Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.66 Mb.
  1   2   3


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Беларускі дзяржаўны універсітэт

Гістарычны факультэт

Кафедра гісторыі

паўднёвых і заходніх славян
Попель Радзівон Ігаравіч
Польшча і Старажытная Русь.

Барацьба за заходнеукраінскія землі

Курсавая работа студэнта 2 курса дзённага аддзялення

Спецыяльнасць: Гісторыя


Навуковы кіраўнік: кандыдат гістарычных навук,

дацэнт Міхайлоўская Людміла Львоўна

г. Мінск, 2009
Змест

Уводзіны 3

Глава І. Польшча і Кіеўская Русь у канцы Х –ХІ стст.

Барацьба за Чэрвенскія гарады 7

Глава ІІ. Узаемаадносіны Польшчы і Паўднёва-Заходняй Русі

ў другой палове ХІ – першай палове ХІІ стст. 18

Глава ІІІ. Супрацьстаянне Польшчы, Галічыны і Валыні

ў другой палове ХІІ – ХІІІ стст. 25

Заключэнне 42

Спасылкі 44

Крыніцы. Даследаванні 46

Уводзіны
Гісторыя земляў Паўднёва-Заходняй Русі з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыі Усходняй Еўропы і еўрапейскай гісторыі наогул. У Х ст гэты рэгіён апынуўся між такімі дзяржаўнымі ўтварэннямі, як Польшча і вялікае княства Кіеўскае. Абедзве гэтыя феадальныя дзяржавы сталі на шлях актыўнай экспансіі на суседнія землі. Кіеўскае княства было заснавана ўсходнеславянскім племенем палян, якія жылі ў Сярэднім Прыдняпроўі. У часы князя Алега (882 – 912) гэта ўжо не проста племянное княжанне, а сапраўдная дзяржава-княства. У ІХ – Х стст адбываецца фарміраванне і Польскай дзяржавы. Гістарычны рэгіён пражывання польскіх плямёнаў палян, мазаўшан, вілсян, гаплян, памаран і інш. – тэрыторыя між Балтыйскім морам на Поўначы і Карпатамі на Поўдні, Одэрам на Захадзе і Заходнім Бугам на Усходзе. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання дзяржаўнасці тут з’яўляліся землі заходнеславянскіх плямёнаў палян у Вялікай Польшчы з цэнтрамі у Гнезне і Познані і віслян у Малой Польшчы з цэнтрам у Кракаве. З пападаннем Кракава ў залежнасць ад Вялікай Маравіі (потым Чэхіі) роля збіральніка польскіх земляў у поўнай меры пераходзіць да палянскага Гнезненскага княства.

Гнезненскае і Кіеўскае княствы, што былі сярэднявечнымі раннефеадальнымі дзяржавамі і знаходзіліся ў непасрэднай бліжыні адно ад другога, мелі шэраг падобных рысаў у палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці. На чале абедзвюх дзяржаў знаходзіўся князь з даволі вялікай уладай, якая абапіралася на моцную дружыну. У часы фарміравання дзяржаўнасці як у Гнезненскім, так і ў Кіеўскім княствах феадальнае землеўладанне тут яшчэ не склалася, таму ўлада князя і дружыны трымалася хутчэй на фактарах ваеннай сілы і аўтарытэту, чым на эканамічным фактары. Пастаяннай справай былі дынастычныя і міжусобныя канфлікты, якія стануць адной з прычын феадальнай дробнасці ў ХІІ – ХІІІ стст. У эканамічным сэнсе абедзве дзяржавы былі аграрнымі краінамі з пашанным земляробствам, што развівалася экстэнсіўным шляхам. Па меры складання сваёй дзяржаўнасці і Гнезна, і Кіеў становяцца на шлях ваенна-палітычнай экспансіі на суседнія землі. Яшчэ ў ІХ – першай палове Х стст Кіеўскае княства далучае землі такіх плямёнаў, як севяране, вяцічы, драўляне і іншыя. Кіеўскія князі неаднаразова ўдзельнічаюць у войнах з Візантыяй. Але сапраўднага ўздыму Кіеў дасягнуў у княжанне Святаслава (945(фактычна 962) – 972) і Уладзіміра І (980–1025), якія працягваюць паспяхова павялічваць тэрыторыю сваёй дзяржавы. Актыўную экспансію праводзілі і гнезнескія князі. Яшчэ да другой паловы Х ст яны падпарадкавалі сабе ўсю Вялікую Польшчу, Мазовію, Куявію, частку Памор’я, частку Малой Польшчы. У часы праўлення князя Мешкі (Мечыслава) І (каля 960 – 992) тэрытарыяльная экспансія Польскай дзяржавы набывае яшчэ большыя памеры: Гнезна падпарадкоўвае сабе Сілезію, Памор’е, частку Малой Польшчы.

Сярод адрозненняў у дзяржаўнай сістэме вялікіх княстваў Гнезненскага і Кіеўскага трэба прыгадаць розную палітыка-адміністрацыйную структуру. Гнезненскае княства было адзінай цэнтралізаванай дзяржавай на чале з адзіным князем. Вялікае княства Кіеўскае ж заўсёды мела рыхлую адмінітрацыйна-тэрытарыяльную структуру. Нягледзячы на тое, што кіеўскія князі імкнуліся замяніць сваімі намеснікамі мясцовых князёў, апошнія мелі свае дружыны і значны ўплыў у сваіх землях. Патрыманальная будова дзяржавы і сепаратызм у асобных землях сталі значнымі перадумовам аслаблення Кіева ў ХІІ ст.

Актыўная барацьба за Чэрвенскія гарады і Пабужжа, якая пачалася між Гнезна і Кіевам у канцы Х ст, стала толькі пачаткам доўгага супрацьстаяння за землі Паўднёва-Заходняй Русі між Польшчай і дзяржаўнымі ўтварэннямі Паўднёвай Русі – Кіеўскім, Галіцка-Валынскім княствамі. З цягам часу да барацьбы за Паўднёвую Русь, а потым і украінскія землі, далучацца таксама Вялікае княства Літоўскае і Маскоўская дзяржава. Гістарычны лёс земляў Паўднёвай Русі шчыльна пераплятаецца з гісторыяй такіх дзяржаў, як Украіна, Польшча, Расія і Беларусь. Нягледзячы на тое, што гісторыя суседняй краіны значна паўплывала і на нашу гісторыю, тэма гістарычнага лёсу земляў Паўднёвай Русі ў беларускай гісторыяграфіі, нажаль, амаль не асветлена. Тым не менш, падзеі, што адбываліся ў землях Паўднёвай Русі, у тым ліку, і ў Х – ХІІІ стст, маюць непасрэднае датачэнне да падзеяў беларускай гісторыі.

Пры напісанні дадзенай работы выкарыстоўваліся такія крыніцы, як “Хроніка дзеянняў князёў ці ўладароў Польскіх” Гала Ананіма, “Аповесць мінулых гадоў”, “Слова пра паход Ігаравы”, Галіцка-Валынскі летапіс, “Хроніка Вялікай Польшчы” і “Гісторыя Польшчы ” Яна Длугаша.

“Хроніка дзеянняў князёў ці ўладароў Польскіх” Гала Ананіма, якая адносіцца да пачатку ХІІ ст, распавядае пра гісторыю польскага народа, прычым, цэнтральнае месца ў ёй адводзіцца палітычнай гісторыі Польшчы, у тым ліку, і стасункам з землямі Русі.

“Хроніка Вялікай Польшчы”, крыніца невядомага аўтара ХІV ст, таксама нясе каштоўную інфармацыю пра пытанні знешняй палітыкі сярэднявечнай Польшчы, не абходзячы ўвагай і яе ўзаемасувязі з княствамі Русі.

Польскі каталіцкі іерарх і гісторык Ян Длугаш стварыў сваю “Гісторыю Польшчы” у ХV ст. Гэта крыніца з’яўляецца прыкладам асэнсавання больш ранніх гістарычных падзей і паказвае ўзровень гістарычных ведаў у той час.

Прыгаданыя польскія гістарычныя крыніцы хоць і з’яўляюцца даволі тэндэнцыёзнымі, нясуць крайне каштоўную інфармацыю па сярэднявечнай гісторыі Польшчы і Русі, паказваюць погляд на гістарычныя падзеі з боку Польшчы.

Значную ролю пры напісанні гэтай работы адыгралі і матэрыялы сярэднявечных рускіх летапісных крыніц. Сярод іх цэнтральнае месца займае “Аповесць мінулых гадоў”, летапісны звод пачатку ХІІ ст, адным з аўтараў якога з’яўляецца манах Нестар. Тэма знешняй палітыкі рускіх князёў, у тым ліку, і іх адносін з польскімі ўладарамі, мае ў крыніцы даволі падрабязнае раскрыццё. Працу над крыніцай аблягчае і наяўнасць адносна дакладнай датыроўкі падзей, чаго не назіраецца ў “Хроніцы” Гала, дзе датыроўка адсутнічае, ці ў Вялікапольскай хроніцы, дзе многія даты прыгаданы неправільна.

Вельмі каштоўнай гістарычнай крыніцай з’яўляецца Галіцка-Валынскі летапіс, помнік паўднёварускага летапісання, што распавядае пра падзеі ў Галіцкім і Валынскім княствах у ХІІІ ст, а таксама міжнародных сувязях Русі ў гэты перыяд.

Яшчэ адной крыніцай, выкарыстанай у рабоце, стала “Слова пра паход Ігаравы”, эпічны твор невядомага аўтара, напісаны ў канцы ХІІ ст. У творы прыгадваюцца падзеі і гістарычныя асобы ХІ – ХІІ стст, даюцца цікавыя звесткі пра рускіх князёў.

Работа абапіраецца і на шэраг навуковых даследванняў. Сярод іх “Внешняя политика Древней Руси” (М., 1968) У. Ц. Пашуты, якая з'яўляецца грунтоўным даследваннем знешняй палітыкі сярэднявечных княстваў Русі. Адносіны рускіх земляў з Польшчай у кнізе таксама маюць падрабязнае раскрыццё.

У курсавой рабоце выкарыстаны і матэрыялы навуковай работы А. Б. Галаўко “Древняя Русь і Польша в политических взаимоотношениях Х – первой трети ХІІІ вв” (Киев, 1988). Сюжэт супрацьстаяння Польшчы і рускіх княстваў за землі Паўднёва-Заходняй Русі ў даследаванні з’яўляецца гарманічнай часткай роспавяду пра палітычныя адносіны між Польшчай і Руссю.

Адной з найбольш грунтоўных прац па гісторыі Паўднёвай Русі з’яўляецца работа С. Пазняка “ Курс лекций по истории Украины (ІХ – первая половина ХVІІ в.)” (Мн., 2000). Гэта практычна адзінае падрабязнае даследаванне па гісторыі Украіны таго часу ў беларускай гісторыяграфіі.

Сярод іншых прац, выкарыстаных у рабоце, можна прыгадаць “Киевскую Русь” Б. Грэкава (М., 2002), у якой ёсць і інфармацыя па знешняй палітыцы рускіх княстваў. Звесткі пра знешнюю палітыку Польшчы прысутнічаюць у рабоце польскага гісторыка У. Грабеньскага “История польского народа” (Мн., 2006).

У рабоце таксама выкарыстаны працы М. Грушэўскага “История Украины-Руси” (М., 2001), М. Любаўскага “История западных славян (прибалтийских, чехов и поляков)” (М., 1918) і інш.

Храналагічны прамежак, што разглядаецца ў дадзенай рабоце, - канец Х-ХІІІ стст. Менавіта ў канцы Х ст пачынаецца актыўнае супрацьстаянне за Чэрвенскія гарады між Гнезна і Кіевам. У 981 г адбываецца першае ўзброенае сутыкненне між імі, калі князь Уладзімір І занімае Чэрвенскіе гарады. У ХІІ ст як Польшча, так і вялікае княства Кіеўскае ўступаць у часы феадальнай дробнасці. Для Польшчы перыяд дробнасці скончваецца ў канцы ХІІІ ст, калі яе землі былі ў асноўным аб'яднаны каралямі Пшэмыславам ІІ і Вацлавам ІІ. Паўднёва-Заходняя Русь жа ў ХІІІ ст была аб'яднана ў складзе Галіцка-Валынскай дзяржавы. У дадзенай рабоце разглядаюцца падзеі ў Галіцка-Валынскай Русі да канца праўлення караля Льва і пачатка праўлення яго сына караля Юрыя (1301 г).

Падзеі, што адбываліся ў сярэднявечнай Паўднёвай Русі сталі часткай агульнаеўрапейскай гісторыі і непарыўна звязаны з гісторыяй нашай краіны. Мэта гэтай работы – асвятліць гістарычны лёс земляў Паўднёва-Заходняй Русі ў канцы Х – ХІІІ стст у кантэксце супрацьстаяння за гэтыя землі такіх дзяржаўных утварэнняў, як Польшча, Кіеўскае, Галіцкае і Валынскае княствы.

Глава І.

Польшча і Кіеўская Русь у канцы Х – першай палове ХІ стст. Барацьба за Чэрвенскія гарады
ІХ-Х стст – час фарміравання ва Усходняй Еўропе такіх новых дзяржаўных утварэнняў, як Кіеўскае княства і Польская дзяржава. Дасягнуўшы пэўнага этапа ў сваім развіцці, гэтыя дзяржавы пачалі палітыку экспансіі на суседнія землі, што не магло не сутыкнуць інтарэсы Гнезненскага і Кіеўскага княстваў, тым больш улічваючы іх блізкае геаграфічнае знаходжанне.

Паміж землямі Польскай дзяржавы і Кіеўскага княства знаходзіліся тэрыторыя, дзе пражывалі ўсходнеславянскія плямёны бужане (валыняне) і харваты (іх часта называюць таксама белымі харватамі), якія не стварылі сваёй дзяржаўнасці.

Месцам лакалізацыі бужан было ніжняе цячэнне Заходняга Буга, адсюль і іх назва. Звычайна лічыцца, што продкамі бужан, драўлян, дрыгавічоў і, магчыма, часткі палян з’яўляюцца дулебы. Бужане заснавалі некалькі цэнтраў, сярод якіх Валынь, Чэрвен і Бэлз. З канца ХІ ст бужан па рэгіёну Валынь сталі называць валынянамі.

Усходнеславянскае племя харватаў пражывала ў Прыкарпацці, у басейне ракі Сан. Найбольш значным іх цэнтрам быў горад Перамышль. Існуюць меркаванні пра сувязі ўсходнеславянскіх харватаў з заходнеславянскімі і паўднёваславянскімі харватамі, але яны з’яўляюцца спрэчнымі. У “ Аповесці мінулых часоў” ёсць звесткі пра тое, што харваты ў 907 г удзельнічалі ў паходзе Кіеўскага князя Алега на Канстанцінопаль, але яны ў той час, па ўсёй бачнасці, яшчэ не былі падначалены Кіеву.[1]

Тэрыторыя па левабярэжжу Заходняга Буга ў яго верхнім цячэнні, па яго прытокам Хучва і Луга і верхняму цячэнню ракі Стыр у гісторыі мае назву раёна Чэрвенскіх гарадоў (Чэрвенскіх гродаў) . Гэту назву рэгіён атрымаў ад горада Чэрвена, месцазнаходжаннем якого хутчэй за ўсё з’яўлялася гарадзішча каля сучаснага сяла Чэрмна ў Люблінскім ваяводстве Рэспублікі Польшчы. Акрамя ўласна Чэрвена да Чэрвенскіх гарадоў адносяць таксама Валынь, Бэлз, Перамышль, Суцейск, Столп’е, Брады, Лучэск, Угровеск і іншыя. Менавіта гэта тэрыторыя і апынулася між землямі Польшчы і Кіеўскага княства ў Х ст. Невыпадкова, што яна стала месцам сутыкнення палітычных інтарэсаў дзвюх дзяржаў.

Натуральна, што знаходзячыся паміж двума моцнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, Чэрвенскія гарады не маглі не прыцягнуць іх увагу. Тым больш, што тэрыторыя Пабужжа была месцам праходжання значных гандлёвых шляхоў з Цэнтральнай Еўропы ва Усходнюю. У канцы Х ст Чэрвенскія гарады становяцца аб’ектам доўгага супрацьстаяння паміж Польшчай і Кіеўскім княствам. Барацьба за Чэрвенскія гарады адкрывае сабой першы этап барацьбы Польшчы за землі Паўднёва-Заходняй і Паўднёвай Русі.

У “Аповесці мінулых гадоў” захаваліся каштоўныя звесткі, аднесеныя да 981 (6489) г: “Пайшоў Уладзімір на палякаў і захапіў гарады іх, Перамышль, Чэрвен іншыя гарады, якія і дагэтуль пад Руссю”.[2] Гэта першае сведчанне ваеннага сутыкнення між Польшчай і Кіеўскім княствам. З гэтага летапіснага паведамлення можна меркаваць, што Гнезна першым звярнуў увагу на Чэрвенскія грады і яшчэ да 80-х гг Х ст яны папалі ў залежнасць ад Польскай дзяржавы. І на самой справе, да канца Х ст кіеўскія князі не надавалі вялікага значэння знешняй палітыцы на заходнім напрамку. Традыцыйным для іх з пачатка Х ст былі паўднёвы і ўсходні напрамкі: войны з Візантыяй, Балгарскім царствам, хазарамі, Волжскай Балгарыяй. Найбольш яскравым прыкладам тут з’яўляецца праўленне князя Святаслава, які амаль увесь час свайго самастойнага ўладарання правёў у ваенных паходах на поўдні і ўсходзе. Міжусобіцы, што пачаліся пасля смерці Святаслава, таксама аддцягвалі ўвагу ад актыўнай знешняй палітыкі.

Гнезненскае княства ж, ажыццяўляючы актыўную тэрытарыяльную экспансію па ўсім геагрфічным напрамкам, не забывалася і пра ўсходні. У сярэдзіне Х ст ім была далучана Мазовія, пачалася экспансія ў Малую Польшчу. Значную частку Малой Польшчы далучыў да сваёй дзяржавы Мешка І. Здаецца натуральным, што Чэрвенскія гарады таксама трапляюць у залежнасць ад Польшчы.

Пасля атрымання кіеўскага трона, Уладзімір І амаль адразу звяртаецца да земляў на захад ад Кіеўскага княства. Землі драўлян і дрыгавічоў ужо былі ў залежнасці ад Кіева, далей на захад ляжалі землі бужан і харватаў, Пабужжа, куды ўсё больш пранікала Польшча. У 981 г Уладзімір І здзейсніў паход на захад і заняў Чэрвенскія гарады, падпарадкаваў землі віслян і паўночную частку земляў харватаў. Стратэгічныя ў ваенным і эканамчным сэнсе Чэрвенскія гарады і Верхняе Пабужжа трапілі ў залежнасць ад Кіева. Мы не ведаем падрабязнасцей гэтай ваеннай кампаніі, аднак зразумела, што для Мешкі І яна была няўдалай. Можна сказаць, што гэта была адна з нешматлікіх няўдач яго праўлення. Тым не менш, наўрад ці страта Чэрвенскіх гарадоў значна паўплывала на агульнапалітычную сітуацыю ў Польшчы. Польскія князі і каралі ў далейшым не адмовяцца ад прэтэнзій на Чэрвенскія гарады, падзеі 981 г з’яўляюцца толькі пачаткам барацьбы за гэты рэгіён.

Пасля паходу Уладзіміра І 981 г заходні напрамак стаў значным для знешняй палітыкі Кіева. У 80-я – 90-я гг Х ст адбываецца значнае павялічэнне ўплыву Кіеўскага княства ў землях на захад ад яго: Чэрвенскіх гарадах, Пабужжы, Панямонні. Ужо ў 983 г Уладзімір І падпарадкаваў балцкае племя яцвягаў, землі якіх знаходзіліся між Наравам на захадзе і Нёманам на ўсходзе. У 992 г Уладзімір ажыццявіў паход супраць харватаў, частка тэрыторыі якіх яшчэ ў 981 г была падначалена Кіеву, і ўключыў іх у сферу свайго ўплыву.

Незадоўга да гэтых падзей, у 992 г, памёр Мешка І. Новым князем Гнезненскім стаў яго сын Баляслаў І Храбры (992-1025), які ўвайшоў у гісторыю Польшчы як адзін з самых моцных яе сярэднявечных уладароў. Адразу пасля ўступлення на трон Баляславу І прыйшлося сутыкнуцца з пагрозай канфлікту з Уладзімірам І, які зусім недалёка ад польскіх межаў вёў вайну з харватамі. Аднак у гэты раз давялося абыйсціся без сілавога вырашэння пытання: у гэтым жа 992 г Гнезненскі і Кіеўскі князі заключылі мірную дамову. “ І былі між імі мір і любоў”[3], - піша аўтар “Аповесці мінулых гадоў”. Прычыны заключэння міру зразумець не цяжка: Уладзімір І быў заняты новай вайной з полаўцамі, а Баляслаў І, хутчэй за ўсё, уладкаваннем пасля ўступлення на прастол.

На новых падпарадкаваных заходніх тэрыторыях, разумеючы іх стратэгічнае ваеннае і эканамічнае значэнне, Уладзімір І праводзіў палітыку ўмацавання межаў. Па загаду князя там быў пабудаваны шэраг новых крэпасцяў-“градаў”. Да 988 г быў заснаваны найбольш значны з іх – горад Уладзімір (Валынскі), які неўзабаве стане значным мясцовым палітычным і эканамічным цэнтрам.

У 2 тысячагоддзе і Польская дзяржава, і Кіеўскае княства ўступалі ў пару свайго роквіту. Баляслаў І далучае ў 999 г да сваёй дзяржавы Кракаў, які неўзабаве стане новай сталіцай, умацоўвае свае адносіны з Рымскім імператарам Атонам ІІІ Рыжым у час Гнезненскага з’езда 1000 г. Нягледзячы на тое, што з наступным каралём Германіі Генрыхам ІІ (1002-1024, імператар з 1014) вялася зацяжная вайна ў 1003-1018 гг, Польшча ў тыя часы знаходзілася на такім уздыме, якога пасля Баляслава І яна не будзе ведаць яшчэ доўга. Працягвалася развіццё дзяржаўнасці і ў Кіеўскім княстве.У 988 г Уладзімір І прымае хрысціянства, пасля чаго пачынаецца хуткае распаўсюджванне новай веры ў землях Русі. На міжнароднай арэне Кіеў зараз мог выступаць не як краіна паганцаў, а як хрысціянская дзяржава, быць на роўных з іншымі дзяржавамі хрысціянскага свету.

З міра 992 г аж да 1010-х гг адносіны між Гнезна і Кіевам заставаліся спакойнымі.[4] Асноўнымі прычынамі гэтаму было тое, што ўвага Баляслава І бала адцягнута на вайну з Польшчай, а Уладзімір І вёў доўгія войны з полаўцамі і Візантыяй. Мірныя адносіны між дзвюма дзяржавамі былі падмацаваны шлюбам аднаго з сыноў Уладзіміра І Тураўскага князя Святаполка і польскай княжны, дачкі Баляслава І.

Кіеўская дзяржава заўсёды мела рыхлую адміністрацыйна-тэрытарыяльную структуру. Нават у часы палітычнага росквіту Кіева ўплыў на падпарадкаваныя яму княствы часта захоўваўся толькі з дапамогай ваеннай сілы. У 988 г Уладзімір І правёў адміністрацыйную рэформу і замяніў князёў з мясцовых знатных родаў на сваіх сыноў. Аднак і гэта не дапамагло пазбегнуць сепаратызму. Першым супраць улады бацькі выступіў Усевалад, што быў намеснікам у нядаўна пабудаваным Уладзіміры-Валынскім. Спроба вступлення была няўдалай: Усевалад баў вымушаны збегчы ў Скандынавію, дзе і памёр у 995 г.

Адной з самых значных у палітычным і эканамічным плане зямель, што трапілі ў гэты час у залежнасць ад Кіева, было заснаванае племенем дрыгавічоў Тураўскае княства. У 988 г Тураўскім князем стаў адзін з сыноў Уладзіміра І Святаполк. Шлюб з дачкой Баляслава І дапамог яму адтрымліваць падтрымку з боку такога моцнага суседа, як Польшча. Польскі ўплыў у Тураве рабіўся ўсё больш адчувальным. Прыехаўшы з польскай княжной епіскап Рэйнберн, былы кіраўнік Калобжаскага епіскапства, стаў фактычным дарадчыкам Тураўскага князя. Так Баляслаў І зрабіў спрабу аслаблення ўсходняга суседа не з дапамогай ваеннай сілы, але з дапамогай дыпламатыі.

Апазіцыйныя настроі князя Святаполка, што імкнуўся да выхаду Турава з-пад кіеўскага кантролю, у адносінах да Кіеўскага князя працягвалі павялічвацца. Аднак у Святаполка не хапіла сіл, каб супрацьстаяць Уладзіміру І: у 1012 г Тураўскі князь быў арыштаваны і разам з жонкай і Рэйнбернам кінуты ў поруб. Са зняволяння Святаполк, дарэчы, хутка вызвалілі, але ён быў змушаны жыць пад наглядам бацькі ў Кіеве.

Рэакцыя Баляслава І на гэтыя падзеі не прымусіла сябе доўга чакаць. У 1013 г пачаўся паход князя Польшчы на Кіеўскае княства, афіцыйнай падставай якога была неабходнасць абароны дачкі Баляслава І і яго заця Святаполка. Да гэтага часу Баляслаў І скончыў вайну з Германіяй і падчас з’езда ў Мерзебурге, дзе за Польшчай былі прызнаны Лужыцы і Мільска, заключыў з Генрыхам ІІ дамову пра ўзаемную ваенную дапамогу. Германскі імператар ў гэты час вёў вайну з Візантыяй у Італіі. Існавала небяспека, што Візантыя зможа стаць саюзнікам Кіеўскага княства, таму вайна з апошнім была на карысць Германіі. Для Польшчы, у сваю чаргу, была прывабнай мыгчымасць вярнуць страчаную Чэрвенскую Русь і павялічыць уплыў на Кіеў. На першы погляд здаецца, што Баляслаў І добра падрыхтаваўся да новай вайны на ўсходзе: разам з польскай арміяй ішлі войскі печанегаў, якія нядаўна сталі саюзнікамі Баляслава І, і прысланы ў дапамогу германскі атрад. Польскаму войску ўдалося заняць горад Бярэсце, які быў да гэтага залежным ад Кіева. Аднак вельмі хутка ўзніклі нечаканыя цяжкасці. Між польскімі і печанежскімі воінамі адбыўся канфлікт. Баляслаў І загадаў парубіць печанегаў, што і было зроблена, аднак далейшы паход сарваўся.[5] Тым не менш польскі князь не адмовіўся ад планаў магчымай далейшай экспансіі на ўсход. Але неадкладны пачатак вайны з Кіевам быў немагчымым з-за новай вайны Польшчы з Германіяй, Венгрыяй і Чэхіяй, што пачалася ў 1015 г.

У ліпені 1015 г у Берастове памёр Кіеўскі князь Уладзімір І. Незадоўга да гэтага, у 1014 г, адзін з яго сыноў, Яраслаў, які быў князем у Ноўгарадзе, адмовіўся пасылаць у Кіеў даніну. Гэта значыла спробу палітычнага адасаблення Ноўгарадскага княства. Вайна паміж Кіевам і Ноўгарадам пакуль што не пачалася толькі з-за смерці Уладзіміра І. Спроба Яраслава пазбавіцца залежнасці ад Кіева бачыцца не чымсці нечаканым, намаганні асобных земляў стаць незалежнымі былі ўжо тэндэнцыяй. Нягледзячы на тое, што ў час праўлення Уладзіміра І Кіеўскае княства перажывала росквіт, яно заўсёды заставалася дзяржавай з слабымі палітычнымі і эканамічнымі сувязямі між асобнымі падпарадкаванымі ёй землямі. І калі ў час праўлення ў Кіеве моцнага князя спробы асобных княстваў адлучыцца спыняліся з дапамогай сілы, то пасля яго смерці сепаратыстскія тэндэнцыі становяцца асабліва бачнымі.[6] Зразумела, што агульнае аслабленне Кіеўскага княства пасля смерці Уладзіміра І не маглі не скарыстаць для вырашэння сваіх палітычных мэтаў суседнія дзяржавы.

Наступным Кіеўскім князем стаў Святаполк (1015 – 1016, 1018 - 1019), які абапіраўся на сваіх польскіх і печанежскіх саюзнікаў. Яму прыйшлося змагацца са сваімі братамі, што прэтэндавалі на прастол. У 1016 г Святаполк атрымаў паразу ў бітве пад Любечам ад Ноўгарадскага князя Яраслава і з’ехаў у Польшчу да Баляслава І. Кеўскі трон заняў Яраслаў І (1016 – 1018, 1019 – 1054). Разумеючы небяспеку з боку Польшчы, Яраслаў І вырашыў першым нанесці ўдар. У 1016 г ён адправіў пасла да імператара Генрыха ІІ, абяцаючы ваенную падтрымку. А ў 1017 г Яраслаў І схадзіў паходам на Бярэсце, але здабыць горад не здолеў. Трэба сказаць, што ўлада Яраслава распаўсюджвалася ў той час далёка не на ўсе землі, якія падпарадкоўваліся некалі яго бацьку. Фактычна незалежным зноў стала Полацкае княства на чале з князем Брачыславам. Не падпарадкоўваўся Яраславу і яго брат Тмутараканскі князь Мсціслаў.

Баляслаў І, у сваю чаргу, пачаў актыўную падрыхтоўку да новай вялікай вайны з Кіевам. У 1018 г быў заключаны Будзішынскі мір з Германіяй, што скончыў працяглы шэраг польска-германскіх войнаў. Для Германіі аслабленне Кіева было неабходным, бо апошні з’яўляўся саюзнікам Візантыі і дапамагаў ёй войскам у вайне супраць Генрыха ІІ у Італіі. Яшчэ аднымі саюзнікамі Баляслава І зноў сталі печанегі, якія, адчуваючы яго падтрымку, у гэты час рабілі пастаянныя набегі на землі Кіеўскага княства. Перад пачаткам новай вайны з Польшчай жыхарам Кіева нават прыйшлося адбіваць напад печанегаў на сам горад.

У ліпені пачаўся вялікі паход Баляслава І на Кіеўскае княства. Разам з польскім войскам у паходзе ўдзельнічала 300 немцаў, 500 венграў і 1000 печанегаў. У паходзе ўдзельнічаў і Святаполк, які спадзяваўся зноў атрымаць кіеўскі трон. “ Прыйшоў Баляслаў са Святаполкам на Яраслава з ляхаў”[7], - сказана ў летапісу. 22 жніўня 1018 г Яраслаў І атрымаў паразу ў бітве на Бузе, пасля чаго для войска Баляслава І была адкрыта дарога на Кіеў. У час паходу Баляслаў І стрымліваў сваё войска і не даваў яму займацца вялікім рабаўніцтвам, што было рэдкай з’явай для таго часу. 14 верасня польскае войска увайшло ў Кіеў. ” І збег Яраслаў з чатырма мужамі ў Ноўгарад, Баляслаў жа ўступіў у Кіеў са Святаполкам”[8], - гаворыцца ў “Аповесці мінулых гадоў”. Такому хуткаму ўваходу ў сталіцу княства садзейнічала тое, што ў Кіеве існавала “партыя” прыхільнікаў Святаполка, у якой была значная частка мясцовай знаці і нават сам мітрапаліт Іаан (1015 -1037).[9] Кіеўскі трон зноў заняў Святаполк.

Князь Святаполк пасля аднаўлення свайго праўлення адразу адаслаў з Кіева нямецкія, вянгерскія і печанежскія атрады, даўшы ім дары за службу. Баляслаў І на некаторы час застаўся ў Кіеве разам са Святаполкам. Польскае войска было размешчана ў бліжніх гарадах “на кармленне”. Кіеўскі мітрапаліт выехаў у Ноўгарад, дзе князем застаўся Яраслаў, там мітрапаліт павёў перамовы пра магчымы абмен захопленых у палон родзічаў Яраслава на дачку Баляслава І. Па ўсёй бачнасці, Баляслаў І атрымаў вельмі вялікі ўплыў на палітычныя справы Кіева. Ён сам стаў адпраўляць паслоў да імператара Германіі Генрыха ІІ і імператара Візантыі Васіля ІІ с прапановаю міра і сяброўства. Князя Святаполка такая сітуацыя, калі фактычную ўладу ў Кіеве атрымаў не ён, а Баляслаў І, натуральна не задаволіла. Святаполк вырашыў пазбавіцца ад свайго былога саюзніка, з дапамогай якога ён і атрымаў трон, і загадаў забіваць палякаў, размешчаных па гарадах Кіеўскага княства.[10] Пазбавіўшыся падтрымкі Кіеўскага князя, Баляслаў І са сваім войскам быў вымушаны вярнуцца ў Польшчу, ператварыць Кіеўскае княства свайго васала ён так і не здолеў.

Тым не менш, Кіеўскі паход апынуўся вельмі карысным для Польшчы. Вяртаючыся на радзіму, Баляслаў І забраў з сабою прыкладна тысячу баяр Яраслава І, яго сястру Прадславу, вялікія грашовыя сумы. Але галоўным вынікам вайны з Кіевам для Польшчы стала вяртанне Чэрвенскіх гарадоў.

Кіеўскі паход Баляслава І 1018 г як значная палітычная падзея таго часу ўспамінаецца як у рускіх, так і ў польскіх крыніцах. У апошніх ён атрымаў даволі прэтэнцыёзнае асвятленне. У “Хроніцы” Гала Ананіма Баляслаў І паказваецца магутным уладаром, які “храбра ўварваўся ў каралеўства рускіх і іх, якія намагаліся спачатку супраціўляцца зброяй, але не асмеліліся распачаць бойку, разагнаў перад сабою, падобна да таго, як вецер разганяе пыл”[11]. У гэтай жа крыніцы распавядаецца пра тое, як Баляслаў І у знак перамогі над Яраславам І і яго васальнай залежнасці ударыў сваім мячом у Залатыя вароты Кіева, пасля чаго меч яго атрымаў шчарбіну.[12] Гэты меч, які сталі называць “Шчарбецом”, стаў рэгаліяй польскіх уладароў. Гэтыя звесткі паўтараюцца і ў Вялікапольскай хроніцы. Аднак яны не адпавядаюць рэальнасці, бо Залатыя вароты ў Кіеве былі пабудаваны толькі ў канцы 30-х гг ХІ ст.

Нягледзячы на тое, што Святаполк здолеў заняць трон, яго ўлада ў Кіеве без падтрымкі Баляслава І аказалася нетрывалай. У 1019 г ён быў разбіты Яраславам і вымушаны пакінуць прастол. Яшчэ спадзяваючыся на дапамогу Баляслава І, ён хворы прыехаў у Бярэсце, але не знайшоў там падтрымкі і выехаў у Польшчу. У гэтым жа, 1019 г, ён памёр недзе ў памежжы Польшчы і Чэхіі. Кіеўскім князем зноў, і ўжо надоўга, стаў Яраслаў І.

Атрымаўшы паразу ад Польшчы, Яраслаў І вырашыў узяць рэванш і ў 1022 г пачаў новую вайну з Балеславам І. Яраслаў І у час гэтай нядоўгай вайны здолеў заняць Бярэсце і землі вакол яго, аднятыя Баляславам І у 1018г. Аднак тэрыторыя Чэрвенскіх гарадоў засталася за Польшчай.

Пасля гэтых падзеяў увага Яраслава І была адцягнута ад знешнепалітычных спраў на захадзе барацьбой з Полацкім князем Брачыславам, а ў першую чаргу, - сваім братам князем Мсціславам, які прэтэндаваў на кіеўскі трон. У 1026 г браты падпісалі пагадненне, падзяліўшае сферы іх палітычнай улады: Яраслаў І застаўся Кіеўскім князем, а Мсціслаў стаў князем у Чарнігаве, якім заставаўся да сваёй смерці ў 1036 г. Калі Яраслаў І уладкаваў свае ўнутраныя справы, а ў Польшчы пачаўся сацыяльна-палітычны крызіс, Кіеўскі князь зноў звярнуў сваю ўвагу на заходнія землі.

Польшча ў час праўлення Баляслава І Храбрага перажывала вялікі ўздым. У 1025 г Баляслаў І каранаваўся каралеўскай каронай, чаму не перашкодзіла нават супраціўленне Германскога імператара і Папы Рымскага. У гэтым жа 1025 г Баляслаў І памёр. Яго спадчыннікам стаў сын Мешка ІІ (1025 – 1031, 1032 – 1034). У саюзе з Венгрыяй і герцагам Латарынгіі Фрыдрыхам ён у 1028 г пачаў вайну з германскім імператарам Конрадам ІІ (1027 – 1039), на чыім баку ваяваў і кароль Чэхіі Бржэціслаў І. У час праўлення Мешкі ІІ у Польшчы пачаўся вялікі сацыялна-палітычны крызіс, адной з галоўных прычын якога было супраціўленне значнай часткі насельніцтва, у тым ліку і некаторых прадстаўнікоў знаці, насаджэнню хрысціянства і распаўсюджванню феадальных адносін, якія многія атаесамлялі. Агульнае аслабленне Польскай дзяржавы ў часы Мешкі ІІ, выкліканыя войнамі і ўнутранымі незадаволенасцю і хваляваннямі, стала падставай для экспансіі суседніх дзяржаў.

У 1030 г. Яраслаў І захапіў Бэлз. Да новай вайны Кіеўскі князь падрыхтаваўся добра. Сінхронна з Яраславам супраць Мешкі ІІ выступіла Германія, якая даўно імкнулася да аслаблення Польшчы. У 1031 г. Яраслаў 3разам з Мсціславам і наёмнікамі скандынавамі пачалі новы паход і занялі Чэрвенскія гарады, што ўжо ў які раз пераходзілі ад адной дзяржавы да другой.

У час вайны Яраслаў і Мсціслаў захпілі вялікі палон. Так, у “Аповесці мінулых гадоў” чытаем пра тое, што “Яраслаў і Мсціслаў … паваявалі зямлю Польскую і многа палякаў прывезлі, і падзялілі іх”.[13] Яраслаў І шмат палонных і наогул палякаў з Чэрвенскай Русі перасяліў на поўдзень сваіх уладанняў, дзе па лініі рэк Стугна – Рось ён узводзіў абарончыя ўмацаванні. Многа ўзятых у палон было паселена, напрыклад, у такіх гарадах, як пабудаваныя Корсунь і Торчаск.

Адным з найбольш значных фактараў аслаблення Польшчы былі дынастычныя смуты, наогул характэрныя для феадальных дзяржаў таго часу. Супраць Мешкі ІІ выступалі яго браты Бяспрым і Атон, якія былі вымушаны на некаторы час з’ехаць з Польшчы. Хутчэй за ўсё, што хаця б адзін з іх знайшоў прытулак у Кіеве, якому ў той час было карысна падтрымліваць палітычную апазіцыю Мешцы ІІ. Становішча ж апошняга паля страты Чэрвенскай Русі і часткі Лужыц, якая адыйшла да Германіі, усё больш паслаблялася. У 1031 г Мешка ІІ быў скінуты з трона Бяспрымам і збег у Чэхію, якая далучыла Маравію, а потым і Сілезію. На польскі трон сеў Бяспрым (1031 – 1032), але яго праўленне было вельмі кароткім. Бяспрым адмовіўся ад каралеўскага тытулу і адаслаў у Германію разам з жонкай Мешкі ІІ немкай Рыхезай каралеўскую карону. Але спроба абаперціся на Германію для яго не мела плёну, яго ўлада была занадта слабая. Супраць Бяспрыма склалася замова, і ў 1032 г ён быў забіты. На трон вярнуўся Мешка ІІ. Нядоўгае яго другое праўленне было часам працягу аслаблення Польшчы. У 1033 г у Мерзебурге ён адмовіўся ад тытула караля, прызнаў сябе васалам імператара і саступіў Германіі Лужыцы і Мільска. Польская дзяржава пачала драбіцца на ўдзелы: Атону адыйшла Сілезія, пляменніку Мешкі ІІ Дытрыху – Зходняе Памор’е. Пасля гібелі Мешкі ІІ у 1034 г на трон Польшчы сеў яго сын Баляслаў Забыты (1034 – 1037).

30-я гг ХІ ст – цяжкія для Польшчы часы. Палітычныя і сацыяльныя супярэчнасці ў гэты перыяд дасягаюць свайго апагея. Супраць цэнтральнай улады і царквы выступілі моцныя ўнутрапалітычныя сілы, што імкнуліся да дэцэнтралізацыі краіны і вяртання старой паганскай рэлігіі. Значным фактарам нестабільнасці ў краіне з’яўляліся масавыя сялянскія хваляванні. Найбольшы ўздым іх, што суправаджаўся разбуральным уварваннем чэшскіх, германскіх, венгерскіх і дацкіх войскаў, адбыўся ў 1037 г. Гэтыя падзеі ў гістарычнай літаратуры нават атрымалі назву сацыяльна-паганскай рэвалюцыі. І сапраўды, народныя хваляванні праходзілі пад сцягам паганства: у вачах многіх людзей наступствы феадалізацыі і цэнтралізацыі краіны былі непарыўна звязаны з працэсам хрысціянізацыі. Польская дзяржава ў гэты час фактычна развалілася на асобныя ўдзелы. Новы малагадовы Вялікі князь Казімір І (1037 – 1058; сын Мешкі ІІ) разам з маці быў вымушаны выехаць з краіны ў Венгрыю да караля Іштвана І (Св. Стэфана).

Аслабленне Польшчы было на карысць суседнім Чэхіі, а асабліва – Германіі. Яраслаў І разумеў, што польскія землі могуць фактычна папасці пад уплыў гэтых дзяржаў, што паграджала Кіеву. Гэта ў ва многім абумовіла будучы яго саюз з Казімірам І.

Нягледзячы на моц народных хваляванняў і апазіцыю некаторай часткі знаці, цэнтральная ўлада ў Польшчы ўсё ж здолела перамагчы. У 1039 г у Польшчу вярнуўся Казімір І, і яму ўдалося падавіць антыфеадальны рух і заключыць саюз з Германіяй. З яе дапамогай Казімір І аб’яднаў Вялікую і Малую Польшчу, а ўзамен за гэта прызнаў сябе леннікам імперыі. Тым не менш Сілезія, Мазовія і Памор’е заставаліся непадпарадкаванымі Кракаву, чаму садзейнічала Чэхія. Шукаючы сабе новага саюзніка, Казімір І заключыў саюз з Кіевам пра мір і дапамогу і ажаніўся з сястрою Яраслава І Марыяй Дабранегай. У гэты ж час было прынята рашэнне: бакі пагадзіліся, што Польшча верне Кіеву палонных, захопленых яшчэ Баляславам І у 1018г. У абмен на дапамогу Яраслава І Польшча канчаткова падцвердзіла пераход Чэрвенскіх гарадоў да Кіеўскага княства.

Яшчэ ў 1038 г Яраслаў І, які імкнуўся да павялічэння свайго ўплыву на захадзе, хадзіў паходам на Яцвягію, але няўдала. Пасля заключэння мірнай дамовы з Польшчай Яраслаў І здзейсніў некалькі паходаў на Мазовію і гэтым аказаў дапамогу Казіміру І у аб’яднанні польскіх зямель. Першы паход супраць Мазавецкага князя Маіслава адбыўся ў 1041 г. Нягледзячы на ваенную падтрымку Вялікага князя Полацкага Брачыслава, паход быў фактычна безвыніковым. Другі паход адбыўся у 1047 г. Разам з кіеўскімі войскамі ў паходзе ўдзельнічалі атрады Вялікага князя Полацкага Усяслава ІІ Чарадзея. “Аповесць мінулых гадоў” пад 1047 г павядамляе: “Яраслаў пайшоў на мазаўшан, і перамог іх, і забіў князя іх, Маіслава, і скарыў іх Казіміру”[14]. Ян Длугаш у сваёй “Польскай гісторыі”, напэўна, не ведаючы пра саюз Яраслава І з Казімірам І, паказвае напад Яраслава проста як рабаўніцкі паход. “Князь Русі Яраслаў… прыйшоў у Мазавецкі край, спусташыў яго агнём, мячом і грабяжом і, захапіўшы вялікую здабычу, а звыш таго, узяўшы ў палон вялікую колькасць народу абодвух палоў, вярнуўся на Русь”[15], - піша ён.

З дапамогай Яраслава І Казіміру І удалося далучыць да сваіх уладанняў Мазовію. Наогул, час праўлення Казіміра І стаў часам аб’яднання Польшчы і пачаткам яе новага ўздыму. Гал Ананім так адзначае праўленне Казіміра І: “… ён …, дзейнічаючы мужнасцю і хітрасцю, вызваліў Польшчу, занятую памаранамі, чэхамі і іншымі суседнімі народамі, і падпарадкаваў яе сваёй уладзе.”[16] Узрадзіўшы да жыцця польскую дзяржаўнасць, гэты Вялікі князь увайшоў у гісторыю як Казімір І Аднаваіцель.

У час праўлення Казіміра І Польшча падтрымлівалася саюзу з Кіевам, але сітуацыя змянілася пасля смерці ў 1054 г Яраслава І і прыходу да ўлады ў Кракаве сына Казіміра І Баляслава ІІ Смелага (1058 – 1079). З канца 1060-х гг пачынаецца новы перыяд супрацьстаяння паміж Польшчай і Кіеўскім княствам.


Пачатак супрацьстаяння між Польскай дзяржавай і Кіеўскім княствам у канцы Х ст быў шчыльна звязаны з працэсамі дзяржаўнага афармлення і экспансійнага пашырэння тэрыторыі двух краін. Кіеўскае і Гнезненскае княствы да гэтага часу яўлялі сабой ўжо даволі моцныя дзяржаўныя ўтварэнні, якія пачалі экспансію на суседнія землі. У імкненні да пашырэння сваёй тэрыторыі яны звярнулі свой погляд да тэрыторыі Пабужжа і Чэрвенскай Русі. Гэтыя тэрыторыі, што з’яўляліся стратэгічна значнымі ў ваенных і гандлёвых адносінах, знаходзіліся як раз між тэрыторыямі, што былі падпарадкаванымі Гнезна на захадзе, і землямі, што знаходзіліся пад уплывам Кіева на ўсходзе. Натуральна, што пры такім геаграфічным становішчы Чэрвенскія гарады і Пабужжа не маглі не стаць месцам сутыкнення палітычных інтарэсаў гнезненскіх і кіеўскіх князёў. Першае летапіснае сведчанне пра гэтае супрацьстаянне адносіцца да 981 г, калі князь Уладзімір І заняў Чэрвенскія гарады, што раней былі ужо падпарадкаваны Польшчы. Барацьба за Чэрвенскія гарады стала значным накірункам знешняй палітыкі як Польшчы, так і Кіеўскага княства і з цягам часу перарасла ў барацьбу за землі Паўднёва-Заходняй Русі наогул. Супрацьстаянне за Чэрвенскія гарады ў сваім гістарычным развіцці прайшло некалькі этапаў.

На першым этапе Кіеў змог адняць у Польшчы Чэрвенскія гарады і ў 981г далучыць іх да сваіх уладанняў. Міжусобныя дынастычныя смуты, што пачаліся ў Кіеве пасля смерці Уладзіміра І, далі магчымасць Польскаму князю Баляславу І умяшацца ў справы суседняй краіны і ў 1018 г не толькі вярнуць Чэрвенскія гарады, але і на кароткі час заняць Кіеў. Такім чынам, канец 10-х – пачатак 30-х гг ХІ ст уяўляе сабой другі этап барацьбы за Чэрвенскую Русь.

На наступным этапе развіцця супрацьстаяння між Польшчай і Кіевам князь Яраслаў І у 1030 – 1031 гг зноў далучае Чэрвенскія гарады да тэрыторыі свайго княства. Далейшаму замацаванню Чэрвенскіх гарадоў за Кіеўскім княствам садзейнічаў перыяд вялікага сацыяльна-палітычнага крызіса ў Польшчы ў 30-х гг ХІ ст. Польшча, аслабленая ўнутры- і знешнепалітычнымі праблемамі, не змагла ўжо ў гэты час прэтэндаваць на землі Чэрвенскай Русі. У 1030-х гг між Кракавам і Кіевам назіраўся палітычны саюз, які саступіў месца новаму перыяду напружанасці між дзвюма дзяржавамі, што пачаўся ў 1060-х гг. Але гэтае новае супрацьстаянне ўжо было хутчэй барацьбой не за менавіта Чэрвенскія гарады, а за землі Паўднёва-Заходняй Русі наогул, што асабліва добра будзе бачным у ХІІ – ХІІІ стст.

Супрацьстаянне за Чэрвенскія гарады стала толькі пачаткам барацьбы Польшчы за землі Паўднёва-Заходняй Русі, а потым і украінскія землі. Працэс барацьбы за землі Паўднёвай Русі, да якога потым далучыліся ВКЛ і Маскоўская дзяржава, расцягнуўся не на адно стагоддзе.




: olderfiles
olderfiles -> Сармацкае кадзіла
olderfiles -> Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»
olderfiles -> Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»
olderfiles -> Інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
olderfiles -> Табліца 6 вынікі паспяховасці па асобных прадметах
olderfiles -> Адзначце сказы, у якіх парушана лексічная спалучальнасць слоў
olderfiles -> Ты жывеш у Беларусі Віктарына
olderfiles -> Беларускі дзяржаўны універсітэт курсавая работа па гісторыі заходніх І паўднёвых славян
olderfiles -> Урок па тэме "Фразеалагізмы"


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка