Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “гомельскі дзяржаўны універсітэт імя францыска скарыны”



старонка1/16
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.8 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
УСТАНОВА АДУКАЦЫІ “ГОМЕЛЬСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІМЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ”

А. А. СТАНКЕВІЧ

РЫТОРЫКА

КУРС ЛЕКЦЫЙ

Гомель 2012

Лекцыя № 1

Уводзіны

План


  1. Прадмет, змест, задачы курса, сувязь з іншымі дысцыплінамі.

  2. Структура рыторыкі. Агульная і прыватная рыторыка.

  3. Асноўныя раздзелы рыторыкі.

  4. Перыядызацыя гісторыі рыторыкі.

Нашы зносіны ў грамадстве чатырохмерныя: пра нас мяркуюць па тым,

што мы робім (па нашых учынках), па тым, як мы выглядаем (па нашым знешнім выглядзе), па тым, што мы гаворым (па змесце нашага маўлення) і па тым, як мы гаворым (па культуры нашага маўлення). Слова ў гэтай парадыгме зносін займае важнейшае месца. «Словам можна забіць і ажывіць, параніць і вылечыць, пасеяць сумненне і безнадзейнасць – і натхніць», – пісаў таленавіты педагог Васіль Аляксандравіч Сухамлінскі. Слова з’яўляецца асноўным інструментам прафесійнай дзейнасці выкладчыка.

Як правільна карыстацца Словам, што, дзе і як гаварыць, як пераканаць слухачоў, зрабіць іх сваімі аднадумцамі, як выклікаць у іх давер і сімпатыю? На гэтыя і многія іншыя пытанні дае адказ рыторыка, якая, па словах Льюіса, старэйшая, чым рымскае права, старэйшая, чым царква, старэйшая, чым лацінская літаратура.

Антычныя рыторыкі нярэдка расказвалі пра боскае паходжанне навукі аб прамоўніцкім мастацтве. Калісьці на зямлі вяліся няспынныя войны, узнікалі пастаянныя канфлікты і спрэчкі. Калі Юпітэру надакучыла назіраць за ўсім гэтым, ён выклікаў Меркурыя і загадаў яму даць людзям Рыторыку, якая навучыла іх мірна вырашаць спрэчкі. Такім чынам, рыторыка была пачаткам цывілізаваных адносін паміж людзьмі. Знаёмства з асновамі аратарскага мастацтва неабходна кожнаму, хто ўдзельнічае ў грамадскім жыцці сваёй краіны.

Паколькі рыторыка заўсёды мела справу з майстэрствам публічнага слова, яе ўзнікненне і развіццё было магчыма толькі ў дэмакратычным грамадстве, якое давала магчымасць асобе выказаць сваю думку, меркаванне, выразіць свой, асабісты погляд на пэўныя падзеі і факты.


  1. Прадмет, змест, задачы курса, сувязь з іншымі дысцыплінамі

Рыторыка, якая вучыць мастацтву пераконваць, мае вялікае значэнне для грамадскай і палітычнай дзейнасці. Уплываючы на грамадскую свядомасць, аратар фарміруе пэўную думку, меркаванне, якое, як слушна сказаў Ласкаль, “кіруе” светам.

Сучасная рыторыка даследуе структуру рытарычнай дзейнасці чалавека, рытарычныя каноны (правілы) пабудовы публічнага выступлення, апісвае сістэму найбольш эфектыўных і мэтазгодных моўных сродкаў уздзеяння на адрасата. Яна дае алгарытм маўленчых паводзін чалавека.

Практычнае значэнне рыторыкі ў тым, што яна павінна забяспечыць найлепшае разуменне паміж людзьмі, канструктыўнае вырашэнне канфліктаў.

Для прафесіі педагога, выкладчыка ўменне правільна і прыгожа гаварыць – функцыянальная неабходнасць, паколькі слова з’яўляецца асноўным інструментам іх прафесійнай дзейнасці.

Для будучага настаўніка-філолага, як і наогул для кожнага свядомага грамадзяніна, выключна важнае значэнне мае валоданне маўленчымі навыкамі – уменне публічна выступаць, весці гутарку на розныя тэмы, як спецыяльныя, так і бытавыя, прымаць удзел у дыскусіях, дыспутах, спрэчках, умець правільна і карэктна задаваць пытанні і ўпэўнена ўключацца ў размову, правільна і дакладна перадаваць свае думкі як у вуснай, так і пісьмовай форме.

Курс “Рыторыка” прызначаны дапамагчы студэнтам у авалодванні вышэйназванымі навыкамі. Ён складаецца з чатырох частак: гісторыі, тэорыі, практыкі і тэхнікі. Вучэбны курс рыторыкі знаёміць з гісторыяй развіцця рыторыкі ў розныя перыяды грамадскага жыцця, дае тэарэтычныя асновы навукі аб красамоўстве, разглядае розныя віды і жанры аратарскага майстэрства, вывучае структуру рытарычнай дзейнасці – этапы падрыхтоўкі да выступлення. На лепшых узорах красамоўства гэта дысцыпліна фарміруе рытарычны ідэал аратарскага майстэрства, дапамагае развіць рытарычныя навыкі і ўменні, засвоіць рытарычныя каноны.

Паколькі прадметам рыторыкі з’яўляецца выяўленне агульных заканамернасцей маўленчых паводзін і вызначэнне асноўных сродкаў і спосабаў павышэння эфектыўнасці выступлення, а аб’ектам – маўленчая дзейнасць, то мэтай рыторыкі неабходна лічыць засваенне майстэрства падрыхтоўкі і выканання публічнага выступлення.

Уменне валодаць словам, доказна выражаць свае думкі садзейнічае ўсебаковаму развіццю творчай асобы, павышэнню агульнай культуры чалавека.

Рыторыка як навука аб прамоўніцкім мастацтве звязана з філалагічнымі , у першую чаргу лінгвістычнымі дысцыплінамі, такімі, як стылістыка і культура маўлення, нарматыўная граматыка, якія знаёмяць з сістэмай норм літаратурнай мовы і яе функцыянальна-стылістычнымі разнавіднасцямі, з літаратуразнайчай дысцыплінай – паэтыкай, якая вывучае спецыфіку вобразнага адлюстравання аб’ектыўнай рэчаіснасці, нефілалагічнымі гуманітарнымі навукамі – логікай, псіхалогіяй, педагогікай, прагматыкай (тэорыяй камунікацыі).


2. Структура рыторыкі. Агульная і прыватная рыторыка

У сучаснай навуцы аб прамоўніцкім майстэрстве выдзяляюцца агульная і прыватная рыторыка. Агульная рыторыка вывучае заканамернасці

маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін і практычныя магчымасці іх выкарыстання з мэтай павышэння эфектыўнасці выступлення, даследуе этапы падрыхтоўкі да выступлення, адносіны паміж аратарам і аўдыторыяй. Прадметам вывучэння агульнай рыторыкі з’яўляецца маўленчая падзея і яе асноўны кампанент дыскурс — гукавое слова, якое суправаджаецца жэстава-мімікавымі і прасторавымі паводзінамі гаворачай асобы ў пэўнай маўленчай сітуацыі.

Выкарыстоўваючы дадзеныя логікі, псіхалогіі, педагогікі і лінгвістыкі, агульная рыторыка звяртае ўвагу на прагматычны аспект маўленчай дзейнасці -- вывучае рытарычныя правілы падрыхтоўкі прамовы , прыёмы павышэння эфектыўнасці публічнага выступлення, сродкі ўздзеяння на аўдыторыю.




  1. Асноўныя раздзелы рыторыкі

Асноўнымі раздзеламі агульнай рыторыкі з’яўляюцца:

-- араторыя (тэорыя і практыка аратарскага майстэрства);

-- дыскурсійная рыторыка (вывучае маўленчую мэтазгоднасць, свядомую і карэктную маўленчую дзейнасць);

-- палемічнае майстэрства (тэорыя і практыка вядзення спрэчкі);

-- маўленчае майстэрства (тэорыя і практыка дыялагічных зносін);

-- этнарыторыка (знаёміць з нацыянальна-культурнымі асаблівасцямі маўленчых паводзін);

-- аганальная рыторыка (вывучае сродкі ўздзеяння на слухачоў і барацьбу з канкурэнтамі за дасягнення поспеху ў пэўнай сацыяльна-палітычнай або эканамічнай сферы жыцця).

Прыватная рыторыка вывучае роды і віды красамоўства, апісвае жанры аратарскага маўлення. Яна знаёміць з лепшымі ўзорамі аратарскага майстэрства ў галіне акадэмічнага, сацыяльна-палітычнага, судовага, сацыяльна-бытавога, царкоўна-багаслоўскага красамоўства. Прыватная рыторыка вывучае таксама такія жанравыя разнавіднасці маналагічнага маўлення, як інфармацыйная, пераконваючая, заклікаючая да дзеяння, натхняльная, забаўляльная, давяральная прамовы, разглядае віды дыялагічнага маўлення.

Прыватная рыторыка, такім чынам, прымяняе рытарычныя правілы і прыёмы, распрацаваныя агульнай рыторыкай, да канкрэтнай сферы маўленчай дзейнасці чалавека – палітычнай, грамадскай, навуковай, юрыдычнай, рэлігійнай, бытавой. Яна даследуе заканамернасці эфектыўнай прамовы ў пэўнай сферы прафесійнай дзейнасці, распрацоўвае метады і прыёмы засваення ўзорнага маўлення.



  1. Перыядызацыя гісторыі рыторыкі

Станаўленне рыторыкі як навукі адбылося ў старажытнай Грэцыі і было звязана з росквітам афінскай дэмакратыі ў V ст. да н. э. Славуты старажытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель пісаў: “Красамоўства расцвітае і набірае сілу ў перыяд найвышэйшага росквіту дэмакратыі, культурнага і палітычнага жыцця грамадства, а рыторыка як навука аб аратарскім мастацтве тады адыгрывае найбольшую ролю, калі адпавядае важнейшым задачам гістарычнага развіцця”.

Рыторыку эпохі антычнасці называюць класічнай. Яна вывучала працэс падрыхтоўкі да выступлення, выдзяляючы такія яго асноўныя этапы: інвенцыю (папярэднюю падрыхтоўку, збор матэрыялу), дыспазіцыю (размяшчэнне сабранага матэрыялу, пошукі аргументаў, вызначэнне асноўных сэнсавых мадэлей (топасаў), элакуцыю (слоўнае афармленне выступлення), акцыю (выкананне прамовы) і меморыю (прыёмы запамінання тэксту).

Змест паняцця “рыторыка” змяняўся ў розныя перыяды яе развіцця. Так, старажытныя грэкі рыторыкай называлі “мастацтва пераконваць” (officium oratoris), старажытныя рымляне гэтым тэрмінам абазначалі “мастацтва (уменне) добра гаварыць” (ars bene dicendi), у эпоху Сярэдневякоўя і пачатковы перыяд Адраджэння рыторыку сталі называць “мастацтвам упрыгожвання маўлення” (ars ornandi).

У эпоху Сярэдневякоўя мастакі паказвалі пані Рыторыку ў выглядзе Дамы, што сядзела на троне ў пышным, бліскучым адзенні, на якім былі вытканы маўленчыя фігуры. З вуснаў яе вырастала лілія – сімвал прыгажосці маўлення і выглядаў меч – нагляднае ўвасабленне “зброі” пераканання. Па абодва бакі ад пані Рыторыкі размяшчаліся славутыя аратары і паэты антычнасці на чале з Цыцэронам, першынство якога сімвалізавала прыналежнасць рыторыкі ў першую чаргу аратару, гаворачай асобе.

Імкненне да вычурнасці, знешняга ўпрыгожвання, “аздаблення” маўлення, увага пераважна да формы выражэння прывялі пазней да заняпаду рыторыкі.

Рыторыка ў далейшым не змагла захаваць сваю цэльнасць. Так, пытанні, звязаныя з логікай разважання ў выступленні, былі ўключаны ў склад фармальнай логікі, тэорыю аргументацыі выкарыстала новая навука ­­­тэорыя камунікацыі, слоўным афармленнем тэксту (элакуцыяй) стала займацца паэтыка.

Адраджэнне рыторыкі, якое пачалося ў 60-х г. XX ст., было абумоўлена дэмакратызацыяй грамадскага жыцця. Любая лібералізацыя сацыяльнай сістэмы абумоўлівае гуманізацыю грамадства. Калі ў палітычным жыцці ўдзельнічаюць шырокія масы розных сацыяльных пластоў, павышаецца інтарэс да індывідуума, кожны грамадзянін атрымлівае магчымасць выказаць сваю думку, і валоданне словам становіцца неабходнай умовай яго ўдзелу ў грамадскім жыцці.

Рыторыку сталі паступова ўключаць у вучэбныя планы вышэйшай і сярэдняй школы. Рыторыку нашага часу называюць новай рыторыкай або неарыторыкай. Цэнтральнай яе праблемай з’яўляецца праблема маўленчага ўздзеяння і ўзаемадзеяння.
Пытанні і заданні:


  1. Калі і дзе ўзнікла рыторыка?

  2. Што з’яўляецца прадметам вывучэння рыторыкі? Якое практычнае значэнне мае вывучэнне рыторыкі?

  3. З якімі дысцыплінамі звязана вывучэнне рыторыкі?

  4. Вызначце структуру рыторыкі.

  5. Назавіце раздзелы агульнай рыторыкі.

  6. Вызначце раздзелы прыватнай рыторыкі.

  7. Якія этапы ў сваім развіцці прайшла рыторыка?

Літаратура

1. Грановская, Л.М. Риторика. Под общ. ред. В.А. Плотниковой / Л.М. Грановская. – М.: Азбуковник, 2004. – 218 с.

2. Клюев, Е.В. Риторика (Инвенция. Диспозиция. Элокуция): Учебное пособие для вузов / Е.В. Клюев – М.: «Изд.-во ПРИОР», 1999. – 272 с.

3.Леммерман, Х. Уроки риторики и дебатов: Пер. с нем. / Х.Леммерман. – М.: ООО «Изд.-во «Уникум Пресс», 2002. – 336 с.

4.Михальская, А.К. Основы риторики: Мысль и слово: Учеб. пособие / А.К. Михальская – М.: Просвещение, 1996. –416 с.

5.Подобед, А.С. Практическая риторика: Учебное пособие / А.С. Подобед – Мн.: Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2001. –360 с.

6.Хазагеров, Т.Г. Общая риторика: Курс лекций. Словарь риторических приёмов / Отв. ред. Е.Н. Ширяев. – 2-е изд., перераб. и доп. – Ростов н/Д: Феникс, 1999. – 320 с.

7. Станкевіч, А.А. Рыторыка: Вучэб. Дапам. / А.А. Станкевіч. – Мінск: РІВШ, 2010. – 316 с.

Лекцыя № 2

ГІСТОРЫЯ РЫТОРЫКІ

Класічная рыторыка.

І. Старажытнагрэчаская рыторыка


  1. Паняцце “класічная рыторыка”. Роды і жанры антычнага красамоўства.

  2. Рытарычная дзейнасць сафістаў. Пратагор, Горгій, Ісакрат і інш.

  3. Пытанні красамоўства ў працах Платона.

  4. Роля Арытоцеля ў развіцці класічнай рыторыкі.

  5. Рытарычная дзейнасць Дэмасфена.

П. Старажытнарымская рыторыка


1. Рытарычная дзейнасць Цыцэрона.

2. Пытанні тэорыі красамоўства ў працах Квінтыліяна.


Паняцце “класічная рыторыка”. Роды і жанры антычнага красамоўства
Рыторыку эпохі антычнасці называюць класічнай. Рыторыка як тэорыя і практыка аратарскага мастацтва ўзнікла ў У ст. да н.э. у Старажытнай Грэцыі. Яе развіццё было звязана з росквітам Афінскай дэмакратыі ў УІ – У стст. да н.э. Гэта быў час ад Перыкла да Дэмасфена. Ідэалам той эпохі быў грамадзянін, здольны кіраваць дзяржавай.

Найбольшае развіццё ў гэты перыяд атрымала палітычнае і судовае красамоўства, што абумоўлена наступнымі прычынамі.

Усе палітычныя пытанні вырашаліся ў Афінах на Народным сходзе. Выступленні на народным сходзе, пры вялікай колькасці народа, патрабавалі асаблівага ўмення валодаць публічным словам, дакладна выражаць свае думкі і пераконваць слухачоў сваімі аргументамі, падпарадкоўваць іх сваёй волі і эмоцыям. Палітычнае красамоўства вучыла пераканаўча выкладаць свае думкі, быць знаходлівым, гаварыць без падрыхтоўкі.

Развіццю судовага красамоўства паспрыялі законы Салона, выдадзеныя ў 594 г. да н.э., якія ўводзілі спаборны судовы працэс, у якім абвінаваўцам мог выступіць любы грамадзянін, а падсудны павінен быў абараняцца сам. У сваім выступленні перад судовай калегіяй (якая налічвала больш за 500 чалавек) падсудны імкнуўся не толькі даказаць сваю невінаватасць, але і выклікаць спачуванне ў суддзяў, разжалабіць іх, схіліць на свой бок. Па гэтай прычыне старажытныя грэкі вялікую ўвагу ўдзялялі ўменню валодаць словам, вучыліся выступаць красамоўна і доказна. Але не кожны чалавек мог стаць аратарам, гаварыць прыгожа і пераканаўча, таму грамадзяне часта звярталіся да лагографаў (грэч. logos “слова” + grapho “пішу”), якія за пэўную плату пісалі ім прамовы. Заказчыкі завучвалі тэксты і гаварылі іх на судзе.

Акрамя судовага, у гэты час адбываецца станаўленне і развіццё палітычнага або дарадчага красамоўства. Пазней развіваецца яшчэ адзін від красамоўства — эпідэйктычнае, урачыстае , якое было звязана з усхваленнем герояў. Распрацоўваецца цэлая сістэма аратарскіх прыёмаў, якія развівалі навыкі пераканаўчага выкладу сваёй прамовы, вучылі дакладна выказваць свае думкі, дасціпна адказваць на пытанні , выступаць экспромтам, выкарыстоўваючы тэзісы выступлення папярэдняга аратара, спрачацца з апанентамі, збіваць іх з панталыку, бянтэжыць і блытаць.


  1. Рытарычная дзейнасць сафістаў. Пратагор, Горгій, Ісакрат і інш.

Усё гэта абумовіла неабходнасць стварэння школ рыторыкі, развіцця тэорыі і практыкі аратарскага красамоўства. Родапачынальнікамі рыторыкі ў У ст. да н.э. былі сафісты, вандроўныя настаўнікі філасофіі (“мудрасці”), красамоўства (рыторыкі) і мастацтва спрэчкі (эўрыстыкі).

Гэта былі прадстаўнікі вядомага ў антычнай філасофіі напрамку, які распрацоўваў суб’ектыўны аспект дыялектыкі, даказваў адноснасць паняццяў. У адпаведнасці з іх тэорыяй не можа быць абсалютнай ісціны, паколькі ёсць толькі меркаванне асобнага чалавека пра яе. У дэмакратычнай дзяржаве кожны чалавек мае свой уласны пункт гледжання, які ён можа і павінен даказаць. Таму галоўная задача аратара – не раскрыццё ісціны, а пошукі пераканаўчых аргументаў для доказу сваёй праваты, уменне перамагчы ў спрэчцы. Асноўны канон сафістыкі – навучыць чалавека дыялектычна разважаць, “зрабіць слабое меркаванне моцным”, выступаць і перамагаць у спрэчцы. Сафісты вучылі майстэрству разважання, уменню спрэчкі і мастацтву слова. Яны першымі распрацавалі сістэму вучэбных практыкаванняў для аратараў.

Найбольш вядомымі сафістамі былі Пратагор і Горгій.

Пратагор (к. 481 – 411 гг. да н.э.) развіваў красамоўства слова і майстэрства спрэчкі. Ён аўтар кніг “Мастацтва спрачацца”, “Аб барацьбе”, “Аб навуках”, “Аб славалюбстве”. У яго сачыненні “Ісціна” сцвярджаецца “Чалавек – мера ўсіх рэчаў, існуючых, што яны існуюць і неіснуючых, што яны не існуюць”. Ён пісаў: “Мяжа і крытэрый рэчаў – чалавек, рэчы – гэта тое, што падпадае пад адчуванне, а што не падпадае – таго не існуе”. Такім чынам, паводле Пратагора, адносна любога прадмета могуць быць два супрацьлеглыя меркаванні.

Пратагор развіваў слоўнае красамоўства, мастацтва спрэчкі. Ён выдзеліў 4 віды прамоў: пытанне, адказ, просьбу і загад. Пратагору прыпісваюць вядомы афарызм: “Праца, работа, навучанне, выхаванне і мудрасць ствараюць вянец славы, які сплятаецца з кветак красамоўства і ўскладаецца на галаву тым, хто яго любіць”.



Горгій (к. 483 – 375 гг.) лічыцца заснавальнікам школы сафістаў. Сучаснікі адзначалі яго высокае аратарскае майстэрства. Ён развіваў ідэю адноснасці ісціны наступным чынам: не можа быць абсалютных ведаў пра прадмет, а можа быць толькі карысць або шкода ад гэтага прадмета для чалавека як “меры ўсіх рэчаў”. Рэальнасць існуе, але наша меркаванне аб ёй не супадае з ёй, таму паняцці, якія выражаюць рэальнасць, заўсёды можна абвергнуць як далёкія ад рэчаіснасці.

Як тэарэтык і практык красамоўства Горгій вялікае значэнне надаваў публічнаму слову. Цалкам захаваліся толькі дзве прамовы, прыпісваемыя Горгію: “Пахвала Алене” і “Апраўданне Паламеда”, напісаныя на сюжэты міфаў пра Траянскую вайну. У прамове “Пахвала Алене” ён сцвярджаў: “Слова – вялікі ўладар, які, валодаючы даволі малым і зусім непрыкметным целам, творыць дзівоснейшыя справы. Бо яно можа і страх нагнаць, і смутак прагнаць, і радасць пасяліць, і спачуванне абудзіць”.

Горгій адкрыў у Афінах платную школу красамоўства, у якой навучаў юнакоў з багатых сем’яў уменню прыгожа гаварыць і лагічна мысліць.

Горгій распрацаваў сістэму рытарычных прыёмаў упрыгожвання прамовы: імклівасць маўлення, парадаксальнасць, запал, уменне выражаць важныя рэчы падрабязна і г.д. Ён перанёс у палітычную прамову паэтычны спосаб выкладу, зрабіўшы яе высокай, першым стаў выкарыстоўваць антытэзу, аксюмаран (спалучэнне супрацьлеглых па сэнсе паняццяў), ізакалон, падзел сказа на сіметрычныя часткі, паралелізм, гукапіс, сугучча канчаткаў у сказе. Гэтыя фігуры сталі называць гаргіянскімі (горгіевымі).

Як сведчыць грэчаскі гісторык Філастрат, Горгій быў вядомы не толькі як судовы або палітычны аратар, але і як майстар урачыстага красамоўства (напр., Алімпійская прамова). Ступень дасканаласці ўрачыстых прамоў была абумоўлена ўменнем хваліць, якое грунтавалася на трох рэчах: уменні надаць слоўнай тканіне эфектную мілагучнасць (як хваліць), уменні знайсці ў аб’екце каштоўнасць, заслугоўваючую пахвалы (за што хваліць) і ўменні зрабіць прадмет пахвалы блізкім слухачу (для чаго хваліць).

Яркім прадстаўніком афінскай школы красамоўства быў вучань Горгія Ісакрат (436 – 338 гг. да н.э.), настаўнік рыторыкі, публіцыст і лагограф.

Быў родам з багатай сям’і, але пасля збяднення вымушаны вучыцца аратарскаму майстэрству ў сафіста Горгія і працаваць лагографам, пісаў судовыя і палітычныя прамовы. Пазней адкрыў аратарскую школу з высокай платай за навучанне, з якой выйшлі многія палітыкі, аратары і пісьменнікі. Сапраўдны аратар, на думку Ісакрата, павінен мець талент, быць адукаваным і пастаянна практыкавацца. Каля 390 г. апублікаваў прамову “Супраць сафістаў”, у якой рэзка крытыкуе сафістычную школу. На яго погляд, рыторыка павінна і можа стаць не толькі сродкам адукацыі, але маральнага і палітычнага выхавання. У курс навучання сваёй школы Ісакрат увёў гісторыю, права, літаратуру, філасофію.

Ён быў майстрам урачыстага красамоўства, распрацаваў структуру палітычнай прамовы, стварыў жанр павучальнай прамовы. Вялікую ўвагу надаваў слоўнаму афармленню выступлення, яго знешняму ўпрыгожванню. “Слова, – гаварыў Ісакрат, – не толькі вызваліла нас з путаў жывёльнага жыцця, дзякуючы яму мы пабудавалі гарады, устанавілі законы, вынайшлі мастацтва .. Слова з’яўляецца правадыром усіх спраў і ўсіх задум”. У сваіх прамовах развіваў палітычную праграму выратавання Элады ад персаў, з якой упершыню выступіў у 380 г. да н.э. у прамове “Панегірык”.

Ісакрат сам не выступаў перад аўдыторыяй з-за слабога голасу і сарамлівасці. Ён атрымаў вядомасць як майстар пісьмовага красамоўства. Таму яго прамовы вызначаюцца скрупулёзнай работай над словам.

Асаблівасцю стылю прамоў Ісакрата з’яўляецца плаўнасць і рытмічнае чляненне прамовы, лёгкія і натуральныя пераходы, складаныя перыяды з рытмічным пачаткам і рытмічнай канцоўкай. Ён выпрацаваў асноўныя прынцыпы кампазіцыі прамовы, якая павінна складацца з чатырох частак: 1) уводзіны, мэта якіх – прыцягнуць увагу слухачоў, выклікаць іх прыхільнасць; 2) выклад прадмета выступлення з максімальнай пераканальнасцю; 3) абвяржэнне доказаў праціўніка з аргументацыяй у сваю карысць; 4) заключэнне, у якім падводзіцца вынік усяму сказанаму.

Ісакрат і яго школа аказалі моцны ўплыў на развіццё антычнага аратарскага майстэрства.

Паралельна з практыкай аратарскага маўлення развівалася і яго тэорыя. Першы падручнік па рыторыцы склалі ў 427 г. сіцылійцы Корак (Коракс) і Цісій (вучань Корака). Корак называе рыторыку “служанкай пераканання”. Ён адным з першых зрабіў спробу падзяліць аратарскую прамову на часткі: уступ, прапанова тэмы, выклад, аргументацыя, заключэнне. Як і іншыя сафісты, мэтай аратарскага выступлення ён лічыў не ўстанаўленне ісціны, а перакананне з дапамогай верагоднага, дзеля чаго і патрэбны сафізмы.



Лісій (к.459 – 380 гг. да н.э.) вядомы як лагограф, прамовы якога мелі просты стыль выкладу і адлюстроўвалі асаблівасці характару заказчыкаў. Быў аўтарам палітычных і судовых прамоў, у якіх паказваўся маральны ідэал, этычны комплекс чалавека – грамадзяніна дэмакратычнага поліса. Адзінай прамовай, якую ён гаварыў сам, была прамова “Супраць Эратасфена, былога члена Калегіі трыццаці”.

Яго прамовы вызначаліся лаканічнасцю і дакладнасцю думкі, строгім прынцыпам кампазіцыі, яснасцю, лагічнасцю і паслядоўнасцю выкладу, пераканальнасцю доказаў, публіцыстычным пафасам і патэтычным абвінавачваннем праціўнікаў. Пры выкарыстанні рытарычных сродкаў упрыгожвання маўлення ў сваіх прамовах кіраваўся пачуццём меры.

Лісія-лагографа называлі класікам мастацтва этапеі (мастацтва стварэння характараў). У сваіх апісаннях ён даваў разгорнуты малюнак нораваў і звычаяў сучаснага яму грамадства. Валодаючы мастацтвам пераўвасаблення, Лісій дакладна перадаваў характар падабароннага. Праявіў сябе як бліскучы юрыст, паказаўшы ўменне разабрацца ў тонкасцях судовай справы.

У сваіх прамовах Лісій адмовіўся ад мудрагелістага гаргіянскага стылю, імкнуўся да чыстаты атычнага маўлення адукаванага грамадства. Пазней стыль яго прамоў быў прызнаны ўзорам атыцызму і стаў прыкладам для пераймання некаторых выдатных пісьменнікаў эпохі элінізму.

Сафісты часта абвяшчалі мэтай выступлення перамогу ў спрэчцы любой цаной, іх разважанні пераўтвараліся ў гульню паняццямі, хітрае мудрагельства, злоўжыванне гібкасцю паняццяў, якія ўводзілі апанентаў у зман. За гэта сафістаў нярэдка крытыкавалі і з цягам часу само слова сафіст набыло негатыўнае адценне, стала абазначаць тып філосафа, які займаецца мудрагельствам, пустымі разважаннямі.

Тым не менш як станоўчы трэба адзначыць той факт, што сафісты распрацавалі важнейшыя рытарычныя каноны складання прамоў і прыёмы пераканання слухачоў, звярнулі ўвагу на фактар адрасата, развілі майстэрства спрэчкі, вызначылі тэхніку і культуру маўлення, слоўнае афармленне выказвання.



  1. Пытанні красамоўства ў працах Платона.

Платон (428 або 427– 348 або 347 гг. да н.э.) быў вучнем і паслядоўнікам Сакрата, гарачым прыхільнікам яго поглядаў. Пасля смерці Сакрата шмат падарожнічаў і вырашыў стварыць сваю школу ў садах Акадэма, славутую Акадэмію. Слухачы Акадэміі займаліся матэматыкай, дыялектыкай, вучэннем аб дзяржаве, этыкай, гнасеалогіяй, якія і склалі аснову платонаўскай філасофіі. Платон імкнуўся сфармуляваць прынцыпы і правілы стварэння стабільнага грамадства. Сярод вучняў Платона быў і Арыстоцель. Захаваліся 23 дыялогі Платона, прамова “Апалогія Сакрата” і пісьмы.

Ідэалізм Платона праявіўся ў тым, што ён верыў у існаванне ідэі асобна ад з’явы. Быў перакананы, што зло – уласцівасць матэрыі. Прадметам любой дзейнасці чалавека павінна быць дабро. Платон выдзяляў тры катэгорыі дабра: Дабро ў душы, выражанае ў дабрадзейнасці, Дабро ў целе, выражанае ў сіметрыі форм і Дабро ў знешнім свеце, выражанае праз сацыяльны стан у грамадстве.

Вялікае значэнне Платон надаваў красамоўству, падкрэсліваў яго грамадскую сутнасць, разглядаў яго як сродак выхавання дабрадзейнасці і як сродак пазнання. Сапраўднае красамоўства, як лічыў Платон, заснавана на глыбокіх ведах і таму даступна толькі філосафу. Аратар павінен думаць толькі праўдзіва, таму – валодаць ведамі і ўмець пераконваць людзей.

У сваіх трактатах “Горгій”, “Сафіст”, “Тээтэт” Платон прадставіў сістэму ўяўленняў пра аратарскае майстэрства:

-- красамоўства павінна быць дзелавітым, а не пустаслоўным;

-- непадкупным, а значыць сумленным і па сваім характары высокамаральным;

-- яно павінна не падаўляць людзей, а пераконваць іх, далучаючы да ведаў;

-- аратар павінен гаварыць вольна, пра што ён жадае і што служыць ісціне;

-- публічнае слова павінна быць накіравана на грамадскую дзейнасць.

Платон параўноўваў аратара з урачом, выхавальнікам і мудрацом. Урач паляпшае стан хворага лекамі, а аратар стан грамадства сваімі разважаннямі.



  1. : DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0
    %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
    %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны
    %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
    %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
    %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
    %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
    %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
    %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Лексікалогія варыянт 1 а што з’яўляецца прадметам вывучэння лексікалогіі?


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка