Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь беларуская мова. Літаратурнае чытанне



Дата канвертавання03.07.2016
Памер296.43 Kb.


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь


БЕЛАРУСКАЯ МОВА.

ЛІТАРАТУРНАЕ ЧЫТАННЕ
Праграмы для VI—X класаў

дапаможнай школы

з рускай мовай навучання

Мінск 2014


Тлумачальная запіска
Вывучэнне беларускай мовы ў дапаможнай школе з рускай мовай навучання пачынаецца з пятага класа, дзе вучням прапануецца ўступны курс беларускай мовы. У VI—X класах вучні засвойваюць асаблівасці гучання беларускай мовы, актывізуюцца іх зносіны на беларускай мове, удасканальваюцца ўменні чытаць і пісаць па-беларуску, а таксама фарміруюцца некаторыя веды аб лінгвістычнай сістэме беларускай мовы.

У школе з рускай мовай навучання беларуская мова з’яўляецца толькі прадметам вывучэння, а не сродкам навучання іншым вучэбным прадметам, сродкам мыслення, зносін. Беларуская мова тут другая, але яе нельга вывучаць як замежную, таму што яна — блізкароднасная рускай і ў асноўным зразумелая дзецям, якія навучаюцца на рускай мове. Аднак у дапаможнай школе другую мову немагчыма вывучаць так, як у агульнаадукацыйнай школе, дзе вывучаюцца сістэмы дзвюх моў паралельна і вельмі інтэнсіўна. Такі шлях не можа быць эфектыўным пры вывучэнні другой мовы ў дапаможнай школе з-за асаблівасцей пазнавальнай дзейнасці вучняў.

Галоўнай мэтай вывучэння беларускай мовы ў дапаможнай школе і ў інтэграваных структурах, дзе ажыццяўляецца навучанне па праграме дапаможнай школы, — навучыць дзяцей практычнаму карыстанню беларускай мовай, сфарміраваць камунікатыўную кампетэнцыю ў вучняў, г. зн. навучыць іх слухаць і разумець беларускае маўленне, размаўляць па-беларуску, чытаць і пісаць на другой мове.

Задачамі навучання беларускай мове ў дапаможнай школе з рускай мовай навучання з’яўляюцца наступныя:


  • выхаванне ў вучняў павагі да беларускага народа як носьбіта беларускай мовы, адчування сябе яго часткай;

  • фарміраванне ў вучняў элементарных уменняў зносін па-беларуску; навыкаў карыстання вусным і пісьмовым маўленнем у розных сферах і сітуацыях зносін, у тым ліку звязаных з прафесійнай і працоўнай дзейнасцю;

  • выпрацоўка дастаткова трывалых навыкаў пісьма без памылак на аснове вывучэння элементарнага курса граматыкі і правапісу;

  • удасканаленне навыкаў правільнага, свядомага, выразнага і адносна беглага чытання найбольш вядомых і даступных для разумення твораў беларускага фальклору, класічных і сучасных твораў беларускай літаратуры;

  • азнаямленне з найбольш ужывальнымі жанрамі беларускай літаратуры, некаторымі літаратурназнаўчымі паняццямі;

  • авалоданне культурнымі, гістарычнымі, геаграфічнымі і іншымі звесткамі з жыцця краіны на беларускай мове;

  • выкарыстанне беларускага маўленчага этыкету;

  • карэкцыя пазнавальнай дзейнасці і асобы вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю сродкамі беларускай мовы і літаратуры;

  • садзейнічанне сацыяльнай адаптацыі вучняў шляхам арыентацыі зместу навучання на будучае самастойнае жыццё выпускнікоў, на фарміраванне дадатных маральных якасцей сродкамі беларускай мовы і літаратуры.

Пры вывучэнні другой мовы ў дапаможнай школе ўвага засяроджваецца на фарміраванні чатырох відаў маўленчай дзейнасці: аўдзіравання, гаварэння, чытання і пісьма. У той жа час у вучняў фарміруюцца элементы моўнай кампетэнцыі, якія параўнальныя з ведамі па першай (рускай) мове. Веды па сістэме беларускай мовы фарміруюцца з абавязковай апорай на веды вучняў па рускай мове, таму што беларуская і руская мовы — блізкароднасныя, іх сістэмы вельмі падобныя, і рускую мову вучні пачалі вывучаць у І класе. Пры вывучэнні беларускай мовы ўвага дзяцей засяроджваецца на тых фактах, якія адрозніваюць яе ад рускай, што з’яўляецца неабходнай умовай папярэджання інтэрферэнцыі. Вывучэнне графікі, фанетыкі, лексікі, марфалогіі і сінтаксісу, правапісу і арфаэпіі, тыпаў тэкстаў будуецца на супастаўленні рускай і беларускай моў, што адлюстроўваецца ў практыкаваннях, якія выконваюцца вучнямі. Знаёмству з адметнымі рысамі беларускай мовы спецыяльна прысвечаны падраздзел «Мовы-сёстры», які вывучаецца ў VI класе. Аднак неабходна засяроджваць увагу вучняў на спецыфіцы беларускай мовы на працягу ўсіх гадоў навучання.

Навучанне беларускай мове як другой у дапаможнай школе носіць камунікатыўна арыентаваны характар, што адпавядае сутнасці антрапацэнтрычнай канцэпцыі моўнай адукацыі. Антрапацэнтрычная канцэпцыя, асобасна арыентаванае навучанне рэалізуецца ў тым, што пры навучанні мове зыходзяць з патрэб і інтарэсаў вучняў: тэксты, якія прапануюцца, блізкія да жыцця дзяцей і зразумелыя ім; вывучэнне моўнага матэрыялу разглядаецца не як самамэта, а як сродак авалодання маўленчай дзейнасцю; да свядомасці вучняў даводзіцца неабходнасць валодання мовай ў будучым самастойным жыцці, веданне мовы разглядаецца як адзін з важнейшых сродкаў сацыялізацыі выпускнікоў дапаможнай школы.

Навучанне беларускай мове заснавана на кампетэнтнаснай аснове, што патрабуе адпаведнай пабудовы праграмы. Праграма па беларускай мове для кожнага класа складаецца з трох раздзелаў: «Моўная кампетэнцыя», «Камунікатыўная кампетэнцыя», «Сацыякультурная кампетэнцыя». Раздзел «Моўная кампетэнцыя» прапануе аб’ём ведаў па фанетыцы, графіцы, лексіцы, арфаэпіі, граматыцы і правапісу, прыблізна параўнальны з аналагічным па рускай мове. Яго мэта — знаёмства вучняў з сістэмай беларускай мовы, параўнанне яе з рускай і на гэтай аснове выпрацоўка навыкаў маўленчай дзейнасці. Настаўнік ажыццяўляе паўрочнае планаванне, зыходзячы з раздзела «Моўная кампетэнцыя».

Раздзел «Камунікатыўная кампетэнцыя» канкрэтызуе віды і аб’ём работы, якія прапануюцца вучням для авалодання чатырма відамі маўленчай дзейнасці: аўдзіраваннем (слуханнем), гаварэннем, чытаннем і пісьмом. Увядзенне ў праграму гэтага раздзела абумоўлена арыентацыяй на камунікатыўную тэхналогію пры вывучэнні другой мовы ў дапаможнай школе, а таксама неабходнасцю звярнуць увагу настаўніка на фарміраванне ў вучняў уменняў практычна карыстацца мовай.

Сацыякультурная кампетэнцыя — гэта сукупнасць ведаў аб краіне, нацыянальна-культурных асаблівасцях, маўленчых паводзінах носьбітаў мовы і здольнасць карыстацца такімі ведамі ў працэсе зносін. Пад сацыякультурнай кампетэнцыяй мы разумеем таксама ўменне выкарыстоўваць мову ў якасці сродку сацыялізацыі, для жыцця ў грамадстве, уменне карыстацца мовай у розных сітуацыях зносін. Раздзел «Сацыякультурная кампетэнцыя» засяроджвае ўвагу на тых з’явах з гісторыі, культуры, геаграфіі нашай краіны, якія неабходна ведаць кожнаму яе жыхару. Авалоданне сацыякультурнай кампетэнцыяй адбываецца на матэрыяле як мовы, так і чытання. Актульнасць увядзення гэтага раздзела абумоўлена нешырокім распаўсюджаннем беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці, тым, што ўсе вышэйназваныя звесткі вучні атрымліваюць пераважна на рускай мове, таму сацыякультурную кампетэнцыю ў іх патрэбна спецыяльна фарміраваць.

Пры вывучэнні элементарнага курса граматыкі моўны матэрыял пачынае вывучацца з тэмы «Маўленне», а не з «Гукаў і літар», як было традыцыйна. Гэта абумоўлена таксама арыентацыяй на камунікатыўную тэхналогію: гукі і літары не з’яўляюцца адзінкай маўлення, адзінка маўлення — гэта тэкст.

Пры вывучэнні тэмы «Маўленне» вучні даведваюцца аб ролі маўлення ў жыцці людзей, знаёмяцца з формамі і відамі маўлення, правіламі і сферамі карыстання вусным і пісьмовым маўленнем, дыялогам і маналогам.

Тэма «Тэкст» знаёміць вучняў з тэкстамі розных тыпаў, вучыць адрозніваць тэкст ад групы сказаў, не аб’яднаных сэнсава; вылучаць тэму і асноўную думку тэксту, характарызаваць учынкі герояў; дзяліць тэкст на часткі; складаць план тэксту; самастойна ствараць тэкст, афармляць яго на пісьме.

Тэмы «Сказ» і «Слова» прапануюць вучням веды і ўменні, параўнальныя з аналагічнымі ў рускай мове. Дадзеныя тэмы вывучаюцца на працягу VI—X класаў.

Тэма «Гукі і літары» вывучаецца ў VI—VII класах, у VIII класе веды па элементарнай фанетыцы паўтараюцца і замацоўваюцца. У наступных класах дадзеныя тэмы асобна не вылучаюцца, аднак яны не павінны заставацца па-за ўвагай настаўніка пры вывучэнні іншых тэм. Пры вывучэнні тэмы «Гукі і літары», як і пры вывучэнні тэмы «Мовы-сёстры», у 6 класе ўвага надаецца адметным фанетычным асаблівасцям беларускай мовы.

У IX—X класах пры вывучэнні элементарнага курса граматыкі асаблівая ўвага надаецца сацыяльнай накіраванасці вучэбнага матэрыялу. Вучняў знаёмяць з рознымі відамі дзелавых папер і правіламі іх афармлення на беларускай мове, вучаць правілам маўленчага этыкету ў розных сітуацыях зносін, звязаных з бытавой, працоўнай і прафесійнай дзейнасцю. Увогуле змест навучання мове ў старшых класах у значнай ступені павінен быць арыентаваны на будучае самастойнае жыццё выпускнікоў.

Згодна з вучэбным планам дапаможнай школы (дапаможнай школы-інтэрната), зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.08.2011 № 242, на ўрокі беларускай мовы ў VI—IX класах дапаможнай школы адводзіцца па 2 гадзіны на тыдзень, у 10 класе — 1 гадзіна на тыдзень, на ўрокі літаратурнага чытання — па 1 гадзіне на тыдзень у VI—X класах.

Навучанне ўсім відам маўленчай дзейнасці — аўдзіраванню, чытанню, гаварэнню і пісьму — ажыццяўляецца, па магчымасці, на кожным уроку беларускай мовы. Пры гэтым настаўнік у залежнасці ад мэты ўрока можа звяртаць пераважную ўвагу на той або іншы від маўленчай дзейнасці. У праграме падаецца размеркаванне колькасці гадзін на вывучэнне кожнай тэмы, аднак яно з’яўляецца прыкладным. Настаўнік можа самастойна павялічыць ці зменшыць колькасць гадзін на вывучэнне іншай тэмы, раздзела праграмы.

Урокі літаратурнага чытання прапануецца праводзіць асобна, пачынаючы з VI класа. На ўроках чытання ў вучняў паступова замацоўваецца тэхніка чытання, яно становіцца беглым. Вядзецца пастаянная работа над свядомасцю, правільнасцю, выразнасцю чытання. Пры працы над гэтымі якасцямі чытання асаблівая ўвага надаецца разуменню прачытанага, развіццю маўлення і мыслення вучняў.

Вучні працуюць з творамі розных жанраў. Калі ў VI—VII класах гэта невялікія па аб’ёму казкі, вершы, апавяданні, а таксама прыказкі, прымаўкі, загадкі, пацешкі і іншыя малыя формы фальклору, то ў VIII—X класах прапануюцца да вывучэння таксама ўрыўкі з аповесцей, паэм, а таксама байкі, навукова-папулярныя артыкулы, даступныя для разумення дзяцей. Вучні знаёмяцца з найбольш вядомымі творамі беларускіх пісьменнікаў, даведваюцца аб некаторых фактах біяграфіі славутых беларускіх пісьменнікаў.

Урокі літаратурнага чытання прадстаўляюць вялікія магчымасці для фарміравання сацыякультурнай кампетэнцыі.

Школьнікі вучацца адказваць на пытанні па змесце прачытанага, пераказваць прачытаныя тэксты, ацэньваць учынкі герояў, устанаўліваць нескладаныя прычынна-выніковыя сувязі; рабіць вывады; даваць эмацыянальную ацэнку твора.

Настаўнік можа на працягу года адбіраць для чытання тыя творы, якія найбольш адпавядаюць задачам урокаў, звязаны з іншымі прадметамі або жыццём дзяцей, улічваюць магчымасці вучняў класа. Паслядоўнасць вывучэння твораў можа не адпавядаць абазначанай у праграме тэматыцы.

Вялікая ўвага ў дапаможнай школе павінна надавацца арганізацыі пазакласнага чытання. Пажадана адводзіць на дадзены від вучэбнай працы 15—20 мінут кожны дзень у пазакласны час, а раз на два тыдні коратка абмяркоўваць на ўроку прачытанае. Для пазакласнага чытання прапануюцца фальклорныя творы, дзіцячыя апавяданні і вершы сучасных беларускіх аўтараў (у VI—VII класах) і найбольш вядомыя і яскравыя творы і ўрыўкі з твораў беларускіх пісьменікаў (у VIII—X класах). На працягу ўсіх гадоў навучання дзеці чытаюць артыкулы з газет і часопісаў.

Кантрольны раздзел праграмы з’яўляецца агульным для беларускай мовы і літаратурнага чытання. У ім на першы план выходзяць навыкі вало­дання відамі маўленчай дзейнасці, г. зн. сфарміраванасць камунікатыўнай кампетэнцыі, а таксама сацыякультурнай кампетэнцыі.

Праграма вывучэння другой мовы ў дапаможнай школе не арыентуе настаўніка на дасягненне яе патрабаванняў усімі вучнямі. Добрым вынікам можна лічыць, калі аб’ём ведаў і ўменняў прыблізна паловы вучняў класа будзе блізкім да заяўленага ў праграме. Астатнія вучні працуюць у межах сваіх магчымасцей.
VI клас
БЕЛАРУСКАЯ МОВА

70 гадзін

Моўная кампетэнцыя

Паўтарэнне (6 гадзін)

Беларуская мова — мова народа Беларусі. Вучэбны дапаможнік па беларускай мове. Беларуская мова і іншыя мовы. Беларуская этыкетная лексіка.

Алфавіт беларускай мовы. Гукі і літары. Гукі [ч], [р] у беларускай мове. Літара ў. Апостраф.

Знакі прыпынку ў канцы сказа.

Словы — назвы прадметаў, дзеянняў, прымет.

Мовы-сёстры (12 гадзін)

Параўнанне гукаў і літар рускай і беларускай моў. Літары і, ў, дз, дж, апостраф. Гукі [г], [ч], [р] у рускай і беларускай мовах. Літара щ у рускай мове і гук, які яна абазначае, шч у беларускай мове. Адрозненне гучання і напісання. Гукі і літары д—дз, т—ц.

Напісанне ў беларускай мове літар о, э толькі пад націскам, пераход у першым складзе перад націскам е, ё ў я.

Словы, якія маюць аднолькавае ці падобнае гучанне і напісанне, але рознае значэнне ў рускай і беларускай мовах (найбольшьш яскравыя прыклады): диван і дыван, покой і пакой, люстра, неделя і нядзеля і нека­торыя іншыя.

Некаторыя асаблівасці словаўтварэння ў беларускай і рускай мовах (на практычным матэрыяле, без паведамлення тэрміну): чытач і читатель; настаўнік і учитель; кацяня і котёнок; лісяня і лисёнок і да т. п.

Маўленне (4 гадзіны)

Мова і маўленне. Выкарыстанне ў зносінах мімікі і жэстаў. Вуснае і пісьмовае маўленне. Асаблівасці выкарыстання вуснага і пісьмовага маўлення. Дыялог і маналог.



Тэкст (8 гадзін)

Паняцце аб тэксце. Тэкст як асноўная адзінка маўлення. Сувязь сказаў у тэксце. Што з’яўляецца тэкстам. Тэма тэксту. Асноўная думка тэксту.

Афармленне тэксту на пісьме. Упарадкаванне дэфармаванага тэксту.

Сказ (8 гадзін)

Сказ як элемент тэксту. Афармленне сказа на пісьме. Вялікая літара ў пачатку сказа. Знакі прыпынку ў канцы сказа: кропка, пытальнік, клічнік. Сказы апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя. Клічныя сказы.

Чытанне сказаў з патрэбнай інтанацыяй. Упарадкаванне дэфармаваных сказаў. Складанне сказаў розных відаў па малюнку, па апісанні сітуацыі. Дапаўненне дыялога неабходнымі па сэнсе сказамі.

Слова (20 гадзін)


Слова як элемент сказа. Параўнанне слова і сказа.

Значэнне слова (3 г.). Словы, блізкія і процілеглыя па значэнні. Слоўнікі беларускай мовы. Парадак размяшчэння слоў у слоўніках.

Назоўнік (7 г.). Назоўнікі, якія адказваюць на пытанне хто?, і назоўнікі, якія адказваюць на пытанне ш т о? Назоўнікі ў адзіночным і множным ліку. Мужчынскі, жаночы, ніякі род назоўнікаў.

Напісанне з вялікай літары слоў, якія абазначаюць імёны, прозвішчы, імёны па бацьку, мянушкі жывёл, назвы краін, гарадоў, рэк, азёр і іншыя асабовыя назвы.



Прыметнік (3 г.). Роля прыметнікаў у сказе. Род і лік прыметніка. Залежнасць роду і ліку прыметніка ад роду і ліку назоўніка.

Дзеяслоў (3 г.). Род і лік дзеяслова (некаторыя выпадкі). Назіранне за змяненнем роду і ліку дзеясловаў.

Часткі слова (4 г.). Роднасныя словы. Корань як агульная частка роднасных слоў. Адрозненне роднасных слоў ад блізкіх па гучанні, ад блізкіх па значэнні, ад форм аднаго і таго ж слова.

Канчатак. Роля канчатка ў слове. Знаходжанне канчатка ў слове.

Суфікс. Роля суфікса. Вызначэнне суфікса. Утварэнне слоў з дапамогай суфікса.

Прыстаўка. Роля прыстаўкі. Знаходжанне ў слове прыстаўкі. Утварэнне слоў з дапамогай прыстаўкі.



Гукі і літары (8 гадзін)

Адрозненне гукаў і літар. Словараспазнавальная роля гукаў і літар.

Галосныя гукі і іх літары.

Падзел слоў на склады. Роля галосных у падзеле слоў. Перанос слоў. Правілы пераносу слоў.

Націск. Словараспазнавальная роля націску.

Зычныя гукі і іх літары. Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Напісанне літар э, а, о, у, ы пасля літар цвёрдых зычных. Абазначэнне мяккасці зычнага на пісьме літарамі е, ё, ю, я, і і мяккім знакам. Зацвярдзелыя (заўсёды цвёрдыя) зычныя [дж], [ж], [ш], [ч], [р], [ц], літары, якія пішуцца пасля іх.

Звонкія і глухія зычныя. Праверка напісання літар, якія абазначаюць звонкія і глухія зычныя, на канцы слова і ў сярэдзіне слова перад глухімі.

Падоўжаныя зычныя. Абазначэнне на пісьме падоўжаных зычных падвоеным напісаннем літар.


Паўтарэнне вывучанага за год (4 гадзіны)

Камунікатыўная кампетэнцыя


Аўдзіраванне

Успрыманне на слых невялікіх тэкстаў празаічнага і паэтычнага характару, даступных па змесце. Успрыманне і разуменне сітуатыўнага беларускага маўлення настаўніка.

Разуменне простых пытанняў, адэкватная рэакцыя на іх.

Гаварэнне

Удзел у невялікім дыялогу этыкетнага характару (прывітанне, развітанне, віншаванне, удзячнасць, прабачэнне, пажаданне).

Невялікі маналог аб сабе, гульні, працы; пераказ тэксту з 3—4 сказаў.

Чытанне

Чытанне знаёмага тэксту ўголас з захаваннем паўз і інтанацыі, адказы на пытанні па прачытаным тэксце. Падзел тэксту на часткі з дапамогай настаўніка.

Выразнае чытанне на памяць 1—2 вершаў.

Пісьмо

Валоданне тэхнікай пісьма. Правільнае напісанне літар беларускага алфавіта. Спісванне з рукапіснага і друкаванага тэкстаў.


Сацыякультурная кампетэнцыя

Маўленчыя нормы этыкету.

Усведамленне беларускай мовы як мовы нашага народа.

Сітуацыі ўжывання беларускай мовы.

Беларускія прыказкі, прымаўкі, пацешкі.

ЛІТАРАТУРНАЕ ЧЫТАННЕ

35 гадзін

Тэматыка чытання

У ведаў краіну.

Малюнкі восені.

Мая родная Беларусь.

Самыя родныя людзі.

Прыйшла зіма-чараўніца.

Слаўся добрымі справамі.

Вясна, вясна жаданая.

З вытокаў народных.

Прыходзіць лета звонкае.

Чытанне вершаў і невялікіх празаічных твораў Эдзі Агняцвет, В. Жуко­віча, М. Чарняўскага, В. Гардзея, Янкі Журбы, А. Вярцінскага, М. Дуксы,
Р. Бензерука З. Бяспалага, П. Броўкі, П. Панчанкі, У. Мацвеенкі,
Г. Васілеўскай, В. Вольскага А. Дзеружынскага, Р. Ігнаценкі, В. Хомчанкі і іншых дзіцячых пісьменнікаў, чытанне малых твораў фальклору, народных і літаратурных казак.

Пазакласнае чытанне фальклорных твораў (пацешак, заклічак, загадак, казак), невялікіх артыкулаў з дзіцячых газет і часопісаў. Выбар у школьнай бібліятэцы літаратуры на беларускай мове. Гутарка аб прачытаным.
Вучні набываюць наступныя ўменні:


  • улічваць адметныя асаблівасці беларускай мовы пры слуханні, гаварэнні, чытанні і пісьме;

  • разумець сітуатыўнае маўленне настаўніка і сваіх субяседнікаў;

  • адказваць на пытанні пры ўдзеле ў дыялогу этыкетнага характару;

  • расказваць пра сябе, гульню, цацкі 2—3 сказамі;

  • пераказваць невялікі тэкст 3—4 сказамі;

  • чытаць уголас з захаваннем паўз і інтанацый, адказваць на простыя пытанні па прачытаным;

  • чытаць на памяць 1—2 вершы;

  • спісваць з рукапіснага і друкаванага тэкстаў;

  • выконваць граматычныя заданні ў аб’ёме, прапанаваным праграмай;

  • карыстацца асноўнымі формамі маўленчага этыкету.


VII клас
БЕЛАРУСКАЯ МОВА

70 гадзін

Моўная кампетэнцыя

Паўтарэнне (8 гадзін)

Мовы-сёстры. Адметныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай.



Маўленне (8 гадзін)

Мова і маўленне. Родная мова беларускага народа. Адносіны да роднай мовы. Значэнне маўлення ў жыцці чалавека. Маўленчы этыкет.

Вуснае маўленне. Правілы вуснага маўлення. Выкарыстанне ў зносінах мімікі і жэстаў.

Пісьмовае маўленне. Асаблівасці пісьмовага маўлення.



Тэкст (8 гадзін)

Тэкст і не тэкст. Віды тэкстаў (вершаваны, празаічны, тэкст-дыялог, аб’ява, загадка). Тэма тэксту.

Упарадкаванне дэфармаванага тэксту. Падзел тэксту на сказы.

Часткі тэксту. Падзел тэксту на часткі. Вылучэнне частак тэксту па дадзеным плане. Складанне плана тэксту. Пераказ невялікага тэксту па калектыўна складзеным або прапанаваным плане.


Сказ (8 гадзін)

Паняцце пра сказ. Афармленне сказа на пісьме. Упарадкаванне дэфармаваных сказаў. Дапаўненне сказаў падыходзячымі па сэнсе словамі.

Віды сказаў па мэце выказвання і інтанацыі.

Галоўныя (дзейнік і выказнік) і даданыя члены сказа (без падзелу на віды). Сказаўтваральная роля галоўных членаў сказа. Параўнанне сказаў з даданымі членамі і без іх. Дапаўненне сказаў даданымі членамі.



Слова (26 гадзін)

Значэнне слова. Слоўнікі. Словы, блізкія і процілеглыя па значэнні.

Часціны мовы. Назоўнік, дзеяслоў, прыметнік.

Назоўнік. Лік і род назоўнікаў. Вылучэнне (распазнаванне) і выкарыстанне назоўнікаў у сказе незалежна ад іх формы.

Назоўнікі блізкія і процілеглыя па сэнсе.

Вялікая літара ў словах. Хатні адрас. Адрас школы.

Дзеяслоў. Дзеясловы блізкія і процілеглыя па сэнсе (значэнні). Падбор дзеясловаў да назоўнікаў і наадварот.

Практычнае выкарыстанне дзеясловаў розных часоў.



Не з дзеясловамі.

Прыметнік. Прыметнікі блізкія і процілеглыя па значэнні. Падбор прыметнікаў да назоўнікаў і наадварот (незалежна ад формы).

Прыназоўнік. Асобнае напісанне прыназоўніка са словамі.

Часткі слова. Роднасныя словы. Корань слова. Канчатак. Прыстаўка. Суфікс. Вызначэнне частак слова. Утварэнне новых слоў з дапамогай суфіксаў і прыставак. Змяненне форм слова з дапамогай канчатка.

Гукі і літары (6 гадзін)


Галосныя гукі і іх літары. Галосныя націскныя, ненаціскныя. Зычныя гукі і іх літары. Зычныя цвёрдыя, мяккія, зацвярдзелыя; звонкія, глухія.

Гука-літарны аналіз слова.

Правільнае вымаўленне ў словах зацвярдзелых зычных, гукаў [дж], [дз’], [г], [ў], падоўжаных зычных.

Абазначэнне на пісьме літарамі і, я, е, ё, ю, ь мяккасці зычных; літарамі о, э, а, у, ы — цвёрдасці зычных.

Напісанне о, э — а, е, ё — я.

Напісанне д—дз, т—ц.

Напісанне звонкіх і глухіх зычных.

Напісанне раздзяляльных знакаў: апострафа (’) і раздзяляльнага мяккага знака (ь).



Паўтарэнне вывучанага за год (6 гадзін)

Камунікатыўная кампетэнцыя


Аўдзіраванне

Успрыманне на слых і разуменне сітуатыўнага і кантэкстнага маўлення настаўніка, выхавальніка, звязанага з вучэбнай і пазакласнай дзейнасцю, заданняў вучэбнага дапаможніка.

Успрыманне і разуменне тэкстаў, заданняў і пытанняў да іх.

Вылучэнне ў праслуханым тэксце сказаў, у сказах — слоў.



Гаварэнне

Актыўны ўдзел у дыялогу этыкетнага характару (вучань — ініцыятар размовы), удзел у дыялогу-пабуджэнні да дзеяння (просьба, запрашэнне, забарона).

Невялікі маналог (паведамленне) аб сабе, сваёй сям’і, таварышах, працы.

Сціслы пераказ праслуханага або прачытанага тэксту.



Чытанне

Арфаэпічна правільнае, асэнсаванае, выразнае чытанне невялікага, даступнага для разумення, тэксту (7—10 сказаў).

Асэнсаванае чытанне моўчкі (сам сабе).

Выбарачнае чытанне па пытаннях і па заданню настаўніка.

Падзел тэксту на часткі па дадзеным плане.

Пераказ невялікага самастойна прачытанага тэксту.

Вызначэнне тэмы, асноўнай думкі тэксту.

Выразнае чытанне на памяць 2—3 вершаў.



Пісьмо

Правільнае спісванне рукапіснага і друкаванага тэкстаў з выкананнем граматычнага задання.

Пісьмо пад дыктоўку невялікага тэксту (20—50 слоў).

Падпісванне паштоўкі, канверта, напісанне аб’явы.


Сацыякультурная кампетэнцыя

Маўленчыя нормы этыкету.

Сітуацыі ўжывання беларускай мовы ў жыцці дзяцей і дарослых.

Усведамленне беларускай мовы як мовы нашага народа.

Беларускія прыказкі, прымаўкі, пацешкі.

Буйныя беларускія гарады.

Паходжанне назвы «Беларусь».
ЛІТАРАТУРНАЕ ЧЫТАННЕ

35 гадзін

Тэматыка чытання

У ведаў краіну.

Мая родная Беларусь.

Год за годам карагодам.

Багатая восень дарамі.

Прыйшла зіма-чараўніца.

Вясна, вясна жаданая.

Прыходзіць лета звонкае.

Слаўся добрымі справамі.

З вытокаў народных.

Чытанне фальклорных і літаратурных твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў на тэмы, звязаныя з жыццём дзяцей, прыгажосцю роднай прыроды, выхаваннем станоўчых якасцей характару і да т. п. Чытанне навукова-папулярных артыкулаў, даступных для разумення дзяцей.

Пазакласнае чытанне твораў беларускага фальклору, невялікіх літаратурных твораў даступнага зместу, невялікіх артыкулаў у дзіцячых часопісах і газетах. Выбар у школьнай бібліятэцы твораў прапанаванай тэматыкі. Абмеркаванне самастойна прачытанага.
Вучні набываюць наступныя ўменні:


  • разумець сітуатыўнае і кантэкснае маўленне дарослых і адзін аднаго;

  • разумець праслуханыя тэксты і пытанні да іх;

  • вылучаць з тэксту сказ, са сказа — слова;

  • удзельнічаць у дыялогу этыкетнага характару, дыялогу — пабуджэнні да дзеяння;

  • расказваць пра сябе, сям’ю, таварышаў, працу з дапамогай настаўніка;

  • чытаць правільна, асэнсавана, выразна;

  • адказваць на пытанні па прачытаным;

  • вызначаць тэму, асноўную думку тэксту;

  • дзяліць тэкст на часткі, падбіраць да іх назвы;

  • пераказваць прачытанае;

  • чытаць на памяць 2—3 вершы;

  • спісваць з выкананнем граматычных заданняў у межах вывучанага;

  • пісаць пад дыктоўку без памылак у межах вывучаных правіл;

  • пісаць адрас на канверце, паштоўцы; аб’яву;

  • ведаць і карыстацца маўленчым этыкетам;

  • ведаць вялікія беларускія гарады;

  • тлумачыць паходжанне назвы «Беларусь».

VIII клас
БЕЛАРУСКАЯ МОВА

70 гадзін

Моўная кампетэнцыя

Паўтарэнне (6 гадзін)

Галосныя гукі і іх літары. Зычныя гукі і іх літары. Гука-літарны разбор слова.

Адметныя асаблівасці беларускай мовы.

Маўленне (6 гадзін)

Вуснае і пісьмовае маўленне. Сродкі выразнасці вуснага маўлення: гучнасць, тэмп, тон, дыкцыя, паўза, лагічны націск, інтанаванне, эмацыянальная афарбоўка голасу (без паведамлення тэрмінаў).

Дыялагічнае і маналагічнае маўленне.

Пісьмовае маўленне — сродак перадачы думак на адлегласці і ў часе.

Празаічнае і паэтычнае маўленне.

Маўленчая этыка. Культура маўленчых зносін паміж людзьмі. Правілы размовы з людзьмі.



Тэкст (8 гадзін)

Прыметы тэксту. Тэма выказвання ў тэксце. Асноўная думка выказвання.

Структура тэксту: пачатак, асноўная частка, заключная частка.

Выдзяленне асноўных частак тэксту, асобных сказаў і слоў з тэксту.

Складанне плана тэксту. Пераказ тэкстаў па складзеным плане.

Стварэнне тэксту па малюнку, па пытаннях, па апорных словах.



Сказ (10 гадзін)

Віды сказаў (паўтарэнне).

Галоўныя і даданыя члены сказа.

Аднародныя члены сказа. Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа.



Слова (34 гадзіны)

Лексічнае значэнне слова. Сінонімы і антонімы (4 г.).

Часткі слова. Корань, качатак, суфікс, прыстаўка. Роднасныя словы (4 г.).

Часціны мовы (26 гадзін)

Назоўнік. Род і лік назоўнікаў. Змяненне назоўнікаў па пытаннях. Скланенне назоўнікаў адзіночнага і множнага лікаў па ўзоры.

Прыметнік. Род і лік прыметнікаў. Дапасаванне прыметнікаў да назоўнікаў. Змяненне прыметнікаў у адзіночным і множным ліках па ўзоры.

Займеннік. Агульнае паняцце пра займеннік. Роля асабовых займеннікаў у мове.

Дзеяслоў. Лік дзеяслова. Час дзеяслова: цяперашні, прошлы, будучы. Змяненне дзеясловаў па часах.

Паўтарэнне вывучанага за год (6 гадзін)
Камунікатыўная кампетэнцыя

Аўдзіраванне

Успрыманне на слых розных па жанрах і памерах тэкстаў.

Разуменне пазасітуатыўнага маўлення настаўніка, выхавальніка, дыктара радыё, тэлебачання (навіны, рэпартажы, аб’явы).

Разуменне пазасітуатыўных пытанняў, адэкватнае рэагаванне на іх.



Гаварэнне

Актыўны ўдзел у дыялогах этыкетнага характару і дыялогах-пабуджэннях да дзеянняў. Рэплікі-адказы ў дыялогах-роспытах і дыялогах па абмену думкамі.

Расказ пра сябе, сям’ю, таварышаў, працу, надвор’е. Пераказ невялікіх праслуханых тэкстаў.

Чытанне

Разгорнутыя адказы на пытанні па змесце твора.

Вызначэнне асноўнай думкі тэксту.

Ацэнка ўчынкаў герояў. Прагназаванне падзей у творы.

Падзел прачытанага на часткі. Пераказ тэксту па складзеным плане і без яго. Элементы інсцэніроўкі прачытанага.

Чытанне ў лагічнай паслядоўнасці дэфармаванага тэксту.

Інтанацыйна правільнае чытанне сказаў розных відаў.

Выразнае чытанне на памяць 2—4 вершаў.



Пісьмо

Правільнае спісванне з граматычным заданнем.

Пісьмо пад дыктоўку (40—60 слоў).

Напісанне навучальнага пераказу па калектыўна складзеным плане.

Напісанне віншавальнай паштоўкі, ліста да родных, заявы.

Пераклад сказаў даступнага зместу з рускай мовы на беларускую і наадварот.


Сацыякультурная кампетэнцыя

Правілы маўленчых паводзін у грамадстве.

Беларуская мова ў школе і дома, у магазіне, на вуліцы.

Беларуская народная творчасць.

Буйныя беларускія азёры і рэкі.

Беларусь і Вялікая Айчынная вайна.


ЛІТАРАТУРНАЕ ЧЫТАННЕ

35 гадзін

Тэматыка чытання

У ведаў краіну.

Мая родная Беларусь.

Год за годам карагодам.

Багатая восень дарамі.

Прыйшла зіма-чараўніца.

Вясна, вясна жаданая.

Прыходзіць лета звонкае.

Слаўся добрымі справамі.

Славутыя імёны зямлі беларускай.

З вытокаў народных.

Заклічкі.

Пацешкі.

Казкі.


Правільнае, свядомае, выразнае чытанне цэлымі словамі твораў фальклору, вядомых дзіцячых пісьменнікаў на тэмы, звязаныя з прыгажосцю роднага краю, прыроды ў розныя поры года, з добрымі справамі дзяцей і дарослых і да т. п.

Творы, прысвечаныя мужнасці народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, творы сучаснай тэматыкі, прысвечаныя імкненню людзей палепшыць свой лёс і лёс народа. Тэмы Чарнобыля, аховы навакольнага асяроддзя.



Пазакласнае чытанне твораў беларускіх пісьменнікаў для дзяцей, урыўкаў з аповесцей, артыкулаў у дзіцячых газетах і часопісах. Арыентацыя ў назве кнігі, веданне яе аўтара. Уменне перадаць галоўную думку твора, ацаніць учынкі галоўных дзеючых асоб.
Вучні набываюць наступныя ўменні:

  • разумець звернутае да іх пазасітуатыўнае маўленне, у тым ліку пытанні; праслуханы тэкст, пытанні да яго;

  • быць ініцыятарам у дыялогу этыкетнага характару, удзельнічаць у дыялогу-пабуджэнні да дзеяння;

  • расказваць аб сабе, сям’і, таварышах, працы; пераказваць праслуханы і прачытаны тэкст;

  • правільна, свядома, выразна чытаць цэлымі словамі невялікія (1—1,5 старонкі) творы розных жанраў, чытаць па памяці 2—4 вершы;

  • вылучаць асноўную думку твора;

  • дзяліць твор на часткі, даваць ім назвы;

  • характарызаваць герояў прачытанага твора;

  • прагназаваць некаторыя падзеі ў творы;

  • правільна спісваць сказы, тэксты з выкананнем граматычных заданняў у межах вывучаных правілаў;

  • пісаць дыктоўку (40—60 слоў) без памылак у межах вывучаных правілаў;

  • пісаць ліст да родных, віншавальную паштоўку да свята, заяву;

  • ажыццяўляць маўленне згодна з агульнапрынятымі маўленчымі правіламі;

  • выкарыстоўваць беларускую мову (дыялог этыкетнага характару) у школе і дома, на вуліцы і ў магазіне;

  • ведаць буйныя азёры і рэкі Беларусі;

  • арыентавацца ў асноўных відах беларускага фальклору.


ІХ клас
БЕЛАРУСКАЯ МОВА

70 гадзін

Моўная кампетэнцыя

Паўтарэнне (6 гадзін)

Маўленне. Яго роля ў жыцці людзей. Формы і віды маўлення. Правілы маўлення. Маўленчы этыкет.



Тэкст (12 гадзін)

Асноўная думка тэксту, спосабы яе выказвання (словамі ў тэксце, назвай). Структура тэксту. Пачатак тэксту, асноўная частка, заключная частка. Падзел тэксту на часткі.

Складанне плана тэксту. Пераказ тэксту па плане.

Стварэнне тэкстаў па плане, малюнку, сітуацыі.

Тыпы тэкстаў: тэкст-паведамленне і тэкст-апісанне.

Пераклад тэкстаў з рускай мовы на беларускую.

Дзелавыя паперы: аб’ява, заява, распіска, даверанасць, аўтабіяграфія.

Сказ (12 гадзін)

Галоўныя і даданыя члены сказа. Просты і складаны сказ.

Аднародныя члены сказа і знакі прыпынку пры іх. Злучнікі пры аднародных членах.

Зваротак. Знакі прыпынку пры зваротку.



Слова (34 (10+24) гадзіны)

Лексічнае значэнне слова. Адназначныя і мнагазначныя словы. Прамое і пераноснае значэнне слова.

Часткі слова. Аднакаранёвыя словы. Правапіс прыставак аб-, ад-, над-, пад- і інш. Апостраф пасля прыставак. Прыстаўкі і прыназоўнікі.

Часціны мовы (24 гадзіны)

Назоўнік. Скланенне назоўнікаў. Правапіс склонавых канчаткаў назоўнікаў.

Прыметнік. Правапіс склонавых канчаткаў прыметнікаў.

Займеннік. Змяненне асабовых займеннікаў. Асобнае напісанне займеннікаў з прыназоўнікамі.

Дзеяслоў. Змяненне дзеясловаў па асобах і ліках у цяперашнім і будучым часе. Змяненне дзеясловаў па ліках і родах у прошлым часе.

Лічэбнік. Агульнае значэнне, пытанні, на якія адказвае.

Прыслоўе. Значэнне прыслоўяў. Пастаноўка пытанняў да прыслоўяў.

Паўтарэнне вывучанага за год (6 гадзін)
Камунікатыўная кампетэнцыя

Аўдзіраванне

Успрыманне на слых і разуменне розных па жанрах і памерах тэкстаў; разуменне маўлення настаўніка, выхавальніка, дыктара радыё, тэлебачання.

Разуменне пазасітуатыўных і пазакантэкстных пытанняў, адэкватнае рэагаванне на іх.

Гаварэнне

Актыўны ўдзел у дыялогах этыкетнага характару, дыялогах-пабуджэннях да дзеянняў, дыялогах-роспытах і дыялогах па абмену думкамі.

Стварэнне маналога-апісання і маналога-паведамлення на тэмы, блізкія да жыцця вучняў, а таксама звязаныя з будучай прафесійнай дзейнасцю.

Разгорнутыя адказы на пытанні па зместу твора.



Чытанне

Вызначэнне асноўнай думкі тэксту.

Падзел прачытанага на часткі. Пераказ тэксту па складзеным плане і без яго. Выбарачны і сціслы пераказ прачытанага тэксту. Інсцэніроўка (чытанне па асобах) твора або яго часткі.

Узнаўленне пры чытанні дэфармаванага тэксту.

Ацэнка ўчынкаў герояў. Партрэтная характарыстыка герояў. Прагназаванне падзей у творы. Тлумачэнне сэнсу асобных прачытаных выразаў з пераносным значэннем або мнагазначных слоў.

Выразнае чытанне на памяць 3—5 вершаў.



Пісьмо

Правільнае спісванне з граматычным заданнем.

Пісьмо пад дыктоўку (50—70 слоў).

Напісанне навучальнага пераказу па калектыўна складзеным плане.

Напісанне водгука аб прачытанай кнізе.

Напісанне навучальнага сачынення-паведамлення пра выпадак з жыцця, сачынення па сюжэтнай карціне.

Напісанне аб’явы, заявы, распіскі, даверанасці, аўтабіяграфіі.

Пераклад невялікіх тэкстаў даступнага зместу з рускай мовы на беларускую і наадварот.



Сацыякультурная кампетэнцыя

Выкарыстанне беларускай мовы пры напісанні заяў, аўтабіяграфіі, іншых відаў дзелавых папер.

Беларусь і Вялікая Айчынная вайна.

Вядомыя беларускія пісьменнікі і іх творы.

Сацыякультурны кантэкст літаратурных твораў, з якімі знаёмяцца вучні.

Адміністрацыйны падзел Рэспублікі Беларусь.

Месца жыхарства (малая радзіма) і яго адметнасць.
ЛІТАРАТУРНАЕ ЧЫТАННЕ

35 гадзін

Тэматыка чытання

Мая родная Беларусь.

Хто працуе, той Радзіму мацуе.

Слухай родную прыроду.

Подзвіг народа бессмяротны.

Слаўся добрымі справамі.

Славутыя імёны зямлі беларускай.

Чароўная краіна казак.

Прыходзіць лета звонкае.

Правільнае, свядомае, выразнае чытанне цэлымі словазлучэннямі і сказамі твораў розных жанраў вядомых беларускіх празаікаў і паэтаў на тэмы, звязаныя з прыгажосцю роднага краю, яго прыроды ў розныя поры года, з добрымі справамі дзяцей і дарослых, твораў аб дружбе, узаемаадносінах падлеткаў, адносінах у сям’і, твораў, звязаных з маральным выбарам; твораў аб гераізме народа ў гады вялікай Айчыннай вайны і да т. п.

Знаёмства з біяграфіямі вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Творы, прысвечаныя мінуламу нашай краіны.



Пазакласнае чытанне кніг, газет і часопісаў на беларускай мове. Абмеркаванне прачытанага ў газеце або часопісе артыкула. Складанне водгука аб прачытанай кнізе.

Вучні набываюць наступныя ўменні:

  • цалкам разумець пачутае на беларускай мове;

  • актыўна ўдзельнічаць (быць ініцыятарам) у дыялогах на бытавыя тэмы розных відаў;

  • складаць і маналог-паведамленне на блізкую да жыцця і зразумелую тэму;

  • чытаць, разумець і пераказваць творы беларускіх аўтараў, розныя па тэматыцы і жанрах;

  • ацэньваць учынкі герояў;

  • выразна чытаць на памяць 3—5 вершаў;

  • правільна спісваць сказы і тэксты з выкананнем граматычных заданняў у межах вывучаных правілаў;

  • пісаць пад дыктоўку (50—70 слоў) без памылак у межах вывучаных правілаў;

  • пісаць аб’яву, заяву, распіску, даверанасць, аўтабіяграфію;

  • арыентавацца ў творчасці вядомых беларускіх пісьменнікаў;

  • разумець, які час апісваецца ў творах;

  • арыентавацца ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле нашай краіны.


Х клас
БЕЛАРУСКАЯ МОВА

35 гадзін

Моўная кампетэнцыя

Паўтарэнне (4 гадзіны)

Лексічнае значэнне слова.

Часткі слова.

Тэкст (6 гадзін)

Прыметы тэксту. Тэма, асноўная думка тэксту. Назва тэксту.

Структура тэксту. Паслядоўнасць падзей у тэксце. Афармленне тэксту на пісьме.

Тыпы тэкстаў.

Стварэнне тэкстаў-паведамленняў і тэкстаў-апісанняў.

Складанне плана тэксту. Пераказ тэксту.

Пераклад тэкстаў з рускай мовы на беларускую і наадварот.

Дзелавыя паперы: аб’ява, заява, распіска, даверанасць, аўтабіяграфія, анкета, асабісты лісток па ўліку кадраў і інш.



Сказ (6 гадзін)

Галоўныя і даданыя члены сказа.

Просты і складаны сказ. Коска паміж часткамі складанага сказу. Злучнікі ў складаных сказах.

Аднародныя члены сказа і знакі прыпынку пры іх.

Зваротак у сказе. Знакі прыпынку пры зваротку.

Часціны мовы (15 гадзін)

Назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў (у межах раней вывучанага). Знаходжанне і характарыстыка слоў вывучаных часцін мовы ў сказе, дапаўненне сказаў рознымі часцінамі мовы.

Лічэбнік. Агульнае значэнне, пытанні, на якія адказвае. Роля лічэбніка ў сказе. Правапіс некаторых лічэбнікаў.

Прыслоўе. Значэнне прыслоўяў. Пастаноўка пытанняў да прыслоўяў.

Паўтарэнне вывучанага за год (4 гадзіны)
Камунікатыўная кампетэнцыя

Аўдзіраванне

Успрыманне на слых і разуменне розных па жанрах і памерах тэкстаў; разуменне маўлення настаўніка, выхавальніка, дыктара радыё, тэлебачання.

Разуменне пазасітуатыўных і пазакантэкстных пытанняў, адэкватнае рэагаванне на іх.

Гаварэнне

Актыўны ўдзел у дыялогах розных відаў і іх стварэнне. Захаванне норм маўленчага этыкету пры ўдзеле ў дыялогах. Удзел у дыялогах на тэмы, звязаныя з будучай працоўнай і прафесійнай дзейнасцю (паступленне на работу, звальненне з работы, звяртанне з просьбай аб адгуле, аб водпуску і да т. п.).

Стварэнне маналога-апісання і маналога-паведамлення на тэмы, блізкія да жыцця вучняў, а таксама звязаныя з будучай працоўнай, прафесійнай дзейнасцю, сямейным жыццём, самавызначэннем.

Чытанне

Разгорнутыя адказы на пытанні па змесце твора. Пастаноўка пытанняў да прачытанага.

Вызначэнне асноўнай думкі прачытанага.

Падзел прачытанага на часткі. Пераказ тэксту па складзеным плане і без яго. Розныя віды пераказу прачытанага тэксту або яго часткі.

Інсцэніроўка тэксту або яго часткі.

Ацэнка ўчынкаў герояў. Партрэтная характарыстыка герояў. Прагназаванне падзей у творы.

Знаходжанне ў тэкстах эпітэтаў і параўнанняў, вызначэнне іх ролі.

Выразнае чытанне на памяць 3—5 вершаў.



Пісьмо

Пісьмо пад дыктоўку (50—70 слоў).

Напісанне навучальнага пераказу па калектыўна складзеным плане.

Напісанне навучальнага сачынення-паведамлення аб сваіх занятках, планах на будучае і да т. п.

Напісанне розных відаў дзелавых папер.

Запаўненне анкеты, асабістага лістка па ўліку кадраў.

Афармленне бланкаў для грашовых пераводаў, пасылак, падпіскі на газету і часопіс і да т. п.

Пераклад невялікіх мастацкіх і навукова-папулярных тэкстаў з рускай мовы на беларускую і наадварот.


Сацыякультурная кампетэнцыя

Маўленчы этыкет.

Беларуская мова ў будучым самастойным жыцці: сітуацыі выкарыстання.

Вусныя і пісьмовыя зносіны па-беларуску пры працаўладкаванні.

Беларуская мова на радыё і тэлебачанні, у тэатры і бібліятэцы.

Беларускія прозвішчы, імёны, імёны па бацьку.

Народныя святы.

Беларуская народная творчасць.

Вядомыя беларускія пісьменнікі і іх творы.

Беларускія гарады, рэкі, азёры.

Геаграфічнае становішча Беларусі.
ЛІТАРАТУРНАЕ ЧЫТАННЕ

35 гадзін

Тэматыка чытання

З вытокаў народных.

Беларуская літаратура ХVІ — пачатку ХХ стагоддзя.

Сучасная беларуская літаратура.

Правільнае, свядомае, выразнае чытанне ў тэмпе размоўнага маўлення твораў розных жанраў вядомых беларускіх пісьменнікаў на грамадзянскія тэмы, пра адносіны да прыроды, да іншых людзей, да працы; твораў аб дружбе, узаемаадносінах падлеткаў, адносінах у сям’і, твораў, звязаных з маральным выбарам; твораў на гістарычныя тэмы і да т. п.

Беларуская народная творчасць: абрадавыя песні, легенды, народныя казкі. Літаратурныя казкі.

Першыя літаратурныя творы і аўтары, якія стваралі іх у Беларусі.

Беларуская літаратура ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

Творчасць сучасных беларускіх пісьменнікаў. Адлюстраванне ў творах жыцця сучаснага грамадства.

Чытанне артыкулаў у газетах, часопісах.



Пазакласнае чытанне кніг, газет і часопісаў. Абмеркаванне прачытанага. Чытанне артыкулаў перыядычнага друку на адну тэму з наступным абмеркаваннем іх.
Вучні набываюць наступныя ўменні:

  • разумець беларускае маўленне ў розных сферах і сітуацыях;

  • актыўна ўдзельнічаць (быць ініцыятарам) у дыялогах розных відаў;

  • складаць маналог-апісанне і маналог-паведамленне на блізкую да жыцця і зразумелую тэму, а таксама на тэмы, звязаныя з будучым жыццём і працоўным самавызначэннем;

  • чытаць, разумець і пераказваць творы беларускіх аўтараў, розныя па тэматыцы і жанрах, а таксама артыкулы ў газетах і часопісах;

  • ацэньваць учынкі герояў;

  • выразна расказваць па памяці 3—5 вершаў;

  • пісаць пад дыктоўку (50—70 слоў) без памылак у межах вывучаных правілаў;

  • афармляць розныя віды дзелавых папер, паштовыя бланкі;

  • запаўняць анкету, асабісты лісток па ўліку кадраў і іншыя віды дзелавых папер;

  • карыстацца маўленчым этыкетам;

  • выкарыстоўваць беларускія прозвішчы, імёны, імёны па бацьку;

  • арыентавацца ў народных святах, творах беларускай народнай творчасці, творчасці вядомых беларускіх пісьменнікаў;

  • арыентавацца ў геаграфічным становішчы Беларусі.



: wp-content -> uploads -> 2014 -> umodos -> ypyp
ypyp -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь гісторыя беларусі вучэбная праграма для 8—10 класаў
umodos -> Навукова—метадычная установа «нацыянальны iнстытут адукацыi» мiнiстэрства адукацыi рэспублiкi беларусь
ypyp -> Вучэбная праграма выяўленчае мастацтва I -v класы
ypyp -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ГеАграфІя Вучэбная праграма
ypyp -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь беларуская мова. Літаратурнае чытанне




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка