Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт



старонка2/8
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.8 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

ТЭМА 1 СУЧАСНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ПАЭЗІЯ: СТАН,

ТЭНДЭНЦЫІ РАЗВІЦЦЯ, ПЕРСПЕКТЫВЫ

1 Лірыка як адзін з асноўных родаў літаратуры.

2 Паняцце лірычнага героя і тыпалогія лірычных твораў.

3 Спецыфічныя рысы і стылістычныя тэндэнцыі сучаснай беларускай лірыкі.


1 Лірыка як адзін з асноўных родаў літаратуры
Лірыка (ад грэч. lyra – муз. інструмент або lyricos – той, хто спявае) – род мастацкай літаратуры, у якім рэчаіснасць адлюстроўваецца праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў чалавека. Прадметам увагі ў лірыцы выступае ўнутраны свет асобы, яе духоўнае жыццё, думкі і ідэі, выкліканыя рознымі падзеямі. Пры гэтым перажыванне ў мастацкім творы не мае статычнага характару, яно выяўляецца працэсуальна. Іншымі словамі, калі ў эпасе галоўнае – сюжэтнасць, развіццё падзей, то ў лірыцы акцэнт робіцца на дынаміцы пачуцця.

Нярэдка знешнія з’явы, што выступаюць штуршком да напісання лірычнага твора, нязначныя, але яны, выклікаючы мноства асацыяцый, становяцца прадметам паэтычнай рэфлексіі. У гэтым сэнсе для спецыяліста-літаратара важным момантам даследавання лірычнага верша выступае вывучэнне гісторыі яго стварэння.

Пачуцці, заключаныя ў лірычным творы (замілаванасць пейзажам, гонар за радзіму, каханне і інш.), датычацца не толькі аднаго паэта, але і характэрныя, тыповыя для шырокага кола асоб. Адсюль вынікае, што побач з суб’ектыўным пачаткам лірыка нясе ў сабе аб’ектыўныя ўяўленні аб свеце.

Слова “лірыка” часам ужываецца як сінонім тэрміна “паэзія”. Сапраўды, часцей за ўсё лірычнае перажыванне перадаецца ў вершаванай форме, аднак можа быць адлюстравана і ў прозе (жанры лірычнага эсэ, імпрэсіі, абразка і інш.). Як бачым, лірычныя вершы з’яўляюцца сферай перасячэння згаданых паняццяў.

Важная прыкмета лірыкі – экспрэсіўнасць. Мова лірычнага твора вызначаецца павышанай эмацыянальнасцю, набліжаецца да жывой, усхваляванай мовы чалавека. Пры гэтым лірычны верш адрозніваецца ўнутраным адзінствам. Перабой розных псіхалагіч­ных станаў у ім недапушчальны. Патрабаванне адной танальнасці, аднаго настрою вымагае лаканізму формы. Як правіла, вялікіх па памеры лірычных твораў не бывае, хаця ў практыцы сусветнага вершапісання сустракаецца жанр лірычнай паэмы: напрыклад, паэма “Яна і я” Я. Купалы, “Патрыятычная песня” П. Панчанкі, “Паэма без героя” Г. Ахматавай і інш.

Лірычная экспрэсія ўплывае і на падбор слоў, і на сінтаксічныя канструкцыі, і на фанетыка-рытмічную пабудову тэксту. Вялікую ролю адыгрывае ў лірычнай паэзіі рытм. Ён надае твору музычнасць і з’яўляецца сам па сабе змястоўным. Найбольшае эмацыянальнае ўздзеянне на чы­та­ча аказваюць лірычныя творы, дзе асноўнай ідэі, псіха­лагічнаму стану, заключанаму ў вершы, падпарадкоўваецца яго рытмічная арганізацыя. Скажам, элегічны, сумны настрой выразней перадаюць радкі, напісаныя трохскла­довым метрам (дактылем, амфібрахіем, анапестам), хуткасць, дынамізм – двухскладовым (харэем, ямбам) у спалучэнні з невялікай колькасцю стоп. Парушэнне гэтага прынцыпу часта адмоўна адбіваецца на адпаведнасці, правільнасці ўспрымання чытачом зместу твора. Да прыкладу, верш Л. Дранько-Майсюка “Жыццё Сцяпана Гаўрусёва...” прысвечаны трагічнай тэматыцы, памяці пісьменніка, але напісаны бойкім чатырохтопным ямбам.


Жыццё Сцяпана Гаўрусёва

Вадой Дняпра і родным словам

Было прасвечана да дна.
Часта лагічная ўпарадкаванасць выказванняў адыходзіць на перыферыю, саступае алагічным, хаатычным фразам. У большай ступені такая адметнасць уласціва паэзіі 20 ст., а падмурак падобнага спосабу выражэння лірычнай думкі быў закладзены сімвалістамі. У беларускай практыцы вершапісання падобныя прыёмы пачалі культывавацца адносна нядаўна і дагэтуль спарадычна, таму яны трывала звязваюцца з авангардным на­кі­рун­кам. У другой палове мінулага стагоддзя М. Танк, арыентуючыся на набыткі заходнееўрапейскага мастацтва слова, пачаў выкары­стоў­ваць элементы мадэрнісцкага стылю ў сваіх верлібрах. Магчыма, толькі ў беларускай паэзіі Беласточчыны разбурэнне тра­дыцыйнага сінтаксісу, адсутнасць ці нерэгулярнасць рыфмы, асацыятыўная лан­цу­го­васць успрымаюцца звыклымі, што абумоў­лена геаграфічным ста­новішчам рэгіёна і асаблівасцямі моўна-культурнай сітуацыі.

Аднак форма лірычнага твора не мае самадастатковага значэння. Сіла эмацыянальнага ўздзеяння верша вызначаецца перш за ўсё яго зместам. Менавіта ў ім спрэсаваны чалавечыя думкі і пачуцці.

Эспрэсіўнасць спрыяе і другой неад’емнай адметнасці лірыкі – сугестыўнасці, пад чым разумеецца максімальная ўнушальнасць, заражальная сіла твора. У эпасе і драме можна прымаць або не прымаць героя і яго погляды, іранізаваць ці спачуваць яму, г.зн. успрыняцце твора адбываецца з пэўнай дыстанцыі. Цалкам жа ўспрыняць лірычны твор – гэта адчуць настрой паэта, пранікнуцца думкамі аўтара, перажыць яго пачуцці як асабістыя. У гэтым і ёсць абаяльнасць лірыкі і адначасова складанасць яе разумення.

2 Паняцце лірычнага героя і тыпалогія лірычных твораў
Наяўнасць лірычнага героя – адна з адметных рыс лірыкі. Тэрмін гэты ўведзены Ю. Тынянавым у артыкуле “Блок” (1921) і ўжываецца ў сучасным літаратуразнаўстве побач з сінанімічнымі найменнямі “лірычнае “я”, “лірычны суб’ект” і “лірычны персанаж”. Лірычны герой – гэта носьбіт перажывання. Часцей за ўсё яго вобраз вымалёўваецца паступова, раскрываючы асобныя рысы, не з аднаго, а з шэрагу (цыкла) вершаў або нават творчасці ў цэлым. Лірычны герой цесна звязаны са светаадчуваннем, рэфлексіяй паэта над уласным духоўна-біяграфічным вопытам. Даволі часта яго немагчыма адрозніць ад асобы эмпірычнага аўтара. Лірыка, дзе лірычны суб’ект максімальна набліжаны да асобы творцы, атрымала назву аўтапсіхалагічная. Скажам, вершы М. Багдановіча “Я бальны, бескрыдлаты паэт...”, “Цемнавокая пані, канец!..” відавочна адлюстроўваюць біяграфічныя рэаліі і пера­жыванні самога пісьменніка. Першы выяўляе смутак паэта, звя­за­ны з прадчуваннем блізкай смерці, другі, прысвечаны Г. Какуевай, напісаны з нагоды яе замужжа. Аднак лірычнае перажыванне не тоеснае пачуццям паэта як біяграфічнай асобы. Аўтар можа адлюстроўваць сітуацыі, якія ў рэальным жыцці не перажываў, г. зн. звяртацца да творчай фантазіі, дапускаць мастацкі вымысел. У некаторых выпадках, асабліва ў грамадзянскай або любоўнай лірыцы, пісьменнік, свядома надзяляючы лірычнага героя тымі ці іншымі якасцямі, уплывае на ўспрыняцце ўласнага вобраза, стварае сабе жаданы імідж, бо большасць філалагічна непадрыхтаваных чытачоў схільна праецыраваць думкі і ўчынкі героя на асобу паэта. Таму нельга просталінейна атаясамліваць эмпірычнага аўтара са створаным ім вобразам. Лірычны герой – гэта вобраз, што, як і ўсе літаратурныя вобразы, з’яўляецца абагульненым, тыпізаваным.

Такім чынам, лірычныя перажыванні могуць належаць як самому па­эту, так і асобам, зусім да яго не падобным (гэта і адмоўныя ге­роі, персанажы іншага полу, нябожчыкі, рэчы і г. д.) Лірыку, дзе пе­радаюцца пачуцці асобы, адрознай ад аўтара, называюць ролевай. Прыкладам ролевай лірыкі з’яўляецца верш Я. Купалы “Я – калгасніца...”, дзе пісьменнік выяўляе свае пачуцці ад імя жанчыны:


Я – калгасніца

Маладая.


Жыву весела,

Ані дбаю.


Стан чалавечай свядомасці ўвасабляецца ў лірыцы рознымі спосабамі. Верш можа ўяўляць сабой спавядальны маналог, даносіць думкі непасрэдна, прама, а можа перадаваць пачуцці ўскосна, праз адлюстраванне сітуацый, з’яў, рэчаў, якія выклікалі гэтыя перажыванні. Калі ў цэнтры такога твора – дэскрыпцыя знешняй рэальнасці, то ён належыць да апісальнай лірыкі. Даволі часта апісальным спосабам выяўлення сваіх пачуццяў паэты карыстаюцца ў пейзажных вершах, хаця праз дэскрыпцыю могуць перада­вацца і перажыванні, звязаныя з каханнем, і маральна-этычныя праблемы. У іншых выпадках верш можа мець зачаткі сюжэта, г.зн. уключаць шырокі паказ з’яў і падзей, што спрычыніліся, стымулявалі ўзнікненне твора. Такая раз­навіднасць лірыкі атрымала назву апавядальная. Да прык­ла­ду, “Алеся”, “Мая жонка”, “Лён”, “Выпраўляла маці сына...” Я. Купалы з’яўляюцца тыповымі ўзорамі такога спосабу данясення галоўнай ідэі. Аднак канкрэтнасць, падзейнасць маюць тут другаснае значэнне, а галоўнае адводзіцца “вобразу-перажыванню”. Часам ускоснае выяў­лен­­не перажыванняў можа сустракацца ў вершах-кантамінацыях, дзе спалучаюцца элементы апісальнай і апавядальнай лірыкі:
Па арэшніку звонкі смех.

Едзем двое ў лес зімовы.

Толькі падае ціха снег,

Снег блакітны

І снег ружовы.
Сёння гэткі дзівосны дзень!

Лес кашлаты да неба вырас.

Толькі песня згубілася дзе?

Дзе падзеўся духмяны верас?


Час ад часу губляем след

І маўчым. Ды навошта

словы,

Калі падае ціха снег,



Снег блакітны

І снег ружовы. (“Двое” Я. Янішчыц)


Амаль у кожным лірычным творы ёсць медытатыўны пачатак, псіхалагічна напружаны роздум. У апісальнай лірыцы медытацыя заключана ў падтэксце. Па гэтай прычыне лірычны род не сумяшчаецца з нейтральным тонам выказвання, як, скажам, многія эпічныя творы.

У працэсе светаспасціжэння першачарговая роля належыць складаным і шматгранным стасункам паміж асобай і быццём, якія звычайна разгортваюцца ў трох асноўных напрамках: сацыяльнае жыццё індывіда, сувязь яго з колам прыватных асоб, узаемазалежнасць чалавека і прыроды. Адпаведна гэтаму ў сучасным прыгожым пісьменстве вылучаюцца тры разнавіднасці лірыкі: грамадзянская, інтымная, пейзажная. Умоўнасць такога падзелу, у аснову якога пакладзена найперш прыкмета зместу, і хісткасць межаў паміж асобнымі відамі пацвярджаецца наяўнасцю шматлікай колькасці вершаў змешанага, “камбінаванага” тыпу. Напрыклад, вершы Я. Купалы “Зіма”, “Зімовая ноч”, “Крым”, “Спадчына”, дзе праз замілаванасць пейзажам выяўляюцца патрыятычныя пачуцці, аднолькава належаць грамадзянскай і пейзажнай лірыцы.

Многія даследчыкі вылучаюць яшчэ адзін від лірыкі – філасофскую, якая адлюстроўвае рэфлексію асобы ў імкненні спасцігнуць таямніцы светабудовы, дапамагае асэнсаваць фено­мены часу, вечнасці, смерці, выяўляе напружаны роздум пра прызначэнне чалавека на зямлі. Нягледзячы на тое, што “ледзьве не ў кожным лірычным творы прысутнічае медытатыўны пачатак” (В. Халізеў), не ўласцівая лірыцы дыскурсіўнасць, рацыянальнасць такіх вершаў доўгі час выклікала спрэчкі сярод літаратуразнаўцаў. Неабходна зазначыць, што эскалацыя вершаў уласна філасофскага зместу ў апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя аформілася ў інтэлектуальна-філасофскі кірунак і ў айчынным мастацтве слова, які рэпрэзентуюць М. Танк, А. Разанаў, Н. Артымовіч, Г. Булыка, Г. Дубянецкая і інш.

3 Спецыфічныя рысы і стылістычныя тэндэнцыі сучаснай беларускай лірыкі
Мадэрнізацыя свядомасці ў постсавецкай культурнай прасторы ў многім абумоўліваецца катэгарычным адмаўленнем мастакамі слова ідэалагічнай рыторыкі, псеўдаграмадзянскасці, дагматыкі савецкага часу. На сучасным этапе ў прыгожым пісьменстве магістральная роля належыць сцвярджэнню вечных, агульначала­вечых і нацыянальных каштоўнасцей. “Афіцыйнае” вяртанне ў сферу мастацтва і жыцця паняццяў вера, Бог адбілася ў паэзіі пашырэннем рэлігійных і хрысціянска-філасофскіх матываў, якія займаюць важнае месца ў творчасці Р. Барадуліна, В. Шніпа, С. Законнікава, Г. Тварановіч, В. Аксак, Т. Бондар і інш. Акрамя біблейскіх сюжэтаў і вобразаў, паэты паслядоўна звяртаюцца да антычнай міфалогіі, а таксама выкарыстоўваюць багаты вопыт народнай міфасвядомасці, тым самым далучаючыся да першакрыніц, асноў беларускай духоўнасці. Паказальнай у гэ­тым сэнсе з’яўляецца творчасць Р. Барадуліна, А. Сыса, А. Мінкіна, М. Скоблы і інш. З імкненнем да захавання нацыянальнай памяці звязана і цікавасць сучасных аўтараў (Н. Гілевіча, А. Разанава, Я. Сіпакова, Л. Рублеўскай, Н. Мацяш, І. Багдановіч і інш.) да гістарычнай тэматыкі. Пры гэтым шматаспектнасць яе ўва­саблення – ад рамантызацыі далёкага мінулага да рэалістычнага паказу падзей і постацей даўніны – сведчыць пра пераасэнсаванне вобразаў нашых славутых продкаў і разбурэнне ранейшых стэрэатыпаў у асвятленні гістарычных калізій.

Пошук нацыянальнай ідэі і адраджэнне самасвядомасці бе­ла­ру­саў характарызуюць патрыятычна-публіцыстычную па­э­тыч­ную плынь, што набыла асаблівую папулярнасць у 90-я гг. Яе рэ­прэзентуюць Н. Гілевіч, Г. Бураўкін, А. Сыс, В. Куртаніч, В. Шніп, Л. Рублеўская, С. Сокалаў-Воюш і інш. Публіцыстычнасць стылю ўласціва і вершам з экалагічнымі матывамі, пашырэнне якіх дэтэрмінавана пагрозлівым дысанансам сучаснага чалавека і прыроды, парушэннем гармоніі паміж бія- і наасферай (Р. Барадулін, Ю. Свірка, А. Пісьмянкоў, А. Сыс, Э. Акулін і інш.), а таксама творам чарнобыльскай тэматыкі, з’яўленне якіх стала балючым водгукам на трагедыю нацыянальнага маштабу (М. Мятліцкі, Р. Барадулін, А. Вялюгін, С. Законнікаў, У. Някляеў і інш.).

Атрыбутыўнай адзнакай сённяшняй лірыкі выступае адлюстра­ванне гарадскіх рэалій як натуральнага, а не варожага асяродку чалавечага існавання. Урбаністычная тэматыка стала неад’­емнай часткай паэтычнага свету Г. Булыка, Л. Дранько-Майсюка, А. Глобуса, Л. Рублеўскай, І. Багдановіч і інш. Разам з тым традыцыйныя для беларускай традыцыі вершапісання тэмы вёскі і настальгіі па ёй, жывапісання прыроды і ўвасаблення прыгажосці родных краявідаў, жахаў і наступстваў вайны (прычым як Вялікай айчыннай, так і вайны ў Афганістане), кахання і інтымных перажыванняў асобы, якія знаходзяць сваё ўвасабленне ў лірыцы ледзьве не кожнага аўтара, займаюць трывалыя пазіцыі і ў сучаснай паэзіі.

Як бачым, беларуская паэзія сёння – з’ява шматаблічная і неаднародная. У сваёй кнізе “Ад даўніны да сучаснасці” У. Гні­ла­мё­даў вылучае шэсць асноўных мастацка-стылёвых плыней ў сучаснай лірыцы – лірыка-апавядальную, рамантычную, публіцыс­тыч­ную, мастацка-сінкрэтычную, філасофска-аналітычную, універ­саль­на-інтэлек­туальную – і адзначае іх кантактнасць, дыфузію, узаемапра­нікальнасць. Тым не менш у агульным выглядзе можна сфармуляваць дамінанты развіцця беларускай лірыкі на сучасным этапе. Гэта:

- узмацненне асобаснага пачатку, суб’ектыўна-выяўленчага фактару;

- дэкананізацыя традыцыйных форм, эстэтычная арыгінальнасць (жанрава-эстэтычны сінкрэтызм, сінтэз паэзіі і прозы, вынаход­ніцтва новых фармальных адзінак), што значна ўскладняе вызначэнне жанравай прыроды твора;

- арыентацыя на сусветныя культурныя традыцыі, і ў прыватнасці, еўрапейскі мадэрнізм і постмадэрнізм, што спрыяе актывізацыі класічных еўрапейскіх і ўсходніх форм лірыкі;

- інтэлектуалізацыя і філасафічнасць; шырокае выкарыстанне форм мастацкай умоўнасці (прытчы, парабалы і інш.)

- шматтэмнасць, якая часта праяўляецца ў межах аднаго верша;

- цяга да мініяцюрных, лаканічных форм верша, адсутнасць буйных вер­­шаваных форм (рэдкае выключэнне – раман у вершах Н. Гілевіча “Лодачкі”);

- трагедыйна-драматычнае светаадчуванне, уласцівае “памеж­наму чалавеку”;

- полістылістычнасць (спалучэнне ў паэзіі канкрэтнага аўтара прыёмаў розных мастацкіх стылей – рэалізму, неарамантызму, імпрэсіянізму, сімвалізму, постмадэрнізму, экзістэнцыялізму і інш.).


1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка