Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь Нацыянальны інстытут адукацыі



Дата канвертавання13.06.2016
Памер148.64 Kb.

powerpluswatermarkobject1


Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі


Выразнае чытанне і пераказ

Праграма факультатыўных заняткаў

для VІІ класа агульнаадукацыйных устаноў

з беларускай і рускай мовамі навучання

з 12-гадовым тэрмінам навучання

Мінск 2007



Тлумачальная запіска

Факультатыў “Выразнае чытанне і пераказ” з’яўляецца працягам курса “Выразнае чытанне” для VІ класа, мае завершаны характар і знаёміць настаўніка з сістэмай навучання сямікласнікаў выразнаму чытанню і пераказу мастацкіх твораў. Праграма прапануе комплекс спецыяльных тэарэтычных і практычных заняткаў для замацавання, развіцця і паглыблення набытых вучнямі раней ведаў і ўменняў выразна чытаць творы розных жанраў, пераказваць іх, рыхтаваць вусныя адказы на пастаўленыя настаўнікам пытанні.

Падлеткавы ўзрост, на думку псіхолагаў, найбольш спрыяльны для развіцця цікавасці да мастацкай літаратуры, і гэты інтарэс у дзяцей можна таксама падтрымліваць і павышаць праз навучанне выразнаму чытанню. Выразнае чытанне садзейнічае больш глыбокаму ўспрыманню вучнямі мастацкага твора, служыць узорам літаратурнай мовы і з’яўляецца па сутнасці асновай для раскрыцця зместу мастацкага твора, ключом для яго асэнсавання. Сучасная праграма па літаратуры на сярэдняй ступені навучання арыентуе настаўнікаў на тое, каб даць вучням неабходныя тэарэтычныя веды па выразным чытанні і сфарміраваць у іх пэўныя практычныя ўменні, разлічаныя на павышэнне чытальніцкага майстэрства, чытацкай і маўленчай культуры ў цэлым. Аднак школьных урокаў часта бывае недастаткова, і факультатыўны курс па выразным чытанні дапаможа настаўніку вырашыць гэту праблему.

Факультатыў “Выразнае чытанне і пераказ” скіраваны на пашырэнне і паглыбленне асноўнага курса літаратуры, на абуджэнне ў вучняў цікавасці да роднай мовы і літаратуры, на павышэнне агульнай культуры маўлення школьнікаў. Ён мае асноўнай мэтай навучыць школьнікаў чытаць і пераказваць мастацкі тэкст з максімальнай перадачай яго ідэйнай задумы, стылю, жанравых асаблівасцей, пазіцыі аўтара. Чытальніку неабходна перадаць голасам лагічную і сінтаксічную мелодыю мовы, музыку і рытм верша, строй прозы.



Мэты факультатыву:

  • удасканальваць маўленчую культуру вучняў;

  • абудзіць у школьнікаў жаданне спасцігнуць майстэрства выразнага чытання і пераказу мастацкіх твораў розных жанраў;

  • пашыраць чытацкую культуру вучняў, стымуляваць павышэнне іх цікавасці да літаратуры як школьнага прадмета;

  • падтрымліваць і развіваць цікавасць да розных відаў мастацтва (тэатра, музыкі, жывапісу і інш.).

Выразнае вуснае маўленне школьнікаў – не толькі змястоўнае і зразумелае чытанне альбо выказванне, яно абавязкова павінна быць вобразным, эмацыянальным, цікавым і пераканальным. У працэсе публічнага чытання або расказвання асаблівую значнасць маюць індывідуальная адметнасць маўлення прамоўцы, багацце яго слоўнікавага запасу, веданне ім норм літаратурнага вымаўлення, змястоўнасць, лагічнасць, эмацыянальнасць яго выказвання. Слухач жа вучыцца не толькі чуць, асэнсоўваць і ацэньваць пачутае, але і па неабходнасці ўдзельнічаць у калектыўным абмеркаванні.

Навучанне выразнаму чытанню павінна быць планамерным, сістэмным, узыходзіць па ступенях цяжкасці ад элементарнага, простага да больш складанага. Іншымі словамі – такая праца над творам, якая прынясе свой плён і ў вывучэнні літаратуры, і ў павышэнні агульнай маўленчай культуры вучняў. Прапанаваная праграма для VІІ класа распрацавана ў адпаведнасці з задачамі мадэрнізацыі літаратурнай адукацыі, Канцэпцыяй профільнага навучання ў агульнаадукацыйнай школе і суадносіцца з праграмамі па беларускай мове і літаратуры.

На сярэдняй ступені навучання ў школьнікаў фарміруецца ўяўленне пра літаратуру як чалавеказнаўства і як мастацтва слова, якому ўласцівы адметныя спосабы вобразнага адлюстравання жыцця: падлеткі пазнаюць жыццё і чалавека праз мастацкае, эстэтычнае адлюстраванне рэчаіснасці і праз маральна-этычную ацэнку падзей і паводзін герояў. Мастацкі твор, яго жыццёва-пазнавальныя, мастацка-эстэтычныя, каштоўнасна-ацэначныя якасці – галоўны аб’ект увагі на ўроках літаратуры і на факультатыўных занятках ў сярэдніх класах. Праграмай па літаратуры для VІІ класа прадугледжваецца спасціжэнне навучэнцамі мастацкай прыроды, жанравага і тэматычнага багацця паэтычных і празаічных літаратурных твораў, а таксама авалоданне культурай чытання (набыццё школьнікамі багатага чытацкага вопыту, выпрацоўку ўменняў выразна чытаць і грунтоўна аналізаваць творы розных літаратурных жанраў) і маўленчай культурай (выпрацоўка ўменняў слухання, чытання, маўлення, пісьма).

Школьны факультатыўны курс “Выразнае чытанне” ставіць задачы:



  • паглыбіць і сістэматызаваць набытыя на ўроках мовы і літаратуры тэарэтычныя веды падлеткаў пра культуру маўлення, тэхніку выразнага чытання і пераказу твораў розных жанраў (лагічны націск, лагічную паўзу, інтанацыйнае багацце і разнастайнасць беларускай мовы і інш.);

  • удасканальваць практычныя уменні выразнага чытання і вуснага маўлення школьнікаў (чытаць, пераказваць і аналізаваць мастацкія творы, супастаўляць іх па жанрах, тэмах, сюжэтах, вобразах, выяўленчых сродках выразнасці, прыгожа і лагічна выказвацца, доказна фармуляваць свае думкі, рабіць самастойныя вывады, абгрунтоўваць свае адносіны да герояў і падзей);

  • развіваць пазнавальныя інтарэсы, літаратурныя схільнасці і творчыя здольнасці школьнікаў, пашыраць іх чытацкі вопыт;

  • выхоўваць эстэтычны густ вучняў, устойлівую патрэбу ў эстэтычнай дзейнасці (бо выразнае чытанне і пераказ з’яўляюцца найбольш даступнымі і пашыранымі яе відамі);

  • фарміраваць цікавасць да працэсу навучання у цэлым.

Дадзеная праграма факультатыўнага курса арыентуе школьнікаў на спасціжэнне агульначалавечых духоўных і маральных каштоўнасцей, на эстэтычны і творчы характар успрымання мастацкай літаратуры, на індывідуальна-асобасны падыход да навучання. Праграма распрацавана на аснове навейшых даследаванняў па літаратуразнаўству, педагогіцы, методыцы выкладання прадмета і ўлічвае ўзроставыя асаблівасці і інтэлектуальныя магчымасці сямікласнікаў. Праграмай прадугледжваецца шырокі тэарэтыка-практычны матэрыял, які скіраваны на атрыманне вучнямі глыбокіх і трывалых ведаў, развіццё іх пазнавальнай актыўнасці, фарміраванне разнастайных уменняў і творчых здольнасцей. Пажадана на факультатыўных занятках выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі навучання: дыктафон або магнітафон для запісу і праслухоўвання чытання вучняў і дэманстрацыі гуказапісаў майстроў мастацкага слова, асобных сцэн з тэатральных спектакляў і інш.

Курс “Выразнае чытанне і пераказ” разлічаны на 17 гадзін (звычайна адна гадзіна ў тыдзень на працягу паўгоддзя). Праграма прапануе прыкладнае планаванне вучэбнай нагрузкі па пэўных тэмах, аднак настаўнік можа на свой погляд пераразмеркаваць гадзіны, скарэктаваць аб’ём тэарэтычнага і практычнага матэрыялу, вызначыць віды вучнёўскіх заданняў па пэўнай тэме, выбраць для разгляду любыя літаратурныя творы, зыходзячы з канкрэтных абставінаў і магчымасцей. Выкладчык, які праводзіць факультатыўныя заняткі па прапанаваным курсе, павінен дасканала валодаць уменнем выразна чытаць мастацкія тэксты, пазнаёміцца са спецыяльнай літаратурай і засвоіць адпаведную тэрміналогію.

Методыка арганізацыі факультатыўных заняткаў надзвычай багатая і разнастайная: практыкуюцца тэарэтычныя і практычныя заняткі, выразнае чытанне твораў, усе віды пераказу (падрабязны, сціслы, выбраны, творчы – з працягам або са зменай асобы апавядальніка), вусны аповед, разгляд праблемных пытанняў і выкананне творчых заданняў, самастойныя і калектыўныя міні-даследаванні, чытанне па асобах, інсцэніраванне, стварэнне літаратурна-музычных кампазіцый і сцэнарыяў, праслухоўванне і абмеркаванне магнітафонных запісаў з чытаннем тэкстаў самімі аўтарамі, майстрамі мастацкага слова, настаўнікам і вучнямі. Для працы па выразным чытанні можна скарыстаць творы, прапанаваныя праграмай для самастойнага і пазакласнага чытання, а таксама тэксты, выбраныя настаўнікам або нават самімі вучнямі (са згоды настаўніка).

Да праграмы факультатыўнага курса прапануецца неабходная літаратура.



Змест і структура курса

Змест факультатыўнага курса для VІІ класа складаюць асноўныя тэарэтычныя звесткі пра выразнае чытанне мастацкіх тэкстаў розных жанраў, паглыбляюцца веды пра культуру маўлення і арфаэпічныя нормы беларускай мовы, прадугледжваецца таксама шэраг практычных заняткаў па выпрацоўцы ўменняў і навыкаў чытання і пераказу (на матэрыяле асобных фальклорных і літаратурных тэкстаў).

Сучасныя праграмы па беларускай мове і літаратуры прадугледжваюць набыццё вучнямі пэўных тэарэтычных ведаў і выпрацоўку практычных уменняў, разлічаных на павышэнне чытацкай культуры школьнікаў. Якасна арганізаваная сістэма навучання падлеткаў выразнаму чытанню і пераказу мастацкіх твораў садзейнічае больш глыбокаму ўсведамленню імі зместу твораў, развівае мастацкі густ вучняў, з’яўляецца эфектыўным сродкам духоўнага ўзбагачэння і эстэтычнага выхавання школьнікаў. Асноўныя тэарэтычныя звесткі і практычныя ўменні па навучаню выразнаму чытанню і авалоданню маўленчай культурай сямікласнікі набываюць на ўроках. Аднак гэтага недастаткова, і паўстае патрэба пашырыць тэарэтычную і практычную базу выразнага чытання вучняў.

На факультатыўных занятках у VІІ класе засяроджваецца ўвага на выразным чытанні і пераказе літаратурных твораў, вучнёўскіх аповедах пра атрыманыя ўражанні ад прачытанага, убачанага ці пачутага. Сістэматычныя заняткі па выразным чытанні і пераказе садзейнічаюць правільнаму асэнсаванню мастацкага твора. Працэс падрыхтоўкі школьнікаў да выразнага чытання літаратурнага твора прадугледжвае некалькі этапаў:

першаснае ўспрыманне вучнямі тэксту – момант непасрэднага азнаямлення з мастацкім творам (яго чытанне або праслухоўванне), пачуццёвага ўзрушэння, эмацыянальнага водгуку на твор слоўнага мастацтва;

аналіз, асэнсаванне зместу твора, паглыбленне ўражанняў, развіццё эстэтычнага пачуцця падлеткаў;

усведамленне вучнямі сваіх адносін да тэксту, яго ацэнка, жаданне выразна прачытаць, каб перадаць свае ўражанні, пачуцці і думкі слухачам;

непасрэдную падрыхтоўку школьнікаў да чытання: акрэсліць выканальніцкую задачу (удакладніць моманты, як ўзнавіць твор у жывым слове, каб дапамагчы слухачам глыбока ўспрыняць і асэнсаваць тэкст), вызначыць танальнасць чытання, характар інтанавання фраз, расставіць лагічныя націскі, лагічныя і псіхалагічныя паўзы і інш.;

назіранні за мелодыкай і рытмам тэксту, выпрацоўка ўласнай манеры чытання.

Для авалодання гэтым складаным працэсам неабходна сфарміраваць у сямікласнікаў спецыяльныя ўменні: адчуваць эмацыянальную танальнасць мастацкага тэксту; аналізаваць і супастаўляць карціны і вобразы; разумець аўтарскія думкі і пачуцці і параўноўваць іх з асабістым вопытам; чытаць і пераказваць мастацкі тэкст (важныя перадача аўтарскай пазіцыі, адметнаcцей характару, пачуццяў і паводзін героя, асаблівасцей яго мовы, а таксама выразнасць і дакладнасць маўлення самога вучня, вызначэнне лагічных націскаў, паўз, выбар тэмпу маўлення, захаванне інтанацый і інш.); ацэньваць чытанне аднакласніка і абгрунтоўваць сваю ацэнку; суадносіць музычную, тэатральную, выяўленчую інтэрпрэтацыю тэксту з аўтарскай думкай.

Праграма факультатыву прадугледжвае навучанне школьнікаў выразнаму чытанню твораў розных жанраў. Адначасова вучні авалодваюць рознымі відамі пераказу: падрабязным, кароткім, творчым, выбраным, з працягам і інш. Сямікласнікі вучацца аналізаваць заўвагі настаўніка і аднакласнікаў і аргументавана адстойваць уласныя погляды. Паступова яны змогуць перайсці ад пераказу да ўласнага аповеду, мастацкага расказвання, змогуць выбіраць і абгрунтоўваць патрэбную інтанацыю, тэмп, жэсты, міміку, каб прымусіць слухачоў суперажываць і хвалявацца.

Перш чым аналізаваць мастацкі твор, неабходна, каб настаўнік ці іншы падрыхтаваны чытальнік яго выразна прачытаў (каб тэкст увасобіўся ў гучанні меладычна і лагічна). Задача настаўніка – вытлумачэнне ўнутранага зместу твора, выяўленне тэмы, прадмета адлюстравання, і галоўнае – выяўленне аўтарскіх адносін да герояў і падзей. Аднак настаўнік павінен прыцягнуць увагу вучняў і да слова, сказа, страфы, да ўнутранага рытму твора, прааналізаваць чытанне саміх школьнікаў.

Каб удасканаліць уласнае чытальніцкае майстэрства, вучню неабходна авалодаць цэлым комплексам спецыяльных уменняў (тэхнікай чытання) і ўменняў літаратурных (эмацыянальна адгукацца на твор мастацтва слова, узнаўляць малюнкі і карціны, створаныя пісьменнікам, разумець пачуцці герояў і суперажываць ім, арыентавацца ў сістэме вобразаў, спасцігаць аўтарскую пазіцыю, правільна вызначаць мэты чытання, каб перадаць неабходныя думкі і пачуцці і дапамагчы слухачам зразумець твор мастацтва і атрымаць ад яго асалоду). Выразнаму чытанню варта вучыцца на высокамастацкіх творах.

У аснове пераказу – тыя ж прынцыпы, што і пры выразным чытанні (выражэнне думак, пачуццяў, узнаўленне вобразаў і карцін і перадача іх слухачам, імкненне выклікаць у іх адпаведныя адносіны да пачутага). Розніца толькі ў тым, што апавядальнік пераказвае літаратурны тэкст сваімі словамі.

Навучанне мастацтву чытання і пераказу ў школе мэтазгодна пачынаць з выпрацоўкі асноў майстэрства вуснай мовы, навыкаў выказвання ўласных думак і пачуццяў. Патрэбны канкрэтныя, зразумелыя і даступныя вучням практыкаванні на развіццё вобразнага ўяўлення, фантазіі, памяці. Творчыя заданні складаюцца як на аснове жыццёвага вопыту, так і на матэрыяле літаратурных твораў. Галоўнае, каб яны будзілі фантазію, каб у дзяцей з’яўлялася жаданне расказаць пра тое, што яны ведаюць. Спачатку настаўнік прапануе вучням аднавіць у памяці які-небудзь незвычайны выпадак, што пакінуў след у іх памяці, і падрабязна расказаць пра яго. Калі вучань дакладна ведае, пра што і з якой мэтай хоча прачытаць ці расказаць, якой рэакцыі чакае ад слухачоў, то ён ніколі не будзе чытаць ці расказваць абыякава, бо ён сам яскрава ўяўляе ўсё, пра што расказвае, і будзе імкнуцца выклікаць адпаведныя перажыванні і карціны ва ўяўленні слухачоў. У вусным слове заўсёды на першым плане думка, яе лагічная сутнасць. Таму, працуючы над выразным чытаннем ці пераказам мастацкага тэксту, вучням спачатку прапануецца паспрабаваць выразна ўявіць усё тое, пра што напісаў аўтар. Потым заданне ўскладняецца: прывыкнуць да гэтых вобразаў, “прысвоіць” іх. Аднак якія б карціны і бачанні ні паўставалі ва ўяўленні вучняў, якія б думкі і адчуванні ні з’яўляліся ў іх, да выразнага прачытання імі мастацкага тэксту гэтага недастаткова. Неабходна валодаць уменнем пераўтвараць напісанае ў адухоўленае вуснае слова. Чытанне і расказванне будуць выразнымі, калі выканаўца зможа адэкватна перадаваць аўтарскія думкі і пачуцці і выказваць свае ўражанні, узнаўляць аўтарскія карціны і вобразы і “маляваць” іх перад слухачамі, імкнучыся выклікаць сугучныя эмоцыі і пэўныя адносіны да пачутага. Авалоданне тэхнікай чытання, уменнем спасцігаць лагічную і эмацыянальна-вобразную выразнасць мастацкага твора – шлях да навучання выразнаму чытанню і павышэнню маўленчай культуры.

Практычная работа з усёй групай вядзецца па творах розных жанраў. Твор аналізуецца, а потым вучні, акрэсліўшы пэўныя чытальніцкія задачы, чытаюць яго цалкам (калі невялікае) ці ўрывак з яго. Пасля супольнай групавой работы кожны вучань выбірае сабе невялікі твор ці яго частку, настаўнік працуе з кожным навучэнцам індывідуальна.


Праграма факультатыўных заняткаў

17 гадзін



Тэма 1. Мастацтва выразнага чытання і пераказу (2 гадзіны).

Чытанне. Аналіз празаічнага твора і яго ўзнаўленне ў жывым выкананні. Распрацоўка партытуры чытання – разбіўка тэксту на асобныя часткі, выяўленне эмацыянальнай афарбоўкі кожнага фрагменту, расстаноўка лагічных націскаў, паўз і інш. Вызначэнне тэмпу, інтанацыі, манеры чытання. Выразнае чытанне абранага твора.

Пераказ. Захаванне стылю твора (адпаведная лексіка, своеасаблівая інтанацыя казкі, легенды, апавядання). Творчыя задачы пераказу – перадаць рух думак і пачуццяў аўтара, яго эмацыянальны стан, зварот да слухача. Віды пераказу і іх асаблівасці.

Тэма 2. Слова гучыць... (2 гадзіны).

Спецыфіка аналізу, чытання і пераказу празаічных твораў. Апісанне, разважанне, аповед, маналог, дыялог у творы. Прастора і ёмкасць думкі. Мова аўтара і мова герояў.

Своеасаблівасць выразнага чытання паэтычных твораў – наяўнасць рыфмы і рытму, лаканізм, падтэкст, інтанацыйная адметнасць, гукавая выразнасць, самабытнасць і меладычнасць.

Параўнанне танальнасці і настраёвасці верша і ўрыўка прозы (блізкіх па тэме), аналіз шляхоў выяўлення пачуццяў у творах розных жанраў.



Тэма 3. Слова прамаўляе... (2 гадзіны).

Аналіз і выразнае чытанне вершаў беларускіх паэтаў пра Радзіму, зямлю, чалавека, пра родную мову (патрыятычная лірыка – аўтары і творы на выбар настаўніка). Мэты: вызначаць і перадаваць аўтарскі настрой, танальнасць вершаў. Чытанне вершаў грамадзянскай тэматыкі (аўтары і творы на выбар вучняў).



Тэма 4. (3 гадзіны). Слова хвалюе...

Выразнае чытанне п’есы-казкі (творы П. Васючэнкі, Л. Рублеўскай, Г. Каржанеўскай, С. Кавалёва, Г. Марчука – на выбар настаўніка). Пераказ п’есы-казкі па дзеях, выбар інтанацый для чытання маналогаў і дыялогаў п’есы. Маляванне дэкарацый і партрэтаў дзейных асоб. Стварэнне кінасцэнарыя па казцы як прыём развіцця вобразнага ўяўлення, неабходнага для чытача. Наведванне спектакля ў драматычным тэатры або ў Тэатры юнага гледача або прагляд у запісе і яго абмеркаванне.



Тэма 5. Слова малюе і захапляе... (2 гадзіны).

Выразнае чытанне як прыём аналізу пейзажнага верша і празаічнага апісання прыроды. Вызначэнне агульнай танальнасці і настраёвасці прыродаапісальных замалёвак, узнаўленне карцін прыроды, зрокавыя і слыхавыя ўяўленні і асацыяцыі, выяўленне аўтарскіх пачуццяў і перажыванняў і перадача іх пры чытанні (аўтары і творы на выбар настаўніка).

Прараўнанне 1–2 пейзажных вершаў з празаічнным апісаннем прыроды.

Вусныя пейзажныя апісанні-замалёўкі з выяўленнем настрою і ўласных адносін. Супастаўленне верша і яго музычнага ўвасаблення. Інтанацыйная адметнасць (своеасаблівасць) верша. Параўнанне інтанацыйнай будовы верша і музычнага твора (“Па-над белым пухам вішняў...” М Багдановіча, муз. І. Паліводы).



Тэма 6. Слова ўсміхаецца... (2 гадзіны).

Асаблівасці чытання баек і сатырычных апавяданняў. Захаванне пры чытанні аўтарскай іроніі. Адрозненне ў чытанні аповеду і дыялога. Пераказ байкі з элементамі вуснага малявання словамі, складанне кадраплану. Параўнанне герояў розных баек (творы К. Крапівы, А. Звонака, Н. Гілевіча, М. Скрыпкі, У. Корбана – на выбар). Аналіз ілюстрацый да асобных баек (на выбар).



Тэма 7. Слова распавядае... (3 гадзіны).

Выразнае чытанне і пераказ празаічных твораў (казкі, легенды, апавядання або ўрыўка з аповесці – твор на выбар настаўніка).

Пераказ эпізоду твора з мэтай асваення інтанацыі герояў і апавядальніка. Падрыхтоўка творчага пераказу, пераказу з працягам або пераказу ад імя героя. Аповед пра цікавы выпадак з жыцця (з перадачай эмацыянальнага напружання, душэўнага стану ўдзельнікаў здарэння).

Конкурс на лепшага чытальніка (1 гадзіна).

Выразнае чытанне вершаў, самастойна абраных вучнямі. Падвядзенне вынікаў конкурсу.


Праганазуемыя вынікі

Сямікласнікі ўдасканаляць свае чытацкія ўменні:

выразна, у патрэбным тэмпе і з захаваннем адпаведнай інтанацыі чытаць літаратурныя творы, асэнсоўваючы іх пафас і выяўляючы свае адносіны да адлюстраванага;

узнаўляць мастацкія карціны і вобразы;

падрабязна, сцісла, выбарачна або творча пераказваць апавядальны твор ці ўрывак з яго;

валодаць усімі відамі пераказу, аргументаваць свой выбар твора для чытання і пераказу;

раскрываць ролю эпізода ў ідэйным змесце твора;

характарызаваць героя па яго паводзінах і ўчынках ці ў святле пастаўленага настаўнікам пытання, параўноўваць герояў аднаго або розных твораў;

даваць маральную ацэнку ўчынкам і паводзінам героя і выяўляць яе пры чытанні або пераказе;

умець перадаць пры чытанні і пераказе спецыфіку аўтарскіх апісанняў, разважанняў, аповеду, маналогаў, дыялогаў з захаваннем стылю пісьменніка і агульнага пафасу твора, ацэньваць сваё выкананне.

асэнсоўваць свае ўражанні, эмоцыі, пачуцці і апісваць іх;

інсцэніраваць п’есу, казку, эпізод з апавядання або аповесці, прадумваючы рэплікі, рэмаркі, дэкарацыі, касцюмы, музычнае суправаджэнне.


Рэкамендаваная літаратура

Андроников И. Л. Я хочу рассказать вам… – М., 1962.

Арго М. А. Восторги и вдохновение. – М., 1965.

Артоболевский Г. Б. Художественное чтение. – М., 1978.

Блинов И. Я. Выразительное слово учителя-словесника. – М., 1963.

Буяльский Б. А. Искусство выразительного чтения: Книга для учителя. – М., 1986.

Горбушина А. А. Выразительное чтение и рассказывание учителя. – М., 1965.

Завадская Т. Ф. Искусство чтения в художественном развитии подростка. – М., 1968.

Иванова С. Ф. Воспитание культуры речи у школьников. – М., 1964.

Калеснік У., Янкоўскі Ф. Вусная мова і выразнае чытанне. – Мн., 1962.

Каляда А А. Мастацкае чытанне ў школе. – Мн., 1992.

Ладыженская Т. А. Живое слово. – М., 1986.

Ломизов А. Ф. Выразительное чтение при изучении синтаксиса и пунктуации. – М., 1984.

Методика выразительного чтения / Б. С. Найдёнов, Л. Ю. Коренюк, Р. Р. Майман и др. – М., 1977.

Никольская С. Т. Техника речи. – М., 1978.

Роднае слова захапляе, узбагачае, выхоўвае / Скл. Яфімава М. Б. – Мн., 1991.

Рыбникова М. А. Очерки по методике литературного чтения. 4-е изд. – М., 1985.

Соловьева Н. М., Завадская Т. Ф. Выразительное чтение в 4–8 классах. – М., 1983.

Шевелев Н. Н. Выразительное чтение в V–VIII классах. – М., 1961.

Язовицкий Е. В. Говорите правильно. М.–Л., 1966.



Яфімава М. Б. Гучыць жывое слова: Гурток выразнага чытання. – Мн., 1983.







База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка