Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял



старонка13/14
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.19 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14

ДЗЕ ТЫ, БУРЛАК, ВАЛАЧЫЎСЯ…



Запісана ў в. Карпавічы Светлагорскага раёна

ад М. К. Прус (1928 г. н.)
Дзе ты, бурлак, валачыўся,

Што па пояс абмачыўся,

Э-ге-ге-гей, што па пояс намачыўся.
Гаем, гаем за таварам,

А лугамі за валамі,

Э-ге-ге-гей, а лугамі за валамі.
Шчэ ж бурлак не лажыўся,

А хазяін засвяціўся,

Э-ге-ге-гей, а хазяін засвяціўся.
– Уставай, бурлак, годзе спаці,

Пара сівы валы гнаці,

Э-ге-ге-гей, пара сівы валы гнаці.
Бурлак валы выганяе,

Слязьмі сцежку аблівае,

Э-ге-ге-гей, слязьмі сцежку аблівае.

ПРЫЙШОЎ БУРЛАК НА КВАТЭРУ…



Запісана ў в. Жылічы Клецкага раёна

ад А. С. Навумовіч (1921 г. н.)
Прыйшоў бурлак на кватэру:

– Падай, хазяйка, вячэру.

– Я ў печы не тапіла,

Вячэраці не рабіла.

Аб тым бурлак не спужаўся,

Узяў сяннік ды паслаўся.

Яшчэ бурлак і не клаўся,

А ўжо гаспадар праспаўся.

– Уставай, бурлак, годзе спаці,

Пара ў поле валы гнаці.

Аб тым бурлак не спужаўся,

Узяў валы і пагнаўся.

Арэ бурлак, паганяе,

Сваю мамачку ўспамінае.


Запісала А. Богдан у 1996 г.

АРЭЦЬ БУРЛАК…


Запісана ў в. Кішча Барысаўскага раёна

ад А. М. Стрэльмашонак
Арэць бурлак, барануе.

Кажуць людзі, што гультуе.

Ступай, бурлак, на квацеру.

– Давай, хазяйка, вячэру.


– Нечым бурцу прысаліці:

Няма солі ні драбінкі.

Няма хлеба ні скарынкі.

Ой, еш, бурлак, ды галушкі.

Лажыся спаць без падушкі.
Яшчэ бурлак не разуўся,

Ужо хазяін абачхнуўся.

– Пара, бурлак, уставаці.

Пара валоў выганяці.


Бурлак таму не ўпіраўся,

Узяў валы ды пагнаўся.

Валы мае бялявыя,

Ежце траву зялёную.

Валы мае вароныя,

Пейце ваду сцюдзёную,

Знайце службу бурлацкую.
Маць мая жа ты, родная,

Нашто мяне нарадзіла,

Горку долю удзяліла?
Запісалі А. Афанасік, В. Барбур, К. Давыдоўская.

ІІІ. ЖОРСТКІ РАМАНС
Жорсткі раманс – гэта лірычна-драматычная песня аб падзеях, найчасцей звязаных з праблемамі любоўнага трохвугольніка. Вырашэнне канфлікту ў ім меладраматычнае: трагічная, часам недарэчная смерць гераіні (героя). Жорсткі раманс з’яўляецца адной з форм раманса як музычна-паэтычнага твора (нагадаем, што раманс у паэзіі – невялікі напеўны лірычны верш, пераважна пра каханне).

Жорсткі раманс на пачатку XX ст. прыходзіць на змену старой, класічнай баладзе, дадаючы ёй псіхалагічную матывацыю падзей і характараў. Адначасова «ў вусны рэпертуар нахлынула новае паводдзе балад, а іх цяжка размежаваць з жорсткім рамансам, які, як правіла, зяўляецца іпастассю ўсё той жа балады»2.

Па сваёй сюжэтыцы і тэматыцы жорсткі раманс падобны да баладных песень пра нешчаслівае каханне, драматычныя ці трагічныя выпадкі ва ўзаемаадносінах паміж дзяўчынай і хлопцам. У большасці і лексічна, і вобразна-інтанацыйна жорсткія рамансы суадносяцца з т. зв. «новымі баладамі» – рускімі жорсткімі рамансамі («Маруся отравилась», «Как на кладбище Митрофаньевском», «Кирпичики»). Ім уласцівы таксама займальны змест, драматызм падзей, вастрыня інтымнай праблематыкі: каханне і рэўнасць, каханне і здрада, каханне і паклёп, каханне і трагічная смерць. Але заўсёды ў якасці першачынніку тут выступае матыў кахання. Без яго няма сюжэту, няма паўнацэннай мастацкай рэальнасці. Афектацыя, пэўная экзальтацыя ўчынкаў і пачуццяў герояў – характэрная якасць жорсткіх рамансаў.

Як адзначае даследчыца фальклору Э. В. Памяранцава, жорсткі раманс – «гэта квінтэсенцыя мяшчанскай этыкі і эстэтыкі, часта нізкапробнай, блатной экзотыкі» («Яна была прастытутка, а ён карманны вор»)3.


Метадычныя рэкамендацыі. Студэнту-практыканту, для таго каб правільна вызначыць жанр, трэба арыентавацца на наступныя вызначальныя рысы жорсткага раманса:

1) невырашальны характар канфлікту звязаны з матывам кахання і абумоўлены дэградацыяй маральнага стану грамадства;

2) найчасцей сюжэтная формула твораў гэтага жанра – «он ее любил, он ее и убил», хоць канцоўкай можа быць падман і растанне;

3) узнаўленне псіхалогіі маргінальнага асяроддзя, свету сучасных каштоўнасцей;

Нагадаем таксама, што жорсткія рамансы функцыянуюць у жывой маўленчай практыцы пераважна на рускай мове або на «трасянцы».
Парада. Больш падрабязную інфармацыю пра жорсткія рамансы вы можаце атрымаць, пазнаёміўшыся з даведачнымі выданнямі і спецыяльнымі даследаваннямі [5, 9].
Гістарычна жорсткі раманс – набытак гарадской культуры, аднак у другой палове ХХ ст. сфера яго бытавання пашырылася. На вёсцы, ды і ў горадзе пры запісе ад інфарманта назвы «жорсткі раманс» можна і не пачуць: і балады, і жорсткі раманс яны могуць назваць як «жаласлівыя песні» пра некага (нешта). Таму правільнае вызначэнне віду твора будзе залежаць ужо ад вашых ведаў.
ОЙ, ВЕЧАР ВЕЧАРЭЕ…
Запісана ў в. Вялікая Баркоўшчына Маладзечанскага раёна

ад С. М. Нехвядовіч (1917 г. н.)
Ой, вечар вечарэе,

Прыказчыцы ідуць.

Маруся атравілася –

У бальніцу павязуць.

Увозяць у бальніцу,

Паклалі на краваць.

Два доктара й сястрыцы

Старалісь жызнь спасаць.

– Спасайце – не спасайце,

Мне жызнь не дарага.

Любіла я мілога,

Такога падлеца.

Прашу я вас, падружкі,

Як буду я ляжаць,

Прашу я вас, падружкі,

Мяне не асуждаць.

Прашу я вас, падружкі,

Звіце мне вянок

І з левае старонкі

Прыколіце цвяток.


Запісала М. У. Канапацкая ў 1994 г.

КАГДА Я МЕЛА ЛЕТ 17…


Запісана ў в. Міхневічы Смаргонскага раёна

ад Л. М. Сапач (1929 г. н.)
Кагда я мела лет 17,

Я не любіла нікаво.

А кагда стала 19,

Я палюбіла аднаво.

Ужасна я ево любіла,

Но й страсна он меня любіл.

Мы ажыдалі ў жызні шчасця

І ў брак законны паступіць.

Но маць ево не захацела

Нашага шчасця савершыць

І сыну строга прыказала,

Мяне, няшчасную, забыць.

Но сын не вынес той печалі,

В пасцелю лёг і болен стал,

І перад самаю канчынай

Он маць пазвал і ей сказал:

«Мама, мяне благаславіце

І з тэй, каторую люблю.

І наша шчасце савершыце,

Быць можэт, я йшчо пажыву».

Мама пазволіла, но позна,

Кагда канчыне прыйшоў час.

І он назвал её на імя,

І сам навек закрыл глаза.

Вот была чудная пагода,

Кагда друзья на кладбішча няслі,

І сквозь валністыя туманы

Всё прабіралася ана.

І кагда ўвідзела магілу,

На камень бросілась ана

І горка-горка плакаць стала,

І богу душу аддала.

– Не знал, не знал,

Што крэпка любіш,

Не знал, што ты будзеш мая.

Цяпер абое мы ў магіле,

Радная мама, чэраз цебя.
Запісала Н. С. Баярскіх у 2007 г.

ГАЛЯ
Запісана ў г. Маладзечна



ад С. І. Тумаш (1953 г. н.)
В нядзелечку ранней парою

Сабраліся падружкі гуляць.

– Пайдзём, Галя, пайдзём, дарагая,

Цветы алыя ў лес сабіраць.


Доўга-доўга падружкі стаялі

І сматрэлі друг дружке ў глаза.

Вдруг у Галі із глаз пакацілась

Па букету горка сляза.


Відна, у Галачкі гора случылась,

Мужа ўзялі на фронт ваеваць.

Стала Галя па мужу печаліць,

Стала Галя па мужу скучаць.


А какой-та к ней прывязался

Безымяный Вася-сасед.

Вася пастучыць – і Галя адкрое,

Без разрашэння он к Гале войдзёт.


– Для цебя я всё ізгатовіл,

Для цебя я всё пакупіл,

Толька асталась рóдную дочку,

Рóдную дочку насмерць убіць.


Он падходзіт к краватке і смотріт,

А малютка ўсю ночку не спіт.

– Скажы, мама, скажы, дарагая,

Што за дзядзя на стуле сідзіт?


Залілася крывёю падушка,

Вынімает ана нож із грудзі.

– Будзь ты шчасліў, Вася, будзь ты весел

І пачашчэ ка мне прыхадзі.


І на эці дні разгавора

Хто-та громка ў дзверы пастучал.

– Адкрой, Галя, адкрой, дарагая,

Эта муж твой на отпуск прышоў.


Адкрывает кварціру і смотріт,

Узнаёт палажэнне жаны.

Стал іскаць сваю родную дочку

І нашол ўсю заліту ў краві…


Вынімает наган із кармана,

Настаўляет на іх абаіх,

І жане з палюбоўнікам мілым

Астаюцца кароткія дні.


После гэтага вышал на плошчадзь,

Перад грудай народа сказаў:

– Убірайце мяне за ўбійства,

Я за дочку іх пастрэлял.


Запісала К. П. Койра ў 1995 г.

ТРУДНА, НУДНА НА СЭРДУНЬКУ…


Запісана ў в. Завельцы Астравецкага раёна

ад Я. С. Ступенька (1921 г. н.)
Трудна, нудна на сэрдуньку,

Як вечар падходзе,

Што мой мілай-мілюсенькай

Да другой уходзе.

Што мой мілай-мілюсенькай

Да другой уходзе.


Няхай ходзе, няхай любе

Дзяўчыну маладую.

Яна яму за жоначку

Будзе за другую.


Прыйшоў мілай з вечарынак,

Стаў ножык астрыці.

Жонка ў мужа пытаецца:

– Што будзеш рабіці?


– Не пытайся, жана мая,

Што я буду рабіць,

Толькі магі, жана мая,

Адну мінуту жыць.


– Не рэж, не рэж, мой міленькі,

Хоць эту мінутку.

Пазволь, пазволь падгадаваць

Малую Анютку.


Тады будзе жонка мая

Аначку гадаваць,

Як я буду на рэчуньке

Свой ножык абмываць.


– Суседачкі, галубіцы,

Дайце маме знаці,

Няхай прыйдзе яна мяне

На смерць убіраці.


Дочка ж мая нешчасліва

Горку долю мае:

Учорай была ў госціках,

Сягодня ўмірае.


– Пахавайце мяне быстра,

Хоць за две гадзінкі,

Няхай муж мой

Гуляй з другой,

Бо ён маладзенькі.

Няхай муж мой

Гуляй з другой,

Бо ён маладзенькі.


Запісаў К. А. Калабаў у 1998 г.

САДЗІСЯ, МІЛАЙ, У МАШЫНУ…


Запісана ў в. Завельцы Астравецкага раёна

ад М. К. Рожка (1921 г. н.)
Садзіся, мілай, у машыну,

Кандуктар дзверы закрываў.

А я крычу: «Куда ты едзіш,

А я астануся адна?»

А я крычу: «Куда ты едзіш,

А я завяну, как трава? »


– Забудзь, забудзь, мілая, свідання,

Забудзь з начала да канца.

Забудзь, як мы з табой улюблялісь,

Забудзь ты, мілая мая.


– Ну, как жэ я цябе забуду,

Кагда партрэт твой на сцяне?

Ну, как жэ я цябе забуду,

Кагда малютка на руцэ?


– Партрэт мой выбрась праз акошка,

Малютку ў дзецкі дом аддай.

Сама астанься сіратою

І пра мяне не ўспамінай.


Запісаў К. А. Калабаў у 1998 г.

НА ГАРЫЗОНЦЕ ЗАРА ДАГАРАЕ…


Запісана ў в. Астроўкі Нясвіжскага раёна

ад Я. Д. Корзан (1926 г. н.)
На гарызонце зара дагарае,

І скрылся прэдгробный закат,

А на руках у сястры ўмірает

Краснабалційскі салдат.

І как тагда пад асколкам снарада

Раны яму наняслі.

І на яго жа ваеннай шынелі

Ціха ў палату ўняслі.

Врач падашол, пакачал галавою:

«Тут уж, – сказал, – не жылец.

Раны смярцельные вынесць не можэт,

Вот ужэ час і канец».

У белам хвартуке, абрызганым кроўю,

Ціха сястра падашла.

Яна ўзнала сваего брата,

Вдруг зарыдала тагда.

– Доктар, ай доктар, скарэе спасайце,

Эта едзінственный брат.

Слышыт он голас радной і знакомый,

Зашэвелілся марак:

– Зачэм ты, зачэм ты, зачэм ты рыдаеш?

Не нада, не нада рыдаць.

На свеце асталась людзей міліёны,

Каждый гатоў паміраць.

На гарызонце зара дагарает,

І скрылся прэдгробный закат,

А на руках у сестры ужэ умер

Краснабалційскі салдат.


Запісала Н. М. Корзан у 1992 г.

НА КАКОМ-ТА НА ГЛАЎНЫМ ВАКЗАЛЕ…


Запісана ў в. Астроўкі Нясвіжскага раёна

ад Я. Д. Корзан (1926 г. н.)
На каком-та на глаўным вакзале

Станцыённы там поезд стаіць,

А на лаўке пад серай шынеллю,

Маладой афіцэрык стаіць.

А на лаўке пад серай шынеллю,

Маладой афіцэрык стаіць.


Перад ім, апусцясь на каленях,

Стаіць дзева печальна й грусна.

Её очы наполнены слезою,

Па плечах распусцілась каса.

Её очы наполнены слезою,

Па плечах распусцілась каса.


– Не ўежай, не ўежай, друг мой мілый,

Не ўежай, не ўбі ты меня.

Вспомні нашэ то прэжне свіданье,

Гаварыл: «Будзеш вечна мая».

Вспомні нашэ то прэжне свіданье,

Гаварыл: «Будзеш вечна мая».


– Веру, веру табе, дарагая,

Што па-прэжнему любіш меня.

Но я должэн паслушаць начальства,

І на врэмя аставіць цебя.

Но я должэн паслушаць начальства,

І на врэмя аставіць цебя.


Вот і поезд к вакзалу падходзіт,

Пасажырскій сігнал падаёт.

Афіцэр сваю Нюру брасает,

Сам паспешна к вагону ідзёт.

Афіцэр сваю Нюру брасает,

Сам паспешна к вагону ідзёт.


А ў вагоне яму не сядзіцца,

Жаль ему Нюры маладой.

Нюра в этай дурацкай машыне

Пад калёса лягла галавой.

Нюра в этай дурацкай машыне

Пад калёса лягла галавой.


В этат дзень в этам самам вагоне

Мёртвый труп афіцэра нашлі.

Так пагібла два юнага сэрца

Ад какой-та праклятай любві.

Так пагібла два юнага сэрца

Ад какой-та праклятай любві.


Запісала Н. М. Корзан у 1992 г.

ДЛЯ ВСЕХ СЕГОДНЯ ДЕНЬ ВЕСЁЛЫЙ…


Запісана ў в. Бор Навагрудскага раёна

ад Т. Ю. Чамерка (1929 г. н.)
Для всех сегодня дзеньвесёлый,

А для меня одна тоска.

Мілый венчаецца з другой,

А я асталася адна.

Пасцель паслала, дзвер закрыла,

Толька агонь згасіць.

З пасцелі ўстала, дзвер адкрыла –

Мілый за ручэньку меня.

– Пачэму так рана спаць лажышся,

Пачэму на музыку не шла?

– Ты вон, мілый, з-пад маей хаты,

Ты багацтвам задаёшся, а я беднá.

– Хоць ты, міла, мяне ругаеш,

Я ўсёраўно цябе люблю.

Пайдзём жа, мілка, пагуляем

На тот тоненькій масток

І звяжам рукі чорнай лентай.

На заўтра рана, чуць святочэк,

Ўсе ў поле ужэ ідут,

А адну малодзенькую пару

Хараніць нясут.

Пускай пасадзяць дзве бярозкі:

Адну ў галовах, адну ў нагах.

Кагда схіляцца бярозкі,

Будут людзі гаварыць,

Што па смерці іх любоў звяла.


Запісала І. М. Ліннік у 2000 г.

КАРЫ ГЛАЗКІ, ГДЗЕ ВЫ СКРЫЛІСЬ?..


Запісана ў в. Бор Навагрудскага раёна

ад Т. Ю. Чамерка (1929 г. н.)
Кары глазкі, гдзе вы скрылісь,

Што вас большэ не відаць?

Гдзе вы скрылісь, удалілісь,

Меня заставілі страдаць.

Я страдала днём і ноччу,

Страдаць буду, цяжка мне.

Цебя, мілый, не забуду,

В какой бы ні был старане.

Пайду з гора ў чыста поле,

В дрымучый, цёмный лес.

Закрычу я шыбка громка,

Зверы люты сазаву.

Ой, вы, зверы, маі зверы,

Зверы лютые маі,

Расцерзайце маё цела,

Выньце серца із грудзі.

Выньце серца, аднясіце

Другу міламу маему.

Пусць мілый глянет – ужаснёцца,

Быць можэт, вспомніт аба мне.


Запісала І. М. Ліннік у 2000 г.

БЫЛА Я Ў АТЦА НЕНАГЛЯДНАЯ ДОЧ…


Запісана ў в. Уселюб Навагрудскага раёна

ад В. І. Кісляк (1926 г. н.)
Была я ў атца ненаглядная доч,

І доч ненаглядная бежала

Ў асеннюю цёмную ноч.

Бежала я лесам дрэмучым,

Бежала я рошчэй густой,

Бежавшы, на неба взглянула

І вспомніла я дом свой радной.

На што мне зелёная рошча,

На што мне і свет галубой.

Как вспомню я мілага речы,

Зальюся я горкай слязой.

Дзесятак каробачэк спічэк

В халоднай вадзе разведу,

Стакан у краваці пастаўлю,

На серцэ атраву прыму.

Атрава мая недарагая,

Ана всево стоіт пятак,

А жызнь распраклятая, злая

Пускай прападает за так.
Запісала І. М. Ліннік у 2000 г.

ПА ЦЁМНЫМ АЛЕЯМ ГУЛЯЛІ…


Запісана ў в. Уселюб Навагрудскага раёна

ад В. І. Кісляк (1926 г. н.)
Па цёмным алеям гулялі

З табою, мой мілы, вдваём.

Нас цёмные ветві скрывалі

І зналі ані аба всём.

В цішы ты меня пріласкаеш,

В цішы называеш сваею.

В народзе меня ізбегаеш,

Савсем я стаю в старане.

Гуляй, веселіся, насмешнік,

Судзьба пакарает цебя.

А я атамшчу за насмешку,

Любві не найдзёш нікагда.

Кагды ты, мой мілый, прыедзеш,

Кагда ты дружыну збярош?

Кагда ты меня, маладую,

К законнаму браку сведзёш?

– У пятніцу рано прыеду,

В суботу дружыну сберу,

В недзелю цебя, маладую,

К законнаму браку сведу.

– Не шыйце мне белага плацья,

Я з мілым к венцу не пайду.

Пашэйце мне жолтага цвета,

Я з мілым разлуку беру.

Падружкі, прашу, прыхадзіце,

Как буду я валь нашываць.

Ешчо вас прашу, прыхадзіце,

Как буду я в гробе лежаць.

Жолтая роза – разлука,

Красная роза – любовь,

Розавая роза – нешчасцье,

Бела – обліта слезой.

Не бейце вы гроба гвоздзямі,

Бо буду по мілым скучаць.

Не ройце мне яму глубокай,

Бо будзет мне сыра лежаць.


Запісала І. М. Ліннік у 2000 г.

ІV. ЖАРТОЎНА-ГУМАРЫСТЫЧНЫЯ І САТЫРЫЧНЫЯ ПЕСНІ
Гэта група рознажанравых песень вылучаецца па эстэтычным прынцыпе. Значная іх частка ўваходзіць у склад каляндарна- і сямейна-абрадавай паэзіі, не ствараючы, аднак, асобных разнавіднасцей. Вось чаму даследчыкі і падкрэсліваць старажытны, старадаўні характар дадзенай групы твораў, прымяркоўваць час іх узнікнення да перыяду фарміравання беларускай народнасці.

Грамадская функцыя гумарыстычных (жартоўных) песень абумоўлена асаблівасцямі іх прызначэння і бытавання. Перш за ўсё яны закліканы стварыць пэўны настрой, захапіць слухачоў, перадаць весялосць, заклікаць да забавы. Але існуе і пэўная колькасць твораў, створаных аўтарамі-выканаўцамі для сябе, якія выконваюць інтымную функцыю і не вымагаюць публічнай аўдыторыі («Хлопец пашаньку пахае…»).

Асноўная тэматыка жартоўна-гумарыстычных песень, якія складаюць у беларускім фальклоры адну групу, – сямейна-бытавыя адносіны паміж іх традыцыйнымі персанажамі: мужам і жонкай, дзедам і бабай, зяцем і цешчай, нявесткай і свекрывёю, хлопцам і дзяўчынай.

Прадмет высмейвання ў жартоўна-гумарыстычных песнях – не зусім нармальныя, нездаровыя ўзаемадачыненні, адмоўныя, заганныя рысы характару: лянота, сквапнасць, здрадніцтва, хітрасць, п’янства, усялякае дзівацтва, а таксама некаторыя фізічныя слабасці (непамерна мажная, тоўстая баба ці жонка і адпаведна нямоглы, нягеглы дзед ці муж).

Колькасна меншай падгрупай прадстаўлены творы сатырычнай накіраванасці, дзе аб’ектам выкрыцця з’яўляюцца заганы пераважна сацыяльнага зместу: песні антыпанскія, антыклерыкальныя, антыбюракратычныя і да т. п.

Сярод моладзі найбольшай папулярнасцю карыстаюцца жартоўна-гумарыстычныя песні любоўнага зместу, у якіх праступае мяккая, нязлосная ўсмешка над няўмелымі заляцаннямі хлопцаў, какецтвам дзяўчат, над жаніхом і нявестай.

Для фармальна-паэтычнай структуры беларускіх жартоўна-гумарыстычных песень характэрны самыя розныя выяўленчыя сродкі: завастрэнне, гіпербалізацыя вобразаў, шырокі зварот да гумару, іроніі, сарказму, гратэску.

Своеасаблівай, спецыфічнай рысай айчыннага фальклору з’яўляецца аўтаіронія – смех з сябе, часам смех скрозь слёзы. Паэт і фалькларыст Н. С. Гілевіч ілюструе гэты вельмі перспектыўны мастацкі прыём на прыкладзе класічнага твора «Чаму ж мне не пець» і цытуе яшчэ некалькі менш вядомых песень. Так, паводле адной з іх, муж перад смерцю суцяшае жонку, што ён пакідае такую-та спадчыну: «Па маёй галаве застанецца ўсё табе: і таўкач, і мялён, і старожа, і прыгон». Даследчык з горыччу каменціруе: «У спадчыну, такім чынам, перадаецца не толькі “агромністае багацце” – таўкач і жорны, але і сама крыніца гэтага багацця – прыгон»4.

Цікавая падгрупа – песні недарэчнага, алагічнага зместу, так званыя небыліцы. Персанажы ў іх пастаўлены ў фантастычныя абставіны, з імі здараюцца розныя цуды. Лічыцца, што такія творы ў старажытнасці мелі магічнае значэнне і выказвалі наіўныя сялянскія ўтапічныя ўяўленні аб свеце, дзе няма гвалту і несправядлівасці, дзе можна «пабываць на небе і паесці ўволю». Сустракаюцца жартоўныя творы эратычнага зместу.

Падсумоўваючы сказанае вышэй, адзначым асноўныя тэматычныя падгрупы беларускіх жартоўна-гумарыстычных і сатырычных песень, зафіксаваных навуковымі рэдактарамі і ўкладальнікам (а таксама аўтарам прадмовы) І. К. Цішчанкам у томе «Жартоўныя песні» са Зводу БНТ:

1. Гора, бяда. Антыпанскія і антыклерыкальныя творы.

2. Хлапечыя і дзявочыя заляцанні; лянівая дзеўка; каханне хлопца; свáты; жаніцьба; жонка-няўдаліца; не такі муж, як хацела; лютая свякроў і лянівая нявестка.

3. Сямейны лад і непаладкі: лянівая жонка, жонка гуляе, у карчме выпівае, муж-няўдаліца, п’яніца, стары муж; гулі; кум ды кума, зяць і цешча, пра дзеда і бабу.

4. Былі і небыліцы: пра жывёл і птушак, неверагодныя гісторыі, вясёлыя музыкі.


Парада. Пры запісе жартоўных песень побач з вызначаным відам указвайце тэматычную разнавіднасць песні, напрыклад: жартоўная песня пра хлапечыя заляцанні, пра лянівую жонку, пра насякомых і г. д.

Каб лепш пазнаёміцца з жартоўна-гумарыстычнымі і сатырычнымі песнямі, вы можаце звярнуцца да спецыяльных выданняў, прысвечаных дадзеным разнавіднасцям пазаабрадавай песні [5, 8, 9, 19].

БАБА ДЗЕДА ШАНАВАЛА*…
Запісана ў в. Пагарэльцы Нясвіжскага раёна

ад Н. І. Александровіч (1924 г. н.)
Баба дзеда шанавала,

На папары навязала.

– Еш, дзед, траву палявую,

Пі вадзіцу лугавую:

Палявая трава сытна,

Лугавая вада спітна.


Запісала Г. М. Мякіннік у 2007 г.
*Варыянт вядомай песні (Звод БНТ. Жартоўныя песні. С. 194).

БАЦЬКА ДОМА РАБОТАЕ…


Запісана ў в. Пагарэльцы Нясвіжскага раёна

ад С. М. Шчурэвіч (1938 г. н.)
Бацька дома работае,

Сын у Піцеры жыве,

Бацька грошы дажыдае,

Сын ў апорачнях ідзе.

– Охты, бацюхна радной,

Не з чым ехаць мне дамой.

Прадай, бацюхна, карову,

Прышлі грошай на дарогу.

Прадай, матухна, курэй,

Прышлі грошы паскарэй.

Прадай, братухна, казу,

Я гармошку прывязу.


Запісала Г. М. Мякіннік у 2007 г.

ДВА ГАРОДЫ АБРАБІЛА…


Запісана ў в. Мешычы Стаўбцоўскага раёна

ад Г. А. Вярбіцкай (1947 г. н.)
Два гароды абрабіла –

Адна дыня ўрадзіла.

Гуляю я, гуляю я, эх, гуляю я!

Як павезла прадаваці,

Ды не знаю, што ўзяці.

Гуляю я, гуляю я, эх, гуляю я!

Пакуль людзі цэну далі,

Дык цыганы дыню ўкралі.

Гуляю я, гуляю я, эх, гуляю я!

Пакуль у печы запаліла,

Свіння дзверы пракусіла.

Гуляю я, гуляю я, эх, гуляю я!

Пакуль дзверы залатала,

Дык дзіця з печы ўпала.

Гуляю я, гуляю я, эх, гуляю я!

Куры хату замятаюць,

Хлопцы ў вокны заглядаюць.

Гуляю я, гуляю я, эх, гуляю я!

Не глядзіце – няма нá шта,

Хоць красіва, ды ляніва.

Гуляю я, гуляю я, эх, гуляю я!
Запісала Т. С. Астапук у 2007 г.

АЖАНІЎСЯ СТАРЫ ДЗЕД…


Ажаніўся стары дзед,

Узяў дзеўку дваццаць лет.

Ой-да, ой-да, ой-да-даль.

Узяў дзеўку дваццаць лет.


Толькі класціся ўжо спаць –

Маладзіцы не відаць.

Ой-да, ой-да, ой-да-даль

Маладзіцы не відаць.


– Ты пагрэй, дзед, трохі спінку,

А я выйду на хвілінку.

Ой-да, ой-да, ой-да-даль

А я выйду на хвілінку.


За дзвярмі чакаў каваль.

Цалаваліся на ганку,

Дзед на печы спаў да ранку.

Ой-да, ой-да, ой-да-даль,

Дзед на печы спаў да ранку.
Не жаніцеся, дзяды,

Кабы не было бяды!

Ой-да, ой-да, ой-да-даль,

Кабы не было бяды!


Запісала І. Р. Лагеня ў 2006 г.

ЗВАЛІЛАСЯ БАБА З НЕБА…


Запісана ў в. Ячава Слуцкага раёна

ад В. К. Варывончык (1932 г. н.), М. А. Пупкевіч (1932 г. н.),

З. П. Клека (1943 г. н.), Н. В. Троцкай (1938 г. н.)
Звалілася баба з неба,

Нам такая баба трэба.

Адкуль яна ўзялася?

З яе гýльня пачалася.

Пайшла баба на бяседу

Дай згубіла торбу з хлебам.

Пайшла баба шукаць хлеба,

Дай згубіла свайго дзеда.

– Лепш бы хлеба я не ела,

А дзядочка свайго мела.

Ой, дзядочак, мой дзядочак,

Адзавіся, галубочак.


Запісала Н. В. Сарокіна ў 2006 г.

ЯК ПАЙДУ Я ПАГУЛЯЮ


Запісана ў в. Ячава Слуцкага раёна

ад З. П. Клека (1943 г. н.)
Як пайду я пагуляю,

Як рыбачка па Дунаю.

Туды-сюды павярнуся –

Я й нікога не баюся.

Прывязала мужыка к краваці –

Заўтра павяду прадаваці.

А што ж людзі ўцануюць:

Ці тры рублі залатыя,

Ці тры кані вараныя?

Мне з грашамі не насіцца,

Мне з канямі не вадзіцца,

Мне самой мужычок знадабіцца.

Як пайду я пагуляю,

Як рыбачка па Дунаю.


Запісала Н. В. Сарокіна ў 2006 г.

ЖОНКА МУЖА ЗНАРАВІЛА*…


Запісана ў в. Казловічы Слуцкага раёна

ад С. І. Светаш (1925 г. н.)
Жонка мужа знаравіла,

Тры дні ў печы не тапіла:

– Мая печ акалела –

Няма дроў ні палена.

Жонка мужа запрагае,

У лес па дровы выязджае.

Пад’язджае да лесу:

– Тпру, стой, бо павешу!

Сама дровы насякае,

Воз вялікі накладае.

Сама дровы насякае,

Воз вялікі накладае.

Пад гару сама сядае:

– Цягні, муж, не ўпірайся,

На мяне не спадзявайся!

А вы, хлопцы, тое знайце:

Вы з пасагам не шукайце!

Хто з пасагам жонку мае,

На гарбу дровы цягае.
Запісаў Ф. С. Палякоў у 2005 г.
* Варыянт вядомай песні (Звод БНТ: Жартоўныя песні. С. 196).

ШТО Ж ТЫ, ДЗЕЎКА, РОБІШ?


Запісана ў в. Казловічы Слуцкага раёна

ад Н. В. Троцкай (1938 г. н.)
Самым першым із сямёх

Сватаўся ка мне Цімох.

У панядзелак ён прыйшоў –

Ні кашулі, ні штаноў!


Прыпеў:

Што ж ты, дзеўка, робіш?

Ты ж усіх пагоніш!

Адна застанешся,

Тады пасмяешся.
А Мікіта ў аўторак

Цалаваў разоў сто сорак.

За Мікіту не пайду,

Можа, лепшага знайду.


Прыпеў:

Што ж ты, дзеўка, робіш?

Ты ж усіх пагоніш!

Адна застанешся,

Тады пасмяешся.
А ў сярэду прыйшоў Грыша,

Але неяк цяжка дыша.

Ён хацеў мяне абняць,

Ды не змог ніяк дагнаць.


Прыпеў:

Што ж ты, дзеўка, робіш?

Ты ж усіх пагоніш!

Адна застанешся,

Тады пасмяешся.
У чацвер жа на дыване

Прызнаваўся шчыра Ваня.

Ёсць і качкі, і пятух,

Толькі ж ён зусім лапух!


Прыпеў:

Што ж ты, дзеўка, робіш?

Ты ж усіх пагоніш!

Адна застанешся,

Тады пасмяешся.
А ў пятні́цу раніцой

Я хадзіла за вадой.

Пераняў мяне Яўхім,

Толькі ж лысы ён зусім.


Прыпеў:

Што ж ты, дзеўка, робіш?

Ты ж усіх пагоніш!

Адна застанешся,

Тады пасмяешся.
А ў суботу ля варот

Сустракаў мяне Фядот.

Спрабаваў пацалаваць,

Ды не змог ніяк дастаць.


Прыпеў:

Што ж ты, дзеўка, робіш?

Ты ж усіх пагоніш!

Адна застанешся,

Тады пасмяешся.
А ў нядзелю вечарком

Сеў на лавачку Пахом.

Гаварыў мне пра любоў.

Толькі што ж ён без зубоў?


Прыпеў:

Што ж ты, дзеўка, робіш?

Ты ж усіх пагоніш!

Адна застанешся,

Тады пасмяешся.
Замуж выйсці — трэба знаць:

Позна легчы, рана ўстаць.

А я замуж не пайду,

Пакуль любага знайду.


Прыпеў:

Што ж ты, дзеўка, робіш?

Ты ж усіх пагоніш!

Адна застанешся,

Тады пасмяешся.
Запісаў Ф. С. Палякоў у 2005 г.

ЯК Я МОЛАДА БЫЛА І КРАСІВА…


Запісана ў в. Падліпцы Слуцкага раёна

ад В. А. Амяльчэні (1930 г. н.)
Як я молада была і красіва,

Весяліцца і плясаць я любіла.

Піла чарку за дваіх

І плясала за траіх,

Заўлякаць мужчын чужых я любіла.

Плацце новае сваё надзяваю,

Бровы рыжыя дугой начарняю,

Губы краскай навяду,

Яшчэ цені падвяду

І парык на галаву надзяваю.

За вароты выхажу, абражаю,

Звысака я на мужчын паглядаю.

Яны ўслед за мной глядзяць,

Глаз не могуць адарваць,

Усамаволку ад сваіх жон ўздыхаюць.

Прычапіўся да мяне паўнаваты,

Сказаў: «Павяду цябе я дахаты».

Я дахаты ісці не згаджуся,

У рэстаране пасядзець не адкажуся.

У рэстаране мы з ім доўга курылі,

Віно, водачку, каньяк мы з ім пілі.

А як выйшла на парог,

Мае ногі, як назло,

Проста скошаныя і падламілісь.

А назаўтра паутру што случылась,

Як жа я тут пад заборам ачуцілась?

Сама боса, гразь на мне,

І парык у старане.

Паняла: за рэстаран расплацілась.

Цяпер дома я сяджу, слёзы льюцца,

Пасівелі валасы і не ўюцца.

Ох, як успомню ўсе дзяла,

Як я молада была,

Толькі сэрца і душа не здаюцца.


Запісаў Ф. С. Палякоў у 2005 г.

МНЕ МІЛЫ ІЗМЯНІЎ…


Запісана ў в. Плянта Салігорскага раёна

ад Л. І. Кулевіч (1927 г. н.)
Мне мілы ізмяніў,

Як калёса на хаду,

А я яго тожа

Да чахоткі давяду.

Мне мілы ізмяніў:

– Дарагая мая мілка,

Лепш цябе я не знайшоў.

– Ізмяняй мне, мой мілы,

Ізмяняй да ты хутчэй.

Ізмянімая дзяўчына

Дый гуляе весялей.

Дуб зялёны, дуб зялёны,

Зялёныя лісты.

Адаб’ю, не пасцясняюсь,

Ухажора ад сястры.

На стале стаяць вазоны,

Сюды-туды гнуцца.

Мне і ў 25 гадоў жаніхі найдуцца.


Запісала Н. У. Карнажыцкая ў 2007 г.

ОЙ, ХАЦЕЛА Ж МЯНЕ МАЦЬ…


Запісана ў в. Завітая Нясвіжскага раёна

ад Л. А. Ільюшэнка (1963 г. н.)
Ой, хацела ж мяне маць

За Рыгора замуж даць.

А ў Рыгора многа гора,

Людзі скажуць, што я хвора.

Не хачу, не пайду, я Рыгора не люблю.

Ой, хацела ж мяне маць

За Данілу замуж даць.

А ў Данілы многа нівы,

Людзі скажуць, што ляніва.

Не хачу, не пайду, я Данілу не люблю.

Ой, хацела ж мяне маць

За Панаса замуж даць.

У Панаса многа мяса,

Людзі скажуць, што я ласа.

Не хачу, не пайду, я Панаса не люблю.

Ой, хацела ж мяне маць

За мельніка замуж даць.

Мельнік меле і пытлюе,

Адвярнецца, пацалуе,

Мельнік шапкай патрасе,

Ой, хачу, ой, люблю,

Ой, за мельніка пайду!


Запісала В. У. Лыскавец у 2007 г.

ГАРАДСКАЯ НЕ ТАКАЯ…


Запісана ў в. Завітая Нясвіжскага раёна

ад Л. А. Ільюшэнка (1963 г. н.)
Тры таполі каля дуба

І адна асіна.

Палюбіла трактарыста

Модніца-дзяўчына.

Выйшла замуж за Івана

Гарадская Маша.

Як да печы падышла,

Падгарэла каша.


Прыпеў:

«Гарадская не такая», – кажуць у народзе.

Трэба жонку браць не ў клубе, а ў гародзе.
Пасадзіла буракі

Роўненька і густа.

Цераз месяц як зірнула –

Вырасла капуста.

А як грэбла ў лузе сена

Ды на граблі стала –

Бінтаваць пабіты лоб

Скорая забрала.


Прыпеў:

«Гарадская не такая», – кажуць у народзе.

Трэба жонку браць не ў клубе, а ў гародзе.
Як пайшлі даіць карову,

Не сагнула спіну,

Дзень лавілі ля сяла

Рыжую Мальвіну.

Тры таполі каля дуба

І адна асіна.

Не бярыце, хлопцы, ў жонкі

Гарадскіх дзяўчынак.


Прыпеў:

«Гарадская не такая», – кажуць у народзе.

Трэба жонку браць не ў клубе, а ў гародзе.
Запісала В. У. Лыскавец у 2007 г.

ЖЫЎ-БЫЎ У БАБУШКІ КАЗЁЛ…


Запісана ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна

ад М. М. Скарабагатага (1925 г. н.)
Жыў-быў у бабушкі казёл,

Казёл шэранькі, белашэенькі.

Ён у стойле стаяў,

Муку, сена паядаў.

Муку сеяную, перасеяную,

Сена кіданае, перакіданае.

Ту-ру-ру, ту-ру-ру.

Аддаў бы ўсё, што ёсць,

Каб назад вярнулась маладосць.

Аддаў бы ўсё, што ёсць,

Каб назад вярнулась маладосць.
Запісала Т. М. Левашэвіч у 2006 г.

V. ПРЫПЕЎКІ
Прыпеўка (у залежнасці ад рэгіёна – частушка, прыпеў, папеўка, падпявалка, скакуха, плясуха, круцёлка, дрындушка, таптушка і інш.) – невялікі па аб’ёме лірычны твор гумарыстычна-сатырычнага, сацыяльнага, любоўнага, бытавога зместу; разнавіднасць пазаабрадавага песеннага фальклору. Тэкст прыпеўкі аднастрофны, складаецца з 4–6 радкоў, спяваецца на пэўную мелодыю, часта выконваецца як прыпеў да танца («Лявоніха», «Базар», «Шастак», «Кракавяк» і інш.). Прыпеўкі могуць спявацца сола, дуэтам, хорам, салістам і хорам. Падзяляюцца на «мужчынскія», «жаночыя», а таксама тыя, што могуць выконвацца абодвума бакамі.

Па тэматычнай дамінанце прыпеўкі падзяляюцца на сацыяльныя, гумарыстычныя, сямейныя, любоўныя, любоўна-эратычныя, да танцаў. Пры гэтым цалкам магчыма накладанне дзвюх і болей тэм у адным творы. Хоць прыпеўкі адносяцца да пазаабрадавай творчасці, яны маглі выконвацца і падчас некаторых абрадаў, напрыклад, вяселля або хрэсьбін.

Прыпеўкі – самы прадуктыўны песенны жанр. У адрозненне ад іншых разнавіднасцей песеннага фальклору прыпеўкі вызначаюцца «аператыўнасцю» рэагавання на змены жыцця. Яны амаль імгненна адгукаюцца на ўсякую новую з’яву, даючы ёй сваю ацэнку, пры якой важную ролю адыгрываюць гумар і іронія. Сёння прыпеўкі можна запісаць і на рускай мове.
Парада. Пры запісе прыпевак звяртайце ўвагу на якасць гумару і паэтычнай вобразнасці, на мастацкасць твора. Пры вызначэнні віду ўказвайце не толькі «прыпеўка», але і яе тэматычную разнавіднасць, напрыклад, «прыпеўка пра каханне хлопца да дзяўчыны», «прыпеўка пра мужа-п’яніцу», «палітычная прыпеўка» і інш.

Для больш падрабязнага знаёмства з гэтай разнавіднасцю пазаабрадавай песні вы можаце звярнуцца да спецыяльных даследаванняў і зборнікаў прыпевак [1, 5, 7, 24, 37, 40].



Прыпеўкі любоўныя
МАЯ МІЛКА ЧАРНАБРЫЎКА…
Запісана ў в. Чорны Бор Быхаўскага раёна

ад Н. Дз. Лахадынавай (1935 г. н.)
Мая мілка чарнабрыўка,

Яна любя каўбасу.

А я хлопец не лянівы –

Кожны вечар паднясу.


Запісала Д. І. Чачко ў 2008 г.

МЯНЕ МІЛЫ ПРАВАЖАЎ…


Запісана ў в. Чорны Бор Быхаўскага раёна

ад Н. Дз. Лахадынавай (1935 г. н.)
Мяне мілы праважаў,

Пень бярозавы абняў.

Думаў у кохці розавай –

Гэта пень бярозавы.


Запісала Д. І. Чачко ў 2008 г.

ЛЮБЛЮ ТОЕ ЖЫТА ЖАЦЬ…


Запісана ў в. Траянаўка Барысаўскага раёна

ад В. А. Салаўёвай (1953 г. н.)
Люблю тое жыта жаць,

Дзе бальшыя каласы.

Люблю тога ўхажора,

Што падкручаны вусы.


Запісала А. У. Кісліцына ў 2008 г.

МЯНЕ МІЛЫ ЦАЛАВАЎ…


Запісана ў в. Чарневічы Барысаўскага раёна

ад А. В. Бондар (1951 г. н.)
Мяне мілы цалаваў,

К плоціку прыціснуў.

У кармане быў траяк,

Ён яго і свіснуў.


Запісала І. У. Райкевіч у 2007 г.

ШТО ЗА Я…


Запісана ў в. Чарневічы Барысаўскага раёна

ад А. В.  Бондар (1951 г. н.)
Што за я, што за я,

Што за масцярыца.

Шыла міламу штаны –

Выйшла рукавіца.


Запісала І. У. Райкевіч у 2007 г.

МОЙ МІЛЁНАК ХУДАШЧАВЫ…


Запісана ў в. Чарневічы Барысаўскага раёна

ад А. В. Бондар (1951 г. н.)
Мой мілёнак худашчавы

І ад ветру гнецца.

Прывяжу на канюшыне,

Можа, адпасецца.


Запісала І. У. Райкевіч у 2007 г.

ДАРАГІЯ ДЗЕВАЧКІ…


Запісана ў в. Вожыкі Мінскага раёна

ад Г. В. Клімантовіч (1937 г. н.)
Дарагія дзевачкі,

Не бойцеся ізменачкі!

Яе цяжка перажыць

Усяго дзве нядзелечкі.


Запісала А. Ю. Якубік у 2008 г.

ЧАМУ, МІЛЫ, НЕ ПРЫЙШОЎ?..


Запісана ў в. Цярэшкі Ваўкавыскага раёна

ад В. Б. Астасевіч (1936 г. н.)

1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка