М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы



старонка4/17
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.64 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17

Схема бактэрыяльнага даследавання на колібактэрыёз



Схема даследавання пры коліэнтэрытах і колібактэрыёзах


РА на шкле з сумесямі ОВ-сыроватак


Сальманелёз

Сальманелёзы – інфекцыйныя захворванні маладняка сельскагаспадарчых жывёл (цялат, парасят, жарабят, ягнят), авечак, цяжарных кабыл, птушак, пушных звяроў, якія характэрызуюцца пры вострым цячэнні ліхаманкай і прафузным паносам, а пры хранічным – запаленнем лёгкіх. У дарослых жывёл хвароба можа працякаць бессімптомна (бактэрыяносьбіцтва), у цяжарных самак магчымыя аборты. У чалавека магчымыя таксікаінфекцыі, калі ён харчуецца прадуктамі, якія ўтрымліваюць узбуджальнікаў і таксіны сальманел, ці піць ваду, забруджаную сальманеламі, а таксама магчыма заражэнне аэрагенна ва ўнутрыбальнічных умовах.



Класіфікацыя ўзбуджальнікаў:

Сям’я: Enterobacteriaceae

Род: Salmonella

Віды сальманел, якія выклікаюць захворванні ў жывёл:

  • S.enteritidis, S.dublin – у цялят;

  • S.choleraesuis (S.suipestifer) – у парасят;

  • S.typhisuis - у свіней;

  • S.typhimurium, S.anatumу вадаплаваючай птушкі;

  • S.abortus equi– аборты ў кабыл;

  • S.abortus ovis – аборты ў авечак;

  • S.pullorum, S.gallinarum – у птушак;

  • S.enteritidis, S.dublin, S.rostock – выклікае гастраэнтэрыты, як вынік харчовай таксікаінфекцыі.

Успрыімлівыя жывёлы: усе віды жывёл, асабліва маладняк з уключэннем птушак, прамысловых жывёл і чалавека;

  • цяляты захворваюць звычайна з 3...4 тыдняў да 4 месяцаў са з’явамі ліхаманкі і прафузнага паносу;

  • парасяты захворваюць да 4 месяцаў;

  • авечкі хварэюць у любым узросце, у іх магчыма ўнутрывантробнае заражэнне і аборты;

  • у жарабят звычайна таксама адбываецца ўнутрывантробнае заражэнне, а ў кабыл праяўляецца абортамі;

  • у птушак сальманелёз праяўляецца масавым захворваннем і гібеллю куранят першых дзён і тыдняў жыцця, а таксама эмбрыёнаў і дарослай птушкі. Апошняя хварэе бессімптомна і з’яўляецца бактэрыяносьбітам.

Патагенез і фактары вірулентнасці:

  • асноўныя шляхі заражэння – аліментарны, аэрагенны, магчымы ўнутрыўтробнае і трансаварыяльнае заражэнне;

  • пападаюць ва ўнутранае асяроддзе арганізмаў праз Пейяравыя бляшкі і салітарныя фалікулы;

  • размнажаюцца і назапашваюцца ў лімфавузлах тонкага кішэчніку, а затым лімфагенным і гематагенным шляхамі распаўсюджваюцца ў парэнхіматозныя органы, дзе зноў размнажаюцца; пры распадзе іх вызваляюцца эндатаксіны, якія і выклікаюць паталагічныя працэсы. Сальманелы ўтвараюць два віды таксінаў: экза- і эндатаксіны.

Лабараторная дыягностыка ўключае мікраскапію мазкоў і мазкоў-адбіткаў з патматэрыялу з дапамогай светавой і люмінісцэнтнай (РІФ) мікраскапіі, выдзяленне чыстай культуры ўзбуджальніка захворвання і вывучэнне яго марфалагічных, тынктарыяльных, культуральных, біяхімічных, а таксама антыгенных уласцівасцяў з полівалентнымі О- і монарэцэптарнымі О- і Н-сыроваткамі. Пры неабходнасці выкарыстоўваюць біяпробу і фагатыпіраванне.

Матэрыял для даследавання:

  • пры жыцці – кроў на гемакультуру, кал, сыроватка крыві для РА;

  • пасмяротны – трупы дробных жывёл і птушак, парэнхіматозныя органы, мезентэрыяльныя лімфатычныя вузлы, трубчатая костка, абартыраваны плод, корм, вада, а ад людзей ванітныя масы, прамыўныя воды страўніка, рэшткі ежы.

Мікраскапія:

  • Метады афарбоўкі: афарбоўка простая, а таксама па Граму.

Мікракарціна:

  • палачкі з закругленымі канцамі ад 2 да 4 мкм;

  • грамадмоўныя;

  • спор не ўтвараюць;

  • капсулу не ўтвараюць;

  • рухомыя, за выключэннем S.pullorum і S.gallinarum.

Культуральныя ўласцівасці:

  • дыферэнцыяльна-дыягнастычныя асяроддзі – Энда, Левіна, Плоскірава;

  • Пры даследаванні спаражненняў на наяўнасць сальманел робяць высевы на асяроддзе абагачэння, якое падаўляе рост кішэчнай палачкі і садзейнічае накапленню сальманел: вадкія асяроддзі – селенітавая, Каўфмана, Мюлера ці іншыя.

Асаблівасці выдзялення:

  • факультатыўныя анаэробы;

  • аптымальная тэмпература 37...38оС;

  • аптымальная рН асяроддзя 7,2...7,4;

  • тэрмін культывавання 18...24 гадзіны.

Культуральныя ўласцівасці (падобны эшэрыхіям):

  • на МПБ - інтэнсіўнае памутненне з утварэннем лёгка разбураемага асадку;

  • на Энда – бясколерныя ці ружовыя вільготныя, круглыя, з роўнымі краямі калоніі;

  • на асяроддзі Левіна – светла-фіялетавыя калоніі;

  • на Плоскірава – бясколерныя;

  • на вісмут-сульфітным агары – чорныя калоніі.

Пасля выдзялення лактозаадмоўных калоній даследуюць іх біяхімічныя і антыгенныя ўласцівасці.

Біяхімічныя ўласцівасці:

  • валодаюць высокай цукралітычнай актыўнасцю; для вызначэння прыналежнасці да роду праводзяць высеў на кароткі “каляровы рад” (асяроддзі “Гісса”), на якім яны ферментуюць глюкозу, мальтозу і маніт з утварэннем кіслаты і газу, не раскладаюць лактозу і цукрозу;

  • сальманелы не разрэджваюць жэлаціну, выдзяляюць серавадарод, не ўтвараюць індолу;

  • даюць станоўчую рэакцыю з метылавым чырвоным (асяроддзе афарбоўваецца ў ружова-чырвоны колер), адмоўную рэакцыю Фогеса-Праскаўэра – жоўтая афарбоўка асяроддзя;

  • растуць на агары Сіманса (засвойваюць цытратна-аманійныя солі).

Біяпроба: у выпадку неабходнасці заражаюць падскурна белых мышэй.

Сералагічнае даследаванне.

  • выкарыстоўваюць РА з сыроваткаю крыві (крывёю) пры дыягностыцы паратыфознага аборта кабыл, пулароза ў кур;

  • РА для для дыферэнцыяцыі віда і сераварыянта выдзеленай культуры;

  • Культуру сальманел правяраюць спачатку з полівалентнымі АВСDE сальманелёзнымі аглютыніруючымі сыроваткамі ў РА на шкле. Пры станоўчай рэакцыі тую ж культуру вызначаюць з монарэцэптарнымі сыроваткамі, што ўваходзяць у полівалентную сываратку.

Тэрмін, неабходны для лабараторнай дыягностыкі сальманелёза ад 4 да 14 сутак.

Імунітэт.

У цялят захворванне працякае востра і хранічна з наяўнасцю ліхаманкі, разладу функцыі кішэчніка, запалення лёгкіх. Яго выклікаюць: S.dublin, S.enteritidis і S.typhimurium. Пасля перахворвання ў цялят фарміруецца напружаны і працяглы імунітэт. У неспрыяльных па сальманелёзу гаспадарках вакцынуюць сцельных кароў канцэнтраванай фармалвакцынай двухразова з інтэрвалам у 8 дзён за 30...45 дзён да ацялення. Нованароджаныя атрымліваюць спецыфічныя антыцелы з малодзівам. Цялят ад вакцынаваных кароў вакцынуюць ва ўзросце17...20 дзён. Калі сцельныя каровы не былі вакцынаваныя, цялят вакцынуюць з 8...10 дзённага ўзросту двухразова з інтэрвалам у 7 дзён.

Парасяты часцей пашкоджваюцца сальманелёзам да 4-х месяцаў. Захворванне праяўляецца ліхаманкай, дыярэяй і дэгенератыўнымі працэсамі ў тонкім і тоўстых кішэчніках. Прычынай захворвання з’яўляюцца S.choleraesuis ці S.typhisuis, больш рэдка - S.typhimurium і S.dublin.

З прафілактычнай мэтай выкарыстоўваюць фармалвакцыну супраць паратыфу свіней, прыгатаваную са штамаў сальманел S.choleraesuis – 50 %, S.typhimurium – 25 %, S.dublin – 25 %. Гэтай вакцынай дазваляецца вакцынаваць свінаматак не пазней за 2 месяцы супароснасці. З прафілактычнай мэтай выкарыстоўваюць сухую жывую вакцыну супраць паратыфу свіней з атэнуіраванага S.choleraesuis штама ТС-177. Вакцынуюць здаровых парасят з 2-х месячнага ўзросту. Ёсць таксама асацыяваная полівалентная вакцына супраць паратыфу, пастэрэлёзу і дыплакокавай септыцэміі парасят, якую выкарыстоўваюць для вакцынацыі парасят і супаросных свінаматак у неблаганадзейных па гэтых захворваннях гаспадарках.



У ягнят сальманелёз працякае з паносамі, павышэннем тэмпературы, часам выклікае пнеўманію. У дарослых авечак выклікае аборты за месяц да акоту. Узбуджальнікі – S.abortusovis, зрэдку S.typhimurium, S.anatum. У авечак пасля абортаў фарміруецца працяглы і напружаны імунітэт. Для прафілактыкі выкарыстоўваюць полівалентную фармалцыямерсалавую вакцыну.

У кабыл сальманелёз праяўляецца абортамі, у жарабят артрытамі, ліхаманкай, дыярэяй. Узбуджальнікі – S.abortusequi, радзей S.typhimurium. Паўторныя сальманелёзныя аборты бываюць рэдка. Сродкаў спецыфічнай прафілактыкі няма.

У пушных звяроў захворванне працякае востра, з ліхаманкай, энтэрытам, схудненнем. У цяжарных нараджаюцца мёртвыя ці няжыццяздольныя шчаняты. Хварэюць серабрыста-чорныя лісы, пясцы, нутрыі, больш рэдка норкі, яноты, собалі і бабры. Узбуджальнікі - S.typhimurium, S.dublin, S.enteritidis, S.choleraesuis

Для імунізацыі лісаў і пясцоў выкарыстоўваюць фармалцыямерсалавую вакцыну супраць сальманелёзу і колібактэрыёзу пушных звяроў. Хворых лечаць гіпер’імуннай антытаксічнай сальманелёзнай сыроваткай, антыбіётыкамі, фуразалідонам.



У маладняка птушак сальманелёз працякае востра з паносам і нярвовымі з’явамі. У дарослай птушкі хвароба часта незаўважная (працякае латэнтна), зрэдку септычна з растройствам кішэчніка. Узбуджальнікі – S.gallinarum-pullorum, S.typhimurium, больш рэдка S.enteritidis, S.anatum.

S.gallinarum-pullorum выклікае пулароз (тыф) птушак - хваробу, якая востра і падвостра працякае ў атрада курыных да 15...18-дзённага ўзросту з высокай летальнасцю. У дарослай птушкі пулароз працякае часцей бессімптомна. Імунітэт нестэрыльны, а сродкаў спецыяльнай прафілактыкі няма. Для выяўлення хворых птушак выкарыстоўваюць крывянакропельную рэакцыю аглюцынацыі на шкле.

У вадаплаваючай птушкі (качаняты і гусяняты) захворванне праяўляецца востра ў 6...20-дзённым ўзросце, у старэйшай за 2,5 месяцы – хранічна, у дарослых – латэнтна. Узбуджальнікі - S.typhimurium, радзей S.anatum. Для вакцынацыі качанят і гусянят выкарыстоўваюць пераральна сухую жывую вакцыну супрасць сальманелёзу з 3-дзённага ўзросту, двухразова з інтэрвалам у 2 дні.

Схема бактэрыялагічнага даследавання на сальманелёз

Вісмут сульфіт агар

Вывучэнне біяхімічных уласцівасцей

Лактоза “-“

Глюкоза КГ

Маніт “КГ”

Мальтоза КГ

Цукроза “-“

Індол “-“

Н2S “+”

Урэаза “-“

Рост на асяроддзі Сіманса “+”

Рэакцыя з метылротам “+”

Рэакцыя Фогес-Праскаўэра “-“

Бруцэлёз, тулярэмія і бардэтэлёз

Бруцэлёз – хранічнае інфекцыйнае захворванне жывёл і чалавека, якое звычайна працякае латэнтна і праяўляецца абортамі, затрымкай паследа, рэцыдывіруючай ліхаманкай, артрытамі, бурсітамі ў коней, архітамі, эндаметрытамі, эпідыдымітамі.

Класіфікацыя ўзбуджальнікаў:

Сям’я: Brucellaceae

Род: Brucella



Віды бруцэл, якія выклікаюць захворванні:

  • Br.melitensis – у авечак, коз;

  • Br.abortus – у буйной рагатай жывёлы;

  • Вr.suis – у свіней;

  • Br.ovis – інфекцыйны эпідыдыміт у бараноў;

  • Br.canis – у сабак;

  • Br.neotoma – у хмызняковых пацукоў.

Першыя тры віды маюць найбольшае значэнне ў паталогіі жывёл і чалавека.

Успрыімлівыя авечкі, козы, буйная рагатая жывёла, буйвалы, свінні, коні, мулы, вярблюды, паўночныя алені, сабакі, кошкі, ласі, казулі, сайгакі і іншыя дзікія жывёлы. Да наступлення палавога саспявання маладняк больш устойлівы. Кожны від бруцэл пашкоджвае жывёл пэўнага віду, але можа мігрыраваць на жывёл іншага віду. З лабараторных жывёл успрыімлівыя белыя мышы і марскія свінкі. Праз 1...2 гады многія жывёлы выздараўліваюць.



Патагенез і фактары вірулентнасці:

  • бруцэлы высокаінвазіўныя і могуць пранікаць цераз непашкоджаныя слізістыя страўнікавага тракту, лёгкіх, вачэй і праз скуру;

  • незалежна ад месца ўкаранення ў арганізм бруцэлы распаўсюджваюцца па лімфатычных шляхах і затрымліваюцца ў лімфатычных вузлах, дзе размнажаюцца, пранікаюць у крывяное русла і трапляюць у парэнхіматозныя органы;

  • як унутрыклетачныя паразіты, бруцэлы жывуць у клетках лімфоідна-макрафагальнай сістэмы;

  • у месцах іх размнажэння ўтвараюцца спецыфічныя гранулёмы;

  • пры абвастрэнні працэсу бруцэлы з клетак зноў пранікаюць у кроў, наступае бактэрыямія і ўзнікае рэцыдыў;

  • пры гібелі бруцэл вызваляецца эндатаксін, які абумоўлівае адпаведную сістэматыку вострага і хранічнага бруцэлёзу;

  • фактарамі вірулентнасці з’яўляюцца і ферменты патагеннасці – гіялуранідаза, каталаза, урэаза;

  • плодныя абалонкі жывёл утрымліваюць эрытрыёл, які з’яўляецца фактарам росту для бруцэл, чым тлумачыцца асабліва высокая ўспрыімлівасць да інфекцыі цяжарных жывёл.

Лабараторнае даследаванне на бруцэлёз прадугледжвае мікраскапію зыходнага матэрыялу і выдзеленых культур, выдзяленне культур бруцэл, пастаноўку біялагічнай пробы, сералагічнае даследаванне ў РА, РЗК, РПЗК, РБП (руж бенгалавую пробу), алергічныя метады.

Матэрыял для даследавання:

  • абартыраваны плод ці яго частку (страўнік з утрыманнем, печань, селязёнку), каляплодную вадкасць, плодныя абалонкі, малако, утрыманне гігром, абсцэсаў;

  • ад забітых з дыягнастычнай мэтай жывёл – лімфавузлы кроў з сэрца, косны мозг, маціцу, яічнікі, семяннікі, вымя;

  • ад бараноў – семяннікі з прыдаткамі;

  • на сералагічнае даследаванне накіроўваюць кроў ці сыроватку крыві, а таксама малако.

Мікраскапія:

  • Метады афарбоўкі: па Граму і па Казлоўскаму (спачатку фіксіраваныя прэпараты афарбоўваюць гарачым 2%-ным растворам сафраніну, затым фарбу зліваюць і даафарбоўваюць 1%-ным растворам малахітавай ці брыльянтавай зелені).

Мікракарціна:

  • дробныя кокабактэрыі (0,3...0,6 мкм) ці кароткія палачкі (0,6...2,5 мкм), якія размяшчаюцца адзіночна, парамі ці невялікімі групамі;

  • грамадмоўныя;

  • спор не ўтвараюць;

  • капсулу не ўтвараюць;

  • нерухомыя.

Культываванне:

  • высеў на пажыўныя асяроддзі – мяса-пептонны пячонкавы булён (МППБ), мяса-пептонны пячонкава-глюкоза-гліцэрынавы агар (МППГГА), пячонкава-глюкоза-гліцэрынавы булён і агар (ПГГБ і ПГГА) з 10%-най глюкозай і 2...3%-ным гліцэрынам, бульбяны агар. Для атрымання чыстай культуры бруцэл з забруджанага матэрыялу высеў робяць на асяроддзе Казлоўскага (МППА з глюкозаю, генцыянвіялетам і малахітавай зеленню).

Асаблівасці культывавання бруцэл:

  • мікрааэрафілы;

  • вырошчваюць у эксікатары ў 10...15%-най атмасферы СО2 (Br.abortus і Br.ovis у першай генерацыі);

  • астатнія віды бруцэл аэробы;

  • аптымальная тэмпература 37...38оС;

  • аптымальная рН асяроддзя – 7,0...7,2;

  • тэрмін культывавання 15...30 дзён;

  • тэрмін культывавання лабараторных культур 1...2 суткі.

Культуральныя ўласцівасці:

  • на вадкіх асяроддзях даюць раўнамернае памутненне, затым прысценкавы пярсцёнак і невялікі асадак;

  • на цвёрдых асяроддзях – дробныя, празрыстыя, з роўнымі краямі калоніі, якія затым зліваюцца і даюць суцэльны мутны шэраваты налёт;

  • калоніі бываюць S- і R-формы.

Біяхімічныя ўласцівасці:

  • цукралітычныя ўласцівасці праяўляюцца слаба;

  • пратэалітычныя ўласцівасці – малако не зварочваюць, жэлаціну не разрэджваюць, Н2S утвараюць Br.suis і ў меншай ступені Br.abortus пры росце на булёне.

Біяпроба:

  • выкарыстоўваюцца марскія свінкі вагой 350...400 г (не менш за дзве), якія правераны на бруцэлёз ў РА з сыроваткай крыві (у развядзенні 1:5 – адмоўны вынік); суспензію патматэрыялу уводзяць у развядзенні 1:10 падскурна ў дозе 7 мл (утрыманне гігром - 0,2...0,3 мл, малако 1...2 мл) з унутранага боку сцягна;

  • на 15, 20 і 40 дзень пасля зараджэння ў марскіх свінак бяруць 1...2 мл крыві і сыроватку яе даследуюць у прабіркавай РА ў развядзеннях ад 1:10 да 1:80; рэакцыю лічаць станоўчай пры станоўчым выніку для сыроваткі ў развядзенні 1:10 і вышэй.

  • для выдзялення культуры свінак забіваюць і робяць пасевы з лімфавузлоў, селязёнкі, пячонкі і костнага мозгу.

Сералагічная дыягностыка.

Для дыягностыкі бруцэлёзу ў жывёл выкарыстоўваюць рэакцыю аглютынацыі Райта ў прабірках (РА), рэакцыю звязвання камплемента (РЗК), рэакцыю працяглага звязвання камплемента (РПЗК), рэакцыю аглютынацыі на шкле з руж бенгал антыгенам (РБП) і кольцавую рэакцыю з малаком (КР):



  • РА ставяць у аб’ёме 1 мл з адзіным бруцэлёзным антыгенам для РА, РЗК і РПЗК;

  • сыроваткі крыві авечак, коз, буйвалаў, аленяў і сабак даследуюць у развядзеннях 1:25, 1:50, 1:100 і 1:200;

  • сыроваткі буйной рагатай жывёлы, коней і вярблюдаў – у развядзеннях 1:50, 1:100, 1:200 і 1:400;

  • сыроваткі пушных звяроў і марскіх свінак – 1:10, 1:20, 1:40 і 1:80;

  • РА лічаць станоўчай пры наяўнасці аглютынацыі ў першым выпадку з развядзення 1:50 (з адзнакай не менш 2 плюсоў, няпэўная - 1:25); у другім – з развядзення 1:100 (няпэўная – 1:50); у трэцім – 1:20 і вышэй;

  • РЗК (рэакцыя звязвання камплемента) – спецыфічная і высокаадчувальная для выяўлення бруцэлёзу; яе выкарыстоўваюць для выяўлення бруцэлёзу ва ўсіх вышэй пералічаных жывёл, а таксама ў свіней;

  • РПЗК яшчэ больш адчувальная, чым РЗК і яе выкарыстоўваюць пры інфекцыйным эпідыдыміце бараноў з овісным антыгенам. РЗК і РПЗК лічаць станоўчай пры затрымцы гемолізу на 2...4 плюсы ў адным ці двух развядзеннях (1:5 ці 1:10) і поўным гемолізе эрытрацытаў у кантрольнай прабірцы (без антыгену), няпэўнай – пры затрымцы гемолізу ў адзнакай у адзін плюс;

  • РБП (руж бенгал пробу) выкарыстоўваюць для даследавання сыроватак крыві БРЖ, авечак, коз, коней, свінняў, буйвалаў, вярблюдаў і аленяў; рэакцыю ставяць пры 18...30оС з бруцэлёзным антыгенам, афарбаваным бенгальскім ружовым, на пласцінках з лункамі; пры станоўчым выніку праз 4 мінуты з’яўляюцца дробныя ці буйныя шматкі аглютынату ружовага колеру;

  • КР ставяць са свежым ці кансерваваным фармалінам малаком кароў і антыгенам – узвессю забітых бруцэл і афарбаваных у сіні колер гематаксілінам; пры наяўнасці ў малацэ спецыфічных антыцел адбываецца агрэгацыя антыгена, а комплекс, які ўтвараецца, адсарбіруецца вяршкамі і ўзнімаецца з імі ўверх, утварае выразнае афарбаванае кольца. Рэакцыя праводіцца ва ўленгутаўскіх прабірках, у якія ўносяць па 0,05 мл антыгена, па 1 мл малака, пасля чаго старанна перамешваюць. Рэакцыя адбываецца пры 37...38оС за 1 гадзіну. Вынік адзначаюць плюсамі: +++ - выразнае сіняе кольца на паверхні малака, а само малако белае; ++ - дастаткова выразнае сіняе кольца, столбік малака мае сіняваты колер; пробы з 2 і 3 плюсамі лічацца станоўчымі. Гэтая рэакцыя выкарыстоўваецца для праверкі стану ферм па бруцэлёзу БРЖ і малака на рынках.

Пры атрыманні станоўчага ці няпэўнага выніку ў КР сыроваткі крыві даследуюць у РА, РЗК (РПЗК). Пры атрыманні адмоўнага выніку ў дадзеных рэакцыях статак лічаць спрыяльным па бруцэлёзу, а жывёл, малако якіх дало станоўчы вынік у КР, пакідаюць у статку;

  • для выяўлення бруцэл у паталагічным матэрыяле і аб’ектах знешняга асяроддзя маецца просты метад імунафлюарэсцэнцыі (РІФ), а не просты дазваляе адшукаць антыцелы ў сыроватцы крыві хворых, перахварэўшых ці прывітых жывёл.

Алергічны метад:

  • для алергічнай дыягностыкі бруцэлёзу авечак, коз і свінняў выкарыстоўваюць бруцэлін ВІЭВ, які вырабляюць з неаглютынагеннага і невірулентнага штама Br.abortus 1, бруцэлізат, бруцэлагідралізат. Прэпараты ўводзяць у дозе 0,2 мл унутрыскурна і праз 24...48 гадзін улічваюць мясцовую рэакцыю.

Лабараторны дыягназ лічаць устаноўленым:

  • пры выдзяленні культуры бруцэл з зыходнага матэрыялу, ці з органаў лабараторных жывёл, зараджаных даследуемым матэрыялам;

  • пры станоўчым выніку сералагічнага даследавання.

Тэрмін даследавання да 3-х месяцаў.

Імунітэт. Пры бруцэлёзе імунітэт фарміруецца марудна і мае дзве фазы:

  • першая фаза – інфекцыйны, ці нестэрыльны імунітэт;

  • другая – постінфекцыйны, ці стэрыльны імунітэт.

У сыроватцы хворых жывёл спачатку запасаюцца IgM, затым IgG. Роля антыцел пры бруцэлёзе нязначная і яны маюць больш дыягнастычнае значэнне. Імунітэт забяспечваецца Т-сістэмай лімфацытаў і фагацытозам. Для бруцэлёзу характэрна развіццё гіперадчувальнасці замаруджанага тыпу (алергіі). Інфекцыйны імунітэт паступова пераходзіць у постінфекцыйны і суправаджаецца вызваленнем арганізму ад узбуджальніка і самавыздараўленнем.

Для спецыфічнай прафілактыкі бруцэлёзу прымяняецца жывая вакцына са штама Br.abortus № 19, прымяненне якой папярэджвае аборты і распаўсюджанне бруцэлёзу ў статку. Прымяняецца таксама жывая сухая вакцына са слабавірулентнага штама № 82, якая адрозніваецца слабым сералагічным адказам з хуткім зніжэннем узроўню гумаральных антыцел, што дазваляе з дапамогай сералагічных рэакцый дыферэнцыраваць вакцынаваных жывёл. Прымяняецца таксама адзіны бруцэлёзны антыген для РА, РЗК і РПЗК з культуры вакцыннага штама № 19. Станоўчую бруцэлёзную сыроватку атрымліваюць гіперімунізацыяй жывёл-прадуцэнтаў. Яе выкарыстоўваюць у якасці кантролю пры пастаноўцы сералагічных рэакцый, а таксама для сералагічнай ідэнтыфікацыі бруцэл.

Дыягнастычны антыген бруцэлін прадстаўляе сабой стэрыльную, празрыстую, жоўтага колеру вадкасць, якая ўтрымлівае прадукты жыццядзейнасці бруцэл і рэчывы, атрыманыя з іх.

Асаблівасці дыферэнцыяцыі бруцэл з выкарыстаннем фарбаў, якія дабаўляюць да пажыўных асяроддзяў:



  • у прабіркі з фарбамі (паасобку) – фуксін (1:25000), цыянін (1:50000...1:100000), якія дабаўлены да МППА, высяваюць чыстую культуру бруцэл. На асяроддзі з фуксінам не расце B.suis, на асяроддзі з цыямінам B.abortus. B.melitensis добра расце і ў прысутнасці фарбаў

Дыферэнцыяцыя відаў бруцэл


Віды бруцэл

Патрабаванне павышанай канцэнтрацыі СО2

Утварэнне Н2S

Рост на асяроддзях з

фарбамі


Аглютынацыя монаспецыфічнымі сыроваткамі

Лізіс фагам ТБ

аснаў-ны фуксін

1:50000

ціянін

1:25000

А

(abortus)



М

(meli-tensis)





B.melitensis

+

+

+

+

+

-

+

B.abortus

-

-

+

-

-

+

-

B.suis

-

+

-

+

+

-



B.ovis

+

-

+

+

-

-

-

B.canis

-

-

-

+

-

-

-

B.neotoma

-

+

-

-

+

-

-
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка