Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял



старонка5/14
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.19 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14

ЗАПРАГУ Я СВАЕ КОНІ…



Запісана ў в. Сялец Мсціслаўскага раёна

ад Н. Л. Краўцовай (1931 г. н.), М. Ц. Яжовай (1928 г. н.),

Р. В. Івановай (1936 г. н.)

Запрагу я свае коні,

Коні вараныя,

Ды паеду даганяці

Годы маладыя.

Ды паеду даганяці

Годы маладыя.
Як дагнаў я свае годы

На кляновым мосце.

– Вярніцеся, мае годы,

Да мяне ў госці.

Вярніцеся, мае годы,

Да мяне ў госці.


– Як жа нам ды вярнуціся

Да цябе ў госці?

Трэба было шанаваці

Нас із маладосці.

Трэба было шанаваці

Нас із маладосці.


За палямі, за лясамі

Галубы лятаюць,

Не пазнаў я раскашэнькі

Ды гады мінаюць

Не пазнаў я раскашэнькі,

Ды гады мінаюць.


Запрагу я свае коні,

Коні вараныя,

Ды паеду даганяці

Годы маладыя.

Ды паеду даганяці

Годы маладыя.


Запісала В. С. Арлова ў 2006 г.

ЛЯЦЕЛА ЗЯЗЮЛЯ…



Запісана ў в. Каралёва Уздзенскага раёна

ад Р. П. Голышавай (1933 г. н.)

Ляцела зязюля


Цераз маю хату.

Села на калену

Да і стала куваці.

Прыпеў: Села на калену

Да і стала куваці.
– Чаго, зязюленька,

Чаго рана куеш?

Ці ты, зязюленька,

Май гора чуеш?


Прыпеў: Ці ты, зязюленька,

Май гора чуеш?


Каб жа я не чула,

Я ж бы не кувала,

Табе, маладзенькай,

Праўды не казала.


Запісалі Я. М. Кацуба і К. С. Скорына ў 2009 г.
ІІ. САЦЫЯЛЬНЫЯ ПЕСНІ
Каб вызначыцца з жанрава-вiдавой прыналежнасцю запiсаных твораў, студэнту-практыканту трэба ведаць, што да сацыяльных песень даследчыкi адносяць розныя творы. Н. С. Гiлевiч лiчыць, што асноўны пласт сацыяльнай лiрыкi складаюць песнi разбойнiцкiя, арыштанцкiя, чумацкiя, бурлацкiя, песнi адыходнiкаў, панскiх парабкаў, рабочыя [27]. I. К. Цiшчанка разглядаў рэкруцкiя, бурлацкiя, чумацкiя, рабочыя i iншыя песнi [36]. Г. А. Пяроўская вылучае песнi рэкруцкiя, салдацкiя, антыпрыгоннiцкiя, чумацкiя i бурлацкiя, батрацкiя, казацкiя i некаторых iншыя сацыяльных груп [15, 40].
Парада. Улiчваючы «калейдаскоп» назваў, студэнту-практыканту трэба прытрымлiвацца адзiнага падыходу:

1) сацыяльная песня – асобны песенны вiд, якi вызначаецца па тыпу адлюстраванага канфлiкту;

2) тып канфлiкту – сацыяльны;

3) сацыяльныя песнi падзяляюцца на розныя тэматычныя групы (у залежнасці ад таго, які герой у іх прадстаўлены).


Вылучаючы антыпрыгоннiцкiя песнi, даследчыкi лiчаць, што iх галоўнай мастацкай рысай з’яўляецца заклiк да расправы з прыгнятальнiкамi. Але тэма актыўнага сацыяльнага пратэсту раскрываецца i ў некаторых песнях земляробчага календара, асаблiва ў жнiўных.
Парада. Хоць антыпрыгоннiцкiя песнi амаль не захавалiся ў фальклорнай спадчыне беларусаў, улiчыце, што цэнтральным з’яўляецца вобраз прыгнятаемага, галоднага селянiна. Для iх таксама характэрны сцiплыя, «эканомныя» мастацкiя сродкi, простыя эпiтэты i параўнаннi («Няма хлеба, пане браце, // Нi ў полi, нi дома…»).
Рэкруцкiя i салдацкiя песнi даследчыкi аб’ядноўваюць у адну групу, сцвярджаючы, што iм уласцiвы агульныя тэмы развiтання з бацькоўскiм домам, нялёгкай службы ў войску, адмаўлення i асуджэння вайны, ідучы на якую «малойчыкi заплакалi».
Парада. Вылучаючы рэкруцкiя i салдацкiя песнi, звяртайце ўвагу на наяўнасць малюнкаў-апiсанняў самога набору ў рэкруты цi салдаты (як «круцiлi рукi», «ставiлi ў ставец» i «везлi на казённы двор») i далейшую цяжкую долю: муштра, суровыя паходы, жыццё ў казармах, здзекi камандзiраў.
Галоўным для беларускiх казацкiх песень з’яўляецца шырокае тэматычнае кола, у якiм вылучаюцца наступныя групы: адыход казака на службу i вайну; развiтанне казака з жонкай, мацi, нявестай; казак у бiтвах; вяртанне або смерць казака на полi бою. Казацкiя песнi насычаны багатай сiмволiкай, псiхалагiчнымi паралелiзмамi, гiпербаламi, сваеасаблiвымi меладычнымi ўпрыгажэннямi.
Парада. Пры iдэнтыфiкацыi казацкiх песень звяртайце ўвагу на наяўнасць выклiчнiкаў «Гэй!», «Эй!», якiя звычайна перарываюць песенную страфу.
Уласна разбойнiцкiх песень у беларускiм фальклоры зусiм мала, i тыя ў пераважнай большасцi з’яўляюцца варыянтамi характэрных для рускай народнай творчасцi песень пра ўдалых малайцоў, верных сяброў «цёмнай ночанькi» ды «зялёнай дубровушкi». Разбойнiкамi, мяркуючы па песнях, нярэдка станавiлiся хлопцы, якiя ўцякалi ад рэкрутчыны i хавалiся ў лясах: «А дзе тры – ўцяклi, у разбойнiчкi пайшлi». Да разбойнiцкiх песень Н. С. Гiлевiч далучае арыштанцкiя, аб’яднаныя адным героем-разбойнiкам, якi трапiў у астрог. Асноўнай тэмай гэтых твораў з’яўляецца туга малайца ў астрозе па волi-волюшцы i нараканне на свой горкi лёс («Я па волюшцы гуляў – у астрог каменны папаў»).
Парада. Пры вылучэннi разбойнiцкiх i арыштанцкiх песень звяртайце ўвагу на асаблiвасцi прэзентацыi галоўнага героя: у песнях ён заўсёды называецца «беленькi малойчык», якi цi «свiшча на волюшцы», цi «тужыць у залатой клетачцы».
Калi звярнуцца да чумацкiх песень, трэба адзначыць, што яны перасталi сустракацца ў жывым бытаваннi, хоць, магчыма, беларускiя iнфарманты яшчэ iх памятаюць. Тэматыка гэтых песень нязменная: гэта зборы чумакоў ў дарогу, чумацкi побыт, нападзеннi ворагаў, вяртанне дадому, узаемаадносiны з сям’ёй, каханай дзяўчынай i нават гiбель чумака на чужыне.
Парада. Звярнiце ўвагу на яскравы i каларытны вобраз чумака: з аднаго боку, гэта абяздолены, бяспраўны працаўнiк, вымушаны пераносiць голад, холад, небяспеку, хваробы ў час нялёгкай працы, з другога – моцны, смелы, мужны чалавек, здольны пастаяць за сябе, з пачуццём аптымiзму.
Каб пазбегнуць тэрмiналагiчнай блытанiны, лічым неабходным аб’яднаць бурлацкiя, батрацкiя песнi, песнi адыходнiкаў i панскiх парабкаў у адну тэматычную групу – наймiцкiя песнi. Справа ў тым, што бурлакамi на Беларусi называлi не толькi тых сялян, што наймалiся цягаць уверх па рацэ баржы, але i панскiх парабкаў, батракоў, пастухоў i iншых абяздоленых «наймiкаў», якiя працавалi на багача ў вёсцы: «Ты бурлача, ты батрача, без вячэры спаць лажыся... // Яшчэ наймiк не разуўся – а багач ужо прачнуўся, // Яшчэ наймiк не паслаўся – а багач ужо праспаўся». Агульным з’яўляецца тэматычнае кола песень: гэта заўсёды скарга на лёс i папрокi мацi за тое, што яна надзялiла такою доляй («…нашто мяне нарадзiла – за бурлака ахрысцiла»). У некаторых творах праявiўся выразны сацыяльны пратэст i нават заклiк да актыўнай барацьбы: «Мы збярэмся, хлопцы жвавыя, // На расправы на крывавыя, // На расправы – пажарышчамi, // Ад маёнткаў – папялiшчамi». З мастацкiх сродкаў у песнях выкарыстоўваюцца розныя паралелiзмы, iншых жа паэтычных формул, сiмволiкi, метафарычнасцi i г. д. стваральнiкi гэтых твораў пазбягалi.
Парада. Памятайце, што ў наймiцкiх песнях амаль заўсёды канкрэтна называюцца iх героi: бурлак, батрак, парабак, пастух i iншыя.
Метадычныя рэкамендацыi. Пры вызначэннi сацыяльных песень звярнiце ўвагу на фармальныя прыкметы гэтых твораў: 1) прамое ўказанне на сацыяльную прыналежнасць герояў песень: сялян, казакоў, рэкрутаў, салдат, чумакоў i iншых; 2) багатая сацыяльная напоўненасць вобразаў; 3) узгадванне сацыяльнага асяроддзя, у якiм дзейнiчаюць героi.
Практыканту вельмi дапаможа том «Сацыяльна-бытавыя песнi» (укладанне, сiстэматызацыя тэкстаў i ўступны артыкул I. К. Цiшчанкi i iнш.), якi выйшаў у 1987 г. у Зводзе БНТ, а таксама том «Пазаабрадавая паэзiя» (аўтары: А. I. Гурскi, Г. А. Пятроўская, Л. М. Салавей), якi з’явiўся ў 2002 г. у серыi «Беларускi фальклор: Жанры, вiды, паэтыка» (Кн. 3.). Сёння не выпадае зафiксаваць шмат антыпрыгоннiцкiх, рэкруцкiх, чумацкiх i наймiцкiх песень. Фактычна гэтыя творы ўтвараюць класiчны, але малапрадуктыўны ў плане функцыянавання фонд сацыяльных песень. Магчыма, студэнту-практыканту пашчасцiць запiсаць казацкiя, салдацкiя песнi. Звярнiце ўвагу на неабходнасць фiксацыi толькi яркiх, выразных, эстэтычна вартых твораў, якiя карыстаюцца папулярнасцю.
Антыпрыгонніцкія песні

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка