Мае санаторыі і курорты



старонка1/2
Дата канвертавання16.05.2016
Памер447.18 Kb.
  1   2
Марыя ДУБОЎКА
Мае санаторыі і курорты
Мой бацька — Пятро Восіпавіч Кляус. Калі мы пыталіся (асабліва цікавілася старэйшая сястра), чаму у нас такое прозвішча, бацька распавядаў, што продкі нашы выхадцы з захаду (студэнты-латышы, з якімі я вучылася у Маскве, казалі, што прозвішча гэтае вельмі пашырана ў Латвіі), потым іх запрыгонілі, а пасля яны адкупіліся і праз нейкі час заняліся перапрацоўкай пянькі. Гэтую справу ўнаследа-ваў і мой бацька. Пяньку адпраўлялі праз Рослаўль у Рыгу. Яшчэ з вельмі ранняга дзяцінства я цьмяна памятаю, як працавалі на трэпле (гэта такая пабудова на слупах), потым работнікаў не стала, засталіся толькі збудаванні. Гэта было задоўга да рэвалюцыі. Па-мойму, мы жылі толькі з таго, што бацька паступова распрадаваўся: то лес прадасць, то сенажаць. Штомесяц сякую-такую суму прысылаў дзядзька маці. Напярэдадні рэвалюцыі ў нас ад панскага жыцця за-стаўся толькі дом, мэбля, сад, а гаспадарка была звычайная сялянская: адна карова, свіння, куры. Частку дома часамі займаў то сельсавет, то школа. Уладзімір Мікалаевіч на-стаяў, каб мы туды з`ездзілі. Здаецца, у 1928 годзе мы там былі. Уладзімір Мікалаевіч з кампазітарам Равенскім хадзілі па вёсках, запісвалі песні. Прабылі мы там нядоўга, паехалі, здаецца, у Дараганава, дзе бавілі лета Бабарэка і Крапіва з сем'ямі.

Калі няма маці — няма і сям`і. Сувязі мае з сям'ёю раза-рваліся задоўга да рэвалюцыі. Вучылася я ў Клінцах, жыла ў настаўніцы і нават на канікулы дамоў прыязджала не заўсёды. У мяне быў брат Мікалай, а можа, ён і цяпер дзе-небудзь жыве. Ен вучыўся ў Касцюковічах, вучыўся вельмі дрэнна, пазней бацька ўладкаваў яго ў Крычаўскае рамеснае вучылішча. Закончыў ён яго або не — не ведаю. Ведаю, што зусім юным ён пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, затым яго перавялі ў флот. Там быў ён машыністам на Бал-тыйскім флоце, адслужыў сем гадоў, дэмабілізаваўся на за­вод у Ленінград. Калі я ў 1931 годзе з Яранска напісала яму, што жыву з мужам, што яго выслалі, адказу не атрымала. Я зразўмела, што яму, члену партыі, мабыць, не хочацца мець са мною якія-небудзь сувязі. Больш пра яго я нічога не ведаю. Пра бацьку ведаю, што памёр ён у Клінцах, дзе жылі яго сястра і пляменніца. Чаму ён выехаў з Студзянца, я не спрабавала даведацца. Я сама тады жыла на птушыных правах, баялася, што і мяне арыштуюць і вышлюць як жонку ссыльнага, і што тады будзе з сынам?

Калі нам, дзецям, прыйшоў час вучыцца, дзядзька маці, які меў сувязі ў Петраградзе, быў асабіста знаёмы з дырэктрысай інстытута ў Смольным. Ен запрапанаваў нашым бацькам уладкаваць нас у гэты інстытут, на што мой бацька сказаў: «Хай вучацца, дзе ім належыць». У Смольным маглі вучыцца толькі дваране, і то не ўсе.

Летам 1917 года бацька мне казаў: «А, ведаеш, я згодзен з бальшавікамі — зямля павінна належаць сялянам». Я на гэта з усмешкай адказала: «Ты так гаворыш і лічыш таму, што ў цябе ўжо нічога няма і нечага ў цябе адбіраць».

Бацькі нашы заўсёды асуджалі практыцызм. Калі бацька казаў: «Ну, гэта практычны чалавек» або «Гэта практычныя людзі», значыць, з яго пункту погляду, гэта адмоўныя тыпы. Лічылася, што дзеля таго, каб дзеці не выраслі практычнымі, ім нельга даваць грошай, але трэба забяспечваць усім неаб-ходным. Ну што ж — гэта ім удалося. Ва ўсякім разе, свякру-ха мая здзіўлялася маёй непрактычнасці ў пачатку майго замужжа, але затое праз некалькі гадоў нашага вандравання з Уладзімірам Мікалаевічам па белым свеце яна стала здзіў-ляцца маёй гаспадарлівасці.

Бацькі мае былі вельмі рознымі людзьмі па адукацыі і культурнаму ўзроўню. Бацька скончыў, добра не памятаю, але, здаецца, павятовае вучылішча, ад бацькі свайго атрымаў у спадчыну пяньковую справу. Напярэдадні сваей жаніцьбы ён, мабыць, быў яшчэ багатым чалавекам. Мама, народжаная Бараноўская Марыя Іванаўна, родам з Бялынкавічаў, бацькі яе дваране, памешчыкі. Гэта недалёка ад Касцюковічаў. Мне казалі, што там цяпер дом для састарэлых, а наш дом у Студзянцах згарэў пры немцах.

Мама скончыла Інстытут шляхетных дзяўчат, а пазней два гады вучылася ў Швейцарыі ў Жэневе на французскіх курсах. Бацьку яна палюбіла, па яе словах (з пісьмаў),^за прастату, непасрэднасць, за непадабенства на шаркуноў і палацёраў (яе выразы з пісьмаў), якія яе акружалі.

Бацька паступова разараўся, мы паступова бяднелі, і калі прыйшла пара нам вучыцца, наша сям`я была ў вельмі ня-лёгкім матэрыяльным стане. Мама сама рыхтавала мяне і сястру да паступлення ў гімназію. Спосаб жыцця быў вельмі просты. Зараз я думаю, што на маму, відаць, па уплывала яе жыццё ў Жэневе. Яна ж там была студэнткай, і не можа быць, каб яна не сустракалася там з перадавымі студэнтамі. Недарэмна ж яна сама спявала рэвалюцыйныя песні, іграла іх на раялі і нас вучыла. Часта спявала і ўкраінскія песні. Мама шмат лячыла сялян, у яе была вялікая аитэчка, сама рыхтавала лекі, прымала роды, упраўляла вывіхі. Усё гэта без спецыяльнай медыцынскай падрыхтоўкі. Яшчэ яна займалася льнаводствам. Выпісвала нейкія сарты лёну. Разам з мясцовымі жанчынамі вырошчвала яго і ткала шырокія палотны. Шырокія бёрды... У адным з пакояў стаялі кросны, яна сама ткала. Памятаю, пашыла сабе начныя сарочкі з уласнаручна вытканага палатна, вышыла іх (яна была і рукадзельніца) і з гонарам іх насіла.



Бацька любіў чытаць. Любімымі яго пісьменнікамі былі Гогаль, Някрасаў. Захапляўся жонкамі дзекабрыстаў, чытаў паэму аб іх, і не раз. Калі я была падлеткам, ён неяк сказаў мне: «Ведаеш, я вось назіраў і бачу, што незаконны шлюб шчаслівейшы, чым законны». Гэта зразумела, таму што ў тыя часы шлюбы часта з'яўляліся камерцыйнай здзелкай або жаданнем «быць дваранкаю». Мае бацькі вельмі кахалі адно аднаго, і маці зрабіла «мезальянс», выходзячы за бацьку замуж, так што іх гэта не датычыць. Я была супраць рэгістрацыі нашага шлюбу з Уладзімірам Мікалаевічам, казала: «Гэта не зменіць нашых адносін». Але ён настойваў. У далейшым яму гэта спатрэбілася: пры перадачах у турму, пры дазволах на спатканне і г. д.

Бацькоў сваей маці я не памятаю, яны рана памерлі і апекаваўся мамай яе родны дзядзька Ягор Іванавіч Бараноўскі, былы генерал-губернатар (не ведаю якой губерні). Я памятаю яго глыбокім старым, якога суправаджаў у сталовую яго лакей, такі салідны і важны. Вось ён нам і дапамагаў матэрыяльна да канца свайго жыцця.

Пачалі мы з сястрой вучыцца ў Гомелі, яна ў першым, а я ў падрыхтоўчым класе. Мама нас падрыхтавала добра, і вучыцца нам было лёгка. Гэты год у Гомелі мы жылі з мамай, а бацька з брацікам заставаліся дома. Жыць на два дамы было неашчадна і немэтазгодна ў шмат якіх адносінах, і на наступны год нас перавялі ў гімназію ў горад Клінцы. У першы ж год позняй восенню мы абедзве захварэлі, і мама, выкліканая тэлеграмай, прыехала да нас у непагадзь, пад дажджом. Не пераапрануўшыся і не сагрэўшыся, яна пачала нас лячыць і даглядаць, пасля забрала нас дамоў, і гэты навучальны год для нас прапаў, а мама захварэла на скарацечныя сухоты і летам 1911 года памерла на 33-м годзе жыцця. Праз тры гады ва ўзросце шаснаццаці гадоў памерла мая старэйшая сястра. Пасля гэтага мяне ўзяла на кватэру да сябе настаўніца гэтай жа гімназіі і, можна сказаць, выратавала мяне, таму што і ў мяне ўжо былі закрануты вярхушкі лёгкіх. Ад платы за навучанне мяне звольнілі як добрую вучаніцу (я скончыла гімназію з залатым медалём), а на жыццё я сабе зарабляла прыватнымі ўрокамі па нямецкай мове і матэматыцы. Гімназію я скончыла ў 1918 годзе. Апошні год улады ў горадзе змяняліся вельмі часта. 3 балкона Гарадской думы гучалі прамовы. У галаве была поўная сумятня. Я не магла разабрацца, дзе праўда. У рэшце рэшт горад занялі немцы, і я была ўражана, як легка і хутка нашы гімназісткі пачалі лепятаць і какетнічаць з нямецкімі вайскоўцамі.I на наш выпускны вечар з'явіліся акупанты і закружыліся ў танцы з нашымі выпускніцамі. Я паціху, каб не звярнуць на сябе ўвагу, вышла з залы, спусцілася па лесвіцы і пайшла на сваю кватэру і наступнага дня вярнулася дамоў, дзе ўжо была савецкая ўлада. Мяжа праходзіла за 25 км ад Клінцоў па рэчцы (назвы не памятаю). Увосень таго ж года мяне прызначылі настаўніцай у вёску Дуброўка Чэрыкаўскага раёна, у толькі што адкрытую школу, якая была ў звычайнай сялянскай хаце з рускай печкай. Займацца адразу з чатырма класамі я не умела, таму займалася цэлы дзень: з раніцы з двума класамі і пасля абеду з двума іншымі класамі. 3 другога паўгоддзя прызначылі яшчэ адну настаўніцу, мы падзялілі класы, і стала лягчэй. На наступны год мяне перавялі ў Чэрыкаў. Там я выкладала матэматыку ў пятых класах былой мужчынскай гімназіі. Забылася сказаць, што летам былі настаўніцкія курсы ў Чэрыкаве і Клімавічах. У Чэрыкаў прыязджаў Лепяшынскі з жонкай, расказвалі аб працоўнай школе, якой яна павінна быць і чаму. Прыязджалі прафесары з Масквы і Ленінграда, так што і пачэрпнулі мы нямала і я яшчэ больш зразумела, як мала я ведаю. У той навучальны год я захварэла на сыпны тыфус, ляжала ў Чэрыкаўскай халоднай, без ацяплення, бальніцы, і на гэтым другі мой навучальны год скончыўся. Узрасла цяга да навукі. Я стала імкнуцца ў Маскву вучыцца, дзе, па майму ўяўленню, павінен ужо быў быць поўны камунізм і дзе я атрымаю тое, чаго мне не хапае для стварэння асабістага светапогляду. 3 навук мяне больш за ўсё цікавіла псіхалогія, але калі я трапіла на паседжанне псіхалагічнага таварыства, мяне агарошылі незразумелымі мудрымі тэрмінамі ідэалістычнай псіхалогіі, я толькі зразумела, што гэта не тое, што патрэбна для разумения псіхалогіі чалавека. Пасля я пайшла ў анатамічку (лекарам я таксама хацела быць). Мне падабалася лячыць людзей, але займацца анатоміяй на трупах у мяне не было сілы, а магчыма цярплівасці і вытрымкі. Пабывала я і на лекцыях па прыродазнаўстве, убачыла, што будова лістка мне нічога не дае. Пасля паступіла на агульнаадукацыйныя курсы (недахоп агульных ведаў я востра адчувала), але неўзабаве пераканалася, што тое, што там выкладаецца, я засвоіла ў гімназіі. Пахадзіўшы так па навучальных установах і не знайшоўшы таго, што мне трэба, я трапіла ў МАНА і папрасіла прызначыць мяне ў якую-небудзь дзіцячую ўстанову. Там якраз складаўся новы калектыў для школы-калоніі выяўленчых мастацтваў у Галіцына. Мяне прызначылі туды адной з выхавальніц і настаўніц. Гэта была вельмі цікавая навучальная ўстанова: з усіх дзіцячых дамоў Маскоўскай вобласці былі сабраны дзеці, якія мелі хоць які талент — малявалі, ляпілі, пісалі вершы. 3 Масквы для заняткаў з імі прыязджалі скульптар, мастак, літаратурай займаўся сам загадчык. Жыла тут і музыкантка. Яна вучыла музыцы і як яе слухаць. Ну і мы, тры выхавальніцы, выкладалі агульнаадукацыйныя прадметы. Харчаваліся ўсе вельмі дрэнна, адзеты былі абы-як, але дзеці былі вельмі цікавыя. Часта ўсім домам ездзілі ў Маскву ў тэатры. У той жа час я зусім ужо была сабралася ўступіць у партыю (да таго часу ў мяне ўжо былі знаёмыя ў Свярдлоўцы), але адна выхавальніца, значна старэйшая за мяне ўзростам, вельмі адукаваная, якая бывала за мяжой, астудзіла мяне пытаннем: «А ты ведаеш аб рознагалоссях Леніна з Пляханавым?» Прыйшлося мне засесці за чытанне Леніна і Пляханава.

3 парады знаёмых свярдлоўцаў я паступіла ў Акадэмію тады яшчэ сацыяльнага выхавання, папярэдне пазнаёміўшыся з вучэбным планам і праграмай. Вельмі мне спадабалася, што псіхалогія там ужо была матэрыялістычнай, шмат увагі аддавалася вывучэнню марксізму і, акрамя таго, былі заняткі, прысвечаныя вывучэнню музыкі, выяўленчых мастацтваў, літаратуры. Яшчэ былі там так званыя тэхнікумы: хімічны, тэкстыльны, індустрыяльны, харчовы, ручной працы, дзе вывучаліся рознага віду вытворчасці і даваліся сякія-такія працоўныя навыкі. Гэта было па выбары — два тэхнікумы. Я прайшла харчовы і тэкстыльны, і ручной працы. Марксізм мы вывучалі па першакрыніцах

Выкладчыкі — старыя бальшавікі, былыя падпольшчыкі са стажам прапагандысцкай работы. Псіхалогію вёў П. П. Блонскі, вельмі цікава і захапляюча, дапаўняючы лекцыі практычнымі заняткамі ў псіхалагічным гуртку і ў лабараторыі. Заняткамі па музыцы кіравала Надзея Якаўлеўна Брусава, сястра паэта Брусава. Яна выкладала ў кансерваторыі і часта для заняткаў з намі, каб мы слухалі музыку, прыцягвала студэнтаў кансерваторыі. 3 ёю мы прайшлі і праслухалі ўсю музычную класіку. 3 выяўленчым мастацтвам знаёміла нас мастак-канструктывіст тав. Сцяпанава. 3 ёю мы наведвалі выставы, музеі, знаёміліся з архітэктурай. Заняткі па літаратуры праходзілі і шляхам лекцый (Львоў-Рагачэўскі і Кубік), і ў форме семінараў. Семінар па Дастаеўскаму праводзіў праф. Пераверзеў. Акрамя таго, было шмат гурткоў па інтарэсах. Я займалася ў матэматычным гуртку. У далейшым мне гэта вельмі прыдалося. Апрача заняткаў мы наведвалі літаратурныя і палітычныя вечары і лекцыі, з'езды і канферэнцыі. Слухалі і Маякоўскага, і Ясеніна, і многіх іншых.

У хуткім часе Акадэмія сацыяльнага выхавання перайшла пад кіраўніцтва ЦК партыі і стала Камвузам. У сувязі з гэтым была чыстка, якая закранула толькі беспартыйных. Я ў ліку вельмі невялікай колькасці беспартыйных засталася студэнткай Акадэміі камуністычнага выхавання імя Крупскай. У гэтыя гады фарміравалася навука педалогія, якая потым за скажэнні зусім была ліквідавана. У Дзяржаўным вучоным савеце пад старшынствам Н.К.Крупскай ствараліся новыя праграмы насуперак старым, дарэвалюцыйным, і мы рыхтаваліся быць прапагандыстамі гэтых новых праграм. У 1924 годзе я закончыла АКБ і з адной студэнткай па размеркаванні была накіравана ў Кузбас, дзе мы працавалі ў школе пры хімзаводзе і адначасова ў Метадычным бюро АКрана. Пад час канікулаў выязджала для правядзення раённых метадычных канферэнцый, а на месцы кіравалі згуртаваннем настаўнікаў хімзавода, рудніка і г. Шчаглоўска. Мы лічылі, што самі, не адрываючыся ад практычнай працы, зможам непасрэдным паказам прынесці больш карысці, чым агульнымі разважаннямі, не пацвер-джанымі практыкай.

На наступны год мяне перавялі інспектарам АКрана толькі што створанай Рубцоўскай акругі. Раз'язджала па школах, пісала метадычныя пісьмы, Вельмі мяне гняло, калі трэба было пісаць адмоўныя водзывы, старалася не рабіць гэтага. У асноўным была больш інструктарам, чым інспектарам. Цікава было ездзіць у далёкія школы, куды больш пажылыя, сямейныя інспектары ездзілі без ахвоты, уступаючы гэта мне. Едзеш, бывала, стэпам зімовымі веча-рамі ў сабачай, яшчэ двайной дасе — цёпла, паўдрымота адольвае, а ў далечыні за 40 км свецяцца аганькі горада.На стаянках заўсёды чакаў самавар, здымалі з мяне астылыя валёнкі і на ногі давалі надзець гарачыя з рускай печы, а мае клалі на печ, і да ад'езду яны добра праграваліся. У горнай мясцовасці коней мянялі, таму што стэпавыя коні з цяжкасцю бралі пад'ёмы. Звычайна запрагалі тройку маленькіх коней. Вельмі запомніліся мне Змеінагорск і асабліва Калывань. Там я была ўжо вясной, рэчка была адкрытая і горы, каляровыя, рознакаляровыя, яркія горы на беразе. Я ўставала раненька і да заняткаў у школе сядзела на беразе рэчкі і любавалася хараством прыроды. У той час там была малень­кая фабрыка, на якой шліфавалі мясцовыя самацветы. Некалькі штук я купіла так, без аправы, але потым іх у мяне ўкралі, аб чым я вельмі шкадавала — вельмі ўжо былі прыгожыя.

Прапрацаваўшы два гады ў Сібіры, я зноў вярнулася ў Маскву і працавала настаўніцай спачатку ў школе ў Сіманаўскай слабадзе, а пазней, калі выйшла замуж і стала жыць на Малой Грузінскай, перайшла ў школу на Смаленскай плошчы, бліжэй да дому. У Маскве, у школе, дзе я праца­вала, асаблівая ўвага надавалася вывучэнню дзіцяці: спадчыннасць, фізічнае развіццё, здароўе, умовы жыцця, разумовае развіццё. Школа была вялізная, паралельна класаў 12, і вучні размяркоўваліся паводле разумовага развіцця. Гэта была вельмі цікавая, эксперыментальная праца.

3 Уладзімірам Мікалаевічам мы пазнаёміліся ў Беларускім клубе, куды нас, настаўнікаў-беларусаў, запрасілі займацца беларускай мовай. Кіраваў гэтымі заняткамі Уладзімір Мікалаевіч. Пасля заняткаў мы з ім падоўгу блукалі па Маскве, дакладней, ён праводзіў мяне, а дарога ад Арбата да Старой Сіманаўкі далёкая. Хадзілі мы па тэатрах, канцэртах, потым пажаніліся, і пачаўся новы перыяд майго жыцця, нераздзельны ад яго лёсу.

* * *

20 ліпеня 1930 года Уладзімір Мікалаевіч быў арыштаваны першы раз. Мы жылі на дачы ў Пярлоўцы, сыну Альгерду — Аліку было паўтара года, ён (Уладзімір Мікалаевіч) ездзіў на працу ў другой палове дня. I вось 20 ліпеня прыязджае на дачу маці Уладзіміра Мікалаевіча Настасся Іванаўна і кажа, што Валодзю, відаць, арыштавалі, таму што на маскоўскую кватэру прыязджалі супрацоўнікі НКУС, даведаліся, што ён жыве на дачы, відаць, дачу не знайшлі і сядзелі ў кватэры да часу, калі ён прыходзіў на працу. Яго арыштавалі на працы ў Крамлі ў Саўнаркоме. Дзень быў гарачы, на працу ён паехаў у белым касцюме і сандалях. Так яго і забралі. Я пачала шукаць яго па турмах. Усюды мне казалі, што яго няма. Адзін знаёмы спрактыкаваны стары рэвалюцыянер параіў мне: «Вы не пытайцеся, тут ён або не, а нясіце перадачу і тады даведаецеся, ці ёсць ён там». Я так і зрабіла. У Бутырках мне сказалі: ёсць такі, але перадачы яму забаронены. Калі праз некалькі дзён я зноў прыйшла туды ж з перадачай, мне адказалі: «Такога ў нас няма і ніколі не было». У мяне падкасіліся ногі, і я апусцілася каля акенца. Што можна было падумаць? Усё, што хочаце, аж да самага страшнага. У гэты час у Маскве жыў і працаваў Адамовіч, былы старшыня Саўнаркома Беларусі. Я пайшла да яго, расказала аб сваіх паходах і папрасіла парады. Ён сказаў: «Паспрабуйце пашукаць яго ў Мінску». Я паехала ў Мінск. Узяла адзенне, прадукты, кнігу Байрана. У ЧК або ў НКУС мне сказалі: «Так, ён тут, але перадачы яму не прымаем». Тады я звярнулася ў ЦК партыі да сакратара ЦК Васілевіча. Паміж намі адбылася такая размова:



  • Ці тут Дубоўка?

  • Так, тут.

— Я словам не веру, таму што па вопыце ведаю, што сёння могуць сказаць «тут», а іншым разам, што яго тут ніколі не было.

  • Што ж вы хочаце?

— Хачу бачыць хоць адзін радок, напісаны яго рукой. Дарэчы, мне трэба атрымаць ад яго даверанасці на грошы, вось гэтыя даверанасці і будуць доказам таго, што ён сапраўды тут. Акрамя таго, трэба перадаць яму рэчы, вопратку, паколькі яго ўзялі ў летнім касцюме і сандалях.

Ён кажа: «Ці бачыце, бываюць жа меры не толькі фізічнага ўздзеяння». У адказ на гэта я сказала: «Ах, вось як. Значыць, гэта мера ўздзеяння — ведай, што твая сям'я жыве ў бядзе, пакуль ты не прызнаешся ў тым, чаго не рабіў». Тады ён бярэ тэлефонную трубку і звоніць начальніку Рапапорту: «Тут прыехала жонка Дубоўкі, трэба прыняць ад яе перадачу і выдаць ей даверанасці». Пасля гэтага ў МДБ, у ЧК або НКУС у мяне прынялі адзенне, кнігу са збору твораў Бай­рана. Я не ведала, ці патрэбна гэтая кніга Уладзіміру Мікалаевічу, ці будзе ён яе чытаць, ці будзе нешта перакладаць. У юнацтве я шмат чытала пра рэвалюцыянераў царскіх часоў і ведала, што шмат якія з іх у турме займаліся замежнымі мовамі. Калі мы сустрэліся ўжо ў ссылцы або высылцы (не ведаю, як правільна), Уладзімір Мікалаевіч расказаў, што ён пераклаў «Шыльёнскага вязня». У перасыльнай турме ў Бутырках ужо ў 1931 годзе Уладзімір Мікалаевіч быў у адной камеры з Адамам Бабарэкам. У мінскай турме яны былі ў розных камерах. Адам прачытаў пераклад і рашыў перапісаць яго асобна для сябе. Уладзімір Мікалаевіч казаў,што Адам перапісваў, стоячы каля падаконніка. На падаконніку і пісаў. Перапісаў і кажа: «На ўсякі выпадак хай адзін экземпляр будзе ў мяне». У 1937 годзе ў Чабаксарах пры арышце ў нас быў пільны вобыск, не рэчаў, а рукапісаў і кніг. Узялі ўсё, што было напісана рукой Уладзіміра Мікалаевіча: кнігі з яго паметкамі, узялі і пераклады «Чайльд Гарольда» і, вядома ж, пераклад «Шыльёнскага вязня». Пасля рэабілітацыі колькі Уладзімір Мікалаевіч ні пісаў у Чабаксары ў МДБ з просьбай прыслаць яму яго работы, адказ быў адзін: «нічога няма». Або знішчылі, або паленаваліся шукаць. Пра лёс перакладаў «Чайльд Гарольда» Уладзімір Мікалаевіч шкадаваў да канца сваіх дзён. Не думаў ён, што знойдзецца і «Шыльёнскі вязень». I вось аднойчы атрымліваем мы пісьмо ад Ганны Іванаўны Бабарэкі (яна жыла тады ў Кіраве), у якім яна пытаецца ва Уладзіміра Мікалаевіча, ці не патрэбны яму пераклад «Шыльёнскага вязня», які захаваўся ў паперах Адама. Уладзімір Мікалаевіч быў вельмі рады атрымаць свой пераклад, перапісаны ў Бутырках Адамам Антонавічам «на ўсякі выпадак». Прыйшлі пажаўцелыя ад часу доўгія палоскі паперы. Вось так, дзякуючы прадбачлівасці Адама Бабарэкі і беражлівым адносінам да яго архіва ягонай жонкі і дзяцей захаваўся гэты пераклад.



12 ліпеня 1976 г.

Страшна. Жыць страшна. Самота. Старасць. Бездапаможнасць. I ўспамінаюцца таксама страшныя перыяды жыцця. Вельмі страшны перыяд — Шэшурга. Адна з маленькім дзіцем у глухім далёкім сяле. 1933 год. Цяжкі год. Пакуль з Уладзімірам Мікалаевічам — нічога. Усе ж удваіх. Ён умеў прыстасоўвацца да жыцця ў самых цяжкіх умовах. Назапасілі мы бульбы, капусты, намарынавалі і насалілі грыбоў, нават гарбузы марынавалі. Усяго, што можна, назапасілі на зіму, і раптам у самае бездарожжа, прыкладна ў кастрычніку — лістападзе, верхавы на шэрым у яблыкі кані (больш ні на чым нельга было праехаць) прывозіць пакет: неадкладна з'явіцца ў Яранск у НКУС з рэчамі. Дзеля чаго, навошта — нічога не ясна. Вось Уладзімір Мікалаевіч адправіўся ў Яранск, а я засталася адна з дзіцем. Дрэнна, што ў такіх выпадках я зломлівалася і захворвала. На гэты раз у мяне распухлі вушы і за вушамі, і я магла толькі сядзець у пасцелі. Лячылася кампрэсамі, праграваннямі, пакуль фельчар не здагадаўся даць мне нечага з бромам або аднаго брома. Гэта давала нейкую палёгку, а потым зноў абвастралася. Сяк-так хадзіла ў школу, сяк-так вяла ўрокі. Гэта працягвалася да той пары, пакуль я не атрымала паведамленне ад Уладзіміра Мікалаевіча з Чабаксараў, што ён ужо там, працуе і чакае мяне з сынам да сябе. Я пачала збірацца ў дарогу і патрошку папраўляцца. Наняла ў калгасе двух коней, і ў зімовыя канікулы выехалі мы з сынам па лясной дарозе за 200 км на Чабаксары. Ехалі мы гэтыя 200 км чацвёра сутак. Зімовыя дні кароткія. Дарога незнаёмая. Адну ноч мы правялі ў нейкай вёсцы. Там не было газы, а мае фурманы былі запаслівыя. З сельпо, дзе працаваў Уладзімір Мікалаевіч, яны ўзялі бутылку газы, і нас з ахвотай пусцілі начаваць. Калі з вуліцы ўбачылі святло ў хаце, дзе мы спыніліся, увесь народ паваліў да нас у хату, уселіся на лавы, на падлогу, закурылі самасад — дыхаць няма чым. Я паклала сына на лаўцы каля жалезнай печкі і ўсю ноч здымала з яго тараканаў, якія не давалі яму спаць. Астатнія ночы мы праводзілі на лясных кардонах, было вельмі марозна. Усе прыгатаваныя на дарогу харчы замярзалі, і на прыпынках трэба было чакаць, пакуль яны сагрэюцца. Я заўважыла, што мае фурманы пачынаюць нешта і жаваць, як толькі зойдуць у хату. Аказваецца, яны нешта для пачатку хавалі пад вопратку да цела і пачыналі гэта есці, чакаючы, пакуль сагрэецца штосьці іншае. Я ўзяла з іх прыклад і хавала які-небудзь піражок ці булачку да цела для сынка, які выказваў нецярплівасць, хацеў есці, як толькі мы распраналіся на прыпынках. На адных санях нам зрабілі кібітку, каб снег і вецер да нас не трапляў. Сыночка я пасадзіла ў падушкі і коўдры, дык яму не было холадна, але для яго пакутлівай была нерухомасць, і я старалася забаўляць яго казкамі, а ў самой на сэрцы кошкі скрабуць. Я ж не ведаю, ці застану Уладзіміра Мікалаевіча там, куды я еду. Еду чацвёра сутак, пісьмо ад яго таксама ішло некалькі дзён. Што з ім здарылася за гэты час, можа, яго ўжо некуды перавялі? Толькі калі мы пад'ехалі да дому, дзе ён наняў пакой, і ён вышаў з дзвярэй, убачыўшы нашы сані, у мяне палягчэла на сэрцы. Значыць, ён тут. Мы зноў разам. I ўсё ўжо добра. Я пачала хутка папраўляцца. Была сярэдзіна навучальнага года, уладкавацца настаўніцай было цяжка, і я пачала працаваць педалогам пры школьна-прафілактычнай амбулаторыі. Працавала ў цесным кантакце з настаўнікамі і ўрачамі. Займалася вывучэннем цяжкіх дзяцей. Бывалі і поспехі. Гэта вельмі цікавая праца, якая прыносіла вялікае задавальненне, калі ўдавалася дапамагчы і дзіцяці, і бацькам, і настаўнікам. I калі педалогію закляймілі як нешта вельмі шкоднае, траха не палітычнае, і я адмовілася самавыкрывацца, то выклікала да сябе незадавальненне. Супраць свайго сумлення я не магла ісці, хоць разумела, што для мяне гэта і небяспечна. Але гэта было ў 1936 г.

Першы раз Уладзімір Мікалаевіч быў асуджаны на 5 гадоў ссылкі ці высылкі, здаецца, юрыдычна гэта не адно і тое ж, але розніцы я не разумею. (Калі Уладзіміра Мікалаевіча арыштавалі ўпершыню, сыну было паўтара года, а ў першую ссылку да бацькі мы з ім паехалі, калі яму было два з паловай гады. 11 месяцаў Уладзімір Мікалаевіч правёў у мінскай турме.)

Мы чакалі 1935 года. 20 ліпеня канчаўся тэрмін, і мы думалі, што тады зможам выбраць месца жыхарства і Уладзі­мір Мікалаевіч будзе ўжо вольным чалавекам. 20 ліпеня 1935 года яму сказалі прыйсці праз тыдзень, а праз тыдзень паведамілі, што тэрмін прадоўжаны яшчэ на два гады, гэта значыць, да ліпеня 1937 года. Уладзімір Мікалаевіч вельмі моцна перажываў гэтае новае рашэнне. Ён, відаць, зразумеў, што тэрмін — паняцце няпэўнае. Памятаю, ён апусціўся на падлогу, абняў рукамі калені і сядзеў так, думаючы цяжкую думу.

Акрамя таго, што нечаканыя перакідкі траўміравалі душэўна, яны моцна падрывалі наша матэрыяльнае становішча. У Яранску апошні год мы жылі на кватэры, якую Уладзіміру Мікалаевічу прадаставіў райспажыўсаюз, дзе ён праца­ваў. Пры доме быў даволі вялікі агарод, які мы толькі паспелі засеяць і засадзіць. У сярэдзіне лета Уладзіміра Мікалае­віча перавялі ў Шэшургу. Прыйшлося ўсё кінуць. Толькі рэвень восенню Уладзімір Мікалаевіч перавёз у Шэшургу, а ка­лі пераязджаў, пакінуў яго пад апеку і на памяць мясцоваму фельчару. У Шэшурзе мы думалі, што будзем зімаваць і запасліся прадуктамі, таму што рынку там не было і трэба было з восені нарыхтаваць на ўсю зіму . I ўсё гэта прыйшлося пакінуць. Для пераезду з Яранска ў Чабаксары Уладзіміру Мікалаевічу райспажыўсаюз даў каня і возчыка, але было та­кое бездарожжа, што і возчык, і Уладзімір Мікалаевіч ішлі пешшу, а на возе стаяў толькі куфэрак з яго сціплымі пажыткамі. Пра свае прыгоды па дарозе ў Чабаксары ён апісаў ва ўспамінах над назвай «Сустрэча з ліхімі людзьмі», што ўвайшлі ў зборнік «Пялёсткі», а ў аповесці «Гартаванне цярплівасці» ён апісаў, як мучыўся з агародам, калі мы жылі на прыватнай кватэры ў Яранску. Першы час пасля прыезду ў Шэшургу мы жылі ў сялянскай хаце ў аднаго селяніна, пакуль не адрамантавалі

школьнае памяшканне, дзе мне, як настаўніцы, далі кватэру. Хлеб і малако куплялі. Дакладней, куплялі муку, і мне прыйшлося вучыцца у гаспадыні, дзе мы жылі на кватэры, пячы хлеб. Яна дазволіла нам ламаць бураковае бацвінне на яе агародзе. Вось мы і варылі гэтае бацвінне, падкіслялі сыраваткай, і атрымліваўся добры боршч. А людзі, праходзячы міма агарода, дзе я ламала бац­вінне, жахаліся: «А божа ж мой, траву ядуць». Там, трэба сказаць, увогуле недаацэньвалі агародніну. Больш налягалі на мучную ежу.

Вось пішу я аб Шэшурзе, а як мы туды трапілі? Уладзіміра Мікалаевіча выслалі ж у Яранск на пяць гадоў, а ўжо ле­там 1933 года яго адтуль перавялі і нават не ў Шэшургу, а ў Міхайлаўскае, але ў Міхайлаўскім мы зусім не былі. Вось як атрымалася.

Уладзіміра Мікалаевіча прынялі на работу у Яранскі спажыўсаюз на пасаду сакратара, але ён не абмежаваўся толь­кі сакратарскай працай, а ўнікаў ва ўсю работу спажыўсаюза і дапамагаў, як мог. Спажыўсаюз трапіў у цяжкое фінансавае становішча. Уладзімір Мікалаевіч раскапаў нейкія дакументы, па якіх аказалася, што ў спажыўсаюзе шмат даўжнікоў, і Уладзімір Мікалаевіч заняўся гэтымі справамі, пачаў спаганяць даўгі. I спажыўсаюз стаў на ногі..

Уладзімір Мікалаевіч пісаў артыкулы ў краявую газету і цэнтральныя аб рабоце спажыўсаюза (падпісваўся не ён, але ганарар аддавалі яму), сумесна з настаўнікам біялогіі сярэдняй школы арганізаваў падсобны агарод, дзе вырошчвалі рэдкія і незвычайныя для той мясцовасці расліны. Краявыя работнікі прыязджалі і прыходзілі ў захапленне. Спачатку яны з Уладзімірам Мікалаевічам працавалі адны, пазней ім далі памочнікаў-рабочых.

Калі аднойчы ў спажыўсаюзе не стала каламазі, Уладзі­мір Мікалаевіч выпісаў кнігі і прыняў актыўны ўдзел у вырабе гэтай мазі і выратаваў ад непрыемнасцей сваё началь­ства.

Ён уласнаручна афармляў памяшканні да святаў. Усё гэ­та для яго было натуральна і проста, рабіў ён гэта легка. Але вось «шэфам» ягоным гэта не спадабалася. Яны выклікалі старшыню спажыўсаюза і запатрабавалі звольніць Уладзімі­ра Мікалаевіча, таму што «ссыльны заварочвае ўсімі спра­вамі». I хоць старшыня даводзіў, што Уладзімір Мікалаевіч выконвае толькі свае абавязкі, настойвалі. Старшыня адмовіўся звольніць Уладзіміра Мікалаевіча, таму што для гэтага не было ніякіх падстаў. Ну што ж, тады шэфы выклікалі Уладзіміра Мікалаевіча і загадалі выехаць на жыхарства ў Міхайлаўскае Яранскага раёна, сказаўшы, што аб гэтым атрымана распараджэнне з Масквы.

Уладзімір Мікалаевіч сказаў, што атрымоўваецца няёмка: «Пушкін быў сасланы ў Міхайлаўскае, аналогія можа быць непажаданай». Тады яны лёгка памянялі Міхайлаўскае на Шэшургу, дзе была няпоўная сярэдняя школа. Уладзімір Мікалаевіч сказаў: «Значыць, гэта не рашэнне Масквы, а вашае, раз вы самі мяняеце месца майго новага жыхарства». Вось так мы аказаліся ў Шэшурзе, усяго на некалькі месяцаў, але як гэта нас траўміравала і падарвала наша матэрыяльнае становішча.

А адзначацца Уладзімір Мікалаевіч хадзіў кожныя два тыдні да міліцыянера ў Міхайлаўскае, які там пражываў і дзе ў яго была кантора. Хадзіў за 7 км у любое надвор'е і бездарожжа. Мяне РАНА перавяло з Яранска у Шэшургу выкладчыкам матэматыкі.

Аб тым, як выраблялі каламазь, Уладзімір Мікалаевіч апісаў у сваім зборніку «Пялёсткі».


: text
text -> Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь
text -> Закон республики Беларусь от 09. 01. 2006 n 98-з "аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны рэспублiкi беларусь"
text -> Пагадненне памiж урадам рэспублiкi беларусь I кабiнетам мiнiстраў украiны аб узаемадзеяннi ў галiне геадэзii
text -> Памiж камiтэтам па зямельных рэсурсах, геадэзii I картаграфii пры савеце мiнiстраў рэспублiкi беларусь
text -> Аб дружбе I супрацоўнiцтве памiж рэспублiкай беларусь I турэцкай рэспублiкай
text -> Памiж урадам рэспублiкi беларусь I урадам украiны аб супрацоўнiцтве ў галiне аховы навакольнага асяроддзя
text -> Кабiнет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь
text -> Трагедыя паэта (Уладзімір Дубоўка)
text -> Іна Бубновіч роля уладзіміра дубоўкі ў фармаванні
text -> Уладзімір Дубоўка


  1   2


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка