэсіі, плыні нецэнзурнай лексікі і неадэкватных рэакцый, якія каментатар не баіцца выказваць, бо самае большае, што можа зрабіць з ім аўтар блога – гэта “забаніць”, забараніць яму доступ да свайго дзённіка. Дадатковым фактарам, які спрычыняецца да росквіту скандалаў у літаратурна-крытычнай благасферы, ёсць любоў да іх публікі. Псіхалогія блогераў яшчэ чакае вывучэння, аднак і сёння можна заўважыць, што тут збіраюцца адмыслоўцы, аматары ганіць безгустоўшчыну – і працягваць сачыць за безгустоўнымі блогамі, ненавіснікі людзскога ідыятызму, якія ўсяляк правакуюць сваіх ахвяр да новых яго праяўленняў і да т.п. У аналізаваным фрагменце блогу Г. Кісліцынай маем два “скандалы” – згаданы вышэй абураны каментар дапаўняецца перадрукам разборак паміж Нілам Гілевічам і Уладзімірам Някляевым. Жанр скандалу вядучы ў суполцы asya_seventeen, дзе тры “тлустыя віртуалы” пакепліваюць з каментароў і стылю блогера Asya_17 [10]. Хаця скандалы развязваюцца з дэклараваннем найлепшых мэт, кшталту навучыць смяяцца над сабой, выбавіць свет ад безгустоўшчыны, дылетантызму etc., іх уздзеянне можна назваць жорсткім, а высокую цікаўнасць блогераў да гэткіх скандалаў – хваравітай. Баталіі ўдзельнікаў літаратурнага працэсу кампенсуюць, магчыма, недахоп жарсцяў і дынамікі ў самім літаратурным жыцці.

Абвестка ўяўляе з сябе яшчэ адзін жанр крытыкі ў благасферы, блізкі да анатацыі ў традыцыйнай крытыцы – аднак часта заміж лаканічнага аповеда пра змест і вартасці кнігі чытач атрымлівае дэталёвую інфармацыю пра тое, дзе яе набыць і калі падпісаць у аўтара. Блогер найчасцей “піярыць” імпрэзы, да якіх спрычыніўся (А. Глобус, запрошаны на Міжнародны фестываль «Дни белорусского слова», змяшчае рэкламу і праграму фестываля; М. Мартысевіч анансуе імпрэзы фестываля “Парадак слоў”, адным з арганізатараў якога выступае), асобныя рупліўцы рэкламуюць беларускую літаратуру і культуру агулам, рызыкуючы ператварыць уласны блог у слуп абвестак (В. Трэнас).

Літаратурны працэс у благасферы выклікае да жыцця новыя формы яго асэнсавання. Звыклыя жанры крытыкі падмяняюцца лаканічнымі постамі, якія можна ўмоўна падзяліць на чатыры жанравыя групы – лытдыбр (запіс асабістага характару), перадрук (гіперспасылка), абвестка (рэклама і прамоцыя) і скандал (абмеркаванне дзейнасці калегаў у абразлівай, а таму запамінальнай форме). Іх чаргаванне і спалучэнне ўтварае новы вобраз літаратурнай крытыкі. Благасфера імкліва развіваецца, уплывае на традыцыйныя СМІ, яе патэнцыял далёка не вычарпаны. На думку літаратуразнаўцы І. Шаўляковай, “літаратурная дзейнасць у Сеціве большасці з іх [аўтараў] зводзіцца да прысутнасці ў ім” [11]. Аўтары, у тым ліку крытыкі, яшчэ толькі прыглядаюцца да новага творчага асяроддзя, выпрабоўваюць яго магчымасці – таму тут можна чакаць цікавых зрухаў.



_______________________________

  1. Гуштын, Д. Чаму моладзь не чытае беларускую літаратуру? / Д. Гуштын // Маладосць. – 2009. – № 10. – С. 106—111.

  2. Статыстыка Livejournal [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://rgmedia.by/lj.html. – Дата доступу: 11.04.2010.

  3. Богданова, Д. Блоги в системе социальных коммуникаций / Д. Богданова // Релга [Электронный ресурс]. – 2006. – Режим доступа: http://relga.ru/Environ/. – Дата доступа: 30.12.2009.

  4. Carr, N. Is Google Making Us Stupid? What the Internet is doing to our brains / N. Carr // the ATLANTIC MAGAZINE [Электронны рэсурс]. – 2008. – Рэжым доступу: http://www.theatlantic.com/magazine/archive/2008/07/is-google-making-us-stupid/6868. – Дата доступу: 02.02.2010.

  5. Луркморье – сборник интернет-фольклора [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://Lurkmore.ru. – Дата доступа: 11.04.2010.

  6. Блог Арцемія Лебедзева [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://tema.livejournal.com/. – Дата доступу: 13.04.2010.

  7. Блог Адама Глобуса [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://adam-hlobus.livejournal.com/. – Дата доступу: 12.04.2010.

  8. Блог Ганны Кісліцынай [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://annahonda.livejournal.com/. – Дата доступа: 26.03.2010.

  9. Жичкина, А. Социально-психологические аспекты общения в Интернете / А. Жичкина // Бибилиотека Гумер [Электронный ресурс]. – 2007. – Режим доступу: http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/Psihol/Article/Gichk_SocPsih.php. Дата доступу: 27.02.2009.

  10. Суполка “Пражэктар Асі Сямнаццаць” [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://community.livejournal.com/asya_seventeen/2805.html. – Дата доступу: 13.04.2010.

  11. Шаўлякова, І. Культурны двубой, або Сеціратура = літаратура? / І. Шаўлякова // ЛіМ. – 2009. – 16 кастр. – С. 4.



 Літаратурны працэс – сукупнасць агульназначных зменаў у літаратурным жыцці (як у творчасці пісьменнікаў, так і ў літаратурнай свядомасці грамадства). – Литературная энциклопедия терминов и понятий / Под ред. А.Н. Николюкина. Институт научной информации по общественным наукам РАН. – М.: НПК «Интелвак», 2001.

У свеце існуе больш за 130 000 000 блогаў. У Расіі каля 700.000 акаўнтаў у ЖЖ, у Беларусі – каля 30 тысяч. Папулярнасць Standalone-платформ (аўтаномных, а не сеткавых) расце, але ў кірылічным сегменце яны пакуль што не складаюць канкурэнцыі ЖЖ, у рэйтынгах якога фігуруюць каля 3 мільёнаў карыстальнікаў (Blogger.com – каля мільёна карыстальнікаў па ўсім свеце, Wordpress.com – каля 4 мільёнаў).

 “…Частка беларускіх літаратараў, не адмаўляючыся ад друкавання ў розных літаратурна-мастацкіх выданнях, апошнім часам як бы перамяшчае цэнтр цяжару сваёй творчай актыўнасці на сеціўныя палеткі” [11].


 Пад літаратурнай журналістыкай разумеецца грамадска-публіцыстычная дзейнасць прафесійных літаратурных працаўнікоў у сродках масавай інфармацыі, скіраваная на асвятленне падзеяў літаратурнага жыцця, у тым ліку прэзентацый кніг, уручэння літаратурных прэмій, юбілеяў пісьменнікаў і г. д.


: bitstream -> 123456789 -> 54115
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка