Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт



старонка1/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.65 Mb.
  1   2   3   4
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Установа адукацыі

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Францыска Скарыны”


АНТРАПАНІМІЯ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ

Ў КАНТЭКСЦЕ БЕЛАРУСКАЙ АНАМАСТЫКІ
Практычнае кіраўніцтва

для студэнтаў спецыяльнасці

1-21 05 01 “Беларуская філалогія”

Гомель 2012
УДК 81.161.3:81’373.23 (476.2) (075.8)

ББК 81.411.3 – 314 + 81.031.4 (4 Бел – 4 Гом) я 73

Б 14

Аўтар: Н. А. Багамольнікава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт


Рэцэнзенты: З. У. Шведава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры беларускай мовы УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”;

Т. А. Карніеўская, кандыдат філалагічных навук, выкладчык кафедры замежных моў УА “Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт”


Рэкамендавана да друку Навукова-метадычным саветам установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”

Антрапанімія Гомельшчыны ў кантэксце беларускай анамастыкі: для студ. дзённай і завочнай форм навучання спецыяльнасці 1-21 05 01 “Беларуская філалогія (па накірунках)”/ Аўт. Н. А. Багамольнікава. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2012. – с.

ISBN
Практычнае кіраўніцтва ахоплівае главу “Антрапаніміка як раздзел анамастыкі” спецкурса “Анамастыка Гомельшчыны: назвы роднага краю” і накіравана на засваенне і замацаванне тэарэтычнага матэрыялу дысцыпліны. Для ўдасканалення практычных уменняў студэнтаў пададзены трэніровачныя практыкаванні, пытанні і заданні для самакантролю. У дапамогу студэнтам для авалодання тэарэтычнымі і практычнымі ведамі па дысцыпліне прапанаваны спіс асноўнай і дадатковай літаратуры, навукова-метадычныя матэрыялы.

Адрасуецца студэнтам дзённай і завочнай форм навучання спецыяльнасці 1-21 05 01 “Беларуская філалогія (па накірунках)”. Дапаможнік таксама можа быць выкарыстаны навучэнцамі каледжаў, гімназій, ліцэяў і настаўнікамі агульнаадукацыйных школ, краязнаўцамі.

© Багамольнікава Н.А., 2012

© Установа адукацыі

“Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Францыска Скарыны”, 2012


З М Е С Т

Уводзіны……………………………………………………………

1Антрапаніміка як раздзел анамастыкі…………………………...

1.1 Асабовыя імёны………………………………………………

1.2 Імёны па бацьку………………………………………………

1.3 Прозвішчы …………………………………………………..

1.4 Мянушкі і размоўна-бытавыя найменні…………………..

1.5 Псеўданімы …………………………………………………

Літаратура…………………………………………………………

Дадатак А. Прыкладная тэматыка рэфератаў…………………..



Уводзіны
Карыстаючыся мовай, мы кожны дзень сустракаемся з уласнымі імёнамі. Яны служаць для наймення людзей, геаграфічных і касмічных аб’ектаў, жывёл, розных прадметаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Да ўласных адносяцца імёны як рэальна існуючых або існаваўшых людзей, гарадоў, сузор’яў і г.д., так і найменні прадметаў, створаных фантазіяй чалавека – імёны багоў, персанажы мастацкай літаратуры і фальклору. Функцыянальная і моўная своеасаблівасць імён прывяла да таго, што іх пачалі вывучаць у асобным раздзеле мовазнаўства – “Анамастыцы” (з грэч. ‘майстэрства даваць імёны’). На сённяшні дзень, калі анамастыка стала самастойнай дысцыплінай, вырасла неабходнасць яе вывучэння. Школьнай праграмай увага ўласным імёнам удзяляецца фрагментарна. Аднак студэнт-філолаг, будучы настаўнік мовы і літаратуры, павінен быць знаёмы з гісторыяй анамастыкі, яе прадметам, тым больш што анамастыка мае выразна бачны міждысцыплінарны характар: цесна звязана з геаграфіяй, гісторыяй, этнаграфіяй, археалогіяй, фальклорам. Вывучэнне анамастыкі заснавана і на раней атрыманых ведах па такіх дысцыплінах, як “Дыялекталогія”, “Гісторыя беларускай мовы”, “Сучасная беларуская мова”.

Спецкурс “Анамастыка Гомельшчыны: назвы роднага краю” вывучаецца студэнтамі 4 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” дзённай і завочнай формаў навучання ў аб’ёме 38 гадзін вучэбных заняткаў (з іх 28 гадзін лекцыйных і 10 гадзін практычных заняткаў). Неабходнасць і актуальнасць спецкурса тлумачыцца тым, што ён з’яўляецца важным звяном у ланцужку агульнафілалагічнай адукацыі студэнтаў, спрыяе вырашэнню задачы гісторыка-культурнага асваення нацыянальнай спадчыны беларускага народа шляхам вывучэння такога яго значнага моўнага пласта, як уласная лексіка, знаёміць з анамастыконам Усходняга Палесся і ўзроўнем яго даследавання. Спецкурс арыентуе студэнтаў на вытлумачэнне ўласных назваў Гомельшчыны ў іх структурна-семантычным і функцыянальна-камунікатыўным аспектах, на выяўленне адметных спецыфічных заканамернасцей, якія праяўляюцца на розных узроўнях класаў анамастычнай лексікі, на ўсебаковае апісанне яе як жывой і рухомай з’явы, дапамагае зразумець яе дынаміку і асноўныя тэндэнцыі развіцця.

Мэтай спецкурса з’яўляецца засваенне студэнтамі неабходных, правільна і навукова абгрунтаваных тэарэтычных звестак у галіне анамастыкі з улікам ідыяэтнічнага нацыянальнага кампанента беларускай мовы, а таксама набыццё практычных уменняў і навыкаў для ўсебаковага аналізу розных класаў онімаў Гомельшчыны і для ўкладання онімаў у анамастычныя слоўнікі.

З асноўнай мэты спецкурса і яго прадмета вынікае шэраг задач:

– засваенне дастатковай колькасці тэарэтычных ведаў для ўсведамлення анамастыкі як самастойнай лінгвістычнай навукі, што стаіць асабліва цесна на стыку гісторыі і геаграфіі;

– фарміраванне ўяўленняў студэнтаў пра асноўныя анамастычныя паняцці, аспекты і метады даследавання анамастычнага матэрыялу;

– аналіз сучаснага стану анамастычнай навукі ў Беларусі і на Гомельшчыне;

– фарміраванне ўменняў і навыкаў выкарыстання тэарэтычных ведаў для вырашэння канкрэтных лінгвістычных задач у галіне анамастыкі;

– заахвочванне студэнтаў да навукова-даследчай работы па анамастыцы;

– авалоданне ўстойлівымі навыкамі самастойнай інтэрпрэтацыі моўных з’яў.

Студэнт павінен ведаць тэарэтычную базу вывучаемай дысцыпліны, функцыі розных відаў анамастычнай лексікі ў сістэме, метадалогію даследавання ўласных найменняў, стан вывучэння анамастычнай лексікі ў Беларусі і на Гомельшчыне ў прыватнасці, мець навыкі самастойнай работы з онімным матэрыялам. На рэалізацыю мэт і задач спецкурса і накіраваны змест дапаможніка, які складаецца з тэарэтычнай і практычнай частак, прыкладнай тэматыкі рэфератаў, спіса рэкамендуемай літаратуры.

Лекцыйны матэрыял скіроўвае студэнтаў на атрыманне неабходных тэарэтычных ведаў па анамастыцы: яны знаёмяцца з анамастыкай як галіной мовазнаўства і яе месцам сярод іншых дысцыплін, аб’ектам, прадметам і задачамі даследавання, аспектамі даследавання, метадамі даследавання, сярод якіх прымяняюцца агульнанавуковыя і спецыфічныя анамастычныя метады, вывучаюцца асноўныя адзінкі і паняцці анамастыкі, віды анамастыкі. Затым адбываецца азнаямленне з раздзеламі гэтай навукі, але найбольшая ўвага ўдзяляецца антрапаніміцы (вывучае ўласныя імёны людзей), тапаніміцы (навука аб уласных імёнах геаграфічных аб’ектаў) і іх падраздзеламі, разглядаецца ўклад анамастаў Гомельшчыны ў развіццё навукі аб імёнах.

Падчас практычных заняткаў выпрацоўваюцца навыкі структурна-семантычнага аналізу на загадзя падрыхтаваным фактычным матэрыяле розных класаў онімаў. Гэта могуць быць спісы імён, імён па бацьку і прозвішчаў студэнтаў курса, тапонімы, сабраныя палявым метадам па месцы нараджэння і пражывання студэнтаў ці іх родзічаў. Студэнты знаёмяцца з методыкай збору і лексікаграфічнай апрацоўкі матэрыялу. Вывады па даследаванні падмацоўваюцца ў выглядзе табліц, схем, дадаткаў. Студэнты авалодваюць і картаграфічным метадам аналізу ўласных імён, тэхнікай укладання іх у слоўнікі розных тыпаў. Пасля наведвання спецкурса студэнты звычайна пішуць навуковыя даклады, з якімі выступаюць на студэнцкіх навуковых канферэнцыях, курсавыя і дыпломныя работы.

У выніку студэнт павінен умець:

– карыстацца анамастычнымі паняццямі і тэрмінамі ў іх сістэмна-структурных сувязях;

– збіраць фактычны матэрыял, праводзіць яго лексікаграфічную апрацоўку;

– валодаць асноўнымі відамі лінгвістычнага аналізу;

– прапагандаваць анамастыку як навуку ў шырокіх колах грамадскасці з мэтай разгорнутай работы па зборы мясцовага анамастычнага матэрыялу, які па розных прычынах пачынае знікаць;

– валодаць тэхнікай укладання фактычнага матэрыялу ў слоўнікі;

– карыстацца навуковай, даведачнай і метадычнай літаратурай па анамастыцы;

– мець навыкі правядзення краязнаўчай работы ў школе, раёне, вобласці.

Студэнты знаёмяцца са зніклымі рэліктавымі назвамі і тымі, якія ўзніклі ў глыбокай старажытнасці, але існуюць і сёння і ўяўляюць сабой сталую нацыянальную каштоўнасць на тэрыторыі ўсходніх славян. Яны “адкрываюць” для сябе ў тапаніміі старажытныя лексемы, напрыклад, такія, як весь ‘вёска’, морг ‘мера зямельных плошчаў у Вялікім княстве Літоўскім, адпаведная 0,75 га’ і інш.

Жыццёвыя абставіны вымушалі чалавека адрозніваць адзін аб’ект ад другога. Міналі стагоддзі, а колькасць онімаў няўхільна расла, і цяпер іх немагчыма падлічыць. Яны выконваюць не толькі сваю адрасную функцыю. Гэта словы, якія абазначалі раней пэўнае паняцце. “…анімічныя адзінкі – у гісторыі, а гісторыя – у анімічных адзінках “, – сцвярджае даследчыца Г. М. Мезенка. Уласныя назвы захоўваюць каштоўныя звесткі пра гісторыю роднага краю, яго сівую старажытнасць і нядаўняе мінулае. Гэта неад’емная частка нашай мовы ў цэлым. Таму збор анамастычнага матэрыялу, яго вывучэнне і лексікаграфічнае апісанне па-ранейшаму застаецца адной з актуальных і навукова важных задач. У яе вырашэнні павінны прымаць актыўны ўдзел і дапытлівыя студэнты. Нам у нашым рэгіёне патрэбна як мага хутчэй занатаваць уласныя найменні, якія знікаюць разам з адсяленнем населеных пунктаў вобласці ў выніку аварыі на ЧАЭС і штогадовым змяншэннем колькаснага складу сталага насельніцтва.
1 Антрапаніміка як раздзел анамастыкі
Антрапаніміка ( ад грэч. аnthropos ‘чалавек’ і onyma ‘імя’) – раздзел анамастыкі, што вывучае антрапонімы: уласныя імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, мянушкі, псеўданімы, крыптанімы, бытавыя назвы, іх паходжанне, развіццё, сацыяльнае функцыянаванне, а таксама сукупнасць уласных імёнаў – антрапанімію. Антрапаніміка цесна звязана з гісторыяй, этнаграфіяй, сацыяльнай псіхалогіяй, правам, эстэтыкай. Амаль кожная краіна, у тым ліку і Беларусь, мае афіцыйную антрапанімную сістэму, побач з якой існуюць паралельныя неафіцыйныя сістэмы (бытавыя найменні). Зразумела, іменаслоўная сістэма складваецца гістарычна і не застаецца нязменнай.

Пад беларускай антрапаніміяй разумеецца сукупнасць антрапонімаў, якія ўжываюцца беларускім насельніцтвам. Па паходжанні яны могуць быць як беларускімі, так і запазычанымі з іншых моў (славянскіх, неславянскіх), але якія асвоеныя беларусамі і лічацца сваімі словамі. Навука, што вывучае беларускую сістэму імён, называецца беларускай антрапанімікай.

Гісторыя дысцыпліны ў сваіх аналагах налічвае нямала значных прац. Грунтоўныя даследаванні беларускай антрапаніміі звязаны з імем М. В. Бірылы, які першы звярнуў увагу на адзначаны клас онімаў і прысвяціў ім 4 кнігі: Беларускія антрапанімічныя назвы ў іх адносінах да антрапанімічных назваў іншых славянскіх моў (рускай, украінскай, польскай) – Мн., 1963; Беларуская антрапанімія. У 3 ч. Ч. 1. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. – Мінск, 1966. Ч. 2. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі. – Мінск, 1969. Ч. 3. Структура ўласных мужчынскіх імён. – Мінск, 1982. У першых працах вучоны глыбока аналізуе этымалогію імён, прозвішчаўтваральных асноў і структуру сучасных беларускіх прозвішчаў, што ўзніклі на базе апелятыўнай лексікі і на аснове ўласных імён літоўскага і цюркскага паходжання; структуру мужчынскіх хрысціянскіх імён XYI–XYIII стст., імён, рэканструяваных па сучасных беларускіх прозвішчах, у тым ліку і сучасныя мужчынскія імёны. У працах паказаны таксама асаблівасці адаптацыі кананічных імён на аснове беларускай мовы, дэталёва апісана словаўтваральная структура поўных афіцыйных, размоўных, эмацыянальна-ацэначных імён.

Заслугоўвае ўвагі і выдадзены ў 1965 г. “Слоўнік асабовых уласных імён”, складальнікам якога стаў М. Р. Суднік.

У 70-х г. праблематыка антрапанімічных даследаванняў істотна пашыраецца: аналізуюцца беларуска-латышскія сувязі ў антрапаніміі (гл. М. Я. Грынблат. Беларуска-латышскія сувязі ў тапаніміі і антрапаніміі БССР // Беларуская анамастыка. – Мінск, 1977), праводзіцца сацыялінгвістычны і псіхалінгвістычны аналіз сітуацыі выбару імён пры называнні (гл. працу У. А. Івашкі “Как выбирают имена”).

Г. К. Усціновіч даследавала гістарычную антрапанімію Гродзеншчыны і Брэстчыны (XIY–XYIII стст.) , дзе разглядала лексіка-семантычны састаў і структуру ўласных асабовых імён і імён апелятыўнага паходжання.

Балтыйскаму паходжанню асобных беларускіх антрапонімаў прысвечаны артыкулы В. П. Рымшы.

У 80–90 –я гг. вывучэннем сучаснага антрапанімікону займаецца І. А. Шумская.

Значнае месца адводзіцца лексікаграфічным выданням. Беларускія псеўданімы сабраў і зафіксаваў Я. Саламевіч. У 1990-м г. пад рэд.

М. В. Бірылы створаны “Анамастычны слоўнік твораў Я. Коласа”. Першая спроба слоўніка такога тыпу была зроблена ў Расіі (“Анамастычны слоўнік твораў А. С. Пушкіна”).

Вялікую ролю ў распрацоўцы праблем анамастыкі адыграла з’яўленне зборнікаў “Беларуская анамастыка”, якія выдаюцца рэгулярна з 1977 г.

Поспехі ў даследаваннях апошніх гадоў па антрапаніміі, яе прадметнай зонай, праблематыкай, метадалогіяй варта звязваць з імем Г. М. Мезенка. У апошні час вялікая ўвага стала надавацца рэгіянальнаму матэрыялу. У прыватнасці, В. І. Рагаўцовым і С. Я. Кечык выдадзены “Анамастычны слоўнік Магілёўшчыны”, што ўключае і мянушкі.

Трэба зазначыць, што антрапанімія з’яўляецца аб’ектам даследавання і лінгвістаў нашага рэгіёна. Так, В. В. Шур вывучае асаблівасці функцыянавання антрапонімаў у мастацкай літаратуры, В. А. Ляшчынская – у паэзіі Янкі Купалы, Л. П. Кузьміч звяртаецца да спецыфікі іх выкарыстання ў беларускім паэтычным фальклоры. Антрапанімія ў творах Ф. Скарыны з’яўляецца аб’ектам увагі С. В. Чайковай. З. У. Шведава аналізуе ўтварэнне імён па бацьку ў помніках старабеларускай пісьменнасці XYI–XYIII стст. З 2002 г. (2004, 2006) пад кіраўніцтвам прафесара Р. М. Казловай у Гомелі пачала праводзіцца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Славянская гідранімія (анамастыка) у арэальным, этымалагічным, храналагічным, словаўтваральным і семантычным аспектах”, на якой вучоныя прысвячаюць свае даклады таксама пытанням антрапаніміі. У нашым рэгіёне атрымалі працяг і працы лексікаграфічнага характару. А. А. Станкевіч і Н. І. Фраловай выдадзены “Слоўнік-даведнік асабовых імён”, што складаецца з перакладной і даведачнай частак. У апошняй змяшчаюцца звесткі аб асаблівасцях скланення і ўтварэння некаторых імён, імён па бацьку і прозвішчаў, разглядаецца паходжанне імён, указваюцца звесткі з царкоўнага календара пра імёны ў святцах. У перакладной частцы падаюцца рэкамендацыйныя руска-беларускі і беларуска-рускі спісы нарматыўных варыянтаў і форм мужчынскіх і жаночых імён, імён па бацьку. Калектывам кафедры беларускай мовы падрыхтаваны і апублікаваны “Слоўнік мовы Янкі Купалы”, шосты том якога (“Анамастыка Купалы”) фіксуе антрапанімікон, ужыты Купалам у сваіх творах. У. А. Бобрык займаецца ўкладаннем слоўнікаў мянушак і прозвішчаў Гомельшчыны.

Прафесар А. Ф. Рогалеў правёў гістарыяграфічны аналіз імён упраўляючых Гомеля, гомельскіх баяр і сялян (XYI ст.). Т. А. Карніеўская даследуе іменаслоўную сістэму Гомеля за перыяд з 1951 па 2000 гады.



Стан вывучэння антрапаніміі Гомельшчыны. Антрапанімія Гомельшчыны таксама актыўна вывучаецца лінгвістамі нашага рэгіёна. Сярод публікацый гэтага накірунку пэўнае месца належыць працам А. Ф. Рогалева. Так, у кнізе “Историческая антропонимия Гомеля и его окрестностей” (Гомель, 2009) аўтар раскрывае спецыфіку найменавання жыхароў Гомеля і гомельскіх вёсак у XYI–XYIII стст., разглядае станаўленне сучаснага прозвішчнага фонда ў рэгіёне, змяшчае спіс найбольш частотных мужчынскіх і жаночых уласных імён, падае іх этымалагічныя значэнні. Ім прааналізаваны і імёны ўпраўляючых Гомеля, гомельскіх баяр XYI ст. [23-25].

Пытанні дынамікі іменніка Гомеля другой паловы ХХ ст. асвятляюцца ў працах Т. А. Карніеўскай. Даследчыца ў сваёй манаграфіі даследуе іменаслоўную сістэму Гомеля за перыяд з 1951 па 2000 гг. Антрапанімікон адзначанага перыяду разгледжаны на ўзроўні лінгвістычных (паходжанне, варыянтнасць) і пазалінгвістычных (папулярнасць імён, частотнасць ужывання) фактараў [9, 10].

Варта прыгадаць і артыкулы В. А. Капытка, прысвечаныя прынцыпам намінацыі мянушак Гомельшчыны, высвятленню сістэмна-структурных фактараў, што абумоўліваюць фарміраванне антрапонімаў [5, 6].

Аналіз прыроды мянушак Гомельшчыны, асобных яе зон, апісанне іх матывацыйнай базы праведзены ў артыкулах У. А. Бобрыка [4, 5]. Аўтар працуе і над укладаннем перспектыўнага слоўніка прозвішчаў і мянушак нашага рэгіёна.

Як бачна, у вывучэнні антрапонімаў Гомельшчыны на сённяшні дзень зроблена нямала.


1.1 Асабовыя імёны
Сучасная форма іменавання ва ўсходніх славян уключае тры элементы: імя, імя па бацьку і прозвішча. Фарміраванне такой мадэлі называння асобы на працягу стагоддзяў адбывалася паступова. Яшчэ ў XIX ст. вучоныя звярталіся да пытання перыядызацыі гэтага анамастычнага пласта, аднак і на сённяшні дзень яно застаецца праблемным.

Лінгвісты (А. І. Сабалеўскі) і гісторыкі XIX – пачатку XX стст. у гісторыі антрапаніміі выдзелілі два перыяды: дахрысціянскі і хрысціянскі.

Іншыя даследчыкі (Г. У. Суслава, А. В. Супяранская) у сваёй кнізе “Аб рускіх імёнах” адзначаюць тры перыяды: дахрысціянскі, калі выкарыстоўваліся ўласна славянскія, язычніцкія імёны; перыяд пасля прыняцця хрысціянства на Русі, якое суправаджалася ўвядзеннем царквой новых хрысціянскіх абрадаў і іншаземных імён, і новы, што пачаўся пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Новы перыяд – яго яшчэ называюць савецкім – характарызуецца поўным пераходам да трохчленнай формулы іменавання і зацвярджэннем яе як юрыдычна абавязковай (падрабязна характарызаваць перыяды мы будзем ніжэй).

У анамастычных даследаваннях сустракаецца і больш падрабязная перыядызацыя, якая ўключае 4–5 перыядаў (гл. работы В. Д. Бандалетава, У. А. Ніканава). Т. А. Карніеўская на аснове важных гістарычных змен, якія аказалі найбольшы ўплыў на развіццё антрапанімікону, вылучае 6 перыядаў:

1. Дахрысціянскі – са старажытнасці да 988 г. (хрышчэнне Русі). Тагачасны антрапанімікон вылучаецца пры дапамозе рэканструкцый і пазнейшых пісьмовых фіксацый. Галоўнай рысай гэтага перыяду з’яўляецца чыста славянскае паходжанне імён, што ў структурных адносінах падзяляліся на аднаасноўныя і двухасноўныя. Ужыванне груп было абумоўлена сацыяльнымі прычынамі.

2. XI–XYIII стст. – перыяд барацьбы і ўзаемадзеяння дахрысціянскіх і хрысціянскіх імён. Дахрысціянскія імёны павольна саступаюць месца ў дзелавых дакументах кананізаваным. У паўсядзённым жа жыцці карыстаюцца яшчэ спрадвечнымі. На заходніх землях Беларусі пачынаюць з’яўляцца адзінкі каталіцкай іменаслоўнай сістэмы.

3. XYIIIст.–1917 г. – перыяд панавання кананізаваных імён і іх форм. Дахрысціянскія імёны выцясняюцца з ужытку. На першае месца выходзяць сацыяльныя матывы надання імя, сувязь з аграрным календаром.

4. 1917–1930 гг. – т. зв. “перыяд новатворчасці”, дэхрысціянізацыя традыцыйнага іменаслову і наданне свабоды ў выбары імя. Гэта быў перыяд існавання самых гратэскных, незразумелых імён, у тым ліку і адапелятыўнага паходжання (каля 3000). Ідзе актыўнае запазычанне заходніх онімаў з выразнымі іншамоўнымі фанетычнымі і граматычнымі характарыстыкамі.

5. 1930–1990 гг. – перыяд традыцыйнасці, падчас якога колькасць выкарыстоўваемых імён была абмежаванай. Адбываецца ўніфікацыя іменаслову ў адносінах да складу імён і іх частотнасці. Адзначаецца вялікі ўплыў расійскага іменаслову, хаця застаюцца ва ўжытку імёны праваслаўнай і каталіцкай сістэм.

6. 1990 г. – па сённяшні дзень. Іменаслоў пачаў значна мяняцца. На сцэну сталі выходзіць старыя, забытыя імёны, актыўна запазычваюцца онімы з іншых моў, з’яўляюцца разнастайныя варыянты вядомых онімаў [10] .

Як бачна, адзіная, прынятая ўсімі даследчыкамі класіфікацыя перыядаў антрапаніміі адсутнічае.

Мы схільны кіравацца той класіфікацыяй, якую прапанавалі Г. У. Суслава і А. В. Супяранская.

Уласныя назвы ў лексіцы кожнай мовы займаюць асобнае месца. Яны вылучаюцца па паходжанні і па функцыях, якія выконваюць.

Імя, імя па бацьку і прозвішча з’яўляюцца сталымі спадарожнікамі чалавека на працягу ўсяго яго жыцця. З гэтых трох відаў імя – самае старажытнае. На жаль, гістарычных помнікаў дахрысціянскага перыяду захавалася мала (у асноўным ёсць грэка-візантыйскія), таму дасканала апісаць антрапанімію дахрысціянскага перыяду надзвычай цяжка. Пра імёны, якія былі ва ўсходніх славян да ўвядзення хрысціянства, магчыма меркаваць па назіраннях гісторыкаў, па фіксацыях у летапісах XI–XYII стст., у антрапаніміі XY–XYII стст. Спробу рэканструяваць антрапанімікон да X ст. зрабіў М. М. Тупікаў, які сабраў каля 5300 мужчынскіх і каля 50 жаночых імён (гл. Тупиков Н. М. Словарь древнерусских личных собственных имён. – СПб., 1903). А. В. Супяранскай выдадзены “Словарь русских личных имён”, што ўключае звыш 7500 агульнаславянскіх, праваслаўных, старажытнарускіх і новых, якія ўзніклі ў XX ст., імён (гл. Суперанская А. В. Словарь русских личных имён. – Москва: ЭКСМО, 2003. – 543 с.).

Ахарактарызуем першы перыяд. Да прыняцця хрысціянства (988 г.) славяне выкарыстоўвалі два тыпы імён, утвораных на базе славянскай лексікі:



  1. Складаныя (двухасноўныя) тыпу Володимер (‘які валодае светам’), Станислав (‘станавіцца і слава’), Святослав (‘святы і слава’), Борислав ( ‘той, хто змагаецца за славу’), Ярослав (‘ярый і слава’), Ростислав (‘расці і слава’), Ратмир (Рати мир) (‘абараняць мір’ ад раць і мір), Богумил (‘мілы Богу’), Богуслав (‘слава Богу’) і інш. (працягнем ланцужок – Вітагосць, Дарабуд, Дамажыр, Рацібор, Хатавід, Святаполк). Імёны на -слаў насілі звычайна ўдзельныя князі, прадстаўнікі вышэйшай алігархіі. У імёнах гэтай групы пераважаюць кампаненты ‘добр’, ‘свят’, ‘слаў’, ‘міл (а)’, ‘мір’, ‘валод’, ‘Бог’, ‘даць’. Славяне высока ставілі ўладу, высокае сацыяльнае становішча, ім характэрны стан міру, а не вайны, таму славянскія імёны нясуць у сабе семантыку святла, спакою, імкнуцца даць сваім носьбітам такія рысы характару, як дабрыня, любоў, міласць, мірнасць. Армейскія ж здольнасці (Браніслаў, Мечыслаў) ці адмоўныя рысы чалавека (Мсціслаў) падкрэслівалі рэдка.

Простыя (аднаасноўныя) утвораны семантычным шляхам ад розных груп апелятыўнай лексікі тыпу: Заяц, Дуб, Волк, Граб, Сокал, Жук і інш. Простыя імёны даследчыцы Г. У. Суслава і А. В. Супяранская падзяляюць на 9 падгруп:

а) лікавыя імёны: Первак, Первой, Второй, Второк, Третьяк;

б) імёны, дадзеныя па колеры валасоў і скуры: Бел, Белой, Белуха, Черныш, Черняй; апелятыўнай лексікі тыпу Заяц, Дуб, Волк, Граб, Сокал, Жук і г.д.

в) імёны, дадзеныя па іншых знешніх прыкметах: Долгой, Сухой, Мал, Малой, Малуша, Головач;

г) імёны, якія прысвойваліся ў залежнасці ад характару і паводзін дзіцяці: Бессон, Забава, Молчан, Смеяна, Смирной;

д) імёны, звязаныя з адносінамі ў сям’і да дзіцяці: Любим, Любава, Милава, Поспел, Чаян;

е) імёны, што надаваліся па часе нараджэння дзіцяці: Вешняк, Зима;

ё) імёны, што паходзілі ад старажытных павер’яў (так зв. “імёны-абярэгі” ад злых духаў): Злоба, Немил, Некрас, Нелюба, Старой;

ж) імёны, якія называлі суседнія славянам народы: Казарин, Карел, Татарин;

з) імёны, звязаныя з жывёльным і раслінным светам (выступалі як своеасаблівы перажытак анімізму): Кот, Корова, Пырей, Щавей і інш.

Такія ўласна славянскія імёны выконвалі дзве функцыі: служылі для абазначэння асобы і вылучэння яе з ліку іншых (намінатыўна-ідэнтыфікуючая) і абаранялі носьбіта ад злых сіл (прафілактычна-пажадальная). Старажытны чалавек верыў, што элементы прыроды навакольнага асяроддзя адносяцца да яго добра альбо кепска, верыў у магічную сілу слова, быў упэўнены, што жывёльны свет, дрэвы, розныя з’явы прыроды, назвы якіх узяты ў якасці імён, становяцца іх апекунамі. У той перыяд практычна кожнае паўназначнае слова магло быць выкарыстана як уласнае асабовае імя. Славян да прыняцця хрысціянства называлі язычнікамі, ці паганцамі (ад царк.-сл. языцы, г. зн., згодна з Новым Запаветам Бібліі, народы, проціпастаўленыя першахрысціянскім абшчынам, лац. рaganus абазначае ‘язычнік’). Гэты факт знайшоў адлюстраванне ў айканіміі Гомельшчыны (успомнім зніклае найменне в. Паганцы (цяпер Пагонцы), што ў Св. р-не). Язычніцтва – надзвычай шматпластавая і разгалінавая рэлігія, якая ўключае такія ўяленні ад розных гістарычных эпох, як анімізм (ад лац. anima ‘душа’ – у кожнай рэчы прызнавалася існаванне душы), фетышызм (фр. Fetichisme ‘амулет’ – пакланенне матэрыяльным прадметам), татэмізм (ад англ. татэ’м – вера ў звышнатуральную сувязь з прадметамі жывой і нежывой прыроды). І калі на пачатку ў язычніцтве назіраецца культ продкаў, то потым яно сцвярджае сябе праз складаны і разгорнуты пантэон багоў (Пантэон – сукупнасць усіх багоў таго ці іншага культу).

Спынімся дэталёва на багах ва ўсходніх язычнікаў-славян, для якіх было характэрна мнагабожжа. Вярхоўным богам тут быў Пярун – уладар грому і ўдару, Сварог з’яўляўся богам неба, а яго сын Дажбог – богам сонечнага святла, Хорс лічыўся богам Сонца, Стрыбог кіраваў вятрамі, Лада – багіня вясны, апякунка шлюбу і сям’і. Былі яшчэ боствы: Мокаш – жаночае бажаство ўрадлівасці і хатняга ачага, Волас (Вялес) – ахоўваўся жывёлай, Ярыла, Купала, Аўсень, Каляда, ад якіх, на думку старажытных славян, залежалі будучы ўраджай, жыццё і побыт людзей і якія былі замацаваны за пэўнымі порамі года.

Многія са славянскіх імён маюць празрыстую ўнутраную форму, паходжанне іх лёгка высвятляецца, асабліва калі яны сугучны з агульнымі назоўнікамі (Любамір – ‘любы мір’).

Дахрысціянскі перыяд з’яўляецца адным з найменш вывучаных. Тагачасны антрапанімікон можна вылучыць толькі пры дапамозе рэканструкцый і пазнейшых пісьмовых фіксацый. Фактычны матэрыял паказаў на чыста славянскае паходжанне імён, якія з пункту погляду структуры падзяліліся на аднаасноўныя і двухасноўныя, прычым ужыванне груп было абумоўлена сацыяльнымі прычынамі.

2-і перыяд. Пасля прыняцця хрысціянства ў іменаслове славян з’явіўся новы тып імён. У Візантыі былі сабраны і кананізаваны лепшыя імёны лацінскай і грэчаскай моў і моў суседніх краін, у тым ліку – ст.-яўр., сірыйскія, егіпецкія, ст.-герм., скандынаўскія. Імёны выбіраліся як сімвал ментальнасці пэўнага народа, што выяўляецца ў своеасаблівых традыцыях матывацыі надання і спецыфікі існававання імя ў канкрэтным іменаслове. У такім выпадку ў дзеянне ўступаюць традыцыі – “укаранёныя ў характары дадзенага народа ўласцівасці адносіцца да чаго-небудзь пэўным чынам” [10, с. 27] . Прыкладам можа служыць значэнне асноў уласных імён, сабраных візантыйцамі.

У ваяўнічых старажытных германцаў на першым месцы былі такія якасці і рысы характару, як адвага, мужнасць, настойлівасць, назвы зброі і ваяўнічых звяроў, сацыяльнага і маёмаснага становішча [10, с. 28]. Такія імёны “былі прызваны дараваць чалавеку моц, адвагу” і г. д.: Адольф ‘высакародны воўк’, Бярнард ‘мядзведзь і дужы, моцны’, Генрых ‘дом і багацце’, Карл ‘мужны і чалавек’, Оскар ‘бог і кап’ё’, Эрнэст ‘сур’ёзны’, Эрык ‘гонар і багаты’ (мужч.), Берта ‘бляск, раскоша’, Мацільда ‘сіла і бітва’ (жан.).

Амаль усе імёны старажытнагрэчаскага паходжання падкрэсліваюць у мужчын маральныя і фізічныя якасці: Аляксандр ‘мужны абаронца’, Андрэй, Арсеній ‘мужны’, Арыстарх ‘лепшы ў кіраванні’, Васілій ‘царскі’, Генадзій ‘высакародны’, Георгій ‘земляроб’, Макар ‘шчаслівы’, Мікіта ‘пераможца’, Павел ‘маленькі’, Рыгор ‘бадзёры’ (мужч.). Жаночыя ж імёны ўхваляюць не толькі маральныя каштоўнасці сваіх гаспадынь, але і іх прыгажосць: Алена ‘сонечнае святло, прамяністая’, Агата ‘добрая’, Вераніка ‘прыносіць перамогу’, Кацярына ‘чысціня’, Ксенія ‘гасціннасць’, Маргарыта ‘жамчужына’, Фаіна ‘ззяючая’. Асобныя – дадзены па назве той краіны ці вобласці, адкуль прыйшоў чалавек (Анатолій ‘жыхар Анатоліі’, Аркадзій ‘жыхар Аркадыі’, Радзівон ‘жыхар Родаса’). Шмат імёнаў дадзена ў гонар багоў (Арыян ‘належыць Арэсу’, Арцём ‘прысвечаны Арцемідзе, Дзімітрый ‘падораны багіні Дзяметры’, Дзяніс ‘прысвечаны Дыёнісу’). Родавыя імёны таксама пераходзілі ва ўласныя (Антоній).

Рымскія (лацінскія) імёны паўтараюць матывацыі грэчаскіх (услаўляюць фізічныя і маральныя якасці людзей, прыналежнасць да таго ці іншага роду, мясцовасці, у гонар багоў і багінь, прыгажосць): Адрыян ‘жыхар Адрыі’ – краіны венедаў, Альгерд ‘высакародны’, Валянцін ‘здаровы’, Клім ‘мяккі, спакойны’, Раман ‘рымскі’, Сяргей ‘радавое імя’, Юлій ‘кучаравы’ (мужч.); Бэла ‘прыгожая’, Дзіяна ‘прысвечаная Дыяне’, Каміла ‘высакародная’, Марына ‘марская, эпітэт Венеры’, Рэгіна ‘царыца’ (жан.).

А вось старажытнаяўрэскія імёны ў цэлым адрозніваюцца сваёй накіраванасцю да Бога: Аабакум ‘абдымкі Бога’, Адам ‘першы чалавек’, Акім ‘Бог зацвердзіў’, Ананій ‘Бог спрыяе’, Габрыэль ‘дужы, нібы Бог’, Елізар ‘Бог дапамог’, Захар ‘Бог успомніў’, Міхаіл ‘роўны Богу’ (мужч.); Ганна ‘міласць Божая’, Ева ‘жыццё’ (жан.), хаця яны могуць валодаць і больш свабоднай этымалогіяй (са значэннямі знешнасці, адносін паміж членамі сям’і, да іншых людзей і г. д.): Іона ‘голуб’, Самсон ‘сонечны’, Серафім ‘змей’; Ада ‘ўпрыгожванне’, Лія ‘антылопа’, Сара ‘знатная’, Руф ‘сяброўка’, Сусана ‘вадзяная лілея’.

Яшчэ большай свабодай вылучаюцца арабскія імёны, у аснове якіх знаходзяцца самыя разнастайныя лексіка-тэматычныя групы: Арыф ‘вучоны’, Заір ‘госць’, Карым ‘шчодры’, Магамед ‘якога хваляць’, Мурат ‘жаданне’, Рустам ‘волат’, Сабір ‘цярплівы’, Эмір ‘загадваць’; Аза ‘суцяшэнне’, Айна ‘вока’, Зейнаб ‘поўная’, Лейла ‘ноч’, Марфа ‘гаспадыня’. Яны ўхваляюць добрыя якасці людзей, падкрэсліваюць іх фізічную сілу, жаночыя ж указваюць на тое, што жанчына камусьці падпарадкоўваецца (Айна ‘жанчына з добрым зрокам’ і ‘якая сочыць для бацькі, мужа’).

Такім чынам, запазычаныя імёны, адлюстроўваючы пэўныя рысы чалавека (фізічныя, маральныя), носяць у цэлым фактуальны характар.

Большасць запазычаных імён можна было растлумачыць толькі праз выкарыстанне спецыяльных слоўнікаў або гістарычнымі моўнымі фактамі. Напрыклад, імя Аляксей паходзіць ад грэч. Alexios ‘абаронца’, Маўр – ад лац. Maurus, грэч. Mauros ‘чорны’, Якаў – ад ст.-яўр. ‘пятка’. Напачатку кананізаваныя з Візантыі імёны (трапілі туды яны з Рымскай імперыі, а ў яе – з Блізкага Усходу) былі незразумелыя, цяжкія для ўспрымання, вымаўлення, а таму многія з іх прайшлі істотную апрацоўку ў вуснай народнай мове. Такім чынам Анісіфар ператварылася ў Нічыпар, Іаан – у Іван, Дзіянісій – у Дзяніс, Лаўрэнцій – у Лаўрэн, Феафілактас – у Філат, Яўстафій – у Астап; Еўдакія – у Аўдоцця, Еўфраксінія – у Ефрасіння, Іуліянія – ва Ульяна, Таціана – у Таццяна, Феадосія – у Фядосся. Трансфармаваныя імёны адначасова выкарыстоўваліся ў чалавека разам са славянскімі (Граб Андрэй).

Славянскія імёны побач з хрысціянскімі сустракаюцца ў помніках пісьменнасці аж да XYII ст. З цягам часу функцыя славянскіх імён змянілася: уласным асабовым імем стала кананізаванае, а ранейшыя славянскія імёны ўжываліся ў функцыі імя-мянушкі, якая ўказвала на дадатковую прымету. Іншамоўныя ж па паходжанні ўласныя асабовыя імёны, як ужо адзначалася вышэй, у канкрэтным моўным асяроддзі перажылі цэлы шэраг фанетычных і фанетыка-марфалагічных змен, што з’явілася прычынай узнікнення варыянтаў і іх форм: правасл. Іаанн, кат. Ян (польск., чэшск,, славацк.), бел., укр. Ясь, расейскае Іван, (варыянты), Яска, Янка, Янук, Януш, Іванец, Іваш (формы); адаптацыя гэтага імя адбылася нават у неславянскіх мовах: герм., аўстр. Іаган, Іоханн, італ. Джавані, груз. Вано, франц. Жан, англ. Джон, Джонс, прыб. Янеліс. Варыянты: ВарфаламейБарталамей, ВенядзіктБенядзікт, ГеоргійЮрый, АфанасійОфанасей, Афанас, Апанас, Опанас, КірылаКурыла, НікіфарНічыпар, ФёдарТодар, Хведар, Францыск Пранцісь, ТамашФама, ВасільБазыль, ІосіфЮзэф, нем. Іозэф ‘Бог прыбавіць’, СцяпанСтэфан, АдольфАдам, ІльяГалляш, УсцімУсцінЮстын, ЭпімахАпімахМахно, ВарвараБарбара, ЮліанаУльяна, АленаГелена, Стэфанія Сцепаніда, Соф’я Сафія, Зося, ФядоссяХадосся і г.д. (падрабязна аб гэтым гл. у работах М. В. Бірылы “Беларуская антрапанімія”. – Мн., 1966. – С.13–15; Г. М. Мезенка. Беларуская анамастыка, с. 46–47). Такія варыянты імён узаемадзейнічалі пазней паміж сабой ужо без уплыву царквы. Прыклады адаптацыі імён у неславянскіх мовах: ням. Hugo ‘душа’ – фр. Гюго; нем. Бальдуін ‘смелы сябар’ – фр. Бадуэн – англ. Балдуін.

Формы імя ўтвараліся двума шляхамі: а) шырока выкарыстоўваліся ўсечаныя імёны (Емеля ад Емельян, Франц ад Францыска); б) да поўных каляндарных імён або ўсечаных іх форм далучаліся разнастайныя суфіксы (Емельянко, Емелько, Бокша ад Багуслаў, Саўка ад Савелій, Гэля, Геля ад Гелена (Алена), Груня ад Агрыпіна, Стэфа, Сцепа ад Стэфанія, Сцепаніда, Зоська, Хадоська). Даследчыца А. К. Усціновіч, услед за М. В. Бірылам, называе іх “эмацыянальна-эцэначнымі, якія ўзніклі ў сувязі з неабходнасцю выказаць свае адносіны да іншай асобы або звярнуцца да пэўнай узроставай катэгорыі людзей” [16, с. 48]. З ацэначным значэннем магла ўзнікнуць вялікая колькасць форм імён. Напрыклад, толькі ад імя Пётр іх звыш 10: Пеця, Пятрок, Пятрук, Пятрусь, Петрасюк, Пятрусік, Петрачок, Пятраш, Пятраша, Пятруха, Пятруша, Пяцюль і інш.

Некаторыя формы маглі замацоўвацца за канкрэтнай асобай у якасці асноўнага імя. Гэта адбывалася найчасцей з мэтай адрознення асоб з адным і тым жа каляндарным імем (ЗінаЗоняЗуня ад Зінаіда). У такім выпадку многія мелі нейтральнае значэнне.

Выбар імя залежаў ад веравызнання, ад уплыву польскай і рускай моў праз школу і афіцыйныя органы кіравання і іншыя сферы бытавання. Ва ўмовах палітыкі русіфікацыі, адсутнасці беларускіх школ большую вагу набывала руская мова, і гэта найперш, як ні дзіўна, выявілася ў імёнах. Так, бел. Міхась ператваралася ў Міхаіла, Мішу, Адэля – у Дуню, Алесь – у Аляксандра, Кастусь – у Канстанціна і г.д.

У XX ст. некаторыя імёны тыпу Аляксандр, Мікалай па вядомых нам гістарычных прычынах былі асабліва папулярнымі і частаўжывальнымі ў асяроддзі чыноўнікаў высокіх рангаў, а сярод сялян і прадстаўнікоў рабочага класа больш распаўсюджанымі былі Васіль, Іван, імёны, узятыя са святцаў (гл. работы А. Ф. Рогалева, Т. А. Карніеўскай).

Як вынікае з вышэйзазначанага, сучасныя і распаўсюджаныя сярод славянскіх народаў імёны ў пераважнай большасці запазычаны з іншых моў (грэч., лац., стараяўр., герм., сканд.). З іх яны трапілі ў нашу мову разам з прыняццем хрысціянства, яны змененыя, трансфармаваныя паводле законаў фанетыкі і марфалогіі ўласных моў.

Перыяд пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі азнаменаваўся ў нашым беларускім іменаслове пранікненнем вялікай колькасці запазычаных імён, а таксама актыўнай імятворчасцю. І менавіта першыя гады Савецкай улады выклікалі своеасаблівы “анамастычны бум”. З’явіліся новыя імёны, якія адлюстроўвалі адпаведна сацыяльна-гістарычным падзеям змены ў краіне. Усё старое ігнаравалася. Варта нагадаць лозунг футурыстаў “Скінем Пушкіна з карабля сучаснасці”. Гэта ў аднолькавай ступені адносілася і да анамастыкі. Новыя імёны ўтвараліся шляхам скарачэння або частковага скарачэння некалькіх слоў з аб’яднаннем іх частак у адно цэлае. Сын беларускага скульптара Заіра Азгура быў названы Заірытам (аб’яднаныя імёны бацькоў Заіра і Рыты), імёны Вілен, Вілена, Уладлен, Уладлена ўзніклі ад скарачэння Ул (Вл.) І. Ленін, Вілорый (У. І. Ленін – арганізатар рэвалюцыі), Ізаіда (ідзі за Ільічом), Рэм трэба тлумачыць, як рэвалюцыя міравая, Кім – Камуністычны Інтэрнацыянал моладзі, Іккі (Исполнительный Комитет Коммунистического Интернационала), Кэм – камунізм, электрафікацыя, механізацыя, Ленмарэн – Ленін, Маркс, Энгельс, Леміра – Ленін, міравая рэвалюцыя, Ленэра – Ленінская эра, Віулен У. І. Ульянаў-Ленін, Ларыкерык – Ленін, акцябрская рэвалюцыя, індустрыялізацыя, калектывізацыя, электрафікацыя, радыёфікацыя і камунізм, Рэўдзіт – рэвалюцыі дзіця, Дзінэра – дзіця новай эры, Датнара – дочь трудового народа, Раблен (родился быть ленинцем). У гонар “бацькі” ўсіх народаў з’явілася імя Сталіна. Такое захапленне неалагізмамі ў 20-я гады прывяло да негатыўных з’яў ва ўтварэнні і ўжыванні імён. У шэрагу выпадкаў было згублена пачуццё меры, выявілася адсутнасць густу, моўная глухата. У пэўнай ступені камічна і амаль недарэчна гучаць імёны Казбек, Гіпатэнуза, Дызель, Турбіна, Эмбрыён, Электрык, Вінегрэт і Вінегрэта, Оюшмінальда (О. Ю. Шміт на льдзіне), Лагшмівара (лагер Шміта ў Арктыцы), Даздрапедра (да здравствует 1-е Мая), Даздрамыдра (Да здравствует смычка города и деревни). Некаторыя бацькі дзеля арыгінальнасці імкнуліся выбраць запазычанае імя, часам нават не ведаючы яго дакладнага значэння (Баядэра – дзяўчына вольных паводзін). Шляхам анімізацыі апелятыўнай лексікі былі ўведзены імёны Авангард, Геній, Герой, Граніт, Ідэя, Ліра, Навэла, Паэма, Энергія.

Такім чынам, новыя імёны, што прыйшлі з іншых моў у гэты перыяд, – заканамерны вынік культурных (мастацкая літаратура, друк, кіно), эканамічна-палітычных сувязей паміж рознымі нацыямі. Аднак мера эстэтычнага густу і разумнага падыходу да выбару імён часта адсутнічае і ў нашы дні. Недарэчна гучаць замежныя імёны кшталту Сэм, Норберт, Жакліна ў спалучэнні з беларускімі прозвішчамі тыпу Таўкач, Здрок, Шуба, Шыла. Трэба ўлічваць тое, як абранае бацькамі ці родзічамі імя, яго варыянты будуць стасавацца да прозвішча, імя па бацьку, як будзе гучаць яно ў дачыненні да дзіцяці ці чалавека ў сталым узросце.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны штучныя імёны з беларускага іменаслову знікаюць, у ім радзей сустракаюцца і імёны, запазычаныя ў неславянскіх народаў.

З другой палавіны XX ст. узрастае папулярнасць старых кананізаваных імён, такіх, як Ягор, Дзяніс, Арцём, Даніла, Кацярына, Дар’я, Насця і інш. і старажытнаславянскіх (Руслан, Святаслаў, Славамір, Святлана, Лада, Рагнеда, Раксана ).

У многіх народаў Поўначы, Далёкага Усходу, Сярэдняй Азіі, краінах “старога свету” ва ўжытку знаходзяцца і двайныя імёны тыпу Паўла-Фрэдэрыке, Анна-Луіза, Інге-Лорэ, Алеся-Лідзія, Ала-Вікторыя.

У Кітаі да ўласнага імя дзіцяці дадаецца сяо, школьніка – мін, дарослага чалавека – цзы.

У беларусаў можна таксама адзначыць выпадкі, калі ўзроставыя змены перадаваліся рознымі формамі аднаго і таго ж імені: Анцік, Гаўрык, Петрык, Косцік (называюць у раннім дзяцінстве), Антук, Гаўрук, Пятрук, Касцюк (падлетак), Антось, Гаўрусь, Пятрусь, Кастусь (дарослы), Гаўрыла, Пятро (сталы, жанаты мужчына).
Схема перыядызацыі імя
ІМЯ

ПЕРЫЯДЫ
дахрысціянскі хрысціянскі савецкі





: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> %D0%91%D0%B0%D0%B3%D0%B0%D0%BC%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%9D.%D0%90
%D0%91%D0%B0%D0%B3%D0%B0%D0%BC%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%9D.%D0%90 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “гомельскі дзяржаўны універсітэт імя францыска скарыны”
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
%D0%91%D0%B0%D0%B3%D0%B0%D0%BC%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%9D.%D0%90 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Лексікалогія варыянт 1 а што з’яўляецца прадметам вывучэння лексікалогіі?


  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка