Мікалай Рудкоўскі усё, як вы жадалi (інфляцыя пачуццяў)



старонка1/3
Дата канвертавання23.06.2016
Памер492.9 Kb.
  1   2   3
Мікалай Рудкоўскі

УСЁ, ЯК ВЫ ЖАДАЛI (ІНФЛЯЦЫЯ ПАЧУЦЦЯЎ)
Нехраналагічная камедыя у 2-х актах і 18-ці пераблытаных сцэнах.
Асобы:
Бабулька

Воля


Толік

Афіцыянтка ў начным клубе

Вадзім Пятровіч

Карына


Стрыптызёр

Мама


Прадзюсер музыкаў

Музыкі (яны ж музыкі ў начным клубе)

Дзяўчынка

Хлопчык


Па жаданню рэжысёра афіцыянтка, Вадзім Пятровіч, Карына, стрыптызёр, мама, прадзюсер музыкі, дзяўчынка і хлопчык могуць іграць і хатніх жывёл бабулькі.

АКТ I
Сцэна 5
Прыгожае пахаванне пад лёгкім, з вясёлкай, дажджом. Пахавальны аркестр складаецца з нефармальных маладых музыкаў. Гучыць прыемны лаўнж. Гламурная ўдава на магіле вытанчана здымае з нагі чорную падвязку. Жанчыны выстройваюцца за ёй. Удава кідае за спіну падвязку, усе жанчыны стараюцца яе спаймаць. Шчасліўка радасна ёй махае.
Шчасліўка. Я наступная! Я наступная ўдава!
Звоніць будзільнік. Пахавальная працэсія, спяшаючыся, уцякае. Толькі гламурная ўдава мітусіцца па сцэне.
Воля. Ну і сон! Ну і сон! І трэба ж, каб такое прыснілася. Жах. Дурасць нейкая. І чорны колер мне аніяк не пасуе. Сёння ў клуб надзену белае. Час прачынацца. Час прачынацца. Бізнес-план. Бізнес-план. Чорны мне не пасуе. У 9 раніцы сустрэча. У 10.30 сустрэча. Які чорны? Белы. Толькі белы. Альбо чырвоны? У 12.45 дзелавы абед. Бізнес-план. Бізнес-план. Удава! Дурасць. Мне трэба адпачыць. Не, мне трэба сёння павіншаваць Вадзіма Пятровіча. У 17 гадзін брэйнсторм, брэйнсторм. І белае ў клуб. Чырвонае? Белае, толькі белае. Сіняе? Чорны колер такі змрочны. А белы такі бяскрыўдны. Вадзім Пятровіч. Вадзім Пятровіч. У чырвоным я буду больш эфектная. Усё! Прачынайся! Бізнес-план! Бізнес-план.

Сцэна 9
Шум цягніка. Бабулька каля магілы мужа.
Бабулька. Прывітанне, любы. Прывітанне, мой дзядок. Як ты там? Сумуеш па мне? Сумуеш. А як ты сумуеш? Маўчыш. А я вось так сумую: аааа, ааааа. Ну, як? Спадабалася. Я старалася. А ў нашай козачкі дачка нарадзілася. Цудоўненькая дзяўчынка. Толькі капрызіць часта – рожкі рэжуцца. Маленькая, а бадацца хочацца. І кабылка наша ізноў кахання хоча. Толькі ажарабілася, а ўсё туды ж. Падбяжыць да каня і так палка капытом яго б’е, а ён яе ў адказ. А яна яго тады за грыву кусае і мутузіць, і мутузіць. Шалёныя. А кароўка наша заляцела ўпершыню. Я думала, гордая трапілася. А потым і на яе пачуцці накацілі.

Бык карову пык,

а карова «Мык».

Дзякуй, дружа, бык.



Шляхетная такая стала. А цяпер пра галоўнае. Новую інфармацыю для нас знайшла. Слухай. ытае газету). «Самае цёплае і салёнае мора – Чырвонае. Площча 450 тысяч квадратных метраў. Амывае Аравійскі паўвостраў і Афрыку. Чырвонае мора вельмі маладое. Яго фарміраванне пачалося каля 40 мільёнаў год таму назад, калі ў зямной кары з’явілася трэшчына». Гэта складана для нас. Вось яшчэ. «Галоўная асаблівасць мора ў тым, што ў яго не ўпадае ні адна рака, таму вада ў Чырвоным моры заўсёды крыштальна чыстая». Цяпер увага! «Тэмпература вады нават зімой не апускаецца ніжэй 20 градусаў. А яшчэ ў моры жывуць марскія каровы». Вось так. Іх называюць…дзюгоні. Так, дзюгоні. Амаль як коні. Яны ў поўдзень падплываюць пасвіцца на падводны лужок. «Яны вельмі добрыя і крыху меланхалічныя». І дэльфінчыкі там таксама ёсць… Што рабіць будзем? Маўчыш. Добра. У нас пакуль таксама цішыня. Ніхто так і не прыехаў. Толькі пазаўчора моладзь да нас тут панаехала. Тусоўкі, масоўкі. П’юць мала, кураць шмат. Музыкі. Іграюць шмат, як і кураць. Музыка незразумелая, але, ведаеш, неяк радуе. Учора ў горад збіралася за новымі паступленнямі, так я ў іх інфармацыю для нас папрасіла. Можа, сёння чаго падкінуць. У палатках жывуць за ракой. Да мяне за малаком і яйкамі прыходзяць. Грошай не бяру. У нас культурны бартэр. Можа, я дарма сабе ўсё прыдумала? Га? Але ж ты сам гэтага таксама хацеў. Я і трымаюся за нашыя дурныя, смешныя мары. Я буду шукаць і далей... Так. І на развітанне, як заўсёды, культурная праграма па заяўках. Праслухай песню з савецкага кінафільма. Назвы не памятаю, але песня добрая. Напэўна.
Бабулька пачынае спяваць. Яе песня змешваецца з акордамі маладых музыкаў. Іх прадзюсер падыходзіць да бабулькі.
Прадзюсер. Прывітанне пакаленню best.

Бабулька. Прывітанне пакаленню…

Прадзюсер. …next.

Бабулька. Next. Next. Кнігу прывезлі?

Прадзюсер. Усю не атрымалася. Але ў мясцовай бібліятэцы некалькі лісцікаў прыхапілі. На пару дзён вам хопіць, а потым можа яшчэ чаго прыхопім.

Бабулька. Добра.

Прадзюсер. Сёння бартэр адбудзецца?

Бабулька. Можна.

Прадзюсер. Нейкія асаблівыя заказы будуць?

Бабулька. Будуць. Мне б гэта… Як гэта…

Прадзюсер. Панк? Гранж? Фольк?

Бабулька. Таксама някепска. Але мне хочацца… класікі!

Прадзюсер. Рок?

Бабулька. Поўнай класікі.

Прадзюсер. Поўнай?

Бабулька. Зусім поўнай.

Прадзюсер. Песні ваенных часоў?

Бабулька. Ды што ты! Пабойся Бога! Нашмат раней.

Прадзюсер. Трыццатыя – дваццатыя?

Бабулька. Фу.

Прадзюсер. Дзевятнццатае?.. стагоддзе.

Бабулька. Хаця б.

Прадзюсер. Ой, не. Мы не зможам.

Бабулька. Няўдачнікі.

Прадзюсер. Чакайце, чакайце. Можа нешта прыдумаем?

Бабулька. Наступным разам у бібліятэцы ноты гэтаксама прыхапіце.

Прадзюсер. А каго хоць трэба сцягнуць?

Бабулька (зыходзячы). Паспрабуйце Адольфа Адана.

Прадзюсер. Каго? Ё маё. Адольф - я яшчэ запомню. Адольф Гітлер. А вось Адана. Адан, Адан, адын, зусім адын… Гітлер адзін. Зусім адзін. Гітлер застаўся адзін. Гітлер Адольф. Адзін – Адан. Адзін Гітлер – адзін Адан. Шайтан! О! Ева Браун. Гітлер узяў прозвішча Евы. Адольф Браун. Адольф Адан. Крута. Адольф Браун – Адольф Адан.
Шум цягніка.

Сцэна 1
Хлопчык. Я цябе не кахаю.

Дзяўчынка. Вельмі трэба.

Хлопчык. Я зусім цябе не кахаю.

Дзяўчынка. А вусны дрыжаць.

Хлопчык. Не.

Дзяўчынка. Так.

Хлопчык. Дула.

Дзяўчынка. Што яшчэ за «дула»?

Хлопчык. Не дула, а дула.

Дзяўчынка. Я цябе не разумею.

Хлопчык. А я цябе не кахаю.

Дзяўчынка. Ды што ты разумееш у каханні?

Хлопчык. Усё.

Дзяўчынка. Што ўсё?

Хлопчык. Усё - усё.

Дзяўчынка. Напрыклад?

Хлопчык. Не скажу.

Дзяўчынка. Таму што не ведаеш.

Хлопчык. А што ты ведаеш?

Дзяўчынка. Я ведаю, калі мяне Лёша крыўдзіць, альбо калі Косця дражніцца – мне ўсё роўна. А калі ты мяне дурай называеш, мне балюча.

Хлопчык. Добла, не дула.

Дзяўчынка. У цябе майка вельмі прыгожая…

Сцэна 10
Шум цягніка. Бабулька каля магілы.
Бабулька. «Паколькі Арафурскае мора з’яўляецца мелкаводным …». Нос свярбіць. Да чаго б гэта? «…з’яўляецца мелкаводным трапічным морам, у яго водах часта ўтвараюцца трапічныя тайфуны». Абы што. «Мора Банда». Цікавая назва. Інфармацыі нуль. «Флорэс, Сулавесі… Ураганы… Вільготнасць…Трапічныя дажджы…». Памятаеш? Пасля вяселля ўвесь тыдзень ішоў дождж. Мы нічога не маглі рабіць, толькі кахаць адно аднаго і час ад часу глядзелі ў вакно, назіралі за тым, як цяжкія мокрыя яблыні прагнулі кахання на зямлі. І нахіляліся, нахіляліся… Гэта быў самы лепшы ў маім жыцці нетрапічны дождж… Нос свярбіць. Добра, мой дэвіз – жыццё без дажджу. Будзем шукаць далей. І, як заўсёды ў гэты час, культурная праграма. Крыху паэзіі. Паслухай вершы… (Гукі машыны, якая заблудзіла). Загадвай жаданне. Калі гэта жанчына – вечар сапсаваны. Калі мужчыны – мора не будзе. Калі муж і жонка – адчуваю, нап’емся. (Чакае машыны). О! Усё. Нап’емся. Носам чую нап’емся.

Воля. Куда ты мяне прыцягнуў? Ты думаеш сваёй галавой калі-небудзь ці не?

Толік. Адкуль я ведаў, што тут дарогі няма? Сама б за руль села і… не якацела.

Воля. Дурня кавалак.

Толік. Цішэй. Ты можаш цішэй гаварыць?

Воля. А каго мне тут саромецца?

Толік. Цішэй, калі ласка.

Воля. Не.

Толік. Прашу цябе, замоўкні.

Воля. Сам замоўкні!

Бабулька. Лаюцца. Добра. Так прыемна слухаць. Мой нябожчык муж у маладосці таксама любіў мяне лаяць. Я зраблю што-небудзь гэтакае, а ён на мяне «дурніца ты», «карова», «кабыла дурная». Як прыгожа крычаў. А я ад яго словаў уся так і млела. Стаю, усміхаюся, а ён тады сякеру ў бок кіне і за мной бяжыць, каб адлупцаваць. Я віскачу, уцякаю, а ён мяне дагоніць, на зямлю заваліць і ўсё мне даруе. Якую б дурасць я не ўчыніла. А вы таксама дурная?

Воля. Вельмі дурная, калі гэтаму прыдурку паверыла.

Толік. Памяняй свой бруд на думкі.

Воля. Якія словы! Памяняю, калі ты замоўкнеш.

Толік. Сама замоўкнеш?

Воля. Сам замоўкні!

Толік. Ты замоўкні!

Воля. Замоўкні!
Шум цягніка.
Толік астае метр). Трымай! Мерай! Шэсць восемьдзесят.

Бабулька. Яшчэ. Яшчэ! Палайцеся, а я вам пазайздрошчу.

Воля. Колькі?

Толік. Шэсць восемьдзесят.

Бабулька. Вы добра лаецеся. Добра.

Воля. Да нічога добрага. Ні ў лаянцы, ні ў вашым доме.

Бабулька. Як нічога добрага?

Воля. Колькі?

Толік. Шэсть дзевяноста.

Воля. Гм. Шэсць дзевяноста.

Бабулька. Ды паглядзіце лепш.

Воля. Бачыла ўжо. Плот стары… Ад ветру ажно хістаецца…

Бабулька. Не ад ветру хістаецца.

Толік. Ад чаго тады?

Бабулька. Ад нашага кахання, як маладымі з маім чалавекам былі.

Толік. Ого.

Бабулька. Вось і я кажу «ого». Вы на плоце спрабавалі?

Воля. Што? Ды вы што, бабуля?

Бабулька. Я нічога. А вы і сапраўды дурніца.

Воля. Клас! Прыехала домік паглядзець, каб затым купіць. І што я бачу? Што я чую? Лаянку ў мой бок, расхістаныя ад кахання платы, узбуджаныя кусты па самае…

Толік. Ого-го-го.

Воля. … па самае “ого-го”! Разбураныя адрыны…

Бабулька. Адчайныя адрыны. Там сенавал і да гэтага часу.

Воля. На сенавале я таксама не спрабавала.

Толік. Бо дурная.

Воля. Дзякуй. А ты, я бачу, разумны. Ужо спрабаваў?

Толік. Як першы раз на бульбу ездзіў.

Воля. А на рыбалцы не спрабаваў?

Толік. На рыбалцы мы рыбу ловім!

Воля. Гэта дурні ловяць, а ты разумны. Не ведаю ўжо, якую ты там асалоду здабываеш са сваімі разумнымі сябрамі.

Толік. Хопіць!

Воля. Сенавальщчык хрэнаў!

Шум цягніка.
Бабулька. А вы паспрабуйце. Няма нічога лепей, за прапахлае сухой травой зняможанае цела…

Воля. Ведаеце, бабуля, нам гэта не вельмі прыемна слухаць. Мы на некалькі хвілін заехалі, хатку вашу паглядзелі…

Бабулька. А чаму толькі на некалькі хвілін? Заставайцеся на ўсе выходныя.

Воля. Я не хачу ў гэтым куратніку жыць.

Бабулька. Не, вы не зразумелі. Куратнік перад сенавалам стаіць, а гэта мой дом. Вось тут спальня. У ёй і адпачнеце.

Воля. Гэта спальня?

Бабулька. Так.

Толік. Метр восемьдзесят.

Воля. Дзякуй.

Толік. А чаго? Нам падыходзіць.

Воля (перадражнівае). А чаго! Нам падыходзіць! Ты на ложак паглядзі. Як у народных казках.

Бабулька. Лепей, лепей, чым у казках. Мяккі, пухнаты, прасторны. Тут наша каханне пачалося, тут і скончылася. (Пяе).

Сведчылі месяц, ноч і я,

Сцелюць пасцель рукі жаночыя,

Рукі белыя, рукі ўмелыя,

Як яны знаюць справу сваю,

Узлятаюць падушкамі белымі…



Гэты ложак увесь набрыняў нашай жарсцю, ад драўляных ножак і да матраца.

Воля. Я ўяўляю!

Толік. Няўжо? Ты можаш уяўляць?

Воля. Меньш рыбу лавіць трэба.

Толік. Ты ж са мной не хочаш.

Воля. А ты хіба ўмееш?

Толік. Яшчэ ні адна рыбанька не скардзілася.

Воля. Скаціна.
Шум цягніка.

Сцэна 3
Дзяўчынка. Я не хачу рабіць урокі.

Мама. Чаму?

Дзяўчынка. Не хачу. Мне кепска.

Мама. Галава баліць?

Дзяўчынка. Горш.

Мама. Жывот?

Дзяўчынка. Горш.

Мама. Што, дзетачка?

Дзяўчынка. Душа.

Мама. Тады гэта, вядома, сур’ёзна. Якія ў цябе праблемы?

Дзяўчынка. Адзін хлопчык…

Мама. Я так і думала.

Дзяўчынка. Не перапыняй.

Мама. Прабач.

Дзяўчынка. Адзін хлопчык носіць кожны дзень адну майку.

Мама. Нямыцька.

Дзяўчынка. Не. Проста я сказала яму, што ў яго майка прыгожая. Вось ён яе і не здымае.

Мама. Гэта вельмі сур’ёзна.

Дзяўчынка. Я вінаватая, праўда?

Мама. Гэта не віна, гэта ўжо пачуцці.

Дзяўчынка. Значыць, я падабаюся яму?

Мама. Падобна на тое.

Дзяўчынка. А чаму тады ён дражніцца?

Мама. Мужчыны ўсе такія.

Дзяўчынка. Ён яшчэ хлопчык.

Мама. Яны з дзяцінства такія.

Дзяўчынка. Грубыя?

Мама. Так, грубыя і кепска разумеюць жаночую душу.

Дзяўчынка. Дык мне пакрыўдзіцца на яго?

Мама. Не трэба. Гэта ласкавыя словы ў іх такія. Вось, калі стаеш дарослай, ты зразумееш, як гэта соладка. А вось калі цябе муж будзе «зайчыкам, рыбанькай» называць, значыць, штосьці тут ужо не так. Можа нават, ён цябе ўжо і не кахае.

Дзяўчынка. Добра, хай сабе лаецца.

Мама. Ты ўжо патрывай крыху.

Дзяўчынка. Крыху патрываю.

Мама. І, калі ласка, запытай у яго наступным разам: «Можа, у цябе іншыя прыгожыя майкі ёсць?».

Дзяўчынка. Так і быць. Запытаю.

Сцэна 13
Шум цягніка.
Прадзюсер. Знайшоў! Знайшоў!

Бабулька. Што ты знайшоў?

Прадзюсер. Адольфа Адана! Нарадзіўся ў 1803 годзе ў Парыжы! Скончыў кансерваторыю, напісаў сорак опер!

Бабулька. Ды не крычы ты.

Прадзюсер. Адкрыў свой тэатр «Нацыянальная опера»…

Бабулька. Чаго крычыш?

Прадзюсер. Ну, вось так. «Жызэль» падыйдзе?

Бабулька. Так.

Прадзюсер. Ноты ёсць. Вось некалькі лістоў.

Бабулька. Некалькі?

Прадзюсер. Затое з лібрэта. Будзеце ведаць змест балета.

Бабулька. Вярні на радзіму. О! Крэатыўна ўсё зрабілі.

Прадзюсер. Тэнк ю.

Бабулька. З бартэрам усё будзе як мае быць, не хвалюйся. Толькі да світання культурная праграма павінна быць гатова.

Прадзюсер. Да світання?

Бабулька. Так. Таму ноч не спаць, цінэйджэры.

Прадзюсер. А мы і так не спім. Можа, у вас сэм ёсць?

Бабулька. Хто?

Прадзюсер. Сэм. Самагон. Для рэпы.

Бабулька. Якой рэпы?

Прадзюсер. Ну, рэпы. Рэпетыцыі. Нам трэба завесціся мацней і не спаць.

Бабулька. Зразумела.

Прадзюсер. Дык ёсць?

Бабулька. Што?

Прадзюсер. Самагон.

Бабулька. Ёсць, ёсць.

Прадзюсер. Дык зараз дадзіце па бартэру?

Бабулька. Дам, дам адну бутэльку.

Прадзюсер. Мала.

Бабулька. Пракурор дадасць.

Прадзюсер. Ён дадасць, а можа, і вы яшчэ паўбутэлечкі для кампрэса. Горла баліць.

Бабулька. Я ж не спяваць цябе прашу, а іграць.

Прадзюсер. Я не пяю і не іграю, я – прадзюсер нашай банды. Я кантралюю працэс. А раптам захварэю і злягу? Да світання паспець трэба…

Бабулька. Добра. Сустрэнемся пасля першага крыка пеўня на магіле.

Прадзюсер. На магіле?!

Бабуля. Ну што ты як хлопчык? Магіла – адна, а нас – цэлая банда.

Прадзюсер. На магіле, дык на магіле.

Бабулька. Галоўнае, не ніжэй.

Прадзюсер. А вы мне падабаецеся.

Бабулька. Ты не вычварэнец?

Прадзюсер. Я добры.

Старушка. Чаго?

Прадзюсер. Нармальны.

Бабулька. Добра, жыві, менеджэр.

Прадзюсер. Усё будзе чыкі-пыкі.

Бабулька. Пойдзем за сэмам. Толькі не крычы. У мяне важныя госці.

Прадзюсер. Магіла.

Сцэна 6
Начны клуб. Граюць музыкі. Воля і Вадзім Пятровіч танцуюць.
Вадзім Пятровіч. Гэта мой любімы клуб. Тут заўсёды ціха, спакойна. Вас штосьці, Волечка, бянтэжыць?

Воля. Мая адзінокая прысутнасць. У такога чалавека, як вы, на дні нараджэння павінна быць шмат гасцей, а не адна маладая замужняя жанчына.

Вадзім Пятровіч. У такога чалавека, як я, павінен быць такі капрыз. Вы захацелі ўліцца ў мяне, гэта значыць у маю кампанію. Вось і ўлівайцеся адна. Я мора, вы рака. Нашто нам іншыя рэкі?

Воля. Каб мора не перасохла.

Вадзім Пятровіч. Яшчэ віна?

Воля. Крыху. Я павінна вярнуцца да мужа ў дзелавой кандыцыі.

Вадзім Пятровіч. Нават дзелавыя дзяўчыны дзеля справы часам павінны забываць пра сваю замужнюю кандыцыю.
Падыходзяць да століка. П’юць віно. На танцпляцоўцы выступае стрыптызёр.
Вадзім Пятровіч. Вы заўсёды верная сваёй справе?

Воля. Толькі ў снах.

Вадзім Пятровіч. Я пра мужа.

Воля. І я пра мужа.

Вадзім Пятровіч. І з кім у сне?

Воля. Адна.

Вадзім Пятровіч. Вытанчана!

Воля. Застаюся ў сне адна.

Вадзім Пятровіч. Страшная доля сучасных бізнес-лэдзі.

Воля. За ваша здароўе, Вадзім Пятровіч. За тое, каб вы ніколі не зведалі гэтай страшнай жаночай долі.

Вадзім Пятровіч. Не, трэці тост за каханне. Вып’ем сардэчную левай рукой. Глядзіце мне ў вочы. За каханне!
У клубе з’яўляюцца Толік і Карына. Ідуць да бара.
Вадзім Пятровіч. Я не хачу вас спакусіць, Воля. Я хачу, каб наш бізнес квітнеў. І хачу, каб мы сталі сябрамі.

Воля. Я таксама гэтага хачу.

Вадзім Пятровіч. Тады нам давядзецца выпіць на брудэршафт.

Воля. Я не вельмі гэтага хачу.

Вадзім Пятровіч. Што такое?

Воля. Як гэта? Не крыўдуйце, але гэта не гігіенічна.

Вадзім Пятровіч. Сяброўства не можа быць негігіенічным. Калі мы станем сябрамі, то ў нас павінны быць адны і тыя ж хваробы, а віно, каханне і любоў забіваюць мікробы.

Воля. Добра. За наша сяброўства!
Выпіваюць, цалуюцца. Воля і Толік заўважаюць адзін аднаго.
Воля. Бля-я-я-яха!..

Вадзім Пятровіч. Што? Гідка?

Воля. Я заляцела!

Вадзім Пятровіч. У сэнсе?

Воля. Муж тут.

Толік. Ні фіга сабе карпаратыўныўная вечарыначка! І што ж тут адбываецца?

Воля. Жахі тут адбываюцца.

Толік. Садом і Гамора!

Воля. Гэта дзелавы дзень нараджэння!

Толік. Хораша прыдумала! Хто ж вы, дзядзечка?

Вадзім Пятровіч. Я вам не дзядзечка.



  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка