М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы



старонка12/17
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.64 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17

Схема бактэрыялагічнага даследавання на кампілабактэрыёз


Мікаплазмы і мікаплазмозы

Мікаплазмозы – кантагіёзныя захворванні розных сельскагаспадарчых і хатніх жывёл, а таксама птушак і чалавека, якія характарызуюцца перы-, плеўра- і бронхапнеўманіямі, мастытамі, запаленнем урагеніталій, цэнтральнай нервовай сістэмы, полісеразітамі, поліартрытамі, кератаканьюктывітамі і іншымі, працякаюць часцей латэнтна і хранічна, зрэдку – востра. Сярод мікаплазмозаў жывёл выдзяляюць захворванні, якія з’яўляюцца самастойнымі назалагічнымі формамі.

Мікаплазмы - пракарыётныя мікраарганізмы, у якіх адсутнічае клеткавая сценка, так як трохслойная мембрана не здольная сінтэзаваць пептыдаглікан і яго папярэднікаў (мурамавую і дыямінапімелінавую кіслоты). Мікаплазмы характарызуюцца наступным комплексам прыкмет:


  • адсутнасць клетачнай сценкі;

  • рэзістэнтнасць да пеніцыліну, які прыгнечвае сінтэз пептыдаглікану;

  • большасць расце калоніямі, форма якіх нагадвае яечніцу-глазунню, у якой часта цэнтр прыпадняты;

  • характэрны палімарфізм клетак;

  • для іх росту патрэбны стэролы і натыўны бялок (за выключэннем ахолеплазм);

  • фільтруюцца праз поры памерам 450 нм;

  • пры рэпрадукцыі магчымы: пачкаванне, сегментацыя галінастых і ланцужковых форм, элементарныя цельцы, простае дзяленне;

  • выклікаюць гемадсорбцыю, гемаглюцынацыю і лізіс эрытрацытаў рознага паходжання;

  • маюць выразныя антыгенныя адрозненні;

  • падобны да L-форм бактэрый, але рэверсіі ў бактэрыі не адбываецца.

Класіфікацыя мікаплазм.

Мікаплазмы адносяцца да аддзелу Tenericutes, класу Molicutes, парадку Mycoplasmatales, які складаецца з трох сем’яў:



  • Mycoplasmataceae – мікаплазмы;

  • Acholeplasmataceae – ахолеплазмы;

  • Spiroplasmataceae – спіраплазмы.

Сям’я мікаплазм дзеліцца на два роды: Mycoplasma і Ureaplasma. Усе прадстаўнікі роду мікаплазм стэролазалежныя і патрабуюць для росту экзагеннага халестэрыну, не гідралізуюць мачавіну. Род Mycoplasma мае 76 відаў, якія выклікаюць захворванні:

  • M.mycoides subsp. mycoides - кантагіёзную перы-, бронха-, плеўрапнеўманію буйной рагатай жывёлы;

  • M.mycoides subsp.capri – інфекцыйную плеўрапнеўманію козаў;

  • M.agalactiae - інфекцыйную агалактыю авечак і козаў;

  • M.gallinarum – рэспіраторны мікаплазмоз, аэраваскуліты, запаленне палавых органаў у курэй, індычак, гусей, качак;

  • M.synoviae – інфекцыйны сінавіт курэй і індычак;

  • M.flocculare – энзаатычную пнеўманію свіней;

  • M.gallisepticum – трахеіт і аэраваскуліт у курэй;

  • M.anatis – запаленне рэспіраторных органаў у качак;

  • M.gallopavonis – сінусіт і аэраваскуліт у індычак;

  • M.meleagridis – аэраваскуліт, дэфармацыю костак у індычак;

  • M.pullorum – трахеіт у куранят;

  • M.bovigenitalium – мастыты, запаленні мочапалавых органаў у буйной рагатай жывёлы;

  • M.bovoculi – кератакан’юнктывіт у цялятаў і іншыя.

Род Ureaplasma прадстаўлены двума відамі, адзін з якіх Ureaplasma urealiticum. Гэта таксама стэролазалежныя мікаплазмы, якія гідралізуюць мачавіну.

U.urealiticum – выклікае хранічныя запаленчыя працэсы урагенітальных органаў, піеланефрыты, паталогіі пладоў жывёл і чалавека, выдзяляецца з насенневай вадкасцю бугаёў.



Сям’я ахолеплазм аб’ядноўвае стэроланезалежныя мікраарганізмы. Род Acholeplasma ўключае 9 відаў. Характэрнымі прадстаўнікамі з’яўляюцца:

  • A.laidlawii – удзельнічае ў рэспіраторных захворваннях, урагенітальнай паталогіі, мастытах прыматаў, БРЖ, коней, свінняў, кошак, сабак і птушак;

  • A.granularum – утрымліваецца ў рэспіраторных і іншых органах свінняў і чалавека.

Сям’я спіраплазм, стэролазалежных, мае адзін род Spiroplasma, маючы тры віды, што выклікаюць захворванні грызуноў і куранят, выдзяляюцца ад кляшчоў і насякомых.

Матэрыял для даследавання:

  • для выдзялення ўзбуджальніка плеўрапнеўманіі БРЖ даследуюцца бранхіяльная слізь, пунктат лімфатычных вузлоў, плеўральны экссудат;

  • кроў (15...20 мл для сералагічнага даследавання – РЗК пры хранічных і РЗГА – пры вострых захворваннях; РПГ, РІФ);

  • для выдзялення ўзбуджальніка агалактыі авечак і козаў ад хворых жывёл – малако, выдзяленні з вачэй, вадкасць з суставаў і ацёчных тканак; ад загінулых ці вымушана забітых – парэнхіматозныя органы, кроў, лімфатычныя вузлы;

  • для выдзялення ўзбуджальніка рэспіраторнага мікаплазмозу курэй і індычак ад трупаў і вымушана забітых – саскрэбы са слізістых абалонак гартані, трахеі, сценкі паветраносных мяшкоў, часткі лёгкіх, галаўны мозг (пры адсутнасці паталагаанатамічных змяненняў у дарослай птушкі даследуюць жаўточныя мяшкі, лёгкія, трахеі эмбрыёнаў апошніх дзён інкубацыі і 1...2 суткавых куранят);

  • пры ўзяцці матэрыялу пры іншых мікаплазмозах улічваюць месца лакалізацыі ўзбуджальніка;

  • матэрыял перасылаюць у лабараторыю з кур’ерам у тэрмасе з лёдам ці ў замарожаным выглядзе ў сумках-халадзільніках.

Лабараторная дыягностыка ўключае мікраскапію мазкоў з зыходнага матэрыялу, высеваў на пажыўныя асяроддзі, пастаноўку біяпробы і сералагічнае даследаванне пры асобных мікаплазмозах (рэспіраторны мікаплазмоз птушак, плеўрапнеўманія буйной рагатай жывёлы).

Марфалогія:

  • выключна поліморфныя мікраарганізмы (адсутнічае клеткавая сценка);

  • у мазках з пашкоджаных органаў і з культур яны маюць форму падковападобных, сферычных, ніткападобных, авоідных палачкападобных ці нагадваюць кольца ўтварэнняў (пераважнасць форм залежыць ад складу асяроддзя, метаду культывавання, фазы росту, спосабу фіксацыі і афарбоўкі);

  • памеры могуць быць розныя 120...400 – 1000...1400 мкм;

  • памеры элементарных цельцаў каля 75...250 мкм;

  • грамадмоўныя;

  • добра афарбоўваюцца па Раманоўскаму-Гімзу (у ружовы колер);

  • спор не ўтвараюць;

  • нерухомыя;

  • асобныя віды, як M.mycoides утвараюць капсулу;

  • фільтруюцца праз азбеставыя пласцінкі СФ і мембранныя фільтры;

Культываванне:

  • мікаплазмы размнажаюцца ў бясклеткавых пажыўных асяроддзях, якія ўтрымліваюць паўнавартасны бялок, халестэрын, нуклеінавыя кіслоты, вугляводы, вітаміны і мінеральныя солі;

  • у якасці пажыўных асяроддзяў выкарыстоўваюць Мартэнаўскі мясапептонны булён і агар з дабаўленнем сыроваткі ці крыві (15...20 %) авечак, козаў, коней, буйной рагатай жывёлы і лактозы (1...2 %); булён Хоццінгера з сыроваткаю крыві (15...20 %); вадкае асяроддзе Эдварда, аснову якога складае адвар з сэрца БРЖ з дабаўленнем 1 % пептону, 20 % сыроваткі крыві каня і 10 % дражджавога экстракту (для паўвадкага агару выкарыстоўваюць 0,3 % агар-агару, для цвёрдага – 2 %) і асяроддзе ВІЭВ (рН 7,4...8,0);

Асаблівасці культывавання:

  • мікаплазмы факультатыўныя анаэробы;

  • культываванне пры тэмпературы 37...38оС;

  • тэрмін культывавання 5...10 дзён;

  • для выключэння росту пабочнай мікрафлоры да асяроддзяў дадаюць антыбіётыкі ці апрацоўваюць імі суспензію патматэрыялу пасля цэнтрыфугавання ці фільтруюць суспензію праз азбеставыя і мембранныя фільтры;

  • апрацаваны патматэрыял правяраюць на стэрыльнасць шляхам высеву на МПА, МПБ і Кітта-Тароцці;

  • для першаснага выдзялення мікаплазм можна выкарыстоўваць 5...7 суткавыя курыныя эмбрыёны, якія заражаюць у жаўтковы мяшок; гібель эмбрыёнаў адзначаецца з 3...5 пасажа;

  • магчыма вырошчванне мікаплазм у першасна трыпсінаваных ці перасяваемых культурах клетак.

Культуральныя ўласцівасці:

  • на вадкіх пажыўных асяроддзях пры росце мікаплазм відаць апалесцэнцыя, а адаптаваныя да асяроддзя культуры даюць заўважнае памутненне і ўтвараюць асадак; больш моцны рост бывае каля сценкі ці на сценцы прабіркі, а ў асобных выпадках на паверхні ўтвараецца масляністая плёнка;

  • у паўвадкіх асяроддзях мікаплазмы ўтвараюць па ўколу крышкаватыя калоніі;

  • на цвёрдых асяроддзях – калоніі, якія нагадваюць яечніцу-глазунню;

  • калоніі мікаплазм урастаюць у агар, маюць цёмны цэнтар, зярністую паверхню; перыферыя калоній больш светлая і менш грануляваная; памер іх не перавышае 0,25...2 мм.

Біяхімічныя ўласцівасці:

  • ферментатыўную актыўнасць мікаплазм вывучаюць на вадкіх і паўвадкіх асяроддзях; па характару метабалізму мікаплазмы падраздзяляюцца на тры групы:

  • сапраўдныя мікаплазмы - стэролазалежныя, маюць патрэбу для росту ў халестэрыне і ферментуюць з утварэннем кіслаты глюкозу, мальтозу, манозу, фруктозу, крухмал і глікаген;

  • ахалеплазмы - стэролнезалежныя і ферментуюць вышэй прыведзеныя вугляводы; асобныя штамы ферментуюць цукрозу і галактозу;

  • ферментатыўна неактыўныя – аднаўляюць тэтразолевыя злучэнні, акісляюць лактат і глутанат, але не ферментуюць вугляводы;

  • мікаплазмы не аднаўляюць нітрыты і не ўтвараюць індолу, асобныя штамы вылучаюць серавадарод і аміяк;

  • урэаплазмы сінтэзуюць урэазу;

  • асобныя віды аднаўляюць метыленавую сіньку, маюць пераксідазу, гемаглютынін і гемалізін, у выніку чаго выклікаюць β- ці α-гемоліз.

Біяпроба. Вызначэнне вірулентнасці праводзяць звычайна на тых жывёлах, ад якіх быў адабраны матэрыял. Напрыклад:

  • пры перыпнеўманіі буйной рагатай жывёлы выкарыстоўваюць 6...8 месячных цялят, якім уводзяць лімфу з тканак лёгкіх ці эксудат з плеўры падскурна ў вобласць падгрудка (у падскурнай клятчатцы марудна развіваецца перыпнеўманійная флегмона);

  • пры інфекцыйнай агалактыі авечак і козаў выкарыстоўваюць трусоў вагою 2,5...3,0 кг, а пры неабходнасці авечак ці козаў ва ўзросце 2...3 месяцаў; трусоў заражаюць у пярэднюю камеру вока суспензіяй патматэрыялу ці 3...4 суткавай культурай мікаплазм (развіваецца кератыт), а авечак і коз - у малочны канал, падскурна ці ў сустаў (развіваюцца прыкметы інфекцыйнай агалактыі);

  • пры дыягностыцы рэспіраторнага мікаплазмозу курэй і індычак біяпробу ставяць на 9-ці дзённых курыных ці індычыных эмбрыёнах, якіх заражаюць у алантоісную поласць культурай мікаплазм ці суспензіяй з патматэрыялу, апрацаванай пеніцылінам ці воцатнакіслым таліем у дозе 0,1 мл. Біяпробу лічаць станоўчай, калі загінуць не менш 50 % заражаных эмбрыёнаў. Акрамя таго, біяпробу праводзяць на 1...2 месячных куранятах ці індычанятах, якіх заражаюць інтратрахеяльна ці інтраназальна (праз 4...20 сутак з’яўляюцца сімптомы хваробы: трахеіт, сінусіт, кан’юктывіт, рыніт.

Сералагічнае даследаванне.

Для сералагічнага даследавання выкарыстоўваюць РЗК, РТГА, ККРА, СКРА, метад імунафлюарэсцэнцыі (РІФ), рэакцыю інгібіравання росту. Але пакуль усе гэтыя рэакцыі не маюць шырокага распаўсюджання, з’яўляюцца арыентыровачнымі і патрабуюць удасканалення.



Лабараторны дыягназ лічыцца ўстаноўленым:

  • пры выдзяленні з матэрыялу культуры з уласцівасцямі, якія характэрны для адпаведнага ўзбуджальніка мікаплазмозу і гібелі заражаных ёю жывёл з наступным выдзяленнем узбуджальніка з іх органаў;

  • калі загінула хаця б адна заражаная патматэрыялам жывёла і з яе выдзелена культура, характэрная для таго ці іншага ўзбуджальніка мікаплазмозу, калі нават у высевах з зыходнага матэрыялу ўзбуджальнік не быў выдзелены.

Тэрмін даследавання 20 і больш дзён з улікам біяпробы.

Схема бактэрыялагічнага даследавання на мікаплазмозы



Кантагіёзная перыпнеўманія буйной рагатай жывёлы

Перыпнеўманія (плеўрапнеўманія) – кантагіёзны мікаплазмоз БРЖ, які характарызуецца экссудатыўным пашкоджаннем лёгкіх з выражаным серозным запаленнем міждолькавых перагародак, серознафібрынозным плеўрытам, назапашваннем у грудной поласці вялікай колькасці экссудату і ўтварэннем інкапсуляваных ачагоў у лёгкіх.

Захворванне характарызуецца павышэннем тэмпературы цела да 40оС і вышэй, сухім кашлем, слізістым, бывае з прымессю крыві, выдзяленнямі з носа.

Узбуджальнік хваробы: M.mycoides subsp.mycoides;



Адчувальныя жывёлы: буйная рагатая жывёла, буйвалы, бізоны, зебу, які і іншыя. У эксперыментальных умовах можна заразіць авечак, козаў, вярблюдаў і паўночных аленяў.

Патагенез і фактары вірулентнасці:

  • заражэнне адбываецца пры ўдыханні кропелек ці пылінак з узбуджальнікам, якія выдзяляюцца хворымі са сліззю з рэспіраторных органаў і мачой;

  • узбуджальнік мае трапізм да тканак лёгкіх, пранікае ў парэнхіму і лімфатычныя вузлы лёгкіх, дзе інтэнсіўна рэпрадуцыруецца і выдзяляе экза- і эндатаксіны;

  • развіваецца запаленне, застойныя з’явы, эмбалія крывяносных і лімфатычных сасудаў, утвараюцца абшырныя ачагі некрозу доляў лёгкіх;

  • у выніку выключэння з газаабмену вялікіх участкаў лёгкіх і інтаксікацыі парушаюцца функцыі нервовай, сардэчна-сасудзістай, выдзяляльнай сістэм, печані і іншых органаў, што прыводзіць да разладу гамеастазу і гібелі жывёлы.

Лабараторная дыягностыка. заснавана на выдзяленні культуры мікаплазм з плеўральнага экссудату на спецыяльных сыроватачных асяроддзях. Робяць 2...3 пасажы. Пры першасным узнікненні захворвання ў спрыяльнай зоне рэкамендуецца ставіць біяпробу на 2...3 здаровых 6...8-месячных цялятах. Ім уводзяць падскурна ў вобласці падгрудка, інтратрахеяльна ці інтраплеўральна экссудат ад хворых жывёл ці культуру і наглядаюць да 30 дзён.

Марфалогія. Маюць формы кокаў, дыплакокаў, кольцаў, нітак, зоркаў, дыскаў ці гронкападобных утварэнняў. Ніткападобныя дасягаюць даўжыні 125...240 мкм, авальныя формы маюць памеры 0,2...0,8 мкм. Асаблівы полімарфізм характэрны для булённых культур. Узбуджальнік праходзіць праз бактэрыяльныя фільтры. У прэпаратах з культур добра афарбоўваюцца па Раманоўскаму-Гімзу, а таксама карболавым растворам анілінавых фарбаў.

Культываванне. Для выдзялення культур часцей за ўсё выкарыстоўваецца мартэнаўскі булён з 10...15 % сыроваткі крыві БРЖ ці каня; дабаўленне 10 % свежага дражджавога экстракту стымулюе рост. Электыўным цвёрдым асяроддзем з’яўляецца мартэнаўскі агар (да булёну дадаюць 1,5...3 % агару). У булёне рост адзначаецца на 2...3 суткі ў выглядзе апалесцэнцыі. На агары круглыя з роўнымі краямі калоніі, якія падобны да яечніцы-глазунні. На крывяным агары фарміруе зону α-гемолізу. Культывуецца на курыных эмбрыёнах.

Біяхімічныя ўласцівасці. Ферментуе глюкозу, мальтозу, манозу, крухмал, утварае серавадарод.

Біяпроба. Падскурна заражаюць цялятаў, так як лабараторныя жывёлы неўспрыімлівыя да ўзбуджальніка.

Сералагічная дыягностыка. Для масавага абследавання жывёл выкарыстоўваюць РЗК і рэакцыю коаглюцынацыі (РК). Антыгенам для РЗК і РК з’яўляецца альбо другасная лімфа, атрыманая з плеўральнай поласці пасля эксперыментальнага падскурнага заражэння цяляці, ці булённая культура ўзбуджальніка.

Імунітэт. Выкарыстоўваецца вакцына з усходнеафрыканскага штама Т1, якую ўводзяць у кончык хваста ў дозе 0,5 мл ці падскурна ў вобласці шыі ў дозе 1 мл. Яна стварае напружаны імунітэт да года і не выклікае поствакцынных ускладненняў. У прывітых жывёл у крыві знаходзяцца камплемент звязваючыя антыцелы.
Кантагіёзная агалактыя козаў і авечак

Захворванне характарызуецца пашкоджаннем галоўным чынам малочнай залозы з адсутнасцю сакрэцыі малака; магчыма пашкоджанне вачэй (кератыт, кан’юнктывіт) і суставаў. Пры вострым цячэнні захворвання жывёлы гінуць праз 5...8 сутак.

Узбуджальнік захворвання: Mycoplasma mycoides var. аgalactiae.

Інкубацыйны перыяд пры натуральным заражэнні працягваецца ад 2 да 60 дзён.

У залежнасці ад лакалізацыі паталагічнага працэсу адрозніваюць мастытную, сустаўную і вокавую формы хваробы. У хворых жывёлаў адначасова пашкоджваюцца розныя органы. У лактуючых жывёл змяненні часцей знаходзяць у малочнай залозе (50...85 %), больш рэдка ў суставах (20...57 %) і ў вачах (10...18 %). У маладняка пераважаюць пашкоджанні вачэй, а ў нелактуючых жывёл – суставаў.

Захворванне звычайна пачынаецца ў перыяд ягнення ў лактуючых авечак і козаў, а затым захворвае маладняк і нелактуючыя жывёлы. Першыя прыкметы хваробы – кароткатэрміновая гіпертэрмія (40...42 оС), прыгнечанне, зніжэнне апетыту. У далейшым развіваецца пашкоджанне малочнай залозы.

Першыя сімптомы пашкоджання суставаў характарызуюцца кульганнем. У далейшым суставы павялічваюцца ў аб’ёме, адзначаюць мясцовую гіпертэрмію і балючасць.

Пашкоджанне вачэй пачынаецца ацёкам і гіперэміяй павекаў і кан’юктывы, слёзацячэннем і светабаязню. Праз некалькі дзён наступае ачаговае ці дыфузнае памутненне рагавіцы, якое можа закончыцца ўтварэннем язваў.



Матэрыял для даследавання: малако (ці сакрэт вымя пры агалактыі), выдзяленні з пашкоджаных вачэй, а пасмяротна – парэнхіматозныя органы, лімфавузлы, утрыманне абсцэсаў.

Мазкі рыхтуюць наступным чынам: матэрыял наносяць на прадметнае шкло, размяркоўваюць тонкім слоем і высушваюць 24 гадзіны. Для пазбаўлення ад солей і распушчальных бялкоў прэпарат змяшчаюць у дыстыляваную ваду на 10 хвілін, высушваюць, фіксуюць этылавым спіртам 10...15 мін і фарбуюць па Раманоўскаму-Гімзу (да 48 гадзін).

Mycoplasma mycoides var.аgalactiae поліморфны мікроб велічынёй 125...250 нм, аэроб.

Культывуюць у булёне і на агары Мартэна з дабаўленнем 15...20 % сыроваткі пры рН 7,4...8,0 і тэмпературы 37оС. Расце на агары Хоццінгера з дабаўленнем сыроваткі і 1...2 % лактозы. На сыроватачным агары з лактозай расце ў выглядзе дробных калоній. Калоніі маладых культур лёгка здымаюцца з асяроддзя, старыя культуры з цяжкасцю, бо прарастаюць у пажыўнае асяроддзе. Мікаплазмы культывуюць і ў культурах клетак (клеткі ныркі эмбрыёну авечкі, курыныя фібрабласты і іншыя).

Лабараторныя жывёлы неўспрыімлівыя да ўзбуджальніка агалактыі. Таму для біяпробы выкарыстоўваюць авечак і козаў. Чыстую культуру ўводзяць праз сасковы канал ці ўнутрывыменна (можна таксама падскурна, інтратаракальна). Інкубацыйны перыяд працягваецца ад 1 да 24 сутак. Бактэрыялагічную дыягностыку праводзяць толькі для першаснага устанаўлення агалактыі ў гаспадарцы. Вырашальнае значэнне мае выдзяленне ўзбуджальніка з малака і суставаў.



Імунітэт. У перахварэлых жывёл імунітэт устойлівы, нестэрыльны. Жывыя і забітыя вакцыны супраць інфекцыйнай агалактыі авечак і козаў утвараюць імунітэт напружаны, які дзейнічае на працягу аднаго года.

Сыроваткі рэканвалесцэнтаў і гіпер’імунізаваных жывёлаў практычна не аказваюць лячэбнага эфекту.


Рэспіраторны мікаплазмоз птушак

Рэспіраторны мікаплазмоз – інфекцыйная кантагіёзная хвароба курэй і індычак, якая характарызуецца пашкоджаннем паветрананосных мяшкоў і хранічным працяканнем.

Узбуджальнік захворвання: Mycoplasma gallisepticum.

У натуральных умовах захворваюць куры, індычкі, цэсаркі, фазаны, паўліны, галубы, курапаткі, перапёлкі.

Найбольш успрыімлівыя кураняты 20...45-дзённага ўзросту, а таксама маладняк курэй у пачатку яйкакладкі.

Патагенез і фактары вірулентнасці:


  • заражэнне адбываецца аэрагенным шляхам, а таксама трансаварыяльна і аліментарна;

  • мікраарганізм трапляе ў клеткі эпітэлію і тканкі рэспіраторных органаў, абумоўлівае запаленчы працэс і дыстрафічныя змяненні, у выніку чаго ў парабранхіяльных комплексах і крываносных сасудах лёгкіх хворых птушак парушаецца газавы абмен і развіваюцца агульныя растройствы.

Інкубацыйны перыяд у курэй ад 7 да 22 дзён, у індычак ад 4 да 14. У індыкаў тыповымі прыкметамі з’яўляюцца адна- і двухбаковае запаленне падвокавых сінусаў. Пры вострым працяканні хваробы сінусы павялічаны. У іх поласці знаходзіцца серозны ці серозна-фібрынозны эксудат.

Матэрыял для даследавання: саскрэбы са склізістых абалонак, гартані, трахеі, галаўны мозг, сценкі паветрананосных мяшкоў, кавалкі лёгкіх, а таксама жаўтковы мяшок, лёгкія, трахею эмбрыёнаў апошніх дзён інкубацыі ці 1...2 суткавых куранят.

Мікраскапія: афарбоўка па Граму і Раманоўскаму-Гімзу.

Мікракарціна:

  • M.gallisepticum кокападобныя клеткі велічынёю 500...800 нм;

  • грамадмоўныя, спор і капсул не ўтвараюць, нерухомыя;

Культываванне:

высеў на пажыўныя асяроддзі: цвёрдыя (УНІІЭВ) і вадкія (асяроддзе Эдварда); можна культываваць у курыных эмбрыёнах, якія гінуць на 3...5 суткі пасля заражэння;



Культуральныя ўласцівасці:

  • на вадкіх асяроддзях расце ў выглядзе лёгкага, слабага памутнення;

  • на цвёрдых – утварае бясколерныя, празрыстыя, расінкавыя калоніі памерам ад 10 да 200 мкм, амаль не бачныя няўзброеным вокам; калоніі ўрастаюць у асяроддзе, іх цэнтр больш цёмны з сасочкам ці без яго, паверхня калоніі гладкая ці шурпатая;

Біяхімічныя ўласцівасці:

  • цукралітычныя: большасць штамаў збраджваюць з утварэннем кіслаты без газу глюкозу, мальтозу, цукрозу, а пасля шматразовага пасіравання – галактозу і дэкстрын;

  • пратэалітычныя: утвараюць аміяк, рэдка серавадарод, індол.

Біяпроба ставіцца заражэннем 9-ці дзённых курыных ці індычыных эмбрыёнаў у алантоісную поласць ці ў жаўтковы мяшок; вынік станоўчы пры гібелі не менш 50 % эмбрыёнаў. Біяпробу таксама праводзяць на 1...2 месячных куранятах ці індычанятах, якіх заражаюць інтраназальна, інтратрахеальна і наглядаюць на працягу 2 месяцаў.

Сералагічная дыягностыка:

  • выкарыстоўваюць рэакцыю кропельнай аглютынацыі з крывёю (ККРА) ці з сыроваткаю крыві (СКРА);

  • выкарыстоўваюць таксама рэакцыю тармажэння гемаглютынацыі (РТГА), рэакцыю звязвання камплементу (РЗК), метад імунафлюарэсцэнцыі.

Імунітэт. Перахварэлая птушка набывае ўстойлівы актыўны імунітэт, кураняты могуць атрымаць ахоўныя антыцелы з жаўтка яек курэй-рэканвалесцэнтаў.

Для прафілактыкі прапанаваны шэраг жывых і інактываваных вакцын, якія пакуль яшчэ патрабуюць дапрацоўкі.


Хламідыі

Хламідыі адносяцца да парадка Chlamydiales, сям’і Chlamydiaceae, якая ўключае ў сябе адзін род Chlamydyia з двума відамі C.trachomatis і C.psittaci.

C.trachomatis выклікае трахому ў чалавека, а C.psittaci выклікае шэраг інфекцыйных захворванняў жывёл і птушак.

Развіццё інфекцыйнага працэсу залежыць ад месца лакалізацыі ўзбуджальніка. Хламідыі часцей пашкоджваюць рэспіраторныя органы і кішэчны тракт у птушак, ягнят, цялят, парасят; геніталіі буйной і дробнай рагатай жывёлы; сінавіяльныя тканкі цялят, парасят, ягнят, жарабят; склізістыя абалонкі вачэй БРЖ, свіней, авечак, кошак і іншых.



Клінічныя праяўленні хламідыёза разнастайныя: дыярэя, пнеўманіі, кан’юнктывіты, поліартрыты, перыкардыты, менінгаэнцэфаліты, аборты, нараджэнне мёртвых пладоў, бясплоддзе, вагініты, эндаметрыты і іншыя. У самцоў бываюць архіты, баланапасціты і эпідыдыяміты. Да C.psittaci успрыімлівыя дзікія і хатнія птушкі (звыш 130 відаў). З хатніх часцей хварэюць качкі, індычкі, гусі, радзей куры і галубы. Хламідыі небяспечны і для чалавека.

Клінічныя прыкметы асобных хламідыёзаў:

  • хламідыйны аборт авечак і буйной рагатай жывёлы працякае або з масавымі, або з адзінкавымі абортамі і нараджэннем нежыццяздольных нашчадкаў; хворыя жывёлы за 1...2 дні да аборту праяўляюць неспакой, часта кладуцца, азіраюцца на жывот, дрэнна ядуць;
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка