Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял



старонка2/14
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.19 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14

Сямейныя песні

ВЯРБА, ВЯРБА, ДЗЕ ТЫ РАСЛА…


Запісана ў в. Варонічы Полацкага раёна

ад Я. П. Літвінавай (1939 г. н.)
– Вярба, вярба, дзе ты расла?

Тваё лісцё вада знясла?

Тваё лісцё вада знясла?
А я, малада, замуж пайшла,

Замуж пайшла за пятага,

За п’яніцу праклятага.

За п’яніцу праклятага.


Прапіў каня варанога,

А сам прыйшоў па другога:

– Жана, жана, выкуп каня,

Ня выкупіш – пагібну я.

Ня выкупіш – пагібну я.
– Ня раз, ня два выкупляла,

Шалкову шаль закладала,

Шалкову шаль закладала,

У зялёным саду начавала.

У зялёным саду начавала.
Запісалі Т. У. Буланава, Д. Д. Качаткова,

Т. М. Белая, Л. М. Варабей у 1991 г.

ПАЙШЛА МАЛАДА ДЗЕВАЧКА ПА КАНЯ…


Запісана ў в. Ракавічы Нясвіжскага раёна

ад А. І. Быль
Пайшла малада дзевачка па каня,

Там яе цёмна ночка абняла.

Пад калінаю спаць лягла.

Прыляцела зязюлька, стала кукаваць,

Яе, маладую, стала пабуджаць:

– На каго ж ты, дзевачка, жаль маеш?


– Маю жаль на ўвесь род,

На родную мамачку наўпярод,

Што далей замуж аддала,

Вялікага пасагу не дала,

Не вяліць у госці часта хадзіць.
Стала мая мамка паслы слаць:

– Едзь, маё дзіцятка, у госці к нам.

Уся мая сямейка схмурнела,

Чабаром сцежкі зараслі.

Без цябе таварышкі гуляць к нам не пайшлі.

У хатцы маёй хмурненька,

А мне, старой, трудненька.
Запісала Т. В. Быль.

ПРАЛА Б Я КУДЗЕЛЕЧКУ…


Запісана ў в. Калеяўцы Пастаўскага раёна

ад А. В. Лосік (1912 г. н.)
Прала б я кудзелечку – галоўка баліць,

Пайшла б я ў карчомачку – муж не вяліць.


Да паехаў міленькі ў поле араць,

А я, маладзенькая, у карчомку гуляць.


Да прыехаў міленькі з поля, з арбы,

А я, маладзенька, – з карчомкі, з гульбы.


– А дзетачкі-кветачкі, дзе мамка была?

– А папачка родненькі, у карчомцы піла.


– А дзетакі-кветачкі, будзем мамку біць?

– А папачка родненькі, хай яна паспіць.


Запісаў Я. У. Паўлікавы ў 1991 г.

КАЛІНА-МАЛІНА, ЧАГО Ў ЛУЗЕ ЗВЯЛА?..


Запісана ў в. Слабада Вілейскага раёна

ад Л. І. Сяргей (1914 г. н.)
Каліна-маліна, чаго ў лузе звяла?

Ці ветру баішся, ці дожджу жадала?

– Ветру не баюся, дожджу не жадаю,

А таго я смутна, што ягод не маю.


– Малада дзяўчынка, чаго скучна ходзіш?

Ці галоўка боліць, ці свет няволіць?

– Галоўка не боліць, мне свет не няволіць,

Ой, таго я смутна, што не даў Бог долі.


Што не даў Бог долі, як маёй радзімцы:

Уся мая радзімка і п’ець, і гуляець,

І п’ець, і гуляець, долечку маець.

А я, маладая, не п’ю, не гуляю,

Не п’ю, не гуляю, бо долі не маю.
Сама маладая, свякроўка ліхая:

Як хлеба ўкрою – ўсё ліха растрою,

Як хлеба ўкушу – заплакаці мушу,

Як хлеб палажу – ліха ўсё абтрушу.


Запісала А. С. Дубай у 1988 г.

БЯРОЗА МАЯ КАРАНІСТАЯ…


Запісана ў в. Семежава Капыльскага раёна

ад В. С. Манак
Бяроза мая караністая,

Свякроўка мая наравістая.

Пакуль усе норавы не ўзнала,

Не раз і не два не абедала.


На работу скажа,

Сама спаць ляжа:

– А ты, мой сынок, каня напасі.

А ты, нявестка, вады прынясі.


Па ваду ішла, як пчолка, гула.

З вадою ішла – наплакалась.

Учуў мілы мой, каня пасучы:

– Не плач, мілая, ваду несучы.

Каня напасу, вады прынясу,

Табе, маладой, работы змяншу.


Запісалі Т. Зянько і Н. Куракевіч.

ХАДЗІЎ, ХАДЗІЎ ЯСЕН МЕСЯЧЫК ПА НЕБУ…


Запісана ў в. Жыхары Полацкага раёна

ад Т. А. Пятровай
Хадзіў, хадзіў ясен месячык па небу,

Лічыў, лічыў зорачкі на небе,

Не далічыўся, не дасчытаўся зорачкі адной:

– А дзе ж мая зорачка заруець?

А заруець зорачка на небе.
Хадзіў, хадзіў татка па хатцы,

Лічыў, счытаў сямейку ў дому,

Не далічыўся, не дасчытаўся дачушкі:

– А дзе ж мая дачушка гаруець?

А дзе ж яна цёмну ночку начуець?

А гаруець, а служыць маладому малойчыку.


Запісалі К. Дземідовіч і В. Ігнаценка.

А Ў ПОЛІ БЯРОЗА СТАЯЛА…


Запісана ў в. Пархава Лагойскага раёна

ад В. П. Карнцэвіч
А ў полі бяроза стаяла,

Караннём буяла, веццейкам махала.

А гэтай бярозцы салавей-пташка,

Салавей-пташка песні пеў.

– Салавей-пташка, ляці ў той бачок,

Ляці ў той бачок, занясі галасок,

Дзе ацец-маць жывуць.

Раскажы ты ім, як я тут гарую,

На чужой старане, пры ліхой свекрыве.
А ўчора звячорак камора звінела,

А ў той каморы свякроўка сядзела,

Свякроўка сядзела, сыну біць вялела,

І бізун падала, і сама пасцягала,

А сястрыца-заловіца біці не давала:

– А не біце яе, будзе гэта і мне

На чужой старане пры ліхой свекрыве.
Запісала В. Барысевіч у 1985 г.

АДДАЎ МЯНЕ ТАТКА…


Запісана ў в. Губіна Лепельскага раёна

д А. В. Бяляк
Аддаў мяне татка, Ой, не пачуець мая мамка,

Ой, замуж далёка. Печку топячы.

А сказаў татка Ой, не пачуець братоўка,

У госці не хадзіць. Кароў доячы.

Пабыла гадочак, Ой, не пачуець сястрыца,

Была я другой, Сені метучы.

А на трэці годзік Ой, не пачуець мой татка,

Затужылася. З карчомкі ідучы.

Абярнулася, ой, я Ажно мой татка

Шэрай зязюляй, З карчомкі ідзе,

А палячу ж я А малодшы брацечка

У шчырыя бары. За руку вядзець.

А дазволь мне, татка,

Зязюльку забіць.

– Гэта ж не зязюля –

Дачушка мая.

– Калі наша сястрыца,

Ляці к нам на двор,

А калі шэра зязюля,

Ляці ў шчыры бор.


Запісана ў 1969 г.

А ДУБ У ДУБЕ ГАЛОВАЧКУ КЛОНІЦЬ…


Запісана ў в. Роскі-Сялец Аршанскага раёна

ад У. А. Косінец
А дуб у дубе ды галовачку клоніць.

Цешча пра зяця ў бяседзе гаворыць:

– Ай, узяў дачку красну, як бруснічку,

Шчарніў дачку чорну, як чарнічку.

А ўзяў дачку, як яркае сонца,

А ссушыў дачку суху, як саломка.


А не мог зяць у бяседзе сядзеці,

А пайшоў зяць свае жонкі глядзеці:

– А жана ж мая, наймілейша душа,

Сварылася на мяне твая матачка дужа.

– А муж жа мой, наймілейша душа,

Прасці, прасці маёй матачкі

Ды гэтыя слоўцы.
А ў полі, полі ды каліна алеіць.

Каждая маці дзіцятка жалеіць.

Ай, у полі, полі ды каліна ссыхаіць,

Каждая маці па дзіцятку ўздыхаець.


Запісала В. Косінец.

СТАЯЛА АНЕЧКА НА ПАМОСЦЕ…


Запісана ў в. Нарэйкава Аршанскага раёна

ад У. І. Сугак (1915 г. н.)
Стаяла Анечка на памосце,

Гукала мамачку к сабе ў госці:

– Прыязжай, мамачка, ка мне ў госцейкі.

Як будзеш ехаць каля горада,

Не забудзь заехаць на рыначак.

Не купляй, мамачка, салавеечку,

А прыкуй салавейку к краватачкі.

Салавей раненька шчабятаць будзе,

Нас, маладых, пабуджаць будзе.

А ў мяне цяпер свякроўка – не родная мамка,

Раненька ўстане – нас не ўзбудзе,

Пойдзе за вароты, абсуждаць будзе:

– Брала нявесту за хазяйку,

А ўзяла сабе негадзяйку,

Не хоча рана ўставаці,

Свякроў мамкаю называці.

Не ўмее хазяйства павадзіці,

Не хоча з людзьмі гаварыці.


Запісала С. Тарасава ў 1978 г.


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка