Мы патрапілі зусім не туды, куды імкнуліся, мы наў­сьцяж апынуліся ня там, дзе хацелі быць



старонка1/3
Дата канвертавання19.06.2016
Памер387.24 Kb.
  1   2   3
http://www.dziejaslou.by/inter/dzeja/dzeja.nsf/htmlpage/aku10?OpenDocument

ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ. ВЯЛІКАЯ ЗДРАДА. Суплёт эсэ.



Гэты тэкст, нечаканы мне самому, адасобіўся з цыклу гутарак для Беларускага Калегіуму. Улегшыся ў адукацыйную працу, я раптам адчуў мусовую патрэбу выйсьці за лекцыйны фармат, і скінуць да адной купы ўсё тое думаньне пра Беларусь, што вярэдзіла мяне цягам доўгага часу. Зрэшты, у гэтай эмацыйнай патрэбы была і свая, натуральная, логіка. З ХХ стагоддзем скончылася і вялікая эпоха “буры і націску”, у выніку якой паўстала незалежная Беларусь. Далей пачалося нешта цалкам іншае, — але ніяк не падобнае да таго, аб чым мроілася і марылася на пачатку дзевяностых гадоў.
Мы патрапілі зусім не туды, куды імкнуліся, мы наў­сьцяж апынуліся ня там, дзе хацелі быць.
Чаму так сталася?
Суплёт эсэ “Вялікая здрада” (сюды ўлучанае і сёе-тое з раней апублікаванага) ёсьць маім вымерам адказу на гэтае запытаньне.

Аўтар.

Зачын.
“Калісь яшчэ сьвет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стаяла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нібы камень, нібы што...”
Гэта пачатак аднаго з касмаганічных міфаў беларускай аўтэнтыкі. Я яго нагадаў, каб далей разрозьніць гісторыю Беларусі (абмінаючы пакуль праблему самога этноніма “Беларусь”) і нацыянальную гісторыю. Дык вось, гісторыя Беларусі пачынаецца з таго моманту, калі Пярун ударыў у гэты “нібы камень, нібы што...”, іншымі словамі – са стварэньня сьвету. І яна будзе доўжыцца, пакуль сьвету наканавана існаваць, незалежна ад таго, якімі яшчэ словамі стане пазначацца нашая зямля ў наступныя эпохі і як сябе будуць тады называць насельнікі гэтай зямлі.
Зусім іншая рэч – нацыянальная гісторыя... Нацыянальны чалавек паўстаў з крызы рэлігійнага чалавека і, шырэй, з крызы цывілізацыі рэлігійнага тыпу. Калі гэткае здарылася, тады на цэнтрапалеглае месца, якое раней займала ідэалагема Бога, была пакліканая ідэалагема Нацыі. Як вядома, згаданы тут акт радыкальнай мадэрнізацыі сьветаўладкаваньня адбыўся зусім нядаўна, ад роду яму ўсяго некалькі стагоддзяў. Таму бывае дзіўна чуць пра “старыя” і “маладыя” нацыі, прынамсі, у гістарычным вымярэньні мы, скажам, з немцамі, лічы што пагодкі. (Паміж сьмерцю Гердэра ды Фіхтэ і нараджэньнем Багушэвіча ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў).
Ясная рэч, што Багушэвіч кагадзе згадаўся не выпадкова. З майго гледзішча, менавіта Багушэвіч найбольш паўплываў на расчын нашай нацыянальнай гісторыі, геніяльна сфастрыгаваўшы паэтычны міф з назвай “Беларусь”. Наступная, роўнавялікая Багушэвічу падзея – газета “Наша Ніва”...
З іншага боку, ў канцэптуальным плане мы мелі б прыблізна тое самае, што маем, і бяз Багушэвіча і без “Нашай Нівы”. Было б залішне рамантычна (ці містычна) зьвязваць такія анталагічныя падзеі, як нараджэньне нацыі, з несістэмнымі выпадкамі прыватнага кшталту. Сувязь тут хутчэй цалкам адваротная: і Багушэвіч, і “Наша Ніва” – гэта ўсяго толькі адметныя моманты фармалізацыі новай нацыі, якая ўжо сасьпела, каб выйсьці з латэнтнага стану ў сітуацыю культурнай і геапалітычнай рэальнасьці.
Што да эсхаталагічнай праблемы канца нацыянальнай гісторыі, то яе разьвязаньне палягае ня ў сферы геапалітыкі. Гэтаксама яна не залежыць і ад унутранага развою нацыякультурнага патэнцыялу. І знадворкавыя і уласныя антынацыянальныя чыньнікі могуць марудзіць, замінаць, татальна прэсінгаваць нацыянальную гісторыю, але яны ніколі ня здолеюць перапыніць яе канчаткова да той пары, пакуль ня зьменіцца тып цывілізацыі, у якой нацыянальнае ёсьць актуальным.
Мяркуючы па тым, што чалавек тысячагоддзямі жыў без праблемы нацыянальнага, лагічна выснаваць, што рана ці позна гэткая пара зноў надарыцца і людзі стануць сябе ідэнтыфікаваць (ведаць і разрозьніваць) не па нацыянальным кодзе, а неяк інакш. Ужо ж напэўна калісьці так яно і будзе...
Але, відавочна, яшчэ ня надта хутка. І таму праблема нацыянальнага пакуль застаецца і рэальнай, і актуальнай.

1. Гістарычнае і нацыянальнае.
Нацыя – мадэрновае ўтварэньне. Але ніводная нацыя ня робіць акцэнт на ўласнай навіне, хаця звычайна кожная супольнасьць падкрэсьлівае і вылучае ўсялякі акт радыкальнай мадэрнізацыі, як найлепшы аргумент на карысьць сваёй жыцьцядайнасьці.
У чым тут справа? Чаму нацыя замест таго, каб пафасна дэклараваць уласную мадэрновую сутву, прагне нізрынуцца на самае прадоньне гісторыі, як бы зьнікнуць у атаясамленьні сябе з гісторыяй і ня толькі летапіснай, а і міфалагічнай?
Адным словам, чаму кожная нацыя хоча быць старой нацыяй – як мага больш старой, нават у супраціў гістарычным фактам і хоць якой уцямнай матывацыі?
Каб адказаць на гэтае пытаньне, нам спатрэбіцца згадка пра кнігу Бенедык Андэрсан “Уяўныя супольнасьці”. Аўтар, прааналізаваўшы шляхі фармаваньня нацыяналізму на розных кантынентах, адзначыў (далёка не ўпершыню) адсутнасьць нейкай універсальнай формулы паўставаньня і функцыянаваньня нацыяў. Адсюль і паходзіць яго знакамітая выснова: нацыі – гэта ўяўныя супольнасьці.
Мы, у сваю чаргу, праз гэтую выснову паспрабуем адказаць на ўласнае запытаньне: навошта нацыянальнаму гістарычнае?
Перадусім зьвернем увагу на слова “уяўнае”. Нацыя ня ёсьць нечым рэальным, але паколькі яна ёсьць, адбылася, то шукае спосабы, каб нейкім чынам уцялесьніц­ца ў рэальнае. Адным з найбольш эфектыўных спосабаў гэтага ўцелясьненьня і стала-ся якраз гістарычнае, якое нагружае “ўяўную супольнасьць” рэальнасьцю мінулага.
Само гістарычнае ня ёсьць падставай (прынамсі, непасрэднай) нацыянальнага, але праз упісанасьць гістарычнага ў “астральную” фігуру нацыі, апошняя набывае цялеснасьць у прасторы і часе, а з гэтага і легітымацыю ў ментальным дыскурсе. Вось чаму кожная нацыя звычайна праецыруе на сябе ўсю сацыяльную і культурную гісторыю падлеглага ёй логатопу.
Урэшце, гэткая маніпуляцыя цалкам зразумелая. Бо гістарычная рэтрасьпектыва і дасюль застаецца ці не адзіным (хоць якім) алібі на карысьць рэальнасьці нацыі. Таму, калі мы канчаткова парвем зьвяз нацыянальнага з гістарычным, то ў метафізічнай праекцыі нам застанецца высноўваць нацыянальнае з містычнага, а ў праекцыі рэальнасьці – з футурыстычнага. Аднак, тая жорстка дэтэрмінаваная сувязь, што існавала між імі раней, сёньня выдае на ахранізм.
Разам з тым, нават мноства грунтоўных навуковых дасьледваньняў, якія ў ХХ стагоддзі, здаецца, дарэшты разьвеялі міф аб “старажытнасьці” нацыяў, не зьмянілі ўяўленьня масавай сьвядомасьці аб сваёй нацыянальнай лучнасьці з пракаветнымі прашчурамі. Сьведчаньняў таму ўсюды нямерана, але мы ня станем за імі далёка хадзіць. Згадаем Беларусь канца васьмідзясятых – пачатку дзевяностых (ХХ стагоддзя), калі магутная хваля нацыянальнага Адраджэньня ўзножыла краіну. Дык вось, не зьвяртаючы ўвагі на ўсю сучасную аналітыку гэтай праблемы, ідэолагі і тэарэтыкі Адраджэньня ўлегліся рэканструяваць яго нацыянальную складовую ад першых летапісных зьвестак пра гісторыю нашага краю. І па сёньня тая канструктыўная хімера застаецца дамінуючай у масавай сьвядомасьці, хаця, здаецца, ужо даўно пара было б унікнуць штучна-прымусовага задзіночаньня несумерных ды несуладных феноменаў з розных часоў i розных прастораў у адной задушлiвай цэлi. Але нам усё яшчэ падаецца цалкам абгрунтаваным сашчэплiваць ідэяй нацыянальнай Беларусi ў нейкую вектарна пасьлядоўную i трывалую еднасьць Усяслава Чарадзея i Цiшку Гартнага, Кiрылу Тураўскага i Стэфана Баторыя, Сымона Буднага i Пятра Машэрава, Полацкае княства, Рэч Паспалiтую i БССР, крэваў, лiцьвiнаў, русiнаў, яцьвягаў, вялiкалiтоўцаў, тутэйшых, крэсавякаў, беларусаў, мы-рускiх...
Колькi не адно iдэалагiчна, а i iдэалагемна амаль нiякiм чынам не стасоўных сусьветаў спрадвеку табарылася ў нашай прасторы i з якiм дзiвам, абурэньнем цi рогатам успрыняла б бальшыня герояў тых размаiтых i ўжо даўно прамiнулых сусьветаў зьвестку з будучынi, што яны, атрымлiваецца, працавалi, змагалiся, пакутавалi i ахвяравалi сваiмi жыцьцямi на карысьць iдэi нацыянальнай Беларусi, i таму цяпер фiгуруюць адныя ў пантэоне, а другiя ў iканастасе змагарных ваяроў i сьвятых пакутнiкаў гэтай iдэi.
Дзіўная аблуда… Усе тыя людзi жылi ( нi сном, нi духам ведаць ня ведаючы пра нейкую там Беларусь), а падзеi здаралiся дзеля зусiм адрозных, i ў кожным разе апрычоных задачаў i мэтаў, — мiж iншым, арганiзаваных ды iдэалагiчна забясьпечаных нейкiмi ўласнымі стратэгiямi, што робiць ужо зусiм непрыстойным бясконцае перацягваньне нябожчыкаў за вушы з адных iдэалагемаў ў другiя... I на якую такую трасцу нам гэтыя ня вельмi далiкатныя i ня надта плённыя некрафiльскiя мiтрэнгi?! Вунь ужо колькi ўсяго панацягвалi, а сэнсу? Няўжо ня бачна, што ўнiверсалiсцкi ўцэнтраваная ідэя нацыянальнай Беларусi так i не змагла (i не магла i ня зможа — тым болей у кантэксьце сучасных сьветаглядных тэндэнцыяў) ахапiць, злагодзiць i жыцьцядайна дапасаваць да свайго эйдычнага фантома ўсе тыя шматлiкiя дыскурсы рэальнага бытнага, што разгортвалiся ў гэтым логатопе цягам тысячагоддзяў.
Зрэшты, апошняе запытаньне было звычайнай рыторыкай. Крызiс iдэi нацыянальнай Беларусі (у моўна-этнаграфічнай персьпектыве) навiдавоку, як навiдавоку i спробы пераадолець яго праз замену адной збанкрутаванай логацэнтрычнай уявы на такую самую, але іншую. Сярод «іншых» сёньня найперш міжсобку канкуруюць за лiдэрства канцэпты крываў i лiцьвiнаў. Малаверагодна, што адзiн з гэтых двух канцэптаў цi нейкi яшчэ трэцi хоць у якой аддаленай віртуальнасьці пераможа хай сабе ўжо i збанкрутаваную iдэю нацыянальнай Беларусi ды зойме цэнтрапалеглае месца ў iдэалагемнай кампазiцыi нашага бытнаваньня. Аднак, калi падобнае i здарыцца, то з гэтага вялiкага гармiдару мы будзем мець раўнютка тое самае, што маем i цяпер. Усяго толькi i зьявiцца навiна, што ў той пераможнай кампазiцыi на месцы ўжо звыклых гістарычных фiгураў і падзеяў будуць упiсаныя раней занатаваныя адно на маргiналiях альбо тады ўвогуле адсутныя. Бо паводле сваёй логацэнтрычнай сутвы нацыянальная iдэя Крываў (як i Лiцьвiнаў) нiчым не розьнiцца ад iдэi нацыянальнай Беларусi, i гэтаксама як апошняя ахоплiвае толькi адно з вымярэньняў дыскурсу Беларусi, адсякаючы i марнуючы ўсе шматлiкiя iншыя.
I што з усяго гэтага вынiкае? Ды тое, што як па-добраму, то ўжо пара было б нам неяк пакрысе пераставаць займацца марнатраўствам уласных энергii ды часу. Сэнс нязробленага — заставацца нязробленым. I паколькi ў свой час нам не было наканавана выштукаваць на гістарычным подзе ўсялякiя цэнтрапалеглыя канструкцыi i абстракцыi, у тым лiку i такiя як, скажам, нацыянальная iдэя i нацыянальная дзяржава, то i ня трэба сёньня жыць прамiнулым днём, згодна прымаўкi: лепей позна, чым нiколi... Ніяк ня лепей позна, хаця часам i вельмi карцiць, каб у нас усё хоць калi было, як у суседзяў было некалi. Тае бяды. Ня станем лiшне нурыцца з таго, што ў нашай гiсторыi адсутнiчае колькi там эпохаў сацыяльнай фармалiзацыi iдэальных унiверсалiяў. Бо праблема палягае зусiм у iншым, а менавiта ў тым, што i цяпер мы ўсё яшчэ глядзiм на сьвет праз бельмы сiмулякра гамагеннай нацыі i таму ня бачым Беларусь як дыскурс шматлiкiх i разнастайных сусьветаў, якiя без калецтва кожнага з iх ня могуць быць паяднаныя ў нейкую агульнасьць нiчым яшчэ, акрамя як дыскурсам Беларусi.

2. Рэлігійнае і нацыянальнае.
Як ужо казалася ў прэамбуле, “Нацыянальны чалавек паўстаў з крызісу рэлігій­нага чалавека і, шырэй, з крызісу цывілізацыі рэлігійнага тыпу. Калі гэткае здарылася, тады на цэнтрапалеглае месца, якое раней займала ідэалагема Бога, была пакліканая ідэалагема Нацыі”... Але такое здарыцца няхутка, да гэтага еўрапейскаму чалавецтву будзе наканавана больш як на паўтары тысячы гадоў схавацца ў татальна рэлігійнае жыцьцё.
Рэлігійная канцэпцыя бытаваньня чалавека ў гранічна аголенай і максімальна спрошчанай схеме выглядае прыкладна так: ёсьць Бог і ёсьць адзін, сам-насам, чалавек. І больш нікога і нічога няма, прынамсі, усё астатняе неістотнае... Бог і чалавек зьвязаныя між сабою верай чалавека ў Бога і любоўю (хаця гэта часам і выклікае сумнеў) Бога да чалавека.
Праўда, з цягам часу выявілася, што звязка Бог-чалавек функцыянуе куды больш прадуктыўна, калі мае свайго пасярэдніка, інстытут Бога. У нашым выпадку ім сталася Царква. Яна мацуе веру чалавека і тлумачыць прынцыпова невытлумачальную трансцэндэнцыю Бога. Вось і ўсё. Гэтым ў схеме і вычэрпваецца рэлігійны тып цывілізацыі. І для такога спосабу існаваньня непатрэбныя ні Франь­цішак Скарына, ні Леў Сапега, ні Сімяон Полацкі і нават Лазар Богша не патрэбны, бо ў дачыненьнях паміж Богам і чалавекам дзьве змацаваныя накрыж трэскі маюць аднолькавую каштоўнасьць з крыжам Еўфрасіньні Полацкай. А, верагодна, трэскі – нават і большую. Бо эстэтычна самакаштоўная аздоба ўраўноўвае знак трансцэндэнтнага з творчым актам чалавека і ў пэўным сэнсе нават супрацьпастаўляе людскае боскаму — спакушае веру культурай. У той час, як ідэал рэлі­гійнага ладу жыцьця найлепей выяўляе наступная трыяда: пячора, аскеза, пустэльнік. Век апошняга належыць віртуальнаму дыялогу з Богам і чаканьню персанальнай сустрэчы з Ім у дзень Апакаліпсісу...
Ідэальны вернік ня лучыць сябе ні з мінулым ні з будучыняй, ён па-за людствам, па-за гісторыяй, па-за быційнасьцю. Ён адразу і назаўжды – суб’ект вечнасьці, для якога іманентнае зямное жыцьцё, толькі прыкрая недарэчнасьць, на якую пажадана як мага хутчэй забыцца.
Калі б не зацятая апазіцыйнасьць быційнай культуры, то зусім верагодна, што рэлігійная артадаксальнасьць была б даведзеная да лагічнага абсалюту і ў скутку хрысьціянскі варыянт цывілізацыі нагадваў бы глухое напаўдзікунскае мястэчка Назарэт, уся акраса жыцьця якога згорнутая да відовішчаў містычнага экстазу вандроўных месіяў. Зрэшты, Еўропа ў прамежку ад скананьня Рымскай імперыі і да пярэдадня Рэнесансу была амаль што гэткім самым Назарэтам.
Уcталяваньне хрысьціянства – гэта магутная па сваіх маштабах акцыя з мэтай перавесьці цывілізацыю з інтэлектуальнага спосабу быцьця на інтуітыўны, з рацыянальнага на ірацыянальны. Як казаў Тэртуаліан: “Пасьля Ісуса Хрыста нам не патрэбнае веданьне, а пасьля Сьвятога Дабравесьця – пошукі”.
На рацыянальным антычным ладзе жыцьця быў пастаўлены ірацыянальны хрысь­ціянскі крыж. Больш за тысячагоддзе еўрапейскія народы існавалі ў межах рэлігій­нага закону, сфармуляванага Нікейскім саборам. Без перабольшваньня можна сьцьвярджаць, што царква зрабілася формай і мерай сьвету. Па словах Іаана Салсберыйскага, яна стаяла “над усімі царамі, царствамі, дзеямі, чалавекамі і народамі”.
Эпоху першай буйнай паразы Рэлігіі мы называем Рэнесансам. Менавіта з гэтай эпохі ірацыянальная сутва сьветагляду зноў пачынае саступаць рацыянальнай. На нашай зямлі канец ірацыянальнага абсалютызму быў зафіксаваны фактам стварэньня Статута Вялікага княства Літоўскага. Статут – быційная альтэрнатыва рэлігійнаму закону, ён сьведчаньне расколу цэльнага вобразу існаваньня на два складнікі: зямны і нябесны; надалей яны яшчэ доўга будуць існаваць у агульным ладзе, але ўжо кожны паасобку. Аднак праз пэўны час “зямны” чыньнік станецца спрэс дамінуючым, калі ўнутры самога сябе вынайдзе альтэрнатыву Рэлігійнаму. Імя гэтай альтэрнатывы – Нацыя.
Феномен нацыі і па-сёньня застаецца толькі названым, але не вытлумачаным. Скуль гэтая патрэба ў чалавеку быць належным да пэўнай супольнасьці людзей, адчуваць адказнасьць за яе гістарычны лёс і нават ахвяраваць дзеля яе сваім жыцьцём? Чаму чалавеку не хапае быць чалавекам, а патрэбна яшчэ беларусам звацца? З чаго гэта яму замала самога сябе, сваёй сям’і, сябрыны, суседзяў, чалавецтва ўрэшце? Тым болей, што Нацыя – не гарант бясьпекі, як Дзяржава, не надзея на па-за існае векаваньне, як Рэлігія. У прагматычным сэнсе чалавеку з Нацыі аніякай карысьці. І ўвогуле, з пэўнага гледзішча Нацыя – гэта толькі слова, агульнае найменьне – “номен”. (Універсаліі рэальна не існуюць, магчыма і слушна сьцьвярджалі схаласты сярэднявечча — ёсьць толькі адзінкавае, “рэс сінгулярэс”).
Яшчэ адзін цьмяны бок феномена Нацыі – гэта яе вызначальная роля ў стварэньні новаеўрапейскіх дзяржаваў, а пазьней – і на іншых кантынентах сьвету. Новы час прадэманстраваў выразна акрэсьленую тэндэнцыю згортваньня Дзяржавы ў памер нацыянальна-этнічных межаў. Найлепшым сьведчаньнем таму сістэмны распад вялікіх і малых імперыяў. Натуральна, Дзяржава ня мела ніякай ахвоты ўціскацца ў памер Нацыі, але іншага выйсьця ў яе не было. Нечакана для самой сябе, некалі самадастатковая і пыхлівая Дзяржава неўпрыкмет ператварылася ўсяго толькі ў вартаўніка, які ахоўвае нацыянальны сад і адначасна падпрацоўвае садоўнікам у гэтым садзе.
Але ўзаемадачыненьні Нацыі і Дзяржавы – іншая тэма і мы яе пакуль пакінем.
Рэлігія таксама не імкнулася ісьці ў паслужкі да Нацыі, аднак у сітуацыі крызісу рэлігійнага сьветаўладкаваньня, каб заставацца, быць – яна, з перыяду Рэфармацыі, мусіла падладжвацца спачатку пад патрэбы Дзяржавы, а затым – Нацыі. Дарэчы, кальвінізм, лютэранства, уніяцтва і да таго падобнае – гэта ня што іншае, як выдзяленьне з універсальнай прасторы рэлігійнага тых лакальных дыскурсаў, якія ў большай меры тоесьніліся з сугестыяй нацыянальнага...
Агульную тэндэнцыю да нацыяналізацыі Рэлігіі выразна акрэсьліў прынцыпова немагчымы раней пераклад Бібліі на нацыянальныя мовы, – у друку распачаты немцам Лютэрам і неўзабаве працягнуты беларусам Скарынам.
Працэс нацыяналізацыі рэлігійнага ахоплівае стагоддзі і, натуральна, у розных краінах ён складваўся па-рознаму. У зьвязку з вылучанай праблемай мы зьвернем увагу толькі на нашых бліжэйшых суседзяў. Спачатку цытата з Бярдзяева: ”Расейская гісторыя прадэманстравала выключна ўнікальнае відовішча – абсалютную нацыяналізацыю царквы Хрыстовай, якая вызначае сябе як сусьветную. Царкоўны нацыяналізм – характэрная расейская зьява, ім наскрозь прасякнутая стараверства. Але той самы нацыяналізм уладарыць і ў пануючай царкве”.
Ня станем засяроджвацца на сьцьвярджэньні выключнасьці нацыяналізму ў расейскай царкве. Расейскай ментальнасьці характэрна надаваць статус выключнасьці ўсяму, што дзеецца ў Расеі. Спынім увагу адно на самой характарыстыцы сітуацыі ў расейскай царкве, якая наўпрост аргументуе нашыя папярэднія развагі... (Праўда, тут бадай ня лішне будзе яшчэ раз нагадаць агульнавядомае: у Візантыі, у адрозьненьне ад Сьвяшчэннай Рымскай імперыі, Царква ад пачатку была адзяржаўленай і ў такой якасьці перайшла да спадчыньнікаў. Таму ў Расеі Царква ніколі не працавала непасрэдна на ідэю Рэлігіі. Наперадзе заўсёды былі альбо патрэбы Дзяржавы, альбо, пазьней, Нацыі, а ўжо потым, пры магчымасьці, патрэбы самой веры.).
Трохі інакш азначаная сітуацыя складвалася ў Польшчы. Надоўга пазбаўленая дзяржаўнасьці, польская нацыя абапіралася на Касьцёл і гуртавалася Касьцёлам (як у зусім іншую эпоху маскоўцы гуртаваліся Царквой супраць Арды). У выпадку з Польшчай уяўляе цікавасьць той факт, што нават у адсутнасьці Дзяржавы, Нацыя можа ператварыць Рэлігію ў магутны сродак свайго фармаваньня.
Цяпер колькі словаў пра нашую Бацькаўшчыну. Мы высьпелі як Нацыя без непасрэднага ўдзелу Царквы. Калі на абшарах нашай краіны адбывалася адзержаўленьне Рэлігіі (ВКЛ, Рэч Паспалітая), Нацыя яшчэ ня высьпела. Калі Нацыя высьпела, ужо не было ні сваёй Дзяржавы, ні сваёй Царквы.
Мы вызначыліся ў прасторы і часе выключна як быційная самасьць. Бо мала таго, што Рэлігія на Беларусі, як і кожная Рэлігія ў любым іншым месцы, драбіла этнас на паасобныя суб’екты і гэткім чынам вышморгвала нашых продкаў, так бы мовіць, па вертыкалі з быційнасьці ў трансцэндэнцыю, дык яна яшчэ і шкамутала этнас па гарызанталі. Канфесійная розналежнасьць цягнула Нацыю адразу ў розныя бакі, як лебедзь, рак і шчупак крылоўскі вазок. І калі б не быційная, а рэлігійная культура была асновай беларускай Нацыі, то ад нас ужо даўно і шматкоў не засталося б.
Рэлігія так мала нам дала, раўнуючы з адабраным у нас, што, на першы погляд, пра нейкую карысьць ад яе нацыянальнаму і казаць няма чаго. Але гэта не зусім так. Праз уласную волю яна зрабіла важкі ўнёсак у фармаваньне нашай быційнай культуры. Асьвета, адукацыя, маральна-эстэтычная канстытуцыя – усё гэта адбывалася праз актыўны ўдзел Рэлігіі, хаця і незалежна ад яе памкненьняў, па азначэньні скіраваных у бок Варшавы, Масквы ці Бога.
Аднак факт застаецца фактам: нашая Нацыя сфармавалася і паўстала ня толькі насуперак суседнім дзяржавам, але і без непасрэднага ўдзелу Рэлігіі. (Ну, а што насуперак Рэлігіі, то гэта натуральна – такім ёсьць шлях кожнай Нацыі).
Сёньня мы, у параўнаньні з суседзямі, лічы чысты феномен быційнай культуры, прынамсі, на апошнім этапе нацыянальнага высьпяваньня беларусы абыхо­дзіліся выключна ўласнымі сіламі, паўставалі самі з сябе. Хаця тут трэба пад­крэсьліць, што менавіта на апошнім этапе, бо калі мерыць на глыбіню ўсёй мінуўшчыны, якая папярэднічала паўставаньню Нацыі, то нельга не заўважыць, што ідэя ірацыянальнага ладу жыцьця ўплывала на нас ня з меншай сілай, чым на іншыя еўрапейскія супольнасьці, і роля Рэлігіі ў нас была адпаведнай, і нават Царква, лічы, была адзяржаўленай.
Але збольшага натуральны, як для еўрапейскага народу, працэс быў спынены ў апакаліптычных войнах сямнаццатага і наступных стагоддзяў, калі папярэдні беларусам этнас быў вынішчаны амаль да каранёў. Натуральна, гэтаксама лёс абыйшоўся і з нашай Дзяржавай, і з нашай Царквой. Таму беларуская нацыя паўстала на тле ня ўласнай, а ўніверсальнай крызы рэлігійнага. Апошняе фармальна ніяк не адбілася ні ў спосабе, ні ў канструкце легалізацыі нацыянальнага. Аднак па сутнасьці страта была непапраўнай, бо, як сьведчыць досьвед іншых народаў, Нацыя толькі тады досыць хутка набывае паўнавартасны і самадастатковы чын, калі фармалізуецца праз нацыяналізацыю Дзяржавы і Царквы (ці хаця б аднаго з гэтых інстытутаў). У супрацілеглым выпадку гісторыя рыхтуе Нацыі вельмі пакручасты і цалкам няпэўны шлях. Беларусы добра гэта ведаюць.
Іншая рэч, што яны трагічна памыляюцца, калі ўскладваюць свае спадзяваньні на Веру і Царкву ў справе пабудовы Нацыі і нацыянальнай дзяржавы. Як ні дзіўна, але і найразумнейшыя з беларусаў не жадаюць заўважаць канцавога антаганізму паміж Рэлігіяй і Нацыяй, іх сьмяротнага двубою, дзе адно перамагае толькі коштам другога. З дзіцячай непасрэднасьцю нашыя рамантыкі амбівалентна спрабуюць злагодзіць у сваім сэрцы самую шчырую любоў да Бога і самую апантаную любоў да Нацыі (для мяне няма больш трагічнага відовішча, чым укленчаны беларус, які моліць Бога, каб той зьбярог ягоную нацыю). А між іншым, яшчэ за дзьве тысячы гадоў да зьяўленьня Нацыі, Бог (зноў зьдзівімся Ягонай відушчы) сурова папярэдзіў сваіх будучых вернікаў, якія памкнуцца ўзяць на душу грэх нацыяналізму: “Няма ні эліна, ні іўдзея”.
“Застаецца па-за сумневам, што самасьцьверджаньне нацыі з гледзішча хрысь­ціянскай рэлігійнасьці ёсьць грэхам. Праблема нацыянальнасьці можа быць зьдзейсьненай у нацыяналістычным накірунку толькі ў варунках адмовы ад тых ісьцінаў, што сьцьвярджае хрысьціянства. Да хрысьціянства значна бліжэйшыя тыя прыхільнікі інтэрнацыяналізму, якія цалкам ігнаруюць нацыяналізм, чым тыя нацыяналісты, што выдаюць сябе за хрысьціянаў” (Аляксандар Мейер).

3. Уласна нацыянальнае.
“З усіх сьветапоглядаў і веравызнаньняў, якія змагаюцца за душы людзей у сучасным сьвеце, найбольш распаўсюджанай і трывалай зьяўляецца нацыянальная ідэя. Іншыя ідэі дасягнулі больш значнага, але часовага посьпеху ці знайшлі сабе апірышча ў адной пэўнай краіне. Некаторыя сьветапоглядныя сістэмы ўздымалі людзей на больш гераічныя ці нават жахлівыя дзеяньні. Але нішто не змагло так пасьпяхова ўсталявацца ў кожнай частцы сьвету, прывабіць столькі людзей рознага жыцьцёвага досьведу ў розных краінах, як нацыяналізм... Ні адна іншая ідэя не праяўлялася ў такіх разнастайных абліччах і не перажывала часовы заняпад толькі дзеля таго, каб пасьля стаць яшчэ больш моцнай і трывалай. Ні адзін іншы сьветапогляд не пакінуў такога моцнага адбітку на мапе сьвету і на нашым пачуцьці саматоеснасьці. Перш за ўсё нас атаясамліваюць з нашай “нацыяй”.
Гэтымі словамі распачынае сваю кнігу “Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі” Энтані Сміт, сёньня адзін з самых вядомых дасьледчыкаў абранай намі праблемы. (Дарэчы, у 1995 годзе згаданая кніга Энтані Сміта была выдадзеная на беларускай мове ў серыі “Адкрытае грамадства”).
Феномен нацыянальнай ідэі сапраўды ўражвае сваёй універсальнасьцю, але не ўніверсальнасьцю канона, як, скажам, хрысьціянства ці будызм, а прыдатнасьцю, дапасаванасьцю, стасоўнасьцю да самых розных соцыа-культурных і геапалітычных канфігурацыяў, у якіх яна фармалізуецца. З гэтага і зьместам, і формай нацыянальная ідэя ў розных краінах часам нават рашуча адрозьніваецца і бадай толькі “вялікая салідарнасьць” (Эрнэст Рэнан) прыпадабняе ўсе нацыяналізмы адзін да аднаго.
Панятак “нацыя” (ад лацінскага natio – племя, народ) мае доўгую і пакручастую гісторыю, за часы якой, здаралася, ягоная семантыка зусім мала чым нагадвала тую, што вядомая сёньня. Але мы ня пойдзем разблытваць гэтыя шляхі, бо нас цікавіць ня тэрмін, а сама зьява, якая пачала канкрэтна “матэрыялізоўвацца” (тут меркаваньні шматлікіх дасьледчыкаў збольшага сыходзяцца) у пару нараджэньня сярэдняга класу, буржуазіі, капіталізацыі грамадства і урбанізацыі соцыума.
Натуральна, легітымнай і адназначнай кропкі адліку (што ў часе, што ў прасторы) для гэтай праблемы ніхто ніколі ня знойдзе. І таму ў залежнасьці ад абранай пазіцыі і метадалогіі, дасьледчыкі шукаюць першапачаткі нацыянальнай ідэі ў самых розных падзеях. Скажам, у сваю пару была досыць распаўсюджанай канцэпцыя, згодна якой перадумова гэтай ідэі найраней выявілася ў сярэднявечным руху за тысячагоддзе Валадарства Божага на зямлі — больш чым спрэчная канцэпцыя, пра што кажа і Энтані Сьміт.
Асабіста мне (сярод усіх іншых) найбольш пасуе простая і выразная маркі­роўка гэтага пачатку, зробленая тым жа Энтані Смітам: “Першае яснае фармуляваньне гэтай (нацыянальнай – В. А) ідэі адбываецца ў пару Французскай рэвалюцыі. У тэкстах таго часу мы можам прачытаць, што адно нацыя зьяўляецца сапраўдным суверэнам, што чалавек павінен быць аддана перадусім нацыі, і што толькі нацыя можа ўсталёўваць свае законы для сваіх грамадзянаў. Тут таксама ўпершыню можна пачуць заклікі да зброі ў абарону Бацькаўшчыны (patrie) і думку пра тое, што “грамадзянін” Францыі мае пэўныя правы і абавязкі. Хоць Французская рэвалюцыя была ня першай праявай новай “нацыянальнай” эпохі, яна была першай гістарычнай падзеяй, падчас якой добраахвотна аб’яднаныя грамадзяне дзейнічалі на карысьць “нацыі”, а не дынастыі. І ўпершыню грамадзяне намагаліся распаўсюдзіць адзіную культуру і адзіную мову на ўсе рэгіёны сваёй краіны, зламаць усе бар’еры паміж гэтымі рэгіёнамі, стаць адзінай нацыяй, адданай адной ідэі”.
Тыпалагічныя праблемы Нацыі яшчэ больш заблытаныя, чым храналагічныя. Ня будзем сягаць на іншыя кантыненты, але нават у Еўропе, радзіме гэтага феномену, розныя дасьледчыкі базавымі прапануюць самыя розныя мадэлі, на падставе якіх усе іншыя кадыфікуюцца ў залежнасьці ад меры іхняй мадыфікацыі.
Як і ў выпадку з храналагічнай праблемай, для сябе мы абярэм самы просты і выразны канцэпт, які падвойваецца на гэтак званую “французскую” і “нямецкую” мадэлі.
“Французская” канцэпцыя нацыі робіць акцэнт на грамадзянскай супольнасьці, а “нямецкая” – на моўна-этнічнай (калі заўгодна – расавай). Відавочна, што зводзіць іх у нешта адно, хай сабе і праз апазіцыю, можна толькі ў ракурсе метадалогіі, бо іх сутнасныя ядры, як і вектары праекцыі на рэальнасьць ня проста супрацілеглыя, а рознавымерныя.
У рамках пастаўленай задачы, далей нам трэба згадаць пра праблему сістэматызацыі тых сацыяльна-гістарычных падвалінаў, на якіх паўставалі нацыі. Відавочна, што “стартавыя магчымасьці” у розных нацыяў былі розныя, ды і распачыналі яны свой шлях далёка не ў адначасьсе, а значыць нават і цывілізацыйна зусім у непадобных умовах. Да таго ж даводзіцца ўлічваць, што для многіх нацыяў рух на дыстанцыі ад “старту” да “фінішу” не аднойчы і, здаралася, надоўга перапыняўся. У гэтым сэнсе прыклад Беларусі зьяўляецца хутчэй адной з нормаў, а не выключэньнем.
У сваім памкненьні да сістэматызацыі “падвалінаў”, перадусім выдзелім нацыі, якія паўсталі ва ўлоньні на той час існуючых дзяржаўных утварэньняў і змаглі іх досыць хутка нацыяналізаваць, гэта значыць уціснуць Дзяржаву ў Нацыю, хай і не бяз пэўных стратаў, часам і вялізных, як у выпадку з Брытанскай імперыяй (і ня мае значэньня, што канчатковы распад імперыі адбыўся толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя). Акрамя Англіі ў гэты хаўрус першымі просяцца Францыя ды Іспанія.
Наступную групу мы сфармуем з краінаў, якія праз нацыянальнае задзіночаньне змаглі аднавіць сваю, раней страчаную дзяржаўнасьць. Сярод самых выразных прыкладаў згадаем Германію, Італію і Польшчу. Магчыма да гэтай групы трэба далучыць краіны, якія былі заснавальнікамі вялікіх імперыяў (Турцыя – Асманскай, Аўстрыя і Венгрыя – Аўстра-Венгерскай), а пасьля іх развалу, з парэшткаў сваёй імперскай велічы, стварылі нацыянальныя дзяржавы.
Але магчыма іх, на роўні з астатнімі, больш карэктна будзе занесьці ў трэцюю групу, а менавіта да ўсіх тых нацыяў, што паўсталі ў выніку распаду гэтых (ды іншых) імперыяў. Бо ні па часе, ні па спосабу паўставаньня Турцыя мала чым адрозьніваецца ад, да прыкладу, Балгарыі, а Аўстрыя ад Чэхіі (і г.д.).
Праўда, пры такім падыходзе задача сістэматыка ўскладняецца тым, што бадай кожная нацыя, якая ўладкавалася хоць на якім фрагменце былой (хоць якой) імперыі, імкнецца знайсьці (і знаходзіць) у сваім мінулым свой дзяржаўны аналаг (Украіна – Кіеўскую Русь, Беларусь – Полацкае княства і ВКЛ, Туркменія – імперыю сельджукаў, і г.д., і да т.п.).
Але, падобна, разблытваць (ці заблытваць?) што тут да чаго – задача не культуралогіі, а міфатворчасьці.
Мы ж, са свайго боку, проста яшчэ раз падкрэсьлім тры базавыя пазіцыі, якія складаюць аснову прапанаванай сістэмы паўставаньня нацыяў:
1. Нацыі, якія нацыяналізавалі існыя дзяржавы;
2. Нацыі, якія адрадзілі былыя дзяржавы;
3. Нацыі, якія самі з сябе стварылі нацыянальныя дзяржавы.
Натуральна, гэтая схема не адмаўляе і камбінацыі з розных пазіцыяў.
(Наастачу заўважым, што метадалагічна прапанаваны тут падыход часткова супадае з тым, што мы сустракаем у Эрнэста Гельнера. Глядзіце ягоную працу “Нацыі і нацыяналізм”).

: media -> library
library -> Жанчына як “іншае” ў дыскурсе беларускай дэмакратыі
library -> Вал. Акудовіч Улада і мова
library -> Ігнат Абдзіраловіч
library -> Democracy and the ethical life
library -> Традыцыяналісцкі пагляд на традыцыю: „прэзумпцыя аўтахтоннасьці”
library -> Аляксандр К’ёсэў
library -> Тацяна Чыжова. Статус суб’екта сацыяльна-гістарычнага працэса ў філасофіі К. Маркса
library -> Валянцін Акудовіч мяне няма: роздумы на руінах чалавека
library -> «Беларусь – краіна, выклятая геаграфіяй ды гісторыяй» The New York Times, 31 жніўня 1996, стар. А19
library -> Праблематыка і парадак дня савецкай эліты канца 1980х — пачатку 1990х гадоў


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка