М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы



старонка14/17
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.64 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17

Класіфікацыя ўзбуджальніка:

Род: Rickettsia

Віды: R.burnetii (Coxiella burnetii)

R.ovina

R.ruminantium

R.canis

Успрымальныя жывёлы: буйная і дробная рагатая жывёла, а таксама іншыя жывёлы.

Патагенез і фактары вірулентнасці:

  • заражэнне адбываецца аліментарна, аэрагенна і трансмісіўна;

  • узбуджальнік размнажаецца ў тканках і клетках рэтыкулаэндатэліяльнай сістэмы, выклікаючы генералізаваную інфекцыю, а затым лакалізуецца ў асноўным у органах генітальнай сістэмы; гэта вядзе да абортаў і выдзялення рыкетсій з каляплоднай вадкасцю, плацэнтай, малаком. Фагацытаваныя рыкетсіі не лізіруюцца (фагацытоз незавершаны);

  • фактары вірулентнасці – эндатаксіны;

Матэрыял для даследавання:

  • ад жывых жывёл - кроў, узятая з ярэмнай вены, кляшчы, сабраныя з жывёл, выдзяленні з маціцы і похвы, плацэнта абартыраваўшай жывёлы;

  • ад загінулых ці забітых з дыягнастычнай мэтай – часткі пашкоджанага лёгкага, галаўнога мозгу, селязёнкі, парэнхімы вымені, рэгіянарныя лімфатычныя вузлы;

  • матэрыял накіроўваюць у лабараторыю ў спецыяльных кантэйнерах, у якіх падтрымліваюць тэмпературу +4 оС.

Лабараторная дыягностыка Ку-ліхаманкі заключаецца:

  • у выяўленні спецыфічных антыцел у сыроватцы крыві сельскагаспадарчых жывёл і грызуноў у рэакцыі доўгага звязвання камплемента (РДЗК) з выкарыстаннем антыгену з узбуджальніка фазы 1 Ку-ліхаманкі;

  • у знаходжанні і выяўленні ўзбуджальніка ў даследуемым матэрыяле грызуноў і сельскагаспадарчых жывёл, а таксама ад кляшчэй, сабраных у прыродных ачагах і ад жывёл праз пастаноўку біяпробы і мікраскапію прэпаратаў-мазкоў,

Мікраскапія:

метады афарбоўкі: па Граму, па Здрадоўскаму.

Мікракарціна:

  • плеаморфныя мікраарганізмы: пераважна кокападобныя формы ад 0,5 мкм, палачкі - 0,2...0,4 х 0,4...1,0 мкм, больш рэдка бацылярныя - да 10...12 мкм і яшчэ радзей – ніткападобныя – да 20...30 мкм і больш, якія размяшчаюца адзінкава, парна ці кароткімі ланцужкамі;

  • грамадмоўныя;

  • нерухомыя;

  • спор і капсул не ўтвараюць;

  • мікраскапічнае даследаванне па Здрадоўскаму: высушаныя на паветры мазкі фіксуюць над полымем, а затым афарбоўваюць асноўным фуксінам Цыля, разведзеным з разліку 15...18 кропляў фуксіна на 10 мл вады. Фарбуюць мазкі на працягу 5 хвілін, затым фуксін змываюць і прэпарат змяшчаюць на 2...3 секунды ў 0,5% раствор лімоннай кіслаты і зноў прамываюць вадой. Пасля 15...30 секунд афарбоўваюць 0,5% водным растворам метыленавай сіні і зноў прамываюць, высушваюць на паветры і мікраскапіруюць з імерсіяй пры павелічэнні 630 і больш разоў. Пры гэтым рыкетсіі маюць выгляд палачак ці кокаў чырвонага колеру на сінім фоне.

Культываванне:

  • на біялагічных мадэлях: у жаўтковых мяшках курыных эмбрыёнаў, клеткавых культурах (фібрабласты, клеткі L і інш.), органах і тканках лабараторных жывёл (марскія свінкі, хамячкі, белыя мышы, трусы).

Асаблівасці вылучэння ўзбуджальніка:

  • з паталагічнага матэрыялу рыхтуюць суспензію з выкарыстаннем фізіялагічнага раствору (1:10), у якую дабаўляюць пеніцылін (1000ЕД/мл) і стрэптаміцын (500 ЕД/мл) і правяраюць яе на бактэрыяльную стэрыльнасць. Пасля гэтага суспензію (0,2...0,25 мл) асептычна ўводзяць з дапамогай шпрыца праз шкарлупу ў жаўтковы мяшок 5...6 суткавых курыных эмбрыёнаў і змяшчаюць у тэрмастат пры 35...37 оС. Так праводзяць 4...6 “сляпых” пасажаў. Пры станоўчым выніку адзначаюць гібель і адставанне ў развіцці заражаных эмбрыёнаў. Рыкетсіі знаходзяць мікраскапічна ў прэпаратах-мазках з расцёртых абалонак жаўтковага мяшка;

  • можна выкарыстоўваць культуры курыных ці мышыных фібрабластаў.

Біяпроба. Суспензіяй з патматэрыялу ў развядзенні 1:5 пасля апрацоўкі антыбіётыкамі ці эмбрыянальнай культурай заражаюць двух маладых марскіх свінак (250...300 г) ці чатырох маладых белых мышэй. Матэрыял уводзяць унутрыбрушынна па 3...5 мл марскім свінкам ці па 0,5...1 мл мышам. Для атрымання выразнай рэакцыі праводзяць 3...5 “сляпых” пасажаў. У апошніх пасажах у марскіх свінак праз 3...10 дзён пасля заражэння з’яўляецца ліхаманка працягласцю ад 3 да 12 сутак, пасля якой жывёлы гінуць. Марскіх свінак штодзённа тэрмаметрыруюць, так як тэмпература паднімаецца да 40,5 оС і вышэй. Праз 2...3 сутак пасля павышэння тэмпературы праводзяць дыягнастычны забой. З парэнхіматозных органаў рыхтуюць мазкі-адбіткі і даследуюць іх мікраскапічна.

Паталагаанатамічныя змяненні характарызуюцца прыкметамі пнеўманіі, дэгенератыўнымі змяненнямі пячонкі, а на селязёнцы ўтвараецца фібрынозны налёт. У выпадку адсутнасці клінічных прыкмет захворвання ў марскіх свінак праз 30 сутак пасля заражэння бяруць кроў, сыроватку якой даследуюць на наяўнасць спецыфічных антыцел.

Назіранне за мышамі вядуць на працягу 12 дзён. Калі мышы здохлі да 3 дзён пасля заражэння, іх утылізуюць. Здохлых пасля 4-х дзён і тых, што засталіся ў жывых праз 12 дзён забіваюць эфірным наркозам і ўскрываюць. Прэпараты-адбіткі рыхтуюць з селязёнкі. Пры паталагаанатамічным даследаванні знаходзяць прыкметы пнеўманіі, павелічэнне селязёнкі і пячонкі.

Пры выкарыстанні растучых курыных эмбрыёнаў даследуемы матэрыял уводзяць у жаўтковы мяшок чатырох 6...7 дзённых эмбрыёнаў, за якімі пасля гэтага назіраюць 12 дзён. Гібель эмбрыёнаў на 1...3 суткі лічыцца неспецыфічнай і яны ўтылізуюцца. Загінуўшыя РКЭ пасля 4 сутак, і жывыя пасля 12 сутак ускрываюць у асептычных умовах і з жаўтковых мяшкоў рыхтуюць прэпараты-адбіткі і прэпараты-мазкі для мікраскапіі.

Лабараторны дыягназ на Ку-ліхаманку лічаць устаноўленым пры атрыманні аднаго з наступных вынікаў:

  • выяўленні спецыфічных антыцел у сыроватцы крыві сельскагаспадарчых жывёл і грызуноў у РДЗК з выкарыстаннем антыгену з узбуджальніка фазы 1 ліхаманкі Ку;

  • знаходжанні і ідэнтыфікацыі ўзбуджальніка Ку-ліхарадкі ў даследуемым матэрыяле ад грызуноў і сельскагаспадарчых жывёл, а таксама ад кляшчэй, сабраных у прыродным ачагу і ад жывёл, шляхам пастаноўкі біялагічнай пробы і мікраскапіі прэпаратаў-мазкоў.

Тэрмін даследавання на Ку-ліхаманку да 30 дзён.
Схема бактэрыялагічнага даследавання на Ку-ліхаманку


Мікраскапія прэпаратаў-мазкоў і адбіткаў з органаў лабараторных жывёл і РКЭ, афарбаваных па Здрадоўскаму


Лабараторная дыягностыка рыкетсійнага кератакан’юнктывіту

Матэрыял для даследавання: саскрэбы з кан’юнктывы верхняга века і рагавіцы пашкоджаных вачэй хворых жывёл, склізь з носа, слёзная вадкасць – на 2...5 дзень захворвання. Даследуюць толькі свежы матэрыял, пры працяглай транспартыроўцы яго замарожваюць пры -5 -10оС і перавозяць у тэрмасе з лёдам.

Лабараторная дыягностыка рыкетсійнага кератакан’ юнктывіту ўключае:

Мікраскапічны метад:

  • светлавая мікраскапія: трохразова з інтэрвалам 1...2 дні мікраскапуюць прэпараты-мазкі з патматэрыялу, афарбаваныя па Раманоўскаму-Гімзу ці Здрадоўскаму;

  • Rickettsia conjunctivae – гэта дробныя поліморфныя арганізмы, палачкападобныя, кольцападобныя, падковападобныя, бобападобныя, але часцей кокападобныя формы, памер 0,5...3 мкм.

  • па Раманоўскаму-Гімзу афарбоўваюцца ў чырвона-фіялетавы, па Здрадоўскаму – у чырвоны колер;

  • пры люмінісцэнтнай мікраскапіі выкарыстоўваюць метад флюарахраміравання (прэпарат фіксуюць у метаноле 5 мінут, апрацоўваюць растворам акрыдынавага аранжавага (1:30000, рН 3,8), прамываюць дыстыляванай вадой, высушваюць і праглядаюць пад імерсійным аб’ектывам з выкарыстаннем нефлюарэсцыруючага імерсійнага алею (светлафільтры – СЗС-7, Ж-1, БС-8 і КС-18);

  • рыкетсіі флюарэсцыруюць зялёным і чырвоным колерам і выразна бачны на цёмным фоне прэпарата.

Біяпроба:

  • выдзяленне і культываванне рыкетсій праводзяць на РКЭ. Заражаюць РКЭ на 5...6 дзень у жаўтковы мяшок. У працэсе культывавання рыкетсій праводзяць 4...6 “сляпых” пасажаў, выкарыстоўваючы для гэтага адмытыя ў стэрыльным растворы, расцёртыя і суспензіраваныя абалонкі жаўтковых мяшкоў. У станоўчым выпадку адзначаюць гібель ці адставанне ў развіцці заражаных эмбрыёнаў;

  • вызначэнне вірулентнасці ўзбуджальніка кератакан’юнктывіту праводзяць заражэннем бычкоў ва ўзросце 2...5 месяцаў ці трусоў, якім уносяць матэрыял у вока. Суспензію (1:5) рыхтуюць з зыходнага матэрыялу ці з эмбрыянальнай культуры. Захворванне ў бычкоў праяўляецца праз 7...12 дзён у выглядзе кератакан’юнктывіту і працягваецца 8...10 і больш сутак. У трусоў захворванне праяўляецца ў 90 % выпадкаў на 2...4 суткі. Пры ўскрыцці іх, акрамя запальных працэсаў у вобласці інфіцыраванага вока, выяўляецца ачаговае катаральнае запаленне лёгкіх.

Лабараторны дыягназ на рыкетсійны кератакан’юнктывіт лічаць устаноўленым пры знаходжанні ўзбуджальніка ў даследаваным матэрыяле мікраскапічным метадам даследавання з вызначэннем патагеннасці на бычках ці трусах.

Схема лабараторнага даследавання на рыкетсійны кератакан’юнктывіт:

Мікраскапія прэпаратаў- мазкоў і адбіткаў з органаў лабараторных жывёл і РКЭ, афарбаваных па Здрадоў-скаму і Раманоўскаму-Гімзу, метадам флюарахраміраван-ня


Тэрмін даследавання да 45 дзён.


Лабараторная дыягностыка анаплазмозу
Матэрыял для даследавання: кроў хворай жывёлы, а таксама сыроватка крыві 3...5 мл.

Лабараторная дыягностыка ўключае:

  • мікраскапічны метад – знаходжанне анаплазм у мазках крыві, афарбаваных па Раманоўскаму-Гімзу, па Май-Грунвальду; у мазках крыві – анаплазмы маюць акруглую форму 0,2...2,2 мкм, размяшчаюцца па перыферыі эрытрацытаў; могуць утвараць скапленні (мікракалоніі) з 1...5 і больш паразітаў; афарбоўваюцца ў цёмна-сіні колер; характэрна наяўнасць у мазках крыві эазінафільнай зярністасці, пойкілацытозу, анізацытозу;

  • сералагічны метад – вызначэнне спецыфічных антыцел у РЗК;

  • біялагічны метад – заражэнне ўспрыімлівых жывёл (буйной рагатай жывёлы ці авечак); для біяпробы бяруць 50...100 мл дефібраванай, цытраванай ці гепарынавай крыві ад жывёлы, падазронай у анаплазманосьбіцтве і ўводзяць рэцыпіенту ўнутрымышачна ці падскурна, а затым вядуць нагляд на працягу 30 сутак, даследуючы мазкі крыві 2-3 разы ў тыдзень. Дыягназ лічаць устаноўленым, калі будуць знойдзены анаплазмы ў мазках крыві.

Лабараторны дыягназ на анаплазмоз лічаць устаноўленым у адным з выпадкаў:


Дыферэнцыяцыя анаплазм, тэйлерый, піраплазм, бабезій і эперытразаанаў

Узбуджальнік

Форма

Лакалізацыя

Анаплазма

Кропкападобная, акруглая

Па перыферыі эрытрацыта

Эперытразоан

Акруглая, авальная, палачка-падобная, гантэлепадобная, кольцападобная

На паверхні эрытрацытаў, трамбацытаў, па іх перыфе-рыі, паміж імі

Піраплазма

Парна-грушападобная, размеш-чаная пад вострым вуглом, роўная ці большая радыуса эрытрацыта, у цытаплазме відаць цёмна чырвоные, карычневые ўключэнні

У цэнтры эрытрацыта

Бабезія

Парна-грушападобная, размеш-чаная пад тупым вуглом, меншая радыуса эрытрацыта, у цытаплазме відаць цёмна чырвоные, карычневые ўключэнні

Па перыферыі эрытрацыта

Тэйлерыя

Круглая, авальная, палачкапа-добная у выглядзе коскі, крыжападобная

Па ўсім эрытрацыце


Схема бактэрыялагічнага даследавання на анаплазмоз

Ідэнтыфікацыя

Мікраскапія: афарбоўка па Раманоўскаму-Гімзу, Май-Грунвальду

Лабараторная дыягностыка эперытразоанозу свіней
Матэрыял для даследавання: сыроватка крыві ці цэльная кроў, стабілізаваная гепарынам ці іншым антыкаагулянтам.

Лабараторная дыягностыка ўключае:

  • мікраскапічны метад з афарбоўкаю мазкоў крыві па Раманоўскаму-Гімзу, па Здрадоўскаму; узбуджальнік эперытразааноза поліморфны, можа мець акруглую, авальную, палачкападобную, гантэлепадобную, кольцападобную формы, могуць сустракацца ў выглядзе коскі і мець зярністасць. Памер ад 0,2 да 2 мкм, у скапленнях ад 1 да 2,5 мкм. У прэпаратах з крыві ляжаць індывідуальна ці ланцужком на знешняй абалонцы эрытрацыта і могуць знаходзіцца ў сярэдзіне эрытрацыта;

  • у хворых і падазроных на захворванне жывёл кроў бяруць з перыферыйных сасудаў (вуха, кончык хваста), не дапускаючы гемолізу эрытрацытаў; кроў стабілізуюць Трылонам Б, гепарынам, лімоннакіслым натрыем. Лепшыя вынікі атрымліваюць пры даследаванні крыві ад хворых з вострым працяканнем эперытразаанозу. Прадметныя шкельцы павінны быць ідэальна чыстымі і абястлушчанымі. Тэмпература крыві павінна мець 37оС, паколькі інакш эрытрацыты аглютынуюць, што пагаршае знаходжанне Eperythrozoon suis у мазках. Пасля прыгатавання мазкоў крыві іх высушваюць і фіксуюць хімічным спосабам: метылавым спіртам – 5 мінут, этылавым спіртам - 30 мінут, сумессю Нікіфарава (этылавы спірт рэктыфікат 96о і эфір для наркозу ў прапорцыі 1:1) – 30 мінут.

Афарбоўка па Раманоўскаму-Гімзу:

  • на фіксаваны мазок наносяць фарбу разбаўленую дыстыляванай вадой (3 кроплі фарбы на 2 мл вады), афарбоўваюць 30...40 мінут, прамываюць вадой, высушваюць і даследуюць з павелічэннем у 900...1800 разоў;

  • Eperythrozoon suis афарбоўваецца ў блакітны колер з розным адценнем у выглядзе поліморфных мікраарганізмаў на мембране эрытрацыта. Самі эрытрацыты ружовыя.

Пры вострым працяканні рыкетсіі ў выглядзе зярнят пашкоджваюць 80...100 % эрытрацытаў; пры хранічнай і субклінічнай форме – 10...30 % эрытрацытаў з адзінкавымі зярнятамі; у латэнтнай форме не знаходзяцца.

Сералагічны метад уключае:

  • выяўленне антыцел у сыроватцы крыві ў РЗК і ІФА; ІФА можа быць выкарыстаны для ідэнтыфікацыі ўзбуджальніка; пастаноўка сералагічных рэакцый праводзіцца ў адпаведнасці з інструкцыямі да тэст-сістэм;

Вызначэнне вірулентнасці праводзяць на парасятах 2...4 месячнага ўзросту; парасят інфіцыруюць крывёй ад хворых жывёл; клінічныя прыкметы праяўляюцца праз 3, максімум праз 4 тыдні. Біяпробу лічаць станоўчай пры характэрнай клінічнай карціне і знаходжанні ўзбуджальніка мікраскапічным метадам.

Малекулярна-генетычны метад прадугледжвае пастаноўку ПЦР; гэты метад з’яўляецца найбольш адчувальным і спецыфічным пры ідэнтыфікацыі Eperythrozoon suis.

Гематалагічныя даследаванні. У крыві хворых жывёл зніжаецца колькасць эрытрацытаў да 2,6 млн/мл і пашкоджаны 80 % эрытрацытаў. Прагрэсуе нейтрафільны лейкацытоз, зніжаецца колькасць трамбацытаў і плазма крыві набывае жаўтаватую афарбоўку.

Гісталагічны метад выкарыстоўваецца для даследавання пячонкі, нырак і селязёнкі з мэтай устанаўлення скапленняў гемасідэрыну. Вырашальнага значэння не мае.

Лабараторны дыягназ на эперытразааноз лічаць устаноўленым у адным з наступных выпадкаў:

  • пры знаходжанні мікраскапічным метадам у мазках крыві клінічна хворых жывёл эперытразаанозаў з характэрнай марфалогіяй і цінктарыяльнымі ўласцівасцямі;

  • пры знаходжанні спецыфічных антыцел у РЗК і ІФА;

  • пры ідэнтыфікацыі ўзбуджальніка ў ІФА ці ПЦР (полімеразнай ланцуговай рэакцыі).


Схема бактэрыялагічнага даследавання на эперытразааноз свіней

Эрліхіёз сабак

Эрліхіёз сабак выклікае Ehrlichia canis ( сінонім Rickettsia canis). Гэта аблігатны ўнутрыклеткавы паразіт монацытаў, лімфацытаў, трамбацытаў і нейтрафілаў.

Эрліхіёз – трансмісіўная ліхаманкавая хвароба, якая характарызуецца змарнаваннем, гемарагіямі на слізістай абалонцы і скуры, працяглым перажываннем узбуджальніка ў крыві. Клінічнае працяканне хваробы ўмоўна падзелена на ліхаманкавую, субклінічную і дзве тэрмінальныя фазы.

Патагеннасць E.canis вар’іруе ў залежнасці ад штамавай прыналежнасці ўзбуджальніка. Найбольш адчувальныя да эрліхіёзу нямецкая аўчарка і гончая. Да E.canis успрыімлівыя макакі-рэзусы, лісы, каёты. Лабараторныя жывёлы і курыныя эмбрыёны неўспрымальныя. У хворых жывёл адзначаюцца гемарагіі ў падскурнай клятчатцы і ў органах, з якіх больш пашкоджваюцца сэрца, лёгкія, страўнік, кішэчны тракт і урагенітальныя шляхі.

Марфалогія:

  • цыкл развіцця E.canis: элементарнае цельца (авальнае, 0,4 мкм у дыяметры) – рэтыкулярнае цельца (1...2 мкм) – морула (2...4 мкм, унутры бачны элементарныя цельцы, на якія яна распадаецца) – элементарнае цельца.

  • усе формы E.canis афарбоўваюцца па Гімзу ў блакітны, па Раманоўскаму – у ружовы колер.

Культываванне. E.canis вырошчваюць у культуры монацытаў сабак на асяроддзі Ігла з дабаўленнем 20 % сыроваткі крыві сабакі пры тэмпературы 37оС.

Дыягностыка. Найбольш просты і надзейны спосаб дыягностыкі – выяўленне морул узбуджальніка ў лейкацытах сабак (светлавая мікраскапія мазкоў, афарбаваных па Раманоўскаму-Гімзу, і імунафлюарэсцэнцыя). Морулы знаходзяць з 3-га тыдня хваробы на працягу 2...5 гадоў. Як дадатковыя метады даследавання выкарыстоўваюць лейкапенію, трамбацытапенію, гама-глабулінемію.
Эрліхіёз жвачных і ўсяядных

Эрліхіёз буйной і дробнай рагатай жывёлы – трансмісіўная ліхаманкавая хвароба. У авечак суправаджаецца стратай вагі. Магчымыя рэцыдывы праз 3...4 тыдні і летальныя зыходы ў выніку спецыфічнай пнеўманіі. Сустракаюцца аборты, а таксама бясплоднасць у баранаў. У кароў таксама бывае ліхаманка, страта апетыту, знясіленне, зніжэнне надояў.

Узбуджальнік: Ehrlichia phagocytophila (сінонім E.ovis, E.bovis). Па марфалагічных, цінктарыяльных уласцівасцях, цыкле развіцця блізкі да ўзбуджальніка эрліхіёзу сабак.

Пераносчыкамі з’яўляюцца іксодавыя кляшчы.

Для лячэння выкарыстоўваюць антыбіётыкі тэтрацыклінавага раду і сульфаніламідныя прэпараты.
Гідраперыкардыт

Гідраперыкардыт – хвароба жвачных і ўсяядных, якая працякае ў септычнай форме з утварэннем серознага эксудату ў грудной і брушной поласцях і сардэчнай сарочцы. Характарызуецца гемарагічным дыятэзам, ліхаманкай. Найбольш небяспечна маланкавая клінічная форма, калі без папярэдніх клінічных прыкмет наступае смерць жывёлы. Пры субклінічным працяканні ўзбуджальнік у кароў, авечак, коз і дзікіх жывёл прысутнічае да 60...90 дзён.

Узбуджальнік: Cowdria ruminantium (сінонім R. ruminantium).

Марфалогія: узбуджальнік адрозніваецца па форме ад рыкетсій. Гэта кокападобныя, эліпсоідныя ці палачкападобныя формы, 0,2-0,5 мкм у дыяметры. Размнажаюцца ў эндатэліяльных клетках сасудаў жывёл. Грамадмоўныя. Фарбуюцца ў цёмна-блакітны колер па Гімзу і іншымі асноўнымі анілінавымі фарбамі. Асноўныя метады культывавання непрыдатныя.

Дыягназ ставяць па мікраскапіі мазкоў з саскрэба эндатэлія буйных сасудаў (полая і ярэмная вены) і па паталагаанатамічных змяненнях органаў.
Неарыкетсіёз сабак

Неарыкетсіёз – востраліхаманкавая хвароба сабак і іншых жывёл сям’і Сanidae з генералізаваным пашкоджаннем лімфатычнай сістэмы, якое суправаджаецца рэзкім абязводжваннем, ірвотай, дэпрэсіяй, адсутнасцю апетыту, часам высыпаннямі ў вобласці жывата, абортамі. Летальнасць да 90 %.

Узбуджальнік: Neorickettsia helminthoeca.

Марфалогія: Неарыкетсіі – дробныя кокападобныя, часцей плеаморфныя арганізмы, якія размяшчаюцца ў цытаплазме пашкоджаных клетак. Пашкоджвае ў асноўным рэтыкулаэндатэліяльныя клеткі лімфоідных тканак і ніколі не пашкоджвае цыркулюючых лейкацытаў, у адрозненні ад відаў роду Ehrlichia. Пры вывучэнні тонкай будовы Neorickettsia helminthoeca ўстаноўлена, што ў яе маецца аморфнае цэнтральнае цела, якое акружана трохслойнай мембранай. Рыкетсіі ляжаць у вакуолі, сценка якой утворана клеткай гаспадара.

У натуральных умовах гэта рыкетсія жыве ў арганізме эндапаразітычнай трэматоды. Разам з ёй рыкетсія праходзіць складаны цыкл развіцця.

Устаноўлена заражанасць неарыкетсіямі ўсіх стадый трэматоды.

Лабараторная дыягностыка здзяйсняецца метадам светлавой мікраскапіі мазкоў з лімфатычных органаў хворай жывёлы і метадам імунафлюарэсцэнцыі.

Імунітэт – працяглы, у эксперыменце сабакі былі ўстойлівыя да паўторнага заражэння.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   17


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка