Масарэнка Алесь на бабровых тонях аповесць Вясновы неспакой



старонка1/12
Дата канвертавання20.05.2016
Памер2.52 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12
Масарэнка Алесь
НА БАБРОВЫХ ТОНЯХ

Аповесць
Вясновы неспакой

Ніхто, пэўна, не радуецца так вясне, як дзеці. Яны, бы птушкі, сквалчэлыя за зіму, развінаюць крылы, зрываюцца з седалаў і цалюткі дзень гатовыя тырчаць дзе-небудзь на загуменні ля бруістых раўчукоў.

Шчыруе сонца, на дварэ цяплынь — бяжы сабе, куды заўгодна. Нават калі ногі прамочыш, не страшна — вясна!

Я таксама жыў вясновымі радасцямі. Толькі прачынаўся — выпіваў, калі было, конаўку малака і, пакуль яшчэ трымаў лядок, ішоў да ручаін: глядзеў, як многа вады сышло за ноч і ці трымаюць яе, сабраную ў азерца, мае загароды (бацька наказаў адводзіць талую ваду ад копчыка з насеннай бульбай).

Звычайна ноччу падмарожвала. Храбусткая луста матавага лёду звонка трэскалася пада мной, з хрыпам асядала і адразу ж мутнела. Усе мае загароды былі ў парадку. Затое, калі са школы вяртаўся, па абедзе, не пазнаваў «умацаванняў» — іх надта размывала, і копчык з бульбай-семянкай быў значна падтоплены. Мне зноў хапала работы ажно да самага вечара.
Падчас вясновых канікулаў Жэнік, брат мой старэйшы, Бронік, сябра наш, і я недзе як не штодня прападалі на зазелянелым загуменні. Нязменнай гульнёй нашай была «вайна», часам ганялі рэхву альбо гулялі ў лапту. А калі ў ходараўскім клубе паказалі кінафільм «Прыгоды Робін Гуда», мы захапіліся стральбой з лука. Стрэлы парабілі адменныя, раўнюткія і доўгія. Жэнік сваю выстругаў з сасновай адшчэпіны-смаляка і на кончыку адштукаваў бадай такую ж булдовачку, як у верацяне, куды загнаў яшчэ і цвічок, каб вастрэйшая была. Мая страла атрымалася таксама нядрэнная — гэта быў звычайны пруток з арэшыны, абкораны, высушаны, з уздзетай на самы кончык выплаўленай куляй з рускага патрона.

Вызначыўшы абарончыя аб'екты, мы аддаліліся крокаў на дваццаць і давай «бамбіць» адзін аднаго: Жэнік, цэлячыся зусім як і Робін Гуд у кіно, пускаў сваю стралу ў мой бок, я сваю — у яго. Потым хуценька падбіралі стрэлы (я — Жэнікаву, ён — маю) і, ужо не цэлячыся, шпурлялі іх проста як мага вышэй, каб відаць было, дзе якая ўпадзе, і не траціць час на пошук. Захапіліся не на жарт, увайшлі ў ахвоту. I нават была атака. Праўда, мы праігнаравалі тактыку Робін Гуда — прымянілі сваю: адважныя, ваяўнічыя, пайшлі ў наступ, трымаючы напагатове перад сабою лукі. Вяровачкі, напятыя, аж звінелі.

Пасля сямігодкі Жэнік нічога больш, здаецца, і не хацеў, адно толькі б вывучыцца на кінамеханіка. Дзіва што — ён, будучы кінамеханік, якому, пэўна ж, давядзецца яшчэ не раз «круціць» фільм пра Робін Гуда, проста не мог прайграць такую атаку. Але ж і я не думаў адступаць — упарта трымаўся сваіх пазіцый: каржакаватага дубка, апаленага блізкім выбухам нямецкае бомбы, і глыбокай паніўкі — варонкі ад бомбы. I ўжо бадай што мы сышліся. Перада мною быў як і не родны брат, а самы сапраўдны праціўнік.

Жэнік, вядома ж, апярэдзіў — пусціў стралу першы, і яна не прамінула цэль: цвічок па самую булдавешачку ўпіўся ў маю верхнюю губу. 3 гарачкі я ўхапіў стралу і паламаў. Жэнік кінуўся да мяне з кулакамі, але ўбачыў кроў, спалохаўся і тут жа пачаў замываць рану — знарок халадзіў яе вадой, бо ведаў, што холад супыняе кроў. Умомант губа мая аддудурылася так, што я добра бачыў яе — зіхцела, бы лінза ў новым біноклі. Хоць я, здаецца, і мужна трымаўся, не плакаў, аднак слёзы ад болю самі каціліся з вачэй. Тым часам пераможца прыдумаў даволі слушнае апраўданне — нібыта я параніўся зусім проста: палез на дуб, абшаснуўся і выцяў злашчасную губу аб востры аскабалак хваставіка ад бомбы. Таго самага хваставіка, які — уся вёска аб гэтым ведае — так глыбока захрас у карнявішчы, што выдаліць яго можна хіба пры дапамозе молата.

Карацей, дамовіліся замазаць правінак і не гаварыць праўды. Ды ўсе войны, як відаць, каварныя яшчэ і тым, што плодзяць прадажнікаў: ужо назаўтра Бронік расказаў Ніне, нашай сястры, усё іменна так, як і было на самай справе.

Сапраўды, праз колькі гадоў Жэнік здзейсніў-такі сваю за-паветную мару — паехаў у Мінск і паступіў на курсы кінамеханікаў. Яго веласіпед «Арляня», амаль яшчэ новы, вішнёва-цёмнага колеру, дастаўся мне. Ездзіў я на ім у школу ажно ў далёкія Целяшы. I бадай як не кожны дзень мне сустракаўся па дарозе дзевяцікласнік Лёснаў, які нечага ўсё поркаўся ў сваім веласіпедзе: то ланцуг спадзе — надзяваў на шасцерні, то педаль адваліцца — увінчваў яе ў скрыўленую былку шатуна... Усё гэтае рабіў няўмела і абыякава. Я раз-другі дапамог яму, але пасля ўжо не звяртаў увагі — праносіўся міма, як віхор.

Лёснаў стаў зайздросціць мне. Ён, дзівак, быў чамусьці ўпэўнены, што мой «міні-велік» зручнейшы за яго, дарослы, а галоўнае — надзіва лёгкі на ход. Прапанаваў абмен. Пры гэтым паабяцаў сябраваць са мной, як з роўным: маўляў, будзе даваць чытаць такія кнігі, якіх і блізка няма ў школьнай

бібліятэцы... Падобна, набіваўся ў дружбакі.

Я маўчаў. Сябраваць з братам настаўніцы, у якой сапраўды багата цікавых кніжак, яшчэ як хацелася. Але каму трэба гэты яго недаломак?..

I вось — Лёснаў усеўся на «Арляня», троху пакружыў вакол, пацешыўся і, пасмейваючыся, з шыкам развярнуўся і пакаціў дахаты.

Пакінуты мне «дарожнік» — гэта я адразу ўсёк — не сказаць каб зусім безнадзейны: знягеглае сядло прасілася ў рамонт, не хапала некалькі спіц у заднім коле, а што да педаляў і шатуноў, дык іх проста трэба памяняць на новыя — у продажы ёсць, на свае вочы бачыў. Грошы ў мяне былі — больш за трыццаць рублёў атрымаў за нарыхтаваную лазовую кару. Праўда, збіраўся набыць фотаапарат, але з ім і пачакаць можна. ,

Бацькі не звярнулі ўвагі на абмен, і гэта мяне канчаткова супакоіла. Два дні займаўся рамонтам. У школу не пайшоў. На раме і шчытках шмат дзе была злушчана фарба, і я зняў наждачкай іржавіну, акуратна адшліфаваў і старанна зафарбаваў парушаныя мясцінкі. У нядзелю як не паўдня займаўся абкаткай, а ў панядзелак бадай што з шыкам прыкаціў у школу на поўнасцю адрамантаваным веласіпедзе.

Пасля заняткаў, вяртаючыся дамоў, нагнаў Лёснава якраз на скрыжаванні, дзе яму трэба паварочваць. Кручком, нібы дзед, сядзеў ён на высока паднятым сядле і ўпарта круціў педалі, ледзь не б'ючы каленкамі сабе пад рукі.

— Ціхаход!.. — жартам выгукнуў я і наддаў спрыту. Назаўтра Лёснаў перастрэў мяне ў калідоры, затрымаў і стаў абурацца: маўляў, я схітраваў — пусціў яму пыл у вочы, надурыў. Калі выйшлі са школы, нават памкнуўся быў угаварыць мяне ўзяць назад «Арляня».

— Ну?.. Дзясятку даю за рамонт, — не зводзіў вачэй з ужо не свайго веласіпеда. — Мне гэты «школьнік» твой задужа малы... Нязручны.

— Ты бачыў, што браў.

— Я ўзяў пакатацца!

— Вось і катайся, — сказаў я спакойна і дадаў: — Пашукай у іншым месцы дурня.

Лёснаў па-даросламу мацюкнуў мяне, адышоўся і больш ужо не загаворваў са мною, дзе б мы ні сустракаліся. Не ведаю, што і як думаў ён пра мяне, крыўдаваў ці не, а я тым часам зразумеў адно: сяброў не выбіраюць — імі становяцца.

* * *


Неяк маці абмовілася, што, маўляў, толькі той з нас жыве правільна, хто не пакідае надоўга свой радзінны куток.

— У такім разе мне, выходзіць, трэба ў нашым Ходараве ўвесь час жыць? — не спытаў — хутчэй запярэчыў я.

— I што ў гэтым дрэннага?.. — маці не здзівілася пачутаму. — Яно ж, калі ўдумацца, дык на вырачэнца, куды б ён ні дапяў, глядзяць, як на чужака, прыблуду... Ат, калі некаму седні на сваёй зямлі няма, дык і нідзе ўжо не будзе, не знойдзе ён сабе па душы прытулле. Яны ж, усе гэтыя няўрымслівыя бегуны-няўседы, і каламуцяць свет. I гарады прыдумалі яны — праўдамі й няпраўдамі загналі людзей у камяніцы й пяклуюць няшчасных, здзекуюцца, а самі раскашуюць на дармаўшчы-не. Адсюль і няроўнасць: той, хто робіць, — нічога не мае, а хто правіць — у таго лайно ад тлушчу трасецца. «Правіцелі» сядзелі й сядзяць у людзей на гарбе ўвесь час: не косяць, не аруць, а ўсё лепшае сабе грабуць... 3 чужога жыруюць.

Я стоена-ўцешна лаўлю кожнае слова і думаю: «Во і не пагадзіся з маці — правільна разважае!» Тым не менш — кажу, што, маўляў, калі вывучуся, дык пры магчымасці пастараюся ў горадзе жыць. У вялікім горадзе.

— Горад — не радасць. — Маці проста агарошвае мяне сваім стаўленнем да гарадоў. — Я во тут, дома, хоць уволю малака свежанькага нап'юся. А ў горадзе малако скрозь зялеззе прапусцяць, усё ў ім выпалашчуць, то якое ж гэта малако? Бурда белая, пустая вада... I так — што ні вазьмі. 3 выгляду прыгожа, а ў рот возьмеш — нясмачнае, выплюнуць хочацца.

— Не, мама. Гарадскому чалавеку жывецца значна лягчэй, чым вяскоўцу. Ён карыстаецца бадай усімі выгодамі, што дае цывілізацыя: прыгажэй апранаецца, больш чуе, бачыць і, калі хочаце, смачней есць.

— А няхай іх, тыя гарадскія прысмакі!.. Тут я сама сабе гаспадыня: як зраблю, так і з'ем. А ў горадзе — усё куплёнае, усё з чужых рук. — Паднялася з услонца, прайшла да судніка, дала мне траячку. — Злётай-ка ў Прапойск, цукру вазьмі, а то ў краме нашай няма.

— Бачыце, пражыць без горада ўжо і немагчыма. Ці не так?

— Прапойск хіба горад?.. — пасміхнулася маці.

— Горад.


  • I што з таго?.. Прапайчанам з Магілёва пруць усё, што там не трэба, лішняе, а яны — нам, у вёску, збываюць сваю непатрэбшчыну: абаранкі прэлыя, пернікі ды ўсякія плюшаўкі дапатопныя, боты кірзавыя, гумовікі... Гані, вёска, рублік за чэрствы бублік, а ўсё, што дабротна, возьме горад ахвотна. Бач, здавалася б, і не пісьменная, а як трапна і ў час умее закругляць размову!

Усе дванаццаць кіламетраў — дзесяць з іх па «варшаўцы» — круціў педалі неаціхна, хуткасці не зніжаў (трэніруюся), бо неўзабаве мусіць адбыцца раённы велакрос з удзелам школьнікаў, і маё прозвішча ў спісе прэтэндэнтаў таксама ёсць. Вяртаючыся назад, здорава ляцеў з той самай горкі, дзе я

нарадзіўся па дарозе ў бальніцу. Гэта акурат пры ўездзе ў горад. Сарочка аддудурылася ззаду, вецер гуляе за спінай. Хораша!

Паводка сышла, Проня ўжо ў берагах. Маладая трава толькі пачала праклёўвацца, і зялёны дыван лугу яшчэ не такі варсісты й густы, каб маглі ў ім схавацца адасобленыя парачкі руплівых шпакоў.

На мосце ўбачыў дзяўчат-старшакласніц, якія вярталіся са школы. Былі яны чымсьці ўстурбаваныя. Адна з іх, сінявочка ў чырвоным берэціку, махнула мне рукой — папрасіла спыніцца. Вунь што — яна прыхінула веласіпед да парэнчы, яшчэ і не адышлася, як партфель з кнігамі саслізнуў з руля і ўпаў у ваду. На дно не пайшоў, цудам трымаецца на паверхні. Я спусціўся пад мост. Пакуль шукаў паленіну, якой можна было б падцягнуць партфель да берага, дзяўчаты спынілі матацыкліста.

— Дзядзечка, памажыце, — гучаў узбуджаны голас сінявочкі. — Кнігі тонуць!

Што яшчэ там за дзядзька?

Але ж і праўда — самы звычайны дзядзька, рыбак. Жалудкоў. Бацькі майго даўні знаёмец. У цяльняшцы, картовых штанах і ботах-кірзачах. Ён у мірг вока разуўся, штаны скінуў і лёгка, без пырскаў нырцануў у ваду. Пасля гучна фыркнуў раз, другі, бацнуў нагамі, грабянуў рукамі — і ўжо ля партфеля. Назад гроб адной рукой, няспешна і таксама без пырскаў, прыўзняўшы партфель над сабой.

Размаўляючы, мы падняліся на мост. Сінявочка ўзяла партфель, расшпіліла — унутры было суха. Узрадаваная, сказала да Жалудкова:

Дзякуй вам, дзядзечка, выручылі... Вы так добра плава-еце! — Паказала на мяне, хіхікнула: — А ён во не ўмее.

Пасля, калі дзяўчаты паехалі, Жалудкоў спытаў:

— Напраўду плаваць не ўмееш?

— Умею... Але вада халодная.

— Вада — лёд, гэта праўда. — Сабраў у кулак як не ўвесь падол цяльняшкі, сціснуў, ды так, што з-пад пальцаў аж пыр-снула ўбакі.

Развітваючыся, ён перадаў бацьку прывітанне.




  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка