“Мы –з вогненнай вёскі…”



Дата канвертавання15.05.2016
Памер33.47 Kb.

“Мы –з вогненнай вёскі…”


Якіх толькі людзей ні перабыло ў гэтым чысценькім і вельмі гасцінным сялянскім доме, што месціцца напачатку вёскі Зінякі — акурат насупраць велічнага мемарыяла. Гаспадары хаціны Мікалай Іванавіч і Ніна Піліпаўна Журуны ўсіх прывецяць, усім адкрыюць не толькі брамку ды дзверы – адкрыюць сэрцы! І якімі б бязмерна цяжкімі не былі ўспаміны пра трагедыю 65-гадовай даўнасці, якім бы па-ранейшаму пранізлівым не заставаўся  боль, усё адно гэтыя людзі зноў і зноў гатовы  расказаць тое, што перажылі. У імя памяці пра сваіх аднавяскоўцаў. Дзеля таго, каб нашы маладыя сучаснікі насамрэч ведалі, што такое фашызм.
— Улетку, калі турысты прыходзяць сюды ў паходы, я, здараецца, па тры разы на дзень распавядаю вогненную гісторыю сваёй вёскі, — гаворыць Мікалай Іванавіч. – Перажытае не адпускае, сніцца… Падумаць толькі, 419 душ з нашай вёскі так па-зверску загубілі, а яшчэ ж з Сухароў, з іншых вёсак у нас людзі былі. Чамусьці ўсе думалі, што немцы будуць лютаваць у Сухарах, і многія да сваякоў у Зінякі хавацца папрыходзілі. А тут вось што выйшла.   
Не першы раз у сваім журналісцкім жыцці я слухаю ўспаміны гэтага чалавека, але ўсплываюць усё новыя і новыя дэталі, асацыяцыі…
Шэравокая раніца 22 студзеня 1944 года. Віднее. Дванаццацігадовы хлопчык Коля разам з сястрычкамі і брацікам бачыць трывогу дарослых. Ды і на двары робіцца штосьці неверагоднае: брэх сабак, лямант, вокрыкі на чужой мове. У хату ўвальваецца солтыс з чужынцамі.

— Ганна, дзе Іван твой?

— Пайшоў да гумна — кароў карміць…

— Няхай запрагае каня і ў абоз збіраецца, — перадае загад немцаў солтыс.

— Мікалайка, — жаласліва звяртаецца да яго жанчына, — а што з намі будзе?

Солтыс адводзіць вочы:

— Дрэнна будзе… Забіваць вас будуць…

— Бацька адправіўся разам з абозам, — расказвае Мікалай Іванавіч, — а маці сабрала нас і загадала: “Не хадзіце за мной, разбягайцеся. Можа хоць хто ў жывых застанецца”.

З чацвярых дзяцей Ганны Журун убярогся ад пакутніцкай смерці толькі ён – Коля. Клікаў з сабой і малодшага браціка Мішку, ды той учапіўся ў маці – не адарваць. Мікалай Іванавіч нібы баявік расказвае: уцякаў, куляўся, пад рыштавані суседняга дома залазіў, у старое бульбавенне закопваўся, зноў бег да наступнага гумна… Іншы раз быў у некалькіх метрах ад карнікаў, прытойваўся, зноў бег…

 — Ужо да лесу набліжаўся, калі немцы мяне заўважылі, страляць сталі. Проста цудам выжыў, — расказвае, нібы зноўку перажываючы той неймаверны жах, М.І.Журун. – А зіма стаяла гнілая, снег з вадой хлюпаў аж па пояс. Я нарэшце выбраўся на дарогу, воз убачыў, ускарабкаўся на яго і так баяўся, што той дзядзька прагоніць. Але селянін з Алішкаўцаў давёз мяне да сваякоў у Нарашы. Туды ж на наступны дзень прыйшоў і мой бацька, якога ўратавала толькі тое, што ў абозе быў. Усе астатнія з нашай сям’і ў агні загінулі.


— Ды тут у нас у любую хату зайдзі і сустрэнеш тых, чыя радня пад мемарыялам спачывае, — гаворыць Ніна Піліпаўна Журун. – Вунь Шалешка паставіў і ад сябе помнічак па сваіх блізкіх, дык у спісе тым — немаўля без імені, што ў ноч наконадні трагедыі нарадзілася. Нікога не пашкадавалі нелюдзі.
…Лёс збярог і яшчэ аднаго зінякоўскага Журуна – Міхаіла Іосіфавіча.  У ноч на 22 студзеня 1944 года ён у сястры ў Карпанаўцах застаўся. Але раніцаю, апантаны трывогай за сваіх блізкіх, пабег, каб папярэдзіць іх пра бяду: чуткі ўжо распаўсюдзіліся па наваколлі. Ды позна!  Карнікі яшчэ з ночы акружылі Зінякі. Міша і сам ледзь не наткнуўся на немцаў. Потым стаяў на гары і ўсё бачыў: як зганялі людзей, штурхаючы ў плечы прыкладамі, як гналі жывёлу, лавілі па падворках свіней і курэй, а потым… Потым пачалося самае страшнае. Фашысты падпалілі гумны, у жывыя факелы ператварыліся людзі.
Жыве ў Зіняках і Аляксандр Мікалаевіч Куц, якога разам з сёстрамі бацькі схавалі ў “схрон”. Дзяцей уратавалі, а самі загінулі… Пасля вызвалення Беларусі і Аляксандр Куц, і Міхаіл Журун пайшлі на фронт, помсцілі ворагу за сваю вёску, за сваіх родных.

Памяць аб бязвінна загінуўшых зінякоўцах будзе жыць вечна. І не толькі ў сэрцах іх блізкіх. 22 студзеня ў 11 гадзін ля мемарыяла ў вёсцы Зінякі адбудзецца раённы мітынг-рэквіем, каб і праз 65 гадоў успомніць, як гэта было. І пакланіцца… І сказаць: НЕ – ВАЙНЕ!



З першых вуснаў : Як жыхары Карпанаўцаў сваю вёску ратавалі

Сяргей Андрэевіч Шалешка:

— Хоць мне 94 гады ўжо, але я добра памятаю тыя студзеньскія трывожныя дні 44-га. У нашай мясцовасці валадарыла страшнае напружанне. Усе ведалі, што немцы задумалі адыграцца на мірных жыхарах за паспяховыя партызанскія аперацыі. Ахвярай павінна была стаць адна з лясных вёсак, а вось якая – ніхто не ведаў. І такі страх пранізваў людзей, такі адчай. А тут раптам нехта пусціў пагалоску, маўляў, тая вёска ўберажэцца ад няшчасця, якая здолее талакою за адныя суткі дыван выткаць, вышыць і ў царкву яго аднесці. Гэта магчыма было хіба толькі што ў казцы, але жанчыны з Карпанаўцаў узяліся за справу. Кажуць, ім яшчэ й філявіцкія дапамагалі. Дзень і ноч кіпела работа. І ўсё ж паспелі яны выткаць той дыван! У царкве ў Нарашах і па сённяшні дзень ён захоўваецца. Сціплы з выгляду, але бясцэнны. Хто ведае, можа і сапраўды гэтым абярэгам адвялі людзі бяду ад сваёй вёскі?



А ў Зінякі на мітынг абавязкова пайду. Там і мая радня загінула, сябры і знаёмыя. Светлая ім памяць.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
: dfiles
dfiles -> Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Слонімскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Аддзел ідэалагічнай работы бераставіцкага райвыканкама аддзел культуры бераставіцкага райвыканкама раённая арганізацыя таварыства “веды”
dfiles -> Значимые мероприятия – 2015 года Библиотечная система
dfiles -> Загс паведамляе: 2014 год у лічбах І фактах
dfiles -> Бібліятэкі-юбіляры Мар’інагорская гарадская бібліятэка (1993) – 20 гадоў
dfiles -> Л. А. Антанюк Б. А. Плотнікаў Беларуская мова: прафесійная лексіка
dfiles -> Адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца Міністэрствам энергетыкі Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка