Мы — ад евы I адама



Дата канвертавання15.05.2016
Памер84.88 Kb.
Калі не ведаеш, адкуль прыйшоў,

то не ведаеш, куды пойдзеш.



Народная мудрасць
МЫ — АД ЕВЫ I АДАМА
Я, Ты, Ён, Яна — людзі на планеце Зямля.

Што мы робім?

Жывём!

У прызначаны для нас гістарычны міг дыхаем і думаем, працуем і харчуемся, пазнаём свет і сябе, весялімся і плачам, спрачаемся і радуемся, кахаем і ненавідзім, ваюем і сябруем...



Жывём, як маятнік: туды-сюды, дзень-ноч, галодны-сыты, адзеты-голы, шчаслівы-гаротны, свой-чужы...

Стоп! Маятнік хай цікае далей. А мы задумаемся: свой і чужы? Ці правільна, што дзелім людзей на процілеглыя лагеры? Мо адсюль бяруць свае вытокі войны, бойкі, калатнеча, варожасць, падазронасць, ганьба, здзекі?

Прызнаем: Адам і Ева — карані нашага чалавечага дрэва. Такая выснова стукаецца ў сэрца, калі пачынаеш усведамляць: хто Я? Калі пачынаеш плесці ланцужок свайго радаводу. Кдлі хочаш разгадаць тайну стагоддзяў, блізкую да тваёй сям'і, а значыць, і для самога сябе, да сваёй Радзімы.

Японскія вучоныя пацвердзілі гэту ісціну. Шмат гадоў вывучалі яны мітахондрыі, арганічныя ўтварэнні ў клетках чалавека. Вывад, які надрукавалі вучоныя ў часопісе «Сюкан Майнити», стаў сенсацыяй ва ўсім свеце. Тайна спадчыннасці пацвердзілася: існуе пэўная заканамернасць у перадачы «эстафеты» ад адной яйцаклеткі да другой.

Варта вывучыць гены некалькіх пакаленняў адной сям'і, і можна скласці мадэль асноўнага геннага матэрыялу старажытнейшага прадстаўніка любога роду.

Вучоныя з Японіі збіралі звесткі пра гены ў людзей розных рас на Зямлі. Вывад адназначны: усе галіны чалавецтва маюць адну прапрародзічку, агульную Маму. Яна жыла каля двухсот тысяч гадоў назад недзе ў Афрыцы. А мы, яе дзеці, жывём у розных краінах і ніяк не можам дамовіцца аб міры і згодзе.

Адам і Ева — нашы карані.

Корань сілкуе дрэва, дае яму моц. Расце дрэва, множыцца і... гіне. Ці па ўзросту падае, ці ад сякеры дрывасека, ці ад хвароб, ці ад нядбайнасці гаспадароў. А на яго месцы вырастае новы ствол. Жыццё прадаўжаецца!

У кожнага сямейнага радаводу — сваё дрэва. У яго свае карані, ствол, галіны, лісце, насенне, плады.

У прыродным лесе растуць дуб, ліпа, граб, клён, бяроза, асіна...

У лесе чалавечым жывуць Дубовікі, Ліпскія, Ліпніцкія, Граблёўскія, Клёнскія, Асіноўскія...

Лес прыродны не можа расці без кустоў, парасткаў, зараснікаў. Ёсць дрэвы-волаты і карлікі, засохлыя і крывыя, кучаравыя і абкарнаныя.

Гэтак жа і ў лесе чалавечым. Ёсць цары і слугі, геніі і дурні, н-чальнікі і халуі, злачынцы і праведнікі, багатыя і бедныя, набожныя і грэшнікі.

А я веру: у кожнага чалавека сваё Я. Непаўторнае!

Кожны чалавек — Асоба!

Кожнае чалавечае жыццё — Кніга!

I глыбока ўсвядоміў новую ісціну: чалавек — гэта цэлая планета.

Не верыце?

А давайце разам намалюем гэту чалавечую планету. У цэнтры паставім — Я. Гэта толькі ў алфавіце Я — апошняя літара. А ў жыцці кожнае Я — галоўная фігура, пуп Зямлі, стрыжань, вакол якога адбываюцца ўсе падзеі.

Я — сын. Я — дачка.

Я — бацька. Я — маці.

Я — брат. Я — сястра.

Я — муж. Я — жонка.

Я — дзед. Я — баба.

Я — прадзед. Я — прабаба.

Я — дзядзька. Я — цётка.

Я — цесць. Я — цешча.

Я — свёкар. Я — свякруха.

Я — унук. Я — унучка.

Я — праўнук. Я — праўнучка...

Не багі гаршкі лепяць, а людзі-чалавекі, у якіх ёсць адно агульнае імя — Я.

Вакол Я правядзём дужку, вясёлку, карону, касмічны скафандр, адным словам, як хто ўяўляе той арэол над сабой. Але прызнаем галоўнае: як бы чалавек ні выстаўляў сваё Я, у якія б высі ні ўзнімаўся, як бы нізка ні падаў, павінен помніць, улічваць бацькоўскае біяполе. Хочам таго ці не, а нам з малаком маці, па спадчынных генах, перадаецца ўсё тое важнае і важкае, што рухае нас па Зямлі і ўтрымлівае ў вобразе чалавека.

I гэта абавязвае нас над Я правесці яшчэ адну дужку. Атрымліваем арбіту з дзвюх раўнацэнных палавін: бацька і маці. Яны далі жыццё нам. Мы ў вечным і неаплатным даўгу перад імі. На іх молімся. За іх падымаем тосты. Яны сняцца нам, не пакідаюць нас, калі нават адыходзяць у вечнасць.

Над бацькамі — свая арбіта: нашы бабкі і дзяды. Іх у кожнага Я — чатыры. I гэта не залежыць ні ад якіх жыццёвых бедаў: сіратой чалавек гадаваўся ці ў сям'і, з адной маці ці з адным бацькам. Усё роўна на гэтай вышыні яго «нараджалі» чацвёра людзей і перадалі яму свой генны гасцінец.

I калі далей будаваць арбіты вакол Я, то блізкія, роднасныя сувязі з кожным новым вітком удвойваюцца. У трэцім калене ў кожнага з нас ужо восем прабабак і прадзедаў. У чацвёртым — шаснаццаць, у пятым — трыццаць два. Аудзесятым — 1024!

Калі ўлічыць, што за сто гадоў мяняецца прыкладна тры пакаленні людзей, то ў дадзеным выпадку наша Я атрымала спадчыну ад дзесяці пакаленняў — 1024 прародзічы! Яны на працягу трохсот гадоў «ляпілі» сённяшняга цябе, мяне, яго, яе...

Ці апраўдваем іхдавер?

Ці ўдзячны ўсім тым людзям, якія па генах перадавалі нам жыццё?

Ці зрабілі крок да таго, каб нешта даведацца пра іх колішняе існаванне?

Закрый вочы, сённяшняе Я, задумайся, не палянуйся пашавяліць мазгамі — і цябе апануе неўтаймоўная цікаўнасць. Давай разам уявім, у якую эпоху жылі нашы 1024 блізкія прародзічы?

А яшчэ ўлічым, што ў кожнага з іх былі браты і сёстры, а нашы — прапрадзядзькі, прапрацёткі. А ў тых — свае дзеці. Дык вунь які пласт радні меў кожны з нас трыста гадоў назад!

Прашчуры нашы жылі ў канцы семнаццатага — напачатку васемнаццатага стагоддзяў. Што адбывалася ў свеце?

Расіяй па тым часе правіў цар Пётр I. Гэта ён зрабіў Новы год з 1 студзеня. Гэта ён распачаў будаваць Пецярбург. Багата і беларусаў палягло на дрыгвяністых берагах Нявы, у падмурках будучай сталіцы імперыі.

Папярэднік Пятра I цар Аляксей Міхайлавіч змагаўся з паўстанцамі Сцяпана Разіна, Багдана Хмяльніцкага. Іх вызваленчыя ідэі па-рознаму ўспрымалі беларусы. I жорстка паплаціліся за гэта.

У вайне Расіі з Рэччу Паспалітай загінула амаль палова беларусаў, а трыста тысяч гвалтоўна вывезены да расійскіх памешчыкаў. Палонных ператваралі ў прыгонных. Іх можна было купіць за тры— пяць рублёў. Ці не трапіў хто з тваіх родзічаў у тыя «госці»?

Па нашым краі пракаціліся страшны голад і вялікія пажары.

У Варшаве рашэннем сойму беларуская мова была забаронена для выкарыстання ў дзяржаўным справаводстве.

Вацлаў Ластоўскі ў сваёй кнізе «Кароткая гісторыя Беларусі» так ацэньвае гэта злачынства: «Роўна з тым часам, калі палякі, дзякуючы Люблінскай уніі, забралі ў свае рукі ўнутранае жыццё ўсяго гасударства,— значыць, і літоўска-беларускіх зямель,— гіне і ўсякая свабода ў Польшчы. Гэта не галаслоўная казка, а праўда...»

Хваля новых бедаў абрынулася на пакутную Беларусь, калі Расія распачала вайну са Швецыяй. Так званая Паўночная вайна Доўжылася два дзесяткі гадоў (1700—1721). «Тэатр» гэтай бойні зноў адбываўся на нашай скрываўленай зямельцы. Згарэў Віцебск... Абрабаваны Магілёў... Знявечаны Полацк... Зруйнаваны замак у

Смалянах... Беларускі народ збяднеў у тыя гады яшчэ на 800 тысяч чалавек. Ушануем сваёй памяццю светлыя імёны нашых продкаў!

А цяпер вернемся да высновы: кожны чалавек — асобная планета!

Крышку вышэй мы склалі радаводную схему Я з дзесяці каленаў. Атрымаўся спектральны паўкруг блізкай радні.

Праз пэўны час Я сустракае Яе. Кахаюцца, жадаюць прадоўжыць род. Яны ідуць у Палац рэгістрацыі шлюбаў, альбо ў царкву, ці касцёл, сінагогу, мячэць. Узнікае Сям'я! Я і Яна аб'ядноўваюць, злучаюць два свае радаводныя паўкругі, і атрымліваецца планета роднасных людзей. Ядро ў ёй — маладажоны, стваральнікі новых жыццяў.

Кажуць, сям'я — клетка, ячэйка грамадства. А ці не прыніжаецца гэтым роля сямейнай планеты? Ці не звужаецца яе ўплыў на развіццё дзяржавы?

Клетка і ячэйка — краты, абмежаваная сфера. Яны не могуць змясціць у сабе той велічы, якую нясе сям'я.

У ёй — перададзеная генная энергія продкаў.

У ёй — стагоддзямі накопленыя культура, традыцыі, звычкі, характары.

Гэта планета-ракета здольна вынесці на арбіту новых і новых прадаўжальнікаў роду. Вось і жывуць вакол яе найдаражэйшыя спа-дарожнікі — Дочкі, Сыны, Унукі, Праўнукі...

Дзеці — спадарожнікі планеты Сям'я. На ёй яны напаўняюцца мудрасцю, сілай, жыццёвым зарадам. I, адчуўшы моц у крылах, з дапамогай бацькоў узлятаюць на сваю арбіту. Ствараюць сваю жыццёвую планету «Я».

Так было.

Ёсць!

I будзе!..



Але ж чаму мы, беларусы, сёння плачам, што сем'і ў нас рушацца.

Чаму, не паспеўшы ўкараніцца, развальваецца сямейная суполка (разводаў амаль столькі, як і шлюбаў)?

Чаму маці, нарадзіўшы дзіця, вынасіўшы яго пад сэрцам дзевяць месяцаў, кідае немаўля на сметнік?

Чаму людзей пазбаўляюць бацькоўскіх правоў?

Чаму багата нашых дзяцей жывуць не дома, а ў казённых дзетдамах? I чаму дзеці ўцякаюць з хатніх гнёздаў?

Чаму сям'я не можа вылечыць дзіця, жыць бязбедна?

Чаму?..

А таму, што бязродныя мы.



Глухія і сляпыя да продкаў, свайго радаводу.

Не ведаем імёнаў тых, хто з калена ў калена па генах перадаваў нам здароўе, фігуру, характар. Не спяваем прабабчыных песень. Не помнім бабулін лячэбнік. Не ўмеем перахрысціцца перад абразамі.

Ад гэтага сорамна і горка. А з гадамі яшчэ і балюча. Бо не спазнаўшы сваё Я, сямейную планету, дрэва радаводнае, мы — сіроты, абрубкі, проста пні.

Дзе і як шукаць сваю пупавіну?

У славянскіх родах. У чатырох іх накірунках: беларускім, рускім, украінскім, польскім. У балтаў-літоўцаў. Менавіта на абсягах гэтых дзяржаў зачаліся карані нашых продкаў. Для захавання іх прозвішчаў у гісторыі чалавецтва правіцелі розных эпох прымалі такія-сякія меры.

Рускі цар Іван Грозны, якога на Беларусі называлі Жахлівым, у гады свайго панавання загадаў складваць радаводныя кнігі. Непрадказуемыя ўладары, той жа Іван Жахлівы, патапіў Полацк у крыві, вакханалію садызму ўчыніў у сваёй краіне. Па міласці Грознага гінулі людзі, роды. I ў той жа час па яго загадзе пісаліся радаводныя кнігі. Гэта было ў сярэдзіне шаснаццатага стагоддзя. Можна і трэба шукаць тыя унікальныя дакументы!

Пётр I, які жадаў бачыць сваю краіну культурнай дзяржавай, правёў у 1722 годзе першы ў Расіі ўсеагульны перапіс насельніцтва. Няўжо бясследна зніклі тыя аркушы, у якіх пазначаны ўсе насельнікі на шырокіх абсягах Еўропы і Азіі?

Кацярына Вялікая, пры якой адбылося тры падзелы Рэчы Паспалітай, увяла метрычныя кнігі. А яшчэ да яе ў беларускіх праваслаўных, уніяцкіх, каталіцкіх храмах спраўна запісвалі новаахрышчаных у кнігах. 3 тых часоў і аселі ў архівах каштоўныя метрычныя кнігі, па якіх можна тое-сёе даведацца пра нашых родзічаў.

Пры пазнейшых рускіх правіцелях быў створаны аддзел геральдыкі пры Сенаце. У ім накопліваліся звесткі пра дваранства, шляхту. У тых дакументах мноства прозвішчаў і сялян, якія служылі панам. Па дробязных звестках можна зрабіць жадаемыя адкрыцці.

Найбольш распрацаваная і старажытная геральдыка і генеалогія ў раманскіх краінах, у Нямеччыне, Польшчы. Па-добраму зайздросціш людзям, якія здаўна ведаюць герб свайго роду, вытокі свайго паходжання. Вядомы 164 даўнейшыя гербы шляхты польскай. I калі ўлічыць той гістарычны факт, што на Віленскім (1401 г.) і Гарадзельскім (1413 г.) з'ездах багата хто з баяраў Вялікага княства Літоўскага атрымаў польскія шляхецкія гербы, то нам, беларусам, варта шукаць свае карані ў тых радаводах.

А калі яшчэ ўлічыць, што існавала Рэч Паспалітая, ад Люблінскай уніі 1569 года да ганебных трох падзелаў нашых зямель у канцы васемнаццатага стагоддзя, то можна ўявіць, як моцна пераплецены нашы карані, якой блізкасцю мы злучаны з палякамі.

Цяпер вучоныя ды гісторыкі пачынаюць пакрысе даследаваць генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў. Пад аб'ект вывучэння трапілі вядомыя князі, ваяводы, кашталяны, гетманы, канцлеры — Радзівілы, Сапегі, Глябовічы, Хадкевічы, Пацы, Вішнявецкія, Агінскія, Астрожскія, Кішкі, Завішы, Тышкевічы, Валовічы, Гальшанскія...

Уявіце, што вы сядзіце за вялізным і доўгім сталом. Справа ад вас сядзяць бацька, маці. За імі — дзяды, прадзеды. Ці ведаеце іх імёны? А далей за сталом, як вокам кінуць, сядзяць пра-пра-пра... Хто яны?

Злева сядзяць — жонка, сын, дачка, унук... Далей, як вокам кінуць, пустыя месцы. Хто зойме іх? Як уславіць дрэва сямейнае?

Шмат гадоў збіраў па зярнятку радавод людзей, якія носяць прозвішча Ліпскі. Карані іх адшукаў амаль ва ўсіх раёнах Беларусі, у Польшчы, Літве, Германіі, Амерыцы, Канадзе, Аўстраліі...

Адразу агаваруся: не дзеля свайго Я вывучаў розныя дрэвы Ліпскіх. Мне цікава было вывучаць усіх людзей паддахам гэтага прозвішча. Яны, аказваецца, здаўна атабарыліся на Беларусі, жывуць, самі таго не ведаючы, пад шматлікімі гербамі. Сотні іншых прозвішчаў уведзены ў гэту радаводную планету, парадніліся з Ліпскімі. Цэлы пласт людзей закрануў сваім даследаваннем. I здабытыя «нагара» навіны спяшаюся перадаць цікаўным і дасціпным чытачам.



Галоўны герой майго дакументальнага аповяду Я жыве пад роз-нымі імёнамі на ўсіх старонках кнігі. Ён жыве і сярод вас, і ў вас саміх. Дык успрымайце яго, якім ён ёсць, і станавіцеся багацейшымі ад гэтага знаёмства.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка