Мільёны лёсаў у адным



Дата канвертавання22.05.2016
Памер130.15 Kb.
Мільёны лёсаў у адным
Толькі пачынаеш згадваць у думках імя народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, як у памяці адразу ўсплываюць шмат якія яго творы. I тыя, што даўно сталі хрэстаматыйнымі, і тыя, якія, як кажуць, у кожнага «свае». Бадай, цяжка знайсці чалавека (ва ўсялякім разе, у нас, у Беларусі), які б не захапляўся цудоўнай песняй «Алеся», гатовы паўтараць услед за «Песнярамі»:

Пайшла, ніколі ўжо не вернется, Алеся,

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

А гэта ж верш «Бывай...», напісаны Аркадзем Аляксандравічам яшчэ ў 1928 годзе, а ў сталым узросце аўтарам дапрацаваны і пакладзены на музыку Ігарам Лучанком.

Сапраўды, у мастакоўскай спадчыне А. Куляшова больш таго, што аднолькава блізкае і дарагое кожнаму аматару паэзіі, не кажучы пра тонкіх знаўцаў і ўлюбёнцаў яе. Ды і як жа інакш, калі напісанае ім — той неабсяжны свет, стыхію якога можна спазнаць ва ўсёй значнасці і велічнасці толькі тады, калі па-сапраўднаму далучышся да ягонай непаўторнасці, шматзначнасці і шматмернасці.

Акунешся ў гэтую неабсяжнасць і адразу зразумееш: нічога выпадковага, другаснага тут няма і быць не можа. Такі ўжо талент А. Куляшова — глыбінны, маштабны. Прытым — надзіва зямны. Гэты талент не дазваляў яму разменьвацца на дробязі, а даваў мажлівасць пісаць так, каб усё было дасканала і выглядала на высокім мастакоўскім узроўні. Адразу — непаўторна. I адразу — з праекцыяй у вечнасць.

У сувязі з апошнім сцверджаннем, праўда, могуць знайсціся ахвочыя запярэчыць: як жа, у такім разе, быць з асобнымі куляшоўскімі творамі, у якіх знайшлося месца «правадыру ўсіх народаў»? Як, у рэшце рэшт, ставіцца сёння да знакамітых «Камуністаў»? I да не менш вядомага «Камсамольскага білета»?

Наконт першых — усё проста. Скажыце шчыра, а хто з тагачасных паэтаў падобнага не пісаў? Хто з іх мог выдаць чарговую кнігу, не прыгадаўшы імя «вяршыцеля людскіх лёсаў»? Складаней з «Камуністамі», «Камсамольскім білетам», дый некаторымі іншымі творамі А. Куляшова. Але складаней, калі мець на ўвазе толькі тэматыку іх. Праблематыка ж (безумоўна, калі ставіцца да зместу не толькі патрабавальна, але і зацікаўлена-шчыра, жадаючы па-сапраўднаму зразумець аўтара) такая, што думкі, якія выказвае паэт, не страцілі свайго значэння, хоць і ўспрымаюцца сёння часам у іншай інтэрпрэтацыі.

Услаўляў жа А. Куляшоў, пішучы гэтыя творы, сапраўдную адданасць ідэі, якой сумленны чалавек самаахвярна служыць («Камуністы»), паэтызаваў вернасць абавязку перад Радзімай («Камсамольскі білет»). А галоўнае — меў на тое права выказваць свае думкі менавіта так, а не інакш, як і мае на гэта права кожны чалавек. I яшчэ важна: і «Камуністы», і «Камсамольскі білет» — частка гісторыі беларускай савецкай паэзіі. Гісторыю трэба ведаць і шанаваць. Гісторыю літаратуры — не ў апошнюю чаргу. А яна без гэтых твораў атрымаецца прэпараванай, няпоўнай. Трэба імкнуцца да таго, каб па-новаму, з пазіцыі сённяшняга дня ацэньваць добра вядомае, тое, што яшчэ гадоў пятнаццаць назад успрымалася ледзь не агульнапрынятым эталонам.

Маючы на ўвазе творчасць А. Куляшова, канешне ж, не абысціся без пэўнай карэкціроўкі. А яшчэ (што, бадай, у нечым нават важней) трэба ўважліва чытаць таго А. Куляшова, якога мы, з розных прычын, мала ведалі, а то і зусім не ведалі. Хоць і ў гэтым накірунку першыя подступы былі даўно зроблены.

Прынамсі, важкія напрацоўкі можна напаткаць у кнізе Варлена Бечыка «Шлях да акіяна», выпушчанай выдавецтвам «Мастацкая літаратура» ў 1981 г. Гэтае выданне цікавае ўжо тым, што В. Бечык, які заўчасна пайшоў з жыцця, не дасягнуўшы свайго 50-годдзя, быў надзіва ўдумлівым і патрабавальным даследчыкам айчыннай паэзіі. Да ўсяго, ён часта сустракаўся з Аркадзем Аляксандравічам, а значыць ведаў пра яго творчасць (ды і, зразумела, жыццё) шмат таго, чаго не ведалі іншыя даследчыкі, а таму ягоныя развагі можна (і трэба!) успрымаць як значны сваёй фактычнай напоўненасцю матэрыял. Гэта тычыцца і пачатковага перыяду творчасці А. Куляшова.
Зямное і касмічнае
Як вядома, будучы народны паэт пачаў пісаць вельмі рана. Ужо ў шасцігадовым узросце ён склаў першыя вершы, праўда, тады яшчэ паруску, але хутка перайшоў на родную мову і ў 1926 г., маючы за плячамі толькі 12 гадоў, пабачыў свой верш «Ты мой брат», надрукаваны на старонках клімавіцкай акруговай газеты «Наш працаўнік». Заўважылі шасцікласніка Саматэвіцкай сямігодкі (цяпер Касцюковіцкі раён) і ў сталіцы: 30 верасня таго ж 1926 г. гэты твор перадрукавала газета «Малады камуніст», адрасаваная заходнебеларускаму чытачу. Неўзабаве свае старонкі А. Куляшову далі рэспубліканскія часопісы «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Полымя», газета «Чырвоная змена» і іншыя выданні. А ўжо ў 1930 годзе (споўнілася ўсяго 16 гадоў!) трымаў у руках першую кнігу «Росквіт зямлі». Яшчэ праз два гады выйшлі адразу дзве: «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж». Але на тым зборніку, які быў у сапраўднасці другім, значыўся падзагаловак: «Першая кніга паэзіі».

Гэтаму крытык Рыгор Бярозкін (нарыс «Аркадзь Куляшоў», што пабачыў свет у выдавецтве «Народная асвета» ў 1978 г. у серыі «Народныя паэты БССР») даў такое тлумачэнне: «Тым самым аўтар падкрэсліваў, што першы па часе зборнік «Росквіт зямлі» — пройдзеная ўжо ступень вучнёўства».

Наконт таго, што А. Куляшоў на той час пазбавіўся вучнёўства, сумніву няма, але, рэкамендуючы рукапіс «Росквіту зямлі» выдавецтву, рабіў настойлівыя захады, каб у кнігу трапіла як мага менш слабых вершаў. Але благую паслугу юнаму паэту аказаў Міхась Чарот, які з’яўляўся яе рэдактарам. Што адбылося тады, відаць са сведчання В. Бечыка: «Чарот больш ахвотна прызнаваў аголены рытарычны ход, «лабавую» публіцыстычную эмоцыю — на гэтым шляху ён сам дасягнуў вялікіх удач. А вось да больш тонкай, ужо псіхалагічнай індывідуалізаванай лірыкі ён паставіўся насцярожана і адхіліў яе, не адчуўшы яе сапраўднай паэтычнай сутнасці». I далей В. Бечык працягваў: «Міхась Чарот, як гаварыў у адной з гутарак Аркадзь Аляксандравіч, «па сутнасці зняў са зборніка «Росквіт зямлі» ўсю сапраўдную лірыку, чым вельмі збедніў юнгу». Малады паэт быў настолькі гэтым незадаволены, што і паставіў падзагаловак «Першая кніга паэзіі» пад наступным сваім зборнікам...»

Не задавальняцца яму было чым. Для прыкладу, у «Росквіт зямлі» не ўвайшоў верш «Астраном», які, несумненна, стаіць ля вытокаў касмічнай тэмы ў творчасці А. Куляшова. Гэта добра відаць, калі правесці паралель паміж «Астраномам» і шмат якімі іншымі пазнейшымі куляшоўскімі творамі. Але сам А. Куляшоў, хутчэй за ўсё, тады інтуітыўна прадчуваў, што знаходзіцца толькі на пачатку аднаго з важнейшых накірункаў у сваёй паэзіі.

Пішучы «Астранома», ён адштурхоўваўся ад таго, што не толькі ўсё жывое на зямлі ўзаемазвязана, а і існуе цесная повязь у самім Сусвеце. Лірычны герой, у якім пазнаецца сам юны паэт-рамантык, і хацеў спасцігнуць гэтую паяднанасць:

Як толькі змаўкаюць за брамай гудкі

I ночка маўчыць за акном,

Я зноўку выходжу глядзець на блакіт,

На зоры далёкія зноў...

...I там у каго-небудзь сэрца гарыць,

Як сэрца гарыць у мяне!

Магчыма, і ён за акрайкамі схем

Сядзіць пад напорам гадзін

Над морам такіх жа, як мы, тэарэм,

Над морам складаных машын.

Цікава, што ў падобных меркаваннях А. Куляшоў быў не адзінокі. Магчымасць жыцця на іншых планетах, аднак, турбавала не толькі паэтаў, а і навукоўцаў. Адзін з іх — Аляксандр Чыжэўскі. Той самы А. Чыжэўскі, чыя люстра так настойліва прапагандуецца, як і створаныя ім розныя іанізатары. Дарэчы, А. Чыжэўскі — родам з мястэчка Цеханавец колішняй Гродзенскай губерні, быў усебакова развітым чалавекам, невыпадкова яго называлі сучасным Леанарда да Вінчы — маляваў, пісаў вершы. У яго ёсць і верш «Тоеснасць свету», сугучны прамоўленаму А. Куляшовым. Але Аркадзь Аляксандравіч пра яго не мог ведаць, бо хоць гэты твор А. Чыжэўскі і напісаў у 1919 г., ён нідзе не публікаваўся, і толькі ў 1995 г. Л. Галаванаў прывёў яго ў сваёй прадмове да кнігі А. Чыжэўскага «На беразе Сусвету. Гады дружбы з Цыялкоўскім». Ёсць у вершы і такія радкі:

О, целый мир грядет из тьмы —

Непостижим, но познаваем,

И если мыслят марсиане,

Так они мыслят, как и мы.

Аркадзь Куляшоў, працягваючы асваенне касмічнай праблематыкі, напісаў і шэраг вершаў, у якіх востра гучыць турбота за лёс Зямлі, а значыць і самога чалавецтва. Самы значны сярод іх «Сасна і бяроза» — аднаго яго дастаткова, каб лічыць аўтара класікам нацыянальнай паэзіі:

Трымаюць зямлю без падзвіжнікаў тых,

Без мудрага троса,

Жывымі рукамі карэнняў сваіх

Сасна і бяроза.

Толькі сасне і бярозе ўдаецца да пары да часу выконваць сваю адказную і пачэсную місію, а пасля...

Ужо на насенне, якое ў раллі,

Паглядваюць коса

Аратыя смерці, каб больш не раслі

Сасна і бяроза.

Над імі ракетны ўзрываецца гук

I гул бамбавоза...

А што, як Зямлю нашу выпусцяць з рук

Сасна і бяроза?

Паэзія была яго прызваннем. Паэзія станавілася прыстанішчам лепшых думак і спадзяванняў. Паэзія ператваралася ў чысцілішча, якое дапамагала пазбавіцца друзу паўсядзённасці. Але ж паэзія адбірала сілы і здароўе. Яшчэ ў 1967 г. ён мусіў прызнацца:

Пашанцавала тройчы мне,

Я тройчы, выпрастаўшы рукі,

Ляжаў не ў ложку, а ў труне...

Я знаю, што такое мукі.

Пішу: я, сведка ўсіх падзей,

Сірочых слёз, вайны, разлукі,

Жадаю шчасця для людзей...

Я знаю, што такое мукі.

I пісаў, завяршаючы твор за творам, выдаючы кнігу за кнігай. Не абыходзячы розных жанраў, але не забываючы пра самы цяжкі і адказны ў паэзіі — паэму. Паэм у яго амаль дваццаць і, як слушна сцвярджаў В. Бечык, «ледзь не ўсе яны маюць пэўную фабулу, знешні сюжэт». Хоць нельга не пагадзіцца і з Алегам Лойкам, што ў гэтых творах відавочная «лірычная прырода». Самая хрэстаматыйная — «Сцяг брыгады» — сведчыць на карысць і першага, і другога.


Штодзённае і вечнае
Паэма «Сцяг брыгады» таксама належыць да тых куляшоўскіх твораў, што пэўнай катэгорыяй чытачоў (а да яе адносяцца і некаторыя крытыкі, хоць яны і не заўсёды выказваюць свае меркаванні публічна) успрымаюцца толькі як даніна паэта свайму часу. «Насцярожвае» іх тое, што адзін з галоўных герояў Алесь Рыбка разам з камісарам Зарудным выратоўваюць чырвоны сцяг, а на некаторых чырвоны колер уздзейнічае як на таго быка. Не хочуць зразумець, што сцяг гэты ў творы зусім не партыйнае палотнішча, а вайсковы сімвал. Да падобнага атрыбута з павагай ставяцца ў кожным войску. I ў кожнай краіне. А ўвогуле, калі крочыць шляхам падобнага адмаўлення, дык легка дайсці да таго, што можна ўтварыць у гісторыі літаратуры новыя «белыя плямы».

Ды, паўтараю, як і ў выпадку з вершамі «Камуністы», «Камсамольскі білет» у сувязі з гэтым істотны не сам сюжэт твора, а тое, наколькі плённа ўдалося аўтару ажыццявіць сваю задуму. А. Куляшоў у «Сцягу брыгады» аказаўся на вышыні, таму гэты твор вельмі спадабаўся такому знаўцу паэзіі, як Аляксандр Твардоўскі, і, перакладзены на рускую мову Аляксандрам Пракоф’евым, выйшаў асобнай кнігай.

Аднак не значыць, што ў жанры паэмы ў А. Куляшова не было прахадных твораў. У прыватнасці, не пашанцавала яму з «Аманалам», на які Якуб Колас адгукнуўся адмоўным артыкулам. I меў на тое падставы. Але Якуб Колас, у адрозненне ад іншых крытыкаў, адзначыў і адметнасць творчай палітры А. Куляшова: «...ідзе нейкім новым, сваім шляхам, шукае новых сродкаў для рэалізацыі сваіх творчых замыслаў. Ён стараецца адысці ад тых прыёмаў і сродкаў літаратурнага арсенала, якія сталіся ўжо звычайнымі, трафарэтнымі».

Адыход ад чагосьці звыклага не заўсёды і не ўсім падабаецца. Асабліва, калі аўтар выступае наватарам. У такім выпадку магчымы зусім супрацьлеглыя погляды. Адно відавочна: абыякавых няма і быць не можа. Пацвярджэнне таму і паэма «Хлопцы апошняй вайны», якая, паводле больш позняга .сведчання вядомага перакладчыка і крытыка Яўгена Мазалькова, «пазначае ў творчасці Куляшова перыяд новых напружаных пошукаў свайго ўласнага стылю, завяршэннем якіх з’явіліся яго паэмы "Сцяг брыгады", "Прыгоды цымбал", "Новае рэчышча", "Толькі ўперад", "Грозная пушча"».

Гэты твор аўтар чытаў нават на партыйным сходзе, што праходзіў у Саюзе пісьменнікаў 31 кастрычніка 1940 года. Як паведамляла праз два дні газета «Літаратура і мастацтва», «...вакол паэмы разгарнулася гарачая дыскусія. Ужо даўно нашы абмеркаванні новых твораў не насілі такога ажыўленага характару». I хоць Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Алесь Кучар зрабілі А. Куляшову нямала заўваг, былі і добразычлівыя водгукі. А тыя, хто выказваў іх, не памыліліся ў сваіх ацэнках. Паэма і сёння ўспрымаецца ў шэрагу таго лепшага, што напісана ў даваенны перыяд.

Новае творчае дыханне А. Куляшоў набыў, пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў 1961 г. у кастрычніцкім нумары часопіса «Полымя» з’явілася першая падборка яго новых лірычных вершаў пад агульнай назвай «З новай кнігі», роўна праз год — наступная. А потым выйшла і сама «Новая кніга» (1964), а ў 1970 годзе — зборнік «Сасна і бяроза».

Нешта падобнае назіралася і перад вайной, калі была апублікавана кніга вершаў «Юначы свет», што ўвабрала ў сябе творы, напісаныя ў 1938—1941 гг. Менавіта яна канчаткова засведчыла, наколькі А. Куляшоў цікавы і перспектыўны паэт. I, што таксама важна, у адным з яе вершаў («Мая Бесядзь») ён хораша апеў рэчку свайго маленства, хоць згадваў яе і раней. Аднак якраз з гэтага часу воблік яе прысутнічаў у ягонай творчасці пастаянна, а сама рака паступова стала састаўной часткай вялізнага акіяна куляшоўскай паэзіі.

У 60-я гады А. Куляшоў не толькі замацаваў свае ранейшыя набыткі, а і ўпэўнена выйшаў на новыя творчыя абсягі. На ўсю моц у яго загучала тэма еднасці людзей, тэма міру і ўзаемапаразумення, адначасова паэзія набыла і больш шырокі касмічны размах. Як у сэнсе зместавай напоўненасці, так і паводле выхаду аўтара, як і ў гады маладосці, на рубяжы, дзе прысутнічае касмічная лучнасць. Але гэтым разам чуецца паэтава перасцярога чалавецтву адумацца, зразумець, да чаго можа прывесці безагляднасць.

У вершы «Пра Марс» ён быццам прадчуваў, што можа прынесці з сабой неўтаймаваны атам, які ўсе, не задумваючыся, называлі мірным. Таму і дазволіў сабе выказаць гіпотэзу, паводле якой жыццё на гэтай загадкавай планеце загінула ў выніку нейкай катастрофы: «...горы пылу ...носяць радыеактыўныя смярчы», «час усмерціў іх (марсіян.— А. В.) ці даканалі сваркі, не пазбытыя ў свой час?». Аднак на гэтым А. Куляшоў не спыніўся, у сваей гіпотэзе пайшоў далей, дасягнуўшы той празорлівасці, якую пасля чарнобыльскіх падзей інакш, як здзіўляючай, не назавеш:

Можа, сапраўды іх існаванне

Больш патрэбна для планет другіх,

Можа, гэта ў час процістаяння

Неўміручай працай рук сваіх

Нас засцерагаюць марсіяне

Ад бяды, што не мінула іх?

«Новы» А. Куляшоў — канешне ж, і новыя яго паэмы.

«Маналог», прысвечаны памяці сяброў, паэтаў Змітрака Астапенкі і Юлія Таўбіна.

«Цунамі», у якой прысутнічае тая ж аўтарская трывога за будучыню чалавека і чалавецтва.

«Далека да акіяна», што надзіва ўдала спалучае асабістую памяць паэта і неўміручую памяць народа, а людская лёсы прачытваюцца на фоне важнейшых падзей.

«Варшаўскі шлях» — слова пра незабыўнага Аляксандра Твардоўскага, з якім А. Куляшоў таксама сябраваў.

Аднак «новы» Куляшоў — гэта найперш драматычная паэма «Хамуціус», напісаная ў 1975 г., у якой праўдзі ва ўвасоблены воблік кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага (Хамуціус — адзін з яго нелегальных псеўданімаў). Паэт быў далёкі ад думкі падаваць Каліноўскага хрэстаматыйным. I на карысць гэтаму сведчыць эпіграф да твора, узяты ў румынскай паэтэсы Марыі Бануш: «Ствараючы аблічча новага, ствараем мы і новае аблічча тым, хто загінуў».

Кастусь Каліноўскі, «створаны» А. Куляшовым,— гэта чалавек высокага абавязку і годнасці, які змагаецца ў імя Бацькаўшчыны і ў імя яе гіне, але гэта не ідэалізаваны персанаж, а пададзены ва ўсёй складанасці, а часам і супярэчнасці ягонага характару.


Працаваў Аркадзь Аляксандравіч да апошняга. Не стала А. Куляшова 4 лютага 1978 года ў нясвіжскім санаторыі, дзе ён адпачываў, а пад вершам «Карусель» значыцца памета: «3-га лютага». Праўда, быў у яго аднайменны твор даваеннага часу, але гэта па сутнасці новы верш, настолькі ўзмацніліся ў ім матывы таго незваротнага, што знікла разам з маленствам.

Пасля сябе пакінуў не толькі багата паэтычных твораў.

З поспехам выступіў таксама і ў галіне кінадраматургіі.

Важкія яго набыткі і як перакладчыка. А па-беларуску пераствараў такія выдатныя творы, як «Яўген Анегін» А. Пушкіна, паэма «Энеіда» класіка ўкраінскай літаратуры I. Катлярэўскага, сусветна вядомы «Спеў аб Гаяваце» Лангфела, а таксама вершы М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, А. Твардоўскага, К. Куліева і іншых. А наколькі высокім было яго перакладчыцкае майстэрства, відаць, як дакладна перадаў сэнс сказанага ў знакамітым лермантаўскім «И звезда с звездою говорит...» — «Зорка зорцы голас падае...»

Невыпадкова В. Бечык не хаваў свайго захаплення ад перакладу: «...гэта лермантаўскае: тая ж зорная прастора, цішыня і бязлюднасць, тое ж ціхае мроіва пачуцця, маўклівы дыялог душы з сусветам і вечнасцю». Ад сябе дадам: дыялог з вечнасцю, што пачаўся ў Аркадзя Аляксандравіча яшчэ падчас напісання верша «Астраном».

Жывучы не проста ярка, напружана, а з найвышэйшай самааддачай (дакладней, працуючы на зное), менавіта ён меў права напісаць такія радкі:

Мне кожны год, нібы жыццём другім,

Жыць у дваццаты век наш давялося...

Я — акіяну жытняга калоссе:

Мільёны лёсаў змешчаны ў маім,

Яшчэ да дна не вычарпаным лесе.

Сумненняў няма і быць не можа: сёння адна з найбольш яркіх старонак у гісторыі беларускай паэзіі — творчасць А. Куляшова. Яна — складнік таго своеасаблівага ланцуга, які ўтворыцца, калі паставіць поруч імёны Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Максіма Танка. Месца А. Куляшова, вядома ж, паміж Купалам і Танкам. Безумоўна, можна прыгадаць нямала і іншых таленавітых паэтаў, ды гэтыя чацвёра ўсё ж вылучаюцца. Яны нібы дрэвы-веліканы ў дружным лесе. Кожнаму ў ім ёсць месца, аднак позірк спачатку затрымліваеш на іх, бо яны прыцягваюць да сябе, дзякуючы магутнаму сілавому полю.

Паэзія А. Куляшова належыць не толькі нам, а і наступнікам, якім адкрываць яе нанава і па-новаму прачытваць. Як сказаў у вершы «Куляшову» яго сябра і паплечнік Пімен Панчанка:

I кружыцца планета Куляшова,



I песня пра Алесю ўсё звініць...

Алесь Вішнеўскі


Крыніца:

Вішнеўскі, А. Мільёны лёсаў у адным : [пра творчы шлях Аркадзя Куляшова] // Беларуская думка. — 2004. — № 2. — С. 36—42.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка