Мдпу імя І. П. Шамякіна



Дата канвертавання30.06.2016
Памер88.43 Kb.
Сузько Алена Уладзіміраўна

УА “МДПУ імя І. П. Шамякіна”, г. Мазыр


ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ ЯК ІДЭЯСТВАРАЛЬНЫЯ ДАМІНАНТЫ ПАЭЗІІ М. ТАНКА І А. ВЯРЦІНСКАГА
Беларуская інтэлектуальна-філасофская лірыка ХХ стагоддзя, прадстаўленая паэтычнымі набыткамі М. Танка, У. Караткевіча, А. Вярцінскага, А. Разанава і інш., творча запазычвала і запазычвае мастацкую вобразнасць, лаканічную і змястоўную форму вуснай народнай творчасці. Падобны пераемны працэс не з’яўляецца паказчыкам кансерватыўнасці айчыннага паэтычнага слова, а хутчэй тэндэнцыяй да пераасэнсавання традыцыйнага, увядзення яго ў новыя культурна-храналагічныя рамкі. Дзякуючы такой неардынарнай інтэрпрэтацыі фальклорныя жанры, вобразы, матывы набываюць новую семантыку, вечную актуальнасць і запатрабаванасць.

Адным з самых ёмістых увасабленняў народнага рацыянальнага пачатку з’яўляюцца прыказкі і прымаўкі. Невыпадкова І. І. Насовіч называў іх практычнай філасофіяй народа. Паэзія М. Танка і А. Вярцінскага, нягледзячы на яе моцны кніжна-культуралагічны характар, надзвычай цесна звязана з плынню нацыянальнага, а дакладней, народнага быцця. Таму сканцэнтраваныя ў трапных выслоўях народныя дасціпнасць і мудрасць арганічна ўплятаюцца ў мастацка-філасофскія развагі названых аўтараў, становяцца неад’емнымі элементамі іх мастацкага мыслення.

Так, праз усю паэтычную спадчыну М. Танка праходзіць думка аб недастатковай запатрабаванасці ў нашым грамадстве народных талентаў, самабытных філосафаў. Увогуле думка пра дарэмна змарнаваны духоўна-інтэлектуальны патэнцыял беларускага этнасу сімптаматычна ўласціва беларускай літаратуры (згадаем Я. Коласа з яго паэмай “Сымон-музыка”, Я. Брыля з яго аповесцю “Ніжнія Байдуны” і інш.). М. Танк у вершы “Пра філосафаў” згадвае ўрокі мудрасці, дадзеныя яму яго землякамі і роднымі. Разам з тым, паэт раскрывае таямніцы нараджэння народных афарыстычна-павучальных выслоўяў, якія маюць цесную сувязь з іх быційна-працоўнай дзейнасцю. У дасціпных народных павучаннях, накшталт “з пустога не нальеш”, “лепей жменя дружбы, як бочка золата”, “не кідай хлеб, каб ён цябе не кінуў”, “калі хочаш некаму зрабіць зло, зрабі дабро”, утрымліваецца не толькі комплекс абсалютных маральна-этычных, духоўных каштоўнасцей этнасу, але і сутнасныя ідэйныя дамінанты вызначальных філасофскіх плыняў. Таму і звяртаецца з горкім пытаннем да самога сябе і сваіх суайчыннікаў лірычны герой М. Танка: “…Чаму, // Вывучаючы філасофію, // Мы забылі гэтых // І многіх іншых // Сваіх выдатных // Філосафаў” [4, т. 5., с. 257].

Прыказкі і прымаўкі ўводзяцца ў кантэкст паэтычнай танкаўскай філасофіі не толькі з мэтай ушанавання народных талентаў, паказу глыбіні іх мыслення і значнасці жыццёвага шляху, але і для творчых імправізацый, пошуку новых асацыяцый і значэнняў. М. Арочка адзначаў: “У аснову паэтычнай задумы паэт умее пакласці часам нечаканае пераасэнсаванне прызвычаенага – і тады народнае выслоўе, спаконвечная мудрасць засвеціцца новым актуальным сэнсам” [1, с. 241].

Так, прымаўка “добры з ваўка музыка” з’яўляецца пунктам адліку, асновай для танкаўскіх разваг пра вызначальнасць і значнасць для чалавечага супольніцтва такіх каштоўнасцей, як павага да смерці, сумленне, спагада, радзіма. Прычым, верш пабудаваны паводле прынцыпа абвяржэння папярэдне выказанага тэзіса. Па аналогіі з сінтаксічнымі і граматычнымі адметнасцямі будовы народнага выслоўя паэт стварае свае сілагізмы, якія пачынаюцца анафарай “добры”. Падобнае выкарыстанне паўтораў садзейнічае актывізацыі пазнаваўчых матывацый чытача, прымушае задумацца над прамым і пераносным значэннямі слова “добры”. Ужо тут праяўляецца парадаксальнасць мастацкага мыслення М. Танка, у адпаведнасці з законамі якога кожная з’ява, прадмет набываюць нечаканыя, новыя значэнні. Невыпадкова ў канец верша вынесены наступны тэзіс: “Добры агонь на чужыне, // Толькі грызе вочы дым” [4, т. 4, с. 123]. Радзіма для М. Танка і яго лірычнага героя з’яўляецца першаснай, лёсавызначальнай каштоўнасцю. Таму як бы цёпла і ўтульна ў фізічных адносінах не было на чужыне, душа плача па страчанай бацькаўшчыне.

Нечаканую, арыгінальную трактоўку атрымлівае ў мастацкім свеце М. Танка прыказка, якая падкрэслівае адасобленасць чалавека ад грамадства, яго абыякавасць, нежаданне жыць аднымі клопатамі з іншымі людзьмі: мая хата з краю – нічога не знаю. У кантэксце танкаўскага верша вобраз хаты з краю семантычна звязаны не з паняццем “абочына”, а з паняццем “перадавая”. Лірычны герой верша, як салдат на перадавой, першым прымае на сябе ўдар вятроў, якія збіліся з дарогі, “хмар снежных і дажджлівых” [4, т. 4, с. 151]. Падобная альтэрнатыва прымушае лірычнага героя дзейнічаць. Таму ў яго “ўсе дні – клапатлівыя, // Усе ночы – бяссонныя, // Усе лавы – занятыя, // І ніколі не гуляюць, // Ні хвіліны не святкуюць // Ні печ, ні качарэжнік, // Ні міскі, ні лыжкі, // Ні конаўкі, ні цымбалы” [4, т. 4, с. 151]. Невыпадкова паэт адрывае ад прыказкі першую шматзначную яе частку. Гэта дае яму магчымасць для шматлікіх імправізацый, для выяўлення душэўнай высакароднасці і шчодрасці лірычнага героя, тыповага прадстаўніка беларускага этнасу.

Беларускія гасціннасць, шчодрасць, талерантнасць апяваюцца М. Танкам і ў вершы “Кажуць-баюць”. Статус добрых гаспадароў надаецца ў беларускіх вёсках дзякуючы ўменню прыняць гасцей. Традыцыі народнага інтэр’еру прадугледжваюць размяшчэнне стала бліжэй да самага свяшчэннага месца хаты – чырвонага кута: “Не вугламі, // А застоллем і гасцямі // Хата на людзях красна. // І таму на ганаровым // Месцы ставім стол хваёвы // Для бяседы і віна…” [4, т. 5, с. 312]. Як бачым, прыказка надзвычай арганічна “прыжылася” ў ідэйна-мастацкім малюнку верша і падкрэслівае не толькі добразычлівасць і хлебасольнасць вяскоўцаў, але і дапамагае выявіць асноватворныя элементы народнага светаразумення.

Прыказкі і прымаўкі валодаюць, як вядома, дыдактычнымі характарыстыкамі, яны арыентаваны на ўважлівага суразмоўцу, апанента, рэцыпіента. Дыялагічнасцю, палемічнасцю пазначаны і вершы М. Танка, якія з’яўляюцца вольнымі трактоўкамі народных афарызмаў (“Кажуць-баюць”, “Кажуць…” і інш.).

Своеасаблівая палеміка М. Танка з катэгарычнымі народнымі выказваннямі раскрываецца ў вершы “Кажуць…”. Калі прыказкі – увасабленні народнага розуму, мудрасці, назіральнасці, практычнага вопыту, то, на думку лірычнага героя верша, кожны чалавек, дзякуючы сваёй дапытлівасці і цікаўнасці, жадае праверыць іх правамоцнасць і справядлівасць на сваім уласным вопыце: “Кажуць: // “Цішэй едзеш – далей будзеш”. // Мо праверыць? // “А за кукіш круп не купіш”. // А я думаў? // “Праўда люба, хоць і груба”. // Ці заўсёды? // “Папрацуеш – смак пачуеш”. // Мо і праўда? // Кажуць: “Смерць вянчае славай”. // Пачакаю?” [4, т. 4, с. 249]. Лірычны герой М. Танка – чалавек, які мысліць, ацэньвае ўсё ў жыцці з дапамогай практычнага розуму. Яго неабыякавасць, апантанасць пытаннямі гарманічнага светаўладкавання выяўляецца ў вершы праз рытарычныя пытанні, якія не столькі абвяргаюць, колькі сцвярджаюць прыярытэтнасць народнага светапогляду і светаразумення.

Народная мудрасць, заключаная ў прыказках і прымаўках, на думку М. Танка, ніколі не страціць сваёй актуальнасці. А няўважлівае стаўленне да комплексу народных маральна-этычных, духоўных, практычных законаў і рэкамендацый, выпрацаваных на працягу тысячагоддзяў чалавечай гісторыі, абарочваецца драмамі і трагедыямі. Так, у вершы “Сем раз адмер…” сцвярджаецца грунтоўнасць і быційная значнасць народнага выслоўя пра шкоднасць паспешлівасці і легкадумнасці ў вырашэнні жыццёва важных спраў. Гэтым правілам кіраваліся ў жыцці продкі, будуючы хату, ставячы печ. Але няўдзячныя нашчадкі аслухаліся бацькоўскіх запаветаў. І як вынік – “чорны саван тарфянікаў перагарэлых”, “труна паўночным рэкам”, “жалобны ветразь у будучыню…” [4, т. 6, с. 73–74].

Усведамляючы быційную значнасць народнай філасофіі, паэт падключае прыказкі і прымаўкі да рэалій жыцця канкрэтнага чалавека, дзе нават абсалютныя маральна-этычныя і духоўныя крытэрыі здаюцца бездапаможнымі: “Той, хто сказаў, // Што жыццё пражыць – // Не поле перайсці, // Відаць, ніколі // Не пераходзіў // Поля замініраванага” [4, т. 5, с. 221]. У дадзеным выпадку паэт нібы гуляе з сэнсамі прыказкі, з яе славеснымі кампанентамі. Жыццё пражыць, сапраўды, – не значыць па прамой, без усялякіх перашкод, перасячы поле. Але для таго, хто пераходзіў праз міннае поле, адзін крок здаваўся пераходам праз цэлае поле, а імгненне – вечнасцю. Калі чалавекам кіруе страх, час спрасоўваецца, кандэнсуецца ў адно маленькае імгненне. Такім чынам, народны афарызм дае штуршок для мастацка-філасофскіх разваг паэта пра змястоўнасць чалавечага жыцця.

Тэмамі для прыказак і прымавак не заўсёды становяцца сур’ёзныя пытанні чалавечага быцця. Так, і М. Танк часам у мастацкім перасэнсаванні традыцыйнага зместу прыказак і прымавак выкарыстоўвае магчымасці камічнага адлюстравання жыцця. У вершы “Стары закон” паэт спрабуе абыграць семантыку прыказкі “Недасол – на стале, перасол – на спіне”. Паводле народных прыкмет, ежу перасольваюць закаханыя: “Прызнаюся: не раз, // Знарок, сам перасольваў // Тваю зацірку, // Каб мець за што, // Хоць пацалункамі, // А дапячы табе” [4, т. 6, с. 186].

Калі танкаўскі дыдактызм заключаецца ў падтэксце яго твораў, то павучальнасць паэзіі А. Вярцінскага відавочная. Невыпадкова В. Русілка назвала свой артыкул, прысвечаны аналізу яго паэтычных набыткаў, “Вучыць чалавечнасці”. Даследчыца мяркуе: “Творы А. Вярцінскага, як правіла, свядома зарыентаваны на дыдактызм, перакананне. Паэт не стамляецца вучыць чалавечнасці, патрабаваць высокамаральнага і сумленнага стаўлення да жыцця, выкарыстоўваючы напрацаваны тысячагоддзямі духоўны вопыт біблейскіх прытчаў, старажытных міфаў і філасофскіх канцэпцый, архетыпы і мастацкія сімвалы фальклору і літаратуры. А. Вярцінскі надзвычай чуйны да сутнаснага, умее ўзняць дэталь альбо канкрэтны характар да ўзроўню агульначалавечых сэнсавобразаў, сфармуляваць думку ў скандэнсавана змястоўнай форме афарызму ці, наадварот, трапна раскрыць алагізм сітуацыі, разбудзіць разумовую актыўнасць чытача, падключыць яго да працэсу творчасці” [3, с. 259].

Даволі часта дыдактычны сэнс вершаў А. Вярцінскага раскрываецца праз сатырычнае выяўленне адмоўных праяў чалавечага быцця. Так, у вершы з відавочнай прыказкава-этымалагічнай назвай “Пра воўка памоўка…” паказваецца сутнасць такой небяспечнай сацыяльнай з’явы, як прыстасавальніцтва, хамелеонаўшчына. Праз умоўна-казачны вобраз ваўка-пярэваратня падкрэсліваецца драпежная сутнасць падобнага тыпа: “Ай ды воўча! Ай ды ён! // Ды ён жа двойчы хамелеон! Там, дзе авечкі, – у шкуры авечай. // Там, дзе чалавекі, – у чалавечай…” [2, с. 22]. Такім чынам, верш А. Вярцінскага, пабудаваны на аснове паэтыкі прыказкі, папярэджвае сучаснае грамадства аб тым, што ў натоўпе часам немагчыма пазнаць драпежніка, які шукае ахвяру, шукае зручнага моманту, няўважлівасці, адсутнасці пільнасці, каб здзейсніць злачынства.

У мастацкай сістэме А. Вярцінскага прыказкі і прымаўкі выступаюць і ў ролі эпіграфаў, якія акрэсліваюць ідэйна-мастацкі змест верша. Сатыра А. Вярцінскага ў вершы “Няма дурных” накіравана супраць мяшчанскай, спажывецкай псіхалогіі, ускладненай кар’ерызмам. Паэт арганічна падключае да сваіх разваг прыказкі і прымаўкі “дурны, дурны, а шкварку любіць”, “ласы на чужыя каўбасы”, “за кукіш круп не купіш”.

Своеасаблівую быційна-анталагічную інтэрпрэтацыю набываюць афарыстычныя народныя выслоўі ў цыкле вершаў А. Вярцінскага “Лясныя прымаўкі”. Паэт шчодра карыстаецца тут магчымасцямі аўталагічнага пісьма, калі мастацкая метафарызацыя змяняецца амаль даслоўным разуменнем і выяўленнем сэнсу прымаўкі. Прычым, сэнс прымаўкі абыгрываецца ў адпаведнасці з маральна-этычнымі, эстэтычнымі і духоўнымі арыенцірамі лірычнага героя і самога аўтара. Так, прымаўка “ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць” паспрыяла нараджэнню цэлага шэрагу арыгінальных аўтарскіх асацыяцый: “У лес не хадзіць – не мець лясіны. // Лясіны не мець – не мець хаціны. // Хаціны не мець – дзяцей не радзіць. // Словам, баяцца ваўкоў – // не мець дачок і сынкоў” [2, с. 217]. Для А. Вярцінскага і яго лірычнага героя сама думка пра немагчымасць лясной прагулкі – найгоршае пакаранне, бо страчваецца магчымасць душэўнай асалоды, адкрыцця новага, магчымасць самой творчасці.

Лірычны герой А. Вярцінскага, як і лірычны герой М. Танка, – чалавек-дзівак. У яго цалкам адсутнічаюць тыпова спажывецкія інтарэсы. Ён здольны захапіцца прыгажосцю самай звычайнай, непрыкметнай з’явы, пра што сведчыць верш з названага цыкла з прымаўкай-эпіграфам “хто ў лес, а хто па дровы”: “Хто ў лес, а хто па дровы. // З табой ісці я ў лес гатовы, // каб там, на сонечным узлессі, // слухаць шум сосен, птушыныя песні // і быць шчаслівым…” [2, с. 218].

У гэтым рэчышчы зусім не выпадковым з’яўляецца будова асацыятыўнага раду вакол прыказкі “ласае цяля дзве маткі ссе, а гордае ніводнае” (“Яшчэ адна казка пра белага бычка”). У адрозненне ад бясконцай жартоўнай казкі, верш А. Вярцінскага набывае драматычна-трагічнае гучанне. Яго белы бычок становіцца ахвярай грамадства, бо колерам скуры не падобны да іншых. Такім чынам, пашыраецца і ўзбагагаецца сэнс народнага выслоўя: А. Вярцінскі выкрывае злачынную псіхалогію грамадства, якое знішчае тых, хто вылучаецца сярод іншых пэўнымі ўласцівасцямі. Відавочна, шукаючы прыкметы чалавечнасці, “чалавечыя знакі” ў грамадстве, паэт шляхам выкарыстання народнага быційнага вопыту, заключанага ў прыказках і прымаўках, прымушае чытача крытычна асэнсоўваць рэчаіснасць і свае ўласныя ўчынкі. Невыпадкова адзін з яго вершаў мае красамоўны эпіграф “Дурняў не сеюць і не жнуць, самі нараджаюцца”. Верш складаецца з двух рытарычных пытанняў, за якімі відавочны мастацкі прагноз развіцця сучаснага грамадства, выкладзены ў лірыцы А. Вярцінскага.

Такім чынам, прыказкі і прымаўкі ў паэзіі М. Танка і А. Вярцінскага падпарадкаваны задачам мастацкага выяўлення і сцвярджэння агульначалавечых каштоўнасцей.
Літаратура
1. Арочка, М. Максім Танк: Жыццё ў паэзіі / М. Арочка. – Мінск: Навука і тэхніка, 1984. – 272 с.

2. Вярцінскі, А. Хлопчык глядзіць..: Выбр. вершы і паэмы / А. Вярцінскі. – Мінск: Маст. літ., 1992. – 318 с.



3. Русілка, В. Вучыць чалавечнасці: Штрыхі да літаратурнага партрэта Анатоля Вярцінскага / В. Русілка // Полымя. – 1997. – № 5. – С. 259–274.

4. Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / М. Танк. – Мінск: Бел. навука, 2006–2011.
: bitstream -> 123456789 -> 36904
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка