Мікалай фяськоў: "З матэматыкай "не сябруюць" не толькі беларускія школьнікі "



Дата канвертавання15.05.2016
Памер116.81 Kb.


Мікалай ФЯСЬКОЎ: "З матэматыкай "не сябруюць" не толькі беларускія школьнікі..."

Ці можна абвінаваціць прыбор для вымярэння артэрыяльнага ціску ў гіпертанічнай хваробе пацыента? Так чаму ў тым, што веды некаторых беларускіх абітурыентаў моцна "кульгаюць", абвінавачваюць цэнтралізаванае тэсціраванне? Фактычна ЦТ выконвае функцыю таго самага танометра -- "высвечвае" ў падрыхтоўцы беларускіх школьнікаў тыя ці іншыя праблемы... Для школьных настаўнікаў, складальнікаў падручнікаў і тых, хто працуе над вучэбнымі праграмамі, вынікі тэсціравання павінны быць вельмі важным сігналам. Пра гэта вялася гаворка на Міжнароднай канферэнцыі, якая прайшла нядаўна пад эгідай Еўрапейскай асацыяцыі спецыялістаў па ацэньванні ў адукацыі (AEA-Europe). Такія канферэнцыі ладзяцца Еўрапейскай асацыяцыяй штогод, і кожная з іх прысвячаецца асобнай праблеме. У гэтым годзе на канферэнцыі асвятляліся праблемы, звязаныя з укараненнем у сістэму ацэньвання стандартаў, а таксама выкарыстання вынікаў міжнародных даследаванняў PISA ў нацыянальных інтарэсах для павышэння якасці кантролю і педагагічных вымярэнняў. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў таксама з'яўляецца членам Еўрапейскай асацыяцыі спецыялістаў па ацэньванні ў адукацыі. І сёння мы гутарым з яго дырэктарам Мікалаем ФЯСЬКОВЫМ ...

-- Прызнаюся, што міжнародны вопыт арганізацыі і правядзення тэсціравання для нас вельмі цікавы, тым больш што ў цэнтралізаванага тэсціравання, якое праводзіцца ў Беларусі, ёсць свая адметнасць -- у нашай краіне тэсціраванне выкарыстоўваецца выключна для адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. А ў еўрапейскіх краінах тэсціраванне выкарыстоўваецца для правядзення як выніковай, так і прамежкавай атэстацыі навучэнцаў, і з'яўляецца галоўным інструментам знешняга ацэньвання. Прычым існуе даволі шмат адрозненняў і па шкаліраванні вынікаў удзельнікаў тэсціравання, і па іх асвятленні. Невыпадкова на канферэнцыі была агучана прапанова аб укараненні ў сістэму ацэньвання пэўных міжнародных стандартаў, асабліва з улікам стварэння ў Еўропе адзінай адукацыйнай прасторы.

Для прыкладу, адна з секцый на канферэнцыі была прысвечаная абмеркаванню аргументаў на карысць і супраць выкарыстання ў тэстах розных тыпаў тэставых заданняў. Прадстаўнікі цэнтраў тэсціравання ЗША і Вялікабрытаніі выказвалі свой пункт гледжання на заданні з множным выбарам адказаў і адкрытымі адказамі, калі абітурыентам не даецца падказак і яны павінны самастойна сфармуляваць адказ. Гэтыя пытанні на працягу многіх гадоў выклікаюць пастаянныя спрэчкі ў распрацоўшчыкаў тэставых заданняў. А ў апанентаў ЦТ магчымасць угадвання правільнага адказу з'яўляецца ці не галоўным аргументам супраць правядзення ўступных іспытаў у тэставай форме.

Увогуле канферэнцыя, як заўсёды, была вельмі прадстаўнічай: на ёй сабраліся эксперты ў галіне педагагічных вымярэнняў з Англіі, Бельгіі, Ізраіля, Германіі, Нарвегіі, Польшчы, ЗША, Японіі, Швецыі і многіх іншых краін, вядучыя спецыялісты такіх аўтарытэтных арганізацый як CITO і Dutch Test (Галандыя), Cambridge Exam Research Кембрыджскага універсітэта (Вялікабрытанія) і ASC (ЗША). Паколькі месцам правядзення канферэнцыі быў абраны Осла, то ў нас была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з сістэмай адукацыі і падыходамі да ацэньвання ў гэтай краіне. Мяркую, гэта інфармацыя будзе цікавай і для вашых чытачоў.

Па-першае, агульная сярэдняя адукацыя ў Нарвегіі прадугледжвае 13-гадовае навучанне (10 гадоў даецца на засваенне праграмы пачатковай і сярэдняй школы плюс тры гады на старшую школу). Характэрнай асаблівасцю з'яўляецца жорсткі падзел на ўзроставыя групы: вы ніколі не ўбачыце, каб у адным будынку навучаліся і шасцігадовыя дзеці, і 14-гадовыя падлеткі, і 18-гадовыя маладыя людзі.

У пераліку абавязковых прадметаў пачатковай школы акрамя матэматыкі, нарвежскай, англійскай мовы, малявання і музыцы значацца такія прадметы, як асновы хрысціянскай рэлігіі і маральнага выхавання і хатняя эканоміка. Ужо з першых дзён знаходжання ў школе дзецям даводзіцца думка, што асоба чалавека можа развівацца толькі ва ўзаемадзеянні з іншымі асобамі, таму вучоба арганізавана там такім чынам, каб дзеці навучыліся сумесна ацэньваць наступствы тых ці іншых рашэнняў. "Работа ў камандзе", "абмеркаванне", "прыняцце рашэння" -- менавіта так гучыць з боку настаўніка ацэнка дзеянняў вучняў на школьных занятках. Дарэчы, з першага па сёмы клас у нарвежскіх школах адсутнічае такое паняцце, як адзнака. Адзнакі з'яўляюцца толькі ў 8-м класе. Таксама з'яўляюцца і новыя прадметы -- эканоміка, экалогія, бухгалтарскі ўлік і дысцыпліны, скіраваныя на прафесійную арыентацыю. На гэтым этапе галоўнае -- сфарміраваць у дзяцей аптымістычную ацэнку ўласных здольнасцей. Пачынаючы з 16 гадоў, нарвежцы наведваюць старшую школу. У першы год на вывучэнне абавязковых акадэмічных дысцыплін адводзіцца 30 гадзін у тыдзень. Далей аб'ём абавязковых прадметаў змяншаецца: на другім годзе навучання ў старшай школе на абавязковыя прадметы выдзяляецца 18 гадзін у тыдзень і 12 гадзін -- на дысцыпліны па выбары. На трэцім годзе гэтыя суадносіны змяняюцца яшчэ раз:14 гадзін на абавязковыя прадметы і 16 гадзін -- на прадметы па выбары. Такім чынам старшыя школьнікі маюць магчымасць з кожным годам удзяляць больш часу і ўвагі тым прадметам, якія іх цікавяць і якія яны маюць намер у далейшым вывучаць ва ўніверсітэце ці ў каледжы.

А экзаменуюць старшакласнікаў выбарачна. Так, пасля першага года навучання ў старшай школе экзамены здаюць у сярэднім 10 працэнтаў навучэнцаў, пасля другога -- 25 працэнтаў і пасля трэцяга -- 50 працэнтаў. Пра тое, хто будзе здаваць экзамен, і якія канкрэтна дысцыпліны, навучэнцы даведваюцца за два дні да правядзення экзамену, але рыхтуюцца абсалютна ўсе. Гэтых школьнікаў выбірае Экзаменацыйны сакратарыят Нарвегіі, не маючы нікай інфармацыі ні аб навучэнцы, ні аб яго поспехах у вучобе, так бы мовіць, усляпую. Пералік экзаменацыйных дысцыплін з'яўляецца пастаянным і ўключае інфарматыку, эканоміку, матэматыку і англійскую мову. Звычайна з гэтага пераліку выбіраюцца адна або дзве дысцыпліны. Пры заканчэнні старшай школы дабаўляюцца яшчэ два абавязковыя экзамены -- па нарвежскай мове і адным прадмеце па выбары.

-- А як у такім разе ў Нарвегіі праходзіць адбор у ВНУ?

-- Уступныя экзамены на ўваходзе ў ВНУ адсутнічаюць, таму па сутнасці пры паступленні адбываецца конкурс школьных атэстатаў. Пасля заканчэння школы маладыя людзі могуць падоўжыць навучанне ва ўніверсітэце ці каледжы, а можна год правесці ў народнай школе. Гэты тып навучальнай ўстановы называюць "паўночным фенаменам". 82 народныя школы размешчаныя, як правіла, далёка ад гарадскога шуму і мітусні. Кожная народная школа мае сваю спецыялізацыю. У адной робяць акцэнт на спорце, турызме, замежных мовах і мастацтве фатаграфіі, у іншай -- на музыцы і сцэнічным мастацтве, у трэцяй -- на сацыяльных навуках, педагогіцы і журналістыцы. Дыплом такой школы не з'яўляецца пасведчаннем аб атрыманні спецыяльнасці, але дае яго ўладальніку дадатковыя балы пры паступленні ва ўніверсітэт. У задачу народных школ заўсёды ўваходзіла не столькі навучанне, колькі фарміраванне асобы і дапамога ў выбары прафесіі, паколькі малады чалавек заўсёды вывучае тут толькі тыя прадметы, з якімі ў далейшым будзе звязана яго вучоба ва ўніверсітэце і будучая прафесія.

У Нарвегіі дыплом аб вышэйшай адукацыі атрымліваюць як пасля заканчэння каледжа, так і пасля заканчэння універсітэта. Розніца ў тым, што каледж -- гэта спецыялізаваная прафесіянальная вышэйшая навучальная ўстанова, а універсітэты ў Нарвегіі заўсёды былі цэнтрам навукова-даследчай дзейнасці. Навучанне ў дзяржаўных універсітэтах і каледжах Нарвегіі амаль бясплатнае. Патрабуецца толькі ўнесці ўступны ўзнос у памеры 30 долараў і кожны семестр рабіць сімвалічныя ўзносы ў памеры 37 долараў.

Навучанне доўжыцца ад 3,5 да 4 гадоў. Напрыканцы навучання ўсе студэнты пішуць дыпломную работу і здаюць экзамен па філасофіі, незалежна ад таго, па якой спецыяльнасці яны навучаліся. Зусім іншым чынам будуюцца ўніверсітэцкія праграмы па медыцыне, праву, эканоміцы і інжынерным навукам: гэтыя спецыяльнасці лічацца найбольш прэстыжнымі і высокааплатнымі. Каб атрымаць ступень у адной з вышэйпералічаных навук і права на работу па спецыяльнасці, трэба навучацца па спецыяльнай праграме ад 4,5 да 6 гадоў.



-- Мікалай Сцяпанавіч, а як абстаяць справы з засваеннем еўрапейскімі школьнікамі прыродазнаўчых навук? У нашай краіне многіх хвалююць даволі нізкія вынікі , якія абітурыенты дэманструюць на ЦТ па матэматыцы і фізіцы...

-- Зусім нядаўна група супрацоўнікаў нашага інстытута вярнулася з Галандыі, дзе мы ўдзельнічалі ў семінары, арганізаваным вучэбным цэнтрам CITO. Інстытут CITO займаецца пытаннямі тэсціравання і педагагічных вымярэнняў, з'яўляецца членам многіх міжнародных арганізацый, у тым ліку і Еўрапейскай асацыяцыі па ацэньванні, бярэ ўдзел у многіх міжнародных даследаваннях па праблемах педагагічных вымярэнняў, такіх як TIMSS, PISA і іншых. У Галандыі гэта арганізацыя займаецца пытаннямі тэсціравання навучэнцаў у пачатковай і сярэдняй школе, праводзіць выніковую атэстацыю выпускнікоў, а таксама тэсціруе студэнтаў. Дарэчы, уступных іспытаў у Галандыі таксама няма, таму залічэнне ў ВНУ праводзіцца на аснове школьных выніковых адзнак.

Натуральна, нас цікавіла, як галандскія школьнікі засвойваюць вучэбную праграму па прыродазнаўчых дысцыплінах у гэтай краіне, і, шчыра кажучы, былі ўражаныя пачутым. Галандскія калегі расказалі, што правялі цікавае даследаванне, пратэсціраваўшы базавыя ўменні і навыкі па матэматыцы студэнтаў першага курса педагагічных факультэтаў. Тэсціраванне мела дзве мэты: кантралюючую (для вызначэння адпаведнасці ўзроўню падрыхтаванасці студэнтаў па матэматыцы вызначаным адукацыйным стандартам) і фарміруючую (для вызначэння таго, наколькі рэальнае становішча далёкае ад устаноўленых патрабаванняў, а таксама для ўстанаўлення зоны прабелаў у ведах).

Вынікі тэсціравання аказаліся наступныя: высветлілася, што толькі каля 20 працэнтаў першакурснікаў змаглі прадэманстраваць веды, якія адпавядаюць патрабаванням стандарту. Каля паловы з іх "не сябруюць" з арыфметыкай. А калі вынікі 18-гадовых першакурснікаў параўналі з вынікамі 12-гадовых школьнікаў, то высветлілася, што апошнія ведаюць матэматыку лепш, чым студэнты першага курса педагагічных факультэтаў. Зрэшты, тое ж тычыцца і ведання роднай мовы. Прыкладна палова галандскіх першакурснікаў педагагічных факультэтаў не могуць паспяхова выканаць прапанаваныя тэсты.

Галандцы, як і мы, знаходзяцца ў разгубленасці. Не выключана, што нам даводзіцца сёння пажынаць плады цывілізацыі: камп’ютарныя тэхналогіі, безумоўна, значна спрашчаюць наша жыццё, пры гэтым мы не можам здзейсніць без калькулятара нават самыя элементарныя арыфметычныя вылічэнні. Набіраем тэксты на камп’ютары з памылкамі, упэўненыя, што тэкставы рэдактар выправіць нашу непісьменнасць. Упершыню я звярнуў увагу на гэту праблему, калі пабываў у школах у Даніі і Швецыі. Там вучні пачатковых класаў набіралі тэкст на камп’ютары, і настаўнік не звяртаў ніякай увагі на граматычныя памылкі, якія дапускалі дзеці, маўляў, іх выправіць тэкставы рэдактар. І што мы маем сёння? Калі зазірнуць на любы інтэрнэт-форум, то можна лёгка пераканацца, што ў маладых людзей -- сур'ёзныя праблемы з правапісам, між іншым, як і з уменнем фармуляваць свае думкі. Не спрыяе агульнай пісьменнасці і адсутнасць павагі да кнігі. Зараз мы ўжо маем магчымасць прааналізаваць вынікі апошніх міжнародных даследаванняў функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў, якія праводзяцца ў рамках праграмы параўнальнага вывучэння і ацэнкі поспехаў школьнікаў розных краін – PISA. Тэсціраванне PISA лічыцца адным з самых аўтарытэтных даследаванняў якасці адукацыі ў свеце. Яно праводзіцца кожныя тры гады, а затым на працягу яшчэ аднаго года аналізуюцца вынікі тэстаў, перш чым яны будуць прадстаўленыя сусветнай грамадскасці. Самыя “свежыя” звесткі з’явіліся ў інтэрнэце літаральна днямі 9 снежня… .

-- Наколькі я ведаю, расійскія школьнікі, якія прымалі ўдзел у тэсціраванні ў 2006 годзе, аказаліся толькі ў чацвёртым дзесятку з 57 краін. Няўжо савецкая школа цалкам здае свае ранейшыя пазіцыі?

-- У аснове тэстаў PISA ляжыць меркаванне, што мала проста ведаць факты і правілы. Трэба умець іх выкарыстоўваць, напрыклад для таго, каб зразумець газетны артыкул пра глабальнае пацяпленне ці разгледзець маніпуляцыю з лічбамі. Прасцей кажучы, даследаванне PISA накіравана не на вызначэнне пэўнага ўзроўню засваення школьных праграм, а на ацэнку здольнасці навучэнцаў прымяняць атрыманыя ў школе веды і ўменні ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Для тлумачэння многіх з’яў навакольнага свету неабходна разуменне фізічных і хімічных працэсаў, а нашы абітурыенты ў гэтым годзе не змаглі прыгадаць нават у якіх адзінках вымяраецца электрычнае напружанне… Няўжо яны ніколі не бачылі, што напісана на разетках? Увогуле, мы заўважылі, што як толькі задача ў тэсце абапіраецца на эксперымент, там абавязкова будуць няправільныя адказы. Напэўна, ёсць прадметы, якія не могуць выкладацца ў школе толькі на тэарэтычным узроўні, і для авалодання імі ў поўнай меры школьнікам патрабуюцца практычныя навыкі, правядзенне лабараторных работ. Між іншым, у тэстах PISA 15-гадовым падлеткам прапануюцца не тыповыя задачы па фізіцы, хіміі ці матэматыцы, да якіх усе прызвычаіліся на постсавецкай прасторы, а блізкія да рэчаіснасці праблемныя сітуацыі, звязаныя з рознымі аспектамі нашага жыцця. Па меркаванні экспертаў PISA, атрыманне ў школе канкрэтных ведаў, безумоўна, вельмі важнае, але выкарыстанне гэтых ведаў у дарослым жыцці залежыць ад набытых у школьныя гады навыкаў. У жыцці канкрэтныя веды, скажам, такія як назвы раслін і жывёлін, маюць меншую каштоўнасць, чым разуменне глабальных праблем, звязаных са спажываннем энергіі, біялагічнай варыятыўнасці і чалавечым здароўем. Вельмі важныя для школьнікаў такія навыкі, як уменне ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, уменне адаптавацца, выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, а ў савецкай школе, як вядома, галоўны акцэнт рабіўся, пераважна, на акадэмізм і трансляцыю ўжо гатовых ведаў...



-- Мне здаецца, было б цікавым і нашай краіне прыняць удзел у такіх міжнародных даследаваннях, каб убачыць на якім свеце мы знаходзімся...

-- У многіх краінах свету за вынікамі тэстаў PІSA сочаць з не меншым азартам, чым за вынікамі Алімпіяды: усіх цікавіць, хто акажацца ў тройцы лідараў, хто ўвойдзе ў першую дзесятку ў сусветным рэйтынгу і гэтак далей. Для многіх абвяшчэнне вынікаў становіцца адной з галоўных падзей для нацыянальнай адукацыі. І калі краіна аказваецца вельмі далёка ад сусветных лідараў, гэта разглядаецца ні больш ні менш, як нацыянальная пагроза і сігнал, што ў сістэме адукацыі трэба тэрмінова штосьці змяняць: пераглядаць патрабаванні да адукацыйных стандартаў, уносіць карэктывы ў вучэбныя праграмы і планы, мяняць падыходы да выкладання вучэбных дысцыплін, укараняць сучасныя навучальныя тэхналогіі і гэтак далей. Так было, і з Германіяй, і з Нарвегіяй, з краінамі Балтыіі, Польшчай, Венгрыяй і іншымі. Сёння лідарамі па выніках PISA па матыматычнай граматнасці з'яўляюцца мацерыковы Кітай, Сінгапур, Ганког, Южная Карэя і Тайвань; па прыродазнаўчанавуковай мацерыковы Кітай, Фінляндыя, Ганконг, Сінгапур і Японія; па чытацкай мацерыковы Кітай, Южная Карэя, Фінляндыя, Ганконг і Сінгапур. Прычым асобныя краіны займаюць лідзіруючыя пазіцыі на працягу трох апошніх даследаванняў, а бо апошняга дзесяцігоддзя. Зайздросная стабільнасць. Напэўна, у іх ёсць чаму павучыцца…



-- Мікалай Сцяпанавіч, пасля апошняга тэсціравання, на вас зноў абрушыўся шквал крытыкі, маўляў, тэсты -- звышскладаныя, заданні -- не заўсёды карэктныя, а для таго, каб стаць студэнтам ВНУ, дастаткова толькі трапіць пальцам у неба -- ўгадаць некалькі правільных адказаў...

-- Нашы заходнія калегі прызналіся, што і ім таксама нярэдка даводзіцца прыстасоўвацца да грамадскай думкі. Так, дырэктар галандскага інстытута СІТО ў сваім выступленні падкрэсліў, што слаба падрыхтаваныя вучні, якія дэманструюць на тэсціраванні нізкія вынікі, як правіла, негатыўна ставяцца да самога тэсціравання, а станоўча ацэньваюць яго тыя навучэнцы, якія атрымалі па выніках тэстаў дастаткова высокія балы.

Я ні ў якім разе не хачу кідаць камень у бок школы, маўляў, як вы дзяцей рыхтуеце, так яны тэсты і здаюць, аднак і мы вымушаны абараняцца, калі нас спрабуюць абвінаваціць у тым, што справіцца з тэстамі школьніку без дапамогі репетытараў немагчыма. Асабіста я бачу праблему невысокіх сярэдніх балаў па многіх дысцыплінах ЦТ у наступным: калі яшчэ 20 гадоў таму на вышэйшую адукацыю адважваліся замахнуцца толькі 20-30 працэнтаў выпускнікоў агульнаадукацыйных школ, то цяпер усе масава ідуць удзельнічаць у тэсціраванні. Штогод у ЦТ бяруць удзел ад 93 да 96 працэнтаў выпускнікоў агульнаадукацыйных школ. А да выпускнікоў бягучага года далучаюцца выпускнікі папярэдніх гадоў, выпускнікі прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама прэтэндэнты на атрыманне другой вышэйшай адукацыі. Мяркую, што дастаткова вялікая колькасць выпадковых людзей на тэсціраванні з'яўляецца вынікам даступнасці і зручнасці здачы экзаменаў у тэставай форме, калі абітурыент пазбаўлены асабістага кантакту з экзаменатарамі. Адна рэч – паставіць на ўдачу адказы ў тэстах, і зусім іншая – зняславіць сабе перад экзаменацыйнай камісіяй.

Дарэчы, сцвярджэнне, што узровень падрыхтоўкі абітурыентаў рэзка падае, наша статыстыка не пацвярджае: сапраўды, сярэднія балы па некаторых прадметах аказаліся ніжэйшымі ў параўнанні з мінулагоднімі прыкладна на 2,5 адзінкі. Але не па ўсіх. Па нашых назіраннях, узровень падрыхтоўкі выпускнікоў прафесійна-тэхнічных устаноў ніжэйшы прыкладна ў 2,2-5 разы, чым у выпускнікоў агульнаадукацыйных школ, а ў выпускнікоў школ папярэдніх гадоў узровень ведаў ніжэйшы, чым у сёлетніх выпускнікоў. Гэта тэндэнцыя паўтараецца з года ў год. Аднак, хачу падкрэсліць, што сярод залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання практычна няма абітурыентаў з нізкімі баламі. Скажам, у Беларускім дзяржаўным універсітэце 48 працэнтаў ад агульнай колькасці паступіўшых на дзённую бюджэтную форму навучання (811 чалавек) мелі сумарны бал звыш як 300 балаў. У тых, хто паступіў на бюджэтную форму навучання ў БДУ, сярэдні бал па фізіцы быў 52, па матэматыцы -- 64, хіміі -- 63, беларускай мове -- 68. Няўжо гэта нізкія балы? Хачу таксама дадаць, што балы абітурыентаў на канкрэтнай спецыяльнасці ці ў канкрэтнай ВНУ -- гэта свайго роду рэйтынг навучальнай ўстановы ці канкрэтнай спецыяльнасці. Таму стаць студэнтам прэстыжнай спецыяльнасці ці прэстыжнай ВНУ з нізкімі баламі наўрад ці магчыма...



Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА.


"Высветлілася, што толькі каля 20 працэнтаў першакурснікаў у Галандыі змаглі прадэманстраваць веды, якія адпавядаюць патрабаванням стандарту. Каля паловы з іх "не сябруюць" з арыфметыкай. А калі вынікі 18-гадовых першакурснікаў параўналі з вынікамі 12-гадовых школьнікаў, то высветлілася, што апошнія ведаюць матэматыку лепш, чым студэнты першага курса педагагічных факультэтаў".



: testing -> articles
articles -> Ці павінен настаўнік рыхтаваць сваіх вучняў да цт?
articles -> Традыцыі і навацыі Што дазваляе маленькай краіне трымаць лідарства ў галіне адукацыі
articles -> Усякі попыт заўсёды нараджае прапанаванне
articles -> Колькі працоўнага імпэту патрэбна настаўніку?
articles -> Ці правяраюць тэсты творчыя здольнасці ў абітурыентаў?
articles -> Хто ў шоку ад pisa?
articles -> Працаваць на тэстамі далей
articles -> Праграмнае забеспячэнне як сродак эфектыўнай падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання
articles -> Рэпліка Як правільна выбраць партытуру да эфектыўнага ўроку ?




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка