Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт камітэт па адукацыі павышэнне якасці адукацыі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер299.5 Kb.


МІНСКІ ГАРАДСКІ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

КАМІТЭТ ПА АДУКАЦЫІ

Павышэнне якасці адукацыі

праз выкарыстанне інтэрактыўных сродкаў

навучання школьнікаў

беларускай мове і літаратуры


Шакаль Ала Анатольеўна,

настаўнік беларускай

мовы і літаратуры

ДУА “Гімназія № 146 г.Мінска”

Маскоўскага раёна

Мінск 2009

АНАТАЦЫЯ
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 146 г.Мінска Шакаль Ала Анатольеўна з’яўляецца стыпендыянтам спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, мае граматы камітэта па адукацыі, падзякі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы за работу з адоранай моладдзю.

Настаўнікам абагульнены вопыт па выкарыстанню сучаснай педагагічнай тэхналогіі супрацоўніцтва, якая дазваляе ўключаць кожнага вучня ў актыўную пазнавальную дзейнасць, фарміраваць уменні і навыкі, вучыць самастойна планаваць сваю работу, выпрацоўваць навыкі самакантролю і ўзаемакантролю.

У рабоце прыведзены распрацоўкі ўрокаў па беларускай мове з выкарыстаннем тэхналогіі супрацоўніцтва.

Вопыт, які прапаноўваецца, можна выкарыстоўваць не толькі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, але і выкладчыкам іншых дысцыплін.



УВОДЗІНЫ
Тэма: “Павышэнне якасці адукацыі праз выкарыстанне інтэрактыўных сродкаў навучання школьнікаў беларускай мове і літаратуры”.

Мэтай дадзенага вопыту з’яўляецца ўкараненне ў практычную дзейнасць інтэрактыўных сродкаў навучання школьнікаў беларускай мове і літаратуры, распаўсюджанне тэхналогіі супрацоўніцтва як эфектыўнага сродка павышэння якасці адукацыі.

Актуальнасць. Ва ўсіх педагогаў адна мэта – вучыць, развіваць, выхоўваць, але ўсе ідуць да яе рознымі шляхамі. Правільны накірунак работы педагога разам з індывідуальнымі асаблівасцямі вучня фарміруе ўсебакова развітую асобу.

Адным з галоўных прынцыпаў нашай адукацыі з’яўляецца яе гуманістычны характар, прыарытэт агульначалавечых каштоўнасцей, жыцця і здароўя чалавека, свабоднага развіцця асобы. Педагог павінен ўдзяляць максімум увагі індывідуальным здольнасцям кожнага дзіцяці, гэта значыць, кожны вучань можа разлічваць на тое, што яго магчымасці будуць улічаны настаўнікам, а, значыць, кожная асоба можа свабодна і поўна рэалізаваць свае творчыя здольнастці.

На новым этапе развіцця агульнаадукацыйнай школы беларуская мова павінна стаць не толькі прадметам вывучэння, але і дзейсным сродкам фарміравання асобы, здольнай успрымаць на роднай мове змест прачытанага і пачутага, ствараць вусныя і пісьмовыя выказванні ў залежнасці ад мэты і задач камунікацыі. Адукацыйны стандарт вучэбнага прадмета “Беларуская мова” ставіць мэтай сфарміраваць у вучняў сістэму ведаў пра мову і маўленне, навучыць карыстацца беларускай мовай ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці (чытанне, слуханне, гаварэнне, пісьмо); развіваць інтэлектуальную, камунікатыўную, духоўна-маральную, грамадзянскую культуру вучняў.

Актуальнасць вопыту заключаецца ў тым, што арганiзацыя вучэбнага працэсу прадугледжвае аператыўную зваротную сувязь, хуткае атрыманне iнфармацыi аб эфектыўнасцi мер i такое ж хуткае рэгуляванне i карэкцыю пры выкарыстанні інтэрактыўных сродкаў навучання школьнікаў беларускай мове і літаратуры.



Вядучая педагагічная ідэя вопыту заключаецца ў дасягненні якаснага засваення ведаў вучнямі пры выкарыстанні тэхналогіі супрацоўніцтва на розных этапах урока.
НАВУКОВА-МЕТАДЫЧНАЕ АБАСНАВАННЕ
Навучанне ў супрацоўніцтве мае даўнюю гісторыю. Элементы супрацоўніцтва ў вучэбным працэсе выявіліся ў езуіцкіх навучальных установах на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў XVIIст. Выглядала гэта наступным чынам: класу прапаноўвалася адносна складанае практыкаванне. Пасля праверкі настаўнік вызначаў 2 найбольш паспяховых вучні-дэкурыёнаў, якія станавіліся памочнікамі педагога: апрошвалі вучняў сваёй паловы класа, тлумачылі складаны матэрыял. У школах ордэна езуітаў прыменяліся таксама так званыя канцэнтрацыі: на розных этапах урока вучні апрошвалі адзін аднаго па толькі што вывучанаму матэрыялу. Падобная арганізацыя работы школьнікау ўласціва Бел-Ланкастэрскай сістэме ўзаемнага навучання. Гэта сістэма прымянялася ў пачатковай школе Індыі і Англіі ў XIXст., старэйшыя і моцныя вучні выконвалі ролю памочнікаў настаўніка. Яны пад кіраўніцтвам педагога вялі заняткі з вучнямі.

Агульныя падыходы да арганізацыі навучання ў супрацоўніцтве (кааператыўнага навучання) абаснаваны амерыканскімі педагогамі Р.Славіным, Р. Джонсанам і Д. Джонсанам і групай вучоных універсітэта Дж. Аронсана (Каліфорнія).

Важна адразу заўважыць, што кааператыўнае навучанне мае мала агульнага з ужо прывычнай групавой работай (групы вучняў па 4-6 чалавек атрымліваюць заданні, выконваюць іх, а затым даюць справаздачу ў дошкі за выкананую работу). У традыцыйных сітуацыях узаемадзеяння вучняў бачым, як мінімум, два тыпавых недахопы:


  1. часта знаходзяцца вучні, якія адсіджваюцца і не праяўляюць актыўнасці, паколькі найбольш падрыхтаваныя вучні стараюцца ўсё зрабіць самі;

  2. справаздачы груп іх прадстаўнікоў, нягледзячы на прызывы настаўніка, амаль ніхто не слухае.

Прынцыпы (элементы) тэхналогіі кааператыўнага навучання

Першы элемент – станоўчая ўзаемазалежнасць навучэнцаў – мае на ўвазе такую арганізацыю адукацыйнага працэса, калі вучань сапраўды дзейнічае ў адпаведнасці з разуменнем, што агульны поспех групы магчымы пры ўмове высокай актыўнасці і эфектыўнасці дзейнасці кожнага члена групы. Станоўчая ўзаемная залежнасць забеспечваецца рознымі сродкамі:



  1. канкрэтным заданнем для ўсёй групы;

  2. паведамленнем, што удзельнікі могуць дасягнуць мэты толькі ў тым выпадку, калі ўсе члены групы яе дасягнуць;

  3. агульнай узнагародай за агульны поспех;

  4. размеркаваннем роляў у групе;

  5. ідэнтыфікацыяй;

  6. сваёй пазіцыяй ў адносінах да другіх груп.

Другі элемент развіваючае ўзаемадзеянне вучняў “тварам да твару” – садзейнічае навучанню адзін другога, узаемадапамогі, абмену ідэямі, пабуджэнню да навучання.

Трэці элемент – чалавек павінен разумець сутнасць сваіх учынкаў. Дзейнасць кожнага вучня ацэніваецца і вынікі паведамляюць группе і вучню.

Чацвёрты элемент – сацыяльныя навыкі (навыкі работы ў камандзе). Групы не могуць працаваць эфектыўна, калі вучні не валодаюць навыкамі сумеснай работы і не прымяняюць іх. Настаўнік вучыць гэтым навыкам мэтанакіравана і сістэматычна, як вучэбным навыкам.

Пяты элемент – рэфлексія або абмеркаванне работы групы. У працэсе рэфлексіі адбываецца ўсведамленне самой дзейнасці группы і ўсіх яе ўдзельнікаў. Групы атрымліваюць час для абмеркавання таго, як добра яны працуюць для таго, каб дасягнуць мэты.



Рэкамендацыі па падрыхтоўцы і ажыццяўленні кааператыўнага навучання

Настаўнік пры падрыхтоўцы ўрока:



  1. вызначае вучэбныя мэты і мэты па выпрацоўцы навыкаў сумеснай работы;

  2. прымае рашэнне пра велічыню группы;

  3. размяркоўвае вучняў па группах;

  4. плануе матэрыял;

  5. размяркоўвае ролі.

Настаўнік пры арганізацыі ходу зробленай работы і ацэнцы вынікаў:

  1. арганізуе самаацэнку ведаў, уменняў, навыкаў вучняў.

  2. арганізуе абмеркаванне работы груп. Для ўдасканальвання навыкаў сумеснай работы вучням трэба даць час і алгарытм аналізу выкарыстання гэтых навыкаў. Абмеркаванне можа праводзіцца індывідуальна, у малых групах ці з усім класам.

  3. арганізуе заключны этап урока. Каб замацаваць веды, уменні і навыкі вучняў, вы можаце, арганізаваць узаемаправерку работ шляхам азнаямлення з работамі другіх груп, або выдзеліць галоўныя моманты матэрыялу, паўтарыць самыя важныя факты і г.д.

Абапіраючыся на тэарэтычны матэрыял навукоўцаў М.І. Запрудскага, С.С.Кашлева і іншых, я прыйшла да высновы, што зацікавіць і навучыць вучня прадмету можна выкарыстоўваючы тэхналогію супрацоўніцтва. Інтэрактыўныя сродкі гэтай тэхналогіі даюць магчымасць стварыць умовы на ўроках беларускай мовы і літаратуры для развіцця вучняў, іх усвядомленага актыўнага ўдзелу ў розных відах дзейнасці, і як вынік – якаснае засваенне ведаў вучнямі.


АПІСАННЕ ПЕДАГАГІЧНАГА ВОПЫТУ
Мэта настаўніка – зацікавіць і навучыць прадмету кожнага вучня. Для гэтага ён імкнецца выбіраць тыя сродкі, якія аптымальна спрыяюць дасягненню пастаўленай мэты. Пошук сродкаў навучання прывёў мяне да высновы, што найлепш для гэтага падыходзіць тэхналогія супрацоўніцтва, якая дае магчымасць выкарыстоўваць інтэрактыўныя метады і прыемы навучання беларускай мове і літаратуры.

“Інтэрактыўны (inter - узаемны, act - дзейнiчаць) азначае ўзаемадзеянне, знаходжанне ў рэжыме гyтapкi, дыялога з кiм-небудзь. У адрозненне ад актыўных метадаў iнтэрактыўныя арыентаваны на больш шырокае ўзаемадзеянне вучняў не толькi з настаўнікам, але i памiж сабой, на дамiнаванне ix aктыўнacцi ў працэсе навучання, работу з рознымi крыніцамi iнфармацыi. Роля настаўнікa ў iнтэрактыўных уроках зводзiцца да накiроўвання дзейнасцi вучняў на дасягненне мэт урока. Настаўнік распрацоўвае план заняткаў i ўключае iнтэрактыўныя практыкаваннi i заданнi, у час выканання якiх вучань вывучае матэрыял. Taкім чынам, асноўнымі складнiкамi iнтэрактыуных урокаў з'яўляюцца iнтэрактыўныя практыкаванні i заданнi.

Iнтэрактыўныя сродки навучання:

- дазваляюць рабiць параўнальны аналiз, абагульненне, класiфiкацыю, сiстэматызацыю iнфар­мацыi;

- садзейнiчаюць адбору зместу кампанентаў сiстэмы для рэалiзацыi прынцыпу iндывiдуалiза­цыi працэсу навучання;

- даюць магчымасць прааналізаваць назапашаны вопыт распрацоўкі заданняў па мове, абгрунтаваць і выбраць змест дыдактычных заданняў, вызначыць іх ролю і месца ў вучэбным працэсе, правесці апрабацыю сістэмы дыдыктычных заданняў па мове з наступнай карэкцыяй, вызначыць ўплыў гэтай сістэмы на развіццё пазнавальнай актыўнасці, на аснове аналізу сродкаў навучання мове выявіць прыёмы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў і ўмовы, якія садзейнічаюць узмацненню інтэрактыўнасці гэтых сродкаў навучання.

Асноўная ідэя тэхналогіі супрацоўніцтва - стварыць умовы для актыўнай сумеснай вучэбнай дзейнасці вучняў у розных вучэбных сітуацыях. Вучні успрымаюць матэрыял па рознаму: адны разумеюць усе тлумачэнні настаўніка, самі гатовы адказваць на пытанні, іншым патрабуецца не толькі час на тое, каб асэнсаваць, але і дадатковыя тлумачэнні, прыклады. Такія вучні, як правіла, саромеюцца задаваць пытанні ў прысутнасці ўсяго класа, а іншы раз проста не ўсведамляюць, чаго канкрэтна яны не разумеюць і не могуць сфармуляваць правільна пытанне. Калі ў такіх выпадках аб´яднаць дзяцей у невялікія группы (па 3-5 чалавек) і даць ім адно агульнае заданне, прычым вызначыць ролю кожнага вучня групы ў рашэнні гэтага задання, узнікае сітуацыя, у якой кожны адказвае не толькі за вынік сваей работы, а і за вынік усёй групы. Так “слабыя” вучні стараюцца высветліць у “моцных” усе незразумелыя ім пытанні, а “моцныя” вучні зацікаўлены ў тым, каб усе члены групы, у першую чаргу “слабыя” вучні, дасканала разабраліся ў матэрыяле, а разам з тым і “моцныя” вучні маюць магчымасць праверыць сябе, дайсці да самай сутнасці. Такім чынам, сумеснымі намаганнямі ліквідуюцца прабелы. Дзеці вучацца разам, а не проста што-небудзь выконваюць разам.

Існуе многа розных варыянтаў навучанню ў супрацоўніцтве. Я ў сваей практыцы выкарыстоўваю любыя, магу дадаваць нешта сваё, цікавае, але павінна памятаць, што трэба захоўваць асноўныя прынцыпы навучання ў супрацоўніцтве:



  1. групы вучняў фарміруюцца настаўнікам з улікам іх псіхалагічнай сумяшчальнасці. Пры гэтым у кожнай групе павінен быць “моцны” вучань, “сярэдні” і “слабы”, хлопчыкі і дзяўчынкі. Калі група на працягу рада ўрокаў працуе добра, дружна, то няма неабходнасці мяняць яе састаў (гэта так званая базавая група). Калі работа па нейкіх прычынах не ідзе, то састаў групы можна мяняць ад урока к уроку.

2) групе даецца адно заданне, але пры яго выкананні прадуглежваецца размеркаванне роляў паміж удзельнікамі групы (ролі звычайна размяркоўваюць самі вучні, але ў некаторых выпадках настаўнік можа даць рэкамендацыі);

3) ацэньваецца работа не аднаго вучня, а ўсей групы (г.з. адзнака ставіцца адна на ўсю групу), важна, што ацэньваюцца іншы раз не столькі веды, як намаганні вучняў (у кожнага свая планка).

4) настаўнік сам выбірае вучня групы, які павінен растлумачыць заданне. У радзе выпадкаў гэта бывае “слабы” вучань. Калі ён можа растлумачыць дасканала тое, над чым працавала група, адказаць на пытанні другіх груп, значыць, мэта дасягнута і група справілася з заданнем, бо мэта любога задання - не фармальнае яго выкананне (правільна ці няправільна), а ўзровень засваення матэрыяла кожным вучнем групы.

Прывяду некаторыя варыянты навучання ў супрацоўніцтве.



Навучанне у камандзе. Задача кожнага вучня ў камандзе - авалодаць неабходнымі ведамі, сфарміраваць патрэбныя навыкі і пры гэтым, каб уся каманда ведала, чаго дасягнуў кожны. Поспех ўсей группы можа быць дасягнуты толькі ў выніку самастойнай работы кожнага члена групы ў пастаянным узаемадзеянні з іншымі членамі гэтай жа групы пры рабоце над тэмай, праблемай, пытаннем, якія патрабуюць вывучэння. Карацей кажучы, навучанне ў камандзе зводзіцца да трох асноўных прынцыпаў:

а) “узнагароду” група атрымоўвае адну на ўсіх у выглядзе бальнай адзнакі. Групы не спаборнічаюць паміж сабой, так як усе маюць розную “планку” і час на яе дасягненне.

б) індывідуальная адказнасць кожнага вучня ў тым, што поспех ці няўдача ўсёй групы залежыць ад поспеху ці няўдачы кожнага яе члена. Гэта сцімулюе ўсіх членаў каманды сачыць за поспехамі адзін аднага і ўсёй камандай дапамагаць таварышам засвойваць матэрыял.

в) роўныя магчымасці для дасягнення поспеху азначаюць, што кожны вучань прыносіць балы сваей групе, якія ён зарабляе, паляпшаючы свае вынікі. Параўнанне, такім чынам, праводзіцца не з вынікамі іншых вучняў, а з асабістымі, ранейшымі вынікамі.

Варыянтам такога падыходу к арганізацыі навучання ў супрацоўніцтве можна разглядаць індывідуальна-групавую работу.

У гэтым выпадку вучні разбіваюцца на группы (4 чалавекі, розны ўзровень падрыхтаванасці). Настаўнік тлумачыць матэрыял, а затым прапаноўвае ім ў групах замацаваць, пастарацца разабрацца і зразумець усе дэталі. Заданне выконваецца па частках (кожнае наступнае заданне выконваецца наступным вучнем). Пры гэтым выкананне кожнага задання тлумачыцца кожным вучнем і кантралюецца ўсей групай. Пасля выканання заданняў усімі групамі настаўнік прапаноўвае тэст на праверку разумення новага матэрыялу. Тут працуюць усе індывідуальна, пры гэтым настаўнік дыферэнцыруе заданні.

Разнавіднасцю такой работы можа быць, напрыклад, індывідуальная работа ў камандзе. Вучні атрымліваюць заданні па выніках праверачных работ і далей вучацца індывідуальна. Розныя каманды могуць працаваць над рознымі заданнямі. Члены каманды дапамагаюць адзін аднаму пры вакананні сваіх індывідуальных заданняў. Выніковыя работы праводзяцца індывідуальна, не ў групе, ацэньваюцца самімі вучнямі. Настаўнік кожны тыдзень адзначае колькасць тэм, заданняў па праграме, выкананых кожнай камандай у класе і дома, асабліва адзначаючы поспехі груп. Паколькі вучні самастойна сочаць за поспехамі, у настаўніка з'яўляецца час на індывідуальную работу з асобнымі групамі ці вучнямі, якім патрэбна дапамога.

Яшчэ адзін падыход у арганізацыі навучання ў супрацоўніцтве называецца скарочана "піла". Вучні арганізуюцца ў групы па 4-6 чалавек для работы над вучэбным матэрыялам, які разбіты на фрагменты (сэнсавыя блокі). Так тэма "Жыцце і творчасць пісьменніка" можа быць разбіта на некалькі тэм: дзіцячыя гады, навучанне, творчасць і г.д. Кожны член групы знаходзіць матэрыял па сваей частцы. Затым вучні, якія рыхтавалі адно і тое ж пытанне, але былі ў розных групах, сустаркаюцца і абменьваюцца інфармацыяй як эксперты па дадзеным пытанні. Гэта называецца сустрэчай экспертаў. Затым яны вяртаюцца ў свае групы і навучаюць усяму новаму, што даведаліся самі ад іншых членаў групы. Тыя, у сваю чаргу, дакладаюць аб сваей частцы задання (як зубцы адной пілы). Усе члены групы ўважліва слухаюць і робяць запісы ў сшытку. На заключным этапе ўрока настаўнік можа спытаць любога вучня па любым пытанні тэмы.

Вельмі эфектыўна праходзіць такая работа на ўроках літаратуры, калі вывучалі (паўтаралі адначасова) творчасць Янкі Купалы, Я. Коласа,М. Багдановіча.

Дзейсным інтэрактыўным сродкам навучання зяўляецца парная работа.

Віды парнай работы:

1. статыстычная пара - 2 “слабыя” ці 2 “моцныя” вучні мяняюцца ролямі.

2. дынамічная пара - 4 чалавекі выконваюць адно заданне, падзеленае на часткі.

3. варыяцыйная пара - 4 чалавекі, кожны атрымлівае сваё заданне і адбываецца ўзаемнае навучанне.

Трэба адзначыць, што недастаткова сфарміраваць групы і даць ім заданне. Сутнасць якраз у тым, каб вучань захацеў сам набываць веды. Іменна супрацоўніцтва, а не спаборніцтва ляжыць у аснове навучання ў групе.

Тэхалогія супрацоўніцтва можа быць выкарыстана на любым этапе ўрока: праверка дамашняга задання, тлумачэнне новага матэрыялу, замацаванне. Так вучні 7 класа, вывучаючы тэму "Утварэнне дзеепрыслоўяў незакончанага трывання", у групе самі складалі апорны канспект. Пасля абаранялі яго.

Узор:

Дзеепрыслоўе незакончанага трывання

аснова дзеяслова незакончанага трывання

+^-учы(-ючы)– дзеясл.1 спр.

+ ^ -ачы(-ячы) - дзеясл.2 спр.

ідуць + ^ -учы - ідучы

малююць + ^ -ючы - малюючы
Вывучаючы тэму "Злучнік як часціна мовы" ў 8 класе, кансультанты груп (вучні самыя моцныя) рыхтавалі дома матэрыял, папярэдне абгаварыўшы ўсе моманты з настаўнікам. Усе кансультанты зрабілі апорны канспект (Дадатак №1), прапанавалі яго вучням груп, растлумачылі ўсе моманты, зрабілі запісы ў сшытках. Потым спыталі ўсіх членаў групы, задаўшы розныя пытанні па зместу апорнага канспекта і выставілі адзнакі ў рабочую карту ўрока (Дадатак №3).

У 9-ым класе для абагульнення матэрыялу па тэме "Складаны сказ" можна правесці ўрок-семінар. Клас дзеліцца на групы, якія размяроўваюць паміж сабой пытанні для абмеркавання. Пры неабходнасці вучні звяртаюцца за дапамогай к настаўніку, раюцца адзін з адным і вучнем-кансультантам.



Пытанні для абмеркавання:

1 група: Кароткая характарыстыка скаданага сказа.

2 група: Граматычныя асаблівасці бяззлучнікавага сказа

3 група: Граматычныя асаблівасці скаданазлучанага сказа

4 група: Граматычныя асаблівасці складаназалежнага сказа

Семінар пачынацца ўступным словам настаўніка. Затым ад кожнай групы выступае адзін вучань, якога назначае група ці кансультант. Ен прапаноўвае план свайго выступлення па тэме, а ўсе вучні запісваюць яго ў сваіх сшытках. Кансультант падрабязна расказвае матэрыял, прыводзіць прыклады, дае характарыстыку сказаў, тлумачыць, якія знакі прыпынку ставяцца ў пэўным сказе. Кожны вучань класа можа задаць яму пытанне, адказваць можа сам кансультант ці любы вучань з яго групы. Рабяты з груп могуць дапаўняць свайго кансультанта. Такім чынам, амаль ўсе вучні прымаюць удзел у рабоце.

Часта выкарыстоўваю групавую работу на ўроках літаратуры, калі вывучаецца лірыка. Напрыклад, разглядаем паэзію П.Панчанкі. На ўроку кожная група аналізуе адзін верш.

1 група: "І вера, і вернасць, і вечнасць".

2 група: "Той дзень прапаў"

3 група: "Мала сказаць ненавіджу"

4 група: "Гнеў і літасць"

5 група: "Ратуйце нашы душы"

6 група: "Паслядоўнік"

Абмяркоўваюць верш усе члены групы (4 чалавекі), а потым кансультант ці любы вучань з групы аналізуе верш, вучні класа могуць задаваць пытанні (на парце ў кожнай групы ляжыць апора: план аналізу вершаванага твора (Дадатак №2).

Дзякуючы аснашчэнню гімназіі, і, у прыватнасці, кабінета беларускай мовы і літаратуры камп’ютэрнай тэхнікай, перада мной і маімі вучнямі адкрыліся шырокія магчымасці выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у вучэбным працэсе. Педагог на медыа-ўроку часцей за ўсё выступае ў якасці кансультанта, а гэта значыць, ён зможа адвесці на індывідуальную работу з вучнямі больш часу. Па-другое, ёсць унікальная магчымасць зрабіць урокі роднай мовы і літаратуры больш цікавымі, нагляднымі і дынамічнымі. Па-трэцяе, вучань за даволі кароткі тэрмін лепш запамінае неабходны матэрыял, больш глыбока ўсведамляе яго сутнаць.

Самастойна створаныя інфармацыйныя і адукацыйныя распрацоўкі могуць выкарыстоўвацца для франтальнага, групавога і індывідуальнага навучання ў адукацыйнай установе, а таксама для самастойнай адукацыі вучняў дома.

З дапамогай камп’ютэрнай графічнай праграмы Power Point творчыя групы маіх вучняў самі ствараюць і дэманструюць вучням на экране набор слайдаў з разнастайнымі схемамі, табліцамі, малюнкамі, фотаздымкамі, неабходным тэкстам.

Вялікую ролю адыгрываюць так званыя праграмна-метадычныя комплексы. Перавага іх ў тым, што вучань падчас самастойнай дзейнасці як на ўроку, так і дома можа выбіраць уласны тэмп працы, пасільны аб’ём інфармацыі і ступень яе цяжкасці. Такі прыём выкладання і навучання дае настаўніку мажлівасць з поспехам рэалізоўваць дыферэнцыяваны падыход у навучанні. Дзеці больш грунтоўна запамінаюць новы матэрыял, павышаецца іх матывацыя да пазнання роднай мовы і літаратуры, значна эканоміцца час на выкананне трэніровачна-карэкцыйных заданняў, развіваецца наглядна-вобразнае мысленне, фарміруецца ўменне работы з інфармацыяй: яе пошук, адбор і перапрацоўка. Аднак недахоп гатовых праграмных прадуктаў, якія існуюць, у тым, што яны не заўсёды адаптаваны да нацыянальных падручнікаў і праграм, не даюць магчымасці на ўроках ілюстрыраваць вывучаемыя правілы, праводзіць замацаванне і кантроль ведаў, уменняў і навыкаў у поўнай меры ў адпаведнасці з вывучаемым праграмным матэрыялам.

Якім жа чынам выкарыстаць мультымедыйныя тэхналогіі на канкрэтным ўроку беларускай мовы? Паспрабую праілюстраваць гэта на асноўных этапах і фрагментах урока па тэме “Тыпы аднасастаўных сказаў” у 8-м класе (уводны урок).

Як паказвае педагагічны вопыт, гэты матэрыял замацоўваецца вучнямі з цяжкасцю, таму я прапаную вывучаць яго з дапамогай мультымедыйных сродкаў, выкарыстоўваючы прыём блокавых паняццяў адразу ўсіх пяці тыпаў аднасастаўных сказаў: пэўна-асабовы, няпэўна-асабовы, безасабовы, абагульнена-асабовы і назыўны. Усе названыя віды сказаў з адным галоўным членам засвойваюцца школьнікамі больш эфектыўна, калі прапаноўваюцца ў параўнанні між сабой.

Перш чым пачаць прэзентацыю, на матывацыйным этапе ўводзін франтальнай гутаркі небходна ўзнавіць веды вучняў пра безасабовыя дзеясловы, іх ужыванне і ролю ў тэксце.


  1. Каб увесці вучняў у новую тэму, можна выкарыстаць выведзенае на экран з дапамогай мультымедыйнага праектара тэставае заданне, якое звычайна прапануецца выпускнікам на абавязковым ЦТ па беларускай мове з варыянта “В”:

Вызначце тып аднасастаўнага сказа:

Кінь саромецца мовы сваей,

Зваць сябе беларусам пачні,

Папрацуй над сялібай сваёй,

А пасля з ціхатой адпачні!...

М. Чарот


1) безасабовы

2) пэўна-асабовы

3) няпэўна-асабовы

4) абагульнена-асабовы

5) назыўны

Такі падыход, безумоўна, павышае цікавасць вучняў да новага матэрыялу: практычна ніхто з іх не зможа даць правільны адказ – узнікла праблемная сітуацыя.

На інфармацыйным і трэніровачна-карэкцыйным этапах урока, пасля пастаноўкі вучнямі яго мэты і задач, настаўнік прапануе класу ўважліва паслухаць лекцыю і актыўна ўключыцца ў калектыўную працу па засваенні тэмы “Тыпы аднасастаўных сказаў”.

Звычайна любая прэзентацыя пачынаецца тытульным слайдам, на якім аб’яўлена яе тэма.

На другім пажадана адлюстраваць мэту і задачы заняткаў:

Выхаваўчай мэтай урока стане рэалізацыя педагогам актуальнай ідэі фарміравання ў школьнікаў нацыянальнай самасвядомасці, грамадзянскай пазіцыі і ўсведамлення неабходнасці беражлівых адносін, павагі да беларускай мовы.

На наступных пяці слайдах неабходны тэарэтычны матэрыял пабудаваны і выкладаецца на аснове агульнага прынцыпу: спачатку на экране з’яўляецца азначэнне пэўнага тыпу аднасастаўнага сказа, а затым узнікае апорная схема, а напрыканцы веды падмацоўваюцца адпаведным сказам.

Шчаўчком камп’ютэрнай “мышкі” адкрываецца блок “Назыўны сказ” для азнаямлення і аналізу:



Далей пажадана павесці гаворку пра тыпы аднасастаўных сказаў з галоўным членам выказнікам, прадэманстраваўшы яшчэ раз слайд № 3, і адкрыць новы аб’ект прэзентацыі - блок “Безасабовы сказ”:




Безасабовы – гэта аднасастаўны сказ з галоўным членам выказнікам, пры якім зусім адсунічае і не падразумеваецца дзейнік.
О, колькі яшчэ не адкрыта

Адценняў у ёй і блакіту,

Патрэбных народу, паэту,

Каштоўнай руды, самацветаў!



М. Танк 5

Як зазначалася вышэй, да гэтага блока тэмы вучні былі падрыхтаваны ўжо на матывацыйным этапе, калі вялася размова пра безасабовыя дзеясловы. Для трэніроўкі і карэкцыі ведаў настаўнік рэкамендуе класу самастойна прыдумаць і запісаць 2-3 безасабовыя сказы пра беларускую мову і вызначыць, чым у іх выражаны выказнік.

Адкрыўшы паўторна слайд № 3, а пасля - № 6, настаўнік акцэнтуе ўвагу на пэўна-асабовых сказах:


Пэўна-асабовы – гэта аднасастаўны сказ з выказнікам, які выражаны дзеясловам у форме першай ці другой асобы цяперашняга і будучага часу, а таксама дзеясловам загаднага ладу.

дз.1-й ці 2-й асобы (я-мы, ты-вы)

цяп. і буд. ч. ці загад. л.

У сабе мову дзіўную, матчыну,

Як таемнасць, нашу.

Абуджаю Купалавай спадчынай

За душою душу.

Я. Мальчэўская 6

Падобнае тлумачэнне пра няпэўна-асабовыя і абагулена-асабовыя сказы настаўнік прывядзе на слайдах № 7 і № 8:





Няпэўна-асабовы – аднасастаўны сказ з выказнікам, які выражаны дзеясловам у форме трэцяй асобы множнага ліку цяперашняга, будучага і прошлага часу.

Катавалі Цябе,

То на пляцах палілі,

То пісалі законы,

То рэзалі крылле,

То цкавалі, як волата–звера на ловах,-

Мова сэрца майго, Беларуская Мова.

С. Сокалаў-Воюш

7


Абагулена-асабовы – аднасастаўны сказ, у якім выказнік абазначае дзеянне, што аднолькава адносіцца да любой асобы, да кожнага. прыказка, афарызм

Сказанага слова ад губы не вернеш.



Прымаўка

Беражы і ахоўвай

Залатыя правы

Нашай роднай мовы. М. Лужанін


8

Напрыканцы выкладу тэмы настаўнік прапануе класу выніковы слайд у выглядзе апорнай табліцы, якую пажадана раздрукаваць для кожнага вучня.



5. У якасці дамашняга задання настаўнік прапануе скласці камп’ютэрны тэст па тэме “Тыпы аднасастаўных сказаў”.


ВЫВАДЫ І РЭКАМЕНДАЦЫІ
Станаўленне педагагічнага вопыту адбывалася на працягу дзесяці гадоў: столькі часу я займаюся вывучэннем дадзенай тэхналогіі і яе ўжываннем на ўроках мовы і літаратуры. За гэты час я мела магчымасць праверыць на практыцы эфектыўнасць метадаў і прыёмаў, якія я выкарыстоўваю. Лічу, што тэхналогія супрацоўніцтва найлепш спрыяе засвойванню ведаў па прадмеце і фарміраванню неабходных уменняў і навыкаў вучняў.

Выкарыстанне метадаў і прыёмаў тэхналогіі дазваляе вучням:



  • Лепш засвойваць новы матэрыял;

  • З зацікаўленасцю рыхтаваць дамашняе заданне;

  • Паляпшаць якасць ведаў па прадметах;

  • Удасканальваць навыкі сістэматызацыі і абагульнення матэрыялу.

З мэтай прадэманстраваць сістэму сваёй работы ў межах метадычнага аб’яднання настаўнікаў я давала адкрытыя ўрокі, выступала на гімназічнай навукова-практычнай канференцыі.

Сістэматычнае выкарыстанне метадаў і прыёмаў тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры дало свае вынікі. На працягу некалькіх гадоў якасць ведаў вучняў не паніжаецца, вучні выпускных класаў паспяхова выконваюць тэсты цэнтралізаванага тэсціравання. Вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых і гарадскіх конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый.

Для таго, каб зразумець адносіны вучняў да выкарыстання настаўнікам прапанаваных відаў працы, было праведзена анкетаванне сярод вучняў 11-х класаў гімназіі №146 г.Мінска, якія па дадзенай тэхналогіі займаліся з 5-га класа. Вучням было прапанавана адказаць на пытанні. Пры правядзенні анкетавання выкарыстоўваўся прынцып ананімнасці. Аналіз адказаў вучняў паказаў, што 94% анкетуемых згадзілася з тым, што выкарыстанне групавой працы дазволіла ім палепшыць якасць ведаў па прадмеце.

Дадзены педагагічны вопыт не працаёмкі і даступны. Для вучняў старэйшых класаў дастаткова ўсяго 1-2 урокаў з выкарыстаннем групавой працы, каб ім стала зразумела, як працаваць на ўроку. Для вучняў сярэдняга звяна неабходна некалькі болей часу з абавязковымі падрабязнымі каментарыямі настаўніка.



Паказчыкі маёй працы наступныя:

У 2008/2009 На высокім і дастатковым узроўні завяршылі навуальны год па беларускай мове 85% вучняў, па літаратуры – 93%. Рэйтынг навучальных дасягненняў па беларускай мове складае 7,5 балы; па літаратуры – 8.4 балы.

У 2006/2007 навучальным годзе вучаніца 10*”В” класса Анацко Юлія за работу “Супастаўляльны аналіз розных рэдакцый вершаў М.Багдановіча” адзначана дыпломам 2-й ступені на раённым конкурсе навукова-даследчых работ старшакласнікаў і ўдастоена дыплома лаўрэата на гарадскім конкурсе. Анацко Юлія стала таксама стала пераможцам раённай і гарадской алімпіяды па беларускай мове і атрымала дыплом 1-й ступені на рэспубліканскай алімпіядзе.

У 2007/2008 навучальным годзе вучаніца 11* “А” класа Анацка Юлія за работу «Супастаўляльны аналiз перакладаў верша Я.Купалы «Явар i калiна» на англiйскую мову Уолтэрам Мэем i рускую мову А.Пракоф’евым» адзначана дыпломам I ступені на раённым конкурсе навукова-даследчых работ старшакласнікаў, а таксама стала пераможцам раённай і гарадской алімпіяды па беларускай мове, удастоена дыплома II ступені на рэспубліканскай.

У 2008/2009 навучальным годзе вучаніца 11“А” класа Анацка Юлія стала пераможцам раённай і гарадской алімпіяды па беларускай мове, удастоена дыплома I ступені на рэспубліканскай.

Такім чынам, выкарыстанне інтэрактыўных сродкаў навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры здольна ў большай ступені “разгрузіць” настаўніка, павялічыць зацікаўленасць вучняў у прадмеце, у значнай ступені павысіць якасць навучальнага працэсу і, адпаведна, узровень навуковых дасягненняў вучняў па прадмеце.


СПІС ЛІТАРАТУРЫ


  1. Беларуская мова. Сінтаксіс і пунктуацыя. Пад рэдакцыяй Я.М. Адамовіча. Мінск, “Вышэйшая школа”, 1989

  2. У.Будай, А.В.Лаўрэненка, І.Р.Шкраба. Беларуская мова: сцісла і даступна. Мінск, “Элайда”, 1997

  3. Л.І.Бурак. Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы. Мінск, БДУ, 1980

  4. В.В. Гузееў. Педагагічная тэхніка ў кантэксце адукацыйнай тэхналогіі. Масква, ”Народное образование”, 2001Полат Е.С. Новыя педагагічныя і інфармацыйныя тэхналогіі ў сістэме адукацыі. - М., 2000.

  5. Н. І. Запрудскі. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Мінск, “Сэр-Віт”, 2003г.

  6. С.С .Кашлеў. Сучасныя тэхналогіі педагагічнага працэсу. Мн.: Універсітэцкае, 2000г.

  7. М.П.Лукашук. Практыкум па методыцы беларускай мовы. Мінск, “Вышэйшая школа”, 1985

  8. Полат Е.С. Сучасная гімназія: погляд тэарэтыка і практыка. – М. 2000.

  9. В.М.Сіўковіч. Беларуская мова. Мінск, “УніверсалПрэс”, 2006

  10. В.М.Сіўковіч. Беларуская мова. Практыкум для старшакласнікаў і абітурыентаў. Мінск, “УніверсалПрэс”, 2006

  11. В.М.Сіўковіч. Тэсты па беларускай мове для падрыхтоукі цэнралізаванага тэсціравання. Мінск, “Універсал Прэс”, 2007

  12. І.В.Траўнеў. Канструктыўная педагогіка, Масква, 2004.

  13. С.І.Цыбульская, А.М.Копач. Беларуская мова для паступаючых у тэхнікумы, каледжы, вучылішчы. Мінск, “ТетраСистемс”, 2006

  14. С.І.Цыбульская. Беларуская мова. Інтэнсіўны курс падрыхтоўкі да тэсціравання і экзамену. Мінск, “ТетраСистемс”, 2006

  15. С.І.Цыбульская. Тэсціраванне на 100 балаў. Беларуская мова. Мінск, “ТетраСистемс”, 2005



Дадатак №1

Прыклад апорнага канспекта па тэме “Злучнік”


Злучнік як часціна мовы

Злучнік – службовая часціна мовы, якая ўжываецца для сувязі аднародных членаў сказа, частак тэксту. Напрыклад: Хлопчык стаяў каля акна і пазіраў на вуліцу (аднародныя выказнікі).

Структура

- не змяняецца;

- па складзе бываюць простыя (складаецца з аднаго слова: і, а, але, як, каб) і састаўныя (складаюцца з некалькі слоў: а то, ды і, таму што);

-па спосабу ўжывання: адзіночныя, парныя паўторныя;

-па значэнню: злучальныя і адпарадкавальныя;



Сінтаксічная роля

Членам сказа не з’яўляецца

Дадатак №2

План аналізу верша:

  1. Назваць аўтара і назву твора.

  2. Вызначыць прыналежнасць твора да аднаго з відаў. лірыкі (грамадзянская, філасофская, інтымная, пейзажная).

  3. Узнавіць вобразы і карціны, створаныя паэтам.

  4. Даць кароткую характарыстыку герою (калі ен ёсць)

  5. Вызначыць асноўную думку твора.

  6. Выявіць аўтарскія адносіны да герояў, падзей.

  7. Вызначыць выяўленчыя сродкі мовы, пры дапамозе якіх аўтар стварыў мастацкую карціну:

а) эпітэты (мастацкае азначэенне);

б) метафары (пераносныя значэнні);

в) параўнанні;

г) гіпербала (пераўвелічэнне).

8. Абгрунтаваць сваю ацэнку твора. Якія пачуцці выклікаў ён у вас?

Дадатак №3

Канспект урока беларускай мовы

у 10 класе

Тэма: “Знакі прыпынку ў складаных сказах з рознымі спосабамі сувязі частак”

Мэта: 1) узнавіць і сістэматызавать веды вучняў пра знакі прыпынку і правілы іх пастаноўкі на мяжы граматычных частак у складаназлучаных, складаназалежных і бяззлучнікавых складаных сказах; 2) сфарміраваць уяўленне пра знакі прыпынку і правілы іх пастаноўкі на мяжы граматычных частак у складаных сказах з рознымі спосабамі сувязі частак; 3) выпрацоўваць уменні ставіць знакі прыпынку ў складаных сказах з рознымі спосабамі сувязі частак; 4) удасканальваць уменне будаваць схемы сказаў; 5) развіваць любоў да роднага слова.

І. Арганізацыйны момант.

ІІ. Уступнае слова настаўніка (знаеміць з тэмай урока).


  • Якая мэта нашага ўрока?

  • Чаго трэба дасягнуць на ўроку, разглядаючы тэму?

На экране з’яўляецца мэта ўрока, настаўнік яе зачытвае:


Мэта ўрока

  1. Узнавіць веды пра знакі прыпынку і правілы іх пастаноўкі ў складаназлучаных, складаназалежных і бяззлучнікавых складаных сказах.

  2. Выпрацоўваць уменні ставіць знакі прыпынку ў складаных сказах з рознымі спосабамі сувязі частак у адпаведнасці з вывучанымі правіламі.

  3. Будаваць складаныя сказы з рознымі спосабамі сувязі.

  4. Складаць схемы сказаў.




Настаўнік. У вас ёсць індывідуальная рабочая карта ўрока, пасля кожнага этапу ўрока трэба выстаўляць сабе пэўны бал.


Рабочая карта ўрока

Прозвішча вучня


Паўтарэнне матэрыялу

Работа з тэкстам

Адпаведнасць сказаў прапанаваным схемам

Складанне сказаў

Тэкст

Сума балаў

Шкала пераводу

Адзнака за ўрок

Максімальны бал за заданне

























Адзнака


























Шкала пераводу


40-39 балаў – 10

31-28 – 7

38-36 – 9

27-2 – 6

35-32 – 8

23-20 – 5


ІІ. Паўтарэнне матэрыялу. Тры вучні пад кіраўніцтвам настўніка загадзя падрыхтавалі прэзентацыю папярэдне вывучаных тэм.

Першы вучань праводзіць прэзентацыю тэмы “Знакі прпынку ў складаназлучаным сказе”.




Складаназлучаны сказ

Гэта сказ, у якім граматычныя часткі адносна раўнапраўныя, самастойныя па сэнсе і звязаны злучальнымі злучнікамі.





Знакі прыпынку

ў складаназлучаным сказе

  1. Коска [ ], a [ ]

У лесе яшчэ ляжаў счарнелы снег, а бярэзнік ужо набрыняў веснавымі сокамі.

  1. Кропка з коскай [ ]; [ ]

Жыты нас паклонам вітаюць,

страсаючы кроплі расы;

І цяжка галовы схіляюць

да самай зямлі каласы.

  1. Працяжнік [ ] – [ ]

На вёску ноччу хмары наплылі – і загуло, загаварыла неба.

  1. Не ставяцца знакі прыпынку: калі ў сказе ёсць агульны даданы член сказа, які аднолькава адносіццца да кожнай з частак, ёсць агульнае пабочнае слова ці агульная часціца.

Хай свеціць сонца і радуюцца дзеці.

Другі вучань праводзіць прэзентацыю тэмы “Знакі прыпынку ў складаназалежным сказе”.





Складаназалежны сказ

Гэта такі сказ, у якім адна з граматычных частак сэнсава падпарадкоўваецца другой і звязваецца з ёй пры дапамозе падпарадкавальнага злучніка або злучальнага слова.





Знакі прыпынку

ў складаназалежным сказе

  1. [ ], (каб...)

Слова любіць, каб над ім падумаць.

  1. (Дзе...), [ ]

Дзе яшчэ нядаўна было балота, цяпер каласіцца жыта.

  1. [..., (што...), ...]

Усё, што мы завём Радзімай, з сыноўняй радасцю вітаю.


Трэці вучань праводзіць прэзентацыю тэмы “Знакі прыпынку ў бяззлучнікавым сказе”






Бяззлучнікавы складаны сказ

Гэта сказ, у якім граматычныя часткі звязваюцца сэнсава і інтанацыйна, але без злучнікаў і злучальных слоў.




Знакі прыпынку ў бяззлучнікавым складаным сказе

  1. Коска [ ], [і] [ ]

Веснавое сонца свяціла ярка, першыя жаваранкі ўжо залівалася недзе ў вышыні.

  1. Кропка з коскай

[развіты]; [ускладнены]

Апранаюцца ў зеляніну хмызнякі; зямля, атуленая цяплом, чакае навальніцы.



  1. Двукроп’е (гл. слайд 8)

  2. Працяжнік (гл. слайд 9)




Двукроп’е ў бяззлучнікавым складаным сказе ставіцца

  1. [ ]: [прычына] {бо, таму што}

Я слухаюся: надта хораша і ласкава просіць мама.

  1. [ ]: [тлумачэнне] {а іменна}

Надвор’е было дрэннае: вецер выў, снег падаў бесперастанку.

  1. [ ]: [дапаўненне ці удакладненне] {што}

Я знаю: няма такога зелля, што ад тугі па Айчыне вылечвае.

  1. [ ]: [ ] {і ўбачыў што, і пачуў што}

Я зірнуў у вочы камандзіра: яны былі спакойныя.






Працяжнік у бяззлучнікавым складаным сказе ставіцца

[ = >] - [< = ] {а, але}

Дожджык мочыць – сонца сушыць.

[час, умова] - [ ] {калі}

Адчыніш фортку – павее халадок.

[ ] - [вынік]

Колас да коласа – Радзіме сноп.

[ ] - [ ] (хуткая змена падзей)

Павее ветрык – шуснуць травы.

Настаўнік наладжвае абмеркаванне прэзентацый. Вучні задаюць пытанні.



ІV. Тлумачэнне новага матэрыялу.

Падрыхтаваны вучань праводзіць прэзентацыю новай тэмы.



Паміж сэнсавымі часткамі ў складаных сказах з рознымі спосабамі сувязі ставіцца:



  1. Двукроп’е

  2. Коска

  3. Коска не ставіцца






Двукроп’е ставіцца паміж першай і другой сэнсавымі часткамі ў тым выпадку, калі часткі звязаны бяззлучнікавай і калі другая частка раскрывае сэнс першай або абазначае прычыну дзеяння, пра якое гаворыцца ў першай сэнсавай частцы.

Алесь ведаў: мінулыя пакаленні толькі тады паміраюць у гісторыі, калі ў чалавецтва не застаецца іх памяці, іх мастацтва.








Коска ставіцца тады, калі пасля даданай часткі няма другой часткі парнага падпарадкавальнага злучніка (то, дык).

Праўда, разам з травой снег засыпаў і сляды, і калі гэтая замець не перастане да ночы, дык слядоў, напэўна, можна будзе не баяцца.




У апошнім выпадку коска паміж злучнікамі і і калі не ставіцца, таму што пасля даданай часткі ўмовы калі гэтая замець не перастане да ночы стаіць дык – другая частка парнага падпарадкавальнага злучніка калі... дык




Коска не ставіцца паміж дзвюма часткамі, звязаннымі пры дапамозе спалучальных злучнікаў і, ды, калі трэцяя частка з’яўляецца агульнай для іх.

Ужо сонца праглядвала праз вершаліны хвой і пачынала адчувацца гарачыня лятняга дня, калі дзеці падышлі да балота.






V. Замацаванне.

1. Работа з тэкстам (змешчаны на экране і есць на стале ў кожнага вучня).

Расстаўце знакі прыпынку.



Ацэначная шкала

Максімальны бал – 8; 1 памылка – 8; 2 памылкі – 7, і г. д.



Недзе далёка на ўсходзе пачынае прачынацца сонца і ўсё вакол заліваецца ружовымі фарбамі чуецца ўжо першая песня ранішняга жаўрука ды даносіцца аднекуль ціхае сіпенне нейкай жывёліны здаецца

сабакі. Высока ўзыходзіць сонца і луг паўстае ва ўсёй сваёй прыгажосці пераліваюцца усімі колерамі кветкі звіняць пчолы і невялічкія залатыя рыбкі мільгацяць у возеры што знаходзіцца ля лугу. Але на небе пачынаюць збірацца хмары і

калі мы не паспяшаемся то пападзём якраз пад дождж. Палахліва замітусіліся пчолы і матылькі а хутка зусім зніклі схаваліся і мы пад кронай старога дуба.

2. Самаправерка. На экране з’яўляецца тэкст са знакамі прыпынку. Вучні, карыстаючыся шкалой ацэнкі, выстаўляюць у сваёй рабочай карце адзнаку.

3. Музычная паўза. Пад музыку настаўнік дэманструе набор слайдаў з выявамі беларус-кай прыроды.

• На аснове ўбачанага складзіце сказы з рознымі спосабамі сувязі частак.



4. Работа за камп'ютэрамі. Выкананне тэста па тэме «Знакі прьпынку ў складаных ска­зах з рознымі спосабамі сувязі частак».


: moodle
moodle -> Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкома
moodle -> У старэйшых дзяцей сняданак, а ў гэты час з дзеткамі сярэдняга ўзросту праводзіцца занятак
moodle -> Программа: Беларусістыка І культурная антрапалогія Код курса: 03 03. Назва курса : Гісторыя Беларусі. ХІХ-ХХІ ст
moodle -> Программа: «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія»
moodle -> Шаноўнае спадарства!
moodle -> Программа : «Белорусистика: история Беларуси и культурная антропология»
moodle -> Программа: «Белорусистика: история Беларуси и культурная антропология»
moodle -> Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама
moodle -> Запрашэнне да ўдзелу ў семінарах па web-журналістыцы
moodle -> Пастанова мiнiстэрства адукацыi рэспублiкi беларусь 13 лiпеня 2011 г. N 69




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка