Маё пакліканне — гэта любоў Малітоўнік



старонка1/4
Дата канвертавання20.05.2016
Памер0.72 Mb.
  1   2   3   4
МАЁ ПАКЛІКАННЕ — ГЭТА ЛЮБОЎ
Малітоўнік
Пераклад з польскай мовы

Агульнабеларуская перэгрынацыя рэліквій


святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса

падчас Года веры

2013
Агульнабеларуская перэгрынацыя рэліквій
святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса

падчас Года веры 2013




МАЁ ПАКЛІКАННЕ — ГЭТА ЛЮБОЎ
Малітоўнік
Пераклад з польскай мовы

Мінск
«Про Хрысто»

2013
УДК……………

ББК……………


М….

Пераклад з польскай мовы


Назва арыгінала:
Z ufnością i miłością. Módlmy się ze świętą Teresą od Dzieciątka Jezus.
Kraków: Wydawnictwo Karmelitów Bosych, 2005

NIHIL OBSTAT

Цэнзар кс. д-р Ян Крэміс

Мінск, 11 сакавіка 2013 г.


IMPRIMATUR

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч


Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, № 56/к/13 ад 11 сакавіка 2013 г.

© Wydawnictwo Karmelitów Bosych,
Kraków, 2013.

© Афармленне. Выдавецтва

ISBN …………………… «Про Хрысто», 2013

УВОДЗІНЫ
Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Deus caritas est піша, што кожны хрысціянскі шлях распачынаецца сустрэчаю з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і такім чынам вызначае яго напрамак. Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса адкрыла ў сваім жыцці Бога, які «так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Яна зразумела, што на любоў можна адказаць толькі любоўю. У кожным памкненні свайго сэрца, у кожнай думцы, у кожным жаданні яна была напоўнена любоўю, бо любіла ўсёю сваёю істотаю, усёй сабою.

Тэрэза была звычайнай маладой дзяўчынай, якая мела свае мары і жыццёвыя планы, як і тысячы яе аднагодак. Але яна вылучалася незвычайным жаданнем выканаць у сваім жыцці Божую волю, а таму духоўнае жыццё было для яе найбольш важным. Яна цудоўна ведала, што чалавечае існаванне не змяшчаецца ў межах толькі таго, што прамінае. Адкрытая на дзеянне Божай ласкі, выхаваная глыбока веруючымі і практыкуючымі бацькамі — якія з’яўляюцца прыкладам для ўсіх бацькоў — Тэрэза шукала сваё пакліканне, сваё месца ў жыцці і ў Касцёле. Яна мела розныя, часам нават нерэальныя жаданні. І нарэшце, аднойчы, поўная радасці ўсклікнула: «О Езу, любоў мая <…> я знайшла сваё пакліканне, МАЁ ПАКЛІКАННЕ — ГЭТА ЛЮБОЎ».

Праяваю любові да Бога, да бліжніх і да самога сябе з’яўляецца малітва. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса ўсё сваё жыццё ператварыла ў малітву, разумеючы яе як узнёслае імкненне сэрца, позірк, скіраваны да Неба, плач падзякі і любові як у смутку, так і ў радасці. Паводле святой Тэрэзы, малітва развівае чалавека і яднае яго з Богам. На пытанне, як трэба маліцца, яна дае адказ: «Як дзіця, якое яшчэ не навучылася чытаць; я проста кажу Богу ўсё, чаго жадаю, а Ён усё разумее».

З самага пачатку хрысціянства ўшанаванне рэліквій з’яўляецца жывым выразам пабожнасці вернікаў. У Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору пра святую Літургію чытаем: «Згодна з традыцыяй, Касцёл ушаноўвае святых, а таксама іх аўтэнтычныя рэліквіі і выявы. Урачыстасці святых абвяшчаюць цуды Хрыста ў Яго слугах, а вернікам даюць вартыя пераймання прыклады» (SC 111). Сустрэча з рэліквіямі святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса ў Год веры вельмі ўдала ўпісваецца ў гэтую традыцыю Касцёла. Гэтая падзея пакліканая садзейнічаць умацаванню веры, надзеі і любові, заахвоціць вернікаў стаць на шлях даверу да Бога ва ўсім.

Беларусь — гэта ўжо семдзесят шостая краіна, якую наведвае святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса ў сваёй пілігрымцы па свеце. Няхай і на нашую зямлю яна спашле, у адпаведнасці са сваім абяцаннем, «дождж ружаў», які з’яўляецца сімвалам Божых ласкаў. Кармеліты босыя, духоўныя браты гэтай вялікай «маленькай святой», выказваюць шчырае жаданне, каб як найбольшая колькасць вернікаў магла сустрэцца з Богам — з Любоўю. Мы спадзяемся, што гэты малітоўнік стане каштоўнаю дапамогаю на час перэгрынацыі і ў штодзённым дыялогу з Богам.

У кнізе выкарыстаныя наступныя скароты, якія датычаць твораў святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса:

Rps — Rękopisy (Рукапісы)

OS — Ostatnie słowa (Апошнія словы)

RW — Rady i wspomnienia (Парады і ўспаміны)

TDL — Listy (Лісты)

DD — Dzieje duszy (Гісторыя адной душы)


РУЖАНЕЦ
РУЖАНЕЦ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫТ

РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ


I. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі

Дасканаласць заключаецца ў тым, каб выконваць Божую волю, каб быць тым, чым Бог хоча нас мець. Я зразумела, што любоў нашага Пана аб’яўляецца гэтаксама і ў самай простай душы, якая ні ў чым не супраціўляецца Ягонай ласцы, і ў самай узнёслай, бо любові ўласціва прыніжаць сябе (Rps A 2v).

Падчас Звеставання Марыя выказвае ўнутраную паставу адкрытасці на ласку, якую дае Ёй Бог. Сваім fiat («так») Яна паказвае, што хоча быць тым, чым Бог хоча Яе мець. Не супраціўляецца, а прымае Божую волю, якая прыходзіць у ласцы гэтай хвіліны.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем праслаўляць Пана Бога за пакорныя і простыя сэрцы, якія сваім жыццём вучаць нас адкрытасці і прыніжэнню ў любові.



II. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты

Як малыя птушаняты вучацца спяваць, услухоўваючыся ў спеў сваіх бацькоў, падобна і дзеці знаёмяцца з тою ці іншаю цнотаю — гэтым ўзнёслым спевам любові да Бога, — знаходзячыся побач з душамі, якія займаюцца іх выхаваннем (Rps A 53r).

Падчас адведзінаў Марыя прыносіць у Айн-Карым Бога-Чалавека. Спявае свой Magnifiсat («Велічае душа мая»). Яе ўдзячнасць радуе сэрца Альжбеты і яе блізкіх. Марыя як будучая выхавацелька свайго Сына і «ўсіх сваіх дзяцей» вучыць унутранай паставе ўдзячнасці ў адносінах да Бога, вучыць служэнню і дзейснай любові да бліжняга.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем праслаўляць Пана Бога за тое, што Ён даў нам Марыю-Маці як найдасканалейшы прыклад выхавацелькі, якая, спяваючы гімн любові да Бога, вучыць сваіх дзяцей цноце ўдзячнасці.



III. Нараджэнне Езуса Хрыста

Не бойся; чым больш убогаю ты будзеш, тым мацней палюбіць цябе Езус (TDL 211).

Падчас нараджэння Езуса Марыя не баялася, не звяртала ўвагу на беднасць і зневажальныя ўмовы, з якімі Яна сутыкнулася ў рэчаіснасці ўбогай стайні. Ужо там, у Бэтлееме, Яе радасць прабывання з Сынам праяўлялася ў адарацыі Божага дару любові. Убогасць, якая выпала на Іх долю, яднала сэрцы, што любілі адно аднаго.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем праслаўляць Пана Бога за тое, што праз прыйсце Езуса ва ўбогасці бэтлеемскай ночы Ён вучыць нас звяртаць увагу на вышэйшыя каштоўнасці і ў духу ўбоства зносіць жыццёвыя цяжкасці, а таксама дзяліцца любоўю з тымі, каму гэтага не хапае.



IV. Ахвяраванне Хрыста ў святыні

Сказана, што «больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць», і гэта праўда, але паколькі Езус хоча ўзяць слодыч адорвання на сябе, то, напэўна, было б няветліва адмаўляцца. Дазволім жа Яму браць і даваць усё, што захоча; дасканаласць заключаецца ў выкананні Ягонай волі (TDL 142).

Падчас ахвяравання ў святыні Марыя аддае Дзіцятка Езуса Пану Богу і адначасова прымае з вуснаў Сімяона прароцтва аб цярпенні: «Праз Тваю душу пройдзе меч…» (Лк 2, 35). Яна дае, каб выканаць абавязак паводле Закону. Прымае, каб шмат любіць, любіць да канца, ажно да крыжа. Езус дае Ёй слодыч любові, якая паходзіць з гатоўнасці да ахвяры.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем праслаўляць Пана Бога за тое, што ў паставе Марыі Ён вучыць нас аддаваць усё Богу і прымаць Яго ласкі дзеля большай любові.



V. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні

Захоўваць слова Езуса — вось адзіная ўмова нашага шчасця, доказ нашай любові да Яго. Але чым жа ёсць гэтае слова? Мне здаецца, што слова Езуса — гэта Ён Сам. Ён — Езус, Слова, Божае Слова! (TDL 165)

Боль, які зведала Марыя, калі ў дарозе заўважыла, што няма Езуса, быў выкліканы стратай Сына. Яна знаходзіць Езуса ў святыні, дзе Ён «сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх» (Лк 2, 46). Да Марыі зноў вяртаецца спакой і радасць, а словы, якія Яна пачула ад Сына: «Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?» (Лк 2, 49), — Марыя захоўвае глыбока ў сваім сэрцы. У нашым жыцці мы так часта губляем Езуса, Жывое Слова Бога. Страта Езуса — гэта боль, сум і бессэнсоўнасць жыцця.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем праслаўляць Пана Бога за тое, што Ён застаўся з намі ў Асобе Езуса — у Жывым Слове.

ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА
I. Хрост Езуса ў Ярдане

Хрост вельмі глыбока прышчэплівае ў душу зародак тэалагальных цнотаў, таму што яны праяўляюцца ўжо з дзяцінства, і дастаткова надзеі на будучыя даброты, каб дзеці ўчынілі ахвяру (Rps A 52v).

Праз хрост у рацэ Ярдан Пан Езус атаясамлівае сябе з народам, якому патрэбна ачышчэнне. Ён кажа Яну: «Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва» (Мц 3, 15). Ян з вераю і пакораю выконвае просьбу Езуса. Верыць, што так хоча Бог. У момант хросту раскрываюцца нябёсы, і чутны голас, які пацвярджае, што Езус з’яўляецца ўмілаваным Сынам Айца. Надзеяй і любоўю напаўняюцца сэрцы сведкаў гэтай падзеі. Хрост — гэта прышчэплены ў душу чалавека зародак тэалагальных цнотаў: веры, надзеі і любові.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем дзякаваць Пану Богу за сакрамэнт хросту.



II. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане

Паколькі Езус сам выціскаў сок, няхай жа падасць Ён нам гэты напой, а мы, у сваю чаргу, давайце не будзем адмаўляць Яму, але будзем гатовыя насіць шаты, пабарваваныя крывёю. Будзем жа выціскаць для Езуса новае віно, якое заспакоіць Яго прагу, якое адплаціць Яму любоўю за любоў. Ах, не будзем жа захоўваць ніводнай кроплі віна, якім мы можам Яго адарыць (TDL 108).

Праз цуд у Кане Галілейскай Пан Езус аб’явіў сваю боскасць, сваю хвалу. Праз гэты цуд Ён адчыняе сэрцы вучняў на веру, а маладажонаў і вясельных гасцей напаўняе радасцю. Гэты першы цуд замены вады віном з’яўляецца жэстам бескарыслівай любові з боку Езуса да патрабуючых. Як моцна сёння патрэбна ад нас Езусу новае віно любові. Любові, якая будзе праяўленнем шчырасці, зычлівасці, узаемнага даверу і братняга служэння.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем дзякаваць Пану Богу за Яго клопат не толькі аб нашым вечным шчасці, але і аб нашых зямных дабротах.



III. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання

Калі я бачу Магдалену, якая ўваходзіць у перапоўненую бяседнымі гасцямі залу, каб сваімі слязамі паліваць ногі праслаўленага Настаўніка, да якога яна дакранаецца першы раз, то адчуваю, што яе сэрца зразумела бяздонныя глыбіні любові і міласэрнасці Езусавага Сэрца. А паколькі яна з’яўляецца вялікаю грэшніцаю, то міласцівае Сэрца не толькі гатовае ёй прабачыць, але хоча яшчэ адарыць яе шчасцем даверлівага з’яднання з Ім, узнесці яе на найвышэйшыя вяршыні кантэмпляцыі (TDL 247).

Абвяшчэннем Божага Валадарства Пан Езус распачаў сваю публічную дзейнасць. Езус, заклікаючы да навяртання, гаворыць пра любоў. Валадарства Божае — гэта любоў да Бога ў нашых бліжніх, гэта вера, якая праяўляецца ў добрых учынках. Калі мы жывём любоўю, то Валадарства Божае ёсць у нас (пар. Лк 17, 21). Езус першы, прабачаючы Магдалене, вучыць нас сапраўднай любові. Не кідае камянямі і не асуджае, але кажа: «Ідзі і адгэтуль больш не грашы» (Ян 8, 11). Словам і ўчынкам Ён заклікае да навяртання, да змены жыцця ў думках, словах і ўчынках.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем дзякаваць Пану Богу за сакрамэнт пакаяння і цноту любові, якая дазваляе нам здзяйсняць дабро.



IV. Перамяненне Езуса на гары Табор

Езус палае любоўю да нас. Глядзі на Яго годнае праслаўлення Аблічча! Глядзі таксама на Яго цьмяныя, апушчаныя вочы на крыжы. Глядзі на Яго раны. Углядзіся ў Аблічча Езуса. Там ты ўбачыш, як Ён нас любіць (TDL 87).

Усё, што дапускае Бог, каб яно выпала на нашую долю, — гэта дотык Ягонай Любові. Ён горача жадае нашага шчасця і хоча перамяняць нашае жыццё. Чакае толькі адказу з нашага боку. Чакае, што мы, углядаючыся ў Яго Аблічча, якое ззяе любоўю, пажадаем застацца з Ім, што мы аддамо Яму ўсё: словы, думкі і ўчынкі, а таксама тое, чым мы ёсць і чым валодаем, каб Ён перамяніў усё гэта на хвалу Божую.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем дзякаваць Пану Богу за ўсе атрыманыя ласкі і дары, якія перамяняюць нашае жыццё.



V. Устанаўленне Эўхарыстыі

Збудуйма ў нашым сэрцы малы табэрнакулюм, у якім Езус мог бы знайсці прытулак, і тады Ён будзе суцешаны і забудзецца пра тое, пра што мы не павінны забываць: пра няўдзячнасць душаў, якія пакідаюць Яго ў самотным табэрнакулюме (TDL 108).

Кожная святая Імша — гэта ахвяра любові, дзе Езус няспынна заступаецца за нас перад сваім Айцом. Эўхарыстыя — гэта рэальная прысутнасць Хрыста ў постацях хлеба і віна. Езус устанаўлівае Найсвяцейшы Сакрамэнт, бо хоча заўсёды быць з намі. Прагне, каб нашыя сэрцы сталі для Яго месцапрабываннем, Яго малым табэрнакулюмам, у якім мы будзем адараваць Яго і любіць, і Ён не будзе забыты і пакінуты. Будзем памятаць: Эўхарыстыя — гэта не рэч, але жывая Асоба, жывая Асоба Езуса Хрыста, нашага Збаўцы.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем дзякаваць Пану Богу за сакрамэнт Эўхарыстыі, за тую Божую Любоў, якую мы бачым і адаруем у святой Гостыі.

БАЛЕСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
I. Малітва Езуса ў садзе Аліўным

Наш Пан ніколі не патрабуе ахвяраў, якія перавышаюць нашыя сілы. Праўда, час ад часу Боскі Збаўца дазваляе нам адчуць усю горыч, што змяшчаецца ў келіху, які Ён падае нашай душы. Калі Езус патрабуе ад нас ахвяры з таго, што для нас найдаражэйшае на свеце, то немагчыма — без асаблівай ласкі — не ўсклікаць, як Ён у садзе агоніі: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца» (TDL 213).

Калі прыходзіць цярпенне або цяжкая сітуацыя, што патрабуе ахвяры, якая, з чалавечага пункту гледжання, перавышае нашыя сілы, найчасцей мы шукаем «нашых» рашэнняў праблемы, паддаемся слабасці або страху. Тым часам Бог жадае ад нас, каб мы даверыліся Яго волі і гераічна пераадольвалі сваю слабасць. Ён ніколі не патрабуе занадта шмат. Езус не ўцякае ад цярпення, але ўсклікае: «Будзь воля Твая».

Разам з Марыяй і святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса будзем кампенсаваць Пану Богу і перапрашаць Яго за ўсе змарнаваныя і не прынятыя ласкі цярпення.



II. Бічаванне Езуса

Жыццё — гэта толькі сон, неўзабаве мы прачнёмся, а тады — якая радасць! Чым большыя нашыя цярпенні, тым большая бясконцая хвала. Ох! не будзем жа прапускаць выпрабаванні, спасланыя нам Езусам (TDL 82).

Хто з нас здольны змерыць горкі боль, які адчуваў Езус падчас бічавання? Як часта мы адказваем удзячнаю любоўю за той боль, прыняты з любові да нас? Калі бічуе нас жыццё, калі балюча ўдарае неразуменне з боку самых блізкіх, нам хацелася б, каб побач з намі быў хтосьці, хто нас зразумее. Найчасцей застаецца з намі Ён — Найвярнейшы Сябра.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем кампенсаваць Пану Богу і перапрашаць Яго за недахоп сціпласці і чыстасці ў нашых паводзінах.



III. Укаранаванне Езуса цернем

Каб стаць абранніцаю Езуса, трэба прыпадобніцца да Езуса; а Езус увесь скрываўлены, укаранаваны цернем! (TDL 87).

Церне, якое раніць галаву Езуса, прычыняе боль, выкліканы няўдзячнасцю людскіх сэрцаў перад абліччам Ягонай любові. Карона, якую адзелі Езусу, — гэта вянец хвалы. Мы гаворым, што Езус з’яўляецца валадаром у валадарстве, якое не мае межаў. Так! Гэта праўда, але толькі тады, калі ў Ягоным Валадарстве ёсць сэрцы, якія любяць бязмежна.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем кампенсаваць Пану Богу і перапрашаць Яго за нашую ганарыстасць і пыху.



IV. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую

Цешуся, калі бачу, як моцна Бог цябе любіць і асыпае сваімі шчодрымі ласкамі. Ён лічыць, што ты годная цярпець дзеля любові да Яго, а гэта — найлепшы доказ ласкавасці, які Ён можа табе даць, бо цярпенне прыпадабняе нас да Яго (TDL 173).

Езус не адмаўляецца ад цяжару кальварыйскага шляху. Бярэ на сябе крыж і нясе яго, а сілы чэрпае з любові. Аднак Езус не хоча быць адзін на гэтым шляху, таму прымае дапамогу Сымона. Езус прызнаў яго годным цярпець дзеля Божай любові. Калі крыж выпрабаванняў прыгнятае цябе да зямлі, прымі іх, усведамляючы, што гэта добры Бог дакранаецца да цябе сваімі ласкамі і робіць годным цярпець дзеля Яго любові.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем кампенсаваць Пану Богу і перапрашаць Яго за непрынятыя ласкі, а таксама за грахі, учыненыя ў нашых сем’ях і супольнасцях.



V. Укрыжаванне і смерць Езуса

Так, гэта вельмі прыкра, калі на нас пазіраюць з насмешкаю, у той час як мы церпім, але думаю, што на крыжы гэтак жа глядзелі на церпячага Пана Езуса, бо напісана ў Евангеллі, што глядзелі на Яго, ківаючы галовамі. Гэтая думка дапамагае мне прыносіць гэтую ахвяру ўсім сэрцам (OS, 25 жніўня).

На крыжы Пан Езус адчуваў сябе самотным і поўнасцю пакінутым. Гэтая самотнасць прывяла да таго, што да крайняй мяжы ўзмацнілася мучэнне Ягонага Сэрца. Гэта цана, якую прызначае любоў. Крыж для многіх у цяперашнім свеце з’яўляецца глупствам.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем кампенсаваць Пану Богу і перапрашаць Яго за ўсіх, хто зневажае Крыж Хрыста.

ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
I. Уваскрасенне Хрыста

Жыццё мінае, вечнасць набліжаецца шпаркімі крокамі. Неўзабаве будзем жыць жыццём Езуса. Напоеныя папярэдне каля крыніцы ўсялякай горычы, будзем абагаўлёныя каля крыніцы ўсялякай радасці, усялякай асалоды (TDL 85).

Сапраўдны хрысціянін — гэта той, хто верыць, што Езус жыве, што Ён на самай справе прысутнічае, жывы і праўдзівы ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, што Ён прысутнічае ў сваім слове і ў Касцёле. Хрыстус прагне, каб мы былі сведкамі Яго ўваскрашэння праз абвяшчэнне Евангелля жыцця.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем прасіць добрага Бога аб жывой веры і дары спакойна глядзець на жыццё.



II. Унебаўшэсце Хрыста

Я хацела б сказаць табе, мой дарагі брацік, пра тысячы рэчаў, якія я разумею, стоячы на парогу вечнасці. Аднак я не ўміраю, я ўступаю ў жыццё, і ўсё, што не магу сказаць табе тут, дам зразумець з вышыні нябёсаў (TDL 244).

Неба — гэта мэта нашай зямной вандроўкі. Гэта няспынная радасць прабывання з насельнікамі нябёсаў. Гэта вечная адарацыя Божага Аблічча. Там «шмат святліц» (пар. Ян 14, 2). Ёсць таксама месца для цябе і для мяне. Будзем жа жыць так, каб тое, што сёння для нас з’яўляецца таямніцаю, стала некалі нашым лёсам.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем прасіць аб надзеі для тых, хто страціў сэнс жыцця і надзею на Неба.



III. Спасланне Духа Святога

Якія ж разнастайныя шляхі, якімі Пан вядзе душы! У жыццярысах святых мы бачым, што многія з іх не пакінулі пасля сябе ніякай памяткі, ніводнага твора. Іншыя, як наша маці, святая Тэрэза [Авільская], наадварот, узбагацілі Касцёл сваімі ўзнёслымі аб’яўленнямі, не баючыся выяўляць таямніцы Валадара дзеля таго толькі, каб душы лепей пазналі Яго і мацней палюбілі. Што мілей добраму Богу? Мне здаецца, і адно, і другое, бо ўсе яны дзейнічалі пад уплывам Духа Святога, а Пан сказаў: «Скажыце Справядліваму, што ўсё добра» (Rps C 2r-2v).

Спасланне Духа Святога — гэта дзень, у які распачынаецца незвычайная гісторыя Касцёла. Гэта час дзеяння Духа Святога, час умацавання апостальскага духа. Гэта час перамянення сэрцаў і розуму тых, хто з адкрытым сэрцам і розумам паддаецца дзеянню Божага Духа і прымае Яго дары.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем прасіць аб атрыманні дароў Духа Святога і аб падпарадкаванні Яго дзеянню ў нас і праз нас дзеля дабра Касцёла.



IV. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

Праўдзівая тая слава, што трывае вечна, і для таго, каб яе здабыць, не трэба абавязкова здзяйсняць справы, якая кідаюцца ў вочы, а дастаткова ўкрыцца і практыкаваць цноты так, каб «не ведала левая рука, што робіць правая» (Rps A 32r).

Унебаўзяцце Марыі азначае, што падчас зямной пілігрымкі Яна была дасканалым чынам з’яднаная са сваім Сынам Езусам Хрыстом. Там, дзе Езус, там таксама і Яго Маці. Марыя была ўзятая ў Неба за Яе вернае, ціхае і пакорнае служэнне на зямлі.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем прасіць аб дары ўмець ціха здзяйсняць дабро і захоўваць вернасць Богу ажно да смерці.



V. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі

Пра нашыя шляхецкія тытулы мы даведаемся толькі ў Небе. Тады кожны атрымае ад Бога хвалу, якую заслужыў; і той, хто на зямлі хацеў быць самым убогім, найбольш непрызнаным у любові да Езуса, той будзе першым, найшляхетнейшым, найбагацейшым! (Rps A 56r)

Марыя была ўзвялічаная да найвышэйшай славы, бо дазволіла Богу давесці Яе да самай вялікай пакоры. Цалкавітаю пакораю свайго сэрца Яна прызнала, што ўсё залежыць ад Пана Бога і Яму належыць, і што Ён для Яе — абсалютна ўсё.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем прасіць аб ласках, патрэбных для вернага наследавання цнотаў Марыі ў нашым жыцці.




КРЫЖОВЫ ШЛЯХ
КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

СА СВЯТОЮ ТЭРЭЗАЮ АД ДЗІЦЯТКІ ЕЗУСА
* Склала сястра Тэрэза Навотка з Супольнасці Сясцёр «Тэрэзак» у Седліцах (Польшча).

Уступ

У чэрвені 1897 года Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса напісала ў сваім «Рукапісе»:

Для мяне малітва — гэта ўзнясенне сэрца, просты позірк, скіраваны да Неба, вокліч удзячнасці і любові як у цярпенні, так і ў радасці; урэшце, гэта нешта велічнае, звышнатуральнае, што пашырае маю душу і яднае мяне з Езусам (Rps C 25r).

Стацыя 1

Езус асуджаны на смерць

Лічу за лепшае быць несправядліва абвінавачанаю, бо, калі мне няма ў чым папракнуць сябе, я з радасцю ахвярую гэта Богу; затым прыніжаюся, падумаўшы, што я здольная зрабіць тое, у чым мяне абвінавачваюць (RW I).

Кожны дзень на шляху майго жыцця вырастае штосьці, што з’яўляецца маёю людскою слабасцю і грахом. Так часта гэтаю слабасцю і гэтым грахом з’яўляецца мой язык, якім я абвінавачваю іншых, выносячы ім няслушныя прысуды. Як мала ў маім жыцці адказнасці за прамоўленыя словы. Несправядлівы прысуд, які вынес Пілат, абвінавачвае не Езуса, а нас саміх, слабых і грэшных людзей.

Пан Езус, няслушна абвінавачаны Пілатам, сёння кажа мне і табе: «Ты патрэбны Мне, каб сваім сведчаннем ты абараняў тых, каго няслушна абвінавачваюць і крыўдзяць, каб сябе самога не асуджаў на смерць уласнымі словамі».

Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, маліся за нас, каб мы былі здольныя заўсёды гаварыць пра іншых зычліва і згодна з праўдаю.

Які за нас цярпеў ад ранаў,

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Стацыя 2

Езус бярэ крыж

Каб дайсці да нейкай мэты, трэба выкарыстоўваць адпаведныя сродкі; Езус дазволіў мне зразумець, што Ён хоча даваць мне душы праз крыж, і таму цярпенне прываблівала мяне ўсё мацней, па меры таго як яно ўзрастала (Rps A 69v).

Усё зямное жыццё Езуса было шляхам прыніжэння і нягодаў. Яно было рэалізацыяй волі Айца праз ціхае выкананне штодзённых, звычайных абавязкаў. Новы дзень набліжаў Езуса да таго адзінага, калі Ён павінен быў атрымаць душы за крыж.

Колькі ж любові, мужнасці і адвагі мы бачым у паставе Езуса, які прымае гэтае цярпенне. Ён умілаваў гэтае цярпенне, таму што моцна палюбіў цябе і мяне. Як жа цяжка зразумець таямніцу цярпення!

Пан Езус, прымаючы крыж, сёння кажа мне і табе: «Ты патрэбны Мне, каб разам са Мною ўзяць крыж патрабавальнай любові і дайсці да вызначанай мэты».

Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, маліся за нас, каб мы былі здольныя з любоўю браць на сябе штодзённыя абавязкі.



Які за нас цярпеў ад ранаў…

: images -> stories -> files -> doc
doc -> Г прапанова адарацыі найсвяцейшага сакрамэнту для яе правядзення сужэнцамі
doc -> 8 кастрычніка Таямніцы святла
doc -> 16 кастрычніка Балесныя таямніцы
doc -> Правілы ўдзелу ў элеменце Стадыён
doc -> ПАЎсюдная дэкларацыя аб абароне цывілізацыі жыцця. У нядзелю божай міласэрнасці — мексіка 2016
doc -> Жыццяпіс св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус І Найсвяцейшага Аблічча
doc -> Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Пана (пар. 1 П 2, 9) I. Агульныя прынцыпы
doc -> 1 кастрычніка Таямніцы святла
doc -> 24 кастрычніка Радасныя таямніцы


  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка