Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял



старонка7/14
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.19 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   14

ПАЙШОЎ, ПРАЙШОЎ ПРАЗ ДЗЯРЭЎНЮ…



Запісана ў в. Прысынак Уздзенскага раёна

ад П. І. Шыдлоўскага
Пайшоў, прайшоў праз дзярэўню

Парань маладзенькі.

Шапачку зняў, дабрадзею,

Кланяўся нізенька.

– Ой, бывайце, браты, сёстры,

Бывай, бацька, маці,

Забіраюць мяне ў войска

Цара сахраняці.

Заліваюцца слязамі

Бацькі й маці вочкі,

Бо, магчыма, больш не ўбачаць

Роднага сыночка.

Просіць бацька, просіць маці

Сына дарагога:

– Ой, як будзеш ваяваці,

Не страляй нікога.

Ой, як будзеш ваяваці,

Не страляй нікога,

А застрэль сваёю куляй

Ты цара ліхога.

Бачыш, паны злы, паганы,

Ганьбяць нашу долю.

Ой, не бачыць людзям шчасця,

Пакуль цара воля.


Запісала А. Н. Глябовіч у 1988 г.


Рэкруцкія і салдацкія песні




АПОШНІ НЫНЯШНІ ДЗЯНЁЧАК…




Запісана ў в. Судзілавічы Драгічынскага раёна

ад П. С. Крыжывіцкай (1925 г. н.)

Апошні ныняшні дзянёчак


Гуляю з вамі я, сябры.

А заўтра рана чуць святочак

Загалосіць уся мая сям’я.

Заплача маці і мая сястра,

Заплача брат і мой айцец.

Ісці ў салдаты выпаў жрэбій.

І вольным дням прыйшоў канец.

Яшчэ заплача дарагая,

З якой я тры гады гуляў,

Вясці к вянцу яе збіраўся,

Любіць да гроба абяцаў.

Каляска хутка падкаціла

Каля дома майго.

У калясцы старшыня крычаў:

– Гатоўце сына свайго!

Хрысцьянскі сын даўно гатовы.

Сям’я ўся замертво ляжыць.

Пайду цяпер я к жызні новай,

Цару, айчыне маёй служыць.

Запісала С. А. Сярогіна



ЧАГО, ЧАГО, БЕЛ МАЛОЙЧЫК, ЗАСЛУЖЫЎ?..




Запісана ў в. Палонка Баранавіцкага раёна

ад Н. Ф. Пісарэнка (1919 г. н.)

– Чаго, чаго, бел малойчык, засмутнеў?..

– Як жа мне, маладому, не смутнець:

Загадалі ў падмаскоўныя палкі –

Да ці любіш ты расійскія дзяўкі?

Ой, як жа мне, маладому, не любіць?

Матка плача, выпраўляючы,

Сястра плача, выпраўляючы,

Младша сястра наперад зайшла,

Яшчэ братку болей жалю задала.

– Ты, наш братко, найяснейшы сакалок,

Прыедзь, прыбудзь к нам у госцікі ў гадок.

– Не ў такія, сястра, ручкі папаў,

Каб часта ў вас у госцейках бываў.



Запісала І. А. Маціевіч у 1996 г.




ЗАКУКАВАЛА ЗЯЗЮЛЕЧКА...




Запісана ў в. Палонка Баранівіцкага раёна

ад Н. Ф. Пісарэнка (1919 г. н.)

Закукавала зязюлечка

Ў вішнёвым садочку,

Заплакала родная мамка

Па сваім сыночку.

Ой, не так жа заплакала,

Як загаласіла:

Узялі, здалі ў салдаты

Маладога сына.

Запісала І. А. Маціевіч у 1996 г.



У СУБОТУ ПОЗНЕНЬКА, У НЯДЗЕЛЬКУ РАНЕНЬКА…



Запісана ў в. Шундры Слонімскага раёна

ад Г. А. Раманава (1932 г. н.)
У суботу позненька, у нядзельку раненька

Кавала зязюля ў саду галасненько,

Кавала зязюля ў саду галасненько.

Гэта не зязюля, то родная маці,

Яна выпраўляла сына ў салдаты,

Яна выпраўляла сына ў салдаты.

– Я думала, сынку, вяселле сыграем,

А мы цябе, сынку, у войско выпраўляем,

А мы цябе, сынку, у войско выпраўляем.

Я думала, сынку, будзе нявестка ў хаце,

А па табе, сынку, дзяўчыненька плача,

А па табе, сынку, дзяўчыненька плача.

Як будзеш далёко, будзеш ліст пісаці,

А я цябе, сынку, буду ажыдаці,

А я цябе, сынку, буду ажыдаці.

– Каб ты, мамка, знала, якое мне гора,

То б ты пераплыла цераз сінё моро,

То б ты пераплыла цераз сінё моро.

Каб ты, мамка, знала, як я тут страдаю,

Ты б шэрай зязюляй ка мне прылятала,

Ты б шэрай зязюляй ка мне прылятала.
Запісала А. А. Акуліч у 1999 г.


ВЫСТУПІЛА ЦЕМНА ХМАРА…



Запісана ў в. Цяглевічы Зэльвеньскага раёна

ад Т. М. Санукевіч (1905 г. н.)
Выступіла цемна хмара,

А за цемнай хмарай – сіня.

Парадзіла ўдованька

Харошага сына.

Парадзіла яна яго

Цёмнае ночы,

Дала яму цёмна лічка

І цёмныя вочы.

– Было, мая родна маці,

Сініх воч не даці.

Запісалі ў канцылярыі

У салдацікі ўзяці.

Я салдатаў не баюся,

Скора адслужуся,

Сам малады, конь вараны,

Скора адслужуся.

Як выехаў за вароты,

Нізенько скланіўся:

– Прашчаю, прашчаю ўся дзярэўня,

Можа з кім сварыўся,

Пакрапляйце дарожанькі,

Штобы не курэлі,

Уцяшайце атца, матку,

Штобы не тужылі.

Пакраплялі дарожанькі

Яны ўсе кураці,

Уцешалі атца, матку,

Яны ўсё тужаці.



Запісала І. І. Стракач у1995 г.


ПРЫЛЯЦЕЛІ ГУСІ З ЧУЖОЙ КРАІНЫ…



Запісана ў в. Бялюнцы Воранаўскага раёна

ад Ю. В. Мікялевіча (1924 г. н.)
Прыляцелі гусі з чужой краіны,

Заплакалі хлопцы, да прыёму ідучы.

Яны сталі, заплакалі,

Сталі іх прызываці.

Скуль знайшлася шэрая зязюля,

Стала кукаваці.

Гэта не зязюля – родная матуля

Стала размаўляці:

– Ой, вы, прыёмшчыкі,

Вы, добрыя людзі,

Выпусціце майго сыночка

На волю гуляці.

– Ой, не пусцім, мы не пусцім

На волю гуляці.

А хто ж будзе на шырокім полю

Ды з немцамі ваяваці?

Заўтра раненько, чуць слоненько ўзышло –

На ўказана врэмя поезд падышоў.

Саджусь я ў поезд, кланюсь галавой:

– Прашчай, дарагая, не ўвідзімся з табой,

Як я буду жыці ў чужой старане.

Прашу, дарагая, пісьмо напісаць,

Я буду на бумаге словы цалаваць.

Не жыць нам з табою,

Не жыць ва дваём,

Бо нас разлучаюць,

Як ночаньку з днём.
Запісала А. М. Чарняўская ў 1995 г.


СТАЯЛА БЯРОЗА ТОНКА І ВЫСОКА…



Запісана ў Ад Н. М. Баярчук (1935)

з в. Хілякі Бераставіцкага раёна
Стаяла бяроза тонка і высока,

Гэй, гэй, тонка і высока,

На корань глыбока,

На лісце шырока,

На лісце шырока.

На гэтай бярозе

Усе і кукувушкі куюць,

Усе і кукувушкі куюць.

І салавейчыкі свішчуць,

І салавейчыкі свішчуць,

Усе і малойчыка ішчуць.

Як свісталі, так свісталі,

Малойчыка ізыскалі,

Гэй, гэй, ізыскалі,

Малойчыка ізыскалі,

Назад ручкі звязалі,

Назад ручкі звязалі,

На хурманачкі пасаджалі,

Самі селі на задочку,

Рэкруціка ўперадочку.

Серы коні, паганяйце,

На рэкруціка паглядайце.

Гэй, гэй, на рэкруціка паглядайце,

Штобы коні не ўтамілі,

Рэкруціка не згубілі.
Запісала І. У. Міргародава ў 1990 г.


1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   14


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка