Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь нацыянальны інстытут адукацыі



Дата канвертавання14.07.2016
Памер193.03 Kb.


МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ІНСТЫТУТ АДУКАЦЫІ

ПРАЕКТ ВУЧЭБНАЙ ПРАГРАМЫ

па вучэбным прадмеце

“БЕЛАРУСКАЯ МОВА”

для ІV класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

Мінск 2016

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства асаблівай увагі ў працэсе навучання беларускай мове на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі патрабуе развіццё моўнай асобы, яе здольнасцей і творчага патэнцыялу, неабходных для актыўнай дзейнасці, сацыяльнага самавызначэння і самарэалізацыі.

У аснову пабудовы курса беларускай мовы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі кладуцца зыходныя палажэнні кампетэнтнаснага, лінгва-культуралагічнага, камунікатыўна-дзейнаснага і асобасна арыентаванага падыходаў.

Кампетэнтнасны падыход у навучанні мове прадугледжвае разам з атрыманнем ведаў аб мове развіццё ўменняў аналізаваць і сістэматызаваць моўную інфармацыю, прымяняць яе ў маўленчай дзейнасці ў адпаведнасці з асобаснымі запатрабаваннямі для рашэння вучэбных, пазнавальных, практычных і камунікатыўных задач. Рэалізацыя гэтага падыходу мае на ўвазе фарміраванне ў навучэнцаў шэрагу кампетэнцый. Кампетэнцыі ў моўнай адукацыі адлюстроўваюць здольнасць рэалізацыі моўных ведаў і ўменняў праз маўленчую дзейнасць у розных сітуацыях зносін, у тым ліку ў працэсе навучання. Вынікам фарміравання кампетэнцый з’яўляецца кампетэнтнасць навучэнца, якая ўяўляе сабой узаемадзеянне ведаў, уменняў і навыкаў з яго асобаснымі якасцямі (свядомасцю, рэфлексіяй, здольнасцямі ў пазнавальнай дзейнасці).

Змест кампетэнцый, якія фарміруюцца пры вывучэнні беларускай мовы на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі:

моўная кампетэнцыя ўключае веды аб сістэме мовы, яе адзінках (тэкст, сказ, слова, гукі мовы) і правілах іх функцыянавання ў маўленні; уменні вылучаць адзінкі мовы, праводзіць розныя віды разбору (гука-літарны, разбор слова па саставе, па часцінах мовы, разбор па членах сказа); валоданне нормамі беларускай літаратурнай мовы;

маўленча-камунікатыўная кампетэнцыя ўключае валоданне рознымі відамі маўленчай дзейнасці; фарміраванне маўленчых паводзін, адэкватных мэтам і сітуацыям зносін; уменні выкарыстоўваць лексічныя адзінкі ў адпаведнасці з іх значэннем, выбіраць патрэбную моўную форму і спосабы выказвання думкі ў залежнасці ад умоў камунікацыі;

лінгвакультуралагічная кампетэнцыя ўключае асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай каштоўнасці, сродку замацавання культурных традыцый, засваенне нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы, авалоданне правіламі беларускага маўленчага этыкету;

  сацыякультурная кампетэнцыя ўключае ўсведамленне ролі беларускай мовы ў жыцці чалавека, паважлівае стаўленне да культуры і мовы беларускага народа і іншых народаў, засваенне сістэмы агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, сацыяльных норм маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін.



Лінгвакультуралагічны падыход да навучання прадугледжвае рэалізацыю задач фарміравання культурнага чалавека сродкамі беларускай мовы, паколькі яна з’яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю, праяўленнем культуры народа. У логіцы лінгвакультуралагічнага падыходу мова разумеецца не толькі як сродак назапашвання ведаў і фарміравання ўменняў і навыкаў, але і як сродак станаўлення асобы навучэнца, усведамлення ім прыналежнасці да свайго народа, сваёй краіны. Праз мову адбываецца далучэнне асобы да светапогляду народа, яго гісторыі, культуры, сістэмы маральных і духоўных каштоўнасцей.

Лінгвакультуралагічны падыход рэалізуецца пры вывучэнні фактаў мовы розных узроўняў (фанетычных, лексічных, граматычных, узроўню тэксту) і знаходзіць у іх пацверджанне асаблівасцей узаемасувязі мовы і культуры. Важнейшым спосабам выражэння культуралагічнай інфармацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца культурнае (намінатыўнае, эмацыянальнае, экспрэсіўнае, ацэначнае, вобразнае, матывацыйнае) значэнне вывучаемых адзінак мовы (слоў, прыказак, прымавак, формул маўленчага этыкету, тэкстаў культуразнаўчага характару).



Камунікатыўна-дзейнасны падыход да навучання беларускай мове прадугледжвае такую арганізацыю працэсу навучання, якая максімальна набліжаецца да рэальнага працэсу маўленчых зносін. Аб’ектам навучання становіцца маўленчая дзейнасць ва ўсіх яе відах. У аснове навучання знаходзяцца рэальныя маўлечыя дзеянні навучэнцаў, якія накіраваны не толькі на ўспрыманне і разуменне вусных і пісьмовых выказванняў на беларускай мове, але і на стварэнне беларускамоўных тэкстаў. Гэта садзейнічае развіццю маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі.

Паколькі навучанне мове разглядаецца як культурны працэс, сутнасць якога заключаецца ў гуманістычным і творчым узаемадзеянні ўсіх яго удзельнікаў, яно грунтуецца на асноўных палажэннях асобасна арыентаванага падыходу. Гэты падыход характарызуецца тым, што у цэнтры навучальнай дзейнасці знаходзіцца асоба навучэнца (яго развіццё, задавальненне адукацыйных запатрабаванняў, інтарэсаў, творчых магчымасцяў).



Мэта навучання – авалоданне навучэнцамі камунікатыўнымі ўменнямі і навыкамі, неабходнымі для эфектыўнага выкарыстання мовы ў розных сітуацыях зносін, развіццё іх творчага патэнцыялу, далучэнне праз мову да культурных традыцый беларускага народа.

Задачы навучання беларускай мове ў І –IV класах:

1) у межах моўнай кампетэнцыі:

асэнсаванне тэксту, сказа, слова і гука з пункту погляду іх функцыянавання;

авалоданне графікай беларускай мовы;

засваенне фанетычных, лексічных і граматычных ведаў для прымянення іх у маўленчай дзейнасці;

узбагачэнне слоўнікавага запасу навучэнцаў, засваенне вымаўленчых нормаў, правілаў правапісу;

2) у межах маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі:

фарміраванне камунікатыўнай культуры навучэнцаў;

развіццё практычных уменняў і навыкаў выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці;

развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў пры стварэнні ўласных вусных і пісьмовых выказванняў;

3) у межах лінгвакультуралагічнай і сацыякультурнай кампетэнцый:

фарміраванне пачуццёва-вобразнага ўспрымання беларускай мовы і ўмення адрозніваць яе ад рускай мовы;

асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці;

фарміраванне асэнсаванага ўспрымання беларускай літаратурнай мовы як сродку замацавання культурных традыцый, маральных каштоўнасцей грамадства;

засваенне правілаў маўленчага этыкету, сацыяльных норм маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін;

фарміраванне ў навучэнцаў пачуцця прыгажосці, мілагучнасці, выразнасці, эстэтычнай вартасці беларускай мовы.

Змест вучэбнага прадмета ”Беларуская мова“ складаюць:


  1. Моўныя веды, уменні і навыкі (веды аб сістэме моўных адзінак і заканамернасцях іх функцыянавання, фанетыка-артыкуляцыйныя навыкі, лексічныя, лексіка-граматычныя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя ўменні і навыкі).

  2. Маўленчыя ўменні і навыкі (уменні і навыкі ў розных відах маўленчай дзейнасці: аўдзіраванні, чытанні, гаварэнні, пісьмовым маўленні).

  3. Камунікатыўныя ўменні і навыкі (уменні і навыкі выкарыстання розных відаў маўленчай дзейнасці ў пэўных маўленчых сітуацыях).

  4. Агульныя звесткі пра беларускую мову, формы яе існавання і сферы ужывання, культурную і эстэтычную самакаштоўнасць беларускай мовы.

  5. Традыцыйны маўленчы этыкет, моўная норма, міжмоўная аманімія.

Сістэма развіцця маўлення скіравана на авалоданне рознымі відамі маўленчай дзейнасці, фарміраванне ў навучэнцаў здольнасці разумець праслуханае ці прачытанае маўленчае паведамленне на беларускай мове, ствараць вуснае выказванне на беларускай мове для задавальнення камунікатыўнага намеру, паступовае авалоданне пісьмовым маўленнем. Для дасягнення пастаўленай мэты змест сістэмы развіцця маўлення прадстаўлены ў трох кірунках:

  • фарміраванне правільнага ўспрымання і разумення беларускай мовы пры слуханні і чытанні;

  • фарміраванне ўменняў гаварэння;

  • фарміраванне ўменняў пісьмовага маўлення.

Змест навучання па кожным кірунку размяркоўваецца з паступовым ускладненнем у кожным наступным класе і вызначае асноўныя віды вучэбнай работы, якімі павінны авалодаць навучэнцы на працягу ўсяго вучэбнага года. Гэтыя віды работы пададзены ў вучэбнай праграме ў канцы кожнага раздзела. Развіццё маўлення адбываецца праз павелічэнне самастойнасці навучэнцаў пры выкананні заданняў і практыкаванняў.

Навучанне беларускай мовы пачынаецца з падрыхтоўчага перыяду (I клас, вусны курс). Яго дамінуючымі задачамі з'яўляюцца фарміраванне ўменняў асэнсаванага ўспрымання беларускага маўлення на слых, выхаванне ў навучэнцаў актыўнай слухацкай пазіцыі, тактоўнага слухача, выпрацоўка вымаўленчых навыкаў, прапедэўтыка навучання чытанню па-беларуску, забеспячэнне станоўчага эмацыянальнага фону і матывацыі вывучэння беларускай мовы. Практычнае авалоданне лексічным багаццем мовы ажыццяўляецца ў час суразмоўніцтва па змесце пачутага ці прачытанага тэксту, у працэсе вядзення дыялогаў. У час суразмоўніцтва адбываецца азнаямленне навучэнцаў з маўленчым этыкетам.

Вывучэнне беларускай мовы працягваецца інтэграваным уступным курсам (пачатак ІІ класа). Вядучай задачай гэтага курса з’яўляецца навучанне чытанню. На працягу ўступнага курса ўрокі маюць інтэграваны характар і праводзяцца без падзелу на ўрокі мовы і літаратурнага чытання. Адначасова з навучаннем чытанню навучэнцы авалодваюць графічнай сістэмай беларускай мовы, працягваюць практыкавацца ва ўспрыманні тэкстаў на слых, удасканальваюць вымаўленчыя навыкі. Падчас чытання і спісвання слоў, сказаў, тэкстаў адбываецца назіранне за графіка-арфаграфічнымі асаблівасцямі беларускай мовы.

Далейшае навучанне мове структуруецца па раздзелах «Гукі і літары», «Слова», «Сказ», «Тэкст». Паступовае асваенне навучэнцамі маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі адбываецца на матэрыяле гэтых раздзелаў.

Раздзел “Гукі і літары” (2 клас) вырашае задачы ўдасканалення фанетычных і графічных уменняў і навыкаў навучэнцаў. Пры вывучэнні раздзела даецца агульнае паняцце аб гукавым саставе слова, ролі галосных і зычных гукаў у слове, удасканальваюцца правапісныя ўменні, якія звязаны з напісаннем галосных у ненаціскным становішчы, абазначэннем цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх, падоўжаных зычных на пісьме. Фарміруецца ўменне правільна называць літары алфавіта і карыстацца ім, абазначаць гукі літарамі.

Раздзел ”Слова“ ў 2 класе змяшчае звесткі пра слова як лексічную адзінку мовы, як назву таго, што можа быць прадметам думкі. У навучэнцаў фарміруюцца ўяўленні пра падзел слоў на часціны мовы (на лагічнай аснове: па пытанні і значэнні). Гэты ж раздзел у 3 – 4 класах уключае тэмы “Лексічнае значэнне слова” , “Склад слова” і “Часціны мовы”.

У тэме “Лексічнае значэнне слова” прадугледжваецца азнаямленне з мнагазначнымі словамі, з сінонімамі і антонімамі, з ужываннем слоў у прамым і пераносным значэннях. Гэта дазволіць разнастаіць маўленне навучэнцаў, узбагаціць яго, зрабіць дакладным і правільным.

Тэма “Склад слова” прадугледжвае вывучэнне марфемнай будовы слоў. Знаёмства са складам слова вельмі важнае для развіцця маўлення навучэнцаў, таму што спрыяе павелічэнню іх лексічнага запасу, пашырае магчымасці самастойнага прадуктыўнага ўтварэння новых слоў. Веданне марфемнай будовы слова – адна з умоў паспяховай выпрацоўкі арфаграфічных уменняў і навыкаў навучэнцаў.

Тэма “Часціны мовы” ўключае звесткі пра назоўнік, прыметнік, дзеяслоў, займеннік і прыслоўе. Выпрацоўка ўмення аднясення слова да пэўнай часціны мовы неабходна для развіцця арфаграфічнай пісьменнасці навучэнцаў, паколькі дазваляе свядома засвоіць правапіс, заснаваны на марфалагічным прынцыпе. Навучэнцы практыкуюцца ў правядзенні элементарнага марфалагічнага разбору вывучаемых часцін мовы.

Раздзел ”Сказ“ (2 – 4 класы) змяшчае звесткі пра сказ як асноўную камунікатыўную адзінку мовы. Уменні вызначаць граматычную аснову сказа, устанаўліваць сувязь паміж словамі ў сказе, ужываць сказы, розныя па мэце выказвання, інтанацыі і будове, выкарыстоўваюцца навучэнцамі для самастойнай пабудовы звязных вусных выказванняў.

Вывучэнне раздзела ”Тэкст“ (2 – 4 класы) забяспечвае навучэнцаў неабходнымі ведамі і ўменнямі для актыўных маўленчых дзеянняў па стварэнні тэкстаў. Асаблівасцю вывучэння тэксту з’яўляецца тое, што ён разглядаецца як вынік маўленчай дзейнасці. Вывучэнне раздзела “Тэкст” мае практычную накіраванасць.

Асноўная задача навучання каліграфіі   развіццё ў навучэнцаў уменняў і навыкаў плаўнага, правільнага, прыгожага і хуткага пісьма. Практыкаванні па каліграфіі праводзяцца на кожным уроку ў другім класе. У навучэнцаў выпрацоўваюцца навыкі напісання спецыфічных беларускіх літар (І, і, ў), слоў з апострафам, удасканальваюцца навыкі правільнага злучэння літар у словах. Пачынаючы з другога паўгоддзя практыкаванні па каліграфіі перыядычна праводзяцца на аркушах паперы з разліноўкай у адну лінейку. У 3   4 класах практыкаванні па каліграфіі выконваюцца па меры неабходнасці, заданні дыферэнцыруюцца з улікам каліграфічных недахопаў кожнага з навучэнцаў. Змест працы па каліграфіі па магчымасці звязваецца з вывучаемым на ўроку фанетычным, лексічным, граматычным матэрыялам.



ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА

4 клас (105 гадзін)

ПАЎТАРЭННЕ ( 5 гадзін )

ТЭКСТ (10 гадзін)

Сувязь сказаў у тэксце. Сродкі сувязі сказаў у тэксце: лексічныя паўторы аднаго і таго ж слова або аднакаранёвых слоў, сінонімы, антонімы, выкарыстанне слоў ён, яна , яно, яны, гэты, той, там, так, адзінства часавых форм дзеясловаў.

Тыпы тэксту: апавяданне, апiсанне, разважанне. Перадача паслядоўнасці падзей у апавядальных тэкстах. Будова тэксту-апавядання. Паведамленне аб прыметах прадмета ў апісальных тэкстах. Будова тэксту-апісання. Выказванне і доказ думкі ў разважальных тэкстах. Будова тэксту-разважання.

Вобразна-выяўленчыя сродкі мовы ў тэксце.



Складанне тэксту-апавядання, апісання, разважання на вызначаную тэму з дапамогай апорных слоў. Пашырэнне гатовага тэксту вобразна-выяўленчымі сродкамі. Рэдагаванне тэксту заменай слоў-паўтораў займеннікамі. Аргументаванае вызначэнне тыпу тэксту, успрынятага на слых. Падзел на сэнсавыя часткі і вусны пераказ прачытанага тэксту. Падзел на сэнсавыя часткі праслуханага тэксту. Выбар з тэксту асноўнага зместу i вусны пераказ яго (сціслы пераказ).

Навучальная пісьмовая работа (1 г, пераказ, 75–80 слоў).
СКАЗ (14 гадзін).

Сказы з аднароднымі членамі (дзейнікамі, выказнікамі, даданымі членамі). Сродкі сувязі аднародных членаў сказа: інтанацыя, злучнікі і, а, але, якія могуць злучаць аднародныя члены сказа. Знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі.

Ужыванне ў тэкстах сказаў з аднароднымі членамі.

Пашырэнне сказаў аднароднымі членамі, дапаўненне тэксту сказамі з аднароднымі членамі. Вызначэнне сказаў з аднароднымі членамі ў праслуханым тэксце. Пісьмовы пераказ прачытанага тэксту па калектыўна складзеным плане. Складанне вуснага выказвання на вызначаную тэму па плане і апорных словах, прапанаваных настаўнікам.

Навучальная пісьмовая работа (1 г, сачыненне).
СЛОВА (71 гадзіна)

Склад слова (3 гадзіны)

Часткі слова. Аснова слова як частка слова без канчатка. Вызначэнне канчатка і асновы слова.



Спалучэнне слоў у сказе шляхам замены канчатка. Вызначэнне асновы слова на слых. Вызначэнне апошняга гука асновы назоўніка. Складанне сказаў з формамі аднаго і таго ж слова. Сачыненне па ўласных назіраннях па калектыўна складзеным плане.

Часціны мовы (68 гадзін)

Назоўнік (24 гадзіны, з іх 1г. – кантрольны дыктант). Назоўнік як часціна мовы. Змяненне назоўнікаў па склонах. Назвы склонаў і склонавыя пытанні. Фразавае скланенне: ёсць (хто? што?) – назоўны склон; няма (каго? чаго?) – родны склон; даваць (каму? чаму?)– давальны склон; бачыць (каго? што?) – вінавальны склон; ганарыцца, (кім? чым?) – творны склон; сумаваць (па кім? пачым?) – месны склон. Вызначэнне апошняга гука асновы назоўніка. Вызначэнне склону назоўнікаў у сказах з апорай на табліцу. 1, 2, 3-е скланенне назоўнікаў.

Скланенне назоўнікаў жаночага роду з канчаткам -а(-я) у назоўным склоне адзіночным ліку (1 скланенне). Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў 1 скланення (з апорай на табліцу). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў 1 скланення ў давальным і месным склонах. Напісанне канчаткаў -і, -ы, -е, -э ў давальным і месным склонах.Напісанне канчаткаў -а(-я) у назоўным склоне, -у(-ю) – у вінавальным. Напісанне канчаткаў -і, -ы ў родным склоне. Варыянты канчаткаў назоўнікаў 1 скланення ў творным склоне: –ой(-ою), -ёй(-ёю), -ай(-аю), -яй(-яю).

Скланенне назоўнiкаў мужчынскага роду з нулявым канчаткам і ніякага роду ў адзіночным ліку (2 скланенне). Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў 2 скланення (з апорай на табліцы). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў 2 скланення мужчынскага роду ў форме роднага і вінавальнага склонаў (назоўнікі, што адказваюць на пытанне хто?), у форме назоўнага і вінавальнага склонаў (назоўнікі, што адказваюць на пытанне што?). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў 2 скланення ніякага роду ў форме назоўнага і вінавальнага склонаў. Супастаўленне назоўнага і вінавальнага склонаў па пытаннях, канчатках і ролі назоўніка ў сказе (дзейнік або даданы член сказа). Напісанне канчаткаў -а(-я), -у(-ю) у родным склоне. Напісанне канчатка -у(-ю) у давальным склоне. Напісанне канчаткаў -ам, -ом, -ем, -ём у творным склоне. Напісанне канчаткаў -е, -ы, -і, -у, -ю ў месным склоне.

Скланенне назоўнікаў жаночага роду адзіночнага ліку з нулявым канчаткам у назоўным склоне (3 скланенне). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў 3 скланення ў форме назоўнага і вінавальнага склонаў Супастаўленне назоўнага і вінавальнага склонаў па пытаннях і ролі назоўніка ў сказе (дзейнік або даданы член сказа). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў 3 скланення ў форме роднага, давальнага і меснага склонаў. Напісанне канчаткаў -ы, -і ў родным, давальным і месным склонах. Напісанне канчатка -у(-ю) у творным склоне. Падаўжэнне апошняга зычнага асновы паміж галоснымі ў творным склоне (ночч-у, рунн).

Скланенне назоўнiкаў у множным лiку. Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў множнага ліку (з апорай на табліцы). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў множнага ліку ў форме роднага і вінавальнага склонаў (назоўнікі, што адказваюць на пытанне хто?), і ў форме назоўнага і вінавальнага склонаў (назоўнікі, што адказваюць на пытанне што?). Супастаўленне назоўнага і вінавальнага склонаў па пытаннях і ролі назоўніка ў сказе (дзейнік або даданы член сказа). Напісанне канчаткаў –ы, -і, у назоўным і вінавальным склонах, -аў(-яў), -оў(-ёў), -эй (-ей) і нулявога канчатка ў родным і вінавальным склонах. Напісанне канчаткаў –ам(-ям) у давальным склоне. Напісанне канчаткаў –амі(-ямі), -мі ў творным склоне. Напісанне канчатка -ах(-ях) у месным склоне.

Адрозненне націску ў граматычных формах назоўнікаў у рускай і беларускай мовах.



Спалучэнне назоўнікаў з іншымі словамі ў сказе шляхам змянення канчатка. Развіццё сказаў назоўнікамі ў патрэбнай форме. Вызначэнне на слых памылак у спалучальнасці назоўнікаў з іншымі словамі ў сказах. Развіццё сказаў тэксту блізкімі, супрацьлеглымі па значэнні назоўнікамі.

Прыметнік (14 гадзін). Прыметнік як часціна мовы. Змяненне прыметнікаў па ліках, родах у залежнасці ад назоўніка, з якім ён звязаны ў сказе.

Змяненне прыметнікаў адзіночнага і множнага ліку па склонах у залежнасці ад назоўніка, з якім ён звязаны ў сказе. Вызначэнне склону прыметніка па пытанні і склоне назоўніка, да якога ён адносіцца.

Скланенне прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду, азнаямленне з правапісам іх склонавых канчаткаў. Супадзенне канчаткаў прыметнікаў мужчынскага роду ў форме роднага і вінавальнага склонаў (калі яны адносяцца да назоўнікаў, што адказваюць на пытанне хто?) і ў форме назоўнага і вінавальнага склонаў (калі яны адносяцца да назоўнікаў, што адказваюць на пытанне што?). Супадзенне канчаткаў прыметнікаў ніякага роду ў форме назоўнага і вінавальнага склонаў. Напісанне канчаткаў прыметнікаў у назоўным і вінавальным склонах: -ы, -і – м.р. , ое, -ае, -яе – н.р. Напісанне канчаткаў –ога, -ага(-яга) у родным склоне. Супадзенне канчаткаў прыметнікаў у творным і месным склонах. Напісанне канчаткаў –ым, -ім у творным і месным склонах.

Скланенне прыметнікаў жаночага роду, азнаямленне з правапісам іх склонавых канчаткаў. Супастаўленне канчаткаў прыметнікаў жаночага і ніякага роду ў назоўным склоне і адрозненне іх пры дапамозе пытанняў: якая? -ая(-яя); якое? – -ое, -ае, -яе. Супадзенне канчаткаў прыметнікаў жаночага роду ў форме роднага, давальнага, творнага і меснага склонаў. Напісанне канчаткаў-ой, -ай(-яй) у родным, давальным, творным і месным склонах. Варыянты канчаткаў прыметнікаў жаночага роду ў творным склоне   -ой(-ою), -ай(-аю), -яй(-яю). Супастаўленне канчаткаў прыметнікаў вінавальнага і творнага склонаў і адрозненне іх пры дапамозе пытанняў: якую? – (доўгую,сінюю) -ую, -юю   вінавальны склон; якою? (доўгаю,сіняю)  -аю, -яю – творны склон.

Скланенне прыметнікаў множнага ліку, азнаямленне з правапісам іх склонавых канчаткаў. Супадзенне канчаткаў прыметнікаў множнага ліку ў форме назоўнага і вінавальнага склонаў (калі яны адносяцца да назоўнікаў, што адказваюць на пытанне што?). Напісанне канчаткаў -ыя, -ія, у назоўным і вінавальным склонах. Супадзенне канчаткаў прыметнікаў множнага ліку ў форме роднага, меснага і вінавальнага склонаў (калі яны адносяцца да назоўнікаў, што адказваюць на пытанне хто?). Напісанне канчаткаў -іх, -ых у родным і месным склонах. Супастаўленне канчаткаў прыметнікаў давальнага і творнага склонаў і адрозненне іх пры дапамозе пытанняў. Напісанне канчаткаў -ым, -ім у давальным склоне, -ымі, -імі   у творным.

Адрозенне націску ў граматычных формах прыметнікаў у рускай і беларускай мовах.



Спалучэнне прыметнікаў з назоўнікамі ў сказе шляхам змянення канчатка. Развіццё сказаў прыметнікамі ў патрэбнай форме. Вызначэнне на слых памылак у спалучальнасці слоў у сказах. Развіццё сказаў тэксту блізкімі, супрацьлеглымі па значэнні прыметнікамі Пашырэнне гатовага тэксту выяўленча-выразнымі сродкамі. Пісьмовы пераказ прачытанага тэксту па самастойна складзеным плане.

Навучальная пісьмовая работа (1 г, сачыненне).

Займеннік (6 гадзін). Агульнае паняцце пра займеннік як часціну мовы. Асабовыя займеннікі: я, мы – 1-я асоба; ты, вы – 2-я асоба; ён, яна, яно, яны – 3-я асоба. Асабовыя займеннікі адзіночнага ліку (я, ты, ён, яна, яно). Асабовыя займеннікі множнага ліку (мы, вы, яны). Род асабовых займеннікаў ён, яна, яно. Змяненне асабовых займеннікаў па склонах ( з апорай на табліцу).

Правапіс прыназоўнікаў з займеннікамі.



Спалучэнне асабовых займеннікаў з іншымі словамі ў сказе шляхам змянення канчатка. Развіццё сказаў займеннікамі ў патрэбнай форме. Вызначэнне на слых памылак у спалучальнасці слоў у сказах. Рэдагаванне тэксту заменай слоў-паўтораў асабовымі займеннікамі.

Дзеяслоў (20 гадзін, з іх 1г. – кантрольны дыктант з граматычным заданнем). Дзеяслоў як часціна мовы. Змяненне дзеясловаў па ліках і часах. Змяненне дзеясловаў прошлага часу па родах. Суфіксы дзеясловаў прошлага часу: суфікс дзеясловаў мужчынскага роду; суфікс - дзеясловаў жаночага і ніякага роду.

Неазначальная форма дзеяслова. Суфіксы дзеясловаў у неазначальнай форме (-ці, -ць, -чы). Правапіс дзеясловаў на -ся, -цца.

Асоба дзеяслова. Змяненне дзеясловаў цяперашняга i будучага часу па асобах i лiках. Утварэнне асабовых форм дзеясловаў 1 спражэння: 1-я асоба, адзіночны лік пры дапамозе канчаткаў –у(-ю); 2-я асоба, адзіночны лік пры дапамозе канчаткаў -еш(-эш, -аш); 3-я асоба, адзіночны лік пры дапамозе канчаткаў -е,(-э, -а), 1-я асоба, множны лік пры дапамозе канчаткаў -ём(-ем, -ом, -ам); 2-я асоба, множны лік пры дапамозе канчаткаў -еце(-яце, -аце); 3-я асоба, множны лік пры дапамозе канчаткаў -уць, (-юць). Утварэнне асабовых форм дзеясловаў 2 спражэння: 1-я асоба, адзіночны лік пры дапамозе канчаткаў –у(-ю); 2-я асоба, адзіночны лік пры дапамозе канчаткаў-іш(-ыш); 3-я асоба, адзіночны лік пры дапамозе канчаткаў -іць(-ыць). 1-я асоба, множны лік пры дапамозе канчаткаў -ім(-ым); 2-я асоба, множны лік пры дапамозе канчаткаў -іце(-ыце); 3-я асоба, множны лік пры дапамозе канчаткаў -аць, (-яць). Супастаўленне асабовых канчаткаў дзеясловаў 1 і 2 спражэння.

Адрозненне націску ў граматычных формах дзеясловаў у рускай і беларускай мовах.



Спалучэнне дзеясловаў з іншымі словамі ў сказе шляхам змянення канчатка. Змяненне часу дзеясловаў у тэксце. Вызначэнне на слых памылак у спалучальнасці слоў у сказах. Развіццё сказаў тэксту блізкімі, супрацьлеглымі па значэнні дзеясловамі. Пашырэнне гатовага тэксту выяўленча-выразнымі сродкамі. Сачыненне па ўласных назіраннях па калектыўна складзеным плане.

Навучальная пісьмовая работа (пераказ, 85–90 слоў).

Прыслоўе (4 гадзіны). Агульнае паняцце аб прыслоўі як часціне мовы. Роля прыслоўяў у сказах, тэкстах.

Вызначэнне прыслоўяў у праслуханым тэксце. Развіццё сказаў тэксту блізкімі, супрацьлеглымі па значэнні прыслоўямі.

ПАЎТАРЭННЕ (4 гадзіны)
Кантрольныя пісьмовыя работы:

кантрольны дыктант – 1 (I паўгоддзе, 65-70 слоў);

кантрольны дыктант з граматычным заданнем – 1 (II паўгоддзе, 65-70 слоў);

кантрольная работа па тэме – 4 (2 – I паўгоддзе, 2 – II паўгоддзе);

кантрольны слоўнікавы дыктант – 4 (2 – I паўгоддзе, 10 слоў, 2 – II паўгоддзе, 12 слоў).

Рэзервовыя гадзіны –1.
Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў
Ведаць:

1. Тэкст

сродкі сувязі сказаў у тэксце;

асаблівасці тэкстаў розных тыпаў (апавяданне, апісанне, разважанне), іх будову;

2. Сказ

прыметы аднародных членаў сказа;

сродкі сувязі аднародных членаў у сказе;

правілы пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі;



3. Слова

назвы склонаў і склонавыя пытанні;

спосабы вызначэння склону назоўнікаў і прыметнікаў;

асаблівасці змянення назоўнікаў адзіночнага ліку 1, 2, 3 скланення і назоўнікаў множнага ліку;

асаблівасці змянення прыметнікаў адзіночнага ліку жаночага роду, асаблівасці змянення прыметнікаў адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду, асаблівасці змянення прыметнікаў множнага ліку;

асабовыя займеннікі, іх асобу і лік;

асаблівасці змянення асабовых займеннікаў па склонах;

прыметы дзеясловаў у неазначальнай форме;

спосаб вызначэння асобы і ліку дзеясловаў;

правапіс дзеясловаў на -ся , -цца;

прыслоўе   нязменная часціна мовы

Умець (валодаць спосабамі пазнавальнай дзейнасці):

1. Тэкст

знаходзіць сродкі сувязі сказаў у тэксце;

адрозніваць тэкст-апавяданне, тэкст-апісанне і тэкст-разважанне;

вызначаць структурныя часткі тэкстаў розных тыпаў;

сцісла пераказваць вусна і пісьмова па плане змест праслуханага і прачытанага тэксту (аб’ёмам не больш за 90 слоў);

2. Сказ

правільна інтанаваць сказы з аднароднымі членамі;

вызначаць сродкі сувязі аднародных членаў у сказе;

ставіць знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі;



3. Слова

вызначаць аснову, канчатак, корань, суфікс, прыстаўку ў словах выразнай будовы;

распазнаваць у тэкстах назоўнікі, прыметнікі, асабовыя займеннікі, дзеясловы, знаёмыя прыслоўі, прыназоўнікі і злучнікі (і, а, але);

змяняць назоўнікі, прыметнікі, асабовыя займеннікі па склонах (з апорай на табліцы);

вызначаць склон назоўнікаў, прыметнікаў, асабовых займеннікаў і іх склонавыя пытанні (з апорай на табліцы);

выкарыстоўваць назоўнікі, прыметнікі ў патрэбных склонавых формах пры складанні ўласных сказаў і тэкстаў;

вызначаць асобу і лік асабовых займенннікаў;

адрозніваць неазначальную форму дзеяслова;

утвараць формы прошлага часу дзеясловаў пры дапамозе суфіксаў -ў, -л-;

утвараць асабовыя формы дзеясловаў(з апорай на табліцы);

вызначаць асобу, лік дзеясловаў цяперашняга і будучага часу, іх канчаткі (з апорай на табліцы);

выкарыстоўваць дзеясловы ў патрэбных формах часу, ліку, асобы (у цяперашнім і будучым часе), роду (у прошлым часе), дзеясловы ў неазначальнай форме пры складанні ўласных сказаў і тэкстаў;

выкарыстоўваць асабовыя займенннікі у патрэбных склонавых формах і прыслоўі для сувязі сказаў ва ўласных тэкстах.
Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці:

ужываць ветлівыя словы і звароты ў зносінах з незнаёмымі людзьмі па тэлефоне;

захоўваць вывучаныя нормы арфаграфіі пры выкананні пісьмовых заданняў і ўласных запісаў (запіска, віншаванне, перапіска з сябрамі, сваякамі, запрашэнне, аб’ява, пісьмо ў дзіцячы часопіс, у дзіцячую перадачу на радыё, тэлебачанне);

удзельнічаць ў дыялогах на даступныя навучэнцам тэмы: выкарыстоўваць сказы з аднароднымі членамі, адэкватна перадаючы эмоцыі і захоўваючы інтанацыю аднароднасці ў межах сказа;



ствараць нескладаныя маналагічныя выказванні ў выглядзе апавядання, апісання або разважання на даступныя навучэнцам тэмы (пра свае прыгоды, пра любімыя кнігі, пра гісторыю сваёй краіны, пра змены ў прыродзе роднага краю, пра прафесіі людзей).









База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка