Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь нацыянальны інстытут адукацыі



Дата канвертавання19.07.2016
Памер128.44 Kb.
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ІНСТЫТУТ АДУКАЦЫІ

ПРАЕКТ ВУЧЭБНАЙ ПРАГРАМЫ

па вучэбным прадмеце

“БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА

(літаратурнае чытанне)”

для ІV класа

ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

Мінск 2016

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Вучэбны прадмет “Літаратурнае чытанне” з’яўляецца падрыхтоўчым этапам адзінай непарыўнай літаратурнай адукацыі. Мэта навучання літаратурнаму чытанню – закласці у вучняў асновы культурнага чытача, які ўсведамляе каштоўнасць беларускай дзіцячай літаратуры як мастацтва слова і можа ажыццяўляць самастойную чытацкую дзейнасць. Чытацкая дзейнасць навучэнцаў заключаецца ў здольнасці выбіраць кнігу для чытання, асобасна асэнсоўваць маральную праблематыку, эстэтычны план праслуханага ці прачытанага мастацкага твора праз гуманістычную сістэму нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей, выказваць меркаванне пра яго, атрымліваць з розных крыніц і ацэньваць вартасць рознапланавай тэкставай інфармацыі, прымяняць яе ў адпаведнасці з кагнітыўнымі і эстэтычнымі запатрабаваннямі, а таксама для вырашэння вучэбных задач.

Задачы навучання літаратурнаму чытанню:

забяспечыць усведамленне вучнямі гуманістычных агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, прывучаць да паслядоўнага выканання культурных норм;

актывізаваць пазнавальныя памкненні вучняў у спасціжэнні беларускай нацыянальнай культуры, стымуляваць імкненне да чытання кніг на беларускай мове з мэтай далучэння да нацыянальна-культурных традыцый;

выхоўваць павагу да кнігі як крыніцы самапазнання і развіцця, узбагачэння сацыяльнага вопыту, маральна-этычных праблем чалавечых узаемаадносін, моўнага і маўленчага ўзору;

фарміраваць чытацкую (слухацкую) дзейнасць, якая забяспечыць поўнае, глыбокае разуменне і асобасную ацэнку маральнай праблематыкі і эстэтычнага плану ўспрынятага твора;

абуджаць у вучняў эстэтычныя пачуцці і творчы пачатак, развіваць вобразнае ўяўленне, маўленчую актыўнасць, здольнасць да літаратурнай творчасці на падставе ўспрынятых твораў мастацкай літаратуры;

фарміраваць агульнавучэбныя ўменні працы з тэкставай інфармацыяй розных відаў (пошук, адбор, ацэнка зместу з пункту гледжання пазнавальных, маральных, эстэтычных памкненняў асобы, выкарыстанне тэкставай інфармацыі ў адпаведнасці з вучэбнай задачай).

Для рэалізацыі пастаўленых задач вылучаны зместавыя лініі вучэбнага прадмета “Літаратурнае чытанне”:

фарміраванне базавых нормаў грамадзянскай, духоўнай і маральнай культуры вучняў праз асэнсаванне твораў;

фарміраванне навыку чытання;

фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай (пазакласнае чытанне);

фарміраванне чытацкіх уменняў;

фарміраванне чытацкага кругагляду і ўяўленняў пра літаратуру як мастацтва слова;

літаратурна-творчая дзейнасць, рыторыка і культура маўлення.

Галоўная функцыя літаратурнага чытання – выхаванне ў навучэнцаў маральна-этычных якасцей, фарміраванне ў іх сістэмы каштоўнасных арыенціраў. Пры чытанні і асэнсаванні мастацкіх твораў адбываецца апасродкаваная сацыялізацыя навучэнцаў. На прыкладзе паводзін герояў твораў яны атрымліваюць дзейсны вопыт рэфлексіі ўласных паводзін і самавыхавання.

На занятках літаратурнага чытання рэалізуюцца нацыянальна-культурны і лінгвакультуралагічны аспекты навучання. Праз мастацкі тэкст навучэнцы знаёмяцца з нацыянальнай культурай беларускага народа. У творах вучні назіраюць таксама трапнасць, выразнасць, дасціпнасць беларускай мовы. Яе лексічнае багацце, фанетычная своеасаблівасць, фразеалагічная насычанасць з’яўляюцца для навучэнцаў узорам і стымулам да літаратурна-творчай дзейнасці на падставе праслуханых ці прачытаных твораў. Ажыццяўленне літаратурна-творчай дзейнасці на занятках літаратурнага чытання дае магчымасць актыўнага пашырэння і актывізацыі слоўніка вучняў, забяспечвае маўленчую практыку, спрыяе засваенню моўнай і маўленчай нормы, культуры маўленчых паводзін.

У адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі вучэбны прадмет “Літаратурнае чытанне” забяспечвае фарміраванне чытацкай граматнасці вучняў для асэнсаванага ўспрымання пісьмовай тэкставай інфармацыі на беларускай мове і асобаснае ўспрыманне твораў мастацкай літаратуры. Аперацыянальная сутнасць паняцця “чытацкая граматнасць” заключаецца ў магчымасці вучняў знаходзіць у тэксце яўную інфармацыю, фармуляваць вывады, інтэрпрэтаваць і абагульняць інфармацыю, аналізаваць і ацэньваць змест, моўныя і структурныя асаблівасці тэксту. У працэсе навучання практыкуецца чытанне з мэтай набыцця чытацкага літаратурнага вопыту і чытанне з мэтай атрымання і выкарыстання інфармацыі.

У 3-4 класах асноўная ўвага скіроўваецца на фарміраванне чытацкіх уменняў для паглыбленага асэнсавання літаратурнага твора, яго эстэтычнага ўспрымання. Праводзіцца праца па ўспрыманні навукова-папулярнага твора з мэтай падрыхтоўкі да навучання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, захавання пераемнасці. Значная ўвага на занятках павінна адводзіцца фарміраванню інфармацыйных уменняў пошуку, асэнсаванага ўспрымання, абмеркавання і ацэнкі інфармацыі розных відаў, атрыманай з розных крыніц для матываванага вучэбнымі задачамі выкарыстання. Такая праца арганізуецца з выкарыстаннем адпаведных узросту перыядычных выданняў.

Працягваецца ўдасканаленне тэхнікі чытання, праводзіцца праца па развіцці артыкуляцыйнага апарату, пашырэнні поля зроку. Значная ўвага павінна быць нададзена фарміраванню ўменняў сама- і ўзаемакантролю чытання.

Заняткі па фарміраванні самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай (пазакласнае чытанне) ў 3 класе праводзяцца згодна з методыкай асноўнага перыяду, а ў 4 - заключнага перыяду навучання пазакласнаму чытанню. У кожны год навучання на заняткі пазакласнага чытання адводзіцца 10 гадзін, якія размяркоўваюцца на працягу навучальнага года.

У 3-4 класах фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці абавязкова ўключае наведванне бібліятэк з мэтай выбару кніг для чытання. Для абуджэння цікавасці і пазнавальнай актыўнасці вучняў мэтазгодна (па магчымасці) наведваць сацыякультурныя ўстановы.

На занятках літаратурнага чытання мэтазгодна рэалізоўваць міжпрадметныя сувязі з іншымі вучэбнымі прадметамі: з заняткамі беларускай мовы (складанне сказаў, невялікіх апавяданняў пра герояў мастацкіх твораў, складанне працягу твора, знаходжанне слоў на вывучаныя арфаграфічныя правілы і інш.); з заняткамі выяўленчага мастацтва (разглядванне і слоўнае апісанне рэпрадукцый карцін па тэмах, сугучных тэмам вывучаемых твораў, ілюстраванне асобных эпізодаў мастацкага твора, удзел у выставах малюнкаў і іншых творчых работ паводле вывучаных твораў і інш.); з заняткамі музыкі (слуханне музычных твораў у адпаведнасці з мэтавымі ўстаноўкамі ўрока, назіранне за стварэннем вобразаў у літаратуры і музыцы, знаёмства з творамі музычнага мастацтва, у аснову якіх пакладзены паэтычныя творы, у тым ліку фальклорныя і інш.); з заняткамі працоўнага навучання (рамонт кніг, выраб кніг-самаробак, практычнае знаёмства з элементамі кнігі і інш).

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА



IV КЛАС (70 гадзін)

Кола чытання і слухання

Жанрава-відавая разнастайнасць кола чытання: творы вуснай народнай творчасці (народныя прыкметы, легенды, паданні), народныя і аўтарскія казкі, апавяданні, вершы, жарты, байкі, перыёдыка: дзіцячыя газеты і часопісы, тлумачальны і перакладны слоўнікі, даведнікі.

Аўтарская разнастайнасць кола чытання:

Раздзел: Старонкі гісторыі ў творах беларускіх пісьменнікаў (6 г.)

Прыкладны спіс літаратурных твораў:

П.Панчанка “Дзеці вайны”

М.Чарняўскі “Клятва Марата Казея”

А.Астрэйка “Плошча Перамогі”

М.Янчанка “Сустрэча з татам”

І.Шамякін “Алёша-разведчык”

П.Броўка “А хіба ёсць, што забываюць”

А.Грачанікаў “Каля помніка..”

Н.Гальпяровіч “Бацька гарадоў беларуских”

А.Клышка “Францыск Скарына”

В.Каско “Горад з Белаю Вежаю”

Б.Сачанка “Сонца”

М.Жуковіч “Бусел над Хатынню”

А.Куляшоў “Над спаленай вёскай”

У.Ліпскі “Замак без замка”

М.Пазнякоў “Скарына”

Тэматычная і пазнавальная разнастайнасць кола чытання: творы пра Радзіму, гераічныя ўчынкі ў імя Радзімы, пра працу людзей і адносіны да яе, стаўленне людзей адзін да аднаго, пра павагу, клопат, удзячнасць да старэйшых, пра жыццё дзяцей і дарослых, пра ўзаемаадносіны дзяцей у калектыве і ў сям’і; творы, якія раскрываюць узаемаадносіны паміж чалавекам і прыродай; вясёлыя, забаўныя творы, якія развіваюць у дзяцей пачуццё гумару; пазнавальныя артыкулы пра жывую і нежывую прыроду, чалавека, машыны і рэчы, свет прыгод, падарожжаў і фантастыкі, стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Фарміраванне базавых нормаў грамадзянскай, духоўнай

і маральнай культуры вучняў праз асэнсаванне твораў

Вызначэнне маральна-этычнай праблематыкі твора і асэнсаванне яе актуальнасці (адносіны да Радзімы і людзей, навакольнага асяроддзя, уласнай працы і працы іншых людзей, асэнсаванне чалавекам сваіх паводзін).

Вызначэнне праяў чалавечых якасцей і пачуццяў праз учынкі персанажаў твора, рэфлексія ўласных чалавечых якасцяў (павага, кемлівасць, спагадлівасць, дасціпнасць, спрыт, розум, працавітасць, смеласць, любоў, сяброўства, міласэрнасць, дабро, зло, гонар, сумленне, абавязак, праўдзівасць, добразычлівасць, хцівасць і інш.).

Выказванне ўласнымі словамі эстэтычных пачуццяў, выкліканых творам (перажыванне адчування прыгожага, замілавання малюнкамі прыгожага, захаплення выразнасцю мовы са спасылкай на твор).

Самастойнае вызначэнне культуралагічнай інфармацыі ў творы і асэнсаванне яе каштоўнасці (гераічныя гістарычныя падзеі, беларускія народныя традыцыі, элементы бытавой і духоўнай культуры, славутыя асобы Беларусі, нацыянальныя рысы характару).

Знаходжанне на геаграфічнай карце населеных пунктаў, рэк, азёр, пра якія распавядаецца ў творах.

Знаёмства на матэрыяле літаратурных твораў з нацыянальнымі славутасцямі (Нацыянальная бібліятэка, БелАЗ і інш.), знакамітымі асобамі (Еўфрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Т.Касцюшка, Соф’я Слуцкая і інш.), арганізацыя пошуку дадатковай тэкставай і ілюстрацыйнай інфармацыі пра іх з розных крыніц.

Арганізацыя пошуку тэкставай і ілюстрацыйнай інфармацыі пра кнігу і пісьменнасць (разнастайнасць кніг па назначэнні і выкарыстанні).



Фарміраванне навыку чытання і агульнавучэбных уменняў

Развіццё правільнага і асэнсаванага чытання сам сабе цэлымі словамі, спалучэннямі слоў, сэнсавымі блокамі. Чытанне сам сабе, пераход да паглыбленага разумення тэксту. Змяненне тэмпу чытання ў залежнасці ад узроўню разумення ў працэсе чытання.

Практыкаванні ў розных відах чытання: раўнамерна-уважлівае, вывучальнае (паглыбленае), праглядавае, азнаямляльнае, выбарачнае, пошукавае, інтэнсіўнае, каменціраванае.

Знаходжанне інфармацыі ў слоўніках і даведніках.

Самастойнае вызначэнне мэты выразнага чытання (што трэба перадаць слухачам пры чытанні). Прымяненне сродкаў выразнасці пры чытанні: выбіраць тон у адпаведнасці з эмацыянальным станам дзеючай асобы, выбіраць і выдзяляць з дапамогай лагічнага націску важныя ў сэнсавых адносінах словы.

Ажыццяўленне сама- і ўзаемакантролю правільнасці і выразнасці чытання ўголас.



Фарміраванне чытацкіх уменняў

Прагназаванне зместу твора да чытання па загалоўку, пачатку, ілюстрацыях.

Работа над загалоўкам твора: суаднясенне загалоўка з тэмай і галоўнай думкай твора, знаходжанне патрэбнага загалоўка ў радзе іншых, самастойнае прыдумванне загалоўкаў.

Работа над мовай твора: вылучэнне незразумелых слоў і выразаў, высвятленне іх значэння праз кантэкст, з дапамогай тлумачальнага і перакладнога слоўнікаў. Вылучэнне слоў, падобных па гучанні да слоў рускай мовы, і дыферэнцыяцыя іх значэнняў. Вылучэнне з тэксту эмацыянальна-ацэначных слоў, слоў-сінонімаў, асэнсаванне іх функцыянальнага прызначэння: чаму гэтае слова выбраў аўтар, як яно характарызуе героя. Знаходжанне ў тэксце вобразных слоў і выразаў, тлумачэнне іх значэння і выяўленне вобразнай функцыі шляхам слоўнага малявання

Работа над вобразам персанажа: вызначэнне дзейных асоб твора, галоўныя і другарадныя дзеючыя асобы, іх узаемаадносіны, учынкі, матывы ўчынкаў. Эмацыянальны стан дзеючых асоб, аўтарская характарыстыка герояў па іх паводзінах, учынках, параўнанне персанажаў. Знаходжанне ў тэксце матэрыялу для характарыстыкі героя: чытанне і аналіз партрэта героя, апісання яго жылля, мовы. Вызначэнне мастацкіх вобразаў, іх слоўнае маляванне.

Работа над зместам і ідэяй твора: устанаўленне прычынна-выніковых сувязей паміж падзеямі ў творы. Суаднясенне дзеючай асобы і ўчынка. Вызначэнне матываў учынка. Узнаўленне ва ўяўленні малюнкаў жыцця, зробленых пісьменнікам. Падзел твора на сэнсавыя часткі, азаглаўліванне частак у рознай форме (апавядальныя, пытальныя, назыўныя сказы). Распазнаванне аўтара ў творы: адносіны аўтара да героя, яго ўчынкаў, прамая аўтарская ацэнка ці ўтоеная. Самастойнае вызначэнне тэмы твора. Асэнсаванне таго, што хацеў сказаць аўтар, для чаго ён напісаў гэты твор, фармулёўка галоўнай думкі.

Работа па вызначэнні асобаснага стаўлення вучня да твора: выказванне ўласных адносін да персанажа і яго ўчынкаў. Абуджэнне здольнасці разумець пачуцці людзей, аналізаваць уласныя пачуцці і перажыванні на прыкладзе герояў твора.

Фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай

(пазакласнае чытанне, заключны этап)

Арыентацыя ў коле кніг на вызначаную настаўнікам тэму і па ўласным выбары.

Самастойны выбар і чытанне кніг на тэму, рэкамендаваную настаўнікам.

Карыстанне электронным каталогам бібліятэк пад кіраўніцтвам настаўніка (бібліятэкара), складанне спіса.

Самастойнае знаёмства з новай кнігай (вызначэнне аўтара і назвы кнігі, прозвішча мастака па інфармацыі на вокладцы, тытульным лісце; прагназаванне зместу кнігі да яе чытання па інфармацыі на вокладцы, тытульным лісце, знаходжанне твора па змесце (аглаўленні).

Складанне расповеду пра прачытаную кнігу (героі кнігі і іх характарыстыка, змест твора, з чаго пачалося дзеянне, што адбылося, чым закончылася; суаднясенне ілюстрацый у кнізе са зместам твора, чым цікавая прачытаная кніга).



Фарміраванне ўяўленняў пра літаратуру як мастацтва слова

Практычнае засваенне ў працэсе працы над творам значэння слоў “аўтар (пісьменнік, паэт)”, “тэма”, “галоўная думка”, “падзея, сувязь падзей”, “кампазіцыя”, герой (дзеючая асоба, персанаж)”, “учынак”, “характарыстыка героя”, “ мастацкае (вобразнае) слова”, “пейзаж” (карціна прыроды), “рыфма”, “рытм”, “жанр”, “апавяданне”, “казка”, “легенда”, “паданне”, “верш”, “байка”.

Устанаўленне суадносін “тэма –твор – аўтар – кніга”.

Пачатковыя звесткі аб выкарыстанні пісьменнікам сродкаў мовы для стварэння малюнкаў прыроды, паказу падзей, характарыстыкі дзейных асоб (азначэнне, параўнанне, інтанацыя, пабудова сказа, парадак слоў), уяўленне пра мнагазначнасць слова, пераноснае значэнне слова, народныя параўнанні, устойлівыя выразы, прыказкі, прымаўкі.

Вызначэнне асаблівасцей байкі, знаходжанне гэтых асаблівасцей у прачытаных творах.

Персаналіі класікаў беларускай літаратуры: Зоська Верас, Артур Вольскі, Максім Танк, Іван Шамякін.



Літаратурна-творчая дзейнасць і культура маўлення

Выразнае чытанне па ролях фрагментаў твораў;

інсцэніраванне эпізодаў з прачытанага твора;

слоўнае маляванне дзеючай асобы, карціны прыроды;

падрабязны пераказ апавядальнага тэксту ці яго часткі па плане;

творчы пераказ ад імя розных герояў;

прыдумванне папярэдніх падзей ці заканчэння апісаных у творы падзей;

прыдумванне аналагічнай гісторыі з іншымі персанажамі;

складанне вуснага выказвання (у тым ліку вядзенне дыялога) на вызначаную тэму па апорных словах з дапамогай настаўніка.

этыка паводзін пры суразмоўніцтве;

пашырэнне ведаў маўленчага этыкету (этыкетныя формы просьбы, адмовы, ухвалення);

развучванне вершаў па апорных словах і выразная дэкламацыя;

захаванне правільнага націску ў словах са знакам націску;

ужыванне слоў у адпаведнасці з іх значэннем;

ацэнка пачутага маўлення (правільнасць, лагічнасць, вобразнасць);

этыка маўленчых паводзін у грамадскім транспарце, магазіне, музеі, тэатры.


АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ

ДЗЕЙНАСЦІ НАВУЧЭНЦАЎ IV КЛАСА



В е д а ц ь:

прозвішчы аўтараў, назвы і змест 5 твораў, якія вывучаліся;

на памяць 5 вершаў, вызначаных ў падручніку для завучвання.

У м е ц ь (валодаць спосабамі пазнавальнай дзейнасці):

правільна, асэнсавана і бегла чытаць сам сабе;

правільна, асэнсавана і выразна чытаць уголас;

ацэньваць правільнасць і выразнасць уласнага і пачутага чытання;

вызначаць дзеючыя асобы, характарызаваць іх;

вызначаць вобразныя словы і выразы, тлумачыць іх значэнне і ролю;

вызначаць (з дапамогай настаўніка і самастойна) адносіны аўтара твора да падзей і герояў;

фармуляваць тэму тэксту, вызначаць галоўную думку тэксту (самастойна і з дапамогай настаўніка);

вылучаць сэнсавыя часткі апавядальнага твора, складаць план;

задаваць пытанні па змесце пачутага (прачытанага);

маляваць словамі партрэт героя ці карціну прыроды з твора;

падрабязна пераказваць апавядальны тэкст па плане;

выбарачна пераказваць тэкст з дапамогай апорных слоў;

прыводзіць прыклады апавядання, казкі, верша з вывучаных твораў;

правільна называць кнігу (аўтар, назва);

арыентавацца ў кнізе па назве, малюнках, змесце, прадмове, пасляслоўі;

выкарыстоўваць прыёмы выбару неабходнай кнігі для чытання (на пэўную тэму, пэўнага аўтара).

Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці для:

ацэнкі ўласных паводзін і жыццёвых сітуцый з пазіцый маральных нормаў і культурных каштоўнасцей;

асэнсаванага чытання твораў мастацкай літаратуры, адпаведных узросту, навукова-папулярнай і даведачнай літаратуры;

павышэння ўзроўню агульнай эрудыцыі (выкарыстанне інфармацыі пра пісьменнікаў як майстроў слова і іх літаратурную спадчыну і інш.);

ажыццяўлення мэтанакіраванага пошуку інфармацыі з розных крыніц у адпаведнасці з жыццёвымі запатрабаваннямі;

асэнсаванага ўспрымання вуснай і пісьмовай інфармацыі для задавальнення пазнавальных інтарэсаў;

выбару кніг у класным кутку чытання, бібліятэцы па рэкамендацыі настаўніка;

для абмену думкамі па прачытаным ці праслуханым творы;

для ўзбагачэння эмацыянальна-каштоўнаснага вопыту ўспрымання твораў розных відаў мастацтва і асобаснай ацэнкі.
Кантрольныя работы:

Праверка навыку чытання – 2 (1 – I паўгоддзе, 1 – II паўгоддзе);



Праверка сфарміраванасці чытацкіх уменняў – 1 (II паўгоддзе).




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка