Міністэрства сельскай гаспадаркі І харчавання рэспублікі беларусь



старонка4/8
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.21 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8


3. Лексічны склад навуковага стылю
У аснове любога навуковага твора знаходзіцца агульнаўжывальная лексіка. Усе словы ўжываюцца ў іх прамым прадметным сэнсе, вялікая колькасць службовых слоў (прыназоўнікаў і злучнікаў) забяспечвае лагічныя сувязі паміж асобнымі сказамі і часткамі тэксту. Між тым у лексічным складзе навуковага стылю трэба вызначыць і істотныя асаблівасці.

У лінгвістыцы прынята наступная класіфікацыя навуковай лексікі:

– нетэрміналагічная, якая аб’ядноўвае словы з адцягненымі, абагульняльнымі значэннямі;

– агульнанавуковая, якая ўжываецца ў розных сферах навукі;

– уласна тэрміналагічная – сукупнасць спецыяльных назваў з розных галін навукі і тэхнікі;

– сродкі лагічнай сувязі ў тэксце ці сувязуючыя сродкі, якія прадстаўлены рознымі тыпамі злучнікаў і злучальнымі словамі.



Агульнанавуковая лексіка стварае лексічнае акружэнне тэрмінаў і прадстаўлена словамі і словазлучэннямі, большая частка якіх можа быць і мнагазначнай у агульнай мове: напрыклад, у матэматыцы “дадаць” мае значэнне “плюс”, а ў агульнай мове “дадаць” – “дапоўніць”, “прыбавіць” або “заўважыць”, “лічыць”, “дапусціць”. Належыць звярнуць увагу і на такія словы, як існаваць, функ-цыянаваць, ствараць абумоўліваць, вызначаць, прадстаўляць і г.д.

Найбольшую адметнасць навуковага стылю складае сістэма моўных сродкаў, якая адлюстроўвае спецыфіку навукова-даследчай працы. Гэта перш за ўсё выкарыстанне тэрмінаў, характэрных розным галінам ведаў. Вялікую ролю ў тэрміналагічнай лексіцы займае міжнародная тэрміналогія, інтэрнацыянальныя тэрміны, што сведчыць аб адасобленасці сродкаў навуковага стылю ад агульнаўжывальнага лексічнага складу мовы.



Тэрміналагічная лексіка займае вялікае месца ў навуковых тэкстах, што абумоўлена яе функцыянальным прызначэннем: тэрміны ўтрымліваюць інфармацыю значна большую, чым іншыя лексічныя адзінкі.

Тэрмін (ад лац. Terminus –‘канец, мяжа’) – гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, створанае для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў, напрыклад: дэпазіт – грошы або каштоўныя паперы, якія ўносяцца ў крэдытную ўстанову для перадачы іх крэдытору або іншай асобе.

Як адзначаюць мовазнаўцы, у тэрмінах заключаецца максімальна дакладнае, канцэнтраванае эканамічнае выражэнне тых агульных і прыватных паняццяў, з якімі спалучаецца навуковая і тэхнічная дзейнасць чалавека.

Слова тэрміналогія мае два асноўныя значэнні: 1) сістэма тэрмінаў адной галіны навукі, тэхнікі, мастацтва; 2) сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва. Так, можна гаварыць аб біялагічнай, матэматычнай, лінгвістычнай, медыцынскай, сельска­гаспадарчай, эканамічнай і іншых тэрміналогіях.

Тэрміналагічныя сістэмы розных галін навукі і тэхнікі, нягледзячы на іх адрозненні, маюць агульныя рысы, паколькі складаюцца з лексічнага матэрыялу той мовы, на якой гавораць вучоныя, і з выкарыстаннем некаторых лагічных заканамернасцей.

У адрозненне ад агульнаўжывальных слоў, тэрміны належаць навуковаму стылю, у той час як агульнаўжывальныя словы маюць міжстылёвы характар.

Адзначым, што ў слоўніках навуковыя тэрміны пазначаюцца спецыяльнымі паметамі паводле пэўнай навукі: батаніка (бат.), хімія (хім.), медыцына (мед.) і інш.

Тэрміны адрозніваюцца ад агульналітаратурных слоў наяўнасцю спецыфічных рысаў.

1. Словы агульнай лексікі засвойваюцца людзьмі па меры іх авалодвання мовай. Тэрміны патрабуюць спецыяльных ведаў і падрыхтоўкі ў пэўнай галіне навукі, тэхнікі, культуры. Напрыклад, тэрміны біягенез, безнасенныя, водарасці эўгленавыя, страбіляцыя павінны быць вядомы тым, хто вывучае біялогію.

2. Адназначнасць тэрміна (у межах свайго тэрміналагічнага поля). Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы ці тэхніцы.

3. Сістэмнасць – кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы, якая абмежавана адной галіной навукі; толькі ў межах гэтай сістэмы тэрмін выяўляе сваю сутнасць.

4. Адсутнасць канатацый – лексічнае значэнне тэрміна не павінна ўтрымліваць эмацыянальнасць, ацэначнасць, экспрэсію.

Тэрміналогія пэўнай навукі – гэта штучна створаны лексічны пласт, кожная адзінка якога мае пэўныя абмежаванні для свайго ўжывання і аптымальныя ўмовы для свайго існавання і развіцця. Сярод тэрмінаў выдзяляюць два віды – агульнанавуковыя тэрміны і вузкаспе-цыяльныя. Спецыяльныя тэрміны, як правіла, адназначныя як у спецыяльным тэксце, так і ў агульнай мове (атам, сінус, малекула, валентнасць, каэфіцыент).

У межах пэўнай тэрмінасістэмы тэрміны могуць уступаць у сінанімічныя і антанімічныя адносіны. Напрыклад: намінальная цана – намінал, дэфіцыт – недахоп; пасіў – актыў, баланс – дысбаланс.

Словы-тэрміны падзяляюцца ў залежнасці ад часціны мовы на назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі. Сярод словазлучэнняў-тэрмінаў выдзяляюць свабодныя (сельскагаспадарчая вытворчасць, рынак збыту) і несвабодныя (рухавік унутранага згарання, кантрольны пакет акцый).

Паводле паходжання тэрміналагічная лексіка неаднародная: яна складаецца з розных пластоў уласных і іншамоўных слоў. Пры ўсёй разнастайнасці крыніц фарміравання беларускай тэрміналогіі ў розныя гістарычныя перыяды развіцця беларускай мовы галоўнай крыніцай стварэння новых тэрмінаў і папаўнення галіновых тэрміналагічных сістэм з’яўляецца лексічная і словаўтваральная сістэма агульналіта-ратурнай беларускай мовы. Выкарыстанне лексічных сродкаў нацыянальнай мовы пры стварэнні тэрмінаў адбываецца перш за ўсё шляхам ужывання агульналітаратурных слоў у тэрміналагічным значэнні: венчык, вільгаць, гук, сцябло, пялёстак, ціск, цыбуліна і г.д. Агульналітаратурныя словы беларускай мовы вызначаюцца шырокімі словаўтваральнымі магчымасцямі, што спрыяе павелічэнню ўдзельнай вагі лексікі нацыянальнай мовы ў складзе тэрміналогіі: вільготнасць, вільгацеўстойлівасць; гукаправоднасць, інфрагук; святло, святлачулы. У складзе навуковай беларускай тэрміналогіі прысутнічаюць таксама тэрміны cтарабеларускай мовы: дзяржава, збожжа, скарга, скарбнік, мытня і інш.

Паколькі на працягу ўсёй гісторыі фарміраванне беларускай тэрміналогіі адбывалася ва ўмовах кантактавання з іншымі мовамі, то вялікая частка тэрмінаў у розных галінах навукі з’яўляецца запазычанай. У складзе розных тэрмінасістэм беларускай мовы выкарыстоўваюцца запазычанні з лацінскай мовы – аўдытар, аўкцыён, актава, інфляцыя, камерцыя і інш.; з грэчаскай мовы – аналогія, гіпатэнуза, дыялог, стратэгія; з нямецкай – біржа, валюта, бухгалтар, гільза, дызель; з французскай – акцыя, баланс, бюджэт, фінансы; з польскай – кошт, каштарыс, рэнта і г.д. Апошнім часам вялікая колькасць запазычанняў адбываецца з англійскай мовы – афшор, дэмпінг, супермаркет, менеджмент, маркетынг, рыэлтар, чартар і г.д.

Вялікая частка запазычаных слоў з’яўляецца інтэрнацыяналізмамі, якія прыйшлі ў еўрапейскія мовы з лацінскай ці грэчаскай моў і не пе-ракладаюцца на рускую, беларускую і іншыя мовы. Гэта словы з суфіксамі: -тар, -тор, -ёр-, -ент, -ант-, -он, -ён, -аж, -іст, -ізм, -лог, -дыя і інш. (бухгалтар, камп’ютар, транспарцёр, рацыён, кампанент, дыпламант, вітраж, сацыяліст, спецыяліст, рацыя, дэлегацыя, прадукцыя, сацыялізм і г. д.). Словы, якія пачынаюцца на: ды-, дэ-, ты-, тэ-, бі-, дыя- (дыплом, дынама, дэкрэт, дынастыя, бінокль, тыраж, тып, тэорыя, тэма). Словы, у якіх прысутнічае літара ф, неўласцівая беларускай мове (форма, фестываль, фабрыка, фота і г.д.), спалучэнне галосных іё, ія, ыя (біёлаг, сацыяльны, ініцыятыва, піянер і г.д.). Словы, якія маюць прыстаўкі: віцэ-, экст-, суб-, унтэр-, супер-, архі- і г.д. У якасці састаўных частак выкарыстоўваюцца і іншамоўныя элементы тыпу –лог-, -логія-, мікра-, геа-, -фон- і інш.

У колькасных адносінах у тэкстах навуковага стылю тэрміны пераважаюць над іншымі відамі спецыяльнай лексікі.


Спосабы словаўтварэння тэрмінаў
Асноўнымі спосабамі словаўтварэння тэрмінаў з’яўляюцца:

1) лексіка-семантычны – тэрміналагізацыя значэнняў агульна-літаратурных слоў: плячо (частка тулава) і плячо (фінансавага рычага); шапка (галаўны ўбор) і шапка (дакумента);

2) сінтаксічны – спалучэнне слоў: бонусныя скідкі, дысперсія хвалі, зязюльчыны слёзкі, сегмент рынку;

3) марфемны:

прэфіксальны – утварэнне новых слоў шляхам далучэння да ўтваральнай асновы прэфікса (найбольш частотныя прэфіксы – анты-, без-, гіпер-, дэ-, дыс-, -звыш-, контр-, экстра- і інш. – антымана-польны, звышпрыбытак, дэвальвацыя, контрмеры);

прэфіксальна-суфіксальны – адначасовае далучэнне да ўтваральнай асновы прэфікса і суфікса (землеўладанне, падаходны, супрацоўнік, намеснік);

суфіксальны – утварэне новых слоў шляхам далучэння да ўтваральнай асновы суфікса. Найбольш часта выкарыстоўваюцца суфіксы -аж-, -енн-, -к-, -ік-, -асць-, -ізм-, -іст-, -цыя і інш. (дрэнаж, кіраванне, праверка, фінансіст, гнуткасць, радыяцыя);

нульсуфіксальны – утварэнне новых слоў шляхам адсячэння суфікса (абмераць – абмер; абмалаціць – абмалот, надрэзаць – надрэз);

4) аснова- і словаскладанне: землекарыстанне, тавараабарот, Інтэрнэт;

5) складанасуфіксальны – асноваскладанне з адначасовым далучэннем суфікса: ільнаводства, таваразнаўства, выдаткаёміс-тасць, траварэзка;

6) абрэвіяцыя – утварэнне складанаскарочаных слоў: перфакарта, ДАСТ (дзяржаўны агульны стандарт), УВП (унутраны валавы прадукт).

У склад лексічных сродкаў навуковага стылю ўваходзяць таксама прафесіяналізмы – гэта словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці (дворнікі – у аўтамабілі; цэйтнот – недахоп часу на абдумванне чарговага ходу ў шахматах, шашках; збытавікі – гандлёвы персанал і інш.). Дзякуючы сваёй эмацыянальнай выразнасці прафесіяналізмы праз гутарковую мову пранікаюць у літаратурны ўжытак. У слоўніках прафесіяналізмы маюць памету спец. (спецыяльнае).

Лексічная група, на якой таксама трэба засяродзіць пільную ўвагу, – гэта словы-арганізатары, або сувязуючыя сродкі. Фармальна яны прадстаўлены злучнікамі і злучальнымі словамі, прыслоўямі, пабоч-нымі словамі і словазлучэннямі, няпэўна-асабовымі і безасабовымі сказамі. У адпаведнасці з іх функцыямі яны падзяляюцца на дзве катэгорыі.:

1) словы, якія ўводзяць у лагічны кантэкст;

2) словы, якія характарызуюць ступень аб’ектыўнасці інфармацыі.

Першая катэгорыя ажыццяўляе наступныя лагічныя аперацыі: сцвярджае прыведзеныя вышэй думкі (таму, гэта значыць, такім чынам, тым самым, у выніку гэтага, выходзіць, значыць і інш.); адмаўляе (аднак, але, тым не менш, з аднаго боку, у процілегласць гэтаму і інш); пашырае і ўводзіць новую інфармацыю (акрамя таго, у сваю чаргу, побач з гэтым, поруч, разам з тым, дарэчы, у гэтым выпадку); паказвае паслядоўнасць аргументацыі (па-першае, па-другое, вышэй, ніжэй, перш за ўсё, затым, далей, пасля таго, нарэшце, у рэшце рэшт).

Другая катэгорыя слоў канстатуе ступень аб’ектыўнасці інфарма-цыі. Напрыклад, нельга аб’ектыўна перадаць інфармацыю навуковага артыкула, ужываючы толькі дзеяслоў “гаварыць” (у гэтым артыкуле аўтар гаворыць пра...), бо гэты дзеяслоў называе адзін з відаў чалавечай дзейнасці. А каб дакладна і аб’ектыўна перадаць інфарма-цыю, трэба вызначыць усе адценні дзеяслова “гаварыць” (думаць, лічыць, сцвярджаць, абвяргаць, меркаваць, аналізаваць, вызначаць характарызаваць і г.д.).

У гэтую катэгорыю ўключаны і пабочныя словы, якія паказваюць:

1) ступень верагоднасці той ці іншай з’явы, факта, падзеі (напэўна, магчыма, верагодна, хутчэй за ўсё);

2) суб’ектыўнасць выкладзенай інфармацыі (на думку, на мой погляд, з майго пункту гледжання, мы лічым і г.д.);

3) спасылку на крыніцу інфармацыі (паводле слоў каго, паводле каго, услед за кім, згодна з кім (чым) і г.д.).

Функцыянальная роля слоў-арганізатараў надзвычайна важная, бо адсутнасць іх у маўленні ператварае адноснае выказванне ў абсалютнае, што прыводзіць да непаразумення і скажэння інфармацыі, пазбаўлення права іншых апанентаў або слухачоў мець свой пункт гледжання. Напрыклад, чалавек, які пры выказванні (вусным ці пісьмовым) не спасылаецца на крыніцу інфармацыі, а чужыя думкі ці ідэі выдае за свае, можа быць абвінавачаны ў плагіяцтве – прысваенні чужой працы. Чым больш спасылак на вядомыя аўтарытэты і крыніцы (часопісы, газеты, статыстычныя даныя і інш.) у навуковай працы, тым большая яе каштоўнасць і аўтарытэтнасць.

У гэтую ж катэгорыю ўваходзяць і так званыя словы-дамінанты – словы ці словазлучэнні, якія нясуць найбольшую сэнсавую нагрузку. Такая семантычная значнасць гэтых слоў (словазлучэнняў) робіць іх адначасова і словамі-арганізатарамі, бо семантычна яны служаць сродкам лагічнай сувязі паміж часткамі выказвання, абзацамі і тэкстам. (У Рэспубліцы Беларусь заканадаўча зацверджаны формы ўласнасці на зямлю. Дамінанта – “форма ўласнасці”).

Спецыфічнай уласцівасцю мовы навукі з’яўляецца наяўнасць штучных (дапаможных) моў: графікаў, малюнкаў, матэматычных, фізічных сімвалаў, назваў хімічных элементаў, матэматычных знакаў. Мова сімвалаў – адна з найбольш інфарматыўных моў навукі. Тэкст з аднаго боку, формулы, сімвалы, графічныя ілюстрацыі, фотаздымкі – з другога боку знаходзяцца ў пэўных узаемаадносінах і робяць тэкст больш інфарматыўным і дакладным.


4. Марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці

навуковых тэкстаў
Уважлівы разгляд навуковых тэкстаў дазваляе канстатаваць факты

спецыфікі ўжывання марфалагічных і сінтаксічных сродкаў у навуковым стылі. Гэта спецыфіка дасягаецца частотнасцю ўжывання тых ці іншых граматычных формаў, перавагай выкарыстання пэўных тыпаў сказаў і інш. Разгледзім найбольш істотныя з іх.

Звернем увагу на марфалагічныя асаблівасці.

1. Перш за ўсё трэба адзначыць, што функцыі назоўніка ў навуковым стылі найбольш пашыраныя.

Ужываецца вялікая колькасць аддзеяслоўных, так званых працэсуальных назоўнікаў на -нне (вывучэнне, аднаўленне), на -ццё (развіццё, адкрыццё), якасных назоўнікаў на -асць (цвёрдасць, гнуткасць і г.д.). Пры гэтым пераважаюць назоўнікі ніякага роду, паколькі яны найбольш адцягнена-абагульнены па сваім граматычным значэнні.

Усе названыя назоўнікі патрабуюць пасля сябе роднага склону, таму значна пашыраецца тэндэнцыя ўжывання роднага склону (ад 30% да 45% супраць 10 – 12% у гутаркова-побытавым стылі). Напрыклад: “У апошнія гады ўзнікла неабходнасць вывучэння заканамернасцяў фарміравання структуры сельскагаспадарчай вытворчасці”. Часта сустракаюцца і тэрміналагічныя словазлучэнні, у склад якіх уваходзіць назоўнік у родным склоне – солі калію, хваробы сэрца, галоўныя члены сказа і г.д.

2. Спецыфічна ўжываецца ў навуковым стылі дзеяслоў. Дзеясловы ў форме прошлага часу незакончанага трывання выкарыстоўваюцца для выражэння змены паслядоўнасці дзеянняў, часавай паслядоўнасці. Часцей ужываюцца зваротныя формы дзеясловаў – даследуецца, аналізуецца, вывучаецца. Вучоныя адзначаюць і такую з’яву, як дэсе-мантызацыя дзеясловаў, калі дзеясловы маюць пераважна граматычнае значэнне ў сказе і выступаюць у ролі сувязуючых кампанентаў (з’яўляцца, лічыцца, складаць, валодаць, вызначацца і інш.)

3. Неасабовасць у навуковым стылі выражаецца безасабова-прэдыкатыўнымі словамі – можна, магчыма, немагчыма, належыць + інфінітыў (напрыклад: належыць адзначыць, можна зрабіць высновы).

4. У навуковым стылі значна пашырана ўжыванне неасабовых формаў дзеясловаў – дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў. Для навуковай мовы больш характэрна выкарыстанне няпоўных формаў дзеепрыметнікаў – доказы прыведзены, абставіны высветлены, факты даследаваны. Навуковыя тэксты характарызуюцца, хоць і рэдка, ужываннем дзеепрыметнікаў на -ем-, -ім-: плануемы паказчык, канверсуемая валюта, рэгулюемыя рынкі. Адзначаюцца ўтвораныя ад дзеепрыметнікаў на -уч-, -юч- марфолага-сінтаксічным спосабам прыметнікі ў тэрмінах тыпу бягучы рахунак, бягучы кошт.

5. Шырока ўжываюцца прыметнікі, якія ўваходзяць у склад устойлівых тэрміналагічных спалучэнняў: авансавая справаздача, бюджэтнае фінансаванне, прыватная ўласнасць, мятліца альпійская.

6. Пры дзеясловах-выказніках ужываюцца займеннікі з адцягнена-абагульненым значэннем – ён, яна, яно, яны. У навуковым маўленні не прынята выкарыстоўваць займеннік я, ён апускаецца або замяняецца займеннікам мы (так званае “аўтарскае мы” або “мы-сціпласці”), што падкрэслівае калектыўны (фармальна-лагічны) спосаб выкладання інфармацыі: мы лічым, намі праведзены доследы, адзначым і г.д.

7. Прыназоўнікі і злучнікі ў навуковым маўленні і пісьме набыва-юць значную ролю. Асабліва ўжывальныя складаныя (у выніку, у адпа-веднасці, пры адрозненні, у сувязі з, між іншым, нягледзячы на ... і г.д.).

Спецыфіка навуковых тэкстаў выяўляецца і праз ужыванне розных сінтаксічных сродкаў.

1. Сказы ў навуковых тэкстах, як правіла, двухсастаўныя, развітыя. З розных тыпаў сказаў паводле мэты выказвання менавіта апавядальныя сказы характарызуюць навуковыя тэксты. Іх асноўная задача – паведамленне, якое выражаецца ў сцвярджальнай або адмоўнай форме. Пытальныя сказы выконваюць у навуковай мове спецыфічныя функцыі, звязаныя з імкненнем аўтара прыцягнуць увагу да тэмы (праблемы), якая выкладаецца ў тэксце.

2. Імкненне да аб’ектыўнасці вядзе да шырокага распаўсюджвання ў навуковых тэкстах пасіўных канструкцый, у выніку чаго на першы план вылучаецца само дзеянне, а не асоба, якая яго выконвае. Напрыклад: У гэты перыяд рэгіструецца павышэнне вірусных захворванняў. Праект зацверджаны адзінагалосна.

3. Характэрнымі для навуковага стылю з’яўляюцца няпэўна-асабовыя і безасабовыя сказы. З абагульнена-асабовых сказаў ужываюцца сказы з дзеясловамі ў форме 1 асобы множнага ліку (мы) – Разгледзім вынікі эксперыменту. Сярод безасабовых сказаў адзначым наступныя: а) з канструкцыяй мадальныя словы (можна, трэба, неабходна, нельга) + інфінітыў; б) з прэдыкатыўнымі прыслоўямі; в) з безасабовымі дзеясловамі (трэба адзначыць, зразумела, здаецца...).

4. Імкненнем да дакладнасці і лагічнасці тлумачыцца шырокае распаўсюджванне ў навуковых тэкстах канструкцый з аднароднымі членамі і пабочнымі словамі. Сказы з аднароднымі членамі часта ўжываюцца для класіфікацыі або сістэматызацыі з’яў, прадметаў, прыкмет і інш. Напрыклад: На Беларусі пралеска высакародная ў дзікім выглядзе расце на ўсёй тэрыторыі – у лясах, на палях, каля рэк, на ўзлессі. Сярод пабочных слоў асабліва ўжывальныя тыя, што называюць парадак, паслядоўнасць думак, упэўненасць ці няпэўнасць, крыніцу інфармацыі і г.д. Навуковым тэкстам неўласцівыя сказы з пабочнымі словамі, якія выражаюць эмацыянальную ацэнку выказвання.

5. Для навуковых тэкстаў характэрным з’яўляецца высвятленне прычынна-выніковых адносін паміж дзеяннямі і з’явамі, таму ў іх назіраецца вялікая колькасць складаназалежных сказаў з рознымі тыпамі даданых частак (азначальных, дапаўняльных, акалічнасных са значэннем прычыны, умовы, мэты, параўнання і г.д.). Падпарадкавальная сувязь, злучнікі ці злучальныя словы дазваляюць больш дакладна выражаць адносіны паміж часткамі складанага сказа, выявіць і ўдакладніць гэтыя адносіны.

6. У тэкстах навуковага стылю выкарыстоўваюцца і спецыфічныя сродкі міжфразавай сувязі тыпу злучнікаў і злучальных слоў: у сувязі з тым што, па меры таго як, у той час калі, разам з тым, між тым, нягледзячы на тое што і інш.

7. Звернем увагу на парадак слоў у сказах навуковага стылю. Тут мы назіраем прынцып лінейнай падачы інфармацыі, гэта значыць, што пераважна спачатку ўводзіцца ў сказ дапаможная інфармацыя (ДІ), а затым асноўная інфармацыя (АІ), пры гэтым асноўная інфармацыя ідзе пасля выказніка і знаходзіцца ў канцы сказа, а дапаможная знаходзіцца ў пачатку сказа, перад выказнікам. Гэта асабліва адносіцца да лічбавай інфармацыі. (Для правядзення доследаў маладым вучоным было адведзена доследнае поле плошчай 2,5 га (АІ). Асаблівую цікавасць для вучоных у апошнія гады ўяўляе такая малараспаўсюджаная ў нас культура, як амарант (АІ).


5. Жанры навуковага стылю.

Кампазіцыйна-структурная арганізацыя навуковага тэксту
Жанры навуковага стылю – канкрэтныя разнавіднасці навуковых тэкстаў, якія адрозніваюцца па функцыях і структуры, напрыклад, навуковы артыкул, рэцэнзія, рэферат і інш. Гэтыя жанры навуковых тэкстаў аб’яднаны агульнымі ўласцівасцямі, яны з’яўляюцца другаснымі жанрамі (складаюцца на аснове арыгінальных, першасных тэкстаў).

Звычайна пад тэкстам маюць на ўвазе менавіта пісьмовы прадукт маўленча-мысліцельнай дзейнасці чалавека, ён істотна адрозніваецца ад вуснага маўлення. Пісьмовы тэкст максімальна стандартызаваны і ўнармаваны. Кампазіцыйна навуковы тэкст утрымлівае тры часткі: уступную (аглядную), асноўную і заключную (выніковую). Выбар кампазіцыі навуковага тэксту залежыць ад розных фактараў: пастаўленай навуковай задачы, метаду даследавання, навукі, жанру, традыцый, індывідуальнага стылю аўтара.

У жанравых адносінах навуковы стыль з’яўляецца адным з самых разнастайных. Асноўнымі жанрамі навукова-вучэбнага падстылю з’яўляюцца анатацыя, рэферат, канспект, тэзісы.

Рэферат (ад лац. reffereдакладваць, паведамляць’) – сціслае, кампазіцыйна арганізаванае, адэкватнае паводле сэнсу выкладанне зместу крыніцы інфармацыі (кнігі, артыкула, даследавання). Мэта рэферата – перадаць асноўную, галоўную інфармацыю, якая ўтрымліваецца ў першасным тэксце, новыя і істотныя звесткі. Рэферат павінен быць інфарматыўным, вызначацца паўнатой выкладання, аб’ектыўна перадаваць змест тэксту (кнігі). Рэферат можа быць рэпрадуктыўным, які ўзнаўляе змест першаснага тэксту, і прадуктыўным, які ўтрымлівае крытычны, творчы аналіз і асэнсаванне тэксту крыніцы.

Сярод рэпрадуктыўных рэфератаў вылучаюць рэферат-канспект і рэферат-рэзюмэ. Прадуктыўныя рэфераты прадстаўлены рэфератам-аглядам (некалькіх тэкстаў або розных пунктаў гледжання) і рэфератам-дакладам, які мае разгорнуты характар і побач з аналізам інфармацыі дае аб’ектыўную ацэнку стану праблемы.

У структуры рэферата кожнага тыпу можна выдзеліць тры асноўныя кампаненты:

– бібліяграфічнае апісанне;

– рэфератыўны тэкст;

– даведачны апарат.

Як і кожны навуковы тэкст, рэферат мае пэўную кампазіцыю:

– уступ (уводзіны), дзе прыводзяцца выходныя звесткі пра тэкст, інфармацыя пра аўтара, тэма і праблема даследавання;

– пералік асноўных пытанняў і праблем, пра якія гаворыцца ў першакрыніцы, вызначэнне кампазіцыі тэксту;

– аналіз самых важных, на думку аўтара, пытанняў, наяўнасць ілюстрацыйнага матэрыялу;

– агульныя высновы, вынікі па разгледжаных праблемах тексту.

Трэба адзначыць, што мова рэферата ўтрымлівае характэрныя для дадзенага жанру навуковага стылю клішэ, якія выкарыстоўваюцца ў пэўных частках тэксту рэферата (аўтар аналізуе праблему...; далей разглядаецца...; такім чынам, аўтар прыходзіць да высновы, што...).



Анатацыя (ад лац. “аnnotatio” – заўвага) – сціслая характарыстыка тэксту з пункту гледжання зместу, формы і іншых асаблівасцей.

Сутнасць і прызначэнне анатацыі заключаецца ў тым, што яна дае кароткую (сціслую) характарыстыку інфармацыі і адказвае на пытанне, пра што гаворыцца ў тэксце. Анатацыя дае агульнае ўяўленне пра змест твора, можа даваць папярэднюю інфармацыю пра незнаёмы тэкст і тым самым дапамагае ў пошуку і адборы неабходнай інфармацыі.

Вызначаюць наступныя віды анатацый: даведачныя, рэкамен-давальныя, агульныя, спецыялізаваныя, групавыя і інш. Аднак у навуковай дзейнасці найбольшае распаўсюджанне атрымалі даведачныя анатацыі.

Кожная анатацыя мае дзве абавязковыя часткі:

1) бібліяграфічнае апісанне – перад тэкстам анатацыі даюцца выходныя даныя (аўтар, назва, месца і час выдання) у намінатыўнай форме. Гэтыя даныя магчыма ўключаць і ў першую частку анатацыі;

2) тэкст анатацыі. Звычайна анатацыя складаецца з дзвюх частак. У першай частцы фармулюецца асноўная тэма тэксту, артыкула; у другой частцы пералічваюцца (называюцца) асноўныя палажэнні, задачы, робяцца высновы.

Суб’ект дзеяння ў анатацыі звычайна не называецца, таму што ён зразумелы, вядомы з кантэксту; актыўна ўжываюцца пасіўныя канструкцыі. У анатацыі вызначаецца, што новага змяшчае дадзены твор у параўнанні з іншымі. Галоўная памылка пры складанні анатацыі – празмернасць інфармацыі з тэксту, паўторы, неабавязковыя фразы, наяўнасць уласных ацэнак. Анатацыя мае строга лагічную кампазіцыю, кожная частка яе павінна пачынацца з чырвонага радка.

Тэзісы – коратка сфармуляванае асноўнае палажэнне даклада, навуковага артыкула. У тэзісах лагічна і сцісла выкладаецца асноўная думка. Кожны тэзіс, які складае звычайна асобны абзац, асвятляе нейкую мікратэму. Тэзісы з’яўляюцца адным з найбольш устойлівых з пункту гледжання нарматыўнасці жанраў навуковага стылю. Да тэзісаў прад’яўляюцца патрабаванні стылістычнай чысціні і аднароднасці мовы, у іх недапушчальныя эмацыянальна-экспрэсіўныя сродкі, змешванне форм розных жанраў (анатацыі, рэзюмэ, плана і г.д.).

Такім чынам, сферы прымянення навуковага стылю вельмі шырокія і разнастайныя. Апошнім часам з улікам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў грамадстве гэты стыль аказвае дастаткова моцны ўплыў на літаратурную мову. Таму кожны спецыяліст павінен добра ведаць навуковую тэрміналогію сваёй спецыяльнасці, умела карыстацца рознымі жанрамі навуковага стылю ў залежнасці ад сітуацый у сваёй прафесійнай дзейнасці.


Літаратура
1. Булахов, М.Г. Основные вопросы сопоставительной стилистики русского и белорусского языков / М.Г. Булахов. – Минск, 1979.

2. Винокур, Т.Т. Закономерности стилистического использования языковых единиц / Т.Т. Винокур. – М., 1980.

3. Губкіна, А.В., Зразікава, В.А. Беларуская мова. Эканамічная лексіка. – Мінск, 2009. – 200 с.

3. Каўрус, А.А. Стылістыка беларускай мовы / А.А. Каўрус. – Мінск, 1960.

4. Каўрус, А.А. Культура слова / А.А. Каўрус. – Мінск, 1983.

5. Ляшчынская, В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка / В.А. Ляшчынская. – Мінск, 2001.

6. Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеянняў. – Мінск, 1976.

7. Пумпянский, А.Л. Информационная роль порядка слов в научной и технической литературе / А.Л. Пумпянский. – М.: Наука, 1974. – С. 56 – 65.

8. Розенталь, Д.Э. Практическая стилистика русского языка / Д.Э. Розенталь – М., 1965. – С. 68 – 69.

9. Справочник-практикум. Культура устной и письменной речи делового человека. Для самообразования. – Минск: Флинта, Наука, 1997.

10. Сямешка, Л.І. Курс беларускай мовы / Л.І. Сямешка, І.Р. Шкраба, З.І. Бадзевіч. – Мінск, 1996.

11. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка беларускай мовы / М.Я. Цікоцкі. – Мінск, 1976.

12. Юрэвіч, А.К. Стылістыка беларускай мовы / А.К. Юрэвіч. – Мінск, 1983.

IV. АФІЦЫЙНА-СПРАВАВЫ СТЫЛЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
План
1. Агульная характарыстыка афіцыйна-справавога стылю.

2. Паняцці ”дакумент” і “службовы дакумент”. Функцыі дакумен-таў. Асаблівасці мовы дакументаў.

3. Групы афіцыйна-справавой дакументацыі і асаблівасці іх афар-млення (рэквізіты, фармуляр, тыпы тэкстаў). Рубрыкацыя.

4. Справавы ліст. Асаблівасці афармлення, класіфікацыя, кампа-зіцыя, мова справавых лістоў.


1. Агульная характарыстыка афіцыйна-справавога стылю
Афіцыйна-справавы стыль абслугоўвае афіцыйна-справавую, канцылярскую, юрыдычную, дыпламатычную сферы грамадскай дзейнасці чалавека. Рэалізуецца ён у дзяржаўных дакументах, указах, дагаворах, законах і кодэксах, актах, даверанасцях, пратаколах, аб’явах, заявах, справаздачах, канвенцыях, дэкларацыях, камюніке і інш. Вылучаюць наступныя падстылі: заканадаўчы, адміні-страцыйна-канцылярскі, дыпламатычны.

Разгледзім асаблівасці афіцыйна-справавога стылю:

1. Паўната і своечасовасць інфармацыі, дакладнасць і лаканізм фармулёвак (гранічна дакладна адлюстраваць звесткі, якія маюць прававую сілу) – інфармацыйнасць.

2. Нейтральны тон выкладання (асобасны, суб’ектыўны момант адсутнічае). Не выкарыстоўваецца эмацыянальна-экспрэсіўная лексіка, размоўная, жаргонная. Выкарыстоўваюцца сродкі лагічнай, а не эмацыянальна-экспрэсіўнай ацэнкі сітуацыі – аб’ектыўнасць.

3. Дакладнасць інфармацыі дасягаецца перш за ўсё праз ужыванне спецыяльнай тэрміналогіі (у справавым маўленні тэрміны распаўсюджаны вельмі шырока), а таксама агульналітаратурных слоў у першым прамым значэнні з мэтай выключэння любых іншых тлумачэнняў. Афіцыйна-справавы стыль функцыянуе ў пісьмовай форме, таму асабліва важна, каб не было двухсэнсоўных і расплывістых фармулёвак.

4. Высокая частотнасць моўных формаў у тэксце дакумента з’яўляецца вынікам агульнай рэгламентацыі формы дакументаў. Галоўная прычына гэтай з’явы – свядомая ўстаноўка на стандартызацыю мовы справавых зносін.

5. Уніфікацыя мовы справавых зносін заключаецца ў скарачэнні неапраўданай разнастайнасці дакументаў, прывядзенні іх да аднастайных формаў, структуры, моўных канструкцый.

Усе вышэйпералічаныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю патрабуюць ужывання спецыяльных моўных сродкаў пры афармленні справавых папер і дакументаў.

Вось прыклад афіцыйна-справавога тэксту:

У вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі прымаюцца грамадзяне РБ, якія пражываюць у Беларусі і маюць сярэднюю адукацыю: на дзённае навучанне ва ўзросце да 35 гадоў, на навучанне без адрыву ад вытворчасці – без абмежавання ва ўзросце.
2. Паняцці “дакумент” і “службовы дакумент”.

Функцыі дакументаў. Асаблівасці мовы дакументаў.
Слова “дакумент” лацінскага паходжання і абазначае пасведчанне, спосаб доказу. Існуе некалькі азначэнняў паняцця “дакумент”. Агульнаўжывальнае значэнне слова дакумент – гэта пэўным чынам складзеныя, падпісаныя і зацверджаныя справавыя паперы, якімі афармляюцца разнастайныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян. А вось сучаснае азначэнне. Дакумент – гэта матэрыяльны аб’ект з замацаванай у ім інфармацыяй для перадачы яе ў часе і прасторы.

Дакумент выступае адначасова і як прадмет працы кіраўніка, і як яе вынік.

Дакумент выконвае разнастайныя функцыі:

1) інфарматыўную (у дакуменце фіксуюцца факты, падзеі разумовай і практычнай дзейнасці чалавека);

2) арганізацыйную (пры дапамозе дакумента забяспечваецца ўздзеянне на калектыў для арганізацыі і каардынацыі дзейнасці яго членаў);

3) камунікатыўную (забяспечваюцца знешнія сувязі прадпры-емстваў і арганізацый);

4) юрыдычную (змест дакумента выкарыстоўваецца ў якасці доказу пры разглядзе спрэчных пытанняў, а шэраг дакументаў першапачаткова выконвае юрыдычную функцыю: дагаворная дакументацыя, натарыяльна засведчаныя дакументы);

5) выхаваўчую (дакумент дысцыплінуе выканаўцу, патрабуе павышанага ўзроўню адукацыйнай падрыхтоўкі).

Для афіцыйна-справавога стылю характэрна ўжыванне спецыяльных моўных сродкаў пры афармленні справавых папер і дакументаў:

– тэрмінаў і прафесіяналізмаў у адпаведнасці з тэматыкай і зместам службовых дакументаў (юрыдычныя, дыпламатычныя, бухгалтарскія: кантракт, адтэрміноўка, надбаўка, попыт);

– нетэрміналагічных слоў, якія ўжываюцца пераважна ў адміністрацыйна-канцылярскай мове (вышэйуказаны, належны, прыцягненне, узгадненне);

– назоўнікаў, якія называюць асоб па якіх-небудзь дзеяннях або адносінах (кватэраўладальнік, ісцец, наймальнік,сведка, адказчык);

– аддзеяслоўных назоўнікаў, асабліва з не (выкананне, пазбаўленне, незахаванне, непрызнанне);

– актыўнае ўжыванне ўстойлівых моўных зваротаў, так званых канцылярскіх штампаў (прыцягнуць да адказнасці, за справаздачны перыяд, давесці да ведама, выдаць загад, абявіць вымову, устанавіць аклад, перадаць у адпаведныя інстанцыі, прыняць меры, ускласці кантроль, узяць на кантроль, дагаворныя бакі);

– ужыванне расшчэпленых выказнікаў (узяць удзел (удзельнічаць), аказаць дапамогу (дапамагчы), ажыццявіць праверку (праверыць), правесці рамонт (адрамантаваць), узяць на кантроль (пракантраляваць);

– ужыванне лічэбнікаў. Найбольш зручным у працы з дакументамі з’яўляецца славесна-лічбавы запіс вялікіх лічбаў. Напрыклад, 1 млн. 500 тыс. рублёў, 590 тыс. рублёў. Але малыя лічбы без указання меры пішуцца толькі словамі (больш за тры дні, да пяці чалавек). Аналагічна пішуцца лічэбнікі, якія азначаюць межы тэрміну, перыяд (доследы праводзіліся на працягу трох-пяці дзён). Калі ў дакумент уводзяцца парадкавыя лічэбнікі, то да іх дапісваюцца склонавыя канчаткі (каровы 1-ай групы). Пры пералічэнні некалькіх парадкавых лічэбнікаў склонавы канчатак ставіцца адзін раз (каровы 1, 3, 6-ай груп). Пры рымскіх лічэбніках склонавыя канчаткі не ставяцца (мяса I гатунку, майстар II разраду). Словазлучэнні лічэбнік-назоўнік пішуцца такім чынам: у 20-кіламетровай або 20-км зоне, у 10-дзённы тэрмін. Канчатак і не ставіцца.


3. Групы афіцыйна-справавой дакументацыі

і асаблівасці іх афармлення
Дакументы вылучаюць па відах дзейнасці (планавыя, навукова-тэхнічныя, праектна-каштарысныя і г.д.); па спосабе фіксацыі інфармацыі (пісьмовыя, графічныя, кіна-, фота-, фонадакументы); па месцы складання (для рашэння знешніх і ўнутраных пытанняў); па ступені галоснасці (сакрэтныя, зусім сакрэтныя, адкрытыя); па юрыдычнай сіле (сапраўдныя і фальшывыя); па тэрмінах выканання (тэрміновыя і нетэрміновыя); па стадыях падрыхтоўкі (чарнавыя і арыгінал); па тэрмінах захоўвання (пастаяннага і часовага захоўвання).

Па сваім функцыянальным прызначэнні ўсе службовыя дакументы падзяляюцца на наступныя групы:

1) асабістыя (заява, аўтабіяграфія, даручэнне, распіска);

2) дырэктыўныя, або распарадчыя (загад, пастанова, распара-джэнне);

3) фінансавыя і ўліковыя (бухгалтарскі баланс, пенсійнае даручэнне, справаздачы аб прыбытках і стратах, плацёжныя даручэнні, справаздача аб выдатках, акты рэвізіі касы, квітанцыі);

4) адміністрацыйна-арганізацыйныя (кантракт, план, дамова, справаздача, пратакол, канстытуцыя);

5) інфармацыйна-даведачныя (даведка, дакладная запіска, службовая і тлумачальная запіскі, акт, тэлефанаграма, факс);

6) арганізацыйныя (статут, палажэнне, інструкцыя, штатны расклад);

7) справавыя лісты (пісьмы і іншая карэспандэнцыя).

Кожнаму віду дакумента адпавядае пэўная колькасць рэквізітаў – абавязковых элементаў службовага дакумента. Сукупнасць рэквізітаў, пэўным чынам размешчаных у дакуменце, складае яго фармуляр. Пры стварэнні уніфікаванай сістэмы дакументацыі распрацоўваецца фармуляр-узор – мадэль сукупнасці уніфікаваных формаў дакументаў. Два асноўныя фарматы дакументаў – А-4, А-5. Фармуляр мае 3 зоны: службовае поле дакумента, поле для размяшчэння вуглавога (падоўжнага) штампа і рабочае поле дакумента. Службовае поле – гэта частка плошчы фармата, прызначаная для палёў дакумента і замацавання яго для захоўвання. Левы верхні вугал – поле для размяшчэння штампа. Астатняя частка фармуляра – рабочае поле. Плошча фармата запаўняецца рэквізітамі.

Згодна са стандартам РБ (СТБ 6. 38 – 95) для арганізацыйна-распарадчых дакументаў зацверджаны 32 рэквізіты:

1. Дзяржаўны герб РБ.

2. Эмблема арганізацыі.

3. Код арганізацыі.

4. Код дакумента.

5. Назва вышэйстаячай арганізацыі.

6. Назва арганізацыі.

7. Назва структурнага падраздзялення.

8. Паштовы адрас адпраўшчыка.

9. Камунікацыйныя дадзеныя.

10. Назва віду дакумента.

11. Дата.

12. Індэкс дакумента.

13. Спасылка на індэкс і дату ўваходнага дакумента.

14. Месца складання або выдання дакумента.

15. Грыф абмежавання доступу да дакумента.

16. Адрасат.

17. Грыф зацвярджэння.

18. Рэзалюцыя.

19. Загаловак да тэксту.

20. Адзнака аб кантролі.

21. Тэкст.

22. Адзнака аб наяўнасці дадатку.

23. Подпіс.

24. Грыф узгаднення.

25. Візы.

26. Пячатка.

27. Прозвішча выканаўцы і нумар яго тэлефона.

28. Адзнака аб засведчанні копіі.

29. Адзнака аб выкананні дакумента і накіраванні яго ў справу.

30. Адзнака аб пераносе дадзеных на машынны носьбіт.

31. Адзнака аб паступленні.

32. Папераджальны знак.

Адрозніваюць рэквізіты пастаянныя і пераменныя. Пастаянныя рэквізіты паўтараюцца ва ўсіх дакументах дадзенай назвы (дадзенай групы). Пераменныя рэквізіты наносяцца непасрэдна пры падрыхтоўцы канкрэтнага дакумента. Пастаянныя рэквізіты: герб, таварны знак, код арганізацыі, назва арганізацыі, даведачныя дадзеныя аб арганізацыі, рахунак, назва дакумента. Пераменныя рэквізіты: дата, рэгістрацыйны нумар, адрасат, рэзалюцыя, тэкст дакумента, пячатка, адзнака аб паступленні дакумента ў арганізацыю.

Службовы дакумент – гэта перш за ўсё пісьмовы тэкст. Вылуча-юцца наступныя тыпы тэкстаў дакументаў:

1) традыцыйны, лінейны запіс – паслядоўнасць сінтаксічна аформленых сказаў, тэкст афармляецца ў радкі, захоўваюцца абзацы, магчыма вылучыць раздзелы, главы (палажэнні, статуты, правілы, канстытуцыя, заява, аўтабіяграфія, справавы ліст);

2) трафарэт – традыцыйны лінейны запіс, надрукаваны загадзя, але з прабеламі, якія запаўняюцца пры канчатковым афармленні ў залеж-насці ад канкрэтнай сітуацыі (даведка, кантракт, некаторыя загады);

3) анкета – спосаб запісу тэксту, калі пастаянная інфармацыя размяшчаецца ў левай частцы аркуша, радкамі адзін пад другім у форме назоўнікаў у назоўным склоне, а пераменная інфармацыя ўносіцца ў працэсе складання дакумента ў правай частцы аркуша (загады аб прыёме на працу, аб пераводзе на новае месца працы, аб звальненні, кадравыя дакладныя і тлумачальныя запіскі, лісткі па ўліку кадраў);

4) табліца – сукупнасць дадзеных, прадстаўленых у лічбавай або слоўнай форме і ўзятых у графы вертыкальнай і гарызантальнай плоскасцяў. Тэкст, прадстаўлены ў выглядзе табліцы, мае вялікую інфармацыйную ёмістасць, дазваляе строга класіфікаваць інфармацыю і суміраваць аналагічныя дадзеныя. У выглядзе табліцы афармляецца штатны расклад, графік адпачынку і г.д.

Фармалізаваныя тыпы тэкстаў – трафарэты, анкеты, табліцы – з’яўляюцца адным з галоўных сродкаў уніфікацыі формы службовых дакументаў.



Бланк дакумента – гэта ліст паперы дазволенага фармату з нанесенымі на ім пастаяннымі рэквізітамі. Выкарыстанне бланкаў скарачае працаёмістасць складання дакументаў, павышае эстэтычны бок іх афармлення. Бланкі дазваляецца рыхтаваць друкарскім способам або з дапамогай сродкаў размнажальнай тэхнікі.

Прынятыя наступныя віды бланкаў:

агульны бланк – выкарыстоўваецца для афармлення любых відаў дакументаў, акрамя лістоў, уключае наступныя рэквізіты: герб, назву арганізацыі;

бланк ліста – уключае герб, эмблему арганізацыі, код арганізацыі, даведачныя дадзеныя аб арганізацыі;

бланк канкрэтнага віду дакумента – уключае герб, эмблему, код формы дакумента, назву арганізацыі, назву дакумента, месца і дату складання.
4. Справавы ліст. Асаблівасці афармлення,

класіфікацыя, кампазіцыя, мова справавых лістоў
Справавы ліст уваходзіць у сістэму арганізацыйна-распарадчай дакументацыі, таму на мову і стыль справавога ліста распаўсюджва-юцца амаль тыя ж самыя законы складання службовых тэкставых дакументаў (пратаколаў, справаздач і г.д.).

Як правіла, аўтарам справавога ліста з’яўляецца асоба юрыдычная, а не фізічная, таму стандарт патрабуе абавязкова называць выканаўцу яго. Большая частка такіх лістоў візіруецца і падпісваецца некалькімі асобамі, што надае яму большую важнасць.

Калі аўтарам справавога ліста з’яўляецца асоба юрыдычная – арганізацыя, прадпрыемства, установа, фірма, кааператыў, аб’яднанне, – то суб’ект дзеяння атаясамляецца з назоўнікамі са значэннем зборнасці: дырэкцыя, адміністрацыя, кіраўніцтва, калегія, савет дырэктараў і г.д.

Кожны ліст уключае адзін або некалькі аспектаў. Таму існуе паняцце адна- і многааспектныя лісты. Аспект – гэта думка (тэма), якая выказана адным або некалькімі сказамі. Многааспектны ліст патрабуе пачынаць змест кожнага аспекту (думкі, тэмы) з новага радка – абзаца, які і будзе служыць паказчыкам пераходу ад адной думкі да другой. Такім чынам будзе значна лягчэй успрымацца інфармацыя тэксту ліста, можна хутка знайсці неабходны аспект (абзац), каб спыніцца і засяродзіць на ім увагу.

Парушэнне гэтага патрабавання – прытрымлівацца абзацаў у лістах – значна абцяжарвае працэс успрымання і апрацоўкі інфармацыі.

Напрыклад: “Дзякуем за Вашу просьбу даць прапановы на пастаўку сельскагаспадарчых машын і абсталявання. Паведамляем, што мы маглі б паставіць неабходную Вам тэхніку і абсталяванне ў IV квартале г.г. Просім адказаць нам не пазней за 20 сакавіка г.г.”.

Ці правільна аформлены гэты ліст? Якія аспекты ўтрымлівае гэты ліст? Вызначце і назавіце іх.

Безумоўна, гэты ліст утрымлівае тры розныя аспекты: удзячнасць, паведамленне, просьбу – і кожны сказ-аспект павінен быў пачынацца з новага радка.

Паводле функцыянальных прыкметаў усе лісты можна падзяліць на дзве групы:

1) лісты, якія патрабуюць адказаў;

2) лісты, якія не патрабуюць адказаў.

Лісты першай групы ўключаюць ліст-просьбу, ліст-зварот, ліст-прапанову, ліст-запытанне, ліст-патрабаванне.

Лісты другой групы, што не патрабуюць адказаў, – гэта ліст-папя-рэджванне, ліст-напамінанне, ліст-пацвярджэнне, ліст-адмова, ліст-распараджэнне, ліст-паведамленне, гарантыйны ліст і суправа-джальны.

Кожны ліст мае сваю моўную формулу, г.зн. устойлівы зварот, словазлучэнне, якія паказваюць на характар функцыі гэтага ліста. Напрыклад, моўнай формулай для ліста-просьбы будуць словы “Прашу, просім, звяртаемся з просьбай”; ліста-паведамлення – словы “Паведамляем, даводзім да вашага ведама, інфармуем” і г.д. Па моўных формулах і вызначаюць разнавіднасць справавых лістоў.



Кампазіцыя справавога ліста – гэта паслядоўнасць размяшчэння яго састаўных частак (аспектаў). Найбольш рацыянальная структура тэксту справавога ліста складаецца з дзвюх частак: у першай выкладаюцца факты і падзеі, якія паслужылі падставай для складання гэтага ліста, а ў другой частцы – высновы, просьбы, прапановы, рашэнні, распараджэнні.

Напрыклад, кампазіцыя ліста-запытання можа выглядаць так:

– ветлівы зварот;

– абгрунтаванне актуальнасці запытання;

– змест запытання;

– вынік, які мяркуецца атрымаць, калі запытанне будзе задаволена;

– фармулёўка гарантыі;

– заключныя словы.

Напрыклад: “Накіроўваем Вам дэталёвае апісанне аўтаматычных сістэм кіравання. Матэрыял налічвае 20 старонак тэксту, 5 табліц, 4 малюнкі-схемы. Атрыманне просім пацвердзіць”.

Ліст-просьба ўключае наступныя часткі:

– ветлівы зварот;

– выкладанне прычыны, якая прымусіла звярнуцца з гэтай прось-бай;

–выкладанне самой просьбы;

–вынік, які атрымаецца, калі просьба будзе задаволена;

–гарантыі;

– папярэдняя ўдзячнасць і гатоўнасць супрацоўнічаць;

–заключныя словы.

Найбольшую цяжкасць выклікае складанне ліста-адмовы. Заходні і амерыканскі дзелавы свет увогуле вельмі далікатна ставіцца да праблемы адмовы і ў сваіх зносінах кіруецца пераважна пастулатам вядомага амерыканскага псіхолага Д. Карнегі “Ніколі не кажы чалавеку “не”. А калі японец вам кажа: “Я вельмі шкадую і прашу прабачэння, што сёння не магу разгледзець ваша пытанне. Будзьце так ласкавы і прыйдзіце заўтра”, то гэта трэба разумець: “Я не вырашу ваша пытанне”.

Кампазіцыя ліста-адмовы можа быць такой:

– ветлівы зварот;

– дэталёвае паўтарэнне просьбы;

– абгрунтаванне прычын, па якіх просьба не можа быць выканана;

– канстатацыя адмовы;

– заключныя словы.

Тут належыць звярнуць увагу на заключныя словы. Яны павінны абавязкова выражаць спачуванне, што вы пакуль што, у гэты момант, па незалежных ад вас прычынах не можаце выканаць просьбы, а таксама прапанову аднавіць супрацоўніцтва ў больш спрыяльныя тэрміны. Заключныя словы такога ліста павінны пакідаць партнёру спадзяванне.

Такім чынам, пры складанні афіцыйнага ліста мэтазгодна спачатку пабудаваць лагічную схему яго зместу, абавязкова спасылаючыся на змест папярэдняга, атрыманага вамі ліста.

Як было ўжо адзначана, справавы ліст – гэта дакумент, і на мову яго распаўсюджваюцца тыя ж моўныя штампы, канцылярызмы, характэрныя гэтаму віду дакумента. Вось некаторыя мадэлі і сінтаксічныя канструкцыі справавога ліста:



ліст-паведамленне:

– паведамляем, што …;

даводзім да Вашага ведама, што …;

– напамінаем Вам аб тым, што …;

– яшчэ раз напамінаем Вам ….

ліст-суправаджэнне:

– накіроўваем Вам …;

– высылаем …;

– дасылаем ….



ліст-прапанова:

– прапануем Вам …;

– мы можам прапанаваць Вам …;

– просім разгледзець нашы прапановы …;

– спадзяёмся, што нашы прапановы будуць разгледжаны …;

– можам рэкамендаваць Вам (даць рэкамендацыі па) ….



ліст-гарантыя:

– аплату


– якасць вырабаў

– тэрміны выканання г а р а н т у е м

– адпаведнасць патрабаванням

– надзейнасць пры эксплуатацыі

– зварот каталогаў у вызначаны тэрмін

Заключныя словы пісьма вельмі важныя, бо з’яўляюцца сігналам для адпаведных дзеянняў другога боку (рэспандэнта).

Напрыклад:

– пераканаўча просім Вас не затрымліваць адказ;

– просім прабачэння за затрымку з адказам, за дапушчаныя памылкі (недакладнасці);

– спадзяёмся, што наша просьба будзе выканана;

– з цікавасцю чакаем Вашых новых прапаноў (заказаў);

– з надзеяй на спрыяльнае вырашэнне нашага пытання;

– мы ўпэўнены, што выкананне нашага заказу знаходзіцца пад Вашым асабістым кантролем і будзем удзячны, калі Вы знойдзеце магчымасці пачаць пастаўку ўжо з лютага г.г.;

– удзячны Вам за прапановы. Яны прыняты ўсе цалкам;

– выказваем Вам глыбокае прызнанне за паслугі, аказаныя нам і нашым партнёрам. Вашы заўвагі дастаткова слушныя, усе яны прыняты і будуць улічаны пры вытворчасці новай партыі пагрузчыкаў;

– мы гатовы выканаць усё, што залежыць ад нас, для таго, каб …;

– аб тэрмінах пастаўкі мы паведамім дадаткова.
Літаратура
1. Веселов, П.В. Современное деловое письмо в промышленности / П.В. Веселов. – Минск, 1990.

2. Веселов, П.В. Как составить служебный дакумент. Экономика / П.В. Веселов.– Минск, 1982.

3. Каўрус, А.А Стылістыка беларускай мовы / А.А. Каўрус.– Мінск., 1992.

4. Каўрус, А.А Дакумент па беларуску / А.А. Каўрус. – Мінск., 1994.

5. Культура речевого общения делового человека: Справочник-практикум. – М., 1996.

6. Паневчик, В.В. Деловое письмо / В.В. Паневчик. – Минск.: Амалфея, 1999.

7. Рахманин, Л.В. Стилистика деловой речи и редактирование служебных документов / Л.В. Рахманин. – М., 1997.

ДАДАТАК 1


Перадача інфарматыўнага зместу тэксту

з аналізам яго структуры


Структура тэксту

Лексічныя сродкі


Тэма артыкула

Артыкул мае загаловак, называецца, названы...

Артыкул прысвечаны тэме, праблеме, пытанню...

Тэма артыкула; гэта артыкул на тэму; пра (аб)...

Аўтар артыкула расказвае нам пра (аб), распавядае, выкладае тэзы...

Артыкул з’яўляецца (чым) / уяўляе сабою (што) (абагульненне, пераказ, агляд, аналіз, апісанне і г.д.)

У артыкуле разглядаецца (што), гаворыцца (пра што); даецца ацэнка, аналіз; абагульняецца (што); прадстаўлены погляд (на што)



Кампазіцыя артыкула

Артыкул падзяляецца на..., пачынаецца з...; складаецца з...; заканчваецца (словамі)

Праблема

У артыкуле аўтар ставіць, закранае, асвятляе (наступныя праблемы), спыняецца на наступных праблемах; закранае наступныя пытанні, асабліва спыняецца (на чым)

Сутнасць праблемы зводзіцца (да чаго)

У артыкуле даецца абагульненне, навукова абгрунтаванае апісанне, закранаецца пытанне пра (аб)


Ілюстрацыя аўтарам сваіх пазіцый

Аўтар прыводзіць прыклад таго, як...

Аўтар прыводзіць цытату з..., факты, лічбы, звесткі, якія ілюструюць гэтае палажэнне / тэзу



Заключэнне

Вывады / высновы



Аўтар прыходзіць да вываду / высновы, заключэння

Аўтар падводзіць вынік

У выніку можна прыйсці да высновы

У заключэнне / на заканчэнне можна сказаць, што...

Сутнасць вышэйпададзенага зводзіцца да наступнага (да таго, што...)

Можна зрабіць заключэнне, што...

У цэлым (у асноўным) вынікае, што...

3 гэтых даных / звестак вынікае, што...

На падставе гэтага мы пераконваемся ў тым, што...

Абагульняючы выказанае...

3 гэтага вынікае, што...




1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка