Мэты: засяродзіць увагу вучняў на гістарычным лёсе Беларусі, абуджаць у іх цікавасць да мінулага краіны і нацыянальнай спадчыны; фарміраваць паважлівыя адносіны да сваёй Айчыны; выхоўваць пачуццё любові да зямлі бацькоў, беларускага краю



Дата канвертавання17.06.2016
Памер268.01 Kb.




Мэты:

  • засяродзіць увагу вучняў на гістарычным лёсе Беларусі, абуджаць у іх цікавасць да мінулага краіны і нацыянальнай спадчыны;

  • фарміраваць паважлівыя адносіны да сваёй Айчыны;

  • выхоўваць пачуццё любові да зямлі бацькоў, беларускага краю.

Абсталяванне: мультымедыйная сістэма для прэзентацыі, картка з тэмамі, нумарамі заданняў і іх коштам (для вучня, які дапамагае настаўніку праводзіць гульню), картка з тэмамі, нумарамі заданняў і іх коштам для кожнай каманды, дзе вядучы адзначыць атрыманыя балы.

Эпіграфы:

Зямля Беларусі! Бары і дубровы,

Жытнёвае поле, шаўковы мурог…

Пятрусь Броўка

Ёсць у сусвеце планета Зямля.

Ёсць на зямлі той краіна адна,

А ў той краіне – прыстанішча, дзе

Сэрца званчэйшыя песні вядзе.

Максім Танк



Аўдыторыя: вучні 8-9 класаў



Ход мерапрыемства

На фоне вучань чытае верш Змітрака Марозава «Мне Богам дадзена Радзіма».

Першы чытальнік.

Мне Богам дадзена Радзіма.

I адабраць яе ў мяне

Пад страхам смерці немагчыма

Тым, хто жыруе на мане.

Мне Богам дадзена Радзіма.

I я заручаны душой

3 яе азёрнымі вачыма,

3 яе жытнёвай цішынёй.

Мне Богам дадзена Радзіма...

Зноў, як замову, паўтару:

«Мне без яе жыць немагчыма,

Без Беларусі я памру».

Першы вядучы. Бацькаўшчына.

Другі вядучы. Радзіма.

Першы вядучы. Айчына.

Другі вядучы. Родны край.

П е р ш ы в я д у ч ы. Родная старонка...

Другі вядучы. Такімі шчырымі, лагоднымі словамі называем мы родную зямлю, дзе нарадзіліся, выраслі, грамадзянамі якой сталі!

Другі чытальнік (выконвае верш Кастуся Кірэенкі «Радзіма» ).

Заўжды такая: шырыня і далі,

3 сінечай неба сонечнай без дна.

Заўжды ў легендах, што вякі складалі,

Заўжды — як спеў юнацтва, як вясна.

Заўжды — што заклік: пуцявінай роднай

Ляці па шчасце, крыўду адгані!..

А ёсць і гэткая: трымціць пяшчотна

Уся ў маленькай цёплай далані.

Кранецца воч, ціхутка песціць скроні,

Цяплом крывінкі ўспыхне ля шчакі.

Уся зямная ўцеха ў той далоні,

У ласцы найдарожшай той рукі.

Жальбу знімае, гнеў раптоўна цішыць,

I боль у ёй спатоліцца спаўна...

Але няхай не думае хто іншы,

Што ў ласцы гэтай кволая яна.

Не! Праз вякі няма ані пачатку,

Ані канца вялікасці яе.

Хай толькі кіне час пра буру згадку —

Яна прад светам грознаю ўстае.

У самай светлай, у святой лагодзе

Сурова гоніць слабасць яна прэч.

I за народа праўду — пры народзе

Ў тваю руку ўкладзе адплаты меч...

Першы вядучы. Бацькаўшчына — гэта ўвесь наш народ, гэта кожны з нас. Спадчына памнажаецца новым пакаленнем. Даўгі нашы вялікія перад усім тым, што завём мы Бацькаўшчынай. Тут і родная мова, і культура, і гісторыя наша. Чалавек жыве не хлебам адзіным.

Другі вядучы. Стагоддзі выпішуць наш партрэт не з праблем і недахопаў. Мы будзем паўставаць перад наступнымі пакаленнямі як нацыя, як еднасць людзей на зямлі, названай нашымі продкамі Беларуссю.

Першы вядучы. Усім нам хочацца ведаць нашу гісторыю, арыентавацца ў стагоддзях, шанаваць імёны і подзвігі продкаў, разумець мастацкае слова, якое здольна данесці ў сённяшні дзень подых вякоў, перадаць дух барацьбы і змагання слаўных сыноў за народнае шчасце. Зямля Беларусі — радзіма асветнікаў і гуманістаў, змагароў і герояў.

На фоне музыкі вучаніца чытае верш Навума Гальпяровіча «Веі замружу, і ўбачыцца вечар...».

Трэці чытальнік.

Веі замружу, і ўбачыцца вечар —

Белая цэркаўка тоненькай свечкай.

Гнёзды шпачыныя над Палатой.

Цені дубоў над халоднай вадой.

А за стагоддзямі ў прыцемку сінім

Вочы зямлячкі маёй, Ефрасінні.

Цьмяна бялее на кнізе рука,

Б'ецца аб шыбу агонь матылька.

Полацк драўляны. Малінавы звон...

Хто ты? Ці мроя, ці ява, ці сон?

Можа, твой майстар на холад муроў

Выплеснуць здолеў гарачую кроў,

Позірк праменны, дыханне надзей,

Каб засталося святло для людзей?

Што ты хацела на роднай зямлі?

Ды цішыня. I стагоддзі прайшлі.

Толькі вось цэркаўкі белы пажар.

Толькі аблокаў павольных цяжар.

Толькі прымроіцца ў прыцемку сінім

Позірк зямлячкі маёй, Ефрасінні.

Другі вядучы. Дык якая ж яна, наша зямля?!

Першы вядучы. «Гэтаў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў, з пачатку дзён, грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але мы, дзеці Беларусі, ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі не была агрэсарам. Іншая справа, што яна заўсёды мужна і да канца бараніла свой ачаг, сваю праўду і веру».

Другі вядучы. Так пісаў пра сваю Радзіму Уладзімір Караткевіч у нарысе «Зямля пад белымі крыламі».

На фоне музыкі (вучаніца чытае верш Ніла Гілевіча «Лірычны каментарый да нашага радаслоўя».

Чацвёрты чытальнік.

Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, —

Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.

У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,

Нашых душ карані — з вузлякамі упартасці.

Сокам вотчынных гоняў адроду мы ўспоены,

Сонцам родных нябёс мы з маленства аблашчаны,

Як асілкі-дубы над дняпроўскімі поймамі —

Паяднаныя часам нашчадкі і прашчуры.

Мы на золку далёкім ардзе не скарыліся,

Славай Грунвальда выйшлі ў вялікія ратнікі.

Нас будзіў да святла стук друкарань скарынінскіх.

Да братоў мы гарнуліся сэрцамі братнімі.

Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасці —

Веру — мужнасць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні.

3 гнеўнай лірай Купалы і з эпасам Коласа

Мы спазналі сябе і свой голас узвысілі.

Гэтай повязі кроўнай, якой мы прывязаны

Да бацькоўскай зямлі, не парвуць, не растурзаюць

Аніякія буры-вятры непрыязныя —

Нашы сэрцы ад іх толькі болып загартуюцца!

I як вечна вясне святкаваць тут агледзіны,

Мовай радасці з долам і небам гамонячы, —

Так і нам у вяках тут, з братамі-суседзямі,

Жыць і верыць у лёс незахмарана-сонечны.

Першы вядучы. Якая яна, наша зямля?!

Другі вядучы. Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы, дзе блукаюць зубры-волаты і горда нясуць свае кароны алені.

Першы вядучы. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца.

Другі вядучы. Гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

Гучыць песня «Люблю наш край» (муз. М. Равенскага, сл. К. Буйло).

Першы вядучы. Наша зямля — гэта старадаўнія гарадзішчы і курганы, пад якімі спяць яе абаронцы, у барвовых, быццам ад крыві, мурах замкаў.

Другі вядучы. Гэта палеткі, дзе працавіты плуг часам выворвае каменную сякеру, меч або гільзы часоў апошняй вайны.

Першы вядучы. Гэта жальнікі, на якіх гарэў калісьці агонь перад курганамі мудрых продкаў.

Другі вядучы. Гэта вечныя агні перад помнікамі салдатам, якіх мы яшчэ памята-ем жывымі.

Першы вядучы. Наша зямля — гэта людзі і іх вечная, неўміручая праца.

Другі вядучы. Араць палі, біць студні, расціць сады, плесці з каменя і дрэва карункі дзівосных будынкаў, спяваць песні, нібы на адным дыханні, так, што, здаецца, спяваюць самі нівы і лясы, складаць вершы, у якіх пяш-чота пацалунка і суровасць удару мяча.

Першы вядучы. Няма такой сілы, каб годна апець рукі тыя, што ствараюць памяць у рэчах: наша чароўнае шкло і кераміку, тканіны і кафлі, рэчы з металу і скуры, непаўторныя старадаўнія жывапіс і скульптуру.

На фоне музыкі вучаніца чытае верш Еўдакіі Лось «Продкі».

Пяты чытальнік.

Мая радзіма —

Жытні колас,

Сінь мурагу, язміну цвет.

Яна —

Пілы гарачай голас,

Калёс цяжкіх глыбокі след...

Мая радзіма —

Дзе з-за бору

Ўзыходзіць месяц уначы,

Дзе ў братнім ладзе, ў дружным зборы

Жылі калісьці крывічы...

Валілі лес, аралі ляды,

Сушылі гуртам нераты

I да туманных даляглядаў

Ганялі спраўныя плыты.

Дзяцей бацькі вучылі строга

Любіць саху, пчалу, зямлю

I аднаму маліцца богу —

Нялёгкай працы мазалю.

Таму і праўнуку, і ўнуку

Было няміла нішчыць, біць;

Ён вывучаў адну навуку,

Адно евангелле: рабіць...




Намінацыя

Колькасць балаў

1

Дзяржава і яе сімвалы

10

20

30

40

50

60

70

80

2

Зямля Беларусі — краіна герояў

10

20

30

40

50

60

70

80

3

Культурная спадчына

10

20

30

40

50

60

70

80

4

Каменны летапіс

10

20

30

40

50

60

70

80

5

Зямля пад белымі крыламі

10

20

30

40

50

60

70

80

6

Песняры

10

20

30

40

50

60

70

80

7

У свеце народных традыцый

10

20

30

40

50

60

70

80

8

Крок у будучае

10

20

30

40

50

60

70

80
Настаўнік. Для нас надышоў самы хвалюючы і адказны момант — гэта інтэлектуальная гульня. Яе правілы наступныя. Кожная каманда па чарзе выбірае намінацыю з прапанаваных і, адпаведна, пытанне з пазначанай колькасцю балаў (ад 10 да 80). Калі каманда не здолее адказаць на пытанне, балы залічваюцца той камандзе, якая першая агучыць правільны адказ.






Пытанні

І.Дзяржава і яе сімвалы.

10 Кожны год у нашай краіне ладзіцца шмат святочных мералрыемстваў, прымеркаваных да розных памятных падзей. Летам мы адзначаем надзвычай важнае і любімае народнае свята. На яго заўсёды запрашаюць шмат гасцей з розных краін свету. Гэта свята сімвалізуе еднасць народа і дзяржавы, нашу самабытнасць. Адзначаецца яно ў дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў. Як называецца гэта свята і калі адзначаецца? (Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, або Дзень Рэспублікі — 3 ліпеня.)

20 Беларусь — незалежная дзяржава. Але наш народ паважае іншыя народы і ганарыцца братэрскімі сувязямі. У нашай краіне адзначаецца як свята Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Калі адзначаецца гэта свята? (2 красавіка.)

30 Кожная дэталь у гэтым дзяржаўным сімвале мае сваё значэнне. Зялёны колер тэрыторыі Беларусі ў залатых промнях узыходзячага Сонца гаворыць аб тым, што ўсе свае думкі грамадзяне скіроўваюць да Айчыны: гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але і сваёй не аддамо. Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне сімвала, утворанага вянком з каласоў. Пра які дзяржаўны сімвал ідзе размова? (Герб.)

40 Наш сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер служыць знакам Сонца, сімвалізуе братэрства. Гэта знак шчаслівага жыцця. Зялёны колер — Прырода, гэта палі, лясы краіны. Гэта колер дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру. Што сімвалізуе белы колер і арнамент? (Белы колер — колер свабоды, маральнай чысціні і мудрасці. Арнамент сімвалізуе працавітасць, народнае майстэрства.)

50 Гімн расказвае пра мінулае беларускага народа, у ім гучыць пажаданне славы, росквіту, вечнага жыцця Беларусі, заклік любіць і шанаваць нашу Радзіму. Хто з'яўляецца аўтарам музыкі і тэксту Дзяржаўнага гімна? (Музыка Нестара Сакалоўскага, словы Міхася Клімковіча, Уладзіміра Карызны.)

60 Герб і сцяг Рэспублікі Беларусь прыняты ў выніку ўсенароднага галасавання 14 мая. Якога года? (1995-га.)

70 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — асноўны Закон краіны. У нашай краіне было прынята пяць канстытуцый: у 1919 г., 1927 г., 1937 г., 1978 г. Калі была прынята апошняя Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь? (15 сакавіка 1994 года.)

80 Назавіце важнейшае права чалавека, якое замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. (Права на жыццё.)

II. Зямля Беларусі — краіна герояў.

10 Лёс нашай краіны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны падзялілі яшчэ чатырнаццаць рэспублік, якія ўваходзілі ў склад СССР. Якая кодавая назва плана вайны фашысцкай Германіі супраць СССР (ад прозвішча германскага караля і імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха I)? (Барбароса.)

20 Якая кодавая назва летняй (1944 г.) стратэгічнай наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі па вызваленні Беларусі? (Баграці'ён.)

30 Што сімвалізуюць чатыры штыкі-абеліскі Кургана Славы, узведзенага ля шашы Мінск — Масква? (Чатыры франты,— удзельнікі вызвалення Беларусі.)

40 Назавіце прозвішча аднаго з арганізатараў падпольнага і партызанскага руху, Героя Савецкага Саюза. 3 1965 па 1980 г. — першы сакратар ЦК КПБ, які трагічна загінуў. Яго імя носіць адзін з праспектаў горада Мінска. (Пётр Міронавіч Машэраў.)

50 Назавіце прозвішча палітычнага і ваеннага дзеяча Рэчы Паспалітай, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве. У 1776 г. вы-ехаў у Амерыку, дзе ўнёс вялікі ўклад у змаганне супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва. Атрымаў званне генерала. У 1784 г. вярнуўся на Радзіму, уключыўся ў нацыянальна-вызваленчы рух народаў Рэчы Паспалітай. (Тадэвуш Касцюшка.)

60 Славуты дзяржаўны і грамадскі дзе-яч Вялікага княства Літоўскага, дыпламат. Вечным помнікам яму стаў падрыхтаваны і выдадзены яго дбаннем на беларускай мове адзін з найболын дасканалых узораў сусветнай юрыдычнай думкі таго часу — Статут Вялікага княства Літоўскага. Наза-віце яго прозвішча. (Леў Сапега.)

70 У XII стагоддзі на беларускіх землях утварылася Вялікае княства Літоўскае. Адным з самых моцных кіраўнікоў яго быў гэты князь. Пры ім ВКЛ стала найбуйнейшай еўрапейскай дзяржавай. Аўтарытэт яго ў свеце быў настолькі вялікі, што недзе каля 1410 г. імператар Святой Рымскай імперыі Жыгімонт і сам Папа Рымскі Марцін шукалі яго падтрымкі і прапанавалі яму каралеўскую карону, але перад каранацыяй ён памёр. Мікола Гусоўскі прысвяціў яму шмат радкоў у знакамітай паэме «Песня пра зубра». Назавіце імя князя. (Вітаўт.)

80 Назавіце прозвішча лётчыка, які стаў першым Героем Беларусі. (Уладзімір Карват.)

III. Культурная спадчына.

10 Назавіце нашу святую, якую здаўна шануюць як нябесную заступніцу беларускай зямлі, як асветніцу нашых продкаў. (Еўфрасіння Полацкая.)

20 У першага самастойнага ўладара Полацкага княства Рагвалода была дачка. Чаму яе называюць князёўнай з трыма імёнамі? 3 якімі? (Рагнеда — Гарыслава — Анастасія.)

30 Назавіце імя друкара, год і горад, дзе пачалі друкавацца першыя кнігі на старабеларускай мове. (Ф. Скарына, 151 7 г., Прага.)

40 Назавіце імя паэта-гуманіста эпохі Адраджэння, які паходзіў з сям'і паляўнічага. У 1518 г. у складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі трапіў у Рым, дзе ў 1522 годзе стварыў свой лепшы твор — паэму-жамчужыну, прасякнутую любоўю да роднай зямлі. (Мікола Гусоўскі.)

50 Перанясёмся ў 1629—1680-я гг. На гэты час прыпадае дзейнасць славутага сына полацкай зямлі. Літаратурная спадчына паэта, драматурга, асветніка і філосафа даволі разнастайная: «Буквар языка славенскага...», «Рыфмалагіён», «Вертаград мнагацветны», камедыі, прытчы, казанні, рытуальныя прамовы-пропаведзі. Назавіце імя гэтага славутага дзеяча. (Сімяон Полацкі.)

60 Адзін з самых вядомых прадстаўнікоў свайго роду, вялікі літоўскі гетман, адзін з прэтэндэнтаў на карону Рэчы Паспалітай. Мастак і цудоўны музыкант. Самы вядомы створаны ім паланез «Развітанне з Радзімай» носіць яго імя. (Міхаіл Клеафас Агінскі.)

70 Назавіце імя славутага мастака пачатку XX ст., які нарадзіўся ў Беларусі, жыў і ствараў палотны ў Пецярбургу, аўтара знакамітай карціны «Лютаўскі блакіт» (Февральская лазурь). (Ігар Грабар.)

80 Назавіце прозвішча скульптара, аўтара цудоўнага ансамбля на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. (Заір Азгур.)

IV. Каменны летапіс.

10 Гэты будынак належаў сям'і Вайніловічаў як памяць па іх заўчасна памерлых дзецях Сымоне і Алене. Потым тут быў размешчаны Дом кіно. Сёння ў будынку лунаюць анёлы і гучыць духоўная музыка, адбываюцца набажэнствы. (Чырвоны касцёл.)

20 Назавіце архітэктурны помнік, які знаходзіўся на плошчы Свабоды ў Мінску. У савецкі час быў разбураны і толькі ў апошнія гады адноўлены на ранейшым месцы. У гэтым будынку размяшчаўся тэатр, праводзіў пасяджэнні губернатар, засядала гарадская дума. (Ратуша.)

30 Гэты сабор пабудаваны ў Полацку ў XI стагоддзі паводле загаду Усяслава Чарадзея. У адной з яго келляў некаторы час жыла Еўфрасіння Полацкая. Менавіта ў гэтым саборы яна папрасіла благаславення будаваць Спаса-Еўфрасіннеўскую царкву. (Сафійскі сабор.)

40 Назавіце царкву, якая пабудавана паводле загаду Еўфрасінні Полацкай. Яна захавалася да нашага часу і знаходзіцца ў складзе знакамітага жаночага манастыра. Сёння ў ёй захоўваюцца мошчы прападобнай заступніцы беларускай зямлі. (Спаса-Еўфрасіннеўская царква.)

50 Назавіце касцёл, першае набажэнства ў якім адбылося ў 1700 г. На ім прысутнічалі кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II і рускі цар Пётр I. Ён займаў цэлы квартал. На жаль, нядаўна ў ім адбыўся пажар і загінула палова каштоўных скульптур алтара. Сёння гэты касцёл уваходзіць у спіс архітэктурных каштоўнасцяў краіны. (Фарны касцёл езуітаў у Гродне.)

60 Знакаміты замак, які набыў другое жыццё пасля рэстаўрацыі і цяпер гасцінна прымае замежных і айчынных падарожнікаў. Яго старажытныя вежы і сцены з чырвонай цэглы прыцягваюць увагу ўсіх аматараў даўніны. (Мірскі замак.)

70 Князі, што валодалі гэтым замкам, налёжалі да вельмі старажытнага роду. Іх нават называлі каралямі. Князёўна Барбара стала жонкай польскага караля Зыгмунда Аўгуста II, але праз год пасля каранацыі памерла. Існуе паданне, што каралева засталася жыць у сваім замку прывідам — гэта знакамітая «Чорная дама». А «12 залатых апосталаў», схаваных адным з гаспадароў замка, не знойдзены і да нашых дзён. Пра які замак ідзе гаворка? (Нясвіжскі замак.)

80 Гэта царква пабудавана на Вайсковых могілках у Мінску ў 1896—1898 гг. у гонар перамогі рускіх войскаў у руска-турэцкай вайне 1877—1878 гг. Пад царкоўным будынкам размешчаны падвалы, якія ў час Вялікай Айчыннай вайны сталі сховішчам для мінчан ад прымусовага перася­лення ў Германію. (Царква Аляксандра Неўскага.)

V. Зямля пад белымі крыламі.
10 Якая птушка з'яўляецца сімвалам нашай краіны? (Бусел.)

20 У гушчары старых бароў, як сляза, што ўпала з неба, блішчала вялікае возера... Назавіце самае вялікае па плошчы возера, размешчанае ў Мядзельскім раёне. Пра яго складзена шмат народных легендаў і паданняў, а Максім Танк прысвяціў яму сваю паэму. Побач з ім размешчаны беларускі курорт. (Возера Нарач.)

30 Якую расліну — сімвал беларускай зямлі — згадвае Максім Багдановіч у славутым вершы «Слуцкія паясы»? (Васілёк.)

40 Якое дрэва распусціла галлё над курганам у знакамітай паэме Янкі Купалы «Курган»? (Дуб.)

50 Самая магутная жывёла нашых лясоў, якая захавалася толькі ў знакамітай пушчы. Мікола Гусоўскі прысвяціў паляванню на гэту жывёлу шмат радкоў сваёй паэмы. (Зубр, Белавежская пушча.)

60 Самае старажытнае дрэва ў нашых лясах. Гэта асноўная парода, якая дае драўніну для будаўніцтва, вытворчасці высака-якаснай паперы, штучных валокнаў. 3 яго драўніны вырабляюць музычныя інструменты. (Елка.)

70 На месцы былой сельскагаспадарчай выставы быў закладзены Цэнтральны батанічны сад Акадэміі навук Беларусі. У якім годзе адбылася гэта падзея? (У 1931 годзе.)

80 У гэтым скверы горада Мінска ў 2001 г. адбылася рэканструкцыя. Вядомасць яму надалі скульптурныя групы «Дзяўчынка пад парасонам», «Дама», «Курыльшчык». Як называецца гэты сквер? (Міхайлаўскі сквер.)

VI. Песняры.

10 Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!



Назавіце аўтара гэтых бессмяротных радкоў. (Якуб Колас.)

20 3 творчасцю славутага песняра Янкі Купалы мы знаёмыя з дзяцінства. Нас зачароўвае песня «Спадчына» на словы з аднайменнага твора. А ці памятаеце вы, дзе нарадзіўся пісьменнік? (У Вязынцы.)

30 Сапраўднае імя гэтага пісьменніка — Іван Фёдараў. Прыгодамі яго «па­лескіх рабінзонаў» цікавяцца падлеткі. Назавіце псеўданім — творчае імя пісьменніка. (Янка Маўр.)

40 Гэтага пісьменніка называюць гонарам і сумленнем беларускай літаратуры. Дыяпазон яго твораў шырокі і разнастайны: ад казкі «Нямоглы бацька» да рамана «Каласы пад сярпом тваім». У Віцебску яму пастаўлены помнік з надпісам «Быў. Ёсць. Буду.». (Уладзімір Караткевіч.)

50 Паэт, які амаль усё жыццё правёў за межамі радзімы, але лічыў сваім абавязкам пісаць творы на мове свайго народа. Лёс адвёў яму кароткі зямны век. Аўтар адзінага прыжыццёвага зборніка «Вянок». Назавіце яго імя. (Максім Багдановіч.)

60 Назавіце аўтара раманаў «Бацькаўшчына», «Зямля», «Пошукі будучыні» і інш. Дзяцінства яго прайшло ў вёсцы Цімкавічы на Капылыпчыне. (Кузьма Чорны.)

70 Пісьменнік, які з'яўляецца майстрам псіхалагічнага партрэта. Вайна наклала на яго творчасць глыбокі адбітак. Аповесці «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета», «Сотнікаў», апавяданні «Сваякі», «Незагойная рана» і інш. уражваюць глыбокім псіхллагізмам. (Васіль Быкаў.)

80 Назавіце пісьменніка — аўтара раманаў «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань». Дзе ён нарадзіўся? Які буйны твор гэтага пісьменніка прысвечаны вызваленню Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў? (Іван Мележ, вёска Глінішчы Хойніцкага раёна. Раман «Мінскі напра-мак».)

VII. У свеце народных традыцый.

10 Гэта старажытнае свята было прымеркавана да зімовага сонцастаяння. Пазней пачатак сталі звязваць з Нараджэннем Хрыстовым. На свята людзі вадзілі «казу», «мядзведзя», насілі зорку. У святочных песнях гучалі самыя лепшыя зычэнні. За песні і пажаданні гаспадары частавалі юнакоў і дзяўчат рознымі прысмакамі. (Каляды.)

20 Падчас гэтага свята хлопцы і дзяўчаты водзяць карагоды, скачуць праз вогнішча і шукаюць самую чароўную кветку шчасдя. (Купалле.)

30 На якое вясёлае свята пачыналі гукаць вясну? (Масленіца.)

40 Як называецца свята, калі ўшаноўваюць цамяць памерлых продкаў? (Дзяды.)

50 Як называецца цыкл народных песень, звязаных з земляробчым календаром? (Каляндарна-абрадавыя.)

60 Найвялікшае каляндарнае свята. 3 пашырэннем хрысціянства прыстасавана да ўваскрашэння Хрыста і стала рухомым, адзначаецца з 4 красавіка да 8 мая. (Вялікдзень.)

70 Напярэдадні гэтага свята, 5 мая, беларусы ўшаноўвалі сімвал вясны, росквіту прыроды. Дзяўчаты на лузе выбіралі самую прыгожую дзяўчыну, апраналі яе русалкай, упрыгожвалі зелянінай, вянком з кветак, вадзілі вакол яе карагоды і спявалі:

Блаславі, маці,

Ой, Лада, маці,

Вясну заклікаці... (Юр'я.)



80 На якое свята спявалі прыпеўку:

Ой, чыя то дачка, як ягадачка,

Святы вечар добрым людзям!

Бацькова дачка, як ягадачка.

Як у сені ўвайшла — сені заззялі.

Як у хату ўвайшла — паны паўставалі.



(Каляды.)
УІІІ. Крок у будучае.

10 Гэтым будынкам можа ганарыцца кожны грамадзянін нашай краіны. «Храм навукі» мае агульную плошчу 112,6 тыс. квадратных метраў. На 22 паверсе знаходзіцца закрытая назіральная пляцоўка «Панарама». (Нацыянальная бібліятэка Беларусі.)

20 Будынак на перакрыжаванні шля-хоў. Яго прыгажосць, сучаснасць і зруч-насць здзіўляюць людзей, якія ўпершыню наведваюць нашу краіну. (Вакзал.)

30 Гэты завод быў заснаваны ў 1946— 1948 гг. Яго прадукцыя носіць назву на-шай дзяржавы, гэты брэнд вядомы далёка за межамі краіны. (Мінскі трактарны завод.)

40 У 1931 г. была заснавана гэта самая любімая ўсімі дзецьмі фабрыка. Яе салодкая прадукцыя карыстаецца вялікім попытам, а яе якасцю задаволены самыя патрабаваль-ныя пакупнікі. Яе брэнды «Белавежская пушча», «Лявоніха» і інш. (Камунарка.)

50 Імя дзяўчынкі Ксеніі Сітнік стала вядома жыхарам нашай краіны імгненна. Чаму? (Трыумфальнае выступленне на дзіцячым конкурсе Еўрабачання.)

60 Гэта адна з самых маладых спартыўных пабудоў Мінска. Сучасны будынак з металу, шкла, бетону. Мае арэны для міні-футбола, для міжнародных спаборніцтваў. (Манеж футбольны.)

70 Прадукцыя гэтага завода прысутнічае дома амаль у болыпай паловы жыхароў краіны. Без яе немагчыма захаваць розныя прысмакі і стравы ў спякотны дзень. (Мінскі завод халадзільнікаў «Атлант».)

80 Назавіце фонд, які падтрымлівае таленавітую моладзь краіны. У межах якой праграмы ён існуе? (Прэзідэнцкі фонд па падтрымцы таленавітай моладзі ў межах праграмы «Маладыя таленты Беларусі 2006—2010 гг.».)

Настаўнік. Вось і скончана на сёння вандроўка па старонках гісторыі і сучаснасці нашай Радзімы. Пакуль будуць падводзіцца вынікі, я прапаную вам успомніць пра самае цікавае падарожжа па роднай краіне, у якім вы прымалі ўдзел.

Аб'яўляецца каманда-пераможца.



Настаўнік. Спадзяёмся, што сустрэча з традыцыямі, звычаямі роднай зямлі абавязкова працягнецца, калі мы таго пажадаем, і на ўроках, і ў жыцці-, бо мы — беларусы, мы памятаем мінулае, мы шануем сучаснае і будзем ствараць будучае. Ад кожнага з нас залежыць, якой будзе наша дзяржава. I кожны сам павінен задаць сабе пытанне: што асабіста я магу зрабіць для Радзімы? I тады з гонарам можна сказаць: «Беларусь – краіна маёй будучыні».

Літаратура

  1. Беларуская мова і літаратура: навукова-метадычны часопіс. – М: АіВ, 2009, №4

  2. Беларуская мова і літаратура: навукова-метадычны часопіс. – М: АіВ, 2007, №2





: library
library -> Энеіда навыварат
library -> Гістарычныя асобы
library -> -
library -> Жанчына як “іншае” ў дыскурсе беларускай дэмакратыі
library -> Роля Віленскага універсітэта у фарміраваньні беларускай нацыянальнай культуры
library -> Тарас на Парнасе
library -> Святлана Вяргеенка " На моры-акіяне, на востраве Буяне…"
library -> Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя школа п. Юбілейны”
library -> Аб дзейнасці школьнага гісторыка-краязнаўчага музея "Вытокі" дуа" Райцаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка