Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь беларуская мова. Літаратурнае чытанне



Дата канвертавання17.06.2016
Памер172.93 Kb.


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

БЕЛАРУСКАЯ МОВА.

ЛІТАРАТУРНАЕ ЧЫТАННЕ
Вучэбныя праграмы для 11—12 класаў

першага аддзялення дапаможнай школы

з беларускай мовай навучання

Мінск 2014



Тлумачальная запіска
Курс беларускай мовы і літаратурнага чытання ў 11—12-х класах — заключны этап навучання гэтым прадметам у дапаможнай школе. Яго задачамі з’яўляюцца наступныя:

  • замацаванне, абагульненне і паўтарэнне ведаў па беларускай мове;

  • выпрацоўка навыкаў практычнага выкарыстання вуснага і пісьмовага маўлення ў розных сферах і сітуацыях зносін дарослага жыцця і прафесійнай дзейнасці;

  • замацаванне навыкаў правільнага, свядомага чытання;

  • выпрацоўка ўменняў знаходзіць і карыстацца неабходнымі звесткамі з даведачнай літаратуры.

Навучанне беларускай мове ў 11—12-х класах грунтуецца на тых жа прынцыповых падыходах, што і ў папярэдніх класах. Гэта перш за ўсё антрапацэнтрычная канцэпцыя вывучэння мовы, рэалізацыя камунікатыўна-дзейнаснага падыходу ў навучанні мове вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю, фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі ў выпускнікоў дапаможнай школы.

Пры навучанні мове важна зыходзіць з патрэб, інтарэсаў і магчымасцей вучняў: прапаноўваць тэксты, блізкія да жыцця і будучай прафесійнай дзейнасці выпускнікоў, зразумелыя ім; да свядомасці вучняў даводзіць неабходнасць валодання мовай у будучым самастойным жыцці, валоданне мовай разглядаць як адзін з важнейшых сродкаў сацыялізацыі выпускнікоў дапаможнай школы.

У 11—12-х класах прапануецца ўрокі беларускай мовы суадносіць з урокамі сацыяльнага арыентавання. На ўроку мовы вядзецца работа на маўленчым матэрыяле, тэматыка якога адпавядае тэматыцы ўрокаў сацыяльнага арыентавання. Моўныя нормы замацоўваюцца і паўтараюцца на маўленчым матэрыяле, значным для зносін. У сувязі з гэтым у праграме па мове вылучаецца спачатку моўная тэма, пасля яе прапануецца тэма з прадмета «Сацыяльнае арыентаванне», далей прапануюцца прыкладныя віды работ, выкарыстанне якіх магчыма і пажадана на ўроках. Прапанаваныя віды работ адлюстроўваюць узаемасувязь урокаў мовы і сацыяльнага арыентавання.

Праграма па беларускай мове пабудавана на лінейным прынцыпе, раздзелы курса мовы не паўтараюцца ў 11—12-х класах. Моўны матэрыял падаецца ў наступнай паслядоўнасці: «Маўленне», «Тэкст», «Сказ», «Слова», «Часціны мовы», «Гукі і літары». Такая паслядоўнасць абумоўлена камунікатыўнай накіраванасцю вывучэння беларускай мовы ў дапаможнай школе. Менавіта тэкст з’яўляецца значымай камунікатыўнай адзінкай, вывучэнне кожнага з раздзелаў мовы неабходна ажыццяўляць на тэкставым матэрыяле. Новы моўны матэрыял у 11—12-х класах для вывучэння не прапануецца.

У праграме 11—12-х класаў не вылучаюцца ўзроўні складанасці. Мяркуецца, што ў класах паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучаюцца тыя вучні, якія засвойвалі праграму па беларускай мове для 6—10-х класаў першага ўзроўню складанасці. На ўрокі мовы адводзіцца па 1 гадзіне на тыдзень у кожным з класаў.

На літаратурнае чытанне адводзіцца таксама 1 гадзіна на тыдзень. На гэтых уроках вучні працягваюць знаёмства з найбольш вядомымі творамі беларускай літаратуры, а таксама з перыядычнымі беларускамоўнымі выданнямі, вучацца працаваць з даведачнай літаратурай.

Праграма па літаратурным чытанні грунтуецца на гістарычным падыходзе: пачынаецца з вывучэння твораў народнай творчасці, далей вучні знаёмяцца з творамі беларускай літаратуры XVIII—XIX стагоддзяў, вывучаюць найбольш вядомыя творы беларускай літаратуры XX стагоддзя, знаёмяцца з сучаснай беларускай літаратурай. У праграме дадзены пералік твораў, якія рэкамендуюцца для чытання. Гэты пералік з’яўляецца прыкладным. Настаўнік выбірае з яго тыя творы ці ўрыўкі з твораў, якія цікавыя і зразумелыя навучэнцам. Настаўнік абавязкова ўводзіць вучняў у кантэкст гістарычнага часу, які апісваецца ў кожным творы, тлумачыць твор, адаптуе яго з улікам асаблівасцей вучняў.

Прапануем таксама адводзіць час на ўроках чытання для працы з беларускімі перыядычнымі выданнямі, даведачнай літаратурай. Пажадана, каб такі від дзейнасці стаў звыклым для вучняў на ўроках чытання. Для гэтага настаўнік спецыяльна падбірае газеты, часопісы, рэкамендуе для чытання зразумелыя, цікавыя і даступныя для ўспрымання вучнямі артыкулы.

Праца з даведачнай літаратурай увязваецца з прафесійнай падрыхтоўкай вучняў. Вучні знаходзяць па заданні настаўніка ў энцыклапедыях, слоўніках, даведніках артыкулы, якія адлюстроўваюць пэўныя характарыстыкі будучай прафесіі. Дадзеныя артыкулы чытаюцца і абмяркоўваюцца як на ўроку, так і ў пазаўрочны час.

У сувязі з абмежаванай колькасцю беларускамоўных перыядычных выданняў і даведачнай літаратуры магчыма выкарыстанне (чытанне) такіх выданняў на рускай мове, таму што мэтай гэтага віду работы з’яўляецца фарміраванне ўмення знаходзіць патрэбны даведачны матэрыял, разумець яго і выкарыстоўваць пры неабходнасці незалежна ад мовы, на якой ён выдадзены.



БЕЛАРУСКАЯ МОВА
11 КЛАС (35 гадзін)
Уводны ўрок (1 гадзіна).

Маўленне (5 гадзін). Сацыяльная тэма «Сям’я»

Мова і маўленне. Значэнне маўлення ў жыцці чалавека. Вуснае і пісьмовае маўленне, іх асаблівасці.

Вуснае маўленне. Правілы вуснага маўлення. Маўленчы этыкет. Выкарыстанне ў зносінах мімікі і жэстаў. Дыялог і маналог.

Пісьмовае маўленне. Асаблівасці пісьмовага маўлення. Правілы пісьмовага маўлення.



Віды работы:

  • вуснае і пісьмовае апавяданне аб сваёй сям’і;

  • прыкладныя размовы паміж членамі сям’і (гутарка);

  • складанне правіл зносін у сям’і;

  • віншаванне членаў сям’і са святамі;

  • напісанне пісьма ці віншавальнай паштоўкі члену сям’і, які адсутнічае;

  • абмеркаванне сітуацыі стварэння сям’і;

  • напісанне па ўзоры заявы аб прыёме дзіцяці ў дзіцячы сад і інш.

Слоўнік:

маці, тата, бацькі, сын, дачка, дзеці, брат, сястра, бабуля, дзядуля, сям’я, поўная сям’я, няпоўная сям’я, шматдзетная сям’я, сямейныя абавязкі, дзень нараджэння, сяброўства, любоў, каханне, жаніх, нявеста, выходзіць замуж за…, ажаніцца з…, вяселле.



Тэкст як адзінка мовы і маўлення (7 гадзін). Сацыяльная тэма «Жыллё. Харчаванне»

Часткі тэксту: пачатак, асноўная частка, заключэнне. Падзел тэксту на часткі. Складанне плана тэксту.

Тыпы тэкстаў: апавяданне, апісанне, разважанне.

Падрабязны, сціслы, выбарачны пераказ тэксту. Сачыненне-апавяданне, сачыненне-апісанне, сачыненне-разважанне (аб будучай прафесіі, сям’і, хатняй гаспадарцы і г. д.).

Пераклад невялікіх мастацкіх тэкстаў даступнага зместу з рускай мовы на беларускую.

Віды работы:


  • чытанне тэкстаў на зададзеную тэму, вылучэнне асноўнай думкі тэксту;

  • вылучэнне частак тэксту;

  • падзел тэксту на часткі і абзацы;

  • упарадкаванне дэфармаванага тэксту;

  • складанне плана тэксту;

  • пераказ тэксту;

  • складанне тэксту аб сваім жыллі, пакоі;

  • запаўненне бланкаў на аплату камунальных паслуг;

  • напісанне аб’явы, заявы, распіскі, даверанасці, аўтабіяграфіі, запаўненне асабовага лістка па ўліку кадраў;

  • складанне тэксту аб прыбіранні пакоя, кватэры; прыгатаванні ежы;

  • абмеркаванне і запіс меню на дзень, тыдзень.

Слоўнік:

жыллё, дом, кватэра, камунальныя паслугі, атапленне, электраэнергія, халодная вада, гарачая вада, каналізацыя, сантэхніка, кухня, мэбля, бытавая тэхніка, хатняя гаспадарка, вядзенне хатняй гаспадаркі, харчаванне, снеданне, абед, вячэра, меню, мяса, рыба, агародніна, садавіна, кандытарскія вырабы і г. д.



Сказ (7 гадзін). Сацыяльная тэма «Асабістая гігіена. Медыцынская дапамога»

Віды сказаў паводле мэты выказвання, інтанацыі. Знакі прыпынку ў канцы сказа.

Галоўныя і даданыя члены сказа. Вызначэнне словазлучэнняў у сказе.

Аднародныя члены сказа са злучнікамі і без іх. Коска паміж аднароднымі членамі сказа.

Сказы са звароткам: знаходжанне такіх сказаў у тэксце і складанне іх.

Складаныя сказы са злучнікамі і без іх. Коска паміж часткамі складанага сказа. Сказы з простай мовай.



Віды работы:

  • вызначэнне віду сказа па інтанацыі і мэце выказвання;

  • стварэнне сказаў розных відаў;

  • стварэнне дыялогаў са сказамі розных відаў на тэмы знешняга выгляду, самаадчування, просьбы аб дапамозе пры дрэнным самаадчуванні;

  • выпрацоўка этыкетных форм паводзін пры выкліку ўрача на дом, машыны «хуткай дапамогі», пры звароце ў паліклініку;

  • вылучэнне ў сказах галоўных і даданых членаў сказа; аднародных членаў сказа, звароткаў;

  • складанне сказаў толькі з галоўнымі членамі, з галоўнымі і даданымі членамі, з аднароднымі членамі, са звароткам;

  • запіс сказаў пад дыктоўку;

  • запіс сказаў па памяці;

  • складанне сказаў (запіскі) з апісаннем дрэннага самаадчування;

  • стварэнне складаных сказаў на тэмы самаадчування, здароўя, асабістай гігіены;

  • складанне калажаў, малюнкаў на зададзеную тэму з абмеркаваннем.

Слоўнік:

здароўе, хвароба, гігіена, рэжым дня, зарадка, спартыўныя гурткі, спартыўныя секцыі, водныя працэдуры, душ, ванна, лазня, туалет, касметыка, цырульня, манікюр, педыкюр, скраб для цела і твару, гель-душ, масаж; інфекцыя, прастуда, грып, прафілактыка, лячэнне, лекі, аптэка, аптэчка, медыкаменты, антыбіётыкі, прышчэпка, рэцэпт, «хуткая дапамога», урач, укол, таблеткі, вітаміны.



Слова (4 гадзіны). Значэнне слова. Сацыяльная тэма «Культура зносін»

Слоўнікі беларускай мовы. Адназначныя і мнагазначныя словы. Прамое і пераноснае значэнне слова. Сінонімы. Антонімы. Словы, якія гучаць аднолькава, але маюць рознае значэнне (амонімы).



Віды работы:

  • праца са слоўнікамі розных відаў;

  • знаходжанне тлумачэння слоў у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы»;

  • тлумачэнне значэння слоў, у тым ліку і пераноснага, у сказах;

  • тлумачэнне сэнсу крылатых выразаў;

  • стварэнне сітуацый зносін у адпаведнасці з нормамі этыкету;

  • знаходжанне ў тэксце, сказе сінонімаў, антонімаў, слоў з пераносным значэннем, мнагазначных слоў;

  • складанне сказаў з выкарыстаннем сінонімаў, антонімаў, слоў з пераносным значэннем, мнагазначных слоў;

  • прагляд урыўкаў з кінафільмаў, тэлеперадач з абмеркаваннем (выпраўленне маўленчых памылак, знаходжанне шляхоў вырашэння сітуацыі).

Слоўнік:

нормы паводзін, этыкет, выхаваны чалавек, прывітанне, развітанне, добры дзень, да пабачэння, добрай раніцы, добрай ночы, прабачце, прашу прабачэння, калі ласка, дазвольце і інш. этыкетныя словы і выразы; электронная кніга, «спампаваць» кнігу праз інтэрнэт і г. д.



Слова. Будова слова (6 гадзін). Сацыяльная тэма «Гандаль»

Роднасныя словы. Корань слова. Канчатак. Прыстаўка. Суфікс. Адрозненне форм слова і роднасных слоў.



Віды работы:

  • знаходжанне ў тэксце роднасных слоў, форм слова;

  • выдзяленне ў словах значымых частак;

  • назіранне за канчаткам пры змяненні формы слова;

  • падбор роднасных слоў, вылучэнне кораня ў роднасных словах;

  • утварэнне новых слоў з дапамогай суфіксаў і прыставак;

  • складанне сказаў і тэкстаў з выкарыстаннем роднасных слоў, утвораных з дапамогай суфіксаў і прыставак;

  • напісанне дыктантаў і самадыктантаў з выкарыстаннем роднасных слоў;

  • стварэнне дыялагічных і маналагічных выказванняў на тэмы, звязаныя з пакупкай і продажам.

Слоўнік:

тавар, прадавец, пакупнік, гандаль, продаж, купля, магазін, крама, гастраном, універмаг, універсам, супермаркет, гіпермаркет, гандлёвы цэнтр, прадукты, адзенне, бялізна, абутак, зімовы абутак, летні абутак, прымяраць, чэк, каса, крэдыт, аптовы рынак, цана; скідкі, пластыкавая картка, інтэрнэт-магазін і інш.



Часціны мовы (3 гадзіны). Сацыяльная тэма «Прадпрыемствы сувязі (пошта, тэлеграф)»

Назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, лічэбнік, прыслоўе, прыназоўнік.



Віды работы:

  • аналіз і складанне тэкстаў тэлеграмы, пісьма, віншавальнай паштоўкі;

  • знаходжанне ў тэксце, сказе слоў, якія адносяцца да розных часцін мовы, іх характарыстыка;

  • дыктант (самадыктант), самастойнае напісанне ліста, паштоўкі, тэлеграмы;

  • афармленне паштоўкі, канверта, тэлеграмы;

  • складанне дыялогаў і маналагічных выказванняў (зваротаў з просьбай да супрацоўніка ўстановы), якія могуць узнікнуць ва ўстановах сувязі.

Слоўнік:

пошта, паштамт, тэлеграф, пісьмо, паштоўка, тэлеграма, паштальён, газета, часопіс, паштовыя бланкі, канверт, падпіска на перыядычныя выданні, аплата паслуг, тэлефон і г. д.



Паўтарэнне вывучанага за год (2 гадзіны)
12 КЛАС (35 гадзін)
Уводны ўрок (1 гадзіна).

Назоўнік (6 гадзін). Сацыяльная тэма «Сродкі сувязі»

Назоўнік як часціна мовы. Змяненне назоўнікаў па ліках. Род назоўнікаў. Скланенне назоўнікаў.

Агульныя і ўласныя назоўнікі. Правапіс вялікай літары ва ўласных назвах. Скланенне імён, імён па бацьку, прозвішчаў.

Віды работы:


  • знаходжанне назоўнікаў у тэкстах газет, часопісаў, вызначэнне ліку, роду, склону, скланення;

  • практыкаванні ў скланенні прозвішчаў, імён і імён па бацьку;

  • разгадванне крыжаванак і да т. п., якія надрукаваны ў газетах і часопісах;

  • запаўненне бланкаў падпіскі на газеты і часопісы;

  • запаўненне паштовых бланкаў рознага віду;

  • наведванне прадпрыемства сувязі, назіранне за працай работнікаў;

  • удзел у маўленчых сітуацыях, якія адбываюцца на пошце, тэлеграфе.

Слоўнік:

сродкі сувязі, тэлебачанне, радыё, пошта, тэлеграф, тэлефон, мабільны тэлефон, факс, інтэрнэт, пісьмо, віншавальная паштоўка, тэлеграма, тэлефонаграма, газета, часопіс, інфармацыя, падпіска, паштовы бланк, аплата камунальных паслуг, продаж паштовак, газет, часопісаў, банкамат, інфакіёск, аперацыі па пластыкавай картцы, аплата за інтэрнэт, зрабіць ксеракопію дакументаў і г. д.



Прыметнік (5 гадзін). Сацыяльная тэма «Адзенне і абутак»

Прыметнік як часціна мовы. Змяненне прыметнікаў па родах, ліках і склонах у спалучэнні з назоўнікамі. Правапіс склонавых канчаткаў прыметнікаў у адзіночным і множным ліках.



Віды работы:

  • падбор і запіс прыметнікаў, якія характарызуюць адзенне і абутак;

  • падбор да прыметнікаў сінонімаў і антонімаў;

  • пісьмовы пераказ або сачыненне на тэму, звязаную з уменнем апранацца з густам;

  • складане дыялогаў на тэму, звязаную з выбарам і пакупкай адзення і абутку;

  • прадуцыраванне маналагічных выказванняў на тэму, звязаную з уменнямі апранацца, выбіраць адзенне і абутак.

Слоўнік:

адзенне, верхняе адзенне, ніжняе адзенне, вопратка, паліто, касцюм, спадніца, сукенка, абутак, туфлі, зручны, прыгожы, сучасны, модны, дзіцячы, дарослы, маладзёжны, рабочы, паўсядзённы, святочны і інш.



Займеннік (3 гадзіны). Прыназоўнік (2 гадзіны). Сацыяльная тэма «Бытавое абслугоўванне»

Асабовыя займеннікі 1, 2, 3-яй асобы адзіночнага і множнага ліку. Выкарыстанне займеннікаў у мове. Змяненне асабовых займеннікаў.

Значэнне прыназоўнікаў. Адрозненне прыназоўніка ад прыстаўкі. Асобнае напісанне прыназоўнікаў з назоўнікамі, прыметнікамі, займеннікамі.

Віды работы:


  • знаходжанне займеннікаў у тэксце, вызначэнне іх асобы і ліку;

  • практыкаванні ў распазнаванні прыназоўнікаў і прыставак;

  • напісанне сказаў з заменай назоўнікаў займеннікамі;

  • творчы дыктант з заменай назоўнікаў займеннікамі;

  • стварэнне дыялагічных і маналагічных выказванняў на тэму, звязаную з функцыянаваннем служб бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Слоўнік:

служба быту, хімчыстка, атэлье, фотаатэлье, цырульня, рамонт адзення, рамонт абутку, майстэрня, швейная майстэрня, рамонт бытавой тэхнікі, рамонт гадзіннікаў, рамонт тэлевізараў, рамонт халадзільнікаў, рамонт камп’ютараў, замена картрыджаў, рамонт прынтара, сэрвісны цэнтр і інш.



Дзеяслоў (6 гадзін). Сацыяльная тэма «Транспарт»

Паняцце аб дзеяслове. Правапіс не з дзеясловамі. Час дзеясловаў. Лік дзеясловаў. Неазначальная форма дзеяслова. І і ІІ спражэнні дзеясловаў.



Віды работы:

  • знаходжанне ў тэксце дзеясловаў, аналіз іх ролі ў маўленні;

  • змяненне дзеясловаў па ліках, асобах, часах;

  • падбор да дзеясловаў сінонімаў і антонімаў;

  • запіс пад дыктоўку сказаў аб правілах паводзін у пасажырскім транспарце;

  • складанне дыялагічных і маналагічных выказванняў на тэму, звязаную з паводзінамі ў транспарце.

Слоўнік:

паездка, падарожжа, транспарт, грамадскі транспарт, асабісты транспарт, пасажырскі транспарт, хутка, павольна, аўтамабільны транспарт, чыгуначны транспарт, метро, электрычка, цягнік, самалёт, аўтобус, тралейбус, трамвай, ехаць, плыць, ляцець і інш.



Лічэбнік (3 гадзіны). Прыслоўе (3 гадзіны). Сацыяльныя тэмы «Бюджэт», «Мастацтва»

Роля лічэбніка ў мове. Колькасныя і парадкавыя лічэбнікі. Лічэбнікі простыя, складаныя і састаўныя. Правапіс лічэбнікаў.

Агульнае паняцце аб прыслоўі. Правапіс некаторых прыслоўяў.

Віды работы:


  • знаходжанне ў тэксце лічэбнікаў, прыслоўяў;

  • запіс пад дыктоўку тэкстаў, знаходжанне ў іх лічэбнікаў і прыслоўяў;

  • падлік і запіс бюджэту сям’і;

  • абмеркаванне асноўных затрат у сям’і;

  • складанне дыялагічных і маналагічных выказванняў на тэму, звязаную з грашовымі адносінамі ў сям’і; з паходам у кіно, тэатр, на выставу.

Слоўнік:

праца, бюджэт, сямейны бюджэт, даход, падатак, расходы (на харчаванне, на адзенне, на жыллё, на транспарт, на вучобу, на набыццё іншых тавараў), бюджэт арганізацыі, дзяржаўны бюджэт, дзяржаўныя служачыя, бюджэтная сфера, эканомія, дэфіцыт, эканомны, сквапны, разумныя расходы, банкаўскі ўклад, працэнтныя стаўкі і інш.; мастацтва, тэатр, кіно, музыка, жывапіс, танец і інш.



Гукі і літары (4 гадзіны). Сацыяльная тэма «Прафарыентацыя. Працаўладкаванне»

Алфавіт. Галосныя гукі і літары. Зычныя гукі і літары. Мяккія, цвёрдыя, зацвярдзелыя зычныя. Абазначэнне мяккасці зычных на пісьме літарамі е, ё, і, ю, я, ь. Правапіс галосных пасля літар, якія абазначаюць цвёрдыя і зацвярдзелыя зычныя. Правапіс д — дз, т — ц. Звонкія і глухія зычныя. Падоўжаныя зычныя. Раздзяляль­ныя знакі — апостраф (’) і ь. Напісанне слоў з ў.

Склад. Падзел слоў на склады. Правілы пераносу слоў.

Націск. Правапіс о, э — а; е, ё — я.



Віды работы:

напісанне заяў (самастойна і пад дыктоўку) аб прыёме на працу, звальненні, водпуску і г. д.;

запаўненне анкеты, асабістага лістка па ўліку кадраў;

напісанне аўтабіяграфіі, характарыстыкі;

вывучэнне асабовых дакументаў (пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні і інш.);

сачыненне на тэму «Мая будучая работа»;

вылучэнне і характарыстыка гукаў і літар у прапанаваных словах і сказах.

Слоўнік:

пасведчанне аб адукацыі, пасведчанне асобы, пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне, атэстат, дыплом, вадзіцельскае пасведчанне, прафарыентацыя, школа, курсы, вучылішча, заява, дата, нумар, адукацыя, прафесія, спецыяльнасць, аўтабіяграфія, характарыстыка, аддзел кадраў, працоўная кніжка, працоўны дагавор, працоўны кантракт, працоўны адпачынак, працоўны стаж, звальненне з працы, пенсія і інш.



Паўтарэнне вывучанага за год (2 гадзіны)
Асноўныя патрабаванні да ведаў, уменняў вучняў

Вучні павінны ведаць аб:

  • тэксце, сказе, слове, гуках і літарах як структурных элементах мовы;

  • найбольш важных характарыстыках структурных элементаў мовы;

  • розных відах дзелавых папер;

  • правілах зносін у розных жыццёвых сітуацыях, звязаных з бытам, сямейнымі адносінамі і працоўнай дзейнасцю.

Вучні павінны ўмець:

  • вылучаць у маўленні і характарызаваць тэкст, сказ, слова, гукі і літары;

  • пісаць (пад дыктоўку) пісьменна ў межах правіл, вывучаных у школе;

  • запаўняць розныя віды дзелавых папер;

  • самастойна пісаць аўтабіяграфію, запаўняць анкету, асабісты лісток па ўліку кадраў;

  • ажыццяўляць зносіны ў адпаведнасці з этыкетам у сітуацыях, звязаных з бытам, сямейным жыццём, працоўнай дзейнасцю.

ЛІТАРАТУРНАЕ ЧЫТАННЕ
11 КЛАС (35 гадзін)
Прыкладная тэматыка

Творы вуснай народнай творчасці: казкі, быліны, песні, прымаўкі, прыказкі, загадкі і г. д. Літаратурныя казкі. Адрозненне літаратурных і народных казак.

Беларускія асветнікі. Еўфрасіння Полацкая. «Жыціе Еўфрасінні Полацкай».

Кірыл Тураўскі. «Словы. Казанні. Павучанні».

Францыск Скарына. «З прадмовы да «Псалтыра».

Мікола Гусоўскі. «Песня пра зубра».

Беларуская літаратура ў XVIII—XIX стагоддзях.



Канстанцін Вераніцын. «Тарас на Парнасе».

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. «Пінская шляхта».

Кастусь Каліноўскі. «Мужыцкая праўда, №2», «Марыська чарнаброва, галубка мая...»

Францішак Багушэвіч. «Хмаркі», «Мая дудка», «Ахвяра».

Янка Лучына. «Роднай старонцы».

Беларуская літаратура на пачатку XX стагоддзя.



Цётка. «Мае думкі», «Вера беларуса».

Янка Купала. «Мая малітва», «Явар і каліна», «Бандароўна».

Якуб Колас. «Не бядуй!», «Беларусам», «Першы гром», «Новая зямля».

Максім Багдановіч. «Санет», «Маладыя гады…».

Алесь Гарун. «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам…», «Ідуць гады».

Беларускія перыядычныя выданні (газеты і часопісы) на беларускай і рускай мовах. Чытанне і знаходжанне патрэбнай інфармацыі па прафесійных тэмах у энцыклапедыях, даведніках, слоўніках («Энцыклапедыя сельскага гаспадара», «Справочник садовода», «Справочник пчеловода» і да т. п.).



12 КЛАС (35 гадзін)
Прыкладная тэматыка

Беларуская літаратура ХХ стагоддзя:



Максім Гарэцкі. «Роднае карэнне».

Змітрок Бядуля. «Пяць лыжак заціркі», «Шчасце не ў золаце», «Бондар».

Уладзімір Дубоўка. «О Беларусь, мая шыпшына», «Залатая, асенняя раніца».

Пятрусь Броўка. «Надыход восені», «Александрына», «А ты ідзі…», «Родныя словы».

Кандрат Крапіва. «Дыпламаваны баран», «Махальнік Іваноў».

Аркадзь Куляшоў. «Я хаце абавязаны прапіскаю…», «Над брацкай магілай», «Спакойнага шчасця не зычу нікому…».

Максім Танк. «Каб ведалі», «Родная мова».

Янка Брыль. «Memento mori».

Пімен Панчанка. «Краіна мая», «Герой», «Той дзень прайшоў і страчаны навек…».

Іван Мележ. «Людзі на балоце».

Уладзімір Караткевіч. «Дікае паляванне караля Стаха».

Іван Шамякін. «Непаўторная вясна». «Гандлярка і паэт».

Васіль Быкаў. «Сотнікаў».

Міхась Стральцоў. «Сена на асфальце».

Ніл Гілевіч. «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..», «Родныя дзеці».

Іван Чыгрынаў. «Дзівак з Ганчарнай вуліцы».

Іван Навуменка. «Хлопцы самай вялікай вайны…».

Рыгор Барадулін. «Божа, паспагадай усім», «Яна адна…».

Яўгенія Янішчыц. «Чаму ніколі не баюся я…», «Не воблака, а проста аблачынка…».

Сучасная беларуская літаратура:



Анатоль Вярцінскі. «Два полі», «Жыццё даецца, каб жыццё тварыць…», «Мы, мёд і пчала».

Васіль Зуёнак. «Дала прырода мне ваду і цвердзь», «Прыйдзі аднойчы», «Я са шляхоў далёкіх…».

Іван Пташнікаў. «Францужанкі», «Пагоня».

Віктар Казько. «Неруш».

Алесь Петрашкевіч. «Прарок для Айчыны».

Генадзь Пашкоў. «Памяць», «Дарога ў Сахары».
Творы беларускай літаратуры на тэмы, блізкія да будучай прафесійнай дзейнасці вучняў.

Беларускія перыядычныя выданні (газеты і часопісы) на беларускай і рускай мовах. Чытанне і знаходжанне патрэбнай інфармацыі па прафесійных тэмах у энцыклапедыях, даведніках, слоўніках («Энцыклапедыя сельскага гаспадара», «Справочник садовода», «Справочник пчеловода» і да т. п.).



Навыкі чытання

Правільнае, свядомае, выразнае, беглае чытанне мастацкіх твораў.

Выразнае чытанне вершаў на памяць.

Вылучэнне асноўнай думкі твора.

Складанне характарыстык галоўных герояў, ацэнка іх учынкаў.

Пераказ прачытанага.



Вылучэнне неабходнай інфармацыі з даведнікаў, перыядычных выданняў. Выкарыстанне інфармацыі на ўроках прафесійнай падрыхтоўкі, сацыяльнай арыенціроўкі і інш.
Асноўныя патрабаванні да ведаў, уменняў вучняў

Вучні павінны ўмець:

  • чытаць правільна, свядома, выразна, бегла;

  • вылучаць асноўную думку твора;

  • характарызаваць галоўных герояў і даваць ацэнку іх учынкам;

  • пераказваць змест прачытанага;

  • карыстацца даведачнай літаратурай;

  • арыентавацца ў жанрах літаратурных твораў і твораў вуснай народнай творчасці;

  • арыентавацца ў сродках мастацкай выразнасці літаратурнай мовы;

  • выбіраць і чытаць перыядычныя выданні;

  • выбіраць кнігі мастацкай літаратуры ў бібліятэцы.

Вучні павінны ведаць:

  • на памяць па 5 вершаў за перыяд навучання ў 11—12-х класах.



: wp-content -> uploads -> 2014 -> umodos -> ypyp
ypyp -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь гісторыя беларусі вучэбная праграма для 8—10 класаў
umodos -> Навукова—метадычная установа «нацыянальны iнстытут адукацыi» мiнiстэрства адукацыi рэспублiкi беларусь
ypyp -> Вучэбная праграма выяўленчае мастацтва I -v класы
ypyp -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ГеАграфІя Вучэбная праграма
ypyp -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь беларуская мова. Літаратурнае чытанне




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка