Матэрыял да навуковай канферэнцыі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер115.73 Kb.
Матэрыял да навуковай канферэнцыі,

прысвечанай 90-годдзю Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

30 – 31 кастрычніка 2008 г.

Т. ГРУДНІЦКАЯ,

загадчыца Музея навукі і асветы Полаччыны УА “ПДУ”

М. КУКСЁНАК-СІМАНОВІЧ,

захавальніца фондаў Музея навукі і асветы Полаччыны УА “ПДУ”

г. Наваполацк


ФАРМІРАВАННЕ КАЛЕКЦЫІ ВУЧЭБНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Ў МУЗЕІ НАВУКІ І АСВЕТЫ ПОЛАЧЧЫНЫ ПРЫ ПОЛАЦКІМ ДЗЯРЖАЎНЫМ УНІВЕРСІТЭЦЕ
Дата 1581 год, змешчаная на эмблеме Полацкага дзяржаўнага універсітэта, вызначае адметнасць нашай навучальнай установы. У тым, далёкім XVI стагоддзі, – вытокі універсітэцкай адукацыі на Беларусі. Дата на эмблеме вымагае даследвання, вывучэння і распаўсюджвання ведаў аб нашых папярэдніках.

Полацкі дзяржаўны універсітэт – гонар сучаснай Полаччыны. За чатыры дзесяцігоддзі Полацкі дзяржаўны універсітэт займеў сваю гісторыю, якая напоўнена духам тварэння і імкненнем да дасканаласці праз сталае развіццё.

11 красавіка 2002 г.было зацверджана палажэнне аб Музеі навукі і асветы Полаччыны. Асноўны накірунак працы Музея навукі і асветы Полаччыны, на сённяшні дзень, – камплектаванне фондаў, якія закладваюць аснову будучых экспазіцый. Адным з прыярытэтных накірункаў у гэтым – фарміраванне калекцыі вучэбнай літаратуры.

У зборы вучэбнай літаратуры мы вылучаем калекцыі:



  • вучэбных выданняў для школ,

  • вучэбных выданняў для ВНУ,

  • вучэбных выданняў, выдадзеных у НПІ-ПДУ,

  • масава-палітычных выданняў.

Калекцыю вучэбнай літаратуры дапаўняюць метадычныя і даведачныя выданні, калекцыя наглядных дапаможнікаў.

Прыярытэтным для нас з’яўляецца таксама збор літаратуры аб вучоных і асветніках, звязаных з Полачыннай.

Вялікую дапамогу ў зборы літаратуры аказала Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У нашы фонды паступіла шмат каштоўных выданняў (19-20 стст.) па тэматыцы музея. Пераважная іх колькасць адносіцца да катэгорыі рэдкай кнігі. Вось толькі маленькі пералік, каб вы, на сам рэч, адчулі ўнікальнасць перададзенага скарба: “Протоколы второго педагогического съезда (1865), “Витебская губерния: труды местных комитетов” (1903), “Смета доходов и расходов Министерства Народного образования” (1906), прыжыццёвае выданне кнігі Ключэўскага В. В. “Курсъ русской исторіи” (1910), Зайков А. “Естествознаие” (1928), Канстанцінаў Ф. “Аб паходжанні беларускага народа”(1946) і г. д.






Кнігі перададзеныя Нацыянальнай бібліятэкай універсітэту
Паколькі камплектаванне фондаў нашага музея пачалося, па сутнасці, некалькі год таму, поўнай калекцыі падручнікаў, нават 20 стагоддзя, у нас яшчэ няма. Тым не менш, мы лічым, што наш збор ужо можа адлюстраваць працэсы, якія адбываліся ў сістэме адукацыі нашай краіны пасля 1917 года.

Задачу Савецкай улады – ліквідацыя непісьменнасці – у нас адлюстроўваюць метадычныя рэкамендацыі: “На борьбу с неграмотностью: памятка студенту-отпускнику” (1929), “Как обучать грамоте взрослых. Памятка культармейца” (1930), “В поход за всеобщее обязательное обучение” (1930).




Брашуры перададзеныя Нацыянальнай бібліятэкай універсітэту

Трэба дадаць, што пры ліквідацыі непісьменнасці ў Савецкай Беларусі асобая ўвага надавалася падрыхтоўцы падручнікаў на беларускай мове. Адзін з такіх падручнікаў – “Нашым кадрам” (1931) – захоўваецца ў фондах нашага музея.

Вось урывак з верша “За пісьменнасць!”, што змешчаны ў падручніку:
Узарэма

Закаваных сіл папар

Навукі

Магутнаю стальлю.

Гэй, піянэрыя,

За лемантар,

За радасьць навукі

Паўстанем!

Леніна лёзунг

Урэзаны ў памяць:

Каб да камуны

Прабіцца, –

Трэба за кніжку

Хапацца рукамі –

Вучыцца,

Вучыцца,

вучыцца!
Прачытаўшы верш, заўважаеш як адметнасці арфаграфіі, лексікі таго часу, так і пацверджанне тых працэсаў, што адбываліся ў грамадстве.


Кнігі перададзеныя Нацыянальнай бібліятэкай універсітэту
У перыяд станаўлення савецкай сістэмы адукацыі ў цэнтры ўвагі было стварэнне прынцыпова новых вучэбных праграм. Калі дарэвалюцыйныя падручнікі па фізіцы Краевіча і Цынгера, па алгебры і геаметрыі Кісялёва і Рыбкіна, выдадзеныя на рубяжы 19 – 20 стагоддзяў, у перапрацаваным выглядзе, яшчэ выкарыстоўваліся ў савецкай школе (напрыклад, падручнік Кісялёва па алгебры меў 42 выданні, выходзіў да 1965 г., яго ж падручнік па геаметрыі меў 31 выданне і выходзіў да 1970 г.), то падручнікі па гуманітарных дысцыплінах, пры новых праграмах аказаліся непрыдатныя, а спробы прыстасаваць іх да ўмоў савецкай школы не маглі даць станоўчых вынікаў. Адмаўленне ад дарэвалюцыйных падручнікаў прывяло да знікнення стабільных падручнікаў наогул. У 20-х – пачатку 30-х гг. атрымалі распаўсюджванне так званыя рабочыя кнігі, часопісы-падручнікі, газеты-падручнікі; выдаваліся таксама метадычныя ўказанні да іх (у фондах нашага музея захоўваецца кніга “Методические письма к “Рабочей книге по математике” для ВТУЗОВ” (1932).


Брашура перададзеныя Нацыянальнай бібліятэкай універсітэту
Аднак ЦК ВКП(б) у пастанове “Об учебниках для начальной и средней школы” (12 лютага 1933) асудзіў такую практыку падрыхтоўкі падручнікаў і загадаў Народнаму камісарыяту асветы СССР забяспечыць выданне стабільных падручнікаў. З гэтага часу ў СССР вялася сістэматычная работа па падрыхтоўцы і выпуску падручнікаў, разлічаных на выкарыстанне на працягу доўгага часу.

Савецкія падручнікі, як па гуманітарных, так і па фундаментальных дысцыплінах, былі палітызаваны, накіраваны на выхаванне савецкага чалавека-барацьбіта за ідэалы савецка-ленінскай ідэалогіі, лад жыцця якога залежыў ад установак кампартыі.

Напрыклад, у “Пропісі” (пятае выданне, 1966) Н. І. Сіўко, складаннем якіх яна займалася з 1933 года, чытаем такія прыказкі: “Ленінскі запавет абляцеў увесь свет”, “Ад ленінскай навукі мацнеюць розум і рукі”, альбо чатырохрадкоўе “Песня Кастрычніка”:
Шуміць у садзе лістапад, а мы ўсталі рана,

каб на кастрычніцкі парад ісці пад гукі барабана.

Па плошчы першымі прайшлі, узяўшыся за рукі,

Мы дзеці сонечнай зямлі, мы, Леніна ўнукі.
У падручніку Беразанскай Е. С. “Зборнік задач і практыкаванняў па арыфметыцы” для 5 класа (дзесятае выданне, 1944) можна знайсці неменш цікавыя прыклады: задача 153 (арфаграфія захавана): “Парыжская Комуна ўзнікла 18 сакавіка 1871 г., а Вялікая Кастрычніцкая соцыялістычная рэволюцыя пачалася 7 лістапада 1917 г. Колькі прайшло часу ад узнікнення Парыжскай Комуны да Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюцыі?”, альбо, задача 2040: “Аляксей Стаханаў у час вахты памяці Серго Орджанікідзе вырубіў за змену адбойным малатком 321 т вугалю пры норме таго часу ў 14 т. На колькі процантаў перавыканаў норму Алексей Стаханаў у час гэтай вахты (вылічыць з дакладнасцю да 1%)?”. Калі сёння прачытаць адну з такіх задач на ўроку па матэматыцы, вучні, хутчэй за ўсё, дадуць правільны адказ, але яны не будуць прасякнуты велічнасцю тых рэвалюцыйных падзей, працоўным уздымам таго часу.

Для падручнікаў вышэйшай школы характэрны тыя ж рысы: у адрозненні ад падручнікаў па фундаментальных і прыкладных дысцыплінах, якія заставаліся стабільнымі, змест падручнікаў па гуманітарных дысцыплінах залежыў ад змен у грамадска-палітычным жыцці.

У Савецкім Саюзе дзяржаўнай ідэалогіяй з’яўляўся марксізм-ленінізм, які быў абвешчаны адзіна правільным вучэннем аб грамадстве, а ўсё, што выходзіла за яго межы – ненавуковым. Межы марксізму-ленінізму абмяжоўваліся трыма састаўнымі часткамі: філасофіяй, палітычнай эканоміяй і навуковым камунізмам.

У другой палове 20 ст. ідэалагізаваны характар навучання набыў завершаныя формы. Прыгадаем: у вучэбных планах усіх спецыяльнасцяў было пяць асноўных прадметаў, якія вывучалі ўсе студэнты. На першым годзе навучання – “Гісторыя Камуністычнай партыі Савецкага Саюза”. На другі год навучання гэтыя прадметы прадстаўляла “Марксісцка-ленінская філасофія”. На трэцім годзе навучання выкладаўся курс “Палітычная эканомія”, якая складалася з дзвюх частак: “Палітычная эканомія сацыялізму” і “Палітычная эканомія капіталізму”. Нарэшце, на чацвёртым і пятым годзе навучання ў ВНУ вывучаўся курс “Навуковы атэізм”, які павінен быў даказаць шкоднасць і памылковасць любой рэлігіі, і заключная вучэбная дысцыпліна “Навуковы камунізм”, якая давала “навуковае” абгрунтаванне непазбежнасці перамогі камунізму ў барацьбе з капіталізмам.









Падручнікі пяці асноўных прадметаў, якія вывучалі ўсе студэнты.

З фондаў МНАП
Вучэбныя выданні па кожнай дысцыпліне марксісцка-ленінскага вучэння захоўваюцца ў фондах нашага музея.

У дадатак да падручнікаў па марксізму-ленінізму серыямі тыражаваліся вучэбныя дапаможнікі, напрыклад, “Студенту, изучающему историю КПСС”, “Консультации по истории КПСС”.

Выдадзеная ў 1966 годзе ў серыі “Консультации по истории КПСС” кніга Яўгена Кулікова “О книге В. И. Ленина “Что такое “друзья народа” и как они воюют против социал-демократов?” паспрыяла яго кар’ернаму росту. Ён стаў дацэнтам кафедры марксізму-ленінізму Наваполацкага політэхнічнага інстытута. Яго аўтарытэт рэзка павялічыўся, калі выдавецтва “Прагрэс” выдала гэтую кнігу на французскай і англійскай мовах (1988), якая прапагандавала ідэйнае багацце твора Леніна ў міжнародным маштабе.


Кнігі Яўгена Кулікова “О книге В. И. Ленина

Что такое “друзья народа” и как они воюют против социал-демократов?”



З фондаў МНАП
Калекцыю падручнікаў па марксізму-ленінізму дапаўняюць выданні метадычнага характару (“Методические советы по изучению произведений В. И. Ленина”, Степанищев А. Т. “Учиться работать с первоисточниками”), даведачныя выданні (“Настольная книга атеиста”, “Научный коммунизм”, “История КПСС”).

Нараўне з падручнікамі, у фондах музея захоўваюцца масава-палітычныя выданні: зборы твораў класікаў марксізму-ленінізму, матэрыялы і рашэнні з’ездаў партыі і пленумаў ЦК КПСС, працы кіраўнікоў партыі і СССР.

Адно з рарытэтных масава-палітычныя выданняў у нашых фондах –выданне аб У. І. Леніне (“О Ленине” Под ред. Н. Л. Мещерякова (1924). Каштоўнасць гэтай кнігі абумоўлена тым, што яна была выдадзена адразу пасля смерці правадыра сусветнай рэвалюцыі і ўтрымлівае ўспаміны родных і блізкіх людзей, саратнікаў па барацьбе. Яны падаюць вобраз Леніна, які яшчэ не стаў кананічным. Гэта кніга – яркае сведчанне таго, як у савецкі час, пад уплывам палітычных падзей, выкрэслівалі прозвішчы, выразалі партрэты, знішчалі старонкі. У кнізе “О Ленине” выразаны партрэт І. Сталіна, выкрэслены прозвішчы Троцкага, Зіноўева…



З фондаў МНАП
Савецкая прапаганда – прапаганда камуністычных ідэй і савецкага ладу жыцця – мянялася па меры гістарычнага развіцця СССР. Яна спалучала агульначалавечыя каштоўнасці (воля, сацыяльная справядлівасць), патрыятызм, а таксама фальсіфікацыю гісторыі, “прамыванне мазгоў”. У арсенале савецкай прапаганды выявы “ланцугоў”, “вязніцы”, “рашоткі”, “путаў”.

Узорам літаратуры агітацыйна-прапагандысцкага характару з’яўляюцца кнігі з серыі выданняў, якія ўтрымліваюцца ў нашых фондах: “Империализм. События. Факты. Документы”, “По ту сторону”. Альбо кнігі, назвы якіх кажуць самі за сябе: “Зловещая эстафета” (1982), “Кровавые следы американского империализма” (1983), Лауринчюкас А. “Ковбои истерии и торжество разума” (1984), Чернов К. “Инквизиторы ХХ века” (1985) і інш.






Літаратура агітацыйна-прапагандысцкага характару савецкага часу.

З фондаў МНАП
Калекцыю вучэбнай літаратуры ўзбагачае калекцыя наглядных дапаможнікаў, якія дапаўнялі навучальны працэс. Наглядныя дапаможнікі, прысвечаныя дзейнасці Камуністычнай партыі, яе правыдарам, найважнейшым рэвалюцыйным падзеям і г. д., адзначаюцца высокай якасцю выканання.

Для прыкладу, камплект малюнкаў “Пламенный борец за мир, за коммунизм”, прысвечаны Л. І. Брэжневу. Па-першае, малюнкі зрабіў народны мастак РСФСР Барыс Іванавіч Лебедзеў. Выпушчаны яны выдавецтвам “Плакат” вялікім тыражом – 50000 экзэмпляроў на добрай афсетнай паперы, памерам 580 х 430 мм. Захаванне камплекта і праз чвэрць стагоддзя добрае – фарбы не страцілі сваей чысціні, папера не пажоўкла. Выпуск камплекта разлічваўся на працяглае жыццё. Можна дадаць – мэта дасягнута.




Плакат “Партыйны білет №1”.

З фондаў МНАП

Такая ж якасць уласціва каплекту-выставе “Нашему братству жить в веках”, прысвечаная ўтварэнню Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, камплекту паштовак па кнізе Л. І. Брэжнева “Возрождение”. Дыхтоўнасцю адрозніваюцца камплекты паштовак “Фотопортреты членов и кандидатов в члены Политбюро ЦК КПСС” (1983), альбо “Владимир Ильич Ленин. Фотопортреты” і інш.

Калі казаць аб фотакамплектах, якія ёсць у нашых фондах, (“60 лет с именем Ленина”, “Навстречу XXVII съезду КПСС” і інш.), то яны выдадзены на высакаякаснай глянцавай фотапаперы, для якой не ўласцівы выцвітанне колеру, страта кантрасту і г. д. Іх захаванне таксама добрае.


Фотакамплект “60 лет с именем Ленина”.

З фондаў МНАП
У Праграме Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, прынятай на XXII з’езде, сярод мэт выхавання камуністычнай свядомасці, пазначана: “Усебаковае і гарманічнае развіццё чалавечай асобы. У перыяд пераходу да камунізму ўзрастаюць магчымасці выхавання новага чалавека, які гарманічна спалучае ў сабе духоўнае багацце, маральную чысціню і фізічную дасканаласць”.

Зыходзячы з гэтай устаноўкі ў СССР шмат рабілася дзеля яе здзяйснення ў жыцці. Гэта тычылася і выдавецкай дзейнасці. Вялікай папулярнасцю карысталіся кнігі, якія выходзілі ў серыях “Эврика”, “Жизнь замечательных людей”, “Пионер – значит первый”. Фарміруючы калекцыю вучэбнай літаратуры, мы не маглі не ўключыць у свае фонды кнігі з гэтых серый, дзеля аб’ектыўнага адлюстравання часу.

Палітычныя падзеі канца 20 ст. (распад Савецкага Саюза, абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь) прывялі да заканамерных змен у сістэме адукацыі, перагляду вучэбных праграм і, як вынік, з’яўлення новых падручнікаў. Так, у вышэйшай школе замест курса па гісторыі КПСС пачалі вывучаць гісторыю Беларусі, замест навуковага камунізму – паліталогію, навуковы атэізм змяніў курс рэлігіязнаўства; з’явіліся зусім новыя дысцыпліны, якія раней былі па-за марксізмам-ленізмам: сацыялогія, псіхалогія, культуралогія… Уводзяцца новыя дысцыпліны: “Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы”, спецкурс “Вялікая Айчынная вайна”.

Адметнасцю сувярэннай Рэспублікі Беларусь у справе вышэйшай адукацыі стала тое, што кожная навучальная ўстанова самастойна выдае вучэбную літаратуру ў выглядзе аўтарскіх падручнікаў, вучэбна-метадычных комплексаў, метадычных указанняў і г. д.

Адным з асноўных аддзелаў Полацкага дзяржаўнага універсітэта з’яўляецца рэдакцыйна-выдавецкі аддзел. Ён пачынаўся з невялікай групы супрацоўнікаў, якія займаліся размнажэннем тэхнічнай дакументацыі і бланачнай прадукцыі Наваполацкага політэхнічнага інстытута. Потым існавала лабараторыя капіравальна-множыльнай тэхнікі, якая займалася выданнем метадычных указанняў, праграм практык, аўтарэфератаў дысертацый. Аб’ём гэтых выданняў не павінен быць болей за 48 старонак.



Выдадзена ў НПІ.

З фондаў МНАП

У 1991 годзе аддзел атрымаў ліцэнзію на выдавецкую і поліграфічную дзейнасць.



Сёння рэдакцыйна-выдавецкі аддзел на базе камп’ютарнай тэхнікі ажыццяўляе выпуск вучэбна-метадычнай і даведачнай літаратуры. Асноўны накірунак работы аддзела – выданне метадычных комплексаў для студэнтаў розных спецыяльнасцяў. У нашым універсітэце вывучаюць каля 1200 дысцыплін. Выдадзена і падрыхтавана да друку каля 500 выданняў. Менавіта вучэбна-метадычныя комплексы, метадычныя ўказанні, праграмы практык складаюць аснову калекцыі вучэбных выданняў, выдадзеных у НПІ-ПДУ.



Выдадзена ў ПДУ.

З фондаў МНАП
Працэс фарміравання калекцыі вучэбнай літаратуры ў Музеі навукі і асветы Полаччыны пры Полацкім дзяржаўным універсітэце ў самым пачатку. Выказваем спадзяванне, што нашы намаганні атрымаюць падтрымку, і будзе створана калекцыя, якая зможа шматгранна адлюстраваць гісторыю асветы праз гісторыю падручніка, вучэбнай літаратуры.





: images -> stories -> muzei
stories -> Пан езус прыгавораны да смерці
stories -> Biss бліц bb #28/2009BY, 02 November 2009
stories -> Форум грамадзянскай супольнасці: актуальныя працэсы, бліжэйшыя задачы, механізмы грамадзянскага кантролю
stories -> Г прапанова адарацыі найсвяцейшага сакрамэнту для яе правядзення сужэнцамі
stories -> Маніторынг развіцця сытуацыі ў беларусі лістапад 2008 – верасень 2010
muzei -> Рэктар Наваполацкага політэхнічнага інстытута. Вуліца без канца звязда, 10 кастрычніка 1974 г
muzei -> Палажэнне аб музеі навукі I асветы полаччыны




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка