Матэрыялы па гісторыі І фальклору беларусі ў фондах архіва інстытута літаратуры І фальклора літвы



Дата канвертавання15.05.2016
Памер291.57 Kb.
ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

Акадэмічны дэпартамент гісторыі

Праграма бакалаўра гісторыі

Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія



ЮЛІЯ РЭЗНІК

Студэнтка IV курса



МАТЭРЫЯЛЫ ПА ГІСТОРЫІ І ФАЛЬКЛОРУ БЕЛАРУСІ Ў ФОНДАХ АРХІВА

ІНСТЫТУТА ЛІТАРАТУРЫ І ФАЛЬКЛОРА ЛІТВЫ

НАВУКОВА-ДАСЛЕДЧЫ ПРАЕКТ

Кіраўнік працы: кандыдат мастацтвазнаўства,

дацэнт Лабачэўская Вольга Аляксандраўна

Вільня, 2012

Уводзіны


Фальклор – гэта ўнікальная крыніца ведаў пра гісторыю, культуру і сацыяльнае жыццё народаў. Збор фальклорных матэрыялаў дапамагае не толькі захаваць звесткі пра здабыткі народнай творчасці, але выконвае і больш складаныя функцыі. Напрыклад, для сучаснай Беларусі, якая адносна нядаўна набыла незалежнасць, дагэтуль актуальнай праблемай з’яўляецца выбудова нацыянальнай ідэнтычнасці і самасвядомасці насельніцтва. Фальклорныя матэрыялы могуць стаць падставай для ўзбагачэння ведаў пра сваю культуру, мову і гісторыю, а, значыць, і дапамагчы станаўленню нацыянальнай ідэнтычнасці.

Трэба адзначыць, што зборы беларускіх фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў знаходзяцца таксама па-за межамі Беларусі. Напрыклад, у Вільні, ў Інстытуце літаратуры і фальклора Літвы, захоўваецца фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя І. Луцкевіча. І, канешне, такія матэрыялы патрабуюць вывучэння дзеля таго, каб стварыць цэласнае ўяўленне пра беларускі фальклор і этнаграфічную спадчыну.

Дагэтуль архіў яшчэ не быў упарадкаваны: яго сістэматызацыя і каталагізацыя не праводзіліся супрацоўнікамі Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. Акрамя гэтага, ён амаль не даследваны, таму актуальнасць дадзенай працы навідавоку: цяпер матэрыялы архіва, змогуць выкарыстоўвацца даследчыкамі гісторыі, этналогіі, этнамузыкалогіі і іншых навуковых дысцыплін.

Мэта даследвання – вывучэнне і сістэматызацыя матэрыялаў архіва беларускага фальклору, які збіраўся Беларускім музеем у Вільні, а зараз захоўваецца ў архіве Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. Для дасягнення пастаўленай мэты будуць выкананыя наступныя задачы:



  1. Прасачыць гісторыю збірання і захоўвання архіва

  2. Апісаць матэрыялы, якія ў ім захоўваюцца, вызначыць, да якіх тэматычных груп яны адносяцца

  3. Перавесці найбольш значныя матэрыялы архіву ў лічбавы фармат

  4. Стварыць базу дадзеных усіх матэрыялаў архіва.

Метадалагічная аснова працы – гісторыка-генетычны, гісторыка-тыпалагічны, гісторыка-сістэмны і дэскрыптыўна-аналітычны падыходы. Гісторыка-генетычны метад будзе скарыстаны, каб раскрыць сутнасць працэсу збірання фальклору ў вышэй азначаны перыяд; гісторыка-тыпалагічны і гісторыка-сістэмны метады дапамогуць пры першапачатковай сістэматызацыі фалькларыстычнага архіва па наступных прынцыпах сістэматызацыі крыніц: храналагічны, рэгіянальны, праблемны і персанальны. З дапамогай дэскрыптыўна-аналітычнага метаду будуць вылучаныя і апісаныя найбольш істотныя дакументы і зборы, якія ўваходзяць у архіў.

Асноўныя крыніцы для напісання працы – гэта, ў першую чаргу, матэрыялы з архіва. Існуючую літаратуру па тэме даследвання можна размеркаваць па некалькіх тэматычных групах. Першая група – гэта публікацыі пра беларускі фалькларыстычны архіў, які зараз захоўваецца ў Вільні: ““Ой, у полі жыта” два стагоддзі таму”: Забыты  архіў знакамітага музея”1 і “Па “Навуцы…” Антона Грыневіча” Вольгі Лабачэўскай, надрукаваныя ў газеце “Культура”2. Гэта першыя ў Беларусі інфармацыйныя публікацыі аб існаванні архіва. Яшчэ адна публікацыя – гэта артыкул Аўшры Жычкене [літ. Aušra Žičkienė – Ю. Р.], старэйшай навуковай супрацоўніцы Інстытута літаратуры і фальклора Літвы, апублікаваны ў 32 нумары выдання часопісу “Tautosakos darbai” [бел. “Вывучэнне фальклора” – Ю. Р.], пад назвай “Baltarusių tautosaka Vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muziejaus Lietuvių tautosakos rankraštyne3 [бел. “Беларускі фальклор з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Архіве літаратуры і фальклора” – Ю. Р.]. Другая група выкарыстанай літаратуры прадстаўлена публікацыямі пра Беларускі музей імя І. Луцкевіча: артыкул Ганны Запартыка “Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні”4, апублікаваны ў 4-ым нумары за 2003 год часопіса “Спадчына” і артыкул Таццяны Поклад “Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне”, апублікаваны ў 20-ым нумары зборніка “Białoruskie Zeszyty Historyczne5. Таксама былі выкарыстаныя матэрыялы бакалаўрскіх работ студэнтак Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Вольгі Серыкавай “Браты Луцкевічы як стваральнікі і захавальнікі Беларускага музея ў Вільні (1921-1945)”6 і Анастасіі Саладоўнік “Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальны праект”7, апублікацыі якіх прадстаўлены на сайце www.pawet.net. Трэцяя група – гэта публікацыі, ў якіх разглядаюцца пытанні збірання фальклору з пачатка ХХ стагоддзя, а таксама дзейнасць некаторых асобаў, якія былі ўцягнутыя ў гэты працэс. Асноўным у гэтай групе з’яўляецца артыкул Галіны Таўлай “Антон Грыневiч — першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў”, апублікаваны ў першым нумары выдання Санкт-Пецярбургскай Асацыяцыі Беларусістаў “Белорусский сборник”8.


Такім чынам, у першай частцы даследвання гаворка пойдзе пра Беларускі музей імя І. Луцкевіча ў Вільні, ў якім назапашваліся беларускія фалькларыстычныя матэрыялы, а таксама пра гісторыю захоўвання архіва, ў які яны ўвайшлі, пасля закрыцця музея. У другой частцы будзе пададзена апісанне цяперашняга стану архіва, прадстаўлены яго змест і прапанавана першапачатковая сістэматызацыя яго асноўных матэрыялаў. А ў заключэнні абагулены вынікі працы.

Гісторыя збірання і захоўвання беларускага фалькларыстычнага архіва


Віленскі Беларускі музей імя І. Луцкевіча

Беларускі фалькларыстычны архіў, які зараз знаходзіцца ў фондах Інстытута літаратуры і фальклора Літвы, збіраўся ў часы існавання Віленскага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, галоўнай культурнай і асветніцкай установы Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя. Гісторыю існавання гэтага музея прынята дзяліць на два асноўных перыяда: “дамузейны”, які ахоплівае час з 1908 па 1921 год, і “ўласна-музейны перыяд” з 1921 да 1944 года9. У першы перыяд свайго існавання музей яшчэ не меў юрыдычнага статусу і ўяўляў сабой прыватны збор Івана Луцкевіча, аднаго з выбітных дзеячоў палітыкі і культуры свайго часу. Пачаўшы збіраць калекцыю яшчэ ў гады навучання ў гімназіі, ў 1908 годзе І. Луцкевіч змясціў яе ў памяшканні рэдакцыі газеты “Наша ніва” на вуліцы Завальная,7 у Вільні. Менавіта ў тыя часы калекцыя натхняла беларускую інтэлігенцыю, ў тым ліку такіх выбітных літаратараў як Максім Багдановіч і Янка Купала. Змітрок Бядуля, які з 1912 года працаваў у “Нашай Ніве”, ў сваім эсэ “Святое гэта месца!” пісаў пра збор І. Луцкевіча наступнае: “Я сяджу адзін у зале рэдакцыі…На сценах вісяць абразы даўнейшых беларускіх князёў, старасвецкія беларускія вопраткі, шаблі, шаломы і панцыры… У шафах ляжаць скарбы мінуўшых гадоў: манеты і медалі, пячаткі, кнігі беларускае пісьменнасці. Жывая паэма старыны! Нейкая гарачая хваля абнімае мяне ўсяго. Божа! Гэта ж тут пачатак адраджэння цэлага народа!10.



Другі перыяд музея звязаны з дзейнасцю Антона Луцкевіча. Пасля таго, як у 1919 годзе памёр Іван Луцкевіч, яго брат, які актыўна займаўся абаронай беларускіх культурных і адукацыйных устаноў, працягваў пачатую працу па збіранню і захаванню экспанатаў. У 1921 годзе ўся калекцыя старажытнасцяў была перавезена ў Базыльянскія муры па адрасе Вастрабрамская вул.9. З гэтай пары музей набыў статус навуковай установы. Віленскае Навуковае Таварыства, створанае ў 1918 годзе, назвала музей "Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя Івана Луцкевіча" ў гонар яго заснавальніка. Антон Луцкевіч стаяў на чале музея дваццаць гадоў да свайго арышта ў верасні 1939 года11. У сваёй біяграфіі Марыян Пецюкевіч, які на грамадскіх пачатках супрацоўнічаў з музеем і пэўны час стаяў на яго чале, напісаў пра дзейнасць А. Луцкевіча такія словы [тэкст падаецца з асаблівасцямі арыгінальнага напісання – Ю. Р.]: “Знаёмячыся са скарбамі Музэю, дзіву даесься, як адзін чалавек напрацягу 20 гадоў змог працавць у Музэі, выконваючы ўсе неабходныя абавязкі. Быў гэтым тытанам ахвярнай працы Антон Луцкевіч… Нікому іншаму, а А. Луцкевічу належыцца прызнаньне й словы удзячнасьці за працу, якую ён прысвяціў Віленскаму Беларускаму Музэю, кіруючыся высакародным піетызмам да роднай навукі й культуры”12.

Апошнім днём працы музея лічыцца 19 лістапада 1944 года13. Пасля гэтага Саўнаркамам Літвы была створана ліквідацыйная камісія і пачалася праца па размеркаванні экспанатаў з фондаў музея паводле іх прыналежнасці і каштоўнасці для літоўскага і беларускага народаў.

Такім чынам, пасля працэсу ліквідацыі музея яго экспанаты і іншыя каштоўныя матэрыялы апынуліся ў Менску (Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Нацыянальны архіў Беларусі, Літаратурны музей Янкі Купалы, Прэзідэнцкая бібліятэка, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі, Фундаментальная бібліятэка АН Беларусі) і Вільні (Гісторыка-этнаграфічны музей АН Літвы, Літоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут, бібліятэка АН Літвы, Цэнтральны дзяржаўны архіў Літвы)14. Але калекцыі Беларускага музея знаходзяцца не толькі на тэрыторыях сучасных Беларусі і Літвы. “Ягоныя калекцыі сёння параскіданыя па розных краінах, захоўваюцца як у дзяржаўных, так і ў прыватных зборах. Музейшчыкі і архівісты, што займаюцца вывучэннем спадчыны музею імя А. Луцкевіча, выдатна разумеюць складанасць ягонай навуковай рэканструкцыі”15. Зараз матэрыялы з музея даводзіцца збіраць літаральна па часцінках.

У 1960 годзе ў фондах Інстытута літоўскай мовы і літаратуры ў Вільні знайшлі непрацаваны архіў, які ўяўляў сабой тры скрынкі пісьмовых матэрыялаў. Архіў быў адкладзены і не вывучаўся. Але ў перыяд паміж 1962-1964 гадамі архіў зноў трапіў на вочы супрацоўнікам фонда і апынулася, што ён утрымлівае матэрыялы па фальклоры Беларусі, якія раней належалі Беларускаму Музею імя І. Луцкевіча.



Гісторыя захавання архіва пасля зачынення Беларускага музея

На дадзены момант скрынкі з матэрыяламі па беларускім фальклоры захоўваюцца ў Вільні, ў фондах Інстытута літаратуры і фальклора Літвы па адрасе вул. Antakalnio, 6, у адным з будынкаў з ансамбля палаца Пятра Вілейшыса, ўнікальнага помніка архітэктуры пачатку XX стагоддзя16. Інстытут быў заснаваны ў 1990 годзе ў сувязі з падзелам Інстытута літоўскай мовы і літаратуры17. Супрацоўнікі фонда не могуць сказаць, якім чынам і калі дакладна беларускія матэрыялы трапілі да іх, бо ніякіх дакументаў і сведчанняў аб гэтым не захавалася. Але ёсць магчымасць прасачыць прыкладны лёс гэтых матэрыялаў пасля закрыцця Музея І. Луцкевіча ў сувязі з гісторыяй установы, дзе яны зараз захоўваюцца.

Ян Басанавіч [літ. Jonas Basanavičius – Ю. Р.] з’яўляецца пачынальнікам дзейнасці літоўскага адраджэння. Менавіта з імянем гэтага чалавека звязана адкрыцце Літоўскага навуковага таварыства ў 1907 годзе, якое на той час мірна суіснавала з асяродкамі беларускага нацыянальнага адраджэння ў Вільні18. Літоўскае навуковае таварыства працавала з ужо сабранымі фальклорнымі матэрыяламі і збірала новыя, выдавала творы такіх вядомых літоўскіх дзеячоў ХІХ-ХХ стагоддзяў як С. Станявічус [літ. S. Stanevičius – Ю. Р.], А. Баранаускас [літ. А. Вaranauskas – Ю. Р.] і іншых19. У 1934 годзе была створана Камісія па збіранні фальклорных мелодый [літ. Komisija tautos melodijoms rinkti ir tvarkyti – Ю. Р.], потым, у 1935 годзе, з’явілася новая ўстанова, куды трапілі ўсе здабытыя раней матэрыялы, - Літоўскі фальклорны архіў [літ. Lietuvių tautosakos archyvas – Ю. Р.], які існаваў да 1939 года20. Тут былі добрыя ўмовы і абсталяванне для запісвання фальклорных спеваў, і праца вялася вельмі плённа, а вынікі яе публікаваліся ў спецыяльный серыях “Вывучэнне фальклору” [літ. Tautosakos darbai – Ю. Р.]. Падчас нямецкай акупацыі, ў 1940 годзе, ўсе матэрыялы Літоўскага фальклорнага архіву былі перададзеныя ў Інстытут літуаністыкі [літ. Lituanistikos institutas – Ю. Р.], а пазней, у 1952 годзе, – ў Інстытут літоўскай мовы і літаратуры, пра які ўжо казалася вышэй. У 1956 годзе ў гэтай установе пачалася каталагізацыя і сістэматызацыя, падчас якой павінны былі праглядацца ўсе матэрыялы21.

Такім чынам, па пастанове ліквідацыйнай камісіі, якая вырашала лёс матэрыялаў Беларускага музея, беларускі фалькларыстычны архіў застаўся ў Вільні. Ёсць падставы думаць, што ён трапіў ў шэраг літоўскіх збораў ў перыяд паміж 1944, калі быў ліквідаваны Беларускі музей імя І. Луцкевіча, і 1956 гадамі, калі ён апынуўся ў фондах. Але супрацоўнікі Інстытута літаратуры і фальклора Літвы лічуць, што беларускі архіў быў злучаны з літоўскімі падчас вайны, адразу пасля закрыцця Беларускага музея. Атрымаць больш дакладную інфармацыю пакуль не ўяўляецца магчымым, бо не захавалася ніякіх крыніцаў пра яго перадачу ў якую-небудзь установу. Таму гэтае пытанне патрабуе далейшых пошукаў.


Беларускі фалькларыстычны архіў


Апісанне архіва

Фалькларыстычны беларускі архіў мае сігнатуру LTR 2464 і складаецца з трох скрынак, якія пазначаныя нумарамі 7579 (I), 7579 (ІІ) і 7579 (ІІІ). Матэрыялы ў скрынках не былі ўпарадкаваныя, сістэматызаваныя і інвентарызаваныя, яны ўяўляюць сабой разнастайныя па характары дакументы: сшыткі, падшыўкі, выразкі з перыядычных выданняў і асобныя аркушы.


Да гэтага часу ніхто не займаўся сур’ёзным даследваннем матэрыялаў. Пра архіў існуе толькі некалькі артыкулаў. Першы – гэта артыкул супрацоўніцы Інстытута літаратуры і фальклора Літвы Аушры Жычкене22. Артыкул называецца “Baltarusių tautosaka iš Vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus Lietuvių tautosakos rankraštyne” [ бел. “Беларускі фальклор з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні ў Архіве літоўскага фальклора” - Ю. Р.]. Ён быў прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння І. Луцкевіча. У артыкуле пададзена агульнае апісанне матэрыялаў беларускага фалькларыстычнага архіва. Аўтарам другога артыкула з’яўляецца Вольга Лабачэўская, кандыдат мастацтвазнаўства. Яе артыкул выйшаў у 2009 годзе ў грамадска-асветніцкай штотыднёвай газеце “Культура” ў 22 нумары і называўся ““Ой, у полі жыта” два стагоддзі таму”23. Артыкул быў прымеркаваны да “90 гадоў з дня заўчаснай смерці заснавальніка музея Івана Луцкевіча24. Там апісваюцца матэрыялы, якія ўваходзяць у архіў, а таксама коратка падаецца яго гісторыя. Таксама артыкул абвяргае думку, што ўсе яго матэрыялы не вывозіліся з Вільні пасля закрыцця Беларускага музея. Справа ў тым, што ў менскіх архівах, у прыватнасці ў фотакартатэцы Музея Вялікай Айчыннай вайны, знайшлася частка картак з беларускімі мелодыямі, якая разам з Віленскай часткай утварае цэлую картатэку, якая збіралася ў Музеі імя І. Луцкевіча25. У Артыкуле В. Лабачэўскай уздымаецца праблема вяртання беларускага фалькларыстычнага архіва ў Беларусь. Як піша сама аўтарка, “ў сучаснай рэальнасці паняцце "вяртанне" азначае стварэнне магчымасцей для выкарыстання матэрыялаў архіва як мага больш шырокім колам даследчыкаў фальклору, музыколагаў, гісторыкаў і біёграфаў, дзеячаў беларускай культуры. У першую ж чаргу неабходна правесці яго тэрміновую архіўную апрацоўку, стварыць вопісы дакументаў”26.


Змест архіва

На першым этапе працы з архівам быў праведзены першасны агляд яго зместа, выяўленне імёнаў вядомых збіральнікаў, укладальнікаў каталогаў, аўтараў песень, а таксама вестак аб тым, дзе і калі былі сабраныя, запісаныя ці створаныя асобныя дакументы. Таксама быў прааналізаваны характар архіўных дакументаў.

Асноўную частку архіва складаюць фалькларыстычныя матэрыялы, сабраныя рознымі асобамі ў перыяд з 1885 па 1943 год ў розных рэгіёнах Беларусі. Сярод гэтых матэрыялаў – прыватныя зборы беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў, запісы фальклору, сабраныя жыхарамі беларускіх тэрыторый, а таксама запісы народных песень, зробленыя вучнямі Віленскай беларускай гімназіі. Пэўная частка архіва звязана з дзейнасцю Беларускага музея імя І. Луцкевіча, напрыклад, экзэмпляры інструкцый для збіральнікаў беларускіх народных песень, напісаныя як кірылічным так і лацінскім шрыфтамі. Гэтыя інструкцыі былі надрукаваныя ў перыяд, калі памяшканне музея знаходзілася па адрасе Вострабрамская, 9. З яе зместу можна зразумець, наколькі вялікая ўвага надавалася збіранню фальклора ў тым асяродку. Вось уступныя словы для інструкцыі [тэкст падаецца з асаблівасцямі арыгінальнага напісання – Ю. Р.]: “Тасуючы мэтады зьбірання народных песень, трэба старацца, каб не пашкодзіць ані не паменьшыць вартасьці такой прыгожай кветкі, якой яўляецца народная песьня”27. З гэтых слоў і наступнага зместу інструкцыі можна зразумець, наколькі істотным бачылася збіранне фальклору для дзеячаў беларускай культуры пачатку ХХ стагоддзя, як сумленна і адказна яны да гэтага ставіліся.

У выніку першаснай апрацоўкі архіва зрабілася магчымым атрымаць уяўленне пра тое, якім чынам далей працягваць яго вывучэнне. У прыватнасці, з агульнага шэрагу ўсіх матэрыялаў, з якіх складаецца фалькларыстычны архіў, атрымалася вылучыць групы, якія аб’ядноўваюць матэрыялы па наступных крытэрах: агульная тэматыка, агульны аўтар, збіральнік, ўкладаннік ці асоба, якой яны належылі. Такім чынам, другім этапам працы з архівам стала размеркаванне яго асноўных матэрыялаў па групах, якія атрымаліся наступнымі:

  1. Матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю Антона Грыневіча (рукапісы, выдадзеныя дапаможнікі на навуцы спеваў, сабраныя ім фальклорныя матэрыялы, а таксама асабістыя дакументы і лісты)28. Сюды ўвайшлі рукапісныя і часткова друкаваныя дапаможнікі: “Навука сьпеву”, напісаная ў 1922 годзе, “Беларускі дзіцячы сьпеўнік”, напісаны ў 1923 годзе. Абодва дапаможнікі былі выдадзеныя ў Вільні. Таксама ў групу ўваходзяць “Школьны сьпеўнік”, “Навучнік першых музычных правілаў”, “Пуці к чыстаце мовы і карыснаму чытанню” і “Практыкоўкі сьпеву” аўтарства А. Грыневіча. Сярод іншых матэрыялаў, звязаных з асобай А. Грыневіча, ў архіве знаходзяцца падборка выпісаных песень з яго кніг, зробленая ў 1931 годзе ў Варшаве, рэкруцкая песня, запісаная ім на Дзісеншчыне, збор песень на беларускай мове з перакладам на нямецкую, сабраны Грыневічам у розных паветах. Асобны раздзел ствараюць фальклорныя матэрыялы, перапісаныя А. Грыневічам з архіваў Беларускага музея. Тут сустракаюцца хрэсьбінскія, талочныя, вясельныя, купальскія, веснавыя, якія пяюцца перад Троіцай, піліпаўскія, валачобныя песні і абрады. Адна з талочных песьняў была запісана ад інфарманта Казіміра Грыневіча ў Дзісенскім павеце. Сярод валачобных песень ёсць запіс, зроблены ад Дзяніса Крывадубскага са Слуцку. Месца паходжання астатніх песень з гэтай тэматычнай падборкі немагчыма ідэнтыфікаваць, праводзячы іх знешнюю крытыку, з-за адсутнасці адзнак ці інфармацыі пра месца і дату іх збору. Асобную каштоўнасць уяўляюць сабой хрэсьбінскія і вясельныя абрады, якія змяшчаюць паслядоўнасць іх правядзення, а таксама тэксты песень. Інфармацыя пра час і месца запісу гэтых абрадаў таксама адсутнічае29.

Апроч гэтага, сярод іншых матэрыялаў, звязаных з асобай А. Грыневіча, ў архіве Беларускага музея імя І. Луцкевіча былі знойдзеныя лісты, якія ён атрымліваў, даведкі, запрашэнні, пастановы і іншыя дакументы30. Падрабязней пра гэта гаворка пойдзе пазней.

Асобнай падборкай можна вылучыць абрады і песні, перапісаныя А. Грыневічам са збораў Беларускага музея ў Вільні, разам з перакладам на нямецкую мову, а таксама фальклорныя матэрыялы з архіва А. Грыневіча, перапісаныя ім альбо дасланыя яму.

  1. Фальклорныя матэрыялы, сабраныя Сымонам Рак-Міхайлоўскім31. Матэрыялы ўяўляюць сабой сшыткі з нотамі і тэкстамі беларускіх народных песень. Сшытак пад назвай “Беларускія народныя песні. Бяседныя. “Непрыдзялёныя”” ўтрымлівае запісы 1926 году з Маладзечанскага павету, Радашкоўскай гміны, вёскі Максімаўка. Там жа і ў той жа час Сымон Рак-Міхайлоўскі склаў сшыткі з вясельнымі, хрысціннымі, бяседнымі песнямі і беларускімі народнымі гульнямі. Яшчэ падборка змяшчае тры нотныя сшыткі пад назвамі “Беларускія мэлёдыі”, нотныя сшыткі з беларускім народнымі песнямі, пазначаныя нумарамі, якія раней, відавочна, стваралі адзіны вялікі архіў, а таксама “Зборнічак беларускіх народных песьняў”32.

  2. Каталогі архіва беларускіх народных песень, укладзеныя Тадэвушам Шэлігоўскім уяўляюць сабой аркушы з нотамі і тэкстамі песень33. Сярод аўтараў песень – С. Рак-Міхайлоўскі і А. Грыневіч. Тут вылучаюцца два каталогі. Першы збіраўся ў перяд з 1909 да 1937 года. У другім адсутнічаюць звесткі пра час збору, але ён утрымлівае вялікі спіс назваў беларускіх народных песень у алфавітным парадку. Каталог утрымлівае спіс назваў песень, якія пачынаюцца на лацінскія літары А, B, C, D, J, H, K, L, M, N, O, P, S, T, U, W, Z34.

  3. Падборкі з песнямі і іншымі фальклорнымі матэрыяламі, якія збіраліся ў асобных паветах рознымі людзьмі і дасылаліся ў асноўным ў рэдакцыі часопіса “Шлях моладзі” і газету “Беларуская крыніца” (Ашмянскі, Баранавіцкі, Браслаўскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзіснянскі, Лідскі, Наваградскі, Несвіжскі, Свянцянскі паветы). Самы стары з запісаў гэтай групы, “Вясельны беларускі марш”, быў зроблены ў 1908 годзе ў Наваградскім павеце, а самыя познія запісы беларускіх народных песень былі зробленыя ў 1942-1943 гады ў вёсцы Феліксава Лідскага павета35.

  4. Песні на словы беларускіх паэтаў: К.Буйло, Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Запольскага, К. Каганца, М. Бурачка, М. Танка і інш. Тут прадстаўленыя і дзіцячыя песні, і беларускія малітвы, прысвечаныя Я. Купалу, і сшыткі, і асобныя аркушы з песнямі36.

  5. Падборка песняў у апрацоўцы А. Туранкова, Г. Казура, А. Грычанінава, М. Чуркіна. Сярод іх сустракаюцца песні на словы М. Танка, Я. Купалы37.

  6. Песні К. Галкоўскага38.

  7. Песні М. Шчаглова39.

  8. Партыі для хора (Alt, Bas, Tenor, Sopran)40.

  9. Фальклорныя матэрыялы, сабраныя Я. Драздовічам41.

  10. Беларускія народныя песні з архіва Музея імя І. Луцкевіча з перакладам на нямецкую мову42.

  11. Вясельны абрад “Вяселле Марулі” з перакладам на нямецкую мову43.

  12. Запісы лекцый і навучальныя сшыткі студэнтаў Віленскай Беларускай гімназіі, ў тым ліку М. Пецюкевіча44.

  13. Інструкцыі для збіральнікаў беларускай народнай музыкі ад Беларускага музея ў Вільні45.

  14. Беларускія народныя песні, сабраныя і запісаныя навучэнцамі Віленскай Беларускай семінарыі46.

Сярод іншых цікавых матэрыялаў сустракаюцца экземпляры “Дэклярацыі”, прашэння ўвесці ў публічных народных школах беларускую мову выкладання згодна з уставам 32 ліпеня 1924 г., пераклады беларускіх песень з розных паветаў і гарадоў на нямецкую мову. У архіве былі знойдзеныя яшчэ два дапаможнікі па спевам аўтарства А. Туранкова і М. Нікалаевіча “Сьпеўнік для школьнай моладзі” і “Сьпеўнік” з песнямі на словы беларускіх паэтаў. Асобнай увагі заслугоўвае запіс беларускай народнай песні, зроблены сляпым чалавекам шрыфтам Брайля (пісьмовая мова сляпых47). Цікавым дакументам архіва з’яўляецца збор нотаў пад назвай “Беларускія народныя музычныя творы, запісаныя Міхаілам Ельскім у Ігуменскім павеце ў 1885 г. для Аляксандра Ельскага”, перапісаны Р.Зямкевічам у бібліятэцы пана Канстанцыя Святаполк-Завацкага ў Крошыне ў 1915 г. Адной з самых старых падборак з’яўляецца сшытак з васемнаццаццю беларускімі народнымі песнямі, якія збіраліся ў перыяд з 1891 да 1896 года невядомай асобай. Акрамя пісьмовых матэрыялаў, у архіве ёсць яшчэ і фотаздымкі з нотамі48.

Усе астатнія матэрыялы, якія не ўвайшлі ў пералічаныя тэматычныя групы, былі сістэматызаваныя і занесеныя ў базу дадзеных, змешчаную ў дадатку.



Заключэнне


  1. Беларускі фалькларыстычны архіў збіраўся ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Гэты музей быў буйным цэнтрам беларускага адраджэння ХХ стагоддзя і адыгрываў вельмі істотную ролю ў захаванні беларускай спадчыны і фармаванні нацыянальнай культуры. Менавіта тут вялася шырокая дзейнасць па збіранні і апрацоўцы беларускага фальклору.

Пасля працэсу ліквідацыі музея па пастанове Ліквідацыйнай камісіі яго экспанаты і іншыя каштоўныя матэрыялы апынуліся ў некалькіх дзяржаўных установах Менску (ў асноўным у дзяржаўных архівах, музеях і бібліятэках), але большая частка засталася ў Вільні. Зараз жа экспанаты Беларускага музея раскіданыя па розных краінах, у тым ліку знаходзяцца ў прыватных калекцыях, таму збор даводзіцца аднаўляць літаральна па часцінках.

На дадзены момант скрынкі з матэрыяламі па беларускім фальклоры захоўваюцца ў Вільні, ў фондах Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. Ёсць падставы меркаваць, што беларускі архіў быў перададзены літоўскім ўстановам, якія папярэднічалі фармаванню Інстытута літаратуры і фальклора Літвы, ў перыяд паміж 1944, адразу пасля закрыцця Музея імя І. Луцкевіча, і 1956 гадамі. Дакументы пра перадачу беларускага архіва ў літоўскія ўстановы адсутнічаюць, але супрацоўнікі Інстытута літаратуры і фальклора Літвы лічуць, што гэта адбылося ў 1944 годзе.



  1. Фалькларыстычны беларускі архіў носіць назву LTR 2464 і складаецца з дакументаў, якія размеркаваны па трох скрынках, пазначаных нумарамі 7579 (I), 7579 (ІІ) і 7579 (ІІІ). Асноўную частку архіва складаюць фалькларыстычныя матэрыялы, сабраныя рознымі асобамі ў перыяд з 1885 па 1943 год ў розных рэгіёнах Беларусі. Сярод гэтых матэрыялаў – прыватныя зборы беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў, запісы фальклора, сабраныя жыхарамі беларускіх тэрыторый, а таксама запісы народных песень, зробленыя вучнямі Віленскай беларускай гімназіі. Пэўная частка архіва звязаная з дзейнасцю Беларускага музея імя І. Луцкевіча. Усе матэрыялы архіва былі падзеленыя на асобныя тэматычныя групы.

  2. У лічбавы фармат былі пераведзеныя сшыткі з нотамі і словамі беларускіх народных песен, сабраных Сымонам Рак-Міхайлоўскім у розных паветах Беларусі. Зараз яны захоўваюцца ў Інстытуце Літаратуры і фальклора Літвы. Супрацоўнікамі плануецца занясенне алічбаваных матэрыялаў на інтэрнэт-пляцоўку гэтай установы.

  3. Падчас працы з архівам была складзена база дадзеных матэрыялаў, у якую ўвайшла наступная інфармацыя: назва падборкі, від падборкі, назва адзінкі, збіральнік ці аўтар, рэспандэнт, дата запісу ці стварэння, месца запісу ці стварэння, а таксама каментарыі да некаторых дакументаў. Яе можна пабачыць у дадатку да даследвання.


Спіс крыніц і літаратуры


  1. База дадзеных Інстытута літаратуры і фальклора Літвы.- [анлайн]. [Прагледжана 28.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.llti.lt/lt/77/>.
  2. Большая совецкая энциклопедия. [анлайн]. [Прагледжана 13.05.2011] Доступ праз Інтэрнэт: <http://slovari.yandex.ru/~%D0%BA%D0%BD%D0%B8%D0%B3%D0%B8/%D0%91%D0%A1%D0%AD/%D0%91%D1%80%D0%B0%D0%B9%D0%BB%D1%8F%20%D1%88%D1%80%D0%B8%D1%84%D1%82/>.


  3. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://charter97.org/ru/news/2009/8/6/20782/> .
  4. ЗАПАРТЫКА, Г. Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына. 2003, 8 красвіка, № 4-5. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/spadczyna/2003-4-5/08.htm>.

  5. ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. “Ой, у полі жыта” два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 мая – 5 чэрвеня. № 22 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 03.05.2011] Доступ праз Інтэрнэт: <http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500>.

  6. ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Па “Навуцы…” Антона Грыневіча Культура. Кастрычнік 1991. , 2009, 20 – 26 чэрвеня. № 25 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500>.

  7. ЛУЦКЕВІЧ, Л., ВОЙЦІК, Г. Партрэты віленчукоў. Марыян Пецюкевіч. - Вільня: Рунь Выдавецтва Беларусаў Літвы, 2001. [анлайн], 20 с. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://www.kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=2073&lang=BE>.

  8. МАРАКОЎ, Л. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. [анлайн]. т. I, III-2д, арт. 808. [Прагледжана 18.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-i?id=19393>.


  9. Наш край. Дзеячы Віцебшчыны. [анлайн]. [Прагледжана 18.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.kraj.vitebsk.net/?page=people_c>.

  10. ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне. Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 20. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm>.

  11. Сайт Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : < http://www.llti.lt>.

  12. САЛАДОЎНІК, А. Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальны праект. [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/z_egu/saladounik/.html> .

  13. СЕРЫКАВА, В. Браты Луцкевічы як стваральнікі і захавальнікі Беларускага музея ў Вільні (1921-1945). [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/z_egu/serykava/.html>.

  14. Соловки: энциклопедия. Совецкий концлагерь. [анлайн]. т. I, III-2д, арт. 808. [Прагледжана 28.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.solovki.ca/camp_20/international/international_byel.php.

  15. ТАЎЛАЙ, Г. Антон Грыневiч — першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў. Белорусский сборник. № 1. [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/sbornik/01/06_taulaj.htm>.

  16. ЯЦКЕВІЧ, М. Вільня як асяродак беларускай культуры і літаратуры пачатку XX ст. на фоне польскай і літоўскай культур. [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=548>.

  17. ŽARSKIENĖ R., KRIKŠČIUNAS P., NAKIENĖ A. Lietuvių literaturos ir tautosakos institutas. Другое выданне. Вільня, 2008. (Літоўскія фальклорныя архівы Інстытута літаратуры і фальклора Літвы)

  18. ŽIČKIENĖ, А. Baltarusių tautosaka iš vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus lietuvių tautosakos rankraštyne. Tautosakos darbai. 2006, № 32. [анлайн], с.244. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.llti.lt/failai/e-zurnalai/TD32/TD32.pdf>. ISSN 1392-2831.

  19. LTR 2464 (7579: І, ІІ, ІІІ) [Архіў]
  20. Petro Vileišio rūmų ansamblio restauracijos aidai . [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.spec.lt/lt/dazai-Petro_Vileisio_rumu_ansamblio_restauracijos_aidai>.

  21. TURONAK, J. Vacłau Ivanouski i adradżeńnie Biełarusi. [анлайн]. [Прагледжана 18.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.google.com/url?sa=t&source=web&cd=6&ved=0CEMQFjAF&url=http%3A%2F%2Fkamunikat.org%2Fdownload.php%3Fitem%3D1771-6.pdf%26pubref%3D1771&rct=j&q=%D0%B2%D1%96%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%8F%201913%20%D0%B3%D1%80%D1%8B%D0%BD%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87%20%D0%B2%D1%8B%D0%B4%D0%B0%D0%B2%D0%B5%D1%86%D1%82%D0%B2%D0%B0&ei=8eLpTe_ZK8_3sgaijrDoCg&usg=AFQjCNGHiA8EnEnT5RMXhq-oIAfwdsOMeQ>.




1 ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. “Ой, у полі жыта” два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 мая – 5 чэрвеня. № 22 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 03.05.2011] Доступ праз Інтэрнэт: <http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500>.

2 ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Па “Навуцы…” Антона Грыневіча Культура. Кастрычнік 1991. , 2009, 20 – 26 чэрвеня. № 25 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500>.

3 ŽIČKIENĖ, А. Baltarusių tautosaka iš vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus lietuvių tautosakos rankraštyne. Tautosakos darbai. 2006, № 32. [анлайн], с.244. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.llti.lt/failai/e-zurnalai/TD32/TD32.pdf>. ISSN 1392-2831.

4 ЗАПАРТЫКА, Г. Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына. 2003, 8 красвіка, № 4-5. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/spadczyna/2003-4-5/08.htm>.

5 ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне. Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 20. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm>.

6 СЕРЫКАВА, В. Браты Луцкевічы як стваральнікі і захавальнікі Беларускага музея ў Вільні (1921-1945). [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/z_egu/serykava/.html>.

7 САЛАДОЎНІК, А. Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальны праект. [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/z_egu/saladounik/.html> .

8 ТАЎЛАЙ, Г. Антон Грыневiч — першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў. Белорусский сборник. № 1. [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/sbornik/01/06_taulaj.htm>.

9 ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне. Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 20. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm>.

10 Дапаможнік-гід па беларускай Вільні. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://charter97.org/ru/news/2009/8/6/20782/> .


11 СЕРЫКАВА, В. Браты Луцкевічы як стваральнікі і захавальнікі Беларускага музея ў Вільні (1921-1945). [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/z_egu/serykava/.html>.

12 ЛУЦКЕВІЧ, Л., ВОЙЦІК, Г. Партрэты віленчукоў. Марыян Пецюкевіч. - Вільня: Рунь Выдавецтва Беларусаў Літвы, 2001. [анлайн], 20 с. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://www.kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=2073&lang=BE>.

13 ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне. Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 20. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm>.

14 ЗАПАРТЫКА, Г. Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына. 2003, 8 красвіка, № 4-5. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/spadczyna/2003-4-5/08.htm>.

16 Petro Vileišio rūmų ansamblio restauracijos aidai . [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.spec.lt/lt/dazai-Petro_Vileisio_rumu_ansamblio_restauracijos_aidai>.

17 Lietuvių literatūros ir tautosakos institutas. Istorija. [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://www.llti.lt/lt/istorija/>.

18 ЯЦКЕВІЧ, М. Вільня як асяродак беларускай культуры і літаратуры пачатку XX ст. на фоне польскай і літоўскай культур. [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт : <http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=548>.


19 ŽARSKIENĖ R., KRIKŠČIUNAS P., NAKIENĖ A. Lietuvių literaturos ir tautosakos institutas. Другое выданне. Вільня, 2008.

20 Там сама

21 Там сама

22 ŽIČKIENĖ, А. Baltarusių tautosaka iš vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus lietuvių tautosakos rankraštyne. Tautosakos darbai. 2006, № 32. [анлайн], с.244. [Прагледжана 10.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.llti.lt/failai/e-zurnalai/TD32/TD32.pdf>. ISSN 1392-2831.

23 ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. “Ой, у полі жыта” два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 мая – 5 чэрвеня. № 22 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 03.05.2011] Доступ праз Інтэрнэт: <http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500>.

24 Там сама


25 ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. “Ой, у полі жыта” два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 мая – 5 чэрвеня. № 22 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 03.05.2011] Доступ праз Інтэрнэт: <http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500>.

26 Там сама

27 LTR 2464

28 LTR 2464

29 LTR 2464

30 Там сама

31 Там сама

32 Там сама

33 Там сама

34 Там сама

35 LTR 2464

36 Там сама

37 Там сама

38 Там сама

39 Там сама

40 Там сама

41 Там сама

42 LTR 2464

43 Там сама

44 Там сама

45 Там сама

46 Там сама

47 Большая совецкая энциклопедия. [анлайн]. [Прагледжана 13.05.2011] Доступ праз Інтэрнэт: <http://slovari.yandex.ru/~%D0%BA%D0%BD%D0%B8%D0%B3%D0%B8/%D0%91%D0%A1%D0%AD/%D0%91%D1%80%D0%B0%D0%B9%D0%BB%D1%8F%20%D1%88%D1%80%D0%B8%D1%84%D1%82/>.

48 LTR 2464

: sites -> default -> files
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 1 Перыядызацыя гісторыі Гісторыя
files -> Закон рэспублікі беларусь 3 ліпеня 2008 г. №420-з аб Правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года
files -> 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
files -> Арганізацыя дзейнасці Лятучага ўніверсітэта як рэалізацыя місіі
files -> Пытанні да экзамену па гісторыі Беларусі
files -> Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»
files -> Гарадская палітыка ў беларусі: case-study рэканструкцыі гістарычнага цэнтра гродна
files -> Удой на карову (кг) Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе (гр.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка