Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт



старонка1/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.64 Mb.
  1   2   3   4


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Беларускі дзяржаўны універсітэт

Гістарычны факультэт

Кафедра гісторыі

паўднёвых і заходніх славян

Попель Радзівон Ігаравіч
Украінскі фактар

у паўстанні князя Свідрыгайлы

Курсавая работа студэнта 3 курса дзённага аддзялення

Спецыяльнасць: Гісторыя

Навуковы кіраўнік: кандыдат гістарычных навук,

дацэнт Міхайлоўская Людміла Львоўна

г. Мінск, 2010

ЗМЕСТ

Уводзіны 3

Глава І. Князь Свідрыгайла: шлях да ўлады, вайна за

Падолле і пераварот 1432 г. 8

Глава ІІ. Украінскі фактар у грамадзянскай вайне ў ВКЛ.

1432 – 1435 гг. 20

Глава ІІІ. Князь Свідрыгайла і украінскія землі пасля

Вількамірскай бітвы 1435 г. 31

Заключэнне 42

Спасылкі 45

Спіс крыніц і даследаванняў 49


УВОДЗІНЫ
У першай палове ХV ст. землі Украіны сталі месцам сутыкнення інтарэсаў дзвюх дзяржаў – Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Адносіны між Польскім каралеўствам і ВКЛ былі складанымі і супярэчлівымі. У ВКЛ, з аднаго боку, існавала імкненне да збліжэння з Польшчай, пачатак якому быў пакладзены Крэўскай уніяй, заключанай Ягайлам яшчэ ў 1385 г., з другога, – прыходзілася пастаянна змагацца са спробамі Польшчы інкарпараваць Вялікае княства. І прапольская, і антыпольская палітычныя пазіцыі знаходзілі ў ВКЛ нямала прыхільнікаў. Збліжэнне з Польшчай несла з сабой і пашырэнне на землях ВКЛ каталіцтва, прычым ужо па прывілею 1387 г. Ягайлы каталіцкая шляхта атрымлівала большыя правы, чым праваслаўная. Выключныя правы каталіцкіх феадалаў былі падцверджаны Вялікім князем Вітаўтам у 1392, 1401 і 1413 гг. Аднак пры гэтым у час праўлення Вітаўта Вялікага (1392 – 1430) ВКЛ, якое з’яўлялася фактычна незалежнай ад Польшчы дзяржавай, паспяхова супрацьстаяла прэтэнзіям на пашырэнне ўплыву з боку Кароны. Але ў 1430 г. Вітаўт памёр, што дазволіла Польшчы актывізаваць свае намеры аднавіць унію, а з ёй – і свой кантроль над землямі ВКЛ.

На момант смерці Вітаўта большая частка украінскіх земляў ужо знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага, уключаная туды намаганнямі Вялікіх князёў Альгерда і Вітаўта. Гэта датычылася, у першую чаргу, да Кіеўшчыны, Чарнігаўшчыны, Валыні, часткі Падолля і іншых земляў. Пры гэтым актыўную экспансію на украінскія землі праводзіла і Польскае каралеўства. Першым сюжэтам барацьбы Польшчы за землі Паўднёва-Заходняй Русі сталі змаганне за Чэрвенскія гарады ў Х – ХІІІ стст., а таксама супрацьстаянне з Галіцка-Валынскай дзяржавай. З пашырэннем сферы ўплыву ВКЛ на украінскія землі яны сталі арэнай сутыкнення інтарэсаў Вялікага княства і Польшчы. Пасля краха Галіцка-Валынскай дзяржавы ў ХІV ст. да Польшчы адыйшла значная частка яе спадчыны – Галічына, частка Валыні з Бэлзам і Хелмам і Паўднёвае Падолле. Большую частку Валыні атрымала ВКЛ. Зацікаўленасць Польшчы ў пашырэнні ўплыву ў ВКЛ грунтавалася, у тым ліку, і на імкненні да магчымага далучэння вялізных украінскіх земляў з іх гігантскім эканамічным і чалавечым патэнцыялам.

Насельніцтва Украіны ў абсалютнай большасці з’яўлялася праваслаўным, таму невыпадкова, што наданне каталіцкім феадалам выключных палітычных і эканамічных правоў у ВКЛ, а таксама ўціск з боку каталіцкай Польшчы, былі сустрэты праваслаўнай украінскай шляхтай без асаблівага захаплення. Значная частка украінскіх феадалаў з іх землямі падтрымала адмысловую незалежніцкую “партыю” у ВКЛ, якая імкнулася абмежаваць уплыў з боку Польшчы і захаваць Вялікае княства як самастойную дзяржаву. Падтрымка з боку многіх украінскіх феадалаў стала значнай абапорай для лідэра гэтай групоўкі князя Свідрыгайлы, які пасля смерці Вітаўта здолеў заняць Вялікакняжацкі трон. Хуткае падзенне Свідрыгайлы як Вялікага князя Літоўскага стала вынікам жорсткай барацьбы ў ВКЛ прадстаўнікоў антыпольскай і прапольскай палітычных пазіцый, на баку апошніх выступала, натуральна, і Польшча. Узброеная барацьба ва ўмовах грамадзянскай вайны і фактычнага распаду ВКЛ, якая следавала за гэтымі падзеямі, стала, на наш погляд, вынікам спалучэння двух галоўных фактараў: палітычнага і рэлігійнага. Барацьба гэта адбывалася паміж двума палітычнымі цэнтрамі: Вялікім княствам Літоўскім на чале з Жыгімонтам, які абапіраўся на непасрэдную падтрымку Польшчы, і новым палітычным утварэннем – Вялікім княствам Рускім на чале з Свідрыгайлам. Значную падтрымку апошняму складалі праваслаўныя феадалы, але сярод прыхільнікаў князя былі і католікі, католікам з’яўляўся і ён сам. Таму можна казаць, што рухаючай сілай паўстання Свідрыгайлы разам з рэлігійнымі былі і палітычныя матывы – антыпольская пазіцыя часткі паноў, іх асабістая прыхільнасць да князя.

Вялікую частку новаўтворанага Вялікага княства Рускага складалі украінскія землі – Валынь, Кіеўшчына, Чарнігаўшчына, Ноўгарад-Севершчына і інш. Паказальна тое, што украінскія землі і феадалы сталі апошняй абапорай Свідрыгайлы ў час падзення Вялікага княства Рускага ў другой палове 1430-х гг. Украінскі фактар адыгрываў у паўстанні Свідрыгайлы адну з вядучых роляў.

Украінскі фактар у паўстанні князя Свідрыгайлы стаў чарговым значным этапам у гісторыі барацьбы Польшчы за украінскія землі ў часы, калі ёй прыйшлося непасрэдна сутыкнуцца з інтарэсамі Вялікага княства Літоўскага, часы, калі Галіцка-Валынская дзяржава ўжо перастала існаваць, а Люблінская унія яшчэ не была заключана.

Гістарычны лёс украінскіх земляў шчыльна звязаны з гісторыяй такіх дзяржаў, як Польшча, Расія, Венгрыя і, канешне ж, Беларусь. Пры гэтым нельга сказаць, што падзеі паўстання Свідрыгайлы, а тым больш, украінскага фактару ў гэтым паўстанні, шырока асветлены ў гісторыяграфіі. Тэма гэта, нажаль, амаль не асветлена і ў беларускай гісторыяграфіі. Тым не менш, падзеі, што адбываліся ва украінскіх землях, у тым ліку, і ў ХV ст., маюць непасрэднае датычэнне і да падзеяў нашай гістоыі.

Пры напісанні дадзенай работы былі выкарыстаны такія крыніцы, як “Гісторыя Польшчы” Яна Длугаша, “Хроніка” Бернарда Вапоўскага, “Хроніка Быхаўца”. Значнымі гістарычнымі крыніцамі, на якія абапіраецца гэтая работа, з’яўляюцца тэксты прывілеяў Вялікага князя Ягайлы 1387, 1432, Вялікага князя Вітаўта 1413, Вялікага князя Жыгімонта 1434 гг. Гэтыя крыніцы дазваляюць прасачыць палітычнае і канфесійнае становішча ў ВКЛ і Польшчы канца ХІV – першай палове ХV стст.

“Гісторыя Польшчы” была створана польскім гісторыкам, сакратаром кардынала Збігнева Алясніцкага, а ў канцы жыцця – архібіскупам Львоўскім– Янам Длугашам у ХV ст. Гэтая крыніца з’яўляецца прыкладам асэнсавання гістарычных падзей іх сучаснікам і нясе крайне каштоўную інфармацыю пра падзеі ў Польшчы і ВКЛ у ХV ст. Непасрэдна закранаюцца ў крыніцы і падзеі паўстання Свідрыгайлы.

Вельмі значнай крыніцай, якая выкарыстоўвалася пры стварэнні дадзенай работы з’яўляецца хроніка (“Дзеянні кароны Польскай”) Бернарда Вапоўскага, польскага святара-гісторыка, сакратара Жыгімонта Старога, створаная ім у першай палове ХVІ ст. Хроніка, якая часткова абапіраецца на работу Я.Длугаша, утрымлівае ў тым ліку і шматлікія звесткі па гісторыі Польшчы і ВКЛ ХV ст., дае свае адзнакі дзеянням князя Свідрыгайлы і іншым гістарычным падзеям. Шмат інфармацыі прыгадваецца ў крыніцы і ў адносінах да украінскіх земляў.

Летапісны звод, вядомы як “Хроніка Быхаўца”, з’яўляецца ўзорам беларускага ананімнага летапісання сярэдзіны ХVІ ст. Крыніца сярод іншага закранае і падзеі праўлення ў ВКЛ Свідрыгайлы і Жыгімонта, а таксама грамадзянскай вайны.

Прыгаданыя гістарычныя крыніцы, хоць і з’яўляюцца тэндэнцыйнымі, нясуць вельмі каштоўную інфармацыю па сярэднявечнай гісторыі Польшчы, ВКЛ, у тым ліку, і украінскіх земляў, паказваюць асэнсаванне гістарычных падзей у Польскім каралеўстве і Вялікім княстве Літоўскім.

Работа абапіраецца і на шэраг навуковых даследванняў. Сярод іх – грунтоўная работа польскага гісторыка А.Левіцкага “Powstanie Świdrygiełły. Ustep z dziejów unii Litwy z Korona” (Kraków, 1892), у якой падрабязна разглядаюцца падзеі паўстання Свідрыгайлы, асаблівая ўвага надаецца палітычным адносінам Польшчы і ВКЛ у ХV ст. Сярод іншых прыкладаў навуковых даследаванняў польскіх аўтараў, на якія абапіраецца курсавая работа, назавем манаграфію О.Галецкага “Ostatnie lata Świdrygiełły i sprawa wolyńska za Kazimira Jagiełłończyka” (Kraków, 1915), дзе закранаюцца падзеі апошніх гадоў жыцця князя Свідрыгайлы і аналізуецца далейшы гістарычны лёс валынскіх земляў, а таксама работу Т.Сталярчыка “Świdrygiełło przeciwko Jagielle – tzw. Wojna Łucka w 1431 r.”, прысвечаная падзеям вайны на Валыні і Падоллі 1431 г.

Адна з найбольш значных работ украінскай гісторыяграфіі, аб’ектам даследавання ў якой з’яўляецца і грамадзянская вайна ў ВКЛ 1430-х гг., - даследаванне М.Грушэўскага “История Украины-Руси” (М., 2001). Аўтар на падставе багатай базы крыніц разглядае ў кантэксце украінскай гісторыі прычыны і непасрэдны ход грамадзянскай вайны ў ВКЛ, надае асаблівую ўвагу украінскім аспектам гэтых падзей.

Сярод іншых навуковых даследаванняў, што былі выкарыстаны ў курсавой рабоце, можна прыгадаць “Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии влючительно” (М., 1915), “К вопросу об ограничении политических прав православных князей, панов и шляхты в Великом княжестве Литовском до Люблинской унии” (// Сборник статей, прсвящённых В.О.Ключевскому. М., 1909) і “История западных славян (прибалтийских, чехов и поляков)” (М., 1918) рускага гісторыка М.Любаўскага. У сваіх працах М.Любаўскі дэтальна аналізуе прававое становішча праваслаўнай шляхты ВКЛ у ХIV – ХV стст., разглядае палітычныя працэсы ў ВКЛ і Польшчы тых часоў.

У курсавой рабоце выкарыстаны таксама матэрыялы навуковых работ С.Пазняка “Курс лекций по истории Украины (ІХ – первая половина XVІІ в.)” (Мн., 2000) і П.Лойкі “Палітычная барацьба ў Вялікім княстве Літоўскім, Рускім, Жамойцкім у XІV –першай палове XV ст.: вытокі і вынікі” (// Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992), якія з’яўляюцца аднымі з нешматлікіх прыкладаў разглядання украінскіх аспектаў паўстання Свідрыгайлы ў беларускай гісторыяграфіі.

Падчас напісання работы таксама выкарыстаны працы А.Кацэбу “Свидриглайло, Великий князь Литовский, или Дополнение к историям литовской, польской и русской” (СПб., 1835), Л.Гумілёва “От Руси к России” (М., 1992), Ф.Дворніка “Славяне в европейской истории и цивилизации” (М., 2001) і іншыя.

У дадзенай рабоце непасрэдна разглядаюцца падзеі храналагічнага прамежка з 1430 г. да пачатка другой паловы ХV ст. Менавіта пасля смерці ў 1430 г. Вітаўта Вялікага ў ВКЛ пачынаецца абвастрэнне ўнутры- і знешнепалітычных, канфесійных праблем, што і прывяло да падзеяў грамадзянскай вайны 1430-х гг. Пры гэтым у рабоце закранаюцца і больш раннія падзеі ХIV – першай паловы ХV стст., якія паўплывалі на фарміраванне палітычнага і рэлігійнага становішча на украінскіх землях, як і наогул у ВКЛ і Польшчы, перад паўстаннем Свідрыгайлы. Канфлікт у ВКЛ дасягнуў апагея ў 1432 – 1435 гг., пасля чаго пайшоў на спад, і ў канцы 1430-х гг. створанае Свідрыгайлам Вялікае княства Рускае спыніла існаванне. У курсавой рабоце разглядаецца далейшы лёс украінскіх земляў да другой паловы ХV ст., калі былі ліквідаваны апошнія аўтаномныя княствы на тэрыторыі Украіны – Валынскае і Кіеўскае.

Украінскі фактар моцна паўплываў на падзеі грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1430-х гг., якія сталі значным этапам гісторыі Украіны, што непарыўна звязана з нашай і агульнаеўрапейскай гісторыяй. Мэта гэтай работы – асвятліць уплыў украінскага фактара на прычыны і ход паўстання князя Свідрыгайлы, разгледзець гістарычны лёс земляў Украіны у ХV ст. у катэксце супрацьстаяння за іх Польшчы і Вялікага княства Літоўскага.



ГЛАВА І.

КНЯЗЬ СВІДРЫГАЙЛА: ШЛЯХ ДА ЎЛАДЫ,

ВАЙНА ЗА ПАДОЛЛЕ І ПЕРАВАРОТ 1432 Г.
Украінскія землі ў ХIV – першай палове ХV стст. былі ў асноўным падзеленыя між Вялікім княствам Літоўскім і Польскай Каронай, дзяржавамі, якія актыўна пашыралі сваю тэрытарыяльную экспансію ў паўднёвым і паўднёва-усходнім напрамках. Яшчэ ў час праўлення Вялікага князя Альгерда (1345 – 1377) пасля бітвы пры Сініх Водах (1363) да ВКЛ была далучана значная частка Цэнтральнай і Усходняй Украіны разам з Кіевам, Чарнігавам, Ноўгарад-Северскім і іншымі гарадамі. Наступным аб’ектам тэрытарыяльнай экспансіі ВКЛ сталі землі некалі моцнай Галіцка-Валынскай дзяржавы.

Пашырэнне ўплыву на землі Русі было вельмі прыцягальным і для Польшчы: у 1349 г. кароль Казімір ІІІ Вялікі (1333 – 1370) далучыў Галіцкае княства да сваёй дзяржавы. Пасля абрання польскім каралём Людвіка Венгерскага (1370 - 1382) на Галіцыю распаўсюдзілася ўлада Венгрыі, якая працягвала захоўвацца і пасля смерці Людвіка. Тым не менш у 1390 г. польскае войска здзейсніла паход у Галічыну і зноў далучыла да Польскай Кароны галіцкія землі разам з гарадамі Перамышль, Львоў, Галіч і інш. [1] Землі Падкарпацкай Русі з цэнтрам у Ужгарадзе (венг. Унгвар) засталіся ў складзе Венгрыі. Суперніцтва між ВКЛ і Польшчай за землі Галічыны і Валыні часта суправаджалася ваеннымі дзеяннямі. Па вынікам Востраўскага пагаднення 1392 г. між Ягайлам і Вітаўтам Польшча атрымала Галічыну і частку Валыні з Бэлзам і Хелмам, а ВКЛ – Валынь з Уладзімірам і Луцкам. Падолле таксама было падзелена: паўднёвая частка адыйшла да Кароны, а астатняя тэрыторыя – да ВКЛ. Вітаўт Вялікі (1392 – 1430) намагаўся распаўсюдзіць уплыў ВКЛ на землі Прычарнамор’я (ніжняе цячэнне Паўднёвага Буга, захад Дзікага Поля), але ўлада Вялікага княства на гэтых тэрыторыях часта заставалася намінальнай. Аднак пры ўсім гэтым частка Паўднёвай і Усходняй Украіны па-ранейшаму заставалася пад уладай Залатой Арды, а пасля 1427 г. – Крымскага ханства. У першай палове ХV ст. украінскія землі працягвалі з’яўляцца месцам сутыкнення інтарэсаў розных дзяржаў.

На украінскіх землях, якія ўвайшлі ў склад ВКЛ і Польскай Кароны, пачаліся працэсы палітычнай і эканамічнай інтэграцыі ў мясцовыя дзяржаўныя і гаспадарчыя сістэмы. Насельніцтва далучаных земляў стала часткай сацыяльнай структуры Літоўскай і Польскай дзяржаў. Трэба зазначыць, што на новадалучаных землях у якасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак з пэўнай доляй аўтаноміі працягвалі існаваць, ва ўсякім выпадку, спачатку, мясцовыя княствы. Захоўваліся і мясцовыя традыцыі, асаблівасці эканамічнага і сацыяльнага жыцця. [2] Так, у ВКЛ існавалі Валынскае (Уладзімір), Луцкае, Кіеўскае, Ноўгарад-Северскае княствы. Фактычна аўтаномны стан захоўвала ў складзе Польшчы Галічына, якая аж да 1414 г. біла ўласную манету. [3]

Пры гэтым, калі насельніцтва Украіны было ў асноўным праваслаўным, то Польшча з’яўлялася каталіцкім каралеўствам. Усё большае распаўсюджванне каталіцызм атрымліваў і ў ВКЛ, асабліва сярод шляхты. Тым не менш у Вялікім княстве Літоўскім вельмі моцныя пазіцыі працягвала захоўваць праваслаўе (за выключэннем Аукштайціі і Жамойціі): праваслаўнымі былі многія феадалы і большая частка простага насельніцтва. Працэсы інтэграцыі украінскіх земляў у склад ВКЛ і Польшчы, з аднаго боку, і пастаянная барацьба за гэтыя землі, з другога, цягнулі за сабой вялікую колькасць палітычных, сацыяльных, рэлігійных супярэчнасцяў.

Крэўская унія, што была заключана Ягайлам у 1385 г., адкрыла шырокі шлях для распаўсюджвання каталіцызму ў ВКЛ. У 1387 г. Ягайла выдаў прывілей, па якому прадстаўнікі каталіцкай знаці атрымалі неабмежаванае права валодання і карыстання сваімі вотчынамі, вызваляліся ад некаторых дзяржаўных павіннасцяў. [4] На праваслаўную знаць гэты прывілей распавўсюджвання не меў. Гэтым быў пакладзены пачатак шэрагу прывілеяў, якія надавалі дапаўняльныя правы каталіцкім феадалам. У 1401 г. Вітаўт у дамове з Польшчай падцвердзіў Крэўскую унію. У 1413 г. была заключана Гарадзельская унія, якая яшчэ больш павялічыла правы феадалаў-католікаў, распаўсюдзіўшы іх і на палітычную сферу. Так, у параграфе 9 прывілея 1413 г. чытаем, што “урядником назначаются только католической веры поклонники и подвластные святой Римской церкви. Также и все постоянные уряды земские, каковы суть должности, каштелянства жалуются только исповедникам христианской [католической] веры”. [5] Акрамя іншага, праваслаўныя феадалы пазбаўляліся і права выбрання новага Вялікага князя. Забараняліся і шлюбы паміж католікамі і праваслаўнымі. Такім чынам, у пачатку ХV ст. феадалы-католікі сталі з’яўляцца афіцыйна пануючай сацыяльнай групай у Вялікім княстве Літоўскім, а праваслаўная знаць была пазбаўлена большасці палітычных і эканамічных праў, якімі яна валодала раней. Натуральна, што такое становішча ніяк не магло задаволіць апошніх, праваслаўныя феадалы не збіраліся адмаўляцца ад спроб вярнуць былы пануючы стан. Цяжка сказаць, ці сапраўды выконваліся заўсёды і дакладна гэтыя па сутнасці дыскрэмінацыйныя палажэнні да прадстаўнікоў праваслаўнай знаці ў часы ўладарання Вітаўта Вялікага. Так ці інакш, пакуль ён быў жывы, у Вялікім княстве захоўвалася стабільнае і адносна спакойнае становішча. Гэта з’яўлялася адной з безумоўных асабістых заслуг самога Вітаўта, напэўна, найвыдатнейшага палітычнага дзеяча ў гісторыі ВКЛ. Аднак у 1430 г. Вітаўт Вялікі, які знаходзіўся ў зеніце сваёй палітычнай моцы і славы, памёр. Вялікае княства Літоўскае апынулася перад цяжкім выбарам свайго далейшага лёсу, а гэта залежала ў значнай ступені ад таго, хто стане новым Вялікім князем. У гэты час на вялікую палітычную арэну ВКЛ і выходзіць князь Свідрыгайла. Але і да гэтага палітычную ролю князя не трэба пераменшваць – ён ужо неаднаразова рабіў спробы атрымаць уладу і меў вялікую колькасць палітычных прыхільнікаў. Нягледзячы на ўсю неадназначнасць дзейнасці князя Свідрыгайлы, ён з’яўляецца адной з самых яскравых постацей гісторыі ВКЛ, а значыць, і беларускай гісторыі ХV ст.

Князь Свідрыгайла Альгердавіч нарадзіўся каля 1370 г. і быў сынам Вялікага князя Літоўскага Альгерда і княгіні Улляны Цвярской. У праваслаўным хрышчэнні Свідрыгайла атрымаў імя Леў, аднак у 1386 г. разам са старэйшым братам Вялікім князем Ягайлам ахрысціўся па каталіцкаму абраду, узяўшы імя Баляслаў. Пасля гэтага Свідрыгайла жыў у Віцебску, якім валодала яго маці. Пасля смерці княгіні Улляны ў 1392 г. Свідрыгайла, што адстойваў сваё права на валоданне Віцебскам, забіў намесніка, якога прыслаў Ягайла, і падняў мяцеж. Але неўзабаве мяцеж быў падаўлены Вітаўтам, а Свідрыгайла ў кайданах адпраўлены ў Кракаў. [6] Гэтыя падзеі сталі толькі самым пачаткам працяглай і напружанай барацьбы князя Свідрыгайлы за ўладу. Нягледзячы на тое, што адна за другой бурыліся яго спробы стаць уладаром, Свідрыгайла не адступаў ад сваёй мэты, прыбягаючы часта да авантурных дзеянняў: складаў замовы, паднімаў мецяжы, збегваў у Венгрыю, Масковію, Нямецкі ордэн.

Пасля вызвалення ад кракаўскага палону Свідрыгайла, які лічыў, што трон ВКЛ павінен належаць не стрыечнаму брату Ягайлы Вітаўту, а яму, збег у Венгрыю. Ва Угоршчыне ён не знайшоў патрэбнай падтрымкі, прымірыўся з Ягайлам і ў 1400г. атрымаў ад яго Падолле, а таксама частку Галічыны. Але Свідрыгайла не задаволіўся гэтым і ў пачатку 1402 г. збег у Тэўтонскі ордэн, спадзяючыся на дапамогу Гросмайстэра Конрада фон Юнгінгена (1393 – 1407). Не атрымаў мяцежны князь дапамогі і там, пасля чаго зноў згадзіўся з Ягайлам і ў 1404 г. атрымаў назад Падолле. Ужо ў гэтым жа годзе Свідрыгайла паднімае ў Падоллі мяцеж і, як піша Бернард Вапоўскі, ён, “подстрекаемый обещаниями крестоносцев захватить Литву, обманул и снова удрал в Пруссию”. [7] Аднак і на гэты раз “эміграцыя” Свідрыгайлы аказалася нядоўгай. Ён змог зноў пагадзіцца з Вітаўтам і вярнуўся ў ВКЛ, дзе атрымаў Ноўгарад-Северскае княства. Але становішча ўдзельнага князя ніяк не задавальняла яго, і ў 1408 г. Свідрыгайла зноў ад’язджае з ВКЛ, на гэты раз ужо ў Масковію, дзе правіў тады Вялікі князь Васіль І (1389 – 1425). Зараз новы выступ Свідрыгайлы саўпаў з агульным пагаршэннем адносін з Маскоўскім княствам, разам са стрыем Вітаўта ў Маскву ад’ехала цэлая група северскіх і вярхоўскіх князёў і баяр, сярод якіх быў і епіскап Чарнігаўскі і Бранскі (з 1389 г.) Ісаакій.

Пра кароткае знаходжанне Свідрыгайлы ў Масковіі вядома няшмат. Па некаторых дадзеных, ён неўзабаве, падчас нападу татараў, папаў у палон, [8] што, аднак, вельмі спрэчна. Але, як бы там не было, ужо ў 1409 г. Свідрыгайла зноў пры двары Вітаўта. На гэтым Свідрыгайла, зразумела, не супакоіўся і пачаў падтрымліваць таемныя зносіны з Нямецкім ордэнам , якія ў хуткім часе былі выкрыты. На гэты раз Вітаўт, што і так ужо шмат гадоў мірыўся са Свідрыгайлам, не прабачыў яго і адправіў у турму. Праўда, з некалькімі прыхільнікамі Свідрыгайлы ён абыйшоўся яшчэ больш бязлітасна: адрубіў ім галовы.

Каля 9 гадоў правёў Свідрыгайла ў зняволенні ў Крамянецкім замку. Сярод падзей, якія адбыліся за гэты час, трэба прыгадаць перадачу каралём Ягайлам былой вотчыны Свідрыгайлы - Падолля - Вітаўту ў 1411 г. Валынь і Брэст, дарэчы, потым таксама былі перададзены ВКЛ, хоць і адбылося гэта значна пазней – у 1425 г. Такія дзеянні польскага караля, натуральна, не выклікалі задаволення ў яго паноў, якія нават скардзіліся Папе Марціну V (1417 – 1431). Польскі храніст піша пра гэта нават, што “король обидел королевство” і “тяжело калечил королевство”. [9]

У 1418 г. група прыхільнікаў Свідрыгайлы на чале са старастам Луцкім князем Фёдарам Данілавічам Астрожскім вызваліла Свідрыгайлу з турмы, пасля чаго ён збег да Рымскага караля Жыгімонта І Люксембургскага (1410 – 1433, імператар у 1433 – 1437). У час знаходжання ў чарговым выгнанні Свідрыгайла спрабаваў наладзіць кааліцыю супраць Вітаўта і вёў перамовы з Тэўтонскім ордэнам, Масковіяй, Малдаўскім гаспадарствам. Але і на гэты раз усё ж самым эфектыўным аказалася для Свідрыгайлы наладжванне адносін з Вітаўтам і Ягайлам, а для апошніх – чарговае замірэне са Свідрыгайлам. У 1420 г. ён вяртаецца на радзіму і атрымлівае Ноўгарад-Северскі і Бранск. На гэты раз Свідрыгайла спакойна сядзеў у свіх валоданнях амаль што 10 гадоў. Можна было б падумаць, што ён проста зразумеў невыніковасць усіх сваіх намаганняў захапіць уладу. Але справа далёка не толькі ў гэтым. Вялікі князь Вітаўт быў ужо састарэлым чалавекам, да таго ж у яго не было сыноў, і ў выпадку яго смерці Свідрыгайла станавіўся адным з галоўных прэтэндэнтаў на трон.

Па дамоўленасці 1401 г., якая існавала паміж Ягайлам і Вітаўтам, у выпадку смерці апошняга, калі у яго не будзе сыноў, выбар новага Вялікага князя павінен быў быць узгоднены з польскім бокам. Абодва сыны Вітаўта – Іван і Юрый - загінулі ў маленстве, таму фармальна гэтая дамова павінна была быць выканана. Але гэта ва многім магло азначаць пападанне Вялікага княства Літоўскага, якое ў час праўлення Вітаўта стала зноў фактычна поўнасцю незалежнай дзяржавай, у залежнасць ад Польшчы. У гэтых умовах у ВКЛ склалася моцная незалежніцкая “партыя”, што выступала за самастойнасць Вялікага княства, лідэрам яе і быў Свідрыгайла.

Вялікі князь Вітаўт памёр 27 кастрычніка 1430 г. у Троках. У ВКЛ яшчэ знаходзіліся некаторыя з гасцей, якія з’ехаліся на каранацыю Вітаўта каралём, што так і не адбылася. Кароль Ягайла таксама знаходзіўся ў Вільні. Сярод патэнцыйных прэтэндэнтаў на трон ВКЛ маглі быць родны брат Вітаўта князь Жыгімонт Кейстутавіч, стрыечны брат князь Свідрыгайла, а таксама сыны Ягайлы каралевічы Уладзіслаў і Казімір. Аднак абсалютная перавага ў сімпатыях феадалаў ВКЛ была на баку Свідрыгайлы. Трэба сказаць, Свідрыгайла абапіраўся, у першую чаргу, на праціўнікаў уніі з Польшчай, сярод якіх, натуральна, было шмат праваслаўных феадалаў, што імкнуліся зноў атрымаць былое прывілеяванае становішча. На гэта і звяртаецца звычайна асаблівая ўвага ў навуковай літаратуры. [10] Аднак трэба зазначыць, што сярод прыхільнікаў Свідрыгайлы ў той час было і шмат католікаў. Нельга забываць, што і сам Свідрыгайла быў католікам. Ва ўсялякім выпадку, Сойм, які сабраўся ў Вільні для выбараў новага Вялікага князя, фактычна адзінадушна выбраў Свідрыгайлу. Шмат намаганняў для гэтага прыклаў, канешне, і сам Свідрыгайла: у крыніцах распавядаецца пра тое, што ён яшчэ да смерці Вітаўта “начал объезжать свои владения и замки, склонять на свою сторону литвинов и русинов”. [11] Верныя Свідрыгайлу войскі пасля смерці Вітаўта занялі Вільню і Трокі. Клапаціўся Свідрыгайла і пра сваё становішча на міжнароднай арэне: працягваў падтрымліваць сувязі са Свяшчэннай Рымскай імперыяй, Тэўтонскім ордэнам, Малдовай. Незадоўга да смерці Вітаўта Свідрыгайла ажаніўся з княжной Ганной, дачкой Вялікага князя Цвярскога Барыса Аляксандравіча. Першая жонка Свідрыгайлы, якую, па ўсёй бачнасці, звалі Соф’я і пра якую захавалася вельмі мала звестак, да таго часу, напэўна, ўжо памёрла.

Цяжка сказаць, што падобны выбар шляхты ВКЛ задавальняў караля Ягайлу, аднак, не жадаючы рэзка сапсаваць адносіны з ВКЛ, ён прызнаў Свідрыгайлу Вялікім князем і перадаў яму вялікакняжацкі пярсцёнак. Трэба ўлічваць пры гэтым, што і сам Ягайла знаходзіўся ў той час у Вільні, якая была пад канторолем Свідрыгайлы. Аднак крайне важныя падзеі, якія значна паўплывалі на далейшы ход адносін між Каронай і ВКЛ, пачалі адбывацца ў гэты час ва украінскх землях.

Польская знаць не пакідала надзей вярнуць Падолле, перададзенае ВКЛ у 1411 г., спасылаючыся пры гэтым на клятву, узятую як бы з падольскіх “ураднікаў” і шляхты, пасля смерці Вітаўта перайсці да Польскай Кароны. [12] Пакуль іх кароль знаходзіўся ў Вільні, палякі і іх падольскія саюзнікі пачалі дзейнічаць адразу ж. Па загаду біскупа Каменецкага Паўла, былога старасты Камянца Грыцкі Кердзеявіча і шляхціча Міхаіла Бучацкага, да іх быў выкліканы камянецкі намеснік Даўгірд, які не ведаў яшчэ пра смерць Вітаўта, і захоплены ў палон. Падкантрольныя палякам атрады пачалі захоп замкаў Падолля, такіх як Камянец, Смотрыч, Чырвонагорад і інш. Аднак Усходняе Падолле з Луцкам і Уладзімірам захавала вернасць Свідрыгайле. А сам новы Вялікі князь, які даведаўся пра заняцце палякамі Заходняга Падолля, аддаў загад захапіць Віленскі замак разам з Ягайлам і яго світай, якія яшчэ знаходзіліся там. Вапоўскі распавядае, што “похожий на сумасшедшего, выйдя из себя, он ворвался в комнату брата. Королю и польским дворянам он бросал упрёки и оскорбления, грозил смертью и заключением, если ему немедленно не вернут Подолию”, [13] а таксама пагражаў закаваць іх у кайданы.

Польскія феадалы, якія даведаліся пра палон Ягайлы, сабраліся на з’езд у Варце. Гучалі заклікі напасці на Літву і сілай вызваліць караля. У рэшце рэшт было вырашана адправіць паслоў – біскупа Кракаўскага Збігнева, біскупа Куяўскага Яна і інш. – да Свідрыгайлы з патрабаваннем вызваліць караля, а ў выпадку адмовы пачаць вайну, для чаго планавалася сабраць польскае войска ў сярэдзіне студзеня новага 1431 года каля Кіяны на рацэ Вепр. Нярвовы стан польскай шляхты ўзмацняўся яшчэ і эпідэміяй мору, якая пачалася ў гэты час ў Польшчы. На звесткі пра смуту ў ВКЛ і Польшчы адрагаваў і Папа Марцін V, які адправіў лісты Свідрыгайле, Жыгімонту І, польскім біскупам і сенатарам з патрабаваннем вызваліць Ягайлу. Аднак даведацца пра вырашэнне гэтага пытання Папе ўжо не давялося: “в это время было замечено великое затмение солнца, и вскоре после этого Мартин, папа римский, скончался”. [14] Ягайла, які апынуўся ў вельмі складаным становішчы, быў вымушаны згадзіцца з перадачай Падолля Свідрыгайле ў абмен на вяртанне ў Польшу. Кароль загадаў новаму старасце Камянецкаму Міхаілу Бучацкаму і палякам адступіць з Падолля і перадаць гэтую землю ВКЛ, новым намеснікам павінен быў стаць праваслаўны феадал Міхаіл Баба.

Аднак і палякі не сядзелі склаўшы рукі. У 1431 г. каралеўскія пісары Андрэй Тэнчыньскі і Міхаіл Джэвіцкі склалі схему таемнага вызвалення караля. Яны перадалі старасце Бучацкаму свечку, у якой знаходзіўся схаваны ліст з патрабаваннем не выконваць загад караля пра вяртанне Падолля, кінуць пасла Свідрыгайлы ў турму і раставіць людзей з канямі на шляху да Вільні. Бучацкі зрабіў усё, як было сказана ў лісце. Скарыстаўшыся тым, што Свідрыгайла пасля абяцання вярнуць Падолле аслабіў яго ахову, Ягайла з дапамогай сваіх людзей збег з Вільні. Пагоня, якая была выслана ўслед за ім, не змагла злавіць і вярнуць караля. У “Хроніке” Вапоўскага распавядаецца пра тое, як кароль здолеў уцячы ад пагоні, схаваўшыся ў возе польскіх купцоў, што вярталіся з Хелмскай зямлі на радзіму. [15] Вайна ВКЛ з Польшчай стала фактычна непазбежнай.

Свідрыгайла пасля ўцёкаў Ягайлы зрабіў напад на Смотрыч, які аднак быў адбіты мясцовым гарнізонам. Тым не менш, войска Свідрыгайлы разрабавала Львоўскую, Цярэбаўльскую землі. У гэтых умовах кароль Ягайла апынуўся ў складаным становішчы. Ён не хацеў вайны, аднак польскія паны, уплыў якіх на караля быў вельмі значным, патрабавалі рашучых дзеянняў супраць Свідрыгайлы. Трэба зазначыць, што Ягайла фармальна прызнаў Свідрыгайлу Вялікім князем, аднак Сенат настойваў на тым, што гэтае прызнанне не з’яўляецца легітымным, бо адбылося без узгаднення са станамі Польшчы, як гэта патрабавалася па ранейшых дамоўленасцях з Вітаўтам. Спадзяючыся яшчэ на мірнае вырашэнне справы, Ягайла адправіў у ВКЛ пасольства ў складзе біскупаў Станіслава Познанскага, Яна Хелмскага, ваяводы Познанскага Сендзівоя з Астрарога і ваяводы Брэсцкага Яна з Лехіна. Пасольства запатрабавала перадаць Валынь Польшчы, адмовіцца ад прэтэнзій на Падолле і выконваць ўмовы Гарадзелькай уніі. У крайнім выпадку дапускалася магчымасць асабістай сустрэчы Свідрыгайлы з Ягайлам на памежжы Полбшчы і ВКЛ для таго, каб “уладить все споры и возобновить давнее соглашение, союз и дружбу”. [16] Свідрыгайла перанёс гэтае пытанне на абмеркаванне ў сваёй радзе і паабяцаў адправіць потым сваё пасольства з адказам. Аднак ніякага пасольства не адправіў. У Вільню паехала другое пасольства караля на чале з Янам Луткам з Бжэза, але размаўляць са Свідрыгайлам яму было загадана не так паважліва, як гэта рабілася раней. У выніку Свідрыгайла падчас размовы з паслом ударыў апошняга па шчацэ, і зыход справы быў перадвырашаны. Праўда, у красавіку 1431 г. Свідрыгайла ўсё ж адправіў сваё пасольства на чале з Васілём Красным, якое прывезла афіцыйную адмову па ўсім пунктам. Падзеі, якія разгарнуліся далей, увайшлі ў гісторыю пад назвай Падольскай ці Луцкай вайны.

Акрамя баявых дзеянняў, неабходна звярнуць увагу на дыпламатычную барацьбу, якая разгарнулася ў той час. Свідрыгайла імкнуўся забяспечыць трывалае становішча на міжнароднай арэне і па магчымасці знайсці саюзнікаў. Ён заключыў саюзныя дамовы з гаспадаром Малдаўскім Аляксандрам Добрым (1400 – 1432), які выступаў супраць каталіцтва, а таксама з татарскім ханам Ахметам. На баку Свідрыгайлы збіраліся выступіць і гусіты на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам, які быў стаўленнікам ВКЛ. Аднак удзел гусітаў у вайне быў перадухілены саступкамі, што былі зроблены ім на Базельскім саборы. Добрыя адносіны працягваў захоўваць Свідрыгайла і з нямецкім светам. Яшчэ 8 лістапада 1430 г. ён звярнуўся да Рымскага караля Жыгімонта І Люксембургскага з прапановай разам выступіць супраць Асманскай імперыі. У абмен на гэта Жыгімонт І абяцаў прызнаць Свідрыгайлу каралём. [17] Калі б гэта, яшчэ даўняя мара Вітаўта спраўдзілася, каралеўскі тытул мог бы стаць важным паказчыкам незалежнасці Свідрыгайлы і яго дзяржавы на міжнароднай арэне. Аднак каранацыя ў будучым так і не адбылася.

Жыгімонта І параіў падтрымаць Свідрыгайлу і Гросмайстэра Нямецкага ордэна. Але Вялікі магістр Пауль фон Русдорф (1422 – 1441) заняў чакальную пазіцыю, бо ордэн быў ужо значна аслаблены, і для яго было даволі небяспечна ўвязвацца ў моцныя канфлікты. Да таго ж не падтрымліваў Свідрыгайлу і Папа. Але Тэўтонскі ордэн усё ж схіліўся ад нейтралітэту да саюзу з ВКЛ, які быз заключаны 19 чэрвеня 1431 г. у Хрыстмемелі.

Імкнуўся забяспечыць стабільнае становішча Свідрыгайла і на ўсходняй мяжы: у 1431 – 1432 гг. былі заключаны дамовы пра нейтральнасць з Ноўгарадам і Псковам. Масква не аказала падтрымкі Свідрыгайле, напэўна, з-за смуты, у стане якой знаходзілася. Такім чынам, можна сказаць, што ў агульным Свідрыгайла на першых парах, калі і не перамог у дыпламатычнай барацьбе, то забяспечыў сабе трывалае становішча на міжнароднай арэне дакладна.

Яшчэ ў другой палове лютага 1431 г. у Сандаміры адбыўся Сойм польскай шляхты. На ім Ягайла заняў зноў жа даволі прымірэнчую пазіцыю, аднак Сойм вырашыў пачаць вайну. Позняй вясной 1431 г. пачаўся вайсковы паход. Польскае войска перайшло Буг, узяло Збараш, а потым быў узяты і спалены і сам Уладзімір. Уладзімірскае княства было перададзена яго былому гаспадару князю Фёдару Любартавічу, але той праз некалькі тыдняў памёр. Значным сюжэтам гэтай вайны стала змаганне за Луцк – цэнтр Валыні. Свідрыгайла сам падыйшоў да Луцка, па звестках Вапоўскага, з ім быў атрад у 6000 чалавек. [18] Тым не менш, польскае войска нанесла пад Луцкам Свідрыгайле паразу. Сярод іншых у бойцы загінулі прыхільнікі Свідрыгайлы князь Гаштольд і маршалак Румбольд. З’явіліся чуткі, што загінуў і Свідрыгайла, аднак ён застаўся жывы і адыйшоў ад Луцка. [19] Кароль адправіў пасланцаў да гарнізона горада з прапановай здацца. Аднак кіраўнік гарнізона прыхільнік Свідрыгайлы Юрша адмовіўся. Пачалася доўгая аблога, падчас якой адбыўся не адзін прыступ. Так, напрыклад, моцны прыступ адбыўся 13 жніўня. Але ўзяць замак палякі так і не змаглі. У гэтым абвінавачвалі самаго Ягайлу, які ці то з-за нежадання ваяваць, ці то чакаючы вайсковай дапамогі, зацягваў аблогу. Гэтыя падзеі знайшлі такое адлюстраванне ў польскіх крыніцах: “в этой осаде было больше бездействия, чем боевых действий”. [20]

Адначасова з луцкімі падзеямі баявыя дзеянні вяліся і на іншых тэрыторыях. Войскі ВКЛ зрабілі паход на Бэлзскую зямлю і захапілі Ратна. Паход быў спынены толькі нападам бургграфа Хелма Цёліка, які напаў уначы на ліцвінаў, якія спалі, і парэзаў іх. Баявыя дзеянні вяліся з вялікай жорсткасцю. Храніст піша, што палонных ворагаў забівалі “в ещё более ужасных мучениях, а над останками пленников надругались с неслыханными зверствами”. [21]

Баявыя дзеянні зацягнуліся, і ў гэтых умовах пачаліся мірныя перамовы, якія ў рэшце рэшт скончыліся падпісаннем перамір’я паміж ВКЛ і Польшчай на 2 гады – да дня Івана Купалы 1432 г. Па яго выніках Заходняе Падолле з Камянцом, Смотрычам, Бакотай, Чырвонагорадам засталося Польшчы, а Усходняе – з Луцкам, Вінніцай і Браславам – ВКЛ. Мяжа прайшла па Паўднёваму Бугу. Нягледзячы на заключэнне перамір’я, нечакана ў канцы верасня 1431 г. у Куяўскую зямлю Польшчы ўвайшло войска Тэўтонскага ордэна на чале з самім Вялікім магістрам фон Русдорфам. Ордэнцы спалілі Нешаву, зрабілі спробу захапіць Брэст-Куяўскі, пасля чаго аднак былі адкінутыя польскімі войскамі. Былі разбітыя і войскі Лівонскага ландмайстэрства, іх кіраўнік маршалак Тэадорых, а таксама камандор Вальтэр Гельзе і інш. трапілі ў палон. Незразумела да канца, ці ведаў Свідрыгайла пра тое, што ордэнцы збіраюцца напасці пасля заключэння міру, але гэты напад, хоць і не меў значных для Польшчы наступстваў, зноў пагоршыў яе адносіны са Свідрыгайлам. Да таго ж, у гэты самы час адбыўся і напад на Падолле гаспадара Малдовы Аляксандра Добрага, які разрабаваў Галіцкае, Камянецкае і Снятыньскае ваяводствы. Аднак неўзабаве малдаўскія войскі былі поўнасцю разгромлены палякамі, а сам Аляксандр Добры, “страдая после этого несчастного похода, сожалел об утраченном войске, вскоре заболел и болезнь свела его в могилу”. [22]

Пачаліся новыя перамовы паміж палякамі і Свідрыгайлам. Палякі чакалі прыезду Свідрыгайлы ў Парчаў, дзе павінен быў адбыцца агульны з’езд прадстаўнікоў ВКЛ і Польшчы, што быў намечаны на 2 лютага 1432 г. Але Свідрыгайла так і не прыехаў. Тады польскія станы і кароль сабраліся на Сойм у Серадзе. Новыя перамовы са Свідрыгайлам выніку не мелі, і на Сойме была ўхвалена вайна з Тэўтонскім ордэнам, а ў выпадку неабходнасці – са Свідрыгайлам, Рымскім каралём і Малдовай. Таксама на Сойме быў абвешчаны спадчыннікам старэйшы сын Ягайлы каралевіч Уладзіслаў. У той самы час прайшоў і з’езд саюзнікаў Свідрыгайлы, на якім акрамя яго самога прысутнічалі тэўтонскія і лівонскія рыцары, а таксама прадстаўнікі новага малдаўскага гаспадара Іллі І (1432 –1433, 1435 – 1443) і яго брата Стэфана. 15 траўня 1432 г. на гэтым з’ездзе Свідрыгайла аднавіў саюз са сваімі прыхільнікамі. Акрамя гэтага ён мог разлічваць таксама на дапамогу Цвярскога і Маскоўскага княстваў, Ноўгарада, Пскова і татарскага хана. Добрыя адносіны з Вялікім князем захоўвалі кароль Германіі і князь Мазавецкі. Свідрыгайла рыхтаваўся да новай вайны і змог бы, напэўна, даставіць у ёй сваім ворагам немалыя клопаты. Аднак на ўзброенні ворагаў Свідрыгайлы, акрамя адкртых ваенных дзеянняў, была яшчэ адна магутная зброя, да якой ён сам звяртаўся не раз – магчымасць скласці замову.

Нягледзячы на тое, што на першых парах Вялікага князя Свідрыгайлу падтрымала большасць феадалаў ВКЛ, супраць яго склалася моцная апазіцыя. Асноўную падтрымку Свідрыгайле аказвала праваслаўная знаць, якой шмат было і ва украінскіх землях, аднак на баку замоўшчыкаў былі не толькі католікі, але і праваслаўныя феадалы, якія падтрымлівалі прапольскую арыентацыю ВКЛ. З іншага боку, сярод прыхільнікаў Свідрыгайлы, якія заставаліся вернымі яму да канца, былі і католікі. [23] З’яўленне моцнай апазіцыі Свідрыгайле можна растлумачыць яго вострым канфліктам з Польшчай, некаторым адхіленнем каталіцкіх феадалаў ад найвышэйшых дзяржаўных пасад, якія зноў сталі занімаць праваслаўныя, а таксама ва многім жорсткім характарам самаго Свідрыгайлы, які часта дазваляў сабе неабдуманае прыцясненне паноў, што не вельмі сымпатызавалі яму. Паказальна тое, што на чале замовы сталі стрыечны брат Свідрыгайлы князь Жыгімонт Кейстутавіч (у той час – князь Старадубскі), які быў католікам, польскі пасол Ваўжынец Зарэмба (католік) і князь Сямён Іванавіч Гальшанскі, які быў праваслаўным. У ноч на 1 верасня 1432 г. войскі замоўшчыкаў захапілі Вільню і зрабілі спробу ажыццявіць замах на Свідрыгайлу, які ў той час знаходзіўся ў Ашмянах. Аднак Свідрыгайла быў папярэджаны раней сваімі людзьмі і збег у верны яму Полацк. Княгіня Ганна і частка шляхты Свідрыгайлы з’ехаць з Ашмян не паспелі і трапілі ў палон.

Праўленне Свідрыгайлы як Вялікага князя Літоўскага скончылася. Аднак гэта быў толькі пачатак доўгай і напружанай барацьбы, якая падзяліла Вялікае княства Літоўскае на дзве часткі і ўвайшла ў гісторыю як Грамадзянская вайна ў ВКЛ. Нягледзячы на тое, што новым Вялікім князем быў абвешчаны Жыгімонт, князь Свідрыгайла з вернымі яму землямі і людзьмі працягнуў барацьбу, выступіўшы супраць новай цэнтральнай улады. Гэтыя падзеі часта азначаюць як паўстанне Свідрыгайлы. Украінскія землі з іх насельніцтвам з’яўляліся адной з найгалоўнейшых абапор Свідрыгайлы ў гэтай барацьбе. Украінскі фактар, які быў крайне важным і падчас праўлення Свідрыгайлы як Вялікага князя Літоўскага, стаў адным з найзначнейшых элементаў грамадзянскай вайны ў ВКЛ.


Да першай паловы ХV ст. украінскія землі былі ў асноўным аб’яднаныя між Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай. Аднак барацьба за сферы ўплыву на гэтых землях працягвалася. Сітуацыя абвастрылася пасля смерці ў 1430 г. Вітаўта Вялікага і прыхода да ўлады Вялікага князя Свідрыгайлы. Новы гаспадар абапіраўся ва многім на падтрымку праваслаўнай шляхты, сярод якой было шмат і украінскіх феадалаў. Праваслаўная знаць падчас праўлення Вялікага князя Свідрыгайлы пачала вяртаць палітычны ўплыў у краіне, страчаны пры былых уладарах. Палітыка Свідрыгайлы выклікала незадаволенасць Польшчы і ўнутранай апазіцыі ў ВКЛ, у той жа час узмацнілася і старое супрацьстаянне за украінскія землі, што вылілася ва ўзброеныя дзеянні ў Падоллі і Валыні. Па вынікам Луцкай вайны 1431 г. фактычна захаваўся статус-кво: Падолле было падзелена паміж Польшчай і ВКЛ. Антыпольская палітыка, узмацненне ролі праваслаўных і часта недальнабачныя дзеянні самога Свідрыгайлы прывялі да складання пры актыўнай падтрымцы Польшчы моцнай апазіцыі ў ВКЛ, вынікам чаго стаў дзяржаўны пераварот 1432 г. Кароткае праўленне Свідрыгайлы як Вялікага князя Літоўскага скончылася, але гэта быў толькі пачатак падзей грамадзянскай вайны ў ВКЛ, у якой украінскі фактар таксама адыгрваў адну з найгалоўнейшых роляў.


  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка